news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



11 Лістапада 2001
 
Ці магчымая ў літаратуры праўда пра сучасную вайну?
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 
Гадоў дваццаць таму ў адным інтэрвію Васіль Быкаў адказваў на пытаньне, ці могуць пра мінулую вайну пісаць тыя, хто нарадзіўся пасьля яе. Тады, у часе глыбокага застою, вайна і вёска былі магістральнымі тэмамі беларускае літаратуры. Прычым вайна, дзякуючы старэйшым пісьменьнікам, уяўлялася найбольш разьняволенай творчай прасторай, дзе можна было мадэляваць самыя неверагодныя псыхалягічныя сытуацыі і парадоксы, ня думаючы пра першынство ідэалёгіі. Жыцьцё і сьмерць, і ніякіх пасярэднікаў паміж імі. Натуральна, усё гэта выглядала прывабна для маладых літаратараў, адкуль і ўзьнікла пытаньне да прызнанага мэтра. Аднак адказ быў катэгарычны, як прысуд. Пакуль жывыя пісьменьнікі-сьведкі, ваенныя творы маладых ня могуць быць у поўнай меры праўдзівымі, -- сказаў Быкаў.

Мінула 20 гадоў. Маладыя не стварылі за гэты час якіх-небудзь прыкметных твораў пра мінулую вайну. Сапраўдныя прарывы ў гэтай тэме па-ранейшаму належалі вэтэранам. Ня сталі хоць колькі прыкметнай тэмай беларускай літаратуры і новыя войны, найперш савецка-афганская. Што-нішто рабілася ў дакумэнтальным жанры, але да мастацкага абагульненьня так і не дайшло. Нарэшце апошнія драматычныя падзеі ў ЗША і ў тым самым Афганістане паставілі пад сумнеў самую магчымасьць праўдзівых твораў пра сучасныя войны. Прынамсі пра гэта ў артыкуле "Анатомія недасяжнай вайны" ў часопісе "Newsweek" піша літаратурны аглядальнік Робэрт МакКрам. Зьмест гэтай публікацыі, згода зь яе аўтарам і палеміка зь ім – у нашай сёньняшняй праграме.

Такім чынам, ці можна ўвогуле пра сучасныя войны пісаць праўдзіва, дакладней, па-мастацку праўдападобна? Гаворка перадусім ідзе пра амэрыканцаў у Карэі і Віетнаме, пра расейцаў у Афганістане, пра крызыс на тэрыторыі былой Югаславіі і вось цяпер -- пра тэрарыстычную атаку на ЗША і антытэрарыстычную апэрацыю ў Афганістане.

Калі ў часы другой сусьветнай ішлося пра выратаваньне сьвету, пра супрацьстаяньне дабра і зла ў чыстым іхным выглядзе, пра чалавечую сілу і слабасьць, дык сёньня літаратар сутыкаецца з праблемай цывілізацыйных мутацыяў. Куды ўсё ж ідзе наш інфармацыйна аб'яднаны сьвет? Менавіта слушным прадчуваньнем гэтага цяперашні пісьменьнік спакушаецца больш, чым тонкім псыхалягізмам. Ранейшыя стылістыкі і мэтады не надаюцца. Інакш кажучы, працягу найлепшых дасягненьняў псыхалягічнае літаратуры і так званае "акопнае праўды" ў новых творах пра вайну ня будзе. Пісьменьнік ужо ніколі не закахаецца ў санітарку ваеннага шпіталя, як гэта было з Хэмінгуэем, ніколі ня будзе весьці двубой вачыма зь немцам, што заскочыў у хляўчук – тваю схованку, і прамаўчаў, як гэта было з Быкавым. Ніколі не скрадзе шапку ў партызанскага камандзіра і потым ледзьве ня будзе расстраляны за гэта перад усім атрадам, як гэта было з Алесем Адамовічам. Нічога гэткага – традыцыйна галоўнага пра вайну – пра гэтую вайну ўжо ня будзе.

