news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



21 Кастрычніка 2001
 
Беларускі нумар літоўскага выданьня і даведнік пра Вільню.
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 

Сёньня ў "Вострай Браме" - дзьве падзеі апошняга часу: літаратурная і кніжная. У Вільні выйшаў "беларускі нумар" літоўскага часопіса "Мятэй". На думку нашага рэцэнзэнта, амаль такі самы, як падобныя нумары, што выходзілі ў сярэдзіне сямідзясятых. Таксама ў Вільні адбылася прэзэнтацыя новага і, як высьвятляецца, першага ў незалежнай Літве падручніка гораду. Новы даведнік напісаны мэтрам літоўскага інтэлектуалізму і мае на сабе адбіткі ўсіх плямаў сучаснае літоўскае думкі - як сьветлых, так і цёмных. Гэта думка другога нашага рэцэнзэнта. Абедзьве падзеі аб'яднаныя якраз беларускім стаўленьнем да іх. Ад крытычнасьці да непрыйманьня, але ў кожным разе гэта хутчэй нэгатыўнае стаўленьне. У такога нэгатывізму карані і прырода таксама чыста беларускія. Вось гэта я і хацеў бы зрабіць тэмай сёньняшняй перадачы.

Пачнем зь "беларускага нумару" літоўскага часопіса. Яго чытаў і аналізаваў наш віленскі карэспандэнт Андранік Антанян.

(А.Антанян: ) "На маім пісьмовым стале - кастрычніцкі нумар часопіса "Мятэй". На ягонай вокладцы cінім па белым напісана "беларуская проза й паэзія". Літоўскі пэрыёдык "Мятэй" паводле свайго статусу й ролі ў літаратурным жыцьці Літвы зьяўляецца адпаведнікам беларускага часопіса "Полымя". Афіцыёз Саюзу пісьменьнікаў, пра існаваньне якога ўсе ведаюць, але на які мала зьвяртаюць увагі.

Перш чым перайсьці да самой публікацыі, зраблю невялічкае адступленьне. На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя пераклады зь беларускае мовы ў Літве час ад часу зьяўляліся, але яны былі спарадычныя, нечаканыя й не зусім зразумелыя, як для беларусістаў, так і для кніжнага рынку. Рэч у тым, што на працягу апошніх дзесяці гадоў у Літве не зьявілася ніводнага новага перакладчыка зь беларускай мовы. І нельга сказаць, што літоўцы зусім абыякавыя да сваіх суседзяў. То там прыгадаюць Рыгора Барадуліна, тут - Купалу з Коласам, а часам бывае, што на старонках тыднёвіка "Шяўрэс Атэнэй" пабачыш сярод аўтараў імя навапалачаніна Ўладзімера Лобача. Гэтая цікавасьць звычайна сягае не далей за згадку пра факт існаваньня суседняга народу, альбо - дзеля чарговага падкрэсьленьня спэцыфікі віленскага калярыту.

Праблема ў нас саміх. Ні міністэрства культуры Беларусі ні грамадзкія арганізацыі кшталту Саюзу пісьменьнікаў ці пэн-цэнтру нічога не зрабілі для таго, каб новыя перакладчыкі зь беларускай мовы зьяўляліся. Няма прадуманай праграмы падтрымкі ці заахвочваньня перакладаў беларускай літаратуры. Занятак гэты акупавалі людзі збольшага выпадковыя, і робяць гэта ў вольны ад асноўнай працы час. У такім становішчы ня варта зьдзіўляцца, напрыклад, таму, што апошняй беларускай кніжкай, якая была перакладзена на літоўскую мову, быў раман Валянціны Коўтун "Крыж Міласэрнасьці", амаль не заўважаны ў свой час беларускім чытачом. Тут якраз усё вельмі проста. Падзеі разгортваюцца ў Вільні, галоўная гераіня твору - беларуская дзяячка Алаіза Пашкевіч, для літоўскага чытача, таксама больш-менш знаёмая постаць, бо была замужам за Сьцяпанасам Кайрысом, адным зь лідэраў літоўскай сацыял-дэмакратыі. Раман пераклала даўняя прыяцельніца раманісткі, а разам і старшыня асацыяцыі беларусістаў Літвы Альма Лапінскене. І ня толькі пераклала, але здолела "прабіць" на кнігу фінансаваньне. І што з таго, што ў вачох чытацкае публікі суседняй краіны мы прадстаўленыя амаль выпадковым творам? Праблема, паўтаруся, у нас саміх".

