|
Гавал – прэзыдэнт надзеі |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Вацлаў Гавал – нязьменны герой нашых спрэчак пра культуру і палітыку, пра лёс і шляхі Беларусі. Прычым герой заўсёды станоўчы. Вось бы нам гэткага прэзыдэнта! – не аднойчы ўсклікалі мы ў палемічным напале. Прэзыдэнта, які б не пытаўся ў электарату, як той ставіцца да роднае мовы і менавіта за цывілізаваным сьветам вёў свой народ.
Калі кіраўніком краіны быў Станіслаў Шушкевіч і вось-вось мог стаць тэатразнаўца Зянон Пазьняк, нам іншы раз здавалася, што гэта добрае наканаваньне ўсіх посткамуністычных краін – мець за прэзыдэнта інтэлектуала з шырокім поглядам. Быццам кожная такая краіна непазьбежна мусіла атрымаць свайго Гаўла. Але час ішоў, і мы разумелі, што цудаў не бывае – кожны атрымлівае сваё, тое, што яму ўласьціва, да чаго ён дарос ці дасьпеў. Зрэшты – суцяшаліся мы – і гэта добра, бо даброты дэмакратыі й свабоды – гэта не дарункі зь неба, а выпакутаваныя плады. З прыходам Лукашэнкі стала ясна, што такога прэзыдэнта, як Гавал, нам не відаць. Мабыць і сам першы прэзыдэнт РБ хацеў лішні раз пераканаць нас у гэтым, зрабіўшы першым прадметам дзяржаўнага прыніжэньня інтэлігенцыю, культуру і мову.
Але і тады Вацлаў Гавал заставаўся героем нашых размоваў. Можа быць, ад таго яшчэ больш блізкім. Фактычна, ён і быў і застаецца сваім прэзыдэнтам для беларускай інтэлігенцыі. Мы чытаем ягоныя лекцыі і пасланьні як адкрыцьці, мы давяраемся ягонаму выбару і ўслухоўваемся ў ягоныя сумневы. Гавал – прэзыдэнт ня нашага электарату, а нашай надзеі.
Калі адкрыта паглядзець у вочы суворай рэчаіснасьці, трэба прызнаць, што ў Беларусі і не магло быць Гаўла-прэзыдэнта. Яшчэ не прайшоў у нас час брутальнага выбару і брутальнае хітрасьці. Прынамсі, у 1994-м было так. Зь іншага боку, не было і не магло быць у нас такога кандыдата. Чэскі прэзыдэнт нарадзіўся ў багатай сям’і, дакладней, у буржуазнай сям’і зь вялікай маёмасьцю і з разуменьнем каштоўнасьці матэрыяльнага багацьця. Уласна ў гэтым разуменьні і заключаецца буржуазная сутнасьць Гаўла. А якое, у каго і адкуль багацьце было ў нас? У Беларусі – і Ўсходняй, і Заходняй – 70 гадоў панавалі ідэалы камітэтаў беднаты. Тое багацьце, якое нажывала савецкая намэнклятура, не выклікала пашаны ў народзе, бо было нажытае ненатуральным або несумленным шляхам. Словам, не было ў нас такога асяродку, дзе мог бы нарадзіцца буржуазны інтэлектуал.
У саркастычнай Гаўлавай п’есе “Сьвята ў садзе” маці кажа пра сына:
“Хай бы ён быў звычайны інтэлектуал – д’ябал зь ім, інтэлектуалы цяпер, здаецца, узаконеныя, дык не, ён задумаў зрабіцца якраз буржуазным!”
Нашы, беларускія інтэлектуалы – найлепшыя зь іх – зь вялікай пашанай ставіліся да свайго вясковага (а ў нас гэта сынонім – беднага або небагатага) паходжаньня. Вацлаў жа Гавал – чалавек зусім гарадзкі, прынамсі ў трэцім пакаленьні. Ягоны біёграф такім чынам распавядае пра паходжаньне чэскага прэзыдэнта (праспрабуйце ўявіць, хто б гэта мог быць у Беларусі):
“Гавал – зь вельмі заможнай сям’і праскіх прадпрымальнікаў. Яшчэ ягоны прадзед быў звычайным мулярам, а ўжо дзед, таксама Вацлаў, стаў інжынэрам і для ўласнай фірмы збудаваў прыгожы сэцэсійны Палац Люцэрна ў цэнтры Прагі – першы ў горадзе жалезабэтонны будынак. Бацька пабудаваў славутыя Тарасы – люксусовы рэстарацыйна-забаўляльны комплекс у раёне Барандаў – і злучыў зь Люцэрнай у адно прадпрыемства.
