Logo ARCHE

 постмадэрнізм у 1-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1-1999


гісторыі
 

Андрэй Дынько
Аповед № 3


Той сьпеў учора быў проста фантастычным. Сьпявала дзяўчына, па–італьянску. Уявіце, вёсачка на горах, за ёю бор, разлог прыбускiх лугоў перад вачыма, пара каранастых дубоў, векавыя лiпы й грушы на старых межах, далiна тэрасамi спускаецца да ракi, перагароджаная палосамі дроту на дзяржаўнай гранiцы, карацей, найдальшы куток славянскай Эўропы, вечаровая ціша, i — голас дзявочы, кіпучы Расіні. Было ў гэтым нешта дзёрзкае, тэатральнае, скандальнае.

Старая Марыя, што гатавала нам вячэру, выйшла зь летняй кухнi на ганак, наставiла вуха на вецер. — “Сьпявае!” — сказала й вярнулася назад да рускай печкi, паўтарыўшы сама сабе ў сенцах, прыпынiўшыся, задраўшы галаву, не без разгубленасьцi — “Сьпявае!”

Опэрныя арыі тут, у ціхім краі, дзе, такое ўражаньне, ад часоў Траянавых — нiхто не сьпяваў! Гэта было ўсё адно што выйсьцi на плошчу, стаць мiж царквой, касьцёлам i домам культуры ды... У пагранiчнiкаў мяняўся нарад на пасту, i ўсе пяцёра, нiбы ваўкi, павярнулi галовы на голас. “Пяе, блядзь”, — сказаў узброены да зубоў сэржант, камандзiр заступаючага нараду, пачухаўся, плюнуў, выцяг бiнокль, а камандзiр здаючага нараду — прыбор начнога бачаньня, паглядзелi на вёску, i другi пацьвердзiў: “пяе, блядзь”. Закаханых жаўнераў пабольшала на пяць.

А сёньня, перавярнуўшыся на сярэдзiне возера з жывата на сьпіну, я пабачыў яе ў халадку на ўсходнiм схiле гары. У густаватым ценю (нават у ценю) яе сылюэт прыкоўваў пагляд зь нейкай шыкоўнай немiнучасьцю.

Праз пару хвiлiнаў, задыхаўшыся, абкруцiўшы кашуляй мокрыя плаўкi, я запаволiў крок на ўдзiрванелай камянiстай сьцежцы, не выпускаючы яе з вачэй. На ёй была кароткая просьценькая сукенка без рукавоў з глыбокiм дэкальтэ, быццам бы й ружаватая, але ня тога ружовага тону, якi падаецца трохi недалёкiм i разлазiцца пад чырвонымi промнямi вечаровага сонца. Было ў гэтым колеры, сукенцы, у старанна, па модзе трыццатых гадоў укладзеных валасах, у сьветла–шэрых чаравiчках на нiзкiм абцасiку i ва ўсёй яе паставе нешта цнатлiвае i п’янкое, нiбы семнаццацiгадовая сталiчная выдатнiца выбралася з бацькамi на прыроду, але ўцякла ад iх, сядзiць ды марыць... i адзягненая гэтак акуратна й культурненька, па–гарадзкому, i лазовы кошычак ля ног такi новы, карцiнны, недарэчны, як дзявоцкая сарамлiвасьць.

Пачуўшы крокi, яна схапiлася, заўважыла мяне, за кошык — i зьбегла ў кусты. — Загарэлая, — i ў гэтым загары было нешта супярэчнае тым пасьпешлiвым уцёкам у хмызьняк, якiя выклікаюць у стасунках iмгненны, ледзьве не бiяхiмiчны скачок таямнiчасьцi.

Жнiвеньскiя вечары тут заўсёды нясьпешныя, i я неўзабаве здагнаў яе. Выцягла з кошыка сьцiзорык, прысела — тканiна абняла зграбнае цела — i зрэзала грыб. Аднак жа, я памыляўся: нашмат жвавейшая, чым я сабе думаў. У жэстах, прысядцы, у гэтым блiшчастым сьцiзорыку прарывалася свавольства урвiса–падлетка. Вось, зiрнула на мяне неўпрыкмет, яшчэ раз, нiбы пранiзала.