(С.Дубавец: ) Андранік Антанян сьцьвярджае, што праблема перакладу беларускае літаратуры, у прыватнасьці, на літоўскую мову - у нас самых. Сапраўды, нішто не замінае надрукаваць чытэльны беларускі твор у літоўскім пэрыёдыку, якіх выходзяць дзясяткі. Ніякіх бар'ераў непрыймальнасьці або ідэйнае забароны не існуе. Вось толькі прапановы няма. Яшчэ адзін спосаб пашырэньня свайго - гэта інфармацыя. Мы пра цяперашнюю літоўскую літаратуру ведаем ня больш, чым літоўцы пра беларускую, гэта значыць, амаль нічога. Чаму гэта важна? Ды хоць бы таму, што нашы краіны маюць 700 кілямэтраў супольнае мяжы і 500 гадоў супольнае гісторыі. Вільня ад Менску бліжэй за самы блізкі беларускі абласны цэнтар. А такое адчуваньне, быццам жывем у розных канцах сьвету. Няма інфармацыі. У літоўскай прэсе ня раз друкаваліся артыкулы пра супрацьстаяньне Васіля Быкава і цяперашняга менскага рэжыму. Гэтага ўжо дастаткова, каб пры адборы матэрыялаў для перакладу перавага была аддадзеная Быкаву. Аднак згаданыя артыкулы - гэта ўсё ж прыватныя ініцыятывы рэдакцыяў, а не плянамерная палітыка дзяржаўнага абмену. Наколькі прыватнае тут больш эфэктыўнае за дзяржаўнае, мы пераканаліся на практыцы савецкага часу, таму будучыня, на маю думку, усё ж за прыватнымі акцыямі. Да прыкладу, я перакананы, што наладжаныя прыватна Дні беларускай літаратуры ў Літве атрымалі б шырокі водгук і наступствы ў выглядзе тых жа перакладаў. Пры чым перакладныя кнігі мелі б рэйтынг продажу. А вось такія самыя Дні, ладжаныя дзяржавай, як і раней, ня мелі б шчырага водгуку ў публікі, адно беларускі МЗС атрымаў бы пункцік у справе прарыву блякады. "Беларускі нумар" літоўскага часопіса, пра які мы сёньня гаворым, таксама не атрымаў водгуку ў Літве, бо зроблены ў стылі колішніх дзяржаўных акцыяў. Андранік Антанян працягвае:

(А.Антанян: ) "І вось, нумар часопіса "Мятэй". Калі першы раз гартаў яго, дык адзіная думка, якую я змог для сябе больш-менш выразна сфармуляваць, была - "дык вось тыя якая, беларуская літаратура!" Сапраўды, нашае прыгожае пісьменства за апошняе стагодзьдзе ўвабрала ў сябе безьліч аўтараў. І калі я пабачу пад адной вокладкай Міколу Гамолку й Зьмітра Вішнёва - я прыму гэта нармальна. Бо ўрэшце абодва пісалі па-беларуску. Але часопіс "Мятэй", шчыра кажучы, мяне зьдзівіў. Беларускую прозу й паэзію прадставілі апавяданьне Васіля Быкава "Вялікодныя яйкі", вершы Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Алега Нікуліна, Алеся Пісьмянкова, Сяргея Законьнікава, Васіля Зуёнка, апавяданьне Алеся Жука "Душа ў чыстым полі", і вэрсэты Алеся Разанава. Наяўнасьць у гэтым сьпісе Васіля Быкава й Алеся Разанава патлумачыць ня цяжка. Алеся Разанава ў Вільні яшчэ памятаюць як калісьці актыўнага перакладчыка літоўскай паэзіі. Да таго ж ягоныя вэрсэты выклікаюць у перакладчыка ня больш галаўнога болю, чым інструкцыя да газонакасілкі. Але наяўнасьць імёнаў, зь якімі літоўскі чытач мог пазнаёміцца ў савецкія часы, проста зьдзіўляе. У 80-ыя, а асабліва ў 70-ыя гады ўсе гэтыя аўтары, за выключэньнем маладзейшых Нікуліна зь Пісьмянковым, актыўна перакладаліся на літоўскую мову. Але й тады не былі заўважаныя. Няўжо гэтая новая публікацыя - толькі спроба прышчапіць літоўскаму чытачу тое, што 20 гадоў таму ўжо не выклікала прыкметнага захапленьня?

