Ева Вежнавец Гендэрная вайна,
Двайная эксплюатацыя У лазенцы вурчыць пралка. У дальнім пакоі пішчыць трохмесячны сын. Пасьля, як скончу з хатнімі справамі, мне трэба зьняць тэкст са стужкі. Бо я яшчэ й грошы зарабляю. Дапамогі чакаць няма адкуль – муж прыйдзе позна. Думаю, гэтая карціна знаёмая большасьці з нас, і зусім не таму, што мужчыны – ледакроўныя пачвары. Сотні раз, нахіляючыся над венікам ці мыйкай, я думаю пра нашую пракаветную цярплівасьць, якую так высока цэняць мужчыны. Вось, напрыклад, верш, што мой муж прысьвяціў бабулі.
Я люблю гэты верш, бо ён закончаны. Ні адняць ні дадаць. Жыцьцё — любоў — сьмерць — і памяць блізкіх. Працавітасьць, незласьлівасьць, маўклівая мудрасьць, непатрабавальнасьць. Ахвярнае служэньне. Тыя вартасьці, якімі вызначаецца ў Бібліі любоў. «Ісьцінная любоў не патрабуе свайго...» Тэкерэй пісаў, што найлепшы твор зямны — сапраўдная ледзі: сьціплая, поўная сарамлівасьці, анёльскай чысьціні, дараваньня і пакоры. Гэты партрэт Вам нікога не нагадвае? Такою была маці Марыя. Цяжка пазбавіцца ад двайное эксплюатацыі, калі яна замацаваная ў культуры і рэлігіі. Калі ідэал заклікае быць простай і пакорлівай, захавальніцай утульнага дому і добрай працаўніцай. Гэта двайная нагрузка, выцісканьне сокаў дзеля рэалізацыі і ў сям’і, і ў грамадзтве. Калі ты жанчына, ты мусіш давесьці, што ты яшчэ й чалавек. Мусіш адбыцца. Я не гатовая паўстаць. Я магу прымусіць мужа варыць боршч і праць джынсы. Дапусьцім, я прымушу яго, ёсьць такія мэтодыкі. Але потым, калі захочацца ягонай дамінацыі, я не змагу атрымаць яе ад прыручанай істоты, што мые, шые і прэ бялізну. Мне патрэбен мужчына-дамінант, істота невядомай мне, недаступнай прыроды. Нецярплівы, ён ня любіць корпаньня і нятворчай хатняе працы. Думаю, ён ня здолее так хутка пазьбіраць голкі з падлогі, як я. Ён сядзе і вымысьліць машыну для зьбіраньня голак. Па тыпе магніта і мінашукальніка. Ён з захапленьнем распавядае, што вынайшаў альгарытм — як найэфэктыўней працаваць на двух рознаскладаных агрэгатах, так, каб ня страціць ні сэкунды часу. А я, калі мыю бялізну, прасую пялюхі, пішу артыкул і мялю каву, гэты альгарытм распрацоўваю інстынктыўна. У мяне не марнуецца ні сэкунды. Я не хаджу ад пралкі да праса з пустымі рукамі, але нясу выпранае, каб па дарозе павесіць на сушку. Адначасова я думаю пра жаночую вышэйшасьць. Каб жа нас дапусьціць у палітыку, музыку, літаратуру, мастацтва — вось мы далі б дыхту. З нашай жарсьцю, і халоднасьцю, і цярпеньнем зацятага рыбака… Але мы ўсё гэта зьберагаем для хатаў, каб там весьці бітвы з мужам, дзецьмі, эскадронамі бруднага посуду і падлогай — плянтацыяй сьмецьця й пылу. Так пакорлівасьць – пачуцьцё хутчэй рабскае, чым пахвальнае — стаецца прадметам нашае пыхі. Мы носімся з нашай ахвярнасьцю, тыцкаючы яе мужчынам пад нос. А ці спрабавала каторая сесьці за стол перамоваў “з агідным бокам” і падзяліць хатнія абавязкі? Можа, таўхаючыся ўдваіх на кухні, мы склалі б новую гармонію дзьвюх роўных і годных істот, і наша каханьне зрабілася б багацейшым на адценьні? Я ведаю аднаго мужчыну, які шые такіх жывых і мілюткіх зьвяркоў! Зь іх сьмяешся і плачаш, і гатовы бараніць іх да апошняй кроплі крыві. Ягоныя баршчы і печаныя гусі найсмачнейшыя ў сьвеце. Ён марыць стаць бэбісытэрам, але баіцца, што зь яго насьмяюцца былыя супрацоўнікі (служыў у АМАПе). Мы зь ім нявольнікі стэрэатыпаў. Мужчына — гэта… Жанчына — яна павінна… Самае цяжкое — стэрэатыпы, якія ў табе.
Зграбнасьць як зброя Сьцьвярджаюць, што акрамя вайны з мужчынам, вядзецца яшчэ вайна за мужчыну. І ў гэтай вайне фігура — не апошняя зброя. Тут прыходзіцца змагацца з магутным культам ежы, выпешчаным стагодзьдзямі. Гарбата з тортам у кампаніі прыяцелек, смачны амлет зь цікавым фільмам, арэшкі на вуліцы, кава з газэткаю. Глыбокія патэльні, у якіх нешта сквірчыць і пахне. Залацістыя тушкі птушак. Сьвінячы кумпяк — ружовы зь белым. Чарнюткі хрумсткі хлеб. Батон з кефірам. Ранішняя какава. Мы, жанчыны — ахвяры індустрыі харчаваньня. Тлушч – наш галоўны вораг. Кажуць, ён адкладаецца ў кабеты ў два разы хутчэй. Дапусьцім, аднак, што мы пачалі есьці мюсьлі, тваражок ды сырую расьліннасьць — тое, што належыць чалавеку. Складаная ежа сыходзіць і вызваляе час і мейсца — для чаго? Куды падзець пліту, імбрычкі, рондлі, часнычніцы, сатэйнікі, тостэр, друшляк і сітачка, мясарэзку? Як скарыстаць той вялізны кавалак часу, які вызваляецца ад прыгатаваньня і паяданьня ежы??? Зрабіцца занудаю, якая ўсюль вывучае мовы альбо займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, напрыклад, сьціскае і расьціскае ягадзіцы ў тралейбусе? Пастаяннае самаразьвіцьцё? Навошта? Праз кароткі час ад нас застануцца адны шчэлепы пад кустом. Але з другога боку — ёсьць розьніца — лёгка ўзьбегчы на крутыя прыступкі сьмерці альбо узьлезьці, сапучы, цягнучы артрытныя ногі, перароджаныя суставы, гемаройныя шышкі, вялізныя адвіслыя клубы і грудзі. Як гэтыя саўковыя бабкі з нашага двара — не разьбярэш, каму 50, а каму 70. А тут цок, цок, цок — у кепцы, кашулі й джынсах прайшла суседка. Чытаючы газэту на хаду. Ёй 53 гады. Не, тут ёсьць выбар. Я хачу быць больш мабільнай, хутка арыентавацца ў сытуацыях, вывучыць некалькі моваў, выклікаць павагу, спараджаць ідэі, заўсёды добра пачувацца, валодаць сваім часам і эмоцыямі. Жыць у поўны рост. Езьдзіць на белым кані. Мець дыстанс зь людзьмі. Аднак зазвычай мы зрываемся, бо мы толькі слабавольныя грэшніцы і не валодаем сталёвай, нечалавечай воляй, якая больш пасуе шатану. Сыр тофу ды кабачкі псуюцца і робяцца здабычай мушак-дразафілаў, якія далікатна віюцца ля сьметніцы. Цэлы дзень ямо чакаляду й зэфір, засьмечваем вантробы. Печанае кураня. Канапка зь вяндлінаю, брыкет плямбіру, драбок халвы, два сырочкі з глязураю; катлета з букаткай каля яткі з надпісам «Эберт-Нарпіт. Смачна. Хутка. Па-беларуску» (нарпіт — напэўна, народнае пітаньне). Пакецік салёнай кукурузы. Добра падсалоджаная гарбатка нанач. Няма чаго зьдзіўляцца, што большасьць з нас падобныя да рубэнсаўскай Алімпіі — белыя бязглуздыя кабеты з мноствам азызлых падрабязнасьцяў. Магчыма, трэба мэдытаваць, заміж таго каб жэрці. Салатка, зеляніна, сырая гародніна. Пі вадзічку. Смачныя таксама печаныя яблыкі й бульба. Няўжо вы верыце, што гэтая цяжкая барацьба са страўнікам вядзецца дзеля мужчын? Каб адлавіць у нерат дасканалага мужа і прыгрэцца ля яго? Гэта – міт, ён не вытрымлівае нават павярхоўнае крытыкі. Мы прагнем дасканаласьці й лёгкасьці, такой, каб падабацца сабе, такой, каб разьбегчыся і ўскочыць на неба. На якое нас не пускаюць, бо жанчына ёсьць нерат для ўлаўленьня чалавекаў, спакуса шатана. Нездарма ў нашых храмах толькі мужчына можа стаць сьвятаром. Схаваны сэнс жаночага руху — ня роўнасьць з мужчынам. Ну што гэта была б за мэта? Не, мы прагнем прызнаньня нас годнымі перад Богам. Мы прагнем дапушчэньня жанчыны ў неба. Прызнаньня нашай духовай прыроды.