— А ў нас нiхто сыраежак не бярэ, яны нядобрыя. Лепш хадзеце пад тую во хвойку, там будзе зь пяць белых, — зачапіў я.

Зноў позiрк — юркi, разумны i (I hope) з цiкавасьцю. Узмахам галавы адкiнула валасы на другi бок. Цi то з напускным задзёрам, цi то з ужо дасьведчанай нявiннасьцю. Выгiн шыi безабаронны, грацыёзны, палахлiвы. Сапраўды, знайшла баравікі, падышла прысела. Мядовы загар, сукенка белая, але ў дробную дробненькую кветачку. Ружачку, цi што. Пакладу ёй у кашолку мае грыбы, нацягну кашулю i прысяду побач.

Умомант i на момант зачырванелася, старанна абчышчаючы зямлiнкi з карэньчыка баравiка. Абчысьцiла. Адняла ножык, пакруцiла грыб туды–сюды. (Тонкiя ружовыя пальчыкi дагледжанай выпускнiцы.)   Задаволiлася. Паклала да кошычка. Стрэльнула вачыма на маю кашулю: белая. На доўгiя плаўкi: сiнiя. Зноў на кашулю: зь лёну. Узьняла вочы.

— Спасiба.

Я вытрымаў невялiчкую паўзу, каб абазначыць сваю ўражанасьць. Хаця ўсё ж ёй ужо пад 20.

Але, гэта яе голас, гэта яна сьпявала ўчора.

Гэтая дзяўчына разам з маці гасьцявала ў нашых дальнiх суседзяў, дактароў — ён хiрург, а жонка цi не афтальмоляг — якiх нячаста сустракалi па–за iх двухпавярховай дачай з чырвонай цаглянай вежай над уваходам, бо то былi людзi, апранутыя ў халодную адчужанасьць, за якой адчуваецца араганцыя: калi не амаль пагарда, дык прынамсi цьвёрдая падазронасьць што да хамскага сельскага акружэньня. Купiлi гэтую сядзiбу; паставiлi — рэч рэдкая й дзiвацкая ў нас — высокую жалезную агароджу. Карацей, для сябе я запiсаў гаспадароў у катэгорыю тых урачоў, якiя разам iз школьнымi настаўнiкамi, па сутнасьцi, зьяўляюцца аднымі з самых малавартых і малапрыемных людзей, тых, каму адукацыя iдзе на шкоду. Ён — не без жыдоўскiх каранёў, яна — смуглявая, чорная, вялiкая. “Цыганка”, — сказала цётка Марыя, што прыходзiла дапамагаць нам па гаспадарцы. — “А госьцi цi то з Славаччыны, цi то з Вугоршчыны. Не па–нашаму галёкаюць”. — Даўно яны тут? — “Не, ото перад Макавеем толькi прыехалi”.

— А вы сьпявалi.

Трохi зморшчыла лоб. Не разумее.

— English, italiano, francais? — пытаюся.

Даверлiвая, заiнтрыгаваная — (тут, у гэтай глушы...) i быццам бы недзе, мамэнтна, трохi ўдзячнасьцi.

— Italiano, per favore...

Гэткi глыбокi акцэнт. З чаго ён утвараецца? Можа, глыбiнныя галосныя задняга раду? закрытае “о”, спэцыфiчнае “э”, блiзкае ў адкрытых безнацiскных складах да “ы”? Такi акцэнт мела знаёмая прафэсарка, зямлячка князя Дракулы.

Каму я вечна ўдзячны, то нашым падлескам, бо ў iх нiколi не бракавала грыбоў.

