news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


2 Сакавіка 2003
 
Эўраінтэграцыя і рудымэнты сталінізму ("Вахцёрская ўлада")
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Пра Сталіна гаварыць ня хочацца... Бо ўжо і сказана ўсё – на гэтым этапе – і сто разоў тое самае паўторана. Гэта, ведаеце, як калі дах цячэ. Можна сказаць "дах цячэ" і пасьля паўтараць з году ў год: дах цячэ, дах цячэ, дах цячэ... Аж пакуль не абваліцца. А варта падправіць той дзіравы дах, каб ня цёк, і ўжо пра іншае думаецца. Дах трэба пафарбаваць, каб не выглядаў аблезлым і каб дом быў прыгожы... Такія вось суадносіны слова і справы.

Пра сталінскія рэпрэсіі мы гаворым на поўны голас гадоў пятнаццаць. Дакладней, усе гэтыя 15 гадоў мы тое самае паўтараем. Бо "дах" па-ранейшаму "цячэ". Па-ранейшаму няма афіцыйнай ацэнкі рэпрэсіяў беларускімі ўладамі, наглуха закрытыя архівы КГБ, зь якіх можна было б даведацца праўду, па-ранейшаму ўзьнікаюць канфлікты вакол месцаў масавых расстрэлаў і пахаваньняў. Тытанічныя высілкі асобных людзей і суполак дзеля выяўленьня праўды натыкаюцца на глухую сьцяну афіцыйнага неразуменьня. Вось чаму пра Сталіна гаварыць і ня хочацца...

У суседняй Літве на тырана глядзяць, як на пройдзеную старонку гісторыі. У будынку былога КГБ зроблены музэй генацыду, рэпрэсіўныя архівы адкрытыя для дасьледчыкаў, а помнікі тырану і ягоным паплечнікам зьвезеныя ў адмысловы музэй скульптуры таталітарнага пэрыяду. Калі б нехта выказаў настальгію па сталінізму, было б гэтаксама недарэчна, як калі б нехта пашкадаваў пра часы каменнага веку. Сталін для літоўцаў стаў гісторыяй. Цяпер яны рыхтуюцца да рэфэрэндуму пра ўступленьне краіны ў Эўразьвяз. На першы погляд, паміж гэтымі дзьвюма зьявамі – сталіншчынай і эўрапейскай інтэграцыяй – нічога агульнага няма. Але насамрэч гэта два варыянты цывілізацыі, паміж якімі трэба зрабіць выбар, прычым трэцяга варыянту – няма. Альбо чакаем, пакуль дзіравы дах абваліцца, або рамантуем яго і думаем, у які колер фарбаваць.

Цывілізацыйны выбар – два варыянты: эўраінтэграцыя або сталінізм. Паводле сацыёлягаў большасьць беларусаў выбіраюць Эўропу. І выбар іхны не эканамічны або палітычны. Пакуль гэта толькі выбар тыпу дачыненьняў паміж людзьмі. Вось што маюць на ўвазе беларусы, хочучы жыць "як у Эўропе".

У суседняй Расеі сацыёлягі запыталіся ў людзей пра ацэнку дзейнасьці Сталіна. 39 адсоткаў сказалі, што ў гэтай дзейнасьці было больш станоўчага, а 29 адсоткаў выказалі адваротнае меркаваньне. Гэта таксама цывілізацыйны выбар. Бо дае ўладам падставы для сталінскіх мэтадаў кіраваньня, а сам сталінізм не выглядае пройдзенай гісторыяй, ён яшчэ жывы і для многіх нават жаданы...

