|
|
10 Сьнежня 2001
|
Дзіцячыя могілкі. Фэномэн безэмацыйнасьці |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
У сёньняшніх рэпартажах з Курапатаў чырвонай ніткай праходзіць адна характэрная і загадкавая тэма: чаму іх, гэта значыць, абаронцаў магілаў, так мала? Жменька маладых людзей у намётах дзень і ноч пільнуюць, каб будаўнікі не парушылі сьвятога месца. А дзе тысячы іншых? Чаму іх няма? Нават тых, хто дэкляруе сваю далучанасьць да абароны Курапатаў? Найбольш дапытлівыя і крытычна настроеныя камэнтатары кажуць пра ляноту сэрца, стому душы або нерэлігійнасьць публікі, савецкую звычку не высоўвацца. Праўда, прыходзілі ж некалі ў Курапаты дзясяткі тысяч – акурат за савецкім яшчэ часам. Супрацьстаялі міліцыі з дубінкамі і газам. Значыць, няма тут спадчыны, а ёсьць зьява апошніх гадоў, менавіта – страта эмоцыяў. Гучыць даволі агульна, між тым, вынікі зусім канкрэтныя. Маю на ўвазе і вынікі выбараў ды плебісцытаў, дэградацыю эканомікі, дэмаграфічную катастрофу.
Дапускаю, што сёньняшняя безэмацыйнасьць выкліканая сацыяльнай і нацыянальнай апатыяй, аднак прырода яе – рудымэнтарная. Гэта як здранцьвеньне перад безвыходнасьцю альбо як псыхічны стан першабытнага чалавека, які яшчэ ня зьведаў эмоцыяў. І там дзе ў цывілізаванага чалавека выяўляецца глыбокая скруха або шчырая радасьць, у гэтага – цёмная пустата.
Рудымэнтарная прырода безэмацыйнасьці лёгка прасочваецца і вяртае сучаснага беларуса ў псыхалягічны стан на мяжы каменнага і бронзавага веку альбо аўстралійскіх абарыгенаў. Нездарма бездухоўнасьць параўноўваюць са зьдзічэньнем. Вось жа зьдзічэньне – гэта зусім не жаданьне забіваць, руйнаваць, паліць і рэзаць, або, скажам, мацюкацца. Сапраўднае зьдзічэньне – гэта страта эмоцыяў.
Менавіта такую падказку дае нам сэнсацыйнае этнаграфічнае адкрыцьцё, зробленае нядаўна мастаком і этнографам Дзянісам Раманюком. Гэта ўнікальны абрад дзіцячых халтураў – калі дзеці хаваюць дзяцей – які датрываў у Беларусі амаль да нашых дзён і пра які сёньня пойдзе гаворка ў "Вострай Браме".
Калі беларусы страцілі эмоцыі? Адам Багдановіч у сваіх "Перажытках старадаўняга сьветабачаньня" напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя кажа пра наступствы надзвычай цяжкага прыгону. Можна дадаць да гэтага ня раз гвалтам зьмененае веравызнаньне, палянізацыю з русыфікацыяй, натуральна, войны. Усё гэта раз за разам вяртала нацыю ў ейны дзіцячы стан – дзіцячы ў сэнсе неразьвіты, дагістарычны, той, адкуль паходзяць многія беларускі абрады, у тым ліку і вось гэты – дзіцячыя хаўтуры – ці то гульня, ці то поўны змрок паходжаньня. Заўважу адразу, што зафіксаваны абрад на поўначы Беларусі, таму мы зрабілі спробу пашукаць ягоныя карані ў балцкай перадгісторыі. Аднак літоўскія культуролягі, зь якімі давялося гаварыць, нічога гэткага ў сваёй спадчыне ня ведаюць.
