news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


27 Сьнежня 2003
 
Навагоднія правакацыі
У сваіх званках на Свабоду слухачы нашага радыё часта называлі чалавекам году ў Беларусі Ўладзімера Коласа, вядомага грамадзкага дзеяча, дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю. У новым выпуску “Вострае Брамы” для гутаркі з Коласам яе аўтар, Сяргей Дубавец, адбраў жанр інтэлектуальнай правакацыі. У прыватнасьці, гаворка пра тое, ці можа беларуская інтэлігенцыя лічыць цяперашнюю ўладу ў Беларусі сваёй, беларускай?
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Напэўна, трэба было зрабіць апошнюю сёлета “Вострую Браму” сапраўды навагодняй, вясёлай і бестурботнай. Але яшчэ больш хацелася зрабіць яе карыснай. Рэч у тым, што па выніках 2003 году засталіся неадказаныя пытаньні, перацягваць якія ў новы год – усё адно што пакідаць недаробленую працу. Словам, давайце вызвалім сабе прастору для разуменьня таго, што будзе адбывацца заўтра.

Неадказаныя пытаньні датычаць найперш галоўных падзеяў нашага грамадзкага жыцьця. Да прыкладу, як ставіцца да стварэньня новай дзяржаўнай ідэалёгіі і ці павінна беларуская інтэлігенцыя браць у гэтай справе ўдзел? Альбо – чаму ўсё ж быў ліквідаваны Беларускі ліцэй? Прычынаў за апошнія месяцы называлася мноства, але мусіла ж быць нейкая адна, вызначальная. Ці яшчэ: чым выкліканае такое непашанотнае стаўленьне кіраўніцтва краіны да Васіля Быкава нават пасьля ягонае сьмерці? Усе гэтыя пытаньні так ці інакш зводзяцца да аднаго – ці павінны мы, грамадзяне Беларусі, ставіцца да цяперашняе ўлады як да сваёй? Калі так – да якой ступені? Калі не – дык што рабіць, каб гэтую ўладу зьмяніць?

Словам, каб знайсьці адказ, які б сапраўды задаволіў ды супакоіў душу, я зьвярнуўся да чалавека, якога слухачы радыё “Свабода” часьцяком называлі чалавекам 2003 году. А менавіта да Ўладзімера Коласа, дырэктара Беларускага ліцэю, паводле прафэсіі кінарэжысэра, а цяпер яшчэ й заўважнага грамадзкага дзеяча. Натуральна, пачалі мы гутарку з падвядзеньня вынікаў мінулага году.

(Колас: ) “Год быў надзвычай насычаны падзеямі. Год з інтэнсіўнай і густой драматургіяй. Пачаўся ён са станоўчых падзей. Адбыўся ўсебеларускі сход інтэлігенцыі ў сакавіку. Пасьля гэтага пачалася новая хваля праблемаў вакол ліцэя...”

(Дубавец: ) “З гледзішча амаль гадавое даўнасьці – маё першае правакацыйнае пытаньне. Навошта быў патрэбны той сход? І ці мае або ці мусіць ён мець нейкі працяг?”

(Колас: ) “Безумоўна, гэта мела сэнс, таму што інтэлігенцыя не маўчала, падціснуўшы хвост, а выказалася па ўсіх гэтых пазыцыях: і па сытуацыі зь незалежнасьцю, і па сытуацыі з дэмакратыяй, свабодай слова і па сытуацыі, у якой знаходзіцца наша дэмакратычная апазыцыя. І выказала свае прапановы.

Працяг, безумоўна, будзе. Зараз існуе Рада інтэлігенцыі. Шмат хто з дэлегатаў сходу таксама жадае працягваць. І магчыма, гэта прывядзе да стварэньня трывалай сеткі клюбаў інтэлігенцыі...”

(Дубавец: ) “Гэта будзе яшчэ адна апазыцыйная сетка?”

(Колас: ) “Гэта проста магчымасьць людзям зьбірацца разам, абменьвацца думкамі. Больш такая культурніцкая дзейнасьць. Жыцьцё на людзях, грамадзкае жыцьцё. Нам трэба мець магчымасьць кантактаў. Мы неяк прызвычаіліся да таго, што нас заўсёды заганяюць на нейкія сходы. А ва ўсім сьвеце гэта і ёсьць прыкмета цывілізаванасьці, калі людзі зьбіраюцца разам дзеля таго, каб проста абмяняцца думкамі. І гэтага нам не хапае”.

(Дубавец: ) “Вернемся да храналёгіі году. Адбыўся сход інтэлігенцыі, а далей...”

(Колас: ) “Гэтая станоўчая падзея выклікала падзею сумную, нэгатыўную – нараду кіруючых работнікаў, сэмінар гэты пастаянны, на якім Аляксандар Лукашэнка выступіў са сваёй сумнавядомай прамовай пра ідэалёгію. Мы гэта расцэньваем як адказ на нашую рэзалюцыю, якую мы накіравалі ў тым ліку і яму. Вось гэтая занепакоенасьць тым, што душы інтэлігенцыі адыходзяць некуды не туды, і выклікала гэтую прамову і актывізацыю так званай ідэалягічнай дзейнасьці. На вялікі жаль, нічога новага ў гэтай так званай дзяржаўнай ідэалёгіі няма, гэта ўсё старыя сумныя рэчы...”

(Дубавец: ) “А ці можа ў незалежнай краіне Беларусі быць нейкая іншая ідэалёгія, апроч беларускай?”

(Колас: ) “Можа, аказваецца. Тое, што цяпер навязваецца ўсяму грамадзтву – гэта антыбеларуская ідэалёгія, таму што яна імпэрская. Калі паглядзець на сутнасьць таго, што прапануецца і што ўжо ўзята на ўзбраеньне гэтымі палітрукамі, якія беспрацоўныя былі да нядаўняга часу... Сутнасьць – Беларусь пераймае ролю лідэра ў захаваньні каштоўнасьцяў так званай усходне-славянскай цывілізацыі, пашырэньні, разьвіцьці і навязваньні іх на ўсёй постсавецкай прасторы. У прынцыпе гэта абсалютна штучная і мёртвая ідэя. І калі яна навязваецца грамадзтву і грамадзтва прымушаюць жыць гэтай ідэяй, значыць, грамадзтва зноў скіроўваюць на дасягненьне нейкіх абсалютна марных мэтаў”.

(Дубавец: ) “Зноў” – у сэнсе, як за савецкім часам. Але ж час зьмяніўся. Мы жывем у атачэньні краінаў, большасьць якіх абралі эўрапейскі шлях. Камуністычныя пастуляты даўно састарэлі і проста нецікавыя. Зь іншага боку, Беларусь ніколі ў сваёй гісторыі не была мэсіянскай краінай – ня несла сьвету ані ідэяў камунізму, ані ідэяў праваслаўя ці там усходне-славянскай цывілізацыі. Мэсіянства чужое мэнтальнасьці беларусаў. Таму ўсе пералічаныя ідэі могуць успрымацца толькі як фантомы, прывіды. Кожны чалавек скажа, што зрабіць зь яго агітатара за гэтыя ідэі – нерэальна”.

(Колас: ) “У тым і справа, што нерэальна. Тым ня менш, гэта дае магчымасьць трымаць у лейцах грамадзтва і заігрываць вось з гэтым элемэнтам электаральным і ў Расеі, і ня толькі ў Расеі, які мае настальгію па савецкіх часах і прагне нейкага рэваншу”.

(Дубавец: ) “А ўявім сабе такую сытуацыю. У тыя фантомныя формы, за якімі нічога няма, прасочваюцца здаровыя элемэнты ідэалёгіі беларускай. Любі сваё. Магчыма, калі б інтэлігенцыя прапаноўвала свой зьмест – юбілей паэта адзначыць, старажытны герб зацьвердзіць, мясьціну памятную ўшанаваць – дык на фоне гэтага нармальнага зьместу тое фантомнае шалупіньне проста перастала б нешта значыць”.

(Колас: ) “Зьява ад пачатку хворая, якая ня можа выздаравець. Ты кажаш пра нармальнае шанаваньне сваіх культурных традыцыяў. У прынцыпе і ў Савецкім Саюзе захоўваўся так званы нацыянальны калярыт. На ўзроўні лапцей, ручнікоў, фальклёрных калектываў... І гэта ўсё не перашкаджала праводзіць імпэрскую палітыку вынішчэньня нацыянальных моваў і культур. Гібрыд нацыянальнага з імпэрскім асуджаны на няўдачу”.

(Дубавец: ) “Пастаўлю пытаньне інакш. Дадзена зялёнае сьвятло для фармаваньня дзяржаўнае ідэалёгіі, створаны штат ідэолягаў, вылучаныя сродкі... Чаму б гэта ўсё не напоўніць нармальным зьместам?”

(Колас: ) “Не дадуць, таму што, я думаю, ня толькі ў Беларусі гэтая ідэалёгія лепіцца. І тыя, хто яе заказвае, не дазволяць. Не дзеля гэтага марнуюцца сродкі. Тут ідзецца пра стварэньне пэўнай мадэлі і празь яе – аб вяртаньні былых тэрыторыяў”.

(Дубавец: ) “Усё тая ж імпэрская палітыка Масквы...”

(Колас: ) “Думаю, у пэўным сэнсе так. А зь менскага боку ідзе гульня, якая прыносіць вельмі канкрэтныя дывідэнды. Льготныя кошты, крэдыты, якія падтрымліваюць гэтую нежыцьцяздольную эканоміку і прадухіляюць сацыяльны выбух”.

(Дубавец: ) “Значыць, інтэлігенцыя ня мусіць браць ніякага ўдзелу ў стварэньні дзяржаўнай ідэалёгіі, да чаго заклікае ўлада...”

(Колас: ) “Няма такіх заклікаў, па-першае. Па-другое, ніхто не запрашаў інтэлігенцыю. Павесілі кавалак сала, абяцаньне пэўнай халявы, як заўсёды, для тых, хто захоча прадацца і сьпяваць фальшывым голасам гэтыя фальшывыя песьні”.

(Дубавец: ) “Але мы, грамадзяне незалежнай Беларусі, мусім прызнаць патрэбнасьць дзяржаўнае ідэалёгіі і ўзяць удзел у яе стварэньні, бо так па ўсім сьвеце. Урэшце, што б мы ні казалі пра палітычныя гульні, а ўлада ў нас не расейская ці там польская ці нямецкая, не акупацыйная, а свая, беларуская. І можа быць, толькі ад нас і залежыць, якая ў нас будзе дзяржаўная ідэалёгія...”

(Колас: ) “Яна аднолькавая ў кожнай краіне. Гэта – дзяржава павінна гарантаваць грамадзяніну рэалізацыю ягоных законных правоў. І ў пляне выхаваньня дзяцей, і ў пляне захаваньня культурных традыцыяў, захаваньня мовы карэннай нацыі. І ў магчымасьці думаць свабодна, мець свой погляд на любую зьяву і мець магчымасьць гэты погляд адстойваць і мець магчымасьць адстойваць свае правы. Вось гэта і ёсьць дзяржаўная ідэалёгія ў кожнай краіне. А ў нас гэта ўсё перавернута, як было за Сталінам. Дзяржава навязвае свае погляды. А дакладней, не дзяржава, а канкрэтны чалавек, які выкарыстоўвае гэтую дзяржаву дзеля сваіх інтарэсаў. І які падпарадкаваў сабе ўсіх, карыстаючыся гэтым стэрэатыпам у сьвядомасьці намэнклятуры. Трэба прыгінацца, і тады цябе не адціснуць ад карыта”.

(Дубавец: ) “Пяройдзем да наступнай падзеі. Гэта ліцэй. Чаму быў зачынены ліцэй? Называлася два дзясяткі прычынаў. Але якая самая галоўная, ключавая – вось так проста ў лоб?.. Навошта зачыняць жывую школу, якая мае добрыя адукацыйныя паказчыкі і сама зачыняцца ня хоча? Патрэбны будынак? Дык урэшце можна яе перасунуць з цэнтру сталіцы на пэрыфэрыю. Не падабаецца стыль выкладаньня? Але чым болей стыляў, тым лепш для сыстэмы адукацыі. Пра тое, што ліцэй рыхтуе апазыцыянэраў, не хачу нават казаць, бо добра ведаю, што гэта няпраўда. Не ідуць выпускнікі ліцэю шыхтамі ў БНФ ці АГП. Дык чаму зачынілі ліцэй? Што стала апошняй кропляй?”

(Колас: ) “Ня я прымаў гэтае рашэньне, таму мне адказваць за таго, хто прымаў гэтае рашэньне і не хацелася б. Корпацца ў ягоных думках, матывах. Яны зьдзейсьнілі злачынства. Учынак, за які яны назаўсёды застануцца ў гісторыі Беларусі. Зьдзейсьнілі гнюснасьць. Прычына таксама ясная: наш ліцэй і вось гэтая дзяржаўная ідэалёгія – абсалютна несумяшчальныя зьявы”.

(Дубавец: ) “Той чалавек, які прымаў рашэньне закрыць ліцэй, а гэта мабыць той самы, што і ідэалёгію ўводзіць, чаму ён цярпеў існаваньне ліцэю на працягу столькіх гадоў?”

(Колас: ) “Я ня думаю, што гэта было з ініцыятывы таго чалавека, якога мы маем на ўвазе, бо ў яго і бяз нас клопату хапае. Усё ж такі ініцыятыва пайшла ад новых кадраў, якія зьявіліся ў міністэрстве адукацыі. Фарына такі прыйшоў Казімір, намесьнік міністра. Прыйшоў Брыгадзін міністар, ужо сыйшоў, там надоўга не затрымліваюцца. Жук Аляксандар, яшчэ адзін намесьнік. Але тэндэнцыя такая, што на месца людзей, у якіх ёсьць усё ж такі нейкія маральныя катэгорыі і прынцыпы, якія яны хоць і хаваюць часам і здаюць, але ўсё ж такі ёсьць, прыйшлі людзі, у якіх гэта проста атрафіравана. Яны гатовыя на ўсё, што яны і прадэманстравалі.

Дарэчы, Брыгадзін сыйшоў у адстаўку, ён не падпісаў загад аб ліквідацыі ліцэю. Падпісаў Аляксандар Жук – калега, так сказаць, зь якім разам мы пачыналі. Ён ствараў ліцэй БДУ, а я Беларускі гуманітарны ліцэй. Хадзілі разам па кабінэтах. І ён падпісаў гэты загад, рука ня дрогнула. Хаця папярэднікі яго казалі, што ні за што нашымі рукамі ліцэй зьнішчаны ня будзе. Я маю на ўвазе і Стражава, і Дыляна – намесьніка міністра. І быў Пашкевіч тады намесьнікам галавы адміністрацыі, Падгайны быў таксама. З гэтымі людзьмі можна было размаўляць. Нават з Замяталіным. А калі прыйшоў просты выканавец, чалавек, які адпрацоўвае заробак і за гэта гатовы на ўсё, тут ужо рабіць нешта цяжка. Тым больш, калі аргумэнт, які самы першы і пераканаўчы высоўваецца – гэта АМОН”.

(Дубавец: ) “Васіль Быкаў – ці ня самы паважаны ў сьвеце беларускі чалавек. І нават пасьля сьмерці ягонай Аляксандар Лукашэнка ўмудраецца зьневажаць яго. Як гэта растлумачыць?”

(Колас: ) “Лукашэнка – яскравы прыклад таго, што савецкая школа можа зрабіць з чалавекам. Гэта і падвойная мараль, і стаўленьне да любой асобы і да любой падзеі менавіта такое, якое задаецца генэральнай лініяй – партыі, ураду ці каго яшчэ, хто стаіць на чале грамадзтва. Няма ўласных перакананьняў, няма ўласнай пазыцыі, а ёсьць тое, што зададзена зьверху”.

(Дубавец: ) “Які ўжо верх у Лукашэнкі?”

(Колас: ) “Ён і задае гэта. Тыя, хто супраць нас, хто нас крытыкуе, яны трактуюцца нэгатыўна, са знакам мінус. І з усімі наступствамі – цкаваньне, перасьлед, шальмаваньне, дыскрэдытацыя. Аўтарытэтаў няма. Любога можна скруціць у барані рог, кінуць у турму ці ў прынцыпе ліквідаваць. Што і рабілася”.

(Дубавец: ) “Але Быкаў – клясык, вядомы ў сьвеце, пісьменьнік са школьнай праграмы...”

(Колас: ) “Ці мала клясыкаў забаранялі ці выкідвалі са школьнай праграмы, а потым вярталі – у залежнасьці ад генэральнай лініі. У нас яшчэ гэты працэс ня так далёка зайшоў...”

(Дубавец: ) “У сэнсе – яго можа там ня стаць?”

(Колас: ) “Можа ня стаць. Я думаю, да гэтага ня дойдзе. Але калі можна сказаць “Я паважаю Гітлера” і заставацца на пасадзе кіраўніка дзяржавы, то ўсё магчыма. І калі гэта праглынаецца грамадзтвам”.

(Дубавец: ) “Цяпер перавядзем погляд з году мінулага на год наступны. Што там будзе ў 2004-м?”

(Колас: ) “Наступны год вельмі важны для нашага грамадзтва. І лёсавызначальны. І нас чакаюць зноў жа вельмі цяжкія выпрабаваньні. Але і мэты, і шанцы, і пэрспэктывы таксама вельмі й вельмі значныя. І важныя, і вартыя намаганьняў і ахвяраў. Я маю на ўвазе выбары, якія, на вялікі жаль, шмат кім ужо прайграныя. Шмат хто спрабуе пераканаць сябе ў тым, што шанцаў няма. Я лічу, што мы павінны ўсё зрабіць дзеля таго, каб не дазволіць зноў сябе ашукаць, не дазволіць зноў гэтага махлярства, якое ўжо рыхтуецца і пра якое адкрытым тэкстам кажуць тыя, хто зьбіраецца разыгрываць гэтыя выбары. Зрабіць усё, каб яны адбыліся сумленна. Гэта галоўная падзея, якая будзе адбывацца ў наступным годзе. І другі момант – канчаецца законны легітымны тэрмін знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Па канстытуцыі адна асоба ня можа знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта больш за 10 гадоў. І трэба з гэтым нешта рабіць. І мы ўсе павінны гэтае пытаньне ставіць цьвёрда і прынцыпова”.

(Дубавец: ) “Але гэты парлямэнт ня мае рэальнае ўлады. І калі нават адбудуцца больш-менш сумленныя выбары, а гэта значыць, выберуцца людзі з дэмакратычнымі поглядамі, зараз жа пачнецца супрацьстаяньне прэзыдэнта і парлямэнта, які паўторыць лёс Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Гэта значыць, што калі новы нацыянальны сход ня будзе паслухмяны, Лукашэнка яго распусьціць”.

(Колас: ) “Безумоўна, жыцьцё будзе няпростае ў гэтага парлямэнта, як і ў спадара Лукашэнкі, тым ня менш мы вымушаныя ісьці на ўсё на гэта, калі мы хочам вырашаць усё цывілізаваным, законным шляхам”.

(Дубавец: ) “Пэрсанальнае пытаньне – ці будзе спадар Колас балятавацца ў нацыянальны сход?”

(Колас: ) “Ёсьць намер балятавацца, але гэта не галоўнае. І сьпіс кандыдатаў, і кампрамісы паміж партыямі... Галоўная мэта – змаганьне за тое, каб працэдура выбараў адпавядала хаця б існуючаму заканадаўству. Каб у камісіях быў парадак, каб назіральнікі маглі бачыць, што адбываецца. Вось гэта самае галоўнае”.

(Дубавец: ) “Ёсьць такая думка, што паколькі за 10 гадоў Лукашэнка ўсю палітычную сыстэму ў Беларусі перарабіў пад аднаго чалавека, пад сябе, дык калі ён сыйдзе – у любой форме – пачнецца хаос. Усе партыі, вэртыкальнікі, сілавікі – усе кінуцца рэалізоўваць сваё ўяўленьне пра тое, якой мусіць быць Беларусь, а яшчэ й высьвятляць дачыненьні – хто за што адказны, у каго якія паўнамоцтвы... І для таго, каб з гэтага выйсьці, трэба ня сто палітычных волек, а сур’ёзная палітычная воля. А такой волі няма. І таму людзі задаюцца пытаньнем: Лукашэнка кепскі, але хто, калі ня ён?”

(Колас: ) “Безумоўна, гэта вельмі складанае пытаньне. Але ў гэтай сытуацыі ёсьць і пэўныя перавагі. Цэнтралізацыя і канцэнтрацыя ўлады, якая адбылася, яе ня трэба здаваць на першым этапе. Трэба выкарыстаць гэтую звыкласьць да дысцыпліны, да падпарадкаваньня ў намэнклятуры і ў народзе, каб гэтыя працэсы адбываліся бязь нейкіх эксцэсаў і выбухаў. Галоўнае пабудаваць шлях паступовых рэформаў і паступова, калі народ будзе засвайваць мэтады дэмакратычнага самакіраваньня, аддаваць часткамі ўладу народу.

Перамога адбудзецца толькі тады, калі ўдасца аб’яднаць вось гэтую разрозьненую нашу апазыцыю. Калі людзі, які ўзначальваюць партыі, рухі, арганізацыі дамовяцца каардынаваць сваю дзейнасьць. І вызначаць канкрэтныя мэты. У прынцыпе ўсе цудоўна разумеюць, што трэба рабіць. І ўсе гэтыя разыходжаньні і канфлікты адбываюцца па пэўных другасных прычынах. Калі мы здолеем усё гэта адкінуць і сабрацца разам, усё атрымаецца”.

(Дубавец: ) “А чаго б хацелася ў наступным годзе?”

(Колас: ) “Спакойнага жыцьця добрага, хацелася б, каб гэтая справа, ліцэй, дзеці захавалі магчымасьць быць разам, вучыцца ў сваіх настаўнікаў, каб выпускнікі атрымалі добрыя пэрспэктывы ў жыцьці. І ўсё будзем дзеля гэтага рабіць. І хацелася б, каб ліцэй зноў стаў легітымным. Мы будзем працаваць над тым, каб яго зарэгістраваць – толькі тады мы зможам набіраць туды дзяцей”.

(Дубавец: ) “А калі ня ўдасца – ці будзе набор?”

(Колас: ) “Ну калі прыйдуць да нас дзеці, канечне мы іх не прагонім. Афіцыйна аб’яўляць пра набор мы ня маем права, бо афіцыйна нас не існуе. Але калі нехта захоча вучыцца ў нашых настаўнікаў, мы будзем ім дапамагаць”.

(Дубавец: ) “Ну і напрыканцы – колькі словаў да беларускага народу з нагоды Новага году”.

(Колас: ) “Хочацца пажадаць беларускаму народу шчасьця, якога ён варты і, самае галоўнае, разуменьня таго, што гэта шчасьце трэба браць, а не чакаць, калі нехта яго дасьць”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.