Як гэта ні дзіўна, а рудымэнты сталінізму ў нашым жыцьці захаваліся не ў архітэктуры нашых паселішчаў і не ў інтэр'ерах нашых кватэр. Да слова, менскі праспэкт у стылі ар-дэко, які людзі культуры часам называюць "сталінскім", будаваўся праз гады пасьля сьмерці тырана. А найлепей рудымэнты сталінізму захаваліся ў нас самых, у нашых дачыненьнях, паводзінах, а то й думках. Калі ўсе гэтыя праявы сабраць у нейкі адзін зразумелы вобраз, дык атрымаецца тое, што сам народ ахрысьціў "вахцёрскаю ўладай". Вось што засталося нам у спадчыну ад Іосіфа Сталіна, і вось што складае поўную процілегласьць нашаму эўрапейскаму выбару. Гэта
калі пакупнік існуе для прадаўца, а не наадварот, калі жыхары існуюць для начальніка ЖЭСа, а вулічныя мінакі – для міліцыянтаў, калі народ існуе для прэзыдэнта, а не наадварот, як тое мусіла б быць. Сёньня пра "вахцёрскую ўладу" гаворыць Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) "Псыхалёгію вахцёраў (швайцараў, кантралёраў, дружыньнікаў) вызначае сам іхны статус людзей на варце. Яны ўяўляюцца стражнікамі брамы Космасу перад бясконцасьцю Хаоса.

Сярод іх ёсьць і вельмі сур’ёзныя пэрсанажы...

– Можна спытацца?

– Так.

– Ня скажаце, што вы тут вартуеце?

– Не!

А бываюць і шчыра прастадушныя. Уважліва разглядаючы чыйсьці пашпарт, альбо пропуск, яны могуць адцеміць: “Вой, якое сьмешнае ў вас прозьвішча!”

Але большасьць прафэсійных вахцёрскіх тыпажоў безаблічная. Бо гэткая ў іх роля. Вось акуратна пастрыжаны важны швайцар у ліўрэі, на якую начапіў ордэнскія калодкі. Ён паглядае абавязкова зьверху ўніз, хоць можа быць і добра ніжэйшым за вас. Ягоны абыякавы асалавелы позірк ажыўляецца адно перад “начальствам”, ці пры выглядзе “чаявых”. Гэткія ж погляды й вартаўнікоў заводзкіх ці інтэрнатаўскіх прахадных. Яны прачынаюцца толькі тады, калі нехта пасягае на іхны “космас”: “Малады чалавек, вы куды? Гэта ваш пропуск? А я вас ня помню...” Альбо: “Стойце! А ў руках гэта ў вас што? Я ня помню каб вы з гэтым сюды заходзілі...” Гэткія службоўцы не прапусьцяць нікога, нават калі й паклічаш іхнага начальніка, нават калі й начальнік пакліча да тэлефону дырэктара. Пасьля дэманстратыўных ваганьняў яны будуць буркліва апэляваць да начальства: “Мусіць быць пропуск, што вы ні кажыце...” Роля выкананая – вартавы прадэманстраваў, што не дарма есьць гаспадарскі хлеб.

Падобныя тыпажы могуць запроста аблаяць чужога ім чалавека. Памятаю выпадак, як у Менску адзін амэрыканскі прафэсар, што ня быў на Бацькаўшчыне паўстагодзьдзя, вырашыў набыць сабе пакунак кефіру. Ён ня ведаў, што спачатку трэба было пазнаёміцца з коштам, пасьля выбіць гэткую суму на касе й толькі пасьля з тым чэкам браць тавар. Ён зрабіў наадварот – узяў кефір ды папраставаў да касы. У сьпіну яму паляцеў адборны расейскі мат, што сканчаўся словамі: " Ты куды, … , кефір папёр!?” Агаломшаны сівы прфэсар азірнуўся, перапрасіўся, запытаўшыся пры тым, навошта гэтак хаміць. “А што я такога сказала? Парадак мусіць быць...”

Але адкрытае хамства зусім не абавязковая рэч для вартаўнікоў. Ёсьць сярод іх і тыя, хто з ахвотаю выконваюць свае абавязкі. З азартам. Яны, ясная рэч, ня лаюцца. Яны спакойна грукаюцца ў дзьверы інтэрнатскіх пакояў, хоць бы й давялося ім грукацца гадзіну, каб “застукаць” на месцы парушальнікаў правілаў. Альбо, намёртва ўхапіўшыся ў рукаво, патрабуюць: “Таварыш, прайдзёмце...”