Вацлаў і ягоны малодшы брат Іван мелі прыватных гувэрнантак, а ў доме іхных бацькоў зьбіралася палітычная і культурная эліта Прагі. Бацькі, аднак, мелі дэмакратычныя погляды, і калі хлопцы падрасьлі, іх аддалі ў школу. Вацлаў згадваў пазьней, што яму адзінаму ў клясе давалі з дому добрыя канапкі і ён страшна саромеўся гэтага ды па дарозе ў школу стараўся тыя канапкі выкінуць.
Лёс адвярнуўся ад іх у лютым 1948-га, калі ўладу ў Чэхаславаччыне перанялі камуністы. Маёмасьць сям’і была нацыяналізаваная”.
Як бачым, нікога падобнага ў Беларусі не магло быць. Радкі зь біяграфіі Гаўла яшчэ раз нагадваюць пра страчаныя магчымасьці беларусаў у ХХ ст. Калі іншыя нацыі ўставалі на ногі, ствараючы сваю эліту, у нас вынішчаліся самыя зародкі нацыянальнае эліты і прышчапляўся культ беднасьці, культ роўнасьці ў жабрацтве, які ўрэшце, нібы тая хвароба, заразіў і нашую інтэлігенцыю.
Натуральна, мы ўсё ж мусім ісьці шляхам цывілізаванага сьвету – да прызнаньня важнасьці матэрыяльных дабротаў і багацьця. Аднак, гледзячы, як сёньня ідзе працэс першапачатковага назапашваньня капіталу, мы разумеем, што сёньняшнім новым беларусам яшчэ далёка да таго, каб у іхным асяродку нарадзіўся буржуазны інтэлектуал.
* * *
Лявон Баршчэўскі – першы перакладчык твораў Вацлава Гаўла на беларускую мову. Гэтай справай ён захапіўся яшчэ тады, калі сам пачынаў сваю ўласную палітычную дзейнасьць і стаў у тым, Шушкевічавым парлямэнце адным са стваральнікаў апазыцыі БНФ.
(Баршчэўскі: ) “Ідэя перакласьці Гаўла ўзьнікла яшчэ ў раньнеперабудовачныя гады. Як толькі ў Менску адкрылі спэцсховы, аказалася, што там было пару зборнікаў яшчэ да 68-га года выпуску. І вось я з аднаго зборніка, які "Пратаколы" называўся, які ёсьць у нацыянальнай бібліятэцы, рабіў пераклад "Сьвята ў садзе", гэтай п'есы. У мяне не было вялікага выбару, там было тры ці чатыры п'есы. Гэтая была самая вядомая. Прынцып быў просты, бо на Захадзе Гавал праславіўся спачатку гэтай п'есай. І я яе ведаў, што такая ёсьць. І ўзяўся за пераклад”.
(Дубавец: ) Са словаў Лявона Баршчэўскага, менавіта маёмасны момант, адрознае стаўленьне да матэрыяльнага багацьця было галоўнай праблемай пры перакладзе Гаўлавых твораў.
(Баршчэўскі: ) “Калі гаварыць пра тое, лёгка ці складана перакладаць Гаўла… Сама мова ягоных твораў нескладаная. Але, безумоўна, за мовай хаваюцца другі, трэці сэнс. Таму разгадаць яго ўва ўсёй глыбіні, разгадаць сыстэму, гэтыя ўзаемаадносіны... Урэшце, наш беларускі "савок" і чэскі "савок"… усё ж ёсьць розьніца па-за ўсім агульным. Вось гэта асноўная праблема для перакладчыка. Каб вось гэтыя сымбалі не пераблытаць. Не перакласьці іхную "саўковасьць" нашай "саўковасьцю". Вось гэта была найбольшая праблема”.