Празванiлi восьмую вечара: першы касьцёл, пасля царква, а за хвiлю забомкалі за Бугам у Кастамалотах ува ўнiяцкiм санктуарыі — у iх там у Польшчы сёмая, сама вячэраюць. Было па–жнiвеньску ласкава і так няўлоўна беззаганна, нiбы край гэты зваўся Аркадыяй, i на нас зыйшла такая прасьветленасьць, дастатковасьць, што мы амаль з другога слова перайшлi тую мяжу знаёмства, за якой сэнс словаў i паўзаў трохi зрушваецца, а ў стасунках унутранае робiцца цалкам незалежным ад вонкавага, то знаходзячы маўклiвае суладзьдзе, то ўваходзячы ў незразумелую чужому вуху супярэчнасьць. Бывае так: адчуваеш невымоўную глыбiнную радасьць, цiхае нясьцерпнае шчасьце, а сустрэнеш каго, скажаш пару нязначных словаў, i ўсё прападае. А тут было зусiм наадварот. Нешта расло, набiрала правы, захаплялася. Я люблю такiя вечары, калi няма нiчога лiшняга, надмернага, нi ў душы нi ў прыродзе, нi ў надвор’i нi ў наваколлi, а сьвятло робiць нясьмелыя намёкi на зьмярканьне, ды час ад часу далёкi гул паветра, расьсечанага машынай на шашы, i мэлёдыя ў галаве, старая песьня хiба. Мiжволi ў сваёй маўклiвай красе наплывае сэнтымэнтальнасьць. Хочацца быць ясным, бо адчуваеш упэўненасьць i бо згадваецца ўсё i з беспамылковай дакладнасьцю само займае свае месцы, быццам гэта не куртатая ружовая сукенка, а магнiт, здатны ўпарадкаваць руду жыцьця й мысьлi.

Нахiлiлася, пабачыла купку, разгарнула, загарнула назад, нарэшце наткнулася на два брацiкi. Меншы будзе чарвiвы. Калi два брацiкi вылезуць побач, заўсёды трухлявы — меншы.

Патрошку–патрошку завязаўся дыялёг. Гэткая неабходная эмiсiя, гэткая непазьбежная дэвальвацыя.

Дыялёг завязаўся на тым, як правiльна вымаўляецца прозьвiшча Бранкузi. Пасля перайшлi на Мiрчу Элiадэ й мiталягiчнае стаўленьне да часу й прасторы. Тады на Кантэмiра й кантэмiраўскую дывiзiю. Затым нейк само сабой на мiтрапалiта Рыгора Цамблака. Потым на “Безназоўную зорку”, Садавяну i ягоны няўдалы пераклад Мапасана. Бадай, не абыйшлi Ўлада Цэпэша. А ўжо надарылася працытаваць Паўля Цэляна: “Пасля падчас вiсiць ружовая гадзнна. Згасаючы. Адна... Заўжды адна...” — i Эмiля Мiхая Чорана, што разграмiў усе iлюзii, якiмi цешыўся чалавек, выпраўдваючы сваё iснаваньне на гэтым сьвеце, што выкрыў усе iдэалёгii, вучэньнi й праўды, высьмеяў нiкчэмнасьць чалавечага жыцьця ў параўнаньні зь бязьмежжам часу, хацеў быць свабодным, як мёртванароджаны, і засьпеў тое, як Паўль Цэлян кінуўся ў Сэну.

Хацелася гаварыць пра нешта сур’ёзнае й важнае. Утаямнiчыць яе, пасьвяцiць, пазнаёмiць. Жанчыне падабаецца, каб яе ўспрымалi як аб’ект. Мужчыне падабаецца, каб яго ўспрымалi як стасунак... у стасунку… як важны элемэнт сыстэмы.

Мы выбрылi на былы падворак, дзе ад дому засталiся толькi камянi фундамэнту.

— Хочаце, раскажу вам гiсторыю гэтых падмуркаў? О, найсумнейшая гiсторыя ў вёсцы!

(Дзяўчаты любяць, каб ім казалi на “вы”.)

Прыцiхла. Агледзелася, спахмурнела на хвiлю, быццам прыгадваючы радок з паэзii пра лябiрынты сучасных друiдаў цi, наадварот, праганяючы парушаючую вячэрнi спакой думку, што амшэлыя каменныя простакутнiкi ў зарасьніках дзiванны, таксама як той абшарпаны кубак гарбаты з сухiм печывам, могуць быць населенымi ўспамінамi, гісторыямі, роўнымi антычным, аблiтымi крывёй чырвонага стагодзьдзя i абдзертымi пазногцямi людзей паўзьмежжа. Потым яна падышла й стала поруч, уклаўшы мне ў далонь дужку кошычка, i сэкунду яе пальцы краналiся маiх. Ад яе пахла мускусам i памаранцам — так пахне ўвесну першацвет.