Такога яшчэ не было – кажуць сьведкі пра смурод у паветры над Мангэтэнам. Гэта значыць, што такога смуроду сапраўды яшчэ ніхто ніколі ня чуў. Паразуменьне ў прынцыпе немагчымае – адзначаюць тыя, хто меў справу з талібамі. Гэта ўсё адно што вязьню Асьвенціма шукаць паразуменьня з ахоўнікамі. Прычым вязьні – гэта чамусьці мы, а талібы – гітлераўцы. Трэцяя ўсясьветная пачалася – паведамляюць першыя палосы газэтаў.

Яшчэ, у адрозьненьне ад ранейшага пісьменьніка, сучасны літаратар ня мае і ня можа мець непасрэднага сутыкненьня з той рэчаіснасьцю, гэта значыць, ня можа мець ваеннага досьведу. Ягоная вайна – у тэлевізары. І цяпер самы час перайсьці да артыкула Робэрта Маккрама ў часопісе "Newsweek". Публікацыя мае назву "Анатомія недасяжнай вайны". "Гэты канфлікт, такі цьмяны й далёкі, кідае выклік традыцыйнай журналістыцы. Чакайма зьяўленьня раману аб ім," – піша аўтар. Далей тэкст артыкула чытае перакладчык Алесь Самусевіч:

"Вайна ў Афганістане прынесла з сабой шмат тэлевізійных рэпартажаў і камэнтароў, аднак яна ўсё яшчэ не закранула ўяўленьне людзей. З аб'ектыўнага гледзішча вайна – гэта жудасна. З суб'ектыўнага, яна дзіўным чынам усё яшчэ нас не датычыцца".

Пасьля гэтых словаў мне каторы раз згадалася сцэна з "Чужой бацькаўшчыны" Вячаслава Адамчыка, асабліва выразная ў аднайменным фільме. У заходнебеларускай хаце старая гераіня Стэфаніі Станюты камэнтуе апошнія звесткі з газэт. У Альбаніі пачалася вайна. "А дзе тая Альбанія, да нас можа й ня дойдзе". Зрэшты, гэта, відаць, даўні прыклад чалавечае неабачлівасьці – з тых часоў, як сьвет стаў вялікім і зьяднаным інфармацыйна. Кожны з нас праз усё жыцьцё чуе пра войны на Блізкім Усходзе, якія фактычна не спыняюцца. Гэта як мінімум. Робэрт МакКрам працягвае:

"Шырока распаўсюджаная няўпэўненасьць што да разгортваньня вайсковых апэрацыяў паходзіць часткова з таго, што, гледзячы зь літаратурнай пэрспэктывы, вайна ў Афганістане ня можа параўноўвацца з гістарычнымі вайсковымі канфліктамі дваццатага стагодзьдзя, у прыватнасьці, зь першай і другой сусьветнай войнамі, войнамі ў Карэі і Віетнаме. Літаратура заўжды была і ёсьць надзейным правадніком. Кожная з вышэйзгаданых войнаў спарадзіла незабыўныя літаратурныя творы…"

У гэтым месцы з Робэртам МакКрамам варта спрачацца. Па-першае, цяперашняя афганская вайна толькі пачынаецца. Па-другое, ня ўсе сюжэты ранейшых войнаў вычарпаныя да канца. Напрыклад, мы ведаем зь літаратуры пра выпадкі братаньня амэрыканскіх салдат з карэйскім насельніцтвам, калі перавага аддавалася зусім не амэрыканскім каштоўнасьцям і нават не Амэрыцы. Ну пакахаў янкі тамтэйшую дзяўчыну – якая тут асаблівая крамола ці тэндэнцыя. Але тое быў хіба толькі асьцярожны намёк на нешта большае альбо іншае, што мы ўбачылі ўжо ў расейскім варыянце. Маю на ўвазе мастацкі фільм "Мусульманін". Уявіце сабе якога-небудзь бялявага амэрыканскага хлопца Боба альбо Кілроя, які вяртаецца са свайго Афгану і на вачох уражанае радні скідае абутак ды ўкленчвае на адмысловым дыванку. Вусны шэпчуць "Алах акбар". Хто ведае, можа быць мы ўсяго за пяць хвілін ад нараджэньня такога вобразу – такога нязвыклага і, бадай, зусім нежаданага, чужога, незразумелага, як тыя самалётныя атакі, але ўжо зусім рэальнага. Аднак працягнем чытаць артыкул у часопісе "Newsweek":