Самая цікавая катэгорыя змагароў з “хаосам” – гэта дабраахвотнікі. Падчас падзабытае ўжо андропаўскае кампаніі па навядзеньні парадку іх стала раптам шмат. Яны пільнавалі за сваімі аднакашнікамі, што спазьняліся на заняткі, вартавалі праходы на студэнцкія дыскатэкі й шчыльна абступалі падыходы да храмаў падчас рэлігійных сьвятаў. “Т-так... Вучымся? Дзе? Камсамолец? Дзе жывеце? Зь якой мэтай...” і гэтак далей. Асабліва калярытна выглядалі дарослыя дружыньнікі, якія ў менскім дзіцячым парку імя Горкага з асалодаю адбіралі ровары ў дзяцей, альбо спускалі ім шыны. “Будзеш ведаць, дзе можна катацца...” Для людзей з чырвонымі павязкамі на рукаве было прыемна залавіць і якую парачку, што сплялся ў пацалунку ў ціхім паркавым закутку. Але тыя ж бравыя дружыньнікі за колькі мэтраў абыходзілі шумных дзецюкоў нападпітку, бо не зьбіраліся псаваць сабе вечар.

“Вахцёр”, аднак, – не прызваньне, а стан душы. Галоўнае для іх – не рацыяналізм абстрактнага Парадку, а магчымасьць атрымаць асалоду ад бездапаможнасьці людзей, якія апынуліся хоць на момант залежнымі ад іх.

Адпаведна, вахцёрская прынцыповасьць мае свае межы. Іхны “космас” сканчаецца там, дзе дасі шакаладку вартаўніцы ці прапануеш чарку швайцару, альбо сунеш кантралёру грошы проста ў руку, бязь лішніх штрафных цэтлікаў".

(Дубавец: ) Сяргей Харэўскі кажа пра вялікую ўладу маленькіх начальнікаў, а я згадваю развагі аднаго прыяцеля пра тое, што гэта – асаблівасьць славянскага мэнталітэту. Я з прыяцелем не згадзіўся. Рэч тут, па-мойму, не ў народах, а ў дзяржавах. Менавіта СССР стаў дзяржавай вызваленага плебсу, дзе дачыненьні між людзьмі былі пастаўленыя з ног на галаву. Прыгадайце сталінскую калектывізацыю, калі лепшых гаспадароў дэпартавалі зь вёскі ў Сыбір, а кіраваць астатнімі паставілі самых бедных і нерадзівых сялян. Прыгадайце сталінскую барацьбу з рэлігіяй, калі на месца сьвятых абразоў вешалі абразы барадатага Маркса. Прыгадайце любімую фразу савецкіх кіраўнікоў сталінскае пары – "мы ўнівэрсытэтаў не канчалі". Гэта ўсё – рудымэнты сталіншчыны, ад якіх мы можам рушыць толькі ў адным кірунку – у Эўропу, бо рушыўшы ў Расею або стоячы на месцы, мы ад іх не пазбавімся.

