|
Куды падзець мільён эўра? |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Пра тое, што ў нашым грамадзкім жыцьці бракуе фантазіі, упершыню падумалася яшчэ ў 1996 годзе, калі вялізная апазыцыйная дэманстрацыя пад хвалямі нацыянальных сьцягоў, накрычаўшыся ўволю “Жыве Беларусь!”, спынілася ўрэшце ў разгубленасьці перад менскім рэстаранам “Канстанцін”, адчуваючы агульную раптоўную няёмкасьць. Крычаць болей – не крычалася, ісьці далей – не ішлося. Некуды падзеліся арганізатары. Быццам скончыўся, вычарпаўся нейкі ўнутраны зарад, эмацыйны рэсурс і маналітная шматтысячная калёна стала ператварацца ў агромністую вулічную тусоўку, над якой завісла неадказанае пытаньне: “А што рабіць далей?”
Пасьля думка пра недахоп фантазіі ўзьнікала неаднойчы. І ў часе выбарчага байкоту і ў часе выбараў-нявыбараў адзінага кандыдата. Натуральна, у краіне, дзе толькі нараджаецца свая новая палітычная сыстэма, будні звычайна напаўняе руціна, а не фантазія. Бо толькі з манатоннае працы муляра можа паўстаць урэшце гарманічны гмах. Але пры ўсім разуменьні гэтага, кожнага разу зьяўлялася і знаёмае адчуваньне няёмкасьці ды разгубленасьці – як тады, перад рэстаранам “Канстанцін”. Руціна-руцінай, але ж і муляру ў ягонай штодзённай працы сьвеціць свая зорка – бо ён заўсёды бычыць ва ўяўленьні сваім той прыгожы гмах, які так марудна расьце пад ягонымі рукамі. А гэта ж і ёсьць фантазія.
Сёньня думка пра брак фантазіі ў грамадзкім жыцьці стала амаль што звыклай. Быццам людзі разьвіталіся з марай пра вынік, пра той гарманічны гмах ды цалкам аддаліся працэсу, манатоннаму й руціннаму, якому няма, а можа быць, і ня трэба ніякага выніку. Мы прывыклі жыць так. І ўжо не зьдзіўляе, што апазыцыйны палітык, калі яму надараецца задаць пытаньне прэзыдэнту, кажа, што пытаньняў няма, бо прэзыдэнт і так усё ведае. І ўжо не карабаціць улётка на сьцяне з надпісам па-расейску: “Он должен уйти”. Тут таксама – усё ясна і так. Міжволі згадваецца показка савецкіх часоў. Міліцыянты затрымалі на Краснай плошчы ў Маскве чалавека, які расклейваў улёткі. Улёткі былі пустыя, чыстыя лісткі паперы. На запытаньне міліцыянтаў, чаму ён расклейвае чыстую паперу, адважны змагар адказаў: “А што пісаць? І так усё ясна”.
У згаданых выпадках мы маем справу з чыстым пратэстам, патрэбным чалавеку як самасьцьверджаньне або як звыклая форма існаваньня, якую ня хочацца губляць. Магчыма, для рэальнае зьмены палітычнае сытуацыі ўсім гэтым дзеяньням бракуе якраз фантазіі. Толькі ж праведзеныя для сёньняшняй перадачы апытаньні, зусім ня сьведчаць пра глыбокую ўнутраную патрэбу людзей у тым, каб адбываліся нейкія сапраўдныя перамены.
***
Сваёй схільнасьцю да фантазіі беларусы славіліся здаўна. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова разгарнуць кнігу народных казак або паданьняў, наведаць сапраўднае Купальле ці пакаштаваць страваў традыцыйнае кухні. Але ўсё гэта – у мінуўшчыне. Сёньняшняе прыватнае і грамадзкае жыцьцё беларусаў асаблівай фантазіяй не вызначаецца. Чаму? Каб разабрацца ў гэтым, мы прыдумалі ўмоўны прыз у памеры 1 мільён эўра і прапанавалі распарадзіцца гэтымі грашыма вядомым дзеячам палітыкі і культуры, мінакам зь менскай вуліцы і слухачам Радыё Свабода.
Апытаньне на менскай вуліцы правёў Севярын Квяткоўскі.
(Квяткоўскі: ) “У дзяцінстве ў мяне ня раз пыталіся, што б я зрабіў, калі б атрымаў мільён рублёў. Адказ быў нязьменны: аддам у "Фонд міру". Ідучы на менскія вуліцы па меркаваньні мінакоў, я менш за ўсё чакаў адказаў, падобных да майго дзіцячага. Тым ня менш, людзі старэйшага пакаленьня часьцяком адказвалі так:
(Кабета: ) "Пэўна, патраціла б на здароўе: і сям'і, і ўсіх людзей".