У прадмове да падборкі сказана, што гэтая публікацыя - спроба аднавіць літаратурныя сувязі паміж літоўскай і беларускай літаратурамі, і што кастрычніцкі нумар часопіса "Полымя" таксама мусіць быць прысьвечаным літаратуры суседняй краіны. Праўда, супрацоўнікі беларускага часопіса не стрымалі слова, і з дасягненьнямі літоўскай літаратуры беларускія чытачы раней за сьнежань не азнаёмяцца. Тое, што часопіс "Мятэй" вольна сфармуляваў як "беларуская паэзія і проза", - усяго толькі плён творчасьці супрацоўнікаў часопіса "Полымя", пра якіх успамінаюць найчасьцей з нагоды юбілеяў і круглых датаў, мяне зусім не абурае. Зразумела, атрымліваецца так, што гэтая публікацыя становіцца ў інфармацыйным вакууме візытоўкай беларускай літаратуры ў Літве. І застанецца такой яшчэ не адзін год. З гэтым давядзецца лічыцца так ці іначай. Але гэта праблема вельмі прыватная й тычыцца яна выключна тых беларускіх літаратараў, што жывуць і працуюць у Вільні.

Мяне хвалюе іншае пытаньне: чым кіраваліся старажылы старонак "Полымя", калі прапаноўвалі менавіта такі сьпіс рэпрэзэнтантаў беларускай літаратуры літоўскім калегам? Няўжо сапраўды карабель упэўнена ўзяў курс на дно, і за апошнія дзесяцігодзьдзі не зьявілася аўтараў, больш актуальных, чым Ніл Гілевіч ды Алесь Жук? Тых аўтараў, зь якімі рэдактар "Полымя" Сяргей Законьнікаў зьвязвае будучыню свайго выданьня і чый сапраўдны творчы росквіт яшчэ чакаецца? Няўжо такіх няма? Хацелася б верыць, што гэтая старонка беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў - выпадковая".

(С.Дубавец: ) Сапраўды, афіцыёзная стылістыка "беларускага нумару" літоўскага пэрыёдыка ня йдзе яму на карысьць. Зь іншага боку, дзьверы літоўскіх выданьняў адкрытыя для падобных ініцыятываў. І ўсё залежыць ад таго, хто гэтым будзе займацца. Узяўся рэдактар часопіса "Полымя" - натуральна, мы атрымаем палымянскіх аўтараў. Узяўся б Алесь Аркуш - была б падборка пісьменьнікаў з Таварыства Вольных Літаратараў: Сідарук, Гумянюк, Пацюпа. А ўзялася б "Наша Ніва", былі б Арлоў, Глёбус, Адамовіч, Бабкоў. Узяўся б ARCHE, "прагрымелі" б Хадановіч і Ева Вежнавец. Гэта ня добра і ня дрэнна. Гэта проста адлюстраваньне цяперашняга часу, калі робіцца тое, што ты робіш, альбо тое, што ён робіць. А калі ніхто ня робіць, дык нічога й няма. Літаратурная ерархія будзе складацца паводле здольнасьцяў і талентаў, а не паводле дзяржаўнага разьмеркаваньня і ўсталяваных некім "прэстыжаў". Для літаратуры якраз вельмі добра, што былыя савецкія монстры Саюзу Пісьменьнікаў або Інстытуту літаратуры або часопіса "Полымя" страцілі сваю ролю вызначальнікаў - хто вялікі, а хто так сабе - і зраўняліся з астатнімі літаратурнымі асяродкамі. На вяршыні ерархіі засталіся імёны. З кожнага асяродку будуць міжволі вылучацца найбольш таленавітыя і чытэльныя творцы, якія разам і складуць той беларускі літаратурны алімп. Калісьці такое будзе. А пакуль... Ня так даўно ў Швэцыю езьдзілі прадстаўляць беларускую літаратуру чатыры паэты. Скажу шчыра, што большасьці зь іх ня тое, што не чытаў, але й ня чуў. Але гэта яны зрабілі, і гэта ёсьць. І гэтым можна захапляцца ці абурацца гэтаксама як палымянскай падборкай беларускіх аўтараў у літоўскім часопісе. У беларускім літаратурным працэсе адбываецца сёньня малазаўважная і разам з тым вялікая перабудова. У некаторых пакоях ужо зроблены эўрарамонт, у некаторых дажываюць сваё колішнія фаварыты - заслужаныя пэнсіянэры, яшчэ ў іншых моладзь зрабіла сквот, а нейкія памяшканьні стаяць пустыя. Першы шок ад такіх пераменаў прайшоў. Мы зразумелі, што так цяпер ужо і будзе. Калі пройдзе другі шок, мы зноў пачнем усьведамляць, што гэта ўсё - адзін дом, і што ён наш.