Каб разабрацца ў сутнасьці абраду, пачнем гаворку зь дзіцячае гульні ў пахаваньне. Ці гульня гэта і што яна можа значыць? Сяргей Харэўскі працягвае:
(Харэўскі: ) "Беларускія дзеці здаўна гуляюць у пахаваньне. Памятаю, маці распавядала, як яна зь сяброўкамі, яшчэ зусім малыя, хавалі лялькі ў садзе. Рабілі трунку, клалі туды розныя фанцікі, карункі й закопвалі. А аднаго разу, падгледзеўшы ў дарослых, паклалі ў такое лялечнае пахаваньне грошы, якія ўзялі ў бацькоў. У паваенныя нішчымныя гады гэта была сур'ёзная правіна. Дзеці плакалі, а бацькі перакопвалі сад у пошуках тых пахаваных грошай. Малым, я зь сёстрамі таксама гуляў у гэтую гульню. Ды й сёньняшнія дзеці ладзяць сваім лялькам хаўтуры.
Мёртвых зазвычай любяць болей за жывых. І таму дзіцячая гульня ў пахаваньне ўласных цацак ёсьць праяваю фэтышызму, дзе хочацца даставіць сабе салодкую пакуту ад страты адухоўленага ўжо прадмета. Па сутнасьці, дзеці заўсёды гуляюць у дарослых.
У разьвітых культурах такія ролевыя гульні ў лекараў і лётчыкаў, у краму й цырульню, у мамаў і ў вайскоўцаў, а таксама ў пахаваньне капіююць тыя галіны жыцьця дарослых, у якіх дзеці яшчэ ня могуць браць самастойнага ўдзелу. Разам з тым яны абіраюць найбольш цікавыя й эмацыйна насычаныя бакі жыцьця. Пахавальны абрад і ёсьць менавіта з тых сфэраў, дзе драматызм пачуцьцяў спалучаны з рознымі рытуаламі. Беларускія дзеці, як і іншыя дзеці Эўропы, гуляюцца ў сьмерць. Розьніца ў тым, што эўрапейскіх дзяцей за гэткія гульні паўсюдна караюць. А ў фінамоўных народаў гэта наагул лічыцца вельмі кепскім знакам, што можа прынесьці бяду сям'і, пагатоў, калі дзеці гуляліся ў пахаваньне каля дому ці на сапраўдных могілках".
З уласнага дзяцінства згадваю падобны досьвед. Толькі ў мяне была ня лялька, а голуб. Гадоў у пяць на мазырскай гары мне напаткаўся мёртвы шызы голуб. Я паклаў яго ў маленькі стары чамаданчык – тады такія называліся "баннымі" – і ахоўваў свой скарб ад дарослых. Верагодна, я імкнуўся схаваць сьмерць – незразумелую і таямнічую. Але сьмерць не ўспрымалася эмацыйна. Гэта быў першы набытак, скарб, штосьці важнае, каштоўнае і пры тым маё. Магчыма, тут прысутнічаў і яшчэ адзін матыў – схаваць голуба найперш ад сябе. Навязьлівае імкненьне закапаць чамаданчык цяпер асацыюецца ў мяне з закапваньнем пупавіны або з тым, як дзіця імкнецца далёка схаваць сваю дунду. Памяць пра паходжаньне яшчэ жывая ў душы, тады як розум спакваля напаўняецца іншым досьведам іншага, гэтага сьвету. Вось тую памяць, досьвед таго, адкуль прыйшоў і куды некалі сыйдзеш, і трэба было хаваць.
Добра запомнілася менавіта безэмацыйнасьць таго сьвету, пра які была тая памяць, што сьвярбела схаваць ад іншых.
Так спакваля я наблізіўся да сэнсацыйнага адкрыцьця, зь якога пачаў сёньняшнюю гаворку. Дзяніс Раманюк – мастак і сын заўчасна памерлага этнографа Міхася Раманюка – выдаў бацькаў альбом "Беларускія народныя крыжы" – пра гэта мы не аднойчы гаварылі ў "Вострай Браме". Збор зьвестак пра беларускі пахавальны абрад, які бацька вёў праз усё жыцьцё, цяпер працягвае сын. Аказваецца, што ў гэтай справе можна напаткаць яшчэ вялікае мноства невядомых альбо забытых сьведчаньняў. І сёньня – адна вось такая навуковая сэнсацыя. Дзіцячыя могілкі.
Этнаграфічныя адкрыцьці праходзяць выпадкова. Дзяніс бясконца езьдзіць па Беларусі, зварочвае з асфальту на гравейку і ўважліва азіраецца па баках.