Жанчынам не даруюць браку жаноцкасьцi, а мужчынам — мужнасьцi; усё iншае людзi людзям даруюць.

Ён быў праваслаўны, яна каталiчка, — Пракоп i Юзэфа. Мелi звыклыя праблемы зь iмёнамi для дзяцей. Юзэфа ўсё хацела каталiцкiх: Людвiся, Станiслава, Янiна. Яе сьвякроўка падбiвала на рускiя: Вера, Малання, Любоў. Урэшце, старшую назвалi Ганнай i хрысьцiлi ў касьцёле (“туй чорт лысы хрысьцiў”, — як сказала сьвякруха), а малодшую — Тэкляй, i ў царкве (“п’янюга барадаты троха мне малое не патапiў”, — абуралася Юзэфа). Як звычайна ў такiх сем’ях, мацi выгадавала дзяцей у касьцёльным духу, калi тое перапляценьне лiхаманкавай пабожнасьцi ды ўрачыстай сялянскай рытуальнасьцi можна назваць “духам” альбо “каталiцкiм”. З такое мяшанкi ў мiжваенны час можна было вырасьцi дэвоткай–нэўрастэнiчкай, а можна — зацятай нiгiлiсткай накшталт Чорана, мiж тым рыхтавала гэтае выхаваньне на мацi сям’i, цi, дакладней сказаць, сямейства.

Калi Тэкля ў трыццаць сёмым цi трыццаць восьмым iшла замуж, ксёндз адмовiўся вянчаць, назваўшы яе “гэтай распусьнiцай” i “бязбожнай дзеўкай”. Што не зашкодзiла ёй знайсьцi мужа ўжо ў 17 гадоў.

Апроч вясёлых, загарэлых i абветраных падхарунжых Войска Польскага — “байструкоў”, казала Юзэфа — таксама не абдзеленых увагаю Тэклi, два хлопцы былi шалёна закаханыя ў яе: Сымон, солтысаў сын, i Мойша, або Масей, студэнт з суседнiх Страдычаў.

Сымон быў хлопец што та я, гітарыст, зь бялявымi падкручанымi вусiкамi, заўсёды з набітым партманэтам. Пышны быў: аднойчы выклаў белымi лiлеямi ямку пад калiнаю, дзе яны сустракалiся; аматар i знавец пародных коняў, iх грудзяў, крывёў, скачак, дый сам адменны коньнiк.

Масей, чарнявы й бледы, быў прыметным у кампанii русявых хлопцаў, што швэндалiся па спаборнiцтвах, танцах, кiрмашах i кiно, ня толькi таму, што жыдоў у вёсках жыло няшмат. Ён быў сярод іх не завадатарам, але аўтарытэтам — сям’я дала яму добрую адукацыю, але дзела нават у iншым: было ў ягонай паставе штось цьвёрдае й ёмкае, нейкая сухая жылiстая сiла, унутраная пэўнасьць — фiгура хутчэй каратыста, чым баксэра цi барца. Здаецца, сярод сярэднеэўрапейскiх жыдоў рэдка траплялiся такiя характары. Самое захапленьне яго Тэкляй было, калi так можна сказаць, сухiм, але ня ў сэнсе беспачуцьцёвасьцi, няпалкасьцi, яно было адналiтым, самадастатковым i ўсеабдымным, бязь лiшнiх праяваў i парываньняў; нехта можа палiчыць такое пачуцьцё занадта дарослым, у сэнсе не–юнацкiм, бо нiводная кропля жарсьцi не выплёсквалася ў Масея, не пралiвалася намарна, але моўчкi насьцiгала сябе й высьпявала. — Калi яны ўперша былi разам, калi ён цяжка выдыхнуў, больш не стрымаўшыся, яна таксама ня вытрывала і, да болю расьцiснуўшы пальцы, укусiла яго за бiцэпс. Тэкля выбрала яго ня толькi за моц і вартасьцi. Яна выбрала яго, бо ён быў не такiм, як усе — крытэр сямнаццацi гадоў. Такi выбар у час забабонаў, рэшткаў адасобленасьцi этнасаў i рэлiгiйных грамадаў, гiтлераўскай рыторыкi, мог быць асуджаны.