(Квяткоўскі: ) "Колькі ў вашай сям'і чалавек?"
(Кабета: ) "Мне важна, каб здаровае пакаленьне было, каб было працьвітаньне, і шчасьлівае жыцьцё".
(Квяткоўскі: ) "А куды-небудзь укласьці, каб атрымліваць працэнт?"
(Кабета: ) "Не, я супраць гэтага".
(Спадар: ) "Падарыў бы людзям".
(Спадарыня: ) "На падарожжа ў экзатычную краіну".
(Квяткоўскі: ) "А яшчэ на што?"
(Спадарыня: ) "На дабрачыннасьць".
(Квяткоўскі: ) “Маладзейшыя суайчыньнікі адказвалі інакш. Вось школькнікі старэйшых клясаў.”
(Квяткоўскі: ) "Калі б вам далі прыз – міліён эўра, што б вы зрабілі?"
(Сяргей: ) "Можа быць, куды-небудзь уклаў бы іх, у дзяржаву, каб неяк разьвівалася Беларусь родная".
(Андрэй: ) "Правільна, нам бы нейкі прыбытак з таго быў бы".
(Квяткоўскі: ) "Ці вы давяраеце беларускай дзяржаве?"
(Андрэй: ) "Можна было б ня толькі ў Беларусь укласьці. Можна было б 75 працэнтаў укласьці ў беларускую эканоміку, а астатняе – дзе-небудзь яшчэ, каб падстрахавацца".
(Дзяўчына: ) "Шчыра кажучы, нават цяжка ўявіць сабе такую суму. Мяркую, каб грошы не зьніклі дарма, трэба іх кудысьці ўкласьці, справу заснаваць. У той жа час, у сваё задавальненьне пажыць".
(Школьнік: ) "Хутчэй за ўсё, купіў бы сабе дом, машыну, ну, як звычайна паступаюць, калі шмат грошай ёсьць. Адзначыўся б у грамадзтве, падтрымліваў бы бацкоў... Штосьці такое".
(Квяткоўскі: ) “Старэйшыя менчукі выразна розьняцца ад малодшых тым, што меней гавораць пра бізнэс, пра магчымасьць заробку зь вялікіх грошай. Выкладчыца біялёгіі з БДУ мяркуе, што патраціла б суму за паўгады:”
(Выкладчыца: ) "Напэўна, пачала б вандраваць. Кінула б працу на паўгады, і – у прэрыі ды пампасы. Вось, мне падабаецца запаведнік Серэнгеці, напрыклад, Паўночная Афрыка, горныя раёны... Такога кшталту турызм".
(Квяткоўскі: ) "Добра, вы павандравалі, але ж грошай яшчэ застанецца шмат".
(Выкладчыца: ) "Ды не, я б усё патраціла".
(Супрацоўнік заапарку: ) "Як я працую ў заапарку, жывёлам мяса панакупіў бы. Не на міліён... Вядома, сабе машыну-кватэру набыў бы. Абуў бы ўсіх бедных. У мяне добрая душа проста".
(Спадарыня: ) "Рамонт бы ў кватэры зрабіла, набыла б сястры кватэру, машыну. А наагул, нейкіх глябальных жаданьняў на такую суму няма. Але іх не праблема патраціць".
(Квяткоўскі: ) “Што да фантазіі, менчукі асабліва не шчыравалі. Зьвяртаюся да школьнай настаўніцы:”
(Квяткоўскі: ) "Вось напрыклад, вы атрымлі прыз – міліён эўра, куды б вы яго дзелі?"
(Настаўніца: ) "Аддала б дзецям на кватэру".
(Квяткоўскі: ) "У вас іншых праблемаў няма, толькі дзецям кватэра?"
(Настаўніца: ) "Вой, праблемаў шмат!.."
(Квяткоўскі: ) "Можа кінулі б рабіць настаўніцай, зрабілі б сваю школу, ды сталі б дырэктарам?"
(Настаўніца: ) "Не, дырэктарам бы ня стала. А вось для школы нешта зрабіла б. Дзяцей бы звазіла куды-небудзь. Можа за мяжу куды-небудзь, каб паглядзелі... Кампутары б ім купіла... Ну што яшчэ? Ня ведаю".
(Кіроўца: ) "Зьехаў бы ў Амэрыку".
(Квяткоўскі: ) "І што б там рабілі?"
(Кіроўца: ) "Ня ведаю".
(Квяткоўскі: ) "Працавалі б, ці адпачывалі?"