Сёньня выглядае, што Беларусь якраз і стаіць на месцы. Дзяржава не сьпяшаецца рабіць той цывілізацыйны выбар, які ўжо зрабіла большасьць беларусаў. Таму і зрухі тут адбываюцца ў прыватным парадку – на ўзроўні рэгуляваньня чалавечых дачыненьняў і паводзінаў. Якім чынам "вахцёрская ўлада" выжываецца самімі грамадзянамі – пра гэта распавядае Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) "Не магу забыць таго адчуваньня, што наведала мяне днямі. У ня самым прэзэнтабэльным рэстаране “Мінскі бровар” я ці не ўпершыню на свае вочы пабачыў сапраўднага гардэробшчыка. І адчуў сябе нейкім дзікуном, калі, прымаючы сваё паліто, не адразу ўцяміў, чаго ад мяне маўкліва патрабаваў гэты прыгожы сівавусы джэнтльмэн. А патрабавалася толькі павярнуцца і прасунуць рукі ў паслужліва пададзеныя рукавы. Якая дробязь, але пакуль гэты чалавек, падобны на састарэлага мафіёзі, мяне апранаў, з маіх вуснаў зьляцела фраза: “Нібы ў старыя добрыя часы”. Сівы мафіёзі адарыў мяне ледзь заўважнаю ўсьмешкай. Маўляў, адкуль табе ведаць тыя старыя добрыя часы. Часы дубовых парэнчаў і мармуровых балясінаў, часы скульптраў над фасадамі і аўтамабіляў “Победа”, часы папіросаў “Казбек” і ўсеўладных швэйцараў. Якія добра, быццам на нюх, адчувалі, перад кім варта расчыніць цяжкія дзьверы рэстарацыі, а каму, не апускаючыся да тлумачэньняў, перакрыць дарогу. Чым я заслужыў такую павагу з боку гэтага, ці не апошняга сталінскага мажардома? І чаму зрабілася так па-плебейску няўтульна. Быццам мяне апраналі не ў маё ўласнае паліто?

Няўжо мне было б ўтульней, калі б мэтр гардэробу мяне ўвогуле не заўважыў? Як ад нараджэньня не заўважаюць мяне прадавачкі, таксісты, вахцёры ды іншая чэлядзь. У працоўны абавязак якой якраз і ўваходзіць самая пільная ўвага да мяне і да кожнага майго слова. Ці ня менская сталінская архітэктура ўплывае на мяне такім цудоўным чынам, прымушаючы са звычайнага кліента ператварацца ў прыбітага просьбіта? І ці не ўсяго толькі гэтая роля лучыць мяне з тымі “старымі добрымі” часамі? Роля, ад якой так прыемна часам выходзіць. Калі ўцяміць, што ні з таксістам, ні з прадавачкай, ні з вахцёрам вам няма пра што спрачацца. Што вы ня можаце іх пакрыўдзіць патрабаваньнем абслужыць. Што ўсе яны працуюць толькі дзеля таго, каб вам было зручна. І калі вам ня зручна, значыць вас абслугоўвае чалавек, што займае чужое месца. І ваш абавязак зрабіць усё, каб яго на гэтым месцы не было.

Як гэта робіцца, я назіраю ўжо які год на пракладзе свайго сябрука. Які недзе вычытаў, што біць стэкам па фізіяноміі хама ня ёсьць правам джэнтльмэна. Гэта ягоны абавязак. Каб чырвоны сьлед на хамскай фізіяноміі нагадваў хаму, што рабіць можна, а чаго нельга. Мала таго, што гэты пастулат сябра ўпадабаў, дык ён, учорашні савецкі афіцэр, яшчэ ўявіў сябе джэнтльмэнам.

Стэка сабе, дзякуй Богу, ён не набыў, і па пысах нікога не дубасіў. Але колькі ў нашым горадзе праліта сьлёзаў звольненых афіцыянтак ды пакінутых без прэміяльных прадавачак, ведае толькі ён. Скажу шчыра, прысутнічаць пры ягоных экзэкуцыях мне страшэнна няёмка.

Паспрабую аднавіць ягоны звычайны маналёг у той час, калі вельмі хочацца выпіць за сустрэчу. “Як вы мяне назвалі? Які я вам “маладой чэлавек”? Вы яшчэ скажыце “таварышч”. Як мяне называць? Пан, спадар, гаспадзін, як пажадаеце. Што значыць “гаспадзін выіскался?” Вы нечым незадаволены? Цудоўна… Я нічога ня буду замаўляць, пакуль не пагутару са старэйшаю службоваю асобаю, якая зараз знаходзіцца ў рэстаране”. Ну як не адчуць няёмкасьць за ягоныя паводзіны? І замест трапезы пачынаецца канцэрт, і няшчасная менская кабета ўжо гатовая назваць яго ледзь ня госпадам Богам. І наш столік гатовы абслужыць ледзь ня сам дырэктар, а пра далейшы лёс афіцыянткі лепш зусім ня думаць. І пакуль сябра цешыць свой садысцка-джэнтльмэнскі запал, я сяджу побач і саромеюся.

