news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



14 Кастрычніка 2001
 
Калі пісаліся "Лісткі календара". Арсень Ліс пра Максіма Танка.
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 
Сёньня мы працягнем гаворку пра Максіма Танка, якую распачалі ў мінулай перадачы. Танк застаецца сапраўды вялікім паэтам і таямнічым пэрсанажам беларускай гісторыі мінулага стагодзьдзя. Здаецца, раскрый мы ягоную таямніцу, і многае стане зарзумелым у нас самых. Як наша нацыянальнае адраджэньне сплялося з камунізмам, як узьядноўвалася Беларусь у 1939-м, як перажыла яна страту нацыянальнай інтэлігенцыі ў часе сталінскіх расстрэлаў і як глядзелі на гэта тыя, каму ўдалося выжыць. Менавіта Максім Танк і ягонае маўчаньне затуляе ад нас праўду пра гэтыя цёмныя пэрыяды гісторыі. Сёньня беларускія навукоўцы рыхтуюць да друку новы 15-тамовік паэта. Будуць там і "Лісткі календара" - міжваенны віленскі дзёньнік Танка. Сёньня ў "Вострай Браме" - гутарка з рэдактарам гэтага ўнікальнага твору Арсенем Лісам.

Сталы аўтар нашай праграмы Зьміцер Бартосік адправіўся да Арсеня Ліса з пытаньнем пра літаратурныя містыфікацыі. Калі насамрэч пісаліся "Лісткі календара"? Арыгінал гэтага твору нібыта не захаваўся. Упершыню друкавалася кніга ўжо за савецкім часам. Але ўзровень шчырасьці маладога Танка рэзка кантрастуе з тым часам, калі татальна панавала савецкая цэнзура і калі гэты шэдэўр быў упершыню выдадзены кнігай. Многія менавіта з гэтай кнігі ўпершыню дапалі душою да беларушчыны і да старое Вільні, якая некалі была калыскай беларушчыны, а цяпер апынулася за непрабіўным кардонам. Слова Зьмітру Бартосіку.

(З.Бартосік: ) "Ці шмат застанецца беларускіх кніжак, напісаных у дваццатым стагодзьдзі, якія будуць чытацца беларускімі чытачамі ў стагодзьдзі новым? Ня ведаю. Але ў адным упэўнены. "Лісткі каляндара" Максіма Танка будуць чытацца й перачытвацца. Ня толькі таму, што гэта кніжка пра Вільню. Тую беларускую Вільню, пра якую будзе марыцца яшчэ не аднаму пакаленьню беларусаў. А таму, што ў гэтай кніжцы бліскуча аднаўляюцца рэаліі таго часу. Чым далей сплываюць трыццатыя гады, тым цяжэй нам прымерыць іх на сябе сёньняшніх. А тым больш пагадзіцца з палітычнай пазыцыяй аўтара. Але ці ня дзякуючы ягонай камуністычнай пазыцыі мы маем гэтыя лісткі? А яшчэ маем магчымасьць і цікавасьць спрачацца зь ім? Віленскім паэтам, беларускім нацыяналістам і дзеячом камуністычнага руху. Няўжо малады камуніст ня ведаў, што адбываецца па той бок мяжы? Няўжо беларускі нацыяналіст нічога ня чуў пра лёс сваіх ідэйных паплечнікаў? Няўжо ён не здагадваўся, што чакае ягоных сяброў і апанэнтаў у выпадку прыходу ў Вільню савецкіх танкаў?

Чытаючы гэтую кніжку мяне не пакідала ўражаньне, што ня ўсё напісанае засталося. Зрэшты, і сам аўтар кажа пра гэта ў самым пачатку свайго аповеду.

"Лісткі майго календара ўвесь час перагортвае і шматае навальнічны вецер. Некаторыя зь іх я сам вырываю і нішчу. Цяжка па такім календары жыць, яшчэ цяжэй будзе некалі аднавіць мінулае, а па ініцыялах і клічках – уваскрэсіць сапраўдныя імёны многіх маіх сяброў".