(Кіроўца: ) "Навошта працаваць, калі такія грошы ёсьць?!"
(Рабочы: ) "Сваю справу адкрыў бы".
(Квяткоўскі: ) "А да чаго душа ляжыць?"
(Рабочы: ) "А хто яго ведае..."
(Квяткоўскі: ) "Альбо вы б не працавалі бы?"
(Рабочы: ) "Не, працаваў бы. Бяз працы нельга".
(Дубавец: ) “Выглядае, што сучасныя беларусы ў большасьці сваёй, атрымаўшы мільён эўра, хацелі б яго зараз жа куды-небудзь аддаць, гэта значыць, пазбавіцца ад грошай, як ад лішняе праблемы. Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, натуральна, што людзей у прынцыпе задавальняе іх сёньняшні стан і жыць па-іншаму яны б не хацелі. Перамены непажаданыя. Ну хіба крыху палепшыць свой быт ці зьезьдзіць куды-небудзь, але ўсе жаданьні да мільёна ніяк не дацягваюць.
На дзіва падобным чынам распарадзіліся б грашыма і тыя, хто абраў сабе ролю публічнае асобы – ці то ў культуры, ці то ў палітыцы. Натуральна, хто сам займаецца сваёй справай, уклаў бы грошы ў сваю справу. Але ў цэлым ніяк ня скажаш, што нашыя дзеячы ў большасьці сваёй гатовыя атрымаць згаданы прыз. Я зноў даю слова Севярыну Квяткоўскаму.”
(Квяткоўскі: ) “Мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў адразу зазначыў, што з такімі грашыма ў Беларусі знаходзіцца небясьпечна. Таму трэба выехаць, і спакойна прадумаць, якім бізнэсам займацца. І, вядома, не забывацца пра фундацыю культурніцкіх праектаў.”
(Анемпадыстаў: ) "На першым месцы цяпер гэта Ліцэй, безумоўна. На другім – музыканты. На трэцім месцы – кавярні, асяродкі культурніцкія. Можа быць, радыё".
(Квяткоўскі: ) “А вось лідэр гурта "Нэўрадзюбэль" Аляксандар Кулінковіч зьдзейсьніў бы сваю даўнюю мару.”
(Кулінковіч: ) "Я хачу рабіць канцэрты на дапамогу дзецям, добрачынныя. І мець сваю студыю. Зразумела, студыя, гэта і ёсьць кватэра. А таксама паклаў бы ў банк, і жыў бы на працэнты, на тое, што застанецца".
(Квяткоўскі: ) “Адзін са стваральнікаў "Хартыі'97" Мікалай Халезін таксама думае найперш пра творчыя пляны.”
(Халезін: ) "Я б зрабіў некалькі праектаў, якія я даўно маю ў галаве. Напрыклад, выданьне трох кніг, пастаноўка чатырох п'ес, зьняў бы адзін дакумэнтальны фільм, і ёсьць тры ўжо распрацаваных праекты ў якасьці мастака. Даўно хацеў зьезьдзіць з жонкай ад Беларусі да Партугаліі праз усю Эўропу".
(Квяткоўскі: ) “Публіцыст і барацьбіт Валеры Шчукін мінімаліст у сваіх патрабаваньнях да побыту.”
(Шчукін: ) "На асабістыя мэты мне шмат ня трэба. Як праваабаронца, я многім людзям хацеў бы дапамагчы, але не магу з-за адсутнасьці тых самых сродкаў. Адваката наняць..."
(Квяткоўскі: ) “А вось лідэр "Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі" Анатоль Лябедзька – адзін зь нямногіх, хто адказаў амаль адразу, без ваганьняў.”
(Лябедзька: ) "Падзяліў бы на некалькі частак. Адну накіравў бы на для таго, каб Беларусь была дэмакратычнай. Я бы мог сёньня гэта ахвяраваць на кааліцыю "Пяць+". Другую для людзей, якія мне блізкія, сымпатычныя і родныя. А трэцьцю – пра запас. Не на чорны дзень, а менавіта на ўсякі выпадак".
(Квяткоўскі: ) “І нарэшце, самым экстравагантным адказам сярод вядомых людзей падаецца адказ лідэра "Народнай Грамады" Міколы Статкевіча, які сказаў, што аддаў бы грошы жонцы”.
(Статкевіч:) "Жонка вырашыла б, куды дзець гэтыя грошы. (Сьмяецца). Я чалавек сямейны".
