news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


8 Лістапада 2003
 
“Лябірынты” Вацлава Ластоўскага – вялікая таямніца беларуская літаратуры
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларускі адраджэнец пачатку мінулага стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі глядзеў на свой край як на адзіны вялізны і таямнічы тэкст, складзены з народных паданьняў, старадаўніх летапісаў і кронік, з кніг Кіркора, Грыгоровіча, Шпілеўскага... Яны кожны па свойму апісвалі сваю родную і пры тым загадкавую краіну, а Ластоўскі разважаў пра тое, што калі ў тэкста мусіць быць падтэкст ці кантэкст, дык і ў краіны мусіць быць нейкі свой “пад” або “кон”. Інакш кажучы, мусіць існаваць нейкая Конбеларусь альбо Падбеларусь, дзе сваім парадкам адбываецца паралельнае жыцьцё і дзе можна знайсьці адказы на ўсе пытаньні нашае мінуўшчыны, сучаснасьці і будучыні.

Ластоўскі пачынае пошукі Падбеларусі і знаходзіць яе, а яна, у сваю чаргу, заводзіць яго ў самыя пракаветныя калідоры беларускае і сусьветнае міталёгіі. Свае адкрыцьці аўтар афармляе аповесьцю “Лябірынты”, якая ў друку будзе падпісаная ягоным галоўным псэўданімам Власт.

Такім чынам, пад Беларусяй існуе вечнае жыцьцё. Герою “Лябірынтаў” пашанцавала на добрага павадыра ў падзямельлях. “Дык хіба ж гэтыя падзямельлі заселеныя людзьмі?” – зьдзіўлена пытаецца ён у археоляга Івана Іванавіча. “Так” – адказвае павадыр і ў ягоным расповедзе нараджаецца цэлая карціна падземнага жыцьця.

Вось некалькі ўрыўкаў з “Лябірынтаў”:

“Жыцьцё ў гэтых падзямельлях iдзе старое, даўнае. Вам жа хiба прыходзiлася чуваць аб правалiўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хiба ж вы ня чулi аб невядомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацку? Другi такi горад, што каля Гомеля, апiсаў расейскi пiсьменнiк пад найменьнем Кiцежа. На землях, якiя ў апошнiя часы ў дакрывiцкую эпоху засялялi готы, гэткiя гарады iснуюць...”

“Руiн гэтых гарадоў i сьвятынь цяперашняя археалёгiя не знаходзiць, бо яны дзiўнай умеласьцю старабытных нашых iнжынэраў апушчаныя ўглыбкі зямлi, як вось i гэта нашая сьвятыня, у часьцi будынкаў якой мы цяпер з вамi знаходзiмся.

Гляньце на гэту залю, вы тут ня ўбачыце нiдзе нiякiх прылад да асьвятленьня, а ў залi сьветла й цёпла. Гэта таму, што сьцены гэтай залi пакрытыя элемэнтам, падобным да радыю, зь якога пабудованае сонца. Пад гэтым сьвятлом i расьлiны i людзi могуць жыць без урону для свайго здароўя. Пад уплывам гэтага сьвятла вапна ня можа ў арганiзьме зацьвердзяваць, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў адным веку, а як вынiк гэтага – не падлягае сьмерцi”.

“Мы з вамi цяпер знаходзiмся на глыбiнi каля тысячы мэтраў ад паверхнi зямлi, i аднак жа вы дыхаеце лёгкiм паветрам, гэта таму, што элемэнт гэты, якi завецца гетынам, паглынае лiшкi кiслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзiкага змаганьня на зямлi, жывуць тут, працуючы над навукай i ўмеласьцямi ў сваiх абшырных i добра абстаўленых бiблiятэках i лябараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калi iм прыйдзецца iзноў выйсьцi да свайго народу”.