Асобная тэма – ува што гэты джэнтльмэн ператварае паездку ў таксі. На звычайнае пытаньне таксіста “Куда паедзем?”, калі, падкрэсьліваю, кліенты яшчэ не пасьпелі сесьці ў аўтамабіль, ідзе незвычайны адказ. “А Вы што, хочаце сказаць, што кудысьці нас не павязеце? Ці Вашае таксі маршрутнае? Пакуль едзем проста, пасьля пакажу дзе павярнуць”. Самае цікавае, што і проста едзе і там, дзе трэба, паварочвае. Але, ня дай Бог, кіроўца ня ўключыць лічыльнік. Не забуду выразу твару таго маладога хамаватага вадзілы, які замест грошай напрыканцы паездкі пабачыў шчырую ўсьмешку ды словы падзякі, зь імем па-бацьку ды прозьвішчам. Дадзеныя ж мацуюцца якраз насупраць пасажыра. Такога дарагога кліента той небарака ўжо, бадай, не забудзецца. Як не забудзецца ўключаць лічыльнік.

Прыклады з жыцьця гэтага джэнтльмэна можна цягнуць бясконца. Але хто ён? Нязручны кліент? Нахабны цынік? Ці, можа, змагар супраць апошняга савецкага бастыёну – унармаванага хамства? Ня ведаю. Мне, у адрозьненьне ад яго, абыякава, як мяне назавуць. Панам ці таварышам. Дакладней, я ня веру ў тое, што я тут пан. Але дзякуючы сябру ўжо ведаю – панам можна быць і тут. І зусім не прычым тут “старыя добрыя” часы".

(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік даў толькі адзін прыклад, як у Беларусі самыя людзі пераадольваюць рудымэнты сталінізму ў паводзінах, бо хочуць жыць па-эўрапейску.

Мой калега Віталь Тарас пэўны час назірае за дачыненьнямі людзей у Чэхіі. Прыклад карысны для нас ужо тым, што чэхі гадоў на 10 апярэджваюць нас у эўраінтэграцыі. Але, на думку Віталя Тараса, і тут ня ўсё адназначна.

(Тарас: ) "Калі ходзіш вуліцамі й вулачкамі Прагі ды захапляешся цудоўнымі помнікамі архітэктуры – Градам, Карлавым Мостам, Вышаградам, амаль ніколі ня згадваеш, што некалі тут жыў Франц Кафка. І што ягоны “Замак” ёсьць, мабыць, алюзіяй таго самага Граду, дзе месьціцца зараз чэскі ўрад з прэзыдэнтам. І што раман “Працэс” ёсьць адлюстраваньнем тых працэсаў, што адбываліся ня толькі ў душы аўтара, але і ў рэальна-фантасмагарычным жыцьці Аўстра-Вугоршчыны зь яе разгалінаваным бюракратычным апаратам на закаце імпэрыі. Даўно няма тае Аўстра-Вугорскай імпэрыі (сантымэнт аб распадзе якой нечакана выказаў неяк у гутарцы з аўстырйскім палітыкам першы беларускі прэзыдэнт), як няма паняцьця аўстра-вугорцы. Але ж калі пачынаеш працэс афармленьня якой-небудзь паперы ў якой-небудзь чэскай установе (на пошце, у натарыяльнай канторы, у краме, на чыгунцы), працэс гэты вельмі хутка пачынае здавацца амаль кафкіянскім. Чынавенства, паперы і іхная ўлада – вечныя.

У велізарным маятніку на Летэнскім пагорку ў Празе, над Влтавай, які быў усталяваны замест самага буйнога ў Эўропе пастамэнту Сталіна, таксама ёсьць нешта кафкіянскае, ці прынамсі – сюррэалістычнае. Што гэты маятнік (па-чэску – ківадла) мусіў азначаць паводле задумы творцаў?Ягонае ківаньне павінна нам прыпамінаць няспынную хаду часу, адвечны рухавік, назва якому жыцьцё? Але ж якая там няспынная хада, калі мэханізм час ад часу спыняецца (альбо яго знарок спыняюць на прафіляктыку) і тады ківадла тырчыць, нібы дзюба гіганцкага жорава, альбо як тая костка ў горле.

