|
|
7 Кастрычніка 2001
|
Максім Танк: таямніца імя, мэмарыяльная шыльда. |
|
|
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня. |
|
У нашым доме заняпад. У беларускім доме як у хаце ў п'яніцы. Бульдозэры дратуюць могілкі, каменная баба трушчыць будынак, што стаў нацыянальнай рэліквіяй, прападаюць мэмарыяльныя шыльды. Здаровая рэакцыя на ўсё гэта -- занадта кволая, каб зьмяніць агульную карціну. Мала сілаў, каб усё адсачыць, каб вярнуць і паправіць. Занадта мізэрная ў нас маральная большасьць. Вось з дому, дзе жыў народны паэт і ганаровы грамадзянін Менску Максім Танк зьнікла ягоная мэмарыяльная шыльда. І адбылося гэта год таму. Ніхто не заўважыў...
Максім Танк -- зусім ня той творца, чый даробак прападзе бясьсьледна, чые вершы страцілі сваю энэргетыку, чыя прысутнасьць у нацыянальнай культуры можа спыніцца. Таму мы зьвяртаемся да яго па адказ на самыя цяжкія пытаньні беларускай гісторыі ХХ ст. Геніяльны паэт мусіць даваць нам знакі адтуль -- зь міжваеннай Вільні, і зь міжваеннай заходнебеларускай вёскі, з савецкага камуністычнага Менску. Ён страшна скупы на такія знакі. Ці гэта мы яшчэ не навучыліся прачытваць яго.
Да прыкладу, адна з таямніцаў мінулага стагодзьдзя -- гэта масавае імкненьне заходнебеларускае моладзі ў СССР. Ужо ведаючы пра ГУЛАГ, пра калгасы, пра татальны перасьлед іншадумства, яны ўсё адно, нібы тыя матылі, былі асьлепленыя прапагандай усеагульнага ўздыму ды энтузіязму савецкіх будаўнікоў такога прывабнага камунізму. Пасьля саветы прыйшлі і ў заходнюю Беларусь. Аднак нельга сказаць, што за прамінулыя з таго часу паўвека народ масава расчараваўся ў сваёй колішняй асьлепленасьці. І нават сёньня сьведчаньні таго, што за Польшчай было лепей, гучаць рэдка і нібы прыглушана. Натуральна, самых галасістых вывезьлі яшчэ ў 39-м, наступных забрала вайна, маладзейшых пасьля вайны падабрала НКВД. І ўсё адно, агульнага прызнаньня не адбылося. Бываючы ў заходнебеларускіх вёсках, ня так і часта пачуеш ацэнкі дасавецкага жыцьця. Старыя людзі будуць згадваць пра пана, у якога можна было пазычыць збожжа, пра тое, што не пілі гарэлкі, марылі прыкупіць зямлі -- словам, ускосныя сьведчаньні іншага (але рэдка калі скажуць -- лепшага) жыцьця.
Ня выказаў такога расчараваньня ці пакаяньня і найбуйнейшы пясьняр Заходняе Беларусі Максім Танк. Ягоныя думкі пра гэта, калі й былі, дык назаўсёды застануцца таямніцай. Мы можам толькі здагадвацца. Тады, у 30-я Танк быў ці ня самым заўзятым прапагандыстам камуністычнага раю на Ўсходзе. Верагодна, дзякуючы гэтаму, падчас узьяднаньня, ён пазьбегнуў рэпрэсіяў у ліку адзінкавых заходнебеларускіх літаратараў і ўвогуле інтэлігентаў, астатнія адразу ж былі расстраляныя або адпраўленыя ў Сыбір. Танк атрымаў усе прывілеі ад уладаў, аднак пры тым напэўна ж ведаў пра сумны лёс сваіх калегаў і землякоў, напэўна ж бачыў жабрацкую рэальнасьць калектывізаванае вёскі. Напэўна ж разважаў пра жыцьцё тое і гэтае. Але не пісаў. Пісаў тое, што мусіў. Хіба што ў адным творы, і тое на ўзроўні адценьняў і водсьветаў можна прачытваць ягоныя сумневы. Маю на ўвазе "Лісткі календара" -- адну зь лепшых кніг беларускае літаратуры мінулага стагодзьдзя, своеасаблівы беларускі "Уліс". Твор пісаўся як дзёньнік у міжваенныя часы. Там -- уся тагачасная Вільня, там тагачасная нарачанская вёска і жыцьцё юнака, які ўваходзіць у сьвет дарослых, у гарадзкое жыцьцё і ў літаратурны працэс. Аднак і там паўстае маса пытаньняў -- калі што пісалася і наколькі ўсё гэта рэдагавалася аўтарам пры падрыхтоўцы да выданьня ўжо нашмат пазьней -- за савецкім часам. Магчыма адказ на гэтыя пытаньні мы атрымаем ад укладальнікаў акадэмічнага збору твораў пісьменьніка. Акурат цяпер такі пятнаццацітомнік рыхтуецца да выданьня. Будуць там і "Лісткі календара" ў пашыранай вэрсіі. І вось тут у нашых пошуках адбыўся збой. Аказалася, што ўжо год на доме паэта няма ягонай мэмарыяльнай шыльды. Давялося адкласьці літаратурныя пытаньні і пачаць зь іншага -- з таго, як зьберагаецца памяць паэта.
Зьміцер Бартосік заняўся высьвятленьнем лёсу Танкавай шыльды. У выніку атрымалася невялікае расьсьледаваньне.
(З.Бартосік: ) "За апошні год у сьвеце адбылося ўсяго столькі, што можна дараваць сабе адно незаўважанае здарэньне. Яно адбылося акурат год таму. З дому нумар 15 на вуліцы Кульман у Менску зьнікла мэмарыяльная дошка народнага паэта Беларусі, ганаровага грамадзяніна сталіцы Максіма Танка.
Сам я пра тое здарэньне даведаўся ад Максіма Яўгенавіча Скурко, сына паэта. Затэлефанаваў яму з надзеяй пачуць пра нейкія невядомыя дэталі зь віленскага пэрыяду жыцьця паэта. Думаў, сыну будзе прыемна пагаварыць пра бацьку, але не адчуў на тым канцы дроту ніякага цёплага імпульсу ў адказ. "Адкуль жа я магу ведаць пра віленскі пэрыяд? -- зьдзівіўся Максім Яўгенавіч, -- я ж нарадзіўся ў 41-м". "А хіба бацька нічога цікавага не распавядаў? -- не даваў веры я. "Чытайце Танка", -- быў адказ. Амаль як "Чытайце Біблію". А сын паэта дадаў: "Вы б, маладой чалавек, падумалі, калі мэмарыяльная дошка вернецца на месца".
Я сапраўды люблю Танка. Далібог, не народнага паэта і не ганаровага грамадзяніна, не старшыню праўленьня Саюзу пісьменьнікаў і не героя сацыялістычнай працы. Мне сымпатычны малады й таленавіты чалавек зь віленскай вуліцы Сьняговай. Галодны, бедна апрануты, з адвечнаю грашоваю праблемаю. Апантаны левымі ідэямі, за якія правёў больш за год у турме на Лукішках. Закаханы ў горад Вільню малады паэт, чые выступы зьбіраюць публіку ад гімназістак да генэрала Жалігоўскага.
Анучай хмара сьцерла сонца,
вясеньні першы дождж заплакаў,
на стрэхах і на шэрай гонце
разьліўся вечар сінім лякам.
І ноч прыйшла з прадмесьця вуліц,
палезла на званіцаў вышкі,
сабакай чорным вецер скуліць
пад шэрым мурам, пад лукіскім.
Агні, агні ў вялікіх вокнах
і крык газэтчыкаў, рэклямы,
ды на бруку вясеньнім мокнуць
ад ліхтароў жывыя плямы.
На двары трыццаць пяты год. Яшчэ ў "Лістках календара" не пастаўлена кропка. Каляндар яшчэ толькі пачынаецца. І самае цікавае ў календары наперадзе. І сусьветны рэвалюцыйны пажар, і новая Беларусь, і Менск...
Сьпярша падалося, што з дошкай здарылася банальная для нашых дзён гісторыя. Ну, разумееце, медзь, ноч, машына, пераплаўка, баксы. Аднак, супала толькі ноч. Менавіта ноччу, правісеўшы чатыры гады, дошка сарвалася са сьцяны, бразнулася аб асфальт, і разьляцелася на тры кавалкі. Раніцай яе заўважыла жыхарка дому, выклікала ЖЭСаўскіх рабацягаў, і тыя аднесьлі твор Анатоля Арцімовіча ў нейкія свае загадкавыя ЖЭСаўскія сутарэньні. І жыцьцё пайшло далей. Горад ня стаў ад гэтага горш спаць. Дэтэктыву, адным словам, не атрымалася. Калі б не радкі, напісаныя паэтам менавіта ў гэтым доме. У 1978-м годзе.
Прыпісалі: спакой
І нейкія кроплі.
Забаранілі хадзіць,
І раптам бачу:
Сарваўся зь вешалкі
Мой капялюш,
А за ім -- плашч,
А за плашчам
Ціха падаліся за дзьверы
Мае старыя сябры --
Дарожны кій
І боты...
Куды гэта яны?..
Ледзь дагнаў іх
На нарачанскай
Дарозе.
Сын паэта спрабаваў высьветліць далейшы лёс мэмарыяльнай дошкі. Але яму адказалі, што "ўсё пад кантролем". Той кантроль цягнецца ўжо больш за год. А дошкі з паэтавай радзіны так ніхто дагэтуль і не пабачыў. Праўда, дачка Танка мне казала па тэлефоне, што яна пэрыядычна "интересуется" яе лёсам. Вырашыў пацікавіцца й я. У начальніка ЖЭСу крыху дрыжэлі рукі. Ён скардзіўся на Зеленгас, які й павінен займацца гэтай праблемай. А яшчэ крыўдаваў на скульптара Арцімовіча, які абяцаў забраць дошку на рэстаўрацыю, ды так і не забраў. Аднак, паказаць саму дошку ў начальніка не знайшлося ў той дзень часу. Дамовіліся на пазьнейшы тэрмін. Я ня схільны яму не давяраць. Стаіць, думаю, паміж страмянкамі ды мётламі.
Дачцы паэта прычыну здарэньня патлумачылі так: маўляў, сьцяна не прыстасаваная да такога вялікага грузу. Але ня трэба быць вялікім фізыкам, каб зразумець, што гэта ня так. Тарэц дому, дзе й вісела тая дошка, уяўляе сабою дзьве вялікія жалеза-бэтонныя апоры, якія вытрымаюць любую вагу. Усё залежыць ад даўжыні штыроў.
Але ня гэта мяне ўразіла. Я стаяў перад домам аднаго зь любімых сваіх паэтаў, і ня меў аніякага жаданьня заходзіць у гэты дом. Не таму, што Танкавы ўнукі не размаўляюць са мною адной моваю. І не таму, што ягоны дом даўно мае ў народзе мянушку "Даляр". А таму, што гэта быў не ягоны адрас. Дакладней, гэта ня быў адрас паэта.
Я прыйшоў дадому й пачаў гартаць збор ягоных твораў у надзеі знайсьці хоць што-небудзь пра Менск. Пра Вільню, пра Нарач -- калі ласка. Нават пра Ленінград зь Нью-Ёркам. А як жа горад, дзе ты жыў ледзь не паўстагодзьдзя? Дзе атрымаў кар'ерныя ўзьлёты ды намэнклятурныя выгоды? Дзе табе за вершы пра Кастрычнік не сьвяцілі Лукішкі? У горшым выпадку "Даляр". І знайшоў! Вось яно:
Паказваюць дом паэта.
Толькі рэстаўратары забыліся,
Што ў доме, у якім некалі
Ён нарадзіўся, жыў,
Не магло быць
Такога бэтоннага ганка,
такіх глухіх сьцен,
Такой непрамакаемай страхі,
Шчыльна зашклёных вокан,
Такіх дзьвярэй з засовамі
І такога высокага парога,
І яшчэ -- стоража.
Бо як бы да яго
Маглі залятаць вятры,
Усе птушкі, зоры,
Заходзіць усе дрэвы,
Кветкі, людзі,
Зь якімі ён дружыў.
Працяг гэтай гісторыі прагназаваць не бяруся. Хочацца верыць, што ўсё ж прачнецца грамадзкасьць. Заварушыцца Саюз Пісьменьнікаў. Арцімовіч зробіць рэстаўрацыю крылаў. Бо адкалоліся менавіта мэталічныя крылы. А той нядобры зеленгас знойдзе даўжэйшыя штыры. Ці зьменіцца ад гэтага "даляравы" краявід? Ня ведаю. Але ад начальніка ЖЭСу не адчаплюся. Можа, ніякая рэстаўрацыя й не патрэбная?"