(Раманюк: ) "Зьвярнуўшы з асфальту на гравейку, я стаў уважліва азірацца па баках. Справа былі бачныя стрэхі вёскі. Каб не пятляць зноў, я спыніўся каля сьвежых разораў і пайшоў да дзьвюх жанчын, што выбіралі бульбу. Аказалася, я зусім блізка да мэты, таму зараз жа пачаў свае роспыты. "Ці праўда, што раней у гэтых краях былі асобныя дзіцячыя могілкі?"
Жанчыны адставілі поўныя бульбы кашы...
(Спадарыня: ) “Тут у кожнай вёсцы такія дзіцячыя... Магілачкі такія даўнейшыя. Але гэта ўжо даўно было...”
(Раманюк: ) “А чаму дзяцей так вось асобна ад іншых хавалі?”
(Спадарыня: ) “Знаеце як... Узрослых везьлі да касьцёла, імша была, ксёндз хаваў. А дзеці, значыць, яны нягрэшныя, яны маленькія дзеці, за іх імша не адпраўлялася. Дык вот бралі дзяўчаты, бальшыня дзяўчаты, на ручнікі і панесьлі трунку. Чацьвёра. На адзін ручнік – дзьве дзяўчаты і тутака дзьвёх. І панесьлі хаваць туды. Ну а ўперадзе ідуць чалавек у чатырох-трох і сьпяваюць сьвятыя песьні”.
(Раманюк: ) “І менавіта маладыя дзяўчынкі? Ці маці несла?”
(Спадарыня: ) “Не, маці не. І не бабы старыя. Дажэ і маладыя жанчыны то ня несьлі. Толькі во дзеткі. Памерлых так да году, год-два. Больш ужо не. Калі болей, дык ужо везьлі туды як далёка. А гэтых маленькіх тутака хавалі. Дык дзяўчаткі, якія ў шосты клас ходзяць ці ў сёмы, во такія дзеткі несьлі гэтыя... Як хлопчыка, дык хлопчыкі нясуць...”
(Раманюк: ) “У маім уяўленьні на панараме пыльнай дарогі побач са мною вымалёўвалася групка дзяўчынак у белых строях. Яны павольна рухаліся ў прасторы ў чырвані промняў восеньскага сонца пад гукі ціхай памінальнай песьні. Набліжаная праекцыя дала магчымасьць разгледзець, што іхныя дзіцячыя рукі моцна трымаюць бялюткія ручнікі, на якіх, як на арэлях гайдаецца маленькая труна з немаўлём.
Абшукаўшы ўсё ўздоўж і ўпоперак я зь цяжкасьцю знайшоў два крыжыкі, што захаваліся да сёньня. Ад аднаго застаўся толькі вэртыкальны слуп і кавалак плоту вакол. Другі ж быў нядрэнна дагледжаны, што сьведчыла пра існаваньне чалавека, які быў удзельнікам таго спэцыфічнага пахаваньня. Агульны ж стан таго, што магло называцца калісь могілкамі засмучаў. Відавочна, што неўзабаве яны зьнікнуць у гісторыі. Хіба, можа, падбае пра іх мясцовы сьвятар.
Можа роздум над імі будзе шанцам да справы. Сваю ж справу я пасьпяшаўся дарабіць. Расклаў штатыў, прымацаваў фотаапарат, пачаў шукаць больш выразную кампазыцыю. Як самыя каштоўныя знаходкі, я выняў і схаваў у асобную кішэню адзьнятую стужку і дыктафонную касэту з запісам, думаючы пра тое, як нечакана атрымаўся фантастычны працяг альбому майго бацькі Міхася Раманюка – "Беларускія народныя крыжы" і новы разьдзел у кнізе багатай Беларускай гісторыі”.