Незабаве павінен выйсьці поўны збор твораў паэта. "Лісткі каляндара" рэдагаваў і камэнтаваў Арсень Ліс. Менавіта да яго я і пайшоў, у надзеі на сэнсацыю. На цудам захаваныя старонкі дзёньніка, якія не маглі быць апублікаваныя раней. Але сэнсацыі не адбылося.

- А калі пісаліся лісткі каляндара?

(А.Ліс: ) "Я думаю, што роздумы ці цяперашнія здагадкі – ці яны напісаны ў 60-я, 70-я гады, ці тады ж напісаныя, калі й пазначаны ў друку, ня маюць пад сабой сур'ёзнага грунту. Пісаў ён усё-такі тады. Іншая рэч, што пры публікаці было адрэдагавана нешта, адкарэктавана нешта. Былі некаторыя імёны апушчаны. Ну адносна таго, што чарнавікі былі, яны ж і ёсьць. Часткова ёсьць. І калі сягоньня ня можам мы іх знайсьці дакладна ў архіве, гэта ня значыць, што іх няма. І часткова яны былі ў віленскіх архівах. Хаця зь віленскіх архіваў некаторыя рэчы, матэрыялы Танка прападалі. Напрыклад, яго запіскі, якія пісаў у турме, так званыя грыпсы. Яны амаль цалкам усе прапалі. Ці гэта навукоўцы, працуючы, некаторыя так цікавіліся спэцыфічна Танкам, выбіраючы матэрыял. Я сам бачыў пустыя канвэрты, дзе значыліся ў вопісах матэрыялы Танка. Тыя ж самыя грыпсы. Апошнім часам вясной працаваў у Вільні, у архіве дзяржаўным літоўскім. Падняў справу Танка 30-х гадоў. Тое, як за ім сачыла паліцыя польская. Як дакладваў камэндант у сьвятках аб Танку, як аб выдатным дзеячы сярод камуністычнага падпольля. Высока цэнячы яго".

(С.Дубавец: ) Выдатны дзяяч камуністычнага падпольля. Тут першы намёк на разгадку асобы Танка. Але ня ўсё тут разумеецца хутка. Мы ведаем многіх таленавітых паэтаў, якія ў натуры сваёй былі і ёсьць падпольшчыкі. Чаму Танк, будучы дасьведчаны ў тым, колькі ахвяраў нясе з сабой пераўтварэньне сьвету, заставаўся перакананым прыхільнікам савецкага камунізму?

(З.Бартосік: ) "Чаму ён быў настолькі леваком, калі тое, што рабілася ў Менску, тое, што рабілася па той бок мяжы, гэта ж была адкрытая інфармацыя?"

(А.Ліс: ) "Ну, бачыце. Па-першае, Танк ужо да гэтага часу, калі пачаліся рэпрэсіі ў Савецкай Беларусі, ён ужо ў пэўнай меры склаўся. Яго сьветапогляд, яго грамадзка-палітычныя погляды склаліся ў пэўным асяродзьдзі. Яны складаліся ў 30-я гады. Складаліся ў тых умовах, калі вельмі неразумная была палітыка даваеннай Польшчы ў дачыненьні да беларусаў. Устаноўка адкрытая была на дэнацыяналізацыю. Ня даць школы. Па закрытай інструкцыі ў Польшчы, толькі 5 працэнтаў беларусаў маглі скончыць гімназіі. Аналягічна, як у савецкія гады, 5 працэнтаў, мусіць, было ў закрытай інструкцыі ў дачыненьні да габрэяў. Былі сацыяльныя крыўды. І камуністычная партыя Заходняй Беларусі выкарыстоўвала палітыку польскую калянізацыйную ў дачыненьні да беларусаў. Весь беларускі рух у 20-я гады, грамадаўскі рух трымаўся на барацьбе за зямлю. Беларускія паслы абяцалі й змагаліся, і надзвычай шчыра змагаліся ў Польскім сэйме за рэформу зямельную. Каб даць селяніну зямлю. Каб даць грунт яму для жыцьця".