(Дубавец: ) Сапраўды, важна ня столькі тое, хто носьбіт маёмасьці ў грамадзтве і якім чынам ён гэтую маёмасьць нажыў, колькі тое, як ставіцца да маёмасьці ўвесь народ, уся нацыя. У адрозьненьне ад беларусаў, якім быў прышчэплены камбедаўскі ідэал роўнасьці ў жабрацтве, чэхі ў масе сваёй і ў сацыялістычныя часы спавядалі ідэал сярэдняе клясы. Адзін з герояў у п’есе Гаўла, зусім савецкі чэх, настаўляе свайго сына:
“Калі на паваротах гісторыі розныя клясы грамадзтва мяняюцца ролямі, дык сярэднія клясы пераадольваюць гэтыя выпрабаваньні без праблем, бо іншыя клясы не імкнуцца заняць іхнага месца – так што сярэднім клясам проста няма з кім мяняцца, і, у выніку, яны робяцца адзінай па-сапраўднаму стабільнай сілай гісторыі. З гэтае прычыны, мой сыне, сярэднія клясы надаюць гісторыі еднасьці і цэласнасьці і якраз робяць яе гісторыяй! Таму найбольш удалыя яе часіны – гэта тыя, што дасьпелі, каб абапірацца на сярэднія клясы, каб яны ад гэтага часу клапаціліся пра іх як пра свае ўласныя, перадаўшы наступным пакаленьням”.
Глыбокае перакананьне гэтага чэха пасуе аднолькава і да буржуазнага грамадзтва, і да таго сацыялізму, які быў усталяваны ў Чэхіі.
“Безь сярэдніх клясаў папросту ня можа існаваць ніводная эпоха і, разам з тым, самі сярэднія клясы існуюць незалежна ад эпохі”.
У Беларусі ніколі не было гэткай філязофіі сярэдняе клясы, тым больш на ўсенародным узроўні. Такая філязофія спакваля нараджаецца ў нашы дні.
Гаворачы зь Лявонам Баршчэўскім, які быў адным зь вядучых палітыкаў краіны напачатку дзевяностых гадоў, я ня мог не паставіць пытаньне пра беларускага Гаўла, пра тое, ці маглі і мы займець кіраўніка зь ліку творчае інтэлігенцыі. На думку Лявона Баршчэўскага, гэта было цалкам верагодна.
(Баршчэўскі: ) “Шмат хто з творцаў мог бы быць прэзыдэнтам. Але для гэтага трэба было мець не беларусаў вакол, а чэхаў. І тую ж сыстэму выбараў. Таму што, я абсалютна магу сказаць, што ў 90-м годзе, калі не было ўсеагульных прэзыдэнцкіх выбраў, абсалютна рэальны шанец стаць сьпікерам Вярхоўнага Савету, калі б не прайшоў Дземянцей і не прайшоў Шушкевіч, мог стаць той самы Ніл Гілевіч. Ужо намэнклятура схілялася да таго, што ў выніку яна ўрэшце пагодзіцца на Гілевіча. Я помню добра гэтую сытуацыю. Гэта быў адзін з варыянтаў такі. Таму думаю, што ў гэтым пляне мог любы творца, з нашых такіх вядомых, якія былі знакавымі для той жа намэнклятуры, адыграць такую ж ролю. Але бяда, што ў нас ня Чэхія. У нас Беларусь, і ў гэтым праблема”.
(Дубавец: ) Яшчэ адно ілюзорнае падабенства чэскае і беларускае сытуацыі ў тым, што цяперашняму кіраўніку няма замены. Пасьля сыходу Гаўла з пасады прэзыдэнта краіны чэхі разгубіліся і некалькі разоў запар не змаглі абраць сабе новага кіраўніка. Самыя аўтарытэтныя палітыкі не ўяўляліся ім у крэсьле Гаўла, буржуазнага інтэлектуала, да якога яны прызвычаіліся і які сьведчыў пра іхную ўнікальнасьць у сьвеце. Які яшчэ народ мае прэзыдэнта-інтэлектуала, што за свае погляды тройчы сядзеў у турме, а да ўсяго зьяўляецца адным з клясыкаў тэатру абсурду?
На мінулым тыдні інфармацыйныя агенцтвы паведамілі пра ініцыятыву групы чэскіх музыкаў абраць новым прэзыдэнтам Карэла Гота, маўляў, 13 гадоў мы мелі прэзыдэнта-драматурга, чаму цяпер прэзыдэнтам ня можа стаць сьпявак? Хто ведае, калі ў канцы лютага новым кіраўніком стане праскі салавей Карэл Гот, тады Чэхія пакажа сьвету, што абраньне Гаўла не было выпадковасьцю і што ў сучасным сьвеце, у якім палітыка так шчыльна мяжуе зь філязофіяй, адказныя рашэньні павінны прымаць людзі культуры.
На думку Лявона Баршчэўскага, такі падыход цалкам пасаваў бы для Беларусі, бо культурны аўтарытэт у грамадзтве можа стварыцца амаль што імгненна – усё залежыць ад таленту, а вось на ўзгадаваньне палітыка, сапраўднага прафэсійнага палітыка, патрэбныя дзесяцігодзьдзі, якіх у сучаснай Беларусі на гэтую справу яшчэ не было.