"Праблема зь сёньняшнім вайсковым канфліктам часткова ў тым, што калі мы зірнем на яго з гледзішча анатоміі вайны, створанай у клясычнай журналістыцы Ўіл'яма Шырэра і Джорджа Орўэла, а таксама ў незьлічоных вершах, раманах, успамінах і фільмах, ад "Скажы ўсяму бывай" да "Апакаліпсіс Сёньня", мы, бадай, ня зможам знайсьці ў іх ніякай сувязі з тым, што адбываецца ў Афганістане.

Перадусім, нішто не прадказвала чагосьці настолькі жахлівага. Безумоўна, былі спэцыялісты ў справах ісламу, якія папярэджвалі нас наконт пагрозы з боку арганізацыі "Аль Кайда", аднак яны не былі пачутыя. Наадварот, войнам мінулага стагодзьдзя папярэднічалі дзясяткі гадоў няўхільнага нэрвовага напружваньня.

Напярэдадні першай сусьветнай вайны зьявілася "Таямніца пяскоў" Эрскіна Чайлдэрса, што апавядае пра боязь ангельцаў перад магчымым уварваньнем. Суайчыньнік Чайндэрса, ірляндзец Уіл'ям Батлэр Йітс прадбачыў будучы гвалт, і рэха гэтага прадбачаньня прагучала па ўсёй Эўропе. Сярод нямецкіх паэтаў, да якіх ужо тады далятаў нячутны гук далёкіх бубнаў нечуванае катастрофы, быў Альфрэд Ліхтэнштайн, які неўзабаве загінуў на Заходнім фронце, напісаўшы ў 1913 годзе верш "Прароцтва":

"Ня вабяць знакі: зьніадкуль
падзьмуў сьмяротны шторм паўночны.
Смурод мярцьвячыны паўсюль,
і крокам рушыць шыхт забойчы".

Вайна, у якой мы змагаемся цяпер, ня мае падобных прадвесьнікаў. У адрозьненьне ад канфлікту ў Сараево альбо ўварваньня ў Польшчу, яна грымнула, бы навальніца зь яснага неба".

Гэта сапраўды нявынашаная вайна. Хоць больш дакладна назваць яе бязьмерна пераношанай, як тая моцна запушчаная хвароба, лячэньне якой уяўляецца такой эпапэяй, што хворы міжволі згадвае пра свой узрост, разважаючы пра тое, што, можа быць, гэта ўжо ня столькі хвароба, колькі лёс. Штосьці падобнае адбываецца зь перастарэлай цывілізацыяй. Адно што, у адрозьненьне ад таго індывіда з запушчанай болькай, цывілізацыя ня можа думаць пра хуткі скон. Гэта значыць, што лячэньне або абнаўленьне непазьбежнае. Вось толькі дзе ў сьцішаным целе ўзяць столькі волі да жыцьця? Нейкія радыкальныя меры ў гэтай справе пакуль не разглядаюцца. Пакуль яшчэ працягвае панаваць задушлівае адчуваньне лёсу, наканаваньня і нават асуджанасьці. Матыў абмаладжэньня, пазытыўных эмоцыяў закранае і аўтар артыкула ў часопісе "Newsweek".

"Шчыры, баявы патрыятычны імпэт, які ахапіў Амэрыку пасьля падзеяў 11-га верасьня, падобны да той ваеннай ліхаманкі, што праляцела Эўропай у 1914 годзе, аднак паміж імі ёсьць істотныя адрозьненьні. Маладыя амэрыканцы, што ішлі дабравольцамі на фронт улетку 1914-га, з энтузіязмам далучаліся да вайсковай кампаніі ў памкненьні стацца героямі й рызыкаваць сваім жыцьцём дзеля служэньня сваёй краіне, між тым як іхным нашчадкам, што сёньня размахваюць страката-зоркавым сьцягам, гэта неўласьціва.