“Адным з важнейшых адкрыцьцяў, якiя тут зроблены, ёсьць крывiн, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады i зь першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра i вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч i, наадварот, кожную рэч можна перамянiць у другую. Прыкладам, той жа бруковы камень можна змянiць у хлеб цi золата, у паветра цi любога смаку сталовае масла”.

(Дубавец: ) “Заманліва было б патрапіць пад Беларусь і пабачыць усе гэтыя цуды падземнага жыцьця. Вацлаў Ластоўскі называе тры мясьціны, адкуль гэта можна зрабіць. Гэта Полацак, Богінскае возера ў Браслаўскім раёне і Скрыгалаў на Мазыршчыне. У сёньняшняй перадачы мы прынамсі наведаем гэтыя тры адрасы.

Пачнем у пасьлядоўнасьці Ластоўскага – з Полацку. Менавіта тут патрапіў у лябірынты кантэксту герой аповесьці. І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Старажытны Полацак – самае багатае ў Беларусі месца на страты і загадкі. Дастаткова сказаць, што самае праўдзівае сьведчаньне пра пачаткі беларускае гісторыі – Полацкі летапіс – ствараўся тут. А тое, што ён дагэтуль ня знойдзены, вярэдзіць фантазію вучоных і пісьменьнікаў.

Па сьлядах героя “Лябірынтаў” адправіўся Вінцэсь Мудроў.”

(Мудроў: ) “Першы мой сон у полацкім гатэлі стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча “Падземнага Чалавека”. Так пачынаюцца “Лябірынты” – самая містычная і самая патаёмная аповесьць беларускай літаратуры.

Тым пахмурным кастрычніцкім ранкам полацкі гатэль, дакладней, двухпавярховы габрэйскі гатэлік асавела глядзеў фіялетавымі вокнамі на мокрую, пазначаную лапікамі першага сьнегу, вуліцу. На цёмным калідоры рыпелі масьніцы, суха трашчала лучына – стары прыдзьвернік распальваў трохвядзёрны самавар, шторазу выціраючы далоні аб пацёхканую камізэльку, і ў паветры прыемна пахла гарачымі абаранкамі ды халамі, якія гадзіну таму прынесьлі зь пякарні. Тым ранкам – а на календары быў самы пачатак 20-га стагодзьдзя – аднаму з пастаяльцаў прысьніўся дзіўны сон, і ён, падышоўшы да вакна, спрабаваў угледзець у згалелай маладой таполі, што расла на другім баку вуліцы, відарыс Падземнага Чалавека.

Сама аповесьць, у якой ажывуць цені забытых продкаў і заселяць паралельную прастору, будзе напісаная праз шмат гадоў, напачатку 1920-х, але першы, дарэшты няўцямны й невыразны зык, зь якога народзіцца неўзабаве гуканьне крыўскай будучыні, быў пачуты Властам менавіта тут, у Полацку. Дый дзе ж яшчэ можна было яго пачуць, як не ў пракаветнай крыўскай сталіцы, і дзе яшчэ мог быць уваход у таямнічы лябірынт, як не на княжым Верхнім замку, у лёхах напаўзруйнаванага Базыльянскага кляштару. Згаданым часам, як піша Власт, “частка яго, як раз левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпеньні”, і, відавочна, блукаючы па зьнішчаным расейцамі кляштары, будучы аўтар “Лябірынту” прыгледзеў падобны да ўваходу ў падземныя лёхі атвор, які ўзбунтаваў ягоную сьвядомасьць.