(Баршчэўскі: ) “Ну, а супастаўленьне асобы Гаўла палітыка і пісьменьніка… Я б хацеў сказаць, што тут вельмі красамоўныя іхныя ўзаемаадносіны зь Міланам Кундэрам. Абодва выдатныя творцы і пісьменьнікі, і маюць абсалютна супрацьлеглыя погляды на палітыку. Кундэра прынцыпова не прымаў ніякай заангажаванасьці ў палітыцы. Ён прынцыпова заставаўся чыстым творцам. Думаю, што і ў нас такі падзел у нейкім пляне ёсьць, або ён будзе на потым. Ёсьць час прафэсійных палітыкаў, і калі мы іх не ўзгадуем, то ў нас будуць кіраваць чужыя палітыкі. Шкада толькі, што палітыкі не ўзгадоўваюцца за два-тры гады. Паэт можа зрабіць сабе імя, калі ён сапраўдны яркі талент. А палітык ня можа. Палітыку трэба стварацца дзесяцігодзьдзямі. А гэтых дзесяцігодьдзяў у нас не было. У гэтым ёсьць праблема”.
(Дубавец: ) Аднак, хто б ні быў новым прэзыдэнтам Чэхіі, Вацлаў Гавал, бадай, надоўга застанецца героем нашых размоваў. Бо ён, як ніхто іншы прааналізаваў стан чалавечых душаў у посткамуністычным грамадзтве на тых этапах, якія беларусы толькі праходзяць або яшчэ толькі зьбіраюцца перайсьці.
У адной зь лекцыяў, якая называецца “Годо ня прыйдзе, бо яго няма”, Гавэл гаворыць пра чаканьне пераменаў. Вобраз ён узяў у калегі драматурга Сэмюэля Бэкета зь ягонай п’есы “Ў чаканьні Годо”, дзе Годо – гэта сымбаль Бога, надзеі, свабоды, уратаваньня. Гавал заклікае да чаканьня, а менавіта да цярплівасьці. Гэтыя радкі падаюцца мне зусім актуальнымі для сёньняшняй Беларусі, дзе, здаецца, гэтак марудна ідзе працэс формаваньня сучаснай нацыі. Гавал гаворыць пра сябе:
“Нягледзячы на тое, што я быў спрактыкаваны ў цярплiвым
чаканьнi, што ўласьцiвае дысыдэнтам, i перакананы ў ягоным
глыбокiм сэнсе, апошнiя тры гады ад моманту мiрнай
антытаталiтарнай рэвалюцыi я, як хлапчук, паддаўся
нецярплiвасьцi, што межавала з роспаччу. Я засмучаўся, што
зьмены не прыходзяць дастаткова хутка, што мая краiна ўсё яшчэ
ня мае новай дэмакратычнай канстытуцыi, што чэхi й славакi
нiяк ня здолеюць супольна ўжыцца ў адной дзяржаве, што ня
надта хутка мы наблiжаемся да дэмакратычнага заходняга сьвету
й ягоных iнстытуцыяў, што ня ўмеем мудра азiрнуцца назад, што
занадта павольна прыбiраем рэшткi былога рэжыму й ягонай
маральнай галечы.
У роспачы я прагнуў ажыцьцявiць хоць адну з гэтых мэтаў i
выкрасьлiць яе з календара як вырашаную або зьлiквiдаваную
праблему. Хай бы праца, якую я выконваў, стоячы на чале
дзяржавы, дала нарэшце вiдавочны, неабвержны, адчувальны,
неаспрэчны плён – штосьцi закончанае. Я ня мог пагадзiцца з
думкай, што палiтыка ня мае канца, як i гiсторыя. Яна –
працэс, якi нiколi не дазваляе сказаць, што нешта было
закончанае, выкананае, закрытае.
I я з жахам зразумеў, што мая нецярплiвасьць як найхутчэй
адбудаваць дэмакратыю, мела ў сабе нешта камунiстачнае, або,
гаворачы шырэй, нешта рацыяналiстычнае, штосьцi асьветнiцкае.
Я хацеў прысьпешыць бег гiсторыi, як дзiцё, якое цягне
расьлiну, каб тая хутчэй расла.
Я думаю, трэба навучыцца чакаць, так як мы вучымся тварыць.
Трэба цярплiва сеяць, сыстэматычна палiваць зямлю й даць
расьлiнам час, бо гэткая ў iх прырода.