Сымон да апошняга гэкаў пад вокнамi, лавiў яе на сьцежках на горах, перакульваў у дрок — ты будзеш, будзеш маёй. Ягоны бацька, аднак, быў катэгарычна супраць. Масеева ж мацi паходзiла зусiм ня з тых шаўцоў цi анучнiкаў жыдоўскага племя, што радыя любой мiсцы супу, абы ён пахнуў, хоць i сьвiнiнай. Яна мела гандэль, не працiвiлася хросту і вянчаньню, да таго ж была вiдочна хвораю.

Ксёндз затросься: “Гэтую распусьнiцу!..” (у Тэклі з ксяндзом была асобная гісторыя). Бацюшка Феадор адмовiўся (“Жы–ыда? — доўгае тонкае “ы”). У Кастамалотах, за Бугам, таксама быў праваслаўны прыход i бацюшка, казалi, някепскi, але найперш, пакрыўджаныя, кiнулiся да тамтэйшых унiятаў. Ува ўнiятаў служылi манахi–марыяне.

Вянчаў малады мазур, здаровы, харошы па модзе тых гадоў, такiх можна пабачыць на тадышнiх вышываных карцiнках: шатэн з няўрымсьлiва буйным чубам, густыя бровы, правільны твар, шырокае цела, канстытуцыя, якая ў будучыні зробіць яго схільным да паўнаты. “Ён з 11 гадоў сiрата. Шчасьлiвая будзеш”, — шапнула Тэклi ўжо ў царкве кастамалоцкая родзiчка.

Каб не вайна, Масей стаў бы iнжынэрам у Варшаўскай палiтэхнiцы. Наляцеў, аднак, 1939 год, бамбавозы з чорнымi свастыкамi на крылах, дысцыплiнаваны авангард нямецка–фашысцкiх захопнiкаў — сталы на вулiцу, хлеб–соль, кветкi, малако ў глечыках. Пасьля прыехалi чырвонаармейцы на худых конях, зноў хлеб–соль. “Ну што там за жыцьцё ў Расii?” — спытаўся русафiл Пракоп у сухарлявага савецкага салдата. “Жыць будзеш, а бабы ня схочаш”, — адказаў ён такiм тонам, якiм Клаўдзi прасiў Разэнкранца й Гiльдэнстэрна, каб тыя ўзмацнiлi ў свайго сябра апэтыт на задавальненьнi.

З вайной пачалася эпiдэмiя дыфтэрыi. Масей не пасьпеў давезьцi Тэклю зь немаўлём да берасьцейскага шпiталю. Малое памёрла на чорным скураным сядзеньнi старога чорнага “Сiтраэну”.

Усё перавярнулася з прыйсьцём рускіх. Тых, хто жыў у далiне, дэпартавалi. Прыехалi камiсары з дзьвюма ротамi салдатаў: на працягу гадзiны ачысьцiць населены пункт у сувязi з стварэньнем у далiне ракi Буг пагранiчнай зоны. Насельнiцтва прыбярэжных населеных пунктаў перамяшчаецца ў наступныя месцы жыхарства: Андраюк Панас — мястэчка Аранчыцы, Андраюк Вiкенцi — мястэчка Хомск, Андраюк Генрык — вёска Чарнаўчыцы... Нова, нязвыкла. Але ж — жыцьцё. Тых, хто жыў на горах, не дэпартавалi. У навіну — дэпартуюць/не дэпартуюць. Нязвыкла — гранiца. Што такое? з чым яно? Але знайшлося — з кантрабандай. Асвойталiся, абцёрлiся. Дзе гранiца, там кантрабанда. У савецкай зоне шмат газы й гарэлкi і невычэрпная крынiца — рэчы сасланых i арыштаваных. У нямецкай — модныя шалiноўкi, дацкiя парасоны, тэхнiка, добрыя цыгарэты. Мужчыны не насiлi: небясьпечна. Насiлi бабы, найбольш якiя старэйшыя. Нямецкiя памежнiкi злавiлi Юзэфу, сканфiскавалi газу. Яна выдала сябе за сваю кастамалоцкую сваячку, і яе прымусiлi за кару месяц адпрацаваць на салдацкай кухнi.