Мінулага аўторку, ці, як называў гэты дзень тыдня Власт, ярцам, я завітаў на Верхні замак. Быў золкі адвячорак – тая пара, калі асабліва гостра адчуваеш сваю аддзеленасьць ад сьвету. Волкі туманок, што наплываў ад Дзьвіны, халадніў твар, рабіў невыразнымі відарысы пракаветнай Сафіі і старых таполяў, што шумелі ад ветру. Навокал шэрай рыбінай луской ляжалі лапікі першага сёлетняга сьнегу, а пад нагамі ціха рыпалі кавалкі цаглянага друзу – адзінага напамінку аб старым Базыльянскім кляштары. Я адмераў ад сьцяны сабору сто дваццаць крокаў – менавіта ў гэтым месцы знаходзілася, па маіх падліках, вуглавая заля, дзе быў ход у падзямельле, і намаляваў мыском чаравіка на зямлі вялікі крыж. Падумалася: у летувісаў, зь якімі Власт быў зьвязаны крэўнаю лучнасьцю, і ў якіх уся старажытная гісторыя – адзін суцэльны міт, на гэтым месцы б стаяла сылюмінавая шайба з надпісам, што менавіта тут Vaclovas Lastauskas ir Pozeminis Zmogus – Падземны Чалавек спусьціліся ў нэтры лябірынту. І, вядома, нават самаму дурному летувісу ніколі б не прыйшло ў галаву нашкрэбаць на шайбе кароткае слоўца “bibis” альбо разьбіць аб яе пустую пляшку з-пад улюбёнай властаўскай “Старкі”.

У кішэні ляжаў дыктафон – узяў на ўсялякі выпадак, каб запісаць якіх галасоў: журналісты любяць калі-нікалі паказаць дрымучасьць нашых людзей. Акурат непадалёку зьявілася купка жанчын, але ісьці да іх не хацелася. Спытаеш, а потым давядзецца тры разы паўтарыць прозьвішча, каб пачуць, што яны не тутэйшыя і пра Ластоўскага нічога ня ведаюць.

Я быў перакананы, што Власт, калі ўпершыню наведаў гэтую пракаветную мясьціну, усклаў далоні на ўсходнюю, старажытную сьцяну Сафійскага сабору. Давялося падысьці да сьцяны, і сьледам за вялікім папярэднікам прашаптаць: “Вось яна, наша Сьцяна Плачу”. Далоні працяў холад. Але гэта быў ня холад восеньскай зямлі, а халадэча вялікага абледзяненьня. І сьледам за Властам з тайнай спадзеўкай падумаў, што абледзяненьне гэтае мусіць некалі скончыцца, і крыўскі люд больш ня будзе самохаць аддавацца на волю маскоўскім ці якім іншым дабрадзеям-спакушальнікам, і выйдзе з завілага лябірынту, па якім блукае дагэтуль”.

(Дубавец: ) “Зямляк Вінцэся Мудрова пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў, камэнтуючы “Лябірынты” Вацлава Ластоўскага ў сваёй кнізе “Таямніцы Полацкай гісторыі” піша:

“Фантастыка фантастыкай, а існаваньне пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў – гістарычны факт. Іх дасьледаваў у 1864 годзе расейскі мастак і археоляг Дзьмітры Струкаў. У бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту захоўваецца складзены ім плян і нататкі пра падземнае падарожжа”.

З Полацку мы скіруемся на Браслаўшчыну, дзе каля Відзаў ёсьць возера Богінскае. Можна як заўгодна ставіцца да “Лябірынтаў”, прымаць іх за сон ці галюцынацыю, але вось жа спакусіў фантазёр Ластоўскі адправіцца на Богінскае возера зусім сур’ёзнага навукоўца-археоляга Эдварда Зайкоўскага. Эдвард згадвае, што паездка яго не расчаравала, і што ён ня згодны, быццам у “Лябірынтах” няма ані кроплі праўды.”

(Зайкоўскі: ) “Пэўная кропля праўды ў гэтым ёсьць. Я сапраўды некалі быў на гэтым возеры, таму што ў нейкай меры абапіраўся на зьвесткі зь “Лябірынтаў”. Ну і акрамя таго ў 1928 годзе выйшла такая праца Міхала Мялешкі “Камень у вераваньнях і паданьнях беларусаў”. Дык там згадвалася, што на высьпе Богінскага возера быў знойдзены каменны ідал з адбітай галавой і складзенымі на грудзях рукамі, які мясцовае насельніцтва называла стод. Дык вось я вырашыў адшукаць сьляды гэтага стода і таксама наконт старой веры бажніцы ўдакладніць. І ў 1986 годзе ў час правядзеньня археалягічных разьведак мы спэцыяльна паехалі на возера Богінскае”.

