|
Скарына для сьляпых |
Што такое беларускі патрыятызм для невідушчага чалавека – з чаго бярэцца і на чым трымаецца гэтае пачуцьцё?
|
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Кажуць, што пачатак кнігадрукаваньня стаў галоўнай паваротнай кропкай для чалавечае цывілізацыі. Нездарма мы гэтак шануем Францішка Скарыну, які выдаў першыя беларускія кнігі ў нашым баку Эўропы. Даўно гэта было, ажно на пачатку 16 стагодзьдзя, сьпярша ў Празе, а пасьля ў Вільні – тагачаснай сталіцы цяперашняе Беларусі. Такім чынам, нашыя продкі атрымалі кнігу на сваёй мове. Прычым, атрымалі нашмат раней за сваіх сёньняшніх суседзяў – латышоў, літоўцаў, расейцаў, украінцаў. Хіба толькі палякі апярэдзілі, але ўсяго на чатыры гады. У цэлым жа такі раньні пачатак беларускага кнігадрукаваньня сьведчыць пра высокі ўзровень нашай краіны ў сярэднявеччы, якое часьцяком называюць Залатым Векам. З тых часоў мы ўжо не былі першымі ані ў якой цывілізацыйнай рэвалюцыі. А сёньняшняе месца краіны ў такіх лёсавызначальных для сьвету дасягненьнях – больш чым сьціплае.
Для параўнаньня я ўзяў тую частку беларускае нацыі, якая ня мае зроку – фізычна сьляпых беларусаў. Для іх Скарынаў прарыў застаўся бескарысным. А беларускія кнігі даступным для іх шрыфтам сталі друкавацца толькі пасьля абвешчаньня сувэрэнітэту краіны, у 1991 годзе. Гэта значыць, што сьляпыя беларусы атрымалі першую беларускую кнігу ўжо нашмат пазьней за ўсіх сваіх суседзяў – латышоў, літоўцаў, палякаў, расейцаў і ўкраінцаў. Можа быць, у маштабе сьвету гэта і несувымерныя падзеі – проста кніга і кніга для сьляпых. Аднак сутнасьць гэтых цывілізацыйных дасягненьняў і іх значэньне для канкрэтнага невідушчага чалавека, напэўна, тыя самыя. Відаць, невыпадкова, што і сьляпыя беларусы атрымалі сваю першую друкаваную кнігу з друкарні ў Вільні, амаль праз паўтысячагодзьдзя пасьля Францішка Скарыны...
Кажуць, больш за 90 адсоткаў інфармацыі чалавек атрымлівае праз вочы. Але з гэтага не вынікае, што невідушчы – менш дасьведчаны, разумны або меншы патрыёт. Амаль на столькі ж адсоткаў сярэднестатыстычны індывід складаецца з вады. Самае галоўнае – кім ён сябе пачувае. Вось чалавек літаральна пальцамі вывучыў беларускую мову і – што з гэтага атрымалася? Ён пачаў на гэтай мове сьпяваць. Зьміцер Бартосік запісаў такую песьню ў Кажан-Гарадку каля Лунінца.
(Песьня: ) “Любуюсь вясною я, Прыпяць, табою
Паўнаводная наша рака.
Цячэш на Палесьсі шырока і вольна
І воды нясеш здаляка”.
(Бартосік: ) “Чалавек сьпявае ўласную песьню. Сьпявае натхнёна. Сьпявае, быццам стаіць на сцэне. Хоць у пакоі нас толькі двое. Я і кажан-гарадоцкі пясьняр Андрэй Вурбановіч. Але аўтар песьні ня бачыць свайго слухача. Справа ў тым, што спадар Андрэй зь дзяцінства сльяпы. І літаратурнай беларускай мовай авалодаў зусім нядаўна. Дзякуючы беларускаму альфабэту ў сыстэме Брайля. Я ўпершыню ў жыцьці меў справу з такім выяўленьнем беларушчыны. І быў настолькі ўражаны, што вырашыў хоць краем вока зазірнуць ў гэты невядомы для сябе сьвет.
Сьвет, дзе немагчыма паехаць у Вільню ці Полацак, каб пабачыць на свае вочы Вострую Браму ці Сафійскі сабор. Сьвет, у якім закрыта для самастойнага чытаньня ледзь ня ўсё, што ствараецца ў галіне прыгожага пісьменства. Сьвет, па-за межамі якога – спэктаклі ды фільмы, новыя архітэктурныя праекты, жывапісныя палотны. Але разам з тым, сьвет, у якім можна заставацца беларусам.
Такім, як Зьміцер Смаляк, пяцідзесяцігадовы моцны мужчына, адзін з шаснаццаці тысячаў невідушчых беларусаў.
Мы сядзім у Зьмітовай хаце, дзе гадзіньнік не паказвае, а гаворыць час. А гаспадар, зварыўшы моцнай кавы, тлумачыць мне хітрасьці чытаньня паводле сыстэмы Брайля.
– У першай клетцы тут шэсьць кропак. Пішам мы, дарэчы, справа налева. А чытаем як трэба, зьлева направа. Таму што мы ліст перакладаем. Дык вось, тут шэсьць кропак. А потым ідзе адна. Першая кропка. Гэта літара “А”. Потым ідзе другая. Гэта “Б”. Потым другая, чацьвёртая, пятая, шостая. Гэта “В” ужо.
– А як хутка можна чытаць тэкст? Вельмі павольна?
– Ведаеш, не. Зноў-такі, прыктыка. Хуткасьць залежыць ад таго, як у нас разьвіта асязаньне ў пальцах. Калі ты чытаеш, ты ахопліваеш цалкам, амаль радок-два. Тры і чатыры. А тут толькі літара за літарай”.
(Бартосік: ) “Зьміцер дэманструе мне чытаньне паводле Брайля. Перапісаны ім пад дыктоўку дачкі верш Янкі Купалы”.
(Смаляк: ) “Прарок
Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сьцежкай,
З навінай новаю к людзям…”
(Дубавец: ) Перапыню на хвіліну расповед Зьмітра Бартосіка, каб зрабіць даведку. Сёньняшні шрыфт для сьляпых, якім карыстаюцца ва ўсім сьвеце мільёны людзей, быў створаны адносна нядаўна – у першай палове 19 стагодзьдзя. Прыдумаў яго француз Луі Брайль, які страціў зрок у раньнім дзяцінстве. Ідэя Брайлевага альфабэту ў тым, што кожная літара – гэта свая камбінацыя шасьці рэльефных кропак, разьмешчаных дзьвюма калёнкамі па тры. Нечым нагадвае даміно. У адным квадраціку можа быць розная колькасьць кропак у розных камбінацыях. Усяго такіх камбінацыяў 63. Чытач праводзіць кончыкамі пальцаў па гэтых кропках і складае знакі ў словы і сказы.
Працягвае Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) “Зьміцер Смаляк – “падрыўнік”. Так сярод невідушчых называюцца людзі, што страцілі вочы ў дзяцінстве, у выніку знаходак выбуховых рэчываў другой сусьветнай вайны”.
(Смаляк: ) “60-я гады. Ну, я скончыў першую клясу, тут у Менску. Паехаў да бабулі на летнія канікулы. Там знайшоў цацку. Такая бліскучая. Як аловак. Узяў у руку і зашыпела. Я да вуха паднёс. Тут у вачах цёмна. І ўсё. Думаю, ну сон. Я за руку схапіўся. Адчуваю, што пальцаў няма. Ну гэта сон. Я зараз прачнуся і ўсё. Але потым чую, бягуць людзі, крычаць, плачуць. Мяне на машыну, у райцэнтар. А потым на самалёце ў Менск. Таму, што сказалі дзядзьку, каторы мяне вёз, што хутчэй за ўсё я памру. Ну дык, каб пахаваць тут, дзе бацькі. Але выжыў”.
(Бартосік: ) “Выжыў, трэба сказаць, ня толькі ў простым сэнсе. Наш герой ажаніўся, працаваў, у яго нарадзілася дачка”.
(Смаляк: ) “Менск я памятаю яскрава ў дзяцінстве. Тое, што бачыў. Гэта праспэкт Сталіна. Гэтыя дамы высокія, шэрыя. А так, наагул, калі мне расказваюць што-небудзь такое, уяўляю сабе, канечне. Але мой Менск, гэта ўсё ж такі Менск у дзяцінстве. Круглая плошча, Даўгабродзкая...”
(Бартосік: ) “Рэальна ж за вокнамі Зьмітровай кватэры – шэрыя панэльныя каробкі вуліцы Якубоўскага. Ад некаторых пад’ездаў сьцежкі, абмежаваныя жалезнымі парэнчамі, вядуць да заводу элекрапрыбораў. Месца працы. Зьміцер свой раён называе рэзэрвацыяй. І вось чаму”.
(Смаляк: ) “На Захадзе больш зьвяртаюць увагу на індывідуальнасьць, асобу. А ў нас, мусіць таму, што заўсёды было мала грошай, я так лічу, таму нас пасялялі ў адно месца. Тут трэба меньш камунікацыяў розных. І лягчэй арыентавацца. А на Захадзе там усё ж патрабуюць ад цябе больш раскрыць твае індывідуальныя здольнасьці. Напрыклад, там вельмі шмат працуюць невідушчыя юрысты, апэратары, праграмісты кампутураў, на тэлефонных станцыях працуюць людзі. Рэзэрвацыі такой няма, як у нас”.
(Бартосік: ) “Але выйсьце з гэтага гета Зьміцер, і ня толькі ён адзін, знайшоў у беларушчыне і музыцы. З хорам “Кантус” таварыства інвалідаў зроку наш герой аб’езьдзіў ледзь ня ўсю Эўропу. Быў у Галяндыі, Італіі, Францыі. Я шчыра ня мог даўмецца, чым гэтыя краіны адрозьніваюцца для невідушчага”.
(Смаляк: ) “Канечне, для недасьведчанага чалавека можа падацца, што ў Італіі цёпла, у Галяндыі халадней. Але не. Напрыклад, у Італіі адчуваецца адразу… Там народ намнога больш эмацыйны. Ён з табой размаўляе, а ад жэстаў яго ажно вецер гуляе. А вось у Галяндыі – там больш павольныя.
(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік размаўляў зь невідушчым менчуком Зьмітром Смаляком. Тым часам мы вернемся да непасрэднае тэмы сёньняшняе перадачы – беларускага кнігадрукаваньня для сьляпых. Як я ўжо згадваў напачатку, пачалося яно, таксама як і Скарынаў кніжны праект, у Вільні. Дакладна – у 1991 годзе. Хто быў ініцыятарам беларускага Брайля, чаму па-беларуску друкавалі не ў Беларусі і ўвогуле, ці памятае хто-небудзь тую справу? На гэтыя пытаньні ўзялася адказаць Тацяна Поклад. Вось яе невялічкае расьсьледаваньне.
(Поклад: ) “Сапраўды, беларускі часопіс для сьляпых “Зрок” выдаваўся напачатку 1990-х гадоў у Віленскай друкарні са шрыфтам Брайля.
Валянцінас Вітаўтас Талочка працаваў тады намесьнікам рэдактара друкарні, цяпер ён – галоўны рэдактар выдавецкай групы літоўскай бібліятэкі сьляпых. Сам невідушчы, ён займаўся і навуковай працай, мае ступень доктара сацыяльных навук. Мне спадар Талочка сказаў, што беларуска-літоўскія сувязі таварыстваў сьляпых маюць даўнія традыцыі.
Калі ў Менску у 1897 г. была адкрытая вучэльня для сьляпых, там займаліся і дзеці з тагачаснай Ковенскай губэрні, бо сваёй школы ў іх не было. Там вучылі і рамёствам – пляценьню, вырабу шчотак. Па заканчэньні вучобы літоўская моладзь заставалася працаваць у майстэрнях Менскай вучэльні.
За польскім часам, у міжваенны пэрыяд, школа сьляпых зьявілася ў Вільні. Тут вучыліся дзеці з усяе Заходняе Беларусі. У 1940-м, ужо за літоўскай уладай, гэтая школа была зачыненая і яе вучні пераехалі ў Коўна. Цяпер выпускнікі заставаліся працаваць на прадпрыемствах Літоўскай грамады сьляпых. Прыяжджалі вучыцца ў Літву беларусы і пасьля таго, як ў савецкай Беларусі былі адкрытыя школы сьляпых. Паміж Ковенскім і Гарадзенскім таварыствамі сьляпых былі сталыя кантакты.
Ад 1960-х Вільня робіцца цэнтрам вялікай дзейснай арганізацыі, пра якую старэйшыя супрацоўнікі цяпер узгадваюць як пра моцную і добразабясьпечаную структуру з даволі фанабэрыстай – так яны кажуць – і энэргічнай элітай. І цяпер, у незалежнай Літве захаваліся даўнейшыя здабыткі – прамысловая вытворчасьць, аўдыёзапісы, друкарня, выдавецтва. Часопіс “Наша слова”, які выдаецца ад 1959 г., друкуецца шрыфтам Брайля і звычайным, існуюць і штотыднёвыя інфармацыйныя выданьні. Дзейнічае хор сьляпых, 8 спартовых клюбаў Літоўскай спартовай фэдэрацыі сьляпых. Пабудаваная і новая бібліятэка сьляпых, дзе, як высьветлілася, існуюць асобныя аддзелы пра дзейнасьць сьляпых у Беларусі.
Калі я прыйшла у гэтую бібліятэку, тут якраз рыхтавалі новую выставу – вышыванак, зробленых сьляпымі. Тут маглі б быць і вышыванкі зь Беларусі, але, як распавёў мне спадар Талочка, цяпер ранейшыя сувязі неяк перарваліся.
Сам Валянцінас Талочка адмыслова дасьледаваў гісторыю гэтых сувязяў, калі рыхтаваўся да канфэрэнцыі біліятэкараў, што была ў Менску ў 1998 годзе.
Літоўцаў зьдзіўляла, што беларусы не друкуюць шрыфтам Брайля на сваёй мове. Валянцінас Талочка даўно ведаў гарадзенскую кіраўніцу тамтэйшай арганізацыі сьляпых Ганну Літвінаву, якая ў часы другое сусьветнае вайны выкарыстоўвала шрыфт Брайля для партызанскай патаемнай сувязі. Ён узгадвае”.
(Талочка: ) “Неяк на адпачынку у Друскеніках Ганна Майсееўна Літвінава паскардзілася, што няма кнігаў па-беларуску, і што гэта вельмі кепска. Тады я атрымаў ад яе беларускі альфэбэт шрыфтам Брайля. Я падумаў, што мы тут, маючы сваю друкарню, маглі б і беларускую кнігу якую выдаць, – хаця б для школы, дзецям пачытаць, які зборнік казак, каб было такое выданьне па-беларуску ў школьных бібліятэках. Але кіраўніцтва нашае тады мяне не падтрымала – кажуць, гэта іх справа, няхай самі беларусы клапоцяцца. Так і засталася гэтая ідэя. А цяпер сваім сябрам я неяк ізноў пра гэта гаварыў – яны кажуць, было б добра, гэта б заахвоціла і саміх беларусаў выдаваць кнігі па-беларуску шрыфтам Брайля”.
(Поклад: ) “Мой суразмоўца ня раз са зьдзіўленьнем ўзгадваў, што у савецкія часы ў Беларусі не было беларускамоўнага пэрыёдыка шрыфтам Брайля. “Мы іх пыталіся, чаму, а беларускія кіраўнікі казалі: “А навошта? Нам хапае расейскай “Жізні слепых”. Але ўрэшце і беларусы перасталі задавальняцца рускамоўным часопісам з інваліднай назвай і для іх зьявіўся свой часопіс – “Зрок”.
Валянцінас Талочка распавёў, што на пачатку 90-х, калі зрабілася вальней, тагачасны кіраўнік беларускай арганізацыі сьляпых сябраваў з дырэктарам літоўскай друкарні “Друк Брайля” Габріэлесам Станкявічусам. Вось сябры і дамовіліся. Усе тэксты прыходзілі зь Беларусі, у Менску была свая рэдакцыя, якая рыхтавала часопіс, у Літве рабілі набор і тэхнічную рэдактуру, сшывалі часопіс і ўвесь тыраж адсылалі у Беларусь. У 1991-1992 гадох “Зрок” выдаваўся ў Літве, бо ў Беларусі не было тады сваёй друкарні Брайля”.
(Дубавец: ) Да расповеду Тацяны Поклад дадам, што ў Менску друк паводле сыстэмы Брайля пачаўся ў 1997 годзе ў выдавецтве “Полымя”. Зьявіліся падручнікі беларускай мовы, літаратуры і гісторыі для дзяцей са слабым зрокам, якія наведваюць спэцшколы.
* * *
Відушчаму чалавеку, які стаў сьведамым беларусам, чытаючы вершы Багдановіча і Купалы, прозу Караткевіча і Быкава, напэўна, ніколі не зразумець, якім чынам патрыятычнае пачуцьцё нараджаецца ў сэрцы чалавека, што чытае вобмацкам, пальцамі. Яшчэ сяк-так можна разабрацца з паэзіяй, дзе зачароўвае магія гукаў, але раманы і аповесьці – спрэс патрабуюць зрокавае відзежы. Верагодна, вобразы, што нараджаюцца ва ўяўленьні чалавека, які ніколі ня бачыў сьвету, зусім адрозныя ад тых, што ўяўляе відушчы. Напэўна, яны фантастычныя. Але разважаць пра гэта – справа менш удзячная, чым пагаварыць з тым, хто ведае ўсё на ўласным досьведзе.
Наступная суразмоўца Зьмітра Бартосіка – студэнтка другога курсу Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Ганна Крывашэй.
(Бартосік: ) “Ганна Крывашэй – дзяўчына абаяльная, разумная, прыемная субяседніца. Праз хвіліну размовы мне ўжо не замінаў яе адсутны позірк”.
(Крывашэй: ) “На беларускай мове большасьць літаратуры выпускаецца ў агучаным варыянце. Гэта “Гукатэкст”. Прадпрыемства беларускае. Запісваюцца такія творы клясыкаў, як Купалы, Коласа, вершы Багдановіча. Казько, Караткевіч, ну і многія іншыя… Мы не маглі чытаць па Брайлю. Але слухаць мы маглі даўным-даўно. Калі хочацца адчуць, заўсёды можна.
Я зараз прыходжу да меркаваньня, што бачыць чалавека, бачыць яго вочы, бачыць яго твар – гэта не заўсёды патрэбна. Я зараз больш зьвяртаю ўвагу на нейкія жэсты, на голас, на нейкія свае адчуваньні. І маё ўспрыманьне людзей, яно заўсёды вернае. І яно не залежыць ад таго, убачыла я, што ў яго ў вачах адлюстравалася, ці не.
– Заўжды лічылася, што вочы – люстэрка душы.
– Калі ты іх ня можаш бачыць, табе ня важна – люстэрка яно ці не. Прыходзіцца дзейнічаць па-іншаму.
– Вы бывалі ў іншых краінах?
– Мне не даводзілася бываць у іншых краінах. Я хачу пабываць у ЗША, у Вялікабрытаніі. Але я ня ўпэўненая, што я там хачу застацца. Як многія сучасныя маладыя людзі. Я мяркую, што жыць далёка ад Беларусі я проста не змагу. Нават пагаварыць па-беларуску ня будзе з кім.
– Што такое для чалавека відушчага любіць Беларусь, я магу гэта зразумець. Любіць канкрэтныя мясьціны, зьвязаныя з тваім дзяцінствам, з тваім жыцьцём і гэтак далей...
– Гэта тое самае, што і для невідушчага. Тое самае. Ты імкнесься да нейкіх сваіх знаёмых гукаў, пахаў. Ну гэта ж і відушчы ўспрымае. Проста зрок займае большую частку нашай сьвядомасьці з пункту гледжаньня навукі. А ўжо другія аналізатары, яны займаюць меншую частку ў відушчага. А ў невідушчага яны проста абвастраюцца. Знаёмы гук, і ты ўжо адчуваеш сябе камфортна, добра.
– Ці ёсьць характэрныя гукі ў Беларусі?
– Ну, напрыклад, мне падабаецца цішыня ў бабулінай вёсцы. Я люблю прачынацца ад таго, што пяюць пеўнікі, ад таго, як шуміць рабінка пад вакном”.
(Бартосік: ) “Размаўляючы з гэтымі людзьмі, я лавіў сябе на думцы, што бачыць – гэта зусім ня значыць адчуваць і разумець. Бо сваю краіну яны чуюць і разумеюць вельмі глыбока. Краіну з “Пагоняю” Багдановіча, “Прарокам” Купалы і “Знакам Бяды” Быкава. Разумеюць нашмат лепш за многіх сваіх “нармальных” суседзяў”.
(Дубавец: ) Пасьля гэтых словаў Зьмітра Бартосіка, мне застаецца зьвярнуцца да парадоксу – да клясычнага вобразу сьляпога народу ў айчыннай літаратуры, які мае дачыненьне якраз да фізычна відушчых нашых супляменьнікаў у першую чаргу. Што да ўласна сьляпых, дык яны становяцца сьвядомымі патрыётамі нават у такіх умовах, калі іхны Скарына забясьпечвае іх роднай літаратурай нашмат горш за іншых. Што да ўласна сьляпых, дык яны ў беларускай літаратуры выступаюць часьцяком больш відушчымі за астатніх. Мне згадваецца пасаж у адным з эсэ Ўладзімера Караткевіча пра тое, што ў нашых продкаў былі часіны, калі перад войскам ехалі сьляпыя дудары і лірнікі. Яны былі сьляпыя, – піша Караткевіч, – але відушчыя сэрцам і добра разумелі адзін аднаго. |
|
|
|
|