Немагчыма ўявіць, каб нехта з чэхаў з тугой гаварыў пра помнік Сталіну. Але шмат каго з чэхаў раздражняюць, напрыклад, творы сучаснага скульптара Чэрны, асабліва ягоны “ружовы танк”, які магістрат урэшце рэшт прымусіў перасунуць куды далей ад цэнтру. Шмат хто з чэхаў галасаваў на апошніх выбарах за камуністаў. Кажуць, што гэта ўжо зусім ня тыя камуністыя (у асноўным кажуць, праўда, самі камуністыя). Галасуюць, такім чынам, не за партыю Леніна-Сталіна, а за Грабенчыка й за вішні. Вішні – сымбаль КСЧМ (камуністычнай партыі Чэхіі й Маравы). Перафразуючы вядомую прымаўку, гэта ўсяго толькі ягадкі, кветкі яшчэ наперадзе. Мабыць, гэта тыя самыя кветкі, якімі сустракаюць на карцінах соцрэалістаў удзячныя чэхі воінаў-вызваліцеляў з танкавай арміі Конева. Праспэкт Сталіна ў Празе даўно стаў Эўропскай, а вось помнік сталінскаму маршалу ў фуражцы на вуліцы Югаслаўскіх партызанаў (зноў нейкі сюр!) стаіць.

Толькі нядаўна адзначылі сумны юбілей “самазабойства” Масарыка-малодшага, які, будучы міністрам замежных справаў у пасьляваенным урадзе, раптам выкінуўся з вакна на Градзе. За ўварваньне савецкіх войскаў у 68-м і дактрыну Брэжнева (сталінскага нашчадка ў зьнешняй палітыцы) чэхі помсьцяць цяперашнім турыстам з СНГ. Помсьцяць хамствам і няпрыязьзю у крамах і рэстарацыях – там, дзе іншых турыстаў сустракаюць ледзь не з абдымкамі, да былых савецкіх ставяцца ў лепшым выпадку насьцярожана. Але гэта людзі старэйшага пакаленьня. Маладыя “старых савецкіх”, а таксама “новых рускіх” не баяцца. Яны баяцца толькі сваіх выкладчыкаў на экзамэнах, ды яшчэ, іншым разам, вахцёраў у студэнцкіх інтэрнатах..."

* * *

(Дубавец: ) "Калі ў Беларусі Эўропа – гэта выбар грамадзтва, а ня ўладаў, дык у Літве менавіта ўлады адразу пасьля выхаду з СССР абвесьцілі пра эўрапейскі выбар краіны. Неўзабаве тут адбудзецца рэфэрэндум пра далучэньне да Эўразьвязу. Натуральна, за дзесяць гадоў сказана шмат і шмат дзідаў зламана ў спрэчках. Найбольш частыя пытаньні: ці трэба імкнуцца ў эўрапейскія структуры, матывуючы гэта толькі ўцёкамі ад Расеі, маўляў калі сам пасыл не стваральны, а адмоўны? А яшчэ – ці варта быць у Эўропе дзяржавай другога гатунку? Самае галоўнае тут – што довады палітыкаў і эканамістаў – занадта глябальныя для простага чалавека, які хацеў бы прымерыць Эўропу на свой уласны быт. Вось тут і ўсплывае выбар паміж сталінізмам і эўраінтэграцыяй.

Удзельнік сёньняшняй "Вострай Брамы" – адзін з найбольш аўтарытэтных літоўскіх інтэлектуалаў – Альгімантас Чакуоліс. Пра яго найперш кажуць, што Чакуоліс у сваёй паўгадзінавай тэлеперадачы ўмудраецца адзін трымаць увагу гледача, прычым абыходзіцца без рэклямы. Дадам, што Чакуоліс – адзін з найбольшых у Літве экспэртаў па Беларусі. Сёньня ён разважае пра сталінізм і эўрапейскую інтэграцыю.