(З.Бартосік: ) "А сам паэт, ён быў гатовы дзеля вось гэтых сьветлых ідэяў... Дапускаў ён такую магчымасьць, што і ён можа падзяліць лёс?.."

(А.Ліс: ) "Вось пры размове апошніх гадоў... Ну, гэты факт адносна ня так шырока вядомы. У 32-м годзе, калі Танку пагражаў арышт, ён спрабаваў уцячы ў Савецкі Саюз. Як гэта рабіла многа моладзі Заходняй Беларусі. У пачатку 30-х гадоў адбыўся фактычна зыход, гэта ведаеце, як зыход некалі з Эгіпту габрэяў. Моладзь заходнебеларуская ня мела пэрспэктываў у Польшчы даваеннай. Гімназія беларуская – гэта самае большае, што можна было кончыць. І потым не давалі права паступаць зь беларускай гімназіі ў вышэйшыя ўстановы. Не выпадкова ж заходнебеларускія хлопцы вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Чэхаславакіі. Вось Танк у гэтым патоку... Для 30-х гадоў гэта быў цэлы паток, гэта быў трагічны зыход інтэлігенцыі. Яна ня мела работы. Ведаеце, 20-я ж гады падалі надзею. У 20-я гады савецкая Беларусь памысна разьвівалася. І за той час надзвычай многа беларусы зрабілі. Ну й Танк перайшоў граніцу, а яго адкінулі назад.

Значыць, перайшоў ён у раёне Плешчаніц, ён казаў. Мяжу тады пераходзіць ня так ужо й складана было. Тысячы, дзясяткі тысячаў беларускай моладзі сюды сышлі. Ну, кажа, неяк мяне насьцярожыла... стрэхі гэтыя, зайшоў у першую вёску. Жанчына, у якой спытаўся, дзе тут бліжэйшая пагранзастава, жах у яе вачах такі, што аж... Ну, у Менску ён апынуўся. Яго прывезьлі сюды й пасадзілі. У Пішчалаўскім замку ён сядзеў. Кажа, рускі тэатар з вакна быў бачны. У той час ён яшчэ габрэйскім быў, а ня рускім. Прыходзіў, кажа, малады хлопец. У той час, праўда, кажа, была пастанова Камінтэрнам прынятая. Што калі не пагражае суд заходнебеларускаму камуністу, то ўцякаць ня трэба. А палякі давалі 6-8 гадоў за камуністычную дзейнасьць. За самую простую, за самую элемэнтарную. Ну й, кажа, пагаварыў, пагаварыў са мной. Ну, натуральна, падсадзілі, кажа, потым яшчэ да яго чалавечка спэцыяльнага. Які ўсё прыкідваўся, што ён ідзе ў Заходнюю Беларусь, і што ён хоча купіць сабе хату. І ўсё, я зразумеў,кажа, што гэта звычайны правакатар, зязюлька. Даў яму па вуху. Пасьля гэтага забралі яго, і сказалі, што трэба ісьці назад. Ну, на яго шчасьце, гэта быў 32-гі год. У трыццаць трэцім, Вы ведаеце, была другая хваля арыштаў савецкай інтэлігенцыі беларускай. Танк вярнуўся назад. Пайшоў працаваць у легальны друк. У "Беларускім летапісе" працаваў, друкаваўся ў "Калосьсі". Ён вёў калёнку пасьля ў газэце "Наша Воля", якая, дарэчы, часта рабілася на кватэры ў Шырмы. Інтэлігенцыю хіліла ў левы бок становішча сацыяльнае й нацыянальнае ў Польшчы. А ўсёй трагедыі яны ж, канечне, не ўяўлялі. Можа й ня верылі. Вы ж ведаеце факт, які ўспамінаў у сваіх аўтабіяграфічных запісах Карпюк. Што чалавек прыйшоў, капэзэбовец, з савецкай Беларусі й стаў расказваць, як тут усё. Ня верылі, на столькі ня верылі – лічылі правакатарам, што ўзяў, пайшоў ды ўтапіўся. Была вельмі моцная, выхаваная ў 20-я гады вера ў тое, што на Ўсходзе будуецца новы сьвет. І так на пачатку быццам бы й выглядала".

(С.Дубавец: ) Дзіўны эпізод. Камуніст-падпольшчык вырываецца з кіпцюроў імпэрыялізму, трапляе ў краіну ўсеагульнага шчасьця і аптымізму, гатовы на поўныя грудзі запяяць "Нас утро встречает прохладой"... Але дзе ён апынаецца? Не на прыёме ў ЦК, не ў рэдакцыі "Советской Белоруссіі" і нават не на мітынгу на фабрыцы, дзе абмяркоўваюць зьвярыную сутнасьць імпэрыялізму. Ён наўпрост патрапляе на Валадарку, у Пішчалаўскі замак, у савецкую турму. Уцякаў за свой камунізм ад турмы польскай, а патрапіў у савецкую. І тут атрымлівае асалоду, ад таго, што з вакна вязьніцы яму відзён будынак былой харальнай сынагогі, а цяпер гарадзкога тэатру. Міжволі пачынаеш думаць пра тое, што турма была адным з абавязковых атрыбутаў камуністычнай рамантыкі. Сапраўды, я ж ня проста сяджу. Я як Дзяржынскі ці нават сам Сталін у царскія часы перастукваюся з таварышамі. І зусім неістотна, што гэта свае мяне пасадзілі. Яны ж усё разумеюць, яны ж разьбяруцца. Няясна толькі, навошта тут гэты правакатар. Дам яму ў вуха. Надта ж ён не рамантычная постаць, разбурае цэльны вобраз камуністычнага раю на зямлі.

(З.Бартосік: ) "Лісткі каляндара" - гэта ў пэўнай ступені ўсё ж палітызаваны твор. І лірычны герой ягоны таксама вельмі палітызаваны чалавек. А ці быў Танк палітызаваным у 80-я гады?"

(А.Ліс: ) "Я думаю, што ён добра разьбіраўся ў грамадзкай сытуацыі. Аналітык жа быў. Глядзіце, у вершах сваіх, у вэрлібрах, ён жа тыповы аналітык. Пэўна, нейкія вастрэйшыя рэчы абыходзіў, але гэта ня значыць, што не разумеў. Думаю, што ён разумеў".

(С.Дубавец: ) Падпольшчык мусіў усё разумець, але пры гэтым захоўваць таямніцу. Верагодна, і Максім Танк проста хаваў сваё веданьне ад іншых. Ён быў шматкроць уляўраны рознымі савецкімі прэміямі і ўзнагародамі, ён гадзінамі сядзеў у прэзыдыюмах, але маўчаў і думаў пра свае вершы, пра родную вёску і пра Вільню. Магчыма, праз гэта ён і ўратаваўся, каб да апошніх сваіх дзён ня страціць паэтычнага голасу і жывога сэрца.

(З.Бартосік: ) "Мае аднагодкі лічаць, што ўсе нашыя беды ў немалой ступені... Даецца ў знакі адсутнасьць Вільні ў нашым беларускім полі".