Патрыятызм, уласьцівы войнам дваццатага стагодзьдзя, быў слаўны, поўны гонару й натхненьня. Рупэрт Брук, ангельскі паэт, які сёньня ўспрымаецца намі як пясьняр традыцыйнага шавінізму, пісаў аб "плыўцах, што даюць нырца ў чысьціню", гаворачы пра маладых людзей, што ачышчаліся ад распусты й загнілага духу перадваеннай пары й віталі пачатак вайсковых дзеяньняў як "вызваленьне".

Сёньняшняя Амэрыка занадта стабілізаваная, абжытая, не гатовая да нечаканасьцяў, няспрытная ў рэакцыях на раптоўнае зло нават пасьля таго, што адбылося 11 верасьня. Тут зусім лягічным будзе параўнаньне зь Беларусяй, дзе сапраўднае стабільнасьці і спакою пасьля мінулае вайны так ніколі й не наставала, а сярэдняе пакаленьне ўсё яшчэ перахоўвае генэтычны страх перад гвалтам і вайною. Таго, што перажыла Беларусь пяцьдзясят гадоў таму, хопіць, магчыма, яшчэ на некалькі пакаленьняў.

У Беларусі паспаліты народ па-ранейшаму выказвае сваё галоўнае жаданьне: каб толькі не было вайны. Аднак гэта перад усім тычыцца люду паспалітага і правінцыйнага. Што да прафэсійных літаратараў, дык іхныя дачыненьні з вайною зьменяцца непазьбежна і ў тым рэчышчы, у якім гэты працэс будзе адбывацца па ўсім сьвеце. Такім чынам мы вяртаемся да размовы пра літаратуру. Аўтар артыкула "Анатомія недасяжнай вайны" піша:

"Адказ на нечуваную абразу 11 верасьня прынёс з сабой шмат іншых наступстваў: жах, шок, боязь, жалобу. Аднак пры ўсім гэтым ён значна адрозьніваецца ад пачатку вышэйзгаданых войнаў. У мінулым вырашэньне ўступіць у вайну разьвязвала апантанае масавае забойства. Цяперашняй вайне папярэднічала невераемна жудаснае злачынства. У ейным заблытаным сцэнары жалоба сталася прычынай змаганьня, а не была ім выкліканая.

Вось што прыводзіць нас да разуменьня іншага вызначальнага адрозьненьня. З таго дня, калі першыя дэсантныя караблі дасягнулі Францыі ажно да моманту, калі апошні жаўнер амэрыканскай марской пехоты ўскараскаўся ў шрубалёт, які лунаў па-над дахам амэрыканскай амбасады ў Сайгоне ў 1975 годзе, войны, што сфармавалі нашае ўяўленьне аб вайне наогул, цягнулі за сабой каласальную й адчувальную мабілізацыю. Для сярэднестатыстычнага жыхара Ню Ёрка альбо Лёндана, Піттсбурга альбо Бірмінгэма ці Алабамы, цяперашняя мабілізацыя не прынесла адчуваньня такога далёкага адрыву.

Гэтая вайна – "кватэрная". Мы сачылі за кожным момантам крызісу ў тэлебачаньні, ад самага пачатку і да цяперашняга штодзённага нарастаньня вайсковых апэрацыяў. Пісьменьнікі, такія як Пол Остэр альбо Джэй МакІнэрні, якія апублікавалі свае водгукі ў друку, выказвалі думкі, выкліканыя тэлевізійнымі кадрамі. Гэтыя водгукі ёсьць толькі бляклым падабенствам твораў Стэфэна Крэйна ("Чырвоны знак адвагі") альбо Джона Рыда ("Дзесяць дзён, што скаланулі сьвет").