(Чакуоліс: ) "Сталінізм – гэта ня проста гвалт. На маю думку, сталінізм – гэта апошні ўсплёск сярэднявечча ў Эўропе і Азіі. Альбо адзін з апошніх. Адметнасьць сярэдневечча – гвалт, і ня толькі фізычны, прыніжэньне чалавека. Тарквэмада, вынаходнік інквізыцыі, ня быў адзіны, ня быў першы... Барталамееўская ноч не была ні першай, ні адзінай... Усё гэта мы называлі сярэдневеччам і здаецца гэта ўсё – мінула. Не мінула. Гэта паўтарылася рэжымам Палпота у Камбоджы, і ў Афрыцы – Уганда, Бурундзі, і ў Эўропе – Боснія і Герцагавіна, Косава... гэта можа паўтарыцца хоць калі, хоць дзе... гэта зараз паўтараецца ў Чачэніі, – гвалт чалавека над чалавекам, нацыі над нацыяй. Гэта ўсё – рудымэнты сярэдневечча. Гэта ўсё мае самае непасрэднае дачыненьне з ідэяй аб'яднанай Эўропы, з аднаго боку, і са спадчынай сталінізму, з другога".

(Дубавец: ) Выглядае, што кантынэнт, які спарадзіў самы вялікі гвалт, цяпер вынаходзіць самы эфэктыўны сродак ад гвалту?

(Чакуоліс: ) "Эўропа заўсёды была самым небясьпечным кантынэнтам у сьвеце, самым жахлівым... Тут пачаліся і апошнія дзьве сусьветныя вайны. Тысячагодзьдзямі Эўропа ваюе, эўрапейская зямля – суцэльныя могілкі. Мы, – белыя, эўрапейцы, – самая жорсткая раса у сьвеце. Самая ваяўнічая. Мы – больш жорсткія за мусульманаў, азіятаў, афрыканцаў. Найбольш што нам падабаецца, – гэта крыўдзіць саміх сябе, сваіх супляменьнікаў. Каляніялізм быў менш жорсткі за тое, як варагавалі эўрапейцы міжсобку. Чаму я пра гэта кажу? Не дзеля таго, каб прынізіць нашую расу, нашыя нацыі, а каб ушанаваць тое, што такая – такая – Эўропа здолела зрабіць. Бо менавіта ў Эўропе ўзьнікла ідэя, што далей так жыць нельга. Хто гэта прыдумаў? Тыя, хто найчасьцей разьвязвалі войны. Немцы і французы, якія ад веку варагавалі за Эльзас-Лятарынгію. Тысячагадзьдзямі варагавалі франкі і германцы. Асноўны занятак мужчын, хлопцаў быў – вайна, забойства. Падрос хлопчык і – на каня, – і скачы, забівай. Вось што такое эўрапейскі мужчына. Падобна было і ў Літве, і ў Беларусі, у нашай супольнай дзяржаве ... І пасьля апошняй вайны сасьпела ідэя – каб не было больш войнаў у Эўропе, трэба аб'яднацца. Але паспрабуй аб'яднацца на развалінах, толькі праз год пасьля вайны, у 46-м, – на развалінах, якія яшчэ дыміліся, жахлівыя, як трубы спаленай Хатыні, – паспрабуйце памірыць нацыі, паміж якімі такое..."

(Дубавец: ) Словам, спатрэбілася больш за 50 гадоў, каб супернікі ня тое, што забыліся на былыя крыўды, але каб глядзелі на іх прагматычна...