(Дубавец: ) “Чытаем надалей у “Лябірынтах” Ластоўскага:

“Тут iзноў узяў слова Падземны чалавек:

– Я там ня ведаю, якое названьне насiлi сьвятары дахрысьцiянскiх часоў. А што яны займалiся астраномiяй – гэта пэўна. Хіба ведаеце Богінскае возера? Таму Богiна, што там былi знамянiтыя бажнiцы. На востраве, яшчэ да скасаваньня паншчыны, трымаўся высокi капец, у сярэдзiне каторага была старой веры бажнiца з адзiным аконцам, празь якое прамень сонца ўсярэдзiну падаў толькi роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалi маскалi ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасьць. Там, у Богiне, ёсць такжа падземныя хады, як i ў нас, пад Верхнiм замкам, у сярэдзiне гары. Старая веда i старая культура не загiнулi”.

(Зайкоўскі: ) “Астравоў там некалькі. Ну але мы вырашылі, што найбольш прыдатны для пошукаў будзе востраў, які называецца Гарадзішча. І вось, здабыўшы човен, паплылі туды.

Выявілася, што на гэтым востраве сапраўды існуе гарадзішча. Там нават у час шурфоўкі я знайшоў кераміку жалезнага веку. Наконт таго каменнага стода, вядома, ніхто ўжо зь цяперашняга насельніцтва ня памятаў, таму што ад 1928 году мінула ўжо занадта шмат часу. Але цалкам верагодна, што на тым востраве, дзе гарадзішча, знайшлі яго. Магчыма там сапраўды існавала нейкая бажніца, але раз Ластоўскі піша, што яна была ўзарваная ў часе падаўленьня паўстаньня, цалкам верагодна, што так і адбылося.

Увогуле сам жанр, у якім напісаныя “Лябірынты”, своеасаблівы. Я б аднёс яго да твораў-гіпотэзаў. Ластоўскі апрабіруе шэраг сваіх гіпотэзаў па старажытнай гісторыі Беларусі і ў прыватнасьці па старажытнай духоўнай культуры нашых продкаў”.

(Дубавец: ) “Мястэчка Скрыгалаў месьціцца на процілеглым канцы Беларусі. Ад Богінскага возера і ад Полацку гэта кілямэтраў 700. Сёньня Скрыгалаў у Мазырскім раёне, а ўвогуле гэта раён старажытнага Турава. У “Лябірынтах” мы даведваемся, што Правечны Кон – другое ў славянскай міталёгіі боства, якое адказвала за зямное жыцьцё.

В.Ластоўскі, “Лябірынты”:

“Правечны Кон даў права, закон людзям, зьвярам, птахам, полазам, рыбам, расьцiнам i наогул усяму, што жыве, родзiцца i памiрае. Галоўнае месца ў нашым краi, дзе складалi яму чэсьць, быў Тураў i мясцовасьць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захавалiся рэшткi так званых цыкляпiчных будоўляў у хорме аграмадных каменных блёкаў”.

(Дубавец: ) “Пра скрыгалаўскую даўніну і свае пошукі там распавядае гісторык і археоляг Уладзімер Ісаенка.”

(Ісаенка: ) “Скрыгалава – мястэчка вельмі цікавае, старажытнае. І паданьняў там даволі многа. Калі ў 1497 годзе чарговая крымска-татарская арда падступіла да Скрыгалава, яна насьцігла тут уцекачоў, у тым ліку, мітрапаліта Макарыя. Вось-вось яны павінны былі дабрацца да іх. Мітрапаліт адпусьціў сваіх больш маладых служак і сьвятароў і ахову, а сам ужо быў даволі пажылы. Застаўся”.