Тэкліна старэйшая сястра Ганна рызыкавала бадай большым, калi б яе схапiла салдатня, а ўсё ж хадзiла амаль штотыдня. На яе казалi — сувязная нацыяналiстаў. Тамсама, за Бугам, жыў ейны кавалер. Урэшце дахадзiлася, што мусова стала жанiцца. Вясельле за Бугам — за мяжой, значыць. Вэлюм, пасаг, кумпякi — на плячах, уброд праз Буг. Уначы, у адной руцэ ноша, у другой трысьцiнка, каб ледзь што — трысьцiнку ў рот, i пад ваду. I (“як хто закляў”, — Юзэфа) двойчы прыйшлося акунуцца. Дабрылi да сярэдзiны ракi: “пiў–пiў” зь вiнтоўкi на савецкiм беразе. Па iх, не па iх. Падышлi да нямецкага, стромкага берагу, чуваць: “гер–гер–гер”. Вэлюм, пабываўшы ў вадзе, чамусь пачырванеў, паружавеў — гэта быў знак бяды. Адмылi, адбялiлi, высушылi. Вянчаў той самы шатэн–манах. Тэкля сутыкнулася зь iм на царкоўным ганку i з тактам i пранiклiвасьцю дарослага сьвецкага чалавека, якiя пад узьдзеяньнем i прыкладам мужа пачыналi ставаць уласьцiвымi таксама й ёй, з аднога позiрку вызначыла ягонае арыстакратычнае паходжаньне — па найменшых дэталях, прычосцы, манэры рухацца, прышчэпленых у раньнiм дзяцiнстве. Яна выбачылася й сышла нанiз, але адчула неабходнасьць яшчэ раз пабачыць яго. Гэта было ня проста жаданьне, але сапраўдная патрэба зірнуць на яго зноў, правесьці позіркам. Усё адбылося раптоўна й непазьбежна, нiбы сышло з фiльму цi аперэты iхнай эпохi (страчаная цяпер ужо наiўнасьць): калi яна аглянулася, ён таксама павярнуў галаву. Ён азiрнуўся не таму, што яна была нейк гранiчна прыгожай — у яе былi формы Вэнэры Мiлёскай, чорныя вочы патэнцыйнай чараўніцы, валасы, укладзеныя, як у Грэты Гарба ў фiльме “Мар’я Валеўска” — але такое цела, такое шыракаватае аблiчча робяцца завершана харошымi трохi пазьней, калi дасягнуць цалкам жаночай сьпеласьцi, i ёй шчэ заставалася да гэтага моманту пару гадоў цi начэй (а адна ноч можа зьмянiць жанчыну больш, чым мужчыну — дзесяць гадоў), аднак у выразе яе нардычнага твару было нешта асаблiва зьвяртаючае ўвагу, нейкая стрыманая, але расхiнутая і спакусьлівая ажыўленасьць, з–за чаго ён адразу адчуў сорам i грэх i з вуглаватай пасьпешлiвасьцю хутчэй увайшоў у старую цэркаўку, у вохраную й нiбы вохкую прастору старога, паточанага шашалем дрэва, тонкiх жоўтых сьвечак, распластаных цёмных iконаў i працяжнай пацiны стараславянскiх малiтваў на золаце царскiх варотаў. — Акi пакi Госпаду памо–олiмся...

Нiхто ня зьлепiць нас наноў зь зямлi i глiны, нiхто пасьля наш не суцешыць прах. Нiхто, нiколi.

На пачатку чэрвеня ў вёсцы стала вядома, што Гiтлер неўзабаве нападзе на Сталiна. Масеява мацi, Роза, нават пару разоў спачувальна згадала пра рускiх салдатаў, якiя адны гэтага ня ведалi, — на старыя гады яна рабiлася ўсё больш сэнтымэнтальнай, i гэта было не найгоршай прыкметай яе павольнага, але няўхiльнага адрыву ад рэчаiснасьцi. Усё часьцей яе ясная сьвядомасьць зьнiкала на доўгiя хвiлiны, палохаючы аканомку, блукаючы недзе ў глухiх закутках кватэры, дзе яе немагчыма было адшукаць. Вузельчык за вузельчыкам адвязвалася старая Роза ад сьвету, адну за другой абрывала нiткi, што злучалi яе з чалавечай грамадой. Яна не хацела й чуць пра эмiграцыю ў Расiю: прыйдзе Гiтлер, ён паразганяе гэтую басоту i падаткi змнейшыць. “Павер сваёй старой мамцы Розе. Калi шчэ жылi ў Чарновiц, мы з фраў Цэлян тройчы езьдзiлi адпачываць у Карлсбад. Немцы — гэта ж культурныя людзi”. Прыйшоў Гiтлер. Сталы на вулiцу, хлеб–соль, кветкi, малако ў гляках. Гут, фройляйн, гут. Канфэкт, кiндэр, канфэкт. У Страдычах пад нямецкiм артабстрэлам згарэла царква й дамы вакол яе, у тым лiку й крама Масеявай мацi. Вай–вай–вай, бачыла б мiлая фраў Цэлян. Сьледам за чыста голенымi салдатамi вэрмахту прыйшлi тылавыя — садысты, непрыдатныя да франтавой службы. Па Бугу зноў пралегла мяжа — на гэты раз мiж райхскамiсарыятам “Украiна” i генэрал–губэрнатарствам польскiм.

Трэ было нешта рабіць. Сымон паступiў ва ўкраiнскую палiцыю па апазыцыi да Масея, што сышоў, як ён казаў, у камунiстычную партызанскую банду iмя Іосіфа Сталіна, якой камандаваў ягоны знаёмец па гiмназычным літаратурна–авангардысцкім гуртку, даўні агент Камінтэрну Чарняк.

Масеяву мацi забралi разам з усiмi жыдамi. Iх прывезьлi ў вагонах у Бронную Гару, загадалі распрануцца й падагналi да доўгiх равоў. Пасьля гэтага агледзелi пальцы й паздымалi, у каго былi, пярсьцёнкi. Голых людзей шэрагам падводзiлi да ямаў, яны спускалiся на дно па лесьвiцах, клалiся шчыльна адзiн да ‘днога на жывот. Калi шэраг запаўняўся, iх стралялi. Справа ад старой Розы лёг даўгабароды рабiн, зьлева — пяцiгадовы хлопчык з ручкай, скручанай палiемiелiтам, зьнiзу — рудавалосая дзяўчына, зьверху — вядомы берасьцейскi вэнэроляг Кiсель Манзон, выпускнiк Балёнскага ўнiвэрсытэту. Яна была 34–ю зьлева ў пятым зьнiзу шэрагу. Усяго ў iхным раве было 1043 жыды.

На Масея, таксама пархатага, паляваў Сымон. Калi Масей аднойчы вяртаўся на досьвiтку з хаты ў атрад, той трохi–трохi не падчапiў: адна з куляў грызнула вуха. Гэта было ў сорак чацьвертым, калi Сымон таксама ўжо перайшоў у лес да камунiстаў, а Чарняка ўжо забiлі цi то бульбаўцы з Украiнскай паўстанцкай армii, цi то свае ж галаварэзы, якiм рамантык–камандзір не даваў красьцi па сёлах падсьвечнiкi й парцаляну i якiм ён ужо папярок горла стаяў iз сваiмi “не зачапай”.

Цывiлiзаванага чалавека адрозьнiвае ад нецывiлiзаванага тое, што першы ў самых крытычных умовах, нават на вайне, нават перад канцом сьвету намагаецца атрымліваць ад жыцьця 5,14, а не 5,12 % максымальна магчымай асалоды.

Упершыню гэта здарылася, калi Тэкля, вяртаючыся назад ад сястры, трапiла пад эсэсаўскую аблаву — хапалi людзей для вывазу на катаргу, пад парай стаяў недакамплектаваны эшалён на Вену. Яна ўляцела ў плябанiю распаленая, праставалосая, расхрыстаная: схавайце! Брат Ян быў адзiн, ягоны калега выехаў на бацькаўшчыну.

Янэк, Яначка, Янусiк, такi шляхетны, такi польскамоўны... Яна была няздольная спынiцца, дакладней, не разумела, чаму мае спыняцца, паспытаўшы iншага, несумненна большага, больш рызыкоўнага, пякучага i беззаконнага каханьня, чым тое, якое яна была зьведала раней, намацаўшