Валянцін
Акудовіч неяк падзяліўся пытаньнем, зададзеным
яму ў зьвязку з выхадам кнігі “Мяне няма. Роздумы
на руінах чалавека”. Адна жанчына–рэалістка
запыталася: “Калі адзін і той жа чалавек на
працягу ўсяе кнігі сьцвярджае, што яго няма і пры
гэтым не адмаўляецца ні ад аўтарства, ні ад
свайго ўласнага прозьвішча, дык хто тады ён, і хто
тады напісаў гэтую кнігу?”. Урэшце, як мог
напісаць кнігу той, каго няма? Пытаньне,
безумоўна, слушнае. Адказ на яго вымагае пазыцыі
“альбо–альбо”. Альбо, насамрэч, кнігі няма,
альбо, насамрэч, не было і няма аўтара. Але
парадокс сытуацыі ў тым, што кніга ёсьць, а сам
аўтар ні на каліва не пачуваецца некамфортна.
Пасьміхаючыся (у чымьсць ягоная пасьмешка
нагадвае затоена–ціхмяную пасьмешку цяпер ужо
паслушніка Жыровіцкага праваслаўнага кляштару,
а раней, на людзях, паэта Алега Бэмбэля), ён
па-ранейшаму спрабуе давесьці, што яго няма.
Расказваюць і пра яшчэ адну спробу як бы
“забіць” аўтара кнігі “Мяне няма”. Адзін
беларускі філёзаф на выйсьце кнігі нібыта
зьедліва сказаў: “Нядзіва, што няма, бо
спазьніўся”. Спазьніўся з чым? Са сваёй кніжкай і
са сваімі думкамі? Магчыма, аднак,— што проста
спазьніўся. Ну, як, напрыклад, спазьняюцца на
цягнік ці на якое–небудзь сьвята жыцьця. Дарэчы,
часам кажуць, што беларусы заўсёды куды–небудзь
спазьняюцца. Куды ж тады спазьніўся аўтар кнігі
“Мяне няма”? Ясна, што ў “няма”, бо
“ў–некуды”— гэта амаль што тое самае, што і
“ў–няма”.
Спазьніўся, таму і выйшла кніжка.
Выглядае між тым на тое, што і беларускі філёзаф
не заглыбіўся на належную глыбіню. Проста, як
страус, закапаў сваю галаву ў цёплы жвір. “Няма”
па-ранейшаму каламуціць галовы, падкатвае
камяком нібы тое экзыстэнцыялісцкае “nausee”,
правакуе да бунту… Да сапраўднага бунту…
Варта толькі ўзгадаць пра “няма”…
Вось літаратурны крытык прамаўляе: “А тут,
Іван Аляксеевіч, няма (выдзелена мной.— А.А.)
пра што спрачацца, заўсёды піша не пісьменьнік, а нешта
(выдзелена мной.— А.А.) піша пісьменьнікам.
Вы гэта цудоўна ведаеце. І гэта “нешта”
(зноў выдзелена мной.— А.А.) робіць яго творы
амбівалентнымі. (Ці не тут дзюрка ў “няма”? — А.А.).”
І вось жа сапраўдны выбух у адказ!
Паэт Л.Галубовіч, які, дарэчы, не адзін год
знаёмы з аўтарам “Мяне няма”, літаральна сячэ на
кавалкі: “Ніхто за пісьменьніка не піша. Вось
гэта мая рука піша, і ўсё…”
Крытык спрабуе знайсьці кампраміс: “Піша тваёю
рукою нешта… (зноў выдзелена мной.— А.А.)
Л.Галубовіч адназначна і катэгарычна: “Ніякае
не нешта, а я — сам!”.
Так, менавіта клічнік! Гэткім чынам, дылема
“мяне няма”— “каго няма?!”.
Валянціна Акудовіча — няма… Не паварочваецца
язык сказаць… Ня хочацца верыць.
І зноў цытаваньне з з “ЛіМ”–аўскага дыялёгу
“Рытуальная злосьць ідэальнага крытыка”.
“І.Шаўлякова. Спадар Леанід, (яна зьвяртаецца
да паэта Л.Галубовіча.— А.А.), я была адзіная,
хто паддаўся на вашую правакацыю назваць
прачытаныя творы…
Л.Галубовіч. Бо ніхто ж не будзе чытаць гэтую
гутарку за кавай, калі там не будзе названа хоць
некалькі імёнаў…
І.Шаўлякова. Яшчэ як будуць! “Клюнуць” на ваша
імя, спадар Лявон, (ён жа Л.Галубовіч.— А.А.).
Помнячы пра згаданую вамі зацемку, паспадзяюцца,
што вы тут кагось будзеце пералічваць”.
Вось і “клюнулі” мы на Акудовіча, а заглынулі
“няма”. Ці прыйдзе “нехта” па аўтара, каб
сказаць, што ён ужо памёр у сваіх напісаных
творах? Вось тады і будзем пералічваць…
Акудовіч ужо сябе пералічыў і сказаў, што яго
няма. Ці будзе хто наступны, каб сьцвердзіць
праблему аўтара ў сучаснай беларускай
літаратуры?
|