(Дубавец: ) “У фантазіі – літаральна ва ўсіх сфэрах жыцьця – ёсьць зусім практычны вынік. Прыкладам, вось як апісваецца гэта ўсё ў катэгорыях public relations: фантазія або “трук” – гэта калі вы атрымліваеце нашмат большы эфэкт, чым укладаеце. Іншымі словамі, калі вашая прыдумка і без таго згаданага мільёну можа даць мільён – няхай гэта будзе мэтафара дабрабыту ці нейкай жаданай арганізацыі жыцьця ці палітычных пераменаў.
“Можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым,” – пісаў некалі францускі экзыстэнцыяліст Альбэр Камю. Вось жа адмаўленьне большасьці нашых людзей ад мільёну і сьведчыць пра тое, што яны, фігуральна, шчасьлівыя ў дупле сухадрэвіны, дарма што іншы раз наракаюць на сваё жыцьцё.
Севярын Квяткоўскі заўважыў, што адказы сталых людзей на менскіх вуліцах адрозьніваюцца ад адказаў маладых. Маладыя больш гатовыя траціцца на сябе і на нейкія канкрэтныя праекты, што для старэйшых паводле іхнага выхаваньня або непрыстойна, або неўласьціва. Падобным чынам ад адказаў сталых палітыкаў адрозьніваюцца думкі іхных маладых калегаў з грамадзкіх і палітычных арганізацыяў Менску, Вялейкі, Івянца, Салігорска, Бабруйску і Гомеля.”
(Алёна Андрэева: ) "Я б набыла сабе вялікі дом, машыну, і набыла б падарункаў усім сваім знаёмым, родным блізкім. А яшчэ ахвяравала б на нейкую дабрачынную дзейнасьць".
(Павал Батуеў: ) "Падкупіў бы камісіі на выбарах, каб дэпутатаў апазыцыйных больш прайшло".
(Цімох Дранчук: ) "Я б іх аддаў снайпэру".
(Юры Глушакоў: ) "Выкарыстоўваў бы на мэты сацыяльнай рэвалюцыі. Троху сабе, пару адстоткаў. А астатняе на барацьбу".
(Аляксей Сюдак: ) "Было б вельмі добра ў Менску пабудаваць дэльфінарыюм. Я ведаю, што дэльфіны валодаюць такой якасьцю, што яны лечаць людзей, нават цэрыбральны параліч, і анкалягічныя захворваньні".
(Алесь Солтан: ) "Напэўна, уклаў бы у эканоміку Беларусі. Адчыніў бы ўласную справу турыстычную. Гэта будзе прыносіць даход, і далей укладаць у іншыя справы".
(Жэня Грынь: ) "Пару праектаў грамадзкаважных, трошкі сабе, ну і трошкі на міласэрнасьць".
(Юрась Зянковіч: ) "У першую чаргу забясьпечыў бы дабрабыт сваёй сям'і. Набыў бы кватэру, машыну. А рэшту грошай... Мяне можна назваць ідэалістам, але я бы накіраваў на дэмакратызацыю сваёй краіны – аддаў бы грошы ў скарбонку сваёй партыі".
(Дубавец: ) “Сапраўды фантастычная ідэя – збудаваць у Менску дэльфінарыюм! Каму даводзілася ў такой установе пабываць, пэўна ж ніколі не забудзецца на тыя станоўчыя эмоцыі. Калі ацэньваць фантазію, дык менавіта гэтаму адказу можна было б прысудзіць найвышэйшы баль. Адно крыху спыняе: ці дэльфінарыюм – гэта ўсё, чаго крытычна не стае цяперашняй Беларусі і яе жыхарам?
Зрэшты, у цэлым у адказах людзей на нашае пытаньне жыве маладосьць або нават дзяцінства. Незалежнаму беларускаму грамадзтву ўсяго крыху больш за 10 гадоў. Задаволенасьць людзей тым жыцьцём, якое маюць, можа тлумачыцца яшчэ й тым, што іншага жыцьця ў нашым краі за нашай памяцьцю не было. Нездарма так адрозьніваюцца адказы тых, хто належыць адначасова і да іншага жыцьця, напрыклад, касьцёльнага. Адказы такіх людзей не падобныя да ранейшых і вельмі падобныя між сабой. Вось два такія званкі на Свабоду:
(Спадарыня: ) “Я, калі б мела мільён эўра, я б думала: даць на касьцёл, даць родным, даць бедным, а астатнія грошы, што заставаліся б, можа быць у эўрапейскі банк ці можа быць за граніцу паехалі б. Было б за што”.