(С.Дубавец: ) Пакуль Зьміцер Бартосік шукае мэмарыяльную шыльду з дому, дзе жыў Максім Танк, Сяргей Харэўскі зьвярнуў увагу на паходжаньне назваў і імёнаў, на дзіўныя і недарэчныя спалучэньні словаў у менскай тапаніміцы.
(С.Харэўскі: ) "Танк" -- слова зусім чужое. Хто б гэта ў часы "Нашай Долі" ведаў такое слова? Ангельскае. Гэты тэрмін, якім пазначаюць вайсковыя машыны з гарматамі, увайшло ў лексыконы эўрапейскіх народаў толькі пасьля першай сусьветнай вайны. Але не ва ўсе! Палякі, напрыклад, называюць тую машыну панцэркай. Беларусы не прыдумалі нічога лепш за "баявы панцырны вазок". Згадзіцеся, "танк" вымаўляць цяпер прасьцей. І слова гэтае ў нас прышчапілася канчаткова толькі пасьля апошняй вайны. Менавіта "прышчапілася". Бо "прышчэпку" зрабілі гвалтоўна-адміністратыўна, на тапанімічным узроўні, калі ва ўсіх райцэнтрах зьявіліся вуліцы "Танкістаў".
У Менску "танкавы" назоў блукаў. У свой час гэткім найменьнем пазанчаліся розныя вуліцы. Але па вайне яны прыпадалі кожнага разу на тыя кварталы, што пазьней зносіліся, паводле няўмольнае менскае лёгікі. Думалі, скажам, назваць "Танкавай" тую вуліцу, што вяла да ЦК КПБ. Раней яна была Падгорнай. І слушна. Бо ў літаральным сэнсе, адрэзак цяперашняе вуліцы, што йдзе ад парку Горкага, уздымаецца пад гару. Вось тут да сёньня й стаіць менскі Танк. Нібы той самы, на якім экіпаж малодшага лейтэнанта Фролікава а 23-ай гадзіне 3 ліпеня 44-га году ўехаў у Менск. Раней тут стаяў унікальны помнік 18 стагодзьдзя, былы (за царскім часам) земскі музэй. На ягоным месцы і паставілі Танк. Казалі, што ў ім начуюць бамжы, а дзеці гуляюць у "вайнушку"... Зрэшты, стаіць сабе танк і стаіць. Вырасьлі дрэвы, танк прапаў з пэрспэктывы старадаўняе вуліцы й нічога цяпер нікому не гаворыць. У энцыкляпэдыях напісана, што ён -- на гранітным пастамэнце. Гэта няпраўда! Пастамэнт таньненькі, з друзу й бэтону, таму недзе раз на пяць гадоў пліткі са штучнага граніту, якімі ён абкладзены, мяняюць. А яны ўсё лупяцца ды лупяцца.
Пасьля на гэтай вуліцы, зруйнаваўшы з тузін старых дамоў, што, як кажуць, не ўяўлялі сабою каштоўнасьці, паставілі новы вялікі дом, што ў народзе менскім завецца "ступенямі". І засялілі яго зусім не шараговыя менчукі. Сярод іншых, паводле зьбегу акалічнасьцяў, тут апынуўся й Максім Танк.
Зрэшты паэт тут жыў, чамусьці, нядоўга. Напачатку 70-х ён пераехаў у іншы дом, на вуліцы Кульман. І гэты дом характэрны. Яго менчукі завуць "далярам", з-за ягонае выгінастае пляніроўкі. Гэта вельмі камфортны быў на свой час дом. Тут жылі міністры, іхныя намесьнікі ды іншая публіка. Нават вуліца перад ім пешаходная, зь вербамі.