Аб Батанічным садзе Я сяджу ў Батанічным садзе, разглядаю прыроду, у тым ліку людзей. Асноўныя наведнікі — кабеты. Вось бухматы цюцік цягне за сабой акулярыстую гаспадыню. Вось скандальная таўстуха («гражданка Коваленко сломала палец участковому»). Вось даўганогая красаўка з пыхлівым і «ждущім» тварам. Яна будзе хадзіць па вуліцах, знаёміцца й чакаць, што яе зьвязе адсюль кавалер, ацаніўшы ейную жаноцкасьць, прывабнасьць, гаспадарлівасьць. У заходнім сьвеце, дзе жанчыны эмансыпаваныя, не хапае котак-зграбнотак, што муркаюць за мужам, як за каменнай сьцяной. Ня ўсім удаецца зьбегчы адсюль, зь беспэрспэктыўнай краіны. Трэба заставацца і гадаваць дзяцей. Ёсьць мейсцы, дзе яшчэ горай. Ня так даўно расейцы разбамбілі радзільню ў горадзе Джахары-яла. Загінулі каля 200 жанчын и 13 немаўлят. Такая вайна з тэрарыстамі — 13 мёртвых немаўлят. Немаўляты паміраюць першымі. Я ледзянею ад жаху, калі думаю пра саслабелых радзільніц, якія цешыліся немаўлятамі, якія марылі пра спакой пасьля родаў — а тут бомба. Парадкі ў сьвеце суладзілі мужчыны. Нашчадкі Адама зацкоўваюць людзей і жывёл, дзейсьняць злачынствы дзеля малавартасных тутэйшых каштоўнасьцяў. Яны ня думаюць пра неба, бо ў іх няма ўяўленьня. Яны не нараджалі, ня корпаліся дзень пры дні зь пялюшкамі і дробнымі хваробкамі. Інакш бы выкінулі з галоваў глупоты наконт таго, што сапраўдны мужчына павігнен цягаць сьмяротнае жалязячча ды забіваць. Свайму сыну я ніколі ня буду казаць: ”Зрабі гэта і тое, бо ты мужчына… ня плач, бо ты вахабіт”. Я купіла яму ляльку, а не гарматку. Хай лепей вучыцца дачыняцца з цацачным чалавечкам, чым забіваць яго. Трэба мяняць выхаваньне мужчынаў. Інакш будучыня будзе належаць толькі нам – тым, хто зараз сядзіць ля калысак, каб вырошчваць хлусоў ды гарматнае мяса. Я, безумоўна, утрырую, аднак… Мужчыны — улада, лысыя таўстуны сярэдняга і старога веку — гавораць пра абарону Айчыны, геапалітычныя інтарэсы, сілавыя мэтады. Сацыяльнае, культурнае, мэдычнае, выхавальнае можна аддаць якой сымпатычнай бабе. Тут любая дурніца справіцца. Кінуць худую костку зь бюджэту — і досьць. Усе жорсткасьці на сьвеце прыкрываюцца флёрам сур’ёзнасьці. Сур’ёзныя рэчы, улюбёныя гулькі мужчын — прамысловасьць і палітыка зь яе найвышэйшай формай – вайной. Яны зрабілі сьвет сапраўднай юдоляй сьлёз. Гінуць дзеці, жанкі, старыя. Жорстка вынішчаюцца жывёлы, бо мужчыны ня могуць жыць бязь мяса і паляўнічага газарду. Мужчыны сьмяюцца з паненак, кранальных дурнічак, якія цацкаюцца з кацянятамі й птушанятамі. Тым часам можа здарыцца так, што мы, шкадуючы жывое, перавернем сьвет, зрабіўшы зь дзікай пушчы Батанічны сад. Мы ініцыюем вегетарыянскі пераварот і здымем з чалавецтва грэх скатабойняў. Гэта справа будучыні. Зараз дастаткова ведаць, якія рэчы найбольш важныя. Гэта – жыцьцё і міласэрнасьць. Рай, на наш жаночы пагляд – гэта месца, дзе ніхто нікога не жарэ. За жанчынамі будзе прызнана права на сілу і годнасьць, як за мужчынамі — права на слабасьць і сантымэнтальнасьць. Дзеля гэтага і распачатая гендэрная вайна — першая вайна без ахвяраў. У канцы чорнага, крывавага тунэлю заблішчэла слабое, міласэрнае сьвятло. У якое мы й верыць баімся, каб не сурочыць.
|