Дзяніс Раманюк распавёў пра сваё адкрыцьцё ў першым набліжэньні. Як вы заўважылі, адбылося яно, калі ў вёсцы капалі бульбу. З таго часу Дзяніс колькі разоў наведваўся ў тыя мясьціны і прывозіў новыя факты і ўдакладненьні. Адна кабета – з суседняе вёскі – распавяла, што дзіцячыя пахаваньні ладзіліся яшчэ ў 60-я гады і што толькі на яе памяці такіх было тры дзясяткі. А пачалася традыцыя ў пракаветныя часы. На самых дзіцячых могілках ледзьве ўгадваюцца ня больш за 10 магілак. Яны безыменныя. Простая арытмэтыка дазволіла Дзянісу сьцьвярджаць, што хавалі тут адно на адно, і што ляжаць на гэтым лапіку зямлі парэшткі соцень дзяцей.
Іх не адпявалі, не рабілі памінальную вячэру, не прыходзілі сюды на дзявяты дзень. Старыя кабеты тлумачаць тое тым, што гэта ж дзеткі, яны як анёлкі, во і паляцелі. Зьвярніце ўвагу – у гэтым параўнаньні з анёлкамі гучыць не матыў замілаваньня або шкадаваньня. Дзеці – такія ж бескарысныя як і анёлкі, таму яны самі сваіх і хавалі. Хлопчыкі несьлі хлопчыкаў, а дзяўчынкі – дзяўчынак. Дарослыя нібыта і не спрычыняліся да тых хаўтураў. Падкрэсьлю, што зьява гэта чыста беларуская і аналягаў ёй, як зрэшты і нашай безэмацыйнасьці, няма ў суседніх культурах. Аналягі знаходзім на мяжы жалезнага і бронзавага веку альбо ў тых плямёнаў, якія ўсё яшчэ жывуць у першабытным стане. Вось тыя сьведчаньні, якія дзеля аналёгіі сабраў Сяргей Харэўскі.
(Харэўскі: ) "Па-іншаму глядзяць на гульні ў архаічных супольнасьцях. Там гульня для дзяцей – прыцягваньне іх да працоўнае дзейнасьці. Яны рана сталеюць і становяцца самастойнымі. З-за таго ролевых дзіцячых гульняў у народаў, што вядуць першабытны лад жыцьця, няма. Малыя індзейцы, папуасы ці аўстралійцы бяруць удзел у паляваньнях, шукаюць пладоў, удзельнічаюць у рэлігійных і пахавальных цырымоніях. Дзіцячы й дарослы сьвет для іх непадзельны. Адзіным табу для дзяцей, да часу іхнае ініцыяцыі, ёсьць удзел у таемных мужчынскіх таварыствах і, натуральна, сэксуальнае жыцьцё, хоць яно ня ёсьць для іх таямніцаю.
Дзіцячы й дарослы сьветы разыходзяцца разам з паглыбленьнем падзелу працы і ўсталяваньнем клясычнага патрыярхату. Месца чалавека, малога ці старога, наўпрост залежыць ад ягонае вартасьці як працаўніка. У гэтым сэнсе немаўля ці нямоглы стары – ня вартыя вялікае ўвагі.
Сьведчаньняў пра адмысловыя дзіцячыя пахавальныя цырымоніі, то бок калі дзеці насамрэч хаваюць дзяцей, вельмі мала. Гэткія абрады былі ў плямёнаў квакіютль і тлінкітаў у Брытанскай Калюмбіі, у індзецаў піма й папага ў Каліфорніі, у горнага народа яо ў Лаосе, у некаторых народаў Цэнтральнае Афрыкі. Словам, у найбольш архаічных культурах. Разам з тым, гэта народы з разьвітай касмалёгіяй, рэлігіяй, рамёствамі. Абыякавасьць жа да самых малых ёсьць адлюстраваньнем таго погляду, што яны, малыя, не прыносяць карысьці, рэальнага плёну працы. І адпаведна малымі мусяць займацца малыя. Але гэта наўпрост пярэчыць хрысьціянскай маралі. Бо дзіця мае душу яшчэ ў матчыным улоньні. Падобны звычай існаваў і ў Францыі, праўда, у XIII стагодзьдзі. Сьвятар-дамініканін Эцьен Бурбонскі пісаў, што ў ваколіцах Ліёну, у мясцовасьці Навіль, існуе гай, куды сялянскія дзеці носяць хаваць немаўлятаў ці памерлых ад хваробаў дзяцей. Да таго ж па дрэвах яны разьвешвалі іхныя пялюшкі. Гэты звычай выклікаў абурэньне ў каталіцкага сьвятара. Ён пераканаў тамтэйшых землеўласьнікаў сьсекчы гай і спаліць дрэвы на тых нячыстых, на ягоную думку, магілах.
Можна меркаваць, што на мяжы нэаліту й бронзавага веку гэтакая абрады йснавалі паўсюдна ў сьвеце".
Сяргей Харэўскі распавёў пра тое, чаму беларускія дзіцячыя пахаваньні нельга разглядаць як гульню. Тут больш дарэчы сацыяльнае вымярэньне, калі дзеці выступалі ў ролі пэўнае сацыяльнае групы. Неработнікі. Ня сталыя, тыя, што яшчэ ня сталі.
Могуць быць і іншыя паралелі. Прычым неабавязкова такія самыя паводле абраду. Скажам у Тыбеце бутанцы пакідалі целы памерлых дзяцей на корм птушкам. А старажытныя скіфы хавалі сваіх герояў, расчляняючы іх, каб тыя не маглі вярнуцца ў сьвет жывых. Такіх прыкладаў мноства, і сьведчаць яны ўсё пра тое ж неэмацыйнае стаўленьне да сьмерці, пра погляд туды – у спракавецьце, дзе не было яшчэ чалавека радаснага і скрушнага, а быў надта падобны да жывёлаў і яшчэ неаддзельны ад іншага жывёльнага сьвету.
Дзіцячыя халтуры ў Беларусі – чым не мэтафара ХХ стагодзьдзя, якое стала найвялікшым выпрабаваньнем людзей на дзікунства і безэмацыйнасьць. Цэлае стагодзьдзе зьдзяцінелае чалавецтва хавала свайго мёртвага голуба, зрабіўшы яго вобразам міру пасярод бясконцых вынішчальных войнаў. Курт Вонэгут піша пра Крыжовы паход дзяцей, Алесь Адамовіч згадвае дзіцячы фашызм, Уільям Голдынг распавядае пра выспу, населеную хлопчыкамі, у рамане "Валадар мух"...
Разважаючы пра дзіцячыя пахаваньні, я спрабаваў вырашыць адну праблему – што гэта? Чысты рудымэнт дзікунства ў закінутай беларускай вёсцы ці знак адкату, характэрны для той чалавечай супольнасьці, да якой мы сябе залучаем. Дылемы не атрымалася. Абодва варыянты адказу апраўданыя. Па-першае, гаворка ідзе зусім не пра адну і зусім не пра закінутую вёску, а пра самую што ні ёсьць магістральную беларускую тэрыторыю. Днямі стала вядома, што і яшчэ сям-там такая практыка мела месца да нядаўняга часу. Па-другое, усё мінулае стагодзьдзе на нашай зямлі толькі й займалася тым, што руйнавала знакі і сымбалі веры хрысьціянства і культуры. А менавіта яны адказваюць у людзтве за эмоцыі.
Зрэшты, гістарычна ў нас гэты адкат у першабытную сьведамасьць пачаўся, відаць, пасьля паўстаньня Касьцюшкі і далучэньня Беларусі да Расеі. Усе лепшыя, арыстакраты духу выехалі або былі забітыя. Далей зь імі, арыстакратамі, гісторыя гэта бясконца паўтаралася. А народ... Аблівалі памыямі братнія магілы паўстанцаў Каліноўскага, напроч забылі пра масавыя пахаваньні часоў першай сусьветнай. Неактуальна.
Пра безэмацыйнасьць сьведчаць і сталінскія катаваньні і расстрэлы і Курапаты – па ўсёй беларускай зямлі безьліч масавых – адно на адно і пры тым безыменных пахаваньняў. Расстрэлы паэтаў у 1937-м. Урэшце і сёньняшні наезд на тыя магілы з рацыянальнымі вытлумачэньнямі пра кальцавую дарогу – хіба гэта не тая самая безэмацыйнасьць. Яно то ясна, магілы. Але ж дарогу будаваць трэба. Так і просіцца на язык просьценькая мэтафара – кальцавая дарога на мяжу жалезнага і бронзавага веку, у замараль, зачалавечнасьць, задухоўнасьць.
|
|
|
|
|
|
|