Наступнікі гэтых славутых пісьменьнікаў ня маюць ці амаль ня маюць доступу да вайсковых дзеяньняў, і іхнае ўяўленьне пра вайсковую справу даволі цьмянае. Яшчэ нядаўна, у часы вайны ў Віетнаме ваенныя журналісты мелі дазвол без перашкодаў дабірацца на месца баявых дзеяньняў вайсковым транспартам. Цяпер -- наадварот, Талібан пагразіў павесіць усялякага журналіста, які будзе карыстацца мабільным тэлефонам. А Пэнтагон, ня меней пагрозным тонам паведамляе журналістам выключна тую інфармацыю, якую ім трэба, каб тыя перадалі".

Тут Робэрт МакКрам, на маю думку, падмяняе паняцьці. "Кватэрная" вайна ўспрымаецца такой ня столькі таму, што Пэнтагон не падкідае пісьменьніка на перадавую і той вымушаны глядзець усё ў тэлевізары, а таму, што яна не ў тваім горадзе, не ў тваёй краіне, нават калі там і ваююць твае суайчыньнікі. Але надта цяжка ўявіць, каб кватэрнай яе адчувалі жыхары Мангэтэну, зрэшты як і ўсіх Злучаных Штатаў. Гэта адно. Другое тое, што тут наўрад ці інтарэсы літаратуры могуць быць вышэйшыя за ваенную мэтазгоднасьць і дыктаваць паводзіны вайскоўцаў. У гэтым якраз ёсьць матывацыя з часоў другой сусьветнай, калі савецкае камандаваньне ахвотна апранала літаратараў у вайсковую форму і выпраўляла на перадавую. Абы пісалі. Гэта таксама падмена паняцьцяў. Зрэшты, хто ведае, колькі сёньняшніх байцоў амэрыканскага спэцназу ў будучыні напішуць свае кнігі.

"У войнах дваццатага стагодзьдзя рэпартаж зь месца баявых дзеяньняў быў настолькі ж важны, як уніформа альбо мапа бою. Адсутнасьць грубай ваеннай праўды ператварае цяперашні канфлікт у найбольш цьмяны й найбольш далёкі ў памяці ягоных сьведкаў, што спрыяе зьяўленьню вялікай колькасьці спэкулятыўных камэнтароў. Так ці йначай, мы ведаем, што вайна заўсёды закранала чалавечае ўяўленьне, і што літаратура ёсьць сродкам, пры дапамозе якога нашае ўяўленьне прыходзіць да зразуменьня сябе.

Калі сьведчаньні аб сучаснай афганскай вайне нарэшце патрапяць на старонкі друку, гэта будзе ўжо мастацкая літаратура".

Такімі словамі літаратурны аглядальнік часопіса "Newsweek" завяршае свой артыкул пад назвай "Анатомія недасяжнай вайны". Мастацкая літаратура адрозьніваецца ад дакумэнтаў як праўдападабенства адрозьніваецца ад праўды. А чалавецтва звычайна паміж праўдападобнай гісторыяй і сапраўднай выбірае першую. Так заўсёды было, ёсьць і будзе. Адно што сёньня пэрыяд пераварваньня праўды і хлусьні відавочна задоўжыцца і яшчэ ня хутка будуць напісаныя мастацкія творы пра сучасную вайну, тыя, што стануць культавымі і вечнымі. Але некалі яны зьявяцца, бо ў іх, у адрозьненьне ад дакумэнтаў, прысутнічае ідэал – арыенцір для руху і разьвіцьця.

Адзінае, што мяне насьцярожыла ў апошняй цытаце, гэта словы пра зразуменьне сябе – самую вялікую праблему сёньняшняй беларускай нацыі і яе інтэлектуальнай эліты. Аўтар амэрыканскага часопіса перакананы, што новая вайна закране і нашае ўяўленьне і тады літаратура дапаможа нам зразумець сябе… У кожным разе, сьвет становіцца ўсё больш шчыльным і сёньняшнія інтэлектуальныя задачы беларускіх пісьменьнікаў нічым не адрозьніваюцца ад задачаў іхных калегаў ва ўсім сьвеце. Добра гэта ці дрэнна – гэта ўжо іншая тэма, але так ёсьць.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.