Але ня гэтую вуліцу назвалі імем Максіма Танка. А перайменавлі былую Танкавую, куды й насамрэч ускочылі ў першыя гадзіны ліпеня 44-га савецкія танкі, прарваўшы лінію нямецкіх "дотаў". Вуліцы Танкавай цяпер у Менску няма. Той дом, што пачалі будаваць на ёй перад Алімпіядай у Маскве, цяпер у менскім жаргоне завуць "Брэсцкай крэпасьцю". І праўда, дом бясконцы. Каб была беларуская кніга рэкордаў, дык гэта быў бы самы даўгі ў ёй дом. Там прапісаны й народны пісьменьнік Васіль Быкаў, тамака ж майстэрні беларускіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў найноўшага часу. Але што пэўна, Максім Танк ня меў аніякага дачыненьня да гэтай "крэпасьці" й да гэтае вуліцы... Як і да спаруды на плошчы Незалежнасьці, што завецца Пэдагагічным унівэрсытэтам... Колісь тут, перад ранейшым будынкам зь бюстамі клясыкаў на фасадзе, за Хрушчовым высаджвалі пальмы. А сёньня імя паэта нададзена бэтонна-шкляной пачвары, што замыкае праспэкт Скарыны. Франціша Скарыны. Пры чым тут Максім Танк? А дом па вуліцы Кульман? А хто такі Кульман?.."
(С.Дубавец: ) Магу паспрачацца зь Сяргеем Харэўскім ці, можа быць, дапоўніць ягоны аповед сваёй вэрсіяй. Максім Танк мог назвацца так ня толькі з-за браневіка. Інакш атрымліваўся даволі дзіўны збройны сымбіёз -- кулямёта з самаходнай гарматай. Ня веру, што Яўген Скурко зь ягоным вычуваньнем слова гэтак да зубоў узброіўся, каб ваяваць з імпэрыялістамі і набліжаць перамогу сусьветнае рэвалюцыі. Паходжаньне імя растлумачыў Уладзімер Жылка ў сваім прасьвячэньні Багдановічу:
Як зайздрасна насіць вянок паэта
І мець імя задумнае Максім.
Міжваенны эстэт Яўген Скурко з падачы эстэта Жылкі ўзяў сабе імя эстэта Багдановіча. Усім тром было ўласьціва захапляцца клясычнымі формамі паэзіі, у тым ліку і японскімі пяцірадковікамі танка. Адсюль -- прозьвішча. Зразумела, што Максім Танк ніколі б не растлумачыў свой выбар ані рэвалюцыйным матросам, ані Пятру Машэраву, ані аўдыторыі ў партшколе ці калгасным клюбе. Паўсюль ягонае імя разумелі толькі як браняваную машыну-гармату. І такое разуменьне было клясыку савецкае літаратуры на руку.
Памяць Максіма Танка патроху зьнікае з інтэр'ераў Беларускага дому. Што ўжо казаць пра іншых, меншых творцаў нацыянальнае літаратуры. Самае тут недарэчнае, што на месца гэтай памяці, гэтых мэмарыяльных шыльдаў, будынкаў ды іншых рэліквіяў не прыходзіць нічога іншага. Мы забываем не дзеля чагосьці, а дзеля пустаты. І сам паэт вельмі тонка вычуваў гэтую сытуацыю, пра што сьведчыць ягоны клясычны верш з крыху недарэчнай назвай "У Вільнюсе".
Не знаю, што магло расчулiць
Мяне мiж вiльнюскiх муроў.
Мо тое, што тут столькi вулiц
З iмёнамi маiх сяброў?
Ну як жа iх не пераведаць?
I я за ценем сваiх дум
Па пераходах, пераездах,
Знаёмых вулiцах iду.
Званю. Мне дзверы адчыняюць.
Не застаю сяброў былых,
I шмат хто, здзiўлены, пытае:
Няўжо iх знаў i помню iх?..
Няўжо iх знаў, няўжо iх помню?
Чаго ж бы ў дзьверы грукаў я,
Чаго ж бы кожны раз у поўнач
Блукала песня тут мая?
Згадзіцеся, страшнавата, калі табе кажуць пра тваіх сяброў, што ты яшчэ можаш іх помніць, маўляў, так доўга не жывуць. Верш аказаўся прарочы і для менскае кватэры Максіма Танка. Верагодна, гэта не задача нашае праграмы -- вярнуць мэмарыяльную шыльду на яе месца. Для нас важным застаецца адказ на пытаньне -- як мудры і таленавіты чалавек напрыканцы жыцьця ацэньваў свае юначыя лявацкія погляды і памкненьні. Пра гэта мы й паспрабуем даведацца ў адной з наступных перадач.
|
|
|
|
|
|
|