(А.Ліс: ) "Там багата нашага матэрыялу. Ведаеце, узяў свае тэрыторыі за 20-я гады, Віленскі акруговы суд. Вось, дарэчы, там Танка глядзеў справу ў Віленскім акруговым судзе. Там столькі нашай інтэлігенцыі праходзіць. Паглядзеў па сваёй ваколіцы. У 20-я гады ў нас камуністычныя ячэйкі былі паўсюль. Быў патэнцыял рэвалюцыйны. Бальшавікі скарысталі ўвесь гэты рэвалюцыйны патэнцыял, які накапліваўся яшчэ ў пакаленьнях перад гэтым. Перад рэвалюцыяй. Гэтае непрыняцьце самаўладзтва, непрыняцьце дэспатызму царскага. Гэта было ўжо ў народзе. І гэта было выкарыстана вельмі ўмела. Мой дзядзька, Дзьмітры Шульжыцкі, быў такі фатограф, вясёлы быў чалавек, ён арганізаваў ці ня знаю колькі камуністычных ячэек у наша ваколіцы. А паміраючы ў 46-м годзе казаў жонцы: "Пакліч хлапцоў, скажы, што на сьвеце няма праўды".

Для мяне як для навукоўца ў Вільні шмат што дорага. Перад усім, ведаеце, гістарычны горад. Гэта вобраз у гісторыі нашай, гэта старая сталіца. Ён жа мілы вельмі архітэктурна. Яго аблічча архітэктурнае для нас, як можа Рым там недзе на Захадзе. Архівы віленскія – гэта ж беларускія матэрыялы. Мне, дарэчы, Чапіс, дырэктар гэтага архіву, дзе я апошні час працаваў, кажа: "Вашыя матэрыялы пры нармальных адносінах, нармальных умовах можна было б вам аддаць. Гэта ж цалкам вашыя матэрыялы". Тыя ж самыя дваццатыя гады, трыццатыя гады. Усе нашыя людзі, усе нашыя тэрыторыі ідуць праз гэтыя суды, праз гэтыя справы. А ў Акадэміі навук фонд у аддзеле рэдкай кнігі, 21-ы – гэта ўсё наша грамадзкае жыцьцё 20-х, 30-х гадоў. Жыцьцё вельмі інтэнсіўнае, бурлівае. "Беларускі актывізм" - Самойла называў гэты час. Станаўленьне нацыі ішло па два бакі граніцы. І быў яшчэ сялянскі грунт шырокі, рэзэрв для інтэлігенцыі таксама адтуль ішоў.

Паэтычны горад, настраёвы. Невыпадкова многія, туды трапіўшы, паэтамі становяцца".

(С.Дубавец: ) Вільня, паэзія і камунізм. Гэтыя тры словы пры зьліцьці даюць адно - Беларусь. Вынік на свой час аб'ектыўны і мы яшчэ не аднойчы будзем зьвяртацца да гэткага трыадзінства. Сёньня ж застаецца адно пытаньне да паважанага дасьледніка Арсеня Ліса. Максім Танк бачыў, як ягоных знаёмцаў і калегаў адпраўлялі ў Сыбір, а то й на расстрэл. Пісаў вершаваныя прысьвячэньні Сталіну. Цяпер гэткія паводзіны прыроднага падпольшчыка растлумачыць ужо лягчэй. І ўсё адно - Танк і людзі, як гэта было і бывала ў той усё менш зразумелы час.

(А.Ліс: ) "Зь яго блізкіх сяброў ня знаю, хто быў арыштаваны. Арыштаваны быў Сяргей Хмара, ён ня быў зь ім блізкім сябрам. Старэйшае пакаленьне ў асноўным было арыштавана. Арыштаваны быў Антон Луцкевіч, Самойла. Луцкевіча ён канечне ведаў, і адзываўся цёпла. Танк хадзіў да Ўласава, з Сашкам Хадынскім, здаецца. З Гарохам хадзіў. Янка Гарох быў такі. Хлопец трошкі маляваў, яны разам выдавалі ў турме зь ім, на Лукішках седзячы, часопіс. Ды й урэшце, відаць, і сам аглядаўся.