* * *

Месяц таму ў Вільні прайшла прэзэнтацыя новай кнігі. Падзея незвычайная, бо тычыцца таксама і беларушчыны, а яшчэ незвычайная, бо ў Менску такое ўявіць сёньня цяжка. За час пасьля прэзэнтацыі вялікі па беларускім мерках наклад кнігі быў прададзены цалкам. Сяргей Харэўскі распавядае:

(С.Харэўскі: ) "Нядаўна ў Вільні прэзэнтавалі новую кнігу. Сабраліся шматлікія госьці – выдаўцы, літаратары, гісторыкі, міністры, журналісты ды іншая публіка, якая зазвычай запрашаецца на імпрэзы нацыянальнага маштабу. Сабраліся ня дзе-небудзь, а на вежы Гедыміна, пад цёплым восеньскім небам, на тле панарамы старога места. Былі там віно, садавіна, кветкі ды несупынны пошчак фотаапаратаў. Выдавец Раймондас Пакніс быў задаволены. Сама прэзэнтацыя стала інфармацыйнай нагодаю для таго, каб уся Літва дазналася пра выхад новае кнігі. І ўжо празь месяц выдавец канстатаваў, што трыццацітысячны наклад разыйшоўся цалкам.

Кніга завецца проста - "Вільня". Яе аўтар - паэт-эмігрант, мысьляр і праваабаронца, прафэсар Ельскага амэрыканскага ўнівэрсытэту Томас Венцлава - найбольш аўтарытэтны ды прызнаны сёньня ў сьвеце літоўскі інтэлектуал. Вось чаму той-сёй чакаў ад гэтае кнігі нечага большага. А атрымаўся проста зграбны пуцяводнік па горадзе і ягонай гісторыі. Безумоўна, аўтарскі суб'ектывізм месцамі прарываецца экспрэсіўным лірычным словам або ў адборы пэрсанажаў і помнікаў, вартых, на думку Венцлавы, ўвагі. Але збольшага гэта падручнік, добры літоўскі падручнік.

Сам Венцлава ў Вільні не нарадзіўся, ня тут прайшло і ягонае дзяцінства. Ён належыць да пакаленьня літоўцаў, што прыехалі сюды пасьля вайны, а цяпер ужо шмат гадоў жыве ў ЗША. Тым ня менш, напісаць гэтую кнігу выпала менавіта яму. Чаму?

Рэч у тым, што да апошняга часу не было ў Вільні падобнага літоўскага выданьня. Былі танныя савецкія кніжкі, было фундамэнтальнае выданьне Владаса Дрэмы, у свой час апошняга дырэктара Беларускага музэю імя Луцкевіча, прысьвечанае зьніклым помнікам і краявідам Вільні, была выдадзеная па-літоўску "Вільня" Адама Кіркора, а вось жа ўласна літоўскага, найноўшага падручніка не было. Запоўніць прабел мусіла нешта незвычайнае. Кніга павінна была "прагрымець", захінуць аўтарытэтам аўтара ўсё тое, што ўжо было напісана пра Вільню па-беларуску, па-польску, па-расейску... Гэта мусіла быць пераадоленьне комплексу незасвоенасьці Вільні, які ўсё яшчэ ўласьцівы літоўскім інтэлектуалам".