(Спадар: ) “Калі б я атрымаў гэты прыз, я б у першую чаргу памог нашаму сьвятому каталіцкаму касьцёлу. І, калі можна, пастараўся б вылечыць маю маму, якая вельмі хворая. Потым бы дапамог сваім блізкім сваякам, потым блізкім сябрам, тым, хто ў цяжкія часіны дапамагаў мне. І, вядома, дапамог бы некаторым нашым апазыцыйным палітыкам і журналістам. Ну а астатнія грошы я б паклаў пад працэнты ў надзейны банк ЗША ці Польшчы. І пераехаў бы ўсёй сям’ёй жыць у адну з гэтых краінаў. Далей ад дыктатарскага рэжыму, які з усіх сілаў стараецца разрабаваць нашу радзіму і ператварыць Беларусь у частку расейскай імпэрыі”.
(Дубавец: ) “Слухаючы гэтыя два званкі, безадносна да іхнага зьместу, падумалася пра яшчэ адзін важны адказ, які вынікае зь сёньняшняга апытаньня. Гаворка ідзе пра падабенства і характар мэтаў людзей. Наколькі яны ўмеюць распарадзіцца сваім лёсам і наколькі ў гэтай справе падобныя між сабою. Уявіце сабе, што гэтаксама падобна, як згаданыя слухачы, рэагавала б на нашае пытаньне менская вуліца, або нашы публічныя асобы. Пра што б гэта сьведчыла? Пра пэўнае адзінства помыслаў, з аднаго боку, і пра зразумеласьць народу – зь іншага. Але такога адзінства няма, а самае падобнае ў адказах – жаданьне пазбавіцца ад грошай – ніякім чынам саміх людзей, як народ, не характарызуе.
Даць на касьцёл, даць сваякам, рэшту пакласьці ў замежны банк і пераехаць жыць у вольны сьвет. На тле большасьці іншых адказаў можна дзівіцца прагматызму такіх плянаў і рэалістачнаму погляду на сябе і жыцьцё. Тыя, хто так кажа, гуляюць у прапанаваную гульню, як і жывуць, верагодна, не гуляючыся, а – насамрэч. Іх сьвядомасьць не дзіцячая, а сталая і практычная.
Зьвяртаю на гэта ўвагу, бо найчасьцей у Беларусі, асабліва ў публічным жыцьці, сустракаеш якраз паводзіны, больш падобныя да дзіцячае гульні, чым да дарослага жыцьця. Варта ўключыць тэлевізар, каб адчуць гэта. Дыктары і аналітыкі не зьвяртаюцца да цябе, а нібы круцяцца перад люстэркам, уяўляючы сябе самых сапраўднымі дыктарамі і аналітыкамі з “дарослых” маскоўскіх тэлеканалаў. А сьледам – міністры імітуюць міністраў, юрысты – юрыстаў, палітыкі надзімаюць шчокі...
Іншы раз трапляеш у цэлую паласу такога гуляньня, быццам уся краіна круціцца перад люстэркам, уяўляючы сябе незалежнай, але яшчэ толкам не разумеючы сябе самую. Дзеці імкнуцца капіяваць дарослых з тэлеэкрану, а дарослыя капіююць іншых дарослых, што сталыя ня толькі гадамі, але й сьвядомасьцю.
Тымчасам працэс грамадзкага сталеньня ўсяляк тармозіцца ўладамі, у выніку чаго нашае нацыянальнае дзяцінства сяды-тады пачынае выглядаць на інфантыльнасьць, а непрафэсіяналізм людзей у тэлеэкране або на міністэрскай пасадзе выглядае на ажылую карыкатуру з часопісу “Вожык”.
Вяртаючыся да пачатку сёньняшняе перадачы, трэба зрабіць выснову. Брак фантазіі ў нашым грамадзкім жыцьці, як гэта ні парадаксальна, будзе пераадолены, бадай, разам са сталеньнем грамадзтва, а сама фантазія будзе сьведчыць пра гэтае сталеньне ня менш за рэалістычны погляд на сябе і на жыцьцё. Верагодна, і адказы на пытаньне – як распарадзіцца мільёнам эўра – могуць быць у гэтай справе пэўным індыкатарам.
Сёньняшняе апытаньне ня мае статыстычнага характару. Гэта хутчэй трэнінг або тэст, які, на маю думку, карысна практыкаваць у часы станаўленьня беларускага грамадзтва. Кожны новы адказ мог бы зьмяніць карціну, стварыць новую інтрыгу, даць падставу для роздуму. Гэта значыць, ёсьць сэнс і далей пытацца ў сваіх знаёмцаў і задумацца самому, што б я зрабіў з тым мільёнам эўра? Галоўнае, каб у адказах знайшлося месца прагматычнаму разьліку і адвольнай фантазіі, безь якой наша грамадзкае жыцьцё выглядала б бедна і непрывабна. |
|
|
|
|