(Чакуоліс: ) "І тыды быў зроблены "хітры" ход для увасабленьня гэтае маральнае ідэі прымірэньня. Былі выкарыстаныя эканамічныя выгады аб'яднаньня Эўропы. І праз колькі дзесяцігодзьдзяў сталася ясным, – тое, што зроблена дзеля таго, каб ня было больш войнаў, прынамсі міжсобку, злучыла такіх адвечных ворагаў, як Францыя і Нямеччына, – бо злучыліся вены і артэрыі іх прамысловасьці. Вось што сталася альтэрнатывай рэліктам сярэдневечча, сталінізму, фашызму – ідэя прымірэньня дзеля таго, каб вызваліць чалавека ад страху і беднасьці, – ідэя, якая мае і канкрэтны матэрыяльны сродак ўвасабленьня..."

(Дубавец: ) Але як гэта адбылося? У Беларусі й сёньня дзяды кажуць: пачакайце, хлопцы, яшчэ немец прыйдзе. Маўляў, новая вайна прыйдзе адтуль, адкуль і папярэдняя. А ў довады нашы дзяды ня надта вераць. Як, на вашу думку, такая праз усю гісторыю жахлівая Эўропа здолела перамагчы ў сабе гвалт?

(Чакуоліс: ) "Бо зьмяніўся чалавек. Таму што эўрапейцы пачалі іначай вучыць гісторыю. Але калі раней гісторыя ў кожнай краіне была пра тое, якая свая нацыя вялікая і выдатная, і якія вакол ўсе кепскія і несправедлівыя дык у Эўрапейскім Зьвязе зьменены, зьнішчаны эгацэнтрысцкі падыход у нацыяльнай адукацыі любой краіны. Шанаваць сваю нацыю вучацца безь прыніжэньня іншых, ня толькі на ўроках гісторыі. Самы паказальны прыклад – перараджэньне немцаў, моладзі, бо там была цалкам зьмененая адукацыя адразу пасьля вайны, – раней, чым разбураныя дамы пачалі адбудоўваць, рэфармавалі ўвесь зьмест ранейшай, аўтарытарнай адукацыі. У Заходняй Нямеччыне няма такога фашызму, як ва Усходняй, дзе адукацыю гэтак кардынальна не зьмянялі – яна заставалася аўтарытарнай.

Ад немцаў (у такім сучасным перараджэньні) адсталі французы, як бачна і зь нядаўняй прамовы Жака Шырака, адсталі брытанцы, якія не прайгралі вайну і якім ня трэба было перакваліфікоўвацца. Ясна, што адсталі і мы, бо былі самымі вялікімі пераможцамі. Наша постсавецкая адукацыя, дарэчы, у сваёй сутнасьці яшчэ захоўвае рудымэнты сталінізму, бо рэфармуецца пераважна форма.
Паколькі ў Нямеччыне, цэнтры аб'яднанай Эўропы – адбыўся той вялізарны псыхалягічны пералом, дык і няма сілы, якая б хацела адбудаваць магутную імпэрыю, як хацелі Бісмарк ці Гітлер.

Гэта як я бачу сутнасьць аб'яднанай Эўропы і сутнасьць таго, чаму мы, балтыйскія краіны, былі туды запрошаныя. Бо даць Эўразьвязу цяпер нешта матар'яльнае, з чаго б ён пабагацеў, мы ня можам".

(Дубавец: ) Літоўскі аналітык Альгімантас Чакуоліс кажа, што Нямеччына сёньня зусім не такая, каб яе баяцца.

Эўропа сапраўды іншая. Нашы людзі вяртаюцца з паездак туды з зусім іншым выразам твару і іншай паставай. Праўда, першае, што іх сустракае на бацькаўшчыне – гэта часьцяком тая самая "вахцёрская ўлада" – быццам чалавеку даюць зразумець, што гэта ён існуе для памежніка або мытніка, а не наадварот. Я наўмысна сказаў – часьцяком, бо ж і не заўсёды. І трэба думаць, што выключэньняў будзе ўсё болей, калі большасьць беларускага грамадзтва выступае за інтэграцыю з Эўропай. Гэта значыць, супраць рудымэнтаў сталінізму ў выглядзе тае звыродлівае "вахцёрскае ўлады". Нейкага іншага, трэцяга выбару паміж гэтымі двума ня дадзена.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.