(С.Дубавец: ) Мушу ўставіць свае тры грошыкі для тых, хто слухае "Вострую Браму" ўпершыню. Вільня або па-літоўску Vilnius - гэта старая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, на культурную спадчыну якой прэтэндуюць як самі яе цяперашнія гаспадары - літоўцы, афіцыйнай сталіцай якіх Вільня стала ў 1939 годзе, так і іншыя народы. Палякі, для якіх гэта горад Міцкевіча, жыды, якія доўгі час складалі тут большасьць насельніцтва, а таксама беларусы, для якіх тут - уся іхная дасавецкая гісторыя. Спрэчка пра Вільню вядзецца даўно. Літоўскія інтэлектуалы часьцяком наракаюць на тое, што не засвойваюць горад да канца, да самае ягонае сутнасьці. І тлумачыцца гэта тым, што пачалі яны гэтае засваеньне толькі паўвека таму, а таксама тым, што Вільня - шматнацыянальная і на кожным кроку тут даюць пра сябе знаць памяткі іншых, "чужых" культур. Яшчэ адна важная дэталь: ніводная культура тут ніколі не панавала. Улады мяняліся, а віленскі дух утвараўся заўсёды з суплёту таго, што прыносілі з сабою розныя нацыі. У часы ВКЛ тут дамінавала беларушчына. Па-беларуску выходзілі кнігі і адбываліся судовыя працэсы. Потым прыйшла пальшчызна, якая была ў Вільні мовай культуры і за наступнай, расейскай уладай, калі найбольш шматлікую групу насельніцтва складалі габрэі. Менавіта яны рабілі немагчымай поўную палянізацыю Вільні ў міжваенныя гады ХХ ст., за польскай уладай. А ў вайну ўсіх жыдоў вынішчылі. Пасьля ў сталіцу савецкай Літвы прыйшлі літоўцы. За 50 гадоў яны давялі працэнт свае прысутнасьці тут ад аднаго ці двух да пяцідзесяці. А ёсьць жа яшчэ ў Вільні спрадвечныя тутэйшыя татары, ёсьць расейцы - як дасавецкага часу, так і нашчадкі савецкіх камандзіровачных. Словам, Вільня - гэта суплёт. І літоўцам, натуральна, не дае спакою тая згаданая незасвоенасьць. Кніга, пра якую распавядае Сяргей Харэўскі, павінна паспрыяць даўсьведамленьню чыста літоўскай Вільні як у вачох самых літоўцаў, так і ўсяго сьвету.

(С.Харэўскі: ) "Венцлава мімаходзь паўтарае клішэ літоўскай гістарыяграфіі. Напрыклад, пра тое, што ў справаводзтве Вялікага Княства паслугоўваліся так званай канцылярскай славянскай моваю, што большасьць насельніцтва Вільні заўсёды складалі літоўцы й палякі, судовыя дэкрэты й пастановы ў 15 стагодзьдзі абвяшчаліся тут на літоўскай, польскай, а часам на нямецкай ці расейскай мовах. Аб'ектыўнае сьведчаньне пра тое, што дзяржаўнай мовай у ВКЛ была беларуская, зноў ігнаруецца. Праўда, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, Венцлава спрабуе быць больш аб'ектыўным. Ён робіць шмат рэвэрансаў у польскі бок, ці ня першым зь літоўскіх аўтараў падобнае літартуры бярэцца вызначыць месца жыдоўства ў віленскай гісторыі. "У галіне палітыкі жыды часта супрацоўнічалі зь літоўцамі й беларусамі, зьяўляліся таксама супольныя культурныя акцыі: выставы й канцэрты".

Спрабуе аўтар быць ветлівым і да беларусаў. Вось, маўляў, была друкарня "бацькі беларускае літаратуры" Францішка Скарыны тут, у 1522 годзе, а літоўскую кніжку ў Вільні надрукавалі толькі ў 1595-м. Згадвае аўтар і "аніматара беларускага адраджэнскага руху" Яна Чачота, Кастуся Каліноўскага, Янку Купалу, "Нашу Ніву". Згадвае, што беларускі адраджэнскі рух падтрымліваў шчыльныя кантакты зь літоўскім. Цытую: "Беларускі нацыянальны рух, таксама ў вялікай ступені зьвязаны зь Вільняю, быў слабейшы й падтрымліваў досыць блізкія дачыненьні з рухам літоўскім". Даецца таксама статыстыка беларускіх выданьняў у пачатку ХХ стагодзьдзя. На гэтым, бадай, і ўсё, што тычыцца беларушчыны. Пры тым Венцлава "забываецца" згадаць друкарню Пятра Мсьціслаўца, што адкрылася тут у 1569-м, цалкам выпадае гісторыя грэка-каталіцкае царквы ў Вільні, хоць менавіта тут быў утвораны першы ўніяцкі манастыр, выпадаюць Багушэвіч, найбагацейшы Беларускі музэй і беларуская гімназія. Кампазытар Галкоўскі названы чамусьці расейцам, а скульптар Рафал Яўхімовіч – літоўцам.
Зразумець аўтара можна, бо гэта – літоўская кніга пра Вільню. Менавіта так Літва ўспрымае сваю гісторыю. Гэтак яе будуць успрымаць цяпер і ў сьвеце. Кніга перакладзеная па-польску, па-ангельску, неўзабаве зьявяцца расейскі й нямецкі пераклады.

Нямала ціквага тут і для беларусаў. У даведачнай частцы, прысьвечанай помнікам і памятным мясьцінам, можна дазнацца, у якія дамы хадзіў Кастусь Каліноўскі, дзе жылі Радзівілы, Сапегі ці Храптовічы, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, альбо Янка Купала. Калі й хто будаваў тыя дамы й бажніцы, як зваліся раней вуліцы, на якіх яны стаяць. Дзе ў Вільні была Пагулянка й дзе такое Зарэчча. Даведачнасьць ня мае пад сабою ідэалёгіі. Гэта ўжо дасьведчаны чытач сам можа ведаць, што віленскія дойліды Франкевіч, Жаброўскі, Лянкевіч ці Падчашынскі родам усе зь Беларусі. Пра гэта напісана ўжо ў беларускіх кнігах.

Кніга выдадзеная шыкоўна як для постсавецкіх краёў: прыгожы дызайн, безьліч каляровых ілюстрацыяў, фотаздымкаў найлепшых фатографаў. Беручы гэткую кніжку ў рукі, ня хочацца думаць, што нехта некага абыйшоў, забыў ці пакрыўдзіў".

(С.Дубавец: ) Вельмі істотна тое, што даведнік "Вільня" - ня толькі культурны і сьветапоглядны, але й камэрцыйны праект. І калі мы пазіраем на яго з зайздрасьцю, дык зайздрасьць пачынаецца менавіта адсюль. Мы зьвярнуліся да выдаўца новага даведніка з пытаньнем, ці магчыма выдаць яго па-беларуску. Калі ласка, адказаў той. Дзьве тысячы асобнікаў за ваш кошт. Тым часам друкуецца ўжо другі літоўскі трыццацітысячны наклад - для краіны, якая ў тры разы меншая за Беларусь. Уявіць сабе нешта такое ў нас, нават не пра Вільню, а пра Менск, я не магу. Вось дзе пачынаецца зайздрасьць. Аднак, адставіўшы пачуцьці, я ўсё ж спрабую знайсьці тое канкрэтнае, што можна было б параўнаць у нашай і літоўскай сытуацыі. І знаходжу. Першае, стартавае фінансаваньне на кнігу Томаса Венцлавы далі ў літоўскім Міністэрстве Культуры. Ёсьць там такі фонд, якому адлічваюць тры працэнты ад даходу ўсе літоўскія вытворцы гарэлкі. Гэтак распарадзіўся ўрад.

Зробім высновы. Безумоўным і неаспрэчным рухавіком культуры ў цяперашнім сьвеце зьяўляецца прыватная ініцыятыва. Але, у адрозьненьне ад Беларусі, у Літве, як і ў іншых постсавецкіх краінах, такую ініцыятыву часьцяком падтрымлівае дзяржава. І тады добрая справа набывае агульнанацыянальны розгалас і значэньне. Усё астатняе - культурная ерархія, літаратурны працэс і новыя імёны і шэдэўры - усё гэта складаецца само. Дзяржава ня мусіць у гэтым удзельнічаць. Яна мусіць падтрымліваць. Інакш усё ставіцца з ног на галаву. І не разьвіваецца і ледзь жыве. Нечалавечыя высілкі беларускіх аўтараў дзеля абсалютна мізэрных накладаў кніг, якім абвешчаны байкот у друкарнях і кнігарнях і якія хутчэй нагадваюць шуфляды пісьмовых сталоў, куды рукапісы кладуцца да лепшых часоў... Менавіта так, на жаль, узьнікае і існуе сёньня большасьць найлепшых зьяваў беларускае літаратуры і культуры.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.