Гэта, ведаеце, вельмі спэціфічная была атмасфэра. Я помню такі эпізод у Саюзе Пісьменьнікаў. Выступае Бураўкін Генадзь (яшчэ Быў Пётар Усьцінавіч Броўка старшынёй Саюзу). І кажа, што: "футбалісты па сваіх праблемах ужо схадзілі ў ЦК, яшчэ нехта схадзілі ў ЦК. А мы па сваіх кроўных праблемах да гэтага часу яшчэ да гэтага часу не патрапілі на прыём у ЦК". І тут Броўка ўскочыў, пружыністы, ад трыбуны левай рукой адпіхнуў Бураўкіна. Кажа: "Разумныя вы цяпер, калі можна нешта гаварыць! А папробавалі б вы ў той час, калі Купалу й Коласа трэба было ратаваць ад фізычнай сьмерці. Папробавалі вы, калі мы жарыліся, як на патэльні карасі. У тых умовах!" І гэта было шчыра, гэта было натуральна. Мы не ўяўляем у поўным аб'ёме тога кашмару, у якім творчая інтэлігенцыя апынулася ў канцы 30-х гадоў. 29 кастрычніка 37-га году дваццаць пісьменьнікаў у адзін дзень расстраляна. Дзіва, што яшчэ беларусы жывыя, яшчэ голас падаюць. Гадоў на пяцьдзесят-семдзесят наперад выбіваліся, можа на сто. У акадэміка Пічэты пяць ці сем асьпірантаў, ні адзінага не засталося.

Танк вельмі чалавек быў адзыўчывы. Надзвычайна. Ён памагаў у самых розных бедах. Заступніцтва Танка проста вяртала людзей да працы ў той час. Ён з Ларысай Геніюш, Вы ж ведаеце самі, напэўна, іх перапіску. І яе ліст да яго, надзвычайны, і яго лісты да яе. Ён прымаў удзел у лёсе многіх людзей. Ён памагаў, бо зь ім лічыліся. Заўважце, што Танк, між іншым, вёў перапіску з Арсеньневай, калі яна была ў Казахстан выслана. Я думаю, што ён у пэўнай меры прычыніўся да таго, што яна вернутая была з Казахстану. Гэта вельмі падобна да яго. Мне многія літаратары расказвалі, які ўдзел у іх лёсе прыняў Максім Танк. І яны аб яго чалавечнасьці, аб яго высакародзтве вельмі высокай думкі многія. І я таксама ўпэўнены, што гэта чалавек быў высакародны".

(З.Бартосік: ) "Памятаеце, чым сканчаецца кніжка? Запісам ад 28-га лістапада 39-га году.

"На сьцяне вісіць нядаўна куплены каляндар, на якім апроч даты, даўжыні дня, гадзін усходу і захаду сонца напісана, колькі год Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі – рэвалюцыі, якая пераможна крочыць па ўсёй зямлі".

Ці не занадта ўсё літаратурна выверана, каб паверыць у дату напісаньня гэтых словаў? Пасьля якіх будзе яшчэ нямала дзёньнікавых запісаў. Але ўжо паводле новага календара. Дзе аўтар ужо не дазволіць сабе адкрыта разважаць пра жыцьцё й палітыку. У абставінах новага каляндара паэт так і застанецца падпольшчыкам. Але ўмовы кансьпірацыі ўжо зьменяцца непапраўна. І нават у вуснай сяброўскай гамане за сямейным сталом, як толькі гаворка саб'ецца на палітыку, ён толькі будзе паказваць вачыма на столь. Упэўнены - не са страху за сваё жыцьцё. А з-за магчымасьці ратаваць у прапанаваных абставінах іншыя жыцьці і лёсы. Бо сэнс падпольля ня ў словах і жэстах. А ў справах, якія будуць ацэненыя пасьля акупацыі".

(С.Дубавец: ) Натуральна, сёньняшняй праграмай мы не паставім кропкі ў разуменьні асобы Максіма Танка - паэта, які будзе прамаўляць да нас і заўтра і пасьлязаўтра, бо ягоныя творы хутчэй набываюць з часам, чым страчваюць. Затое ўсё больш выразна вымалёўваецца постаць яшчэ аднаго беларускага падпольшчыка ХХ ст. Левака, віленчука і высакароднага чалавека.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.