Калi палiтыкi й грамадзяне навучацца чакаць – у найвышэйшым
сэнсе гэтага слова – выказваючы такiм чынам пашану да
iманэнтнага ладу сьвету, i яго бяздонных таямнiцаў, калi яны
зразумеюць, што кожная рэч у гэтым сьвеце патрабуе часу i
важна ня толькi тое, чаго яны чакаюць ад сьвету, але й веда
пра тое, чаго сьвет i гiсторыя чакаюць ад iх, тады чалавецтва
ня скончыць так кепска, як мы часам сабе ўяўляем”.
Можа быць, гэта самае галоўнае, чаму мы так часта згадваем Гаўла. Тое, што ён сваім аўтарытэтам разбурае нашую ўпартасьць, зацыкленасьць на нечым адным і, калі хочаце, фанатызм. Сьвет сапраўды большы за нас. І мы не заўсёды імкнемся разумець яго ці адпавядаць зрухам ягонага натуральнага разьвіцьця. Вось бы ўзяць ды запрасіць Гаўла да нас, як гэта бывала ў ранейшай гісторыі, на прэзыдэнцтва пасьля Лукашэнкі. Перасяліць яго, прэзыдэнта нашай надзеі, з нашых дыскусіяў пра лёс і шляхі Беларусі – у рэальнасьць. Мы ж ведаем, наколькі ён неабыякавы да Беларусі. Урэшце, запрашалі ж некалі чэхі нашых князёў! Хіба немагчымасьць такога кроку сьведчыць пра тое, што сьвет зьмяніўся ў лепшы бок?
Найвялікшы парадокс, а ў выніку і посьпех Гаўла ў тым, што ён здолеў праводзіць выразную, а значыць дастаткова цьвёрдую палітыку, маючы зусім не адназначны погляд на сьвет.
“Не магу не прызнаць, што Гегель, якога Попэр (цытуючы Шапэнгаўэра) лічыў непісьменным шарлатанам, мабыць, у адным меў рацыю: рэальнасьць дваістая. Вельмі цяжка вызначыць мяжу паміж эйфарычнай і сапраўднай салідарнасьцю… і статкавай мэнтальнасьцю, пры якой тысячы і мільёны баязьлівых і залежных “я” хаваюцца за “мы”, што аўтаматычна пазбаўляе іх ад усякай асабістай адказнасьці… Як напрыклад, пазнаць момант, калі комплекс жывых ідэй ператвараецца ў мёртвую ідэалёгію? Як зразумець, калі прынцыпы, меркаваньні і надзеі пачынаюць камянець, ператвараючыся ў непадатную масу тэзаў, догмаў і інтэлектуальных стэрэатыпаў?”
Дзесяць гадоў таму мне давялося пісаць прадмову да кнігі драматычных твораў, якая называлася “Пры зачыненых дзьвярах”. Пра Гаўлаву п’есу ў тым зборніку я патасна заўважыў, што “незайздросны лёс цудоўных замкаў мастацтва, збудаваных на зыбучым пяску палітыкі”. Маўляў, мы ўступілі ў эпоху посткамунізму, нашай краінай кіруе прафэсар Шушкевіч, а неўзабаве можа пачаць кіраваць інтэлектуал Пазьняк. Каму тады трэба будуць п’есы, што гратэскава распавядаюць пра злобную Сыстэму з антычалавечымі парадкамі і татальнай цэнзурай!.. Мінула зусім няшмат часу і беларускія газэты сталі часьцей друкаваць лекцыі і пасланьні Гаўла, перакладаць ягоныя творы. Сёньня я перачытаў тую п’есу і зразумеў, што наш сьвет стаў бліжэй да той чэскай рэальнасьці 1968 году, а тое, што мы ўчора называлі посткамунізмам, ніяк ня цягне на прыдомак “пост”. Можа быць, гэта толькі сёньня Беларусь падступаецца да рэальнага посткамунізму, апісанага Гаўлам, які нарэшце пачынае адказваць і на нашы, беларускія пытаньні.
Першы перакладчык чэскага драматурга, вядомы беларускі палітык і інтэлектуал Лявон Баршчэўскі таксама не зьбіраецца разьвітвацца з Вацлавам Гаўлам:
(Баршчэўскі: ) “Калі будзе сацыяльны заказ, я б да Гаўла вярнуўся. Гэта адзін з маіх аўтараў, якіх я б з задавальненьнем яшчэ перакладаў”. |
|
|
|
|