(Зь летапісу кіеўскай Сьвята-Макарыеўскай царквы: ) “Перад Макарыем пасьля спусташальных татарскіх нашэсьцяў царкоўныя ерархі больш за 200 гадоў не жылі ў Кіеве, іх сядзібаю была Вільня. І вось у 1497 годзе з пачуцьцём архіпастырскага абавязку мітрапаліт Макары вырашыў наведаць старажытную сталіцу. На шляху зь Вільні ў Кіеў, у Скрыгалаве ён мужна не пакінуў багаслужбы ў храме, калі пачаўся татарскі набег, і быў забіты проста на алтары”.

(Ісаенка: ) “Кажуць, што галава дзесьці дзелася. Ну, быў ужо такі звычай – галаву, як справаздачу, здаваць свайму начальніку. Ва ўсякім выпадку, загінуў там чалавек. І вось праз 400 гадоў мясцовы сьвятар Зянон Завітневіч вырашыў усе гэтыя паданьні ўвекавечыць у помніках. На беразе возера быў узьведзенгы абэліск цагляны, на тым месцы, дзе загінуў гэты мітрапаліт кіеўскі.

Наагул, вялікую асьветніцкую дзейнасьць праводзіў гэты сьвятар. А сына ён выгадаваў вельмі цікавым чалавекам. Сын настолькі паглыбіўся ў навуку, пачаў раскопкі курганоў. Курганы там – помнікі 12-13 стагодзьдзя, дрыгавіцкія. Амаль 600 курганоў раскапаў Завітневічаў сын. Дзякуючы яму, мы цяпер добра ведаем пахавальны абрад дрыгавічоў. Завітневіч стаў прафэсарам Кіеўскай духоўнай акадэміі”.

(Дубавец: ) “Сёлета ў красавіку археолягу Ўладзімеру Завітневічу споўнілася 150 гадоў. А капаў ён курганы напрыканцы 19 стагодзьдзя. Ці гэта ён інфармаваў Ластоўскага пра цыкляпічныя камяні? Можа быць. Хоць розьніца ў 30 гадоў магла і падзяляць прафэсара і аматара старасьвеччыны, але лучыць іх магло тое, што абодва былі пасьлядоўнымі праціўнікамі палянізацыі.

Магчыма, быў у Ластоўскага і інфарматар у самім Скрыгалаве. Гэта аднагодак пісьменьніка Язэп Брэгман, які ў 1911 годзе атрымаў дыплём унівэрсітэту ў Цюрыху, дзе падчас вучобы быў падпішчыкам “Нашай Нівы”, у якой сакратаром працаваў Ластоўскі. Ёсель Хаім Брэгман, дарэчы, насіў прозьвішча, якое з ідышу перакладаецца як берагавы чалавек і якое ў тыя часы было шырока распаўсюджанае сярод жыхароў прыпяцкага ўзьбярэжжа. У мэтрыках Цюрыхскага ўнівэрсытэту Брэгман называе свой хатні адрас: Скрыгалаў, Менскай губэрні.

Аднак найбольш верагодна, што зьвесткі пра Скрыгалаў Ластоўскі ўзяў у Адама Кіркора ў ягоным нарысе “Беларускае Палесьсе”. Ластоўскі шанаваў Кіркора, бо бачыў у ім свайго папярэдніка, які перад ім дастаў на белы сьвет многія таямніцы беларускае зямлі. Дык вось у Кіркора ў выданьні 1882 году чытаем:

“Пры той жа Прыпяці знаходзіцца старажытнае паселішча Скрыгалаў, беднае мястэчка. Але яно адметнае выдатным гарадзішчам, якое народ называе Гарадком... На гарадзішчы бачныя сьляды колішняга вялікага будынку, верагодна ўмацаванага замку... На самай вяршыні гарадзішча ці гарадка знаходзяць у вялікай колькасьці цэглу, камяні і нават мармуровыя пліты”.

(Ісаенка: ) “Мы нямала там знайшлі стаянак. І ў самім Скрыгалаве, і побач. На тэрыторыі двух гарадзішчаў жалезнага веку мы знайшлі стаянкі эпохі нэаліту. А ў пойме ракі знайшлі селішча 12 стагодзьдзя.
Мабыць, гэта тое селішча, побач зь якім і загінуў мітрапаліт”.

Гэта фактычна край Мазырскага ўзвышша. І таму гэты карэнны бераг, зарослы цяпер вельмі, узвышаецца па-над Прыпяцьцю на 60 прыкладна мэтраў. Таму ўсе гарадзішчы, якія там пабудаваныя на мысах, вельмі ўжо выглядаюць уражліва. Вялікія равы, валы. Крыху падправіць – і цяпер іх можна было б выкарыстоўваць як фартэцыі. Ці як абарончыя збудаваньні”.

(Дубавец: ) “Дык вось што такое цыкляпічныя збудаваньні на хвалу Правечнаму Кону! Зарослыя лесам, яны ўжо не падобныя на скалы і зусім страцілі свой рукатворны першапачатковы выгляд. Тое, што спадар Ісаенка параўнаў з фартэцыямі і абарончымі збудаваньнямі, насамрэч – пракаветны храм, дзе складалі славу багам нашыя продкі.

Чаму менавіта ў гэтым месцы? Бо менавіта тут заўсёды праходзілі водны і сухапутны шляхі зь Пінску, Менску і Вільні на Мазыр і Кіеў. Няхай сёньня не плывуць ладзьдзі па зьмялелай Прыпяці, але дарога праз Скрыгалаў з губэрнскага некалі Менску на поўдзень ніколі ня страчвала свайго значэньня.

Натуральна, сёньня мы толькі зьлёгку дакрануліся да знакаў таямнічага тэксту Вацлава Ластоўскага і да кантэксту самое Беларусі. Але знаёмства зь “Лябірынтам” дастаткова, каб зрабіць выснову. Мяжа рэальнага і фантазійнага – заўсёды ўмоўная. Ніхто і ніколі ня скажа, што твор Ластоўскага – гэта на сто адсоткаў праўда або няпраўда. Бо гэта іншы жанр – уяўленьне. Ужо толькі проста думаючы пра сваю краіну, мы яе ўяўляем. Мы складаем ва ўяўленьні яе краявіды, людзкія твары і ўласныя адчуваньні. Калі ж мы хочам зрабіць яе лепшаю, мы мусім яе такой убачыць ці адчуць у сваім уяўленьні. Калі хочаце – прыдумаць яе лепшай. Як архітэктар спачатку прыдумляе будынак, а пасьля ўжо крэсьліць яго на паперы і толькі пасьля – у рэчаіснасьці.

Лепшая Беларусь мусіць быць спачатку прыдуманая. Толькі для гэтага трэба вельмі добра яе ведаць і любіць. Трэба любіць яе мову і яе гісторыю. А каб яе гісторыя была захапляльнай і прывабнай, яе таксама спачатку трэба прыдумаць. Бо нацыянальная гісторыя – такі самы твор, як будынак архітэктара ці раман пісьменьніка. Менавіта такую працу і зрабіў некалі Вацлаў Ластоўскі ў сваіх “Лябірынтах”. Да яго з поўным правам можна было б стасаваць словы, сказаныя некалі амэрыканскім пісьменьнікам Ўільямам Фоўкнэрам: “Усё, што я напісаў, я прыдумаў. Але ўсё гэта праўда”. Фоўкнэр прамовіў гэта ў часе сустрэчы з чытачамі, сярод якіх не аказалася ніводнага, хто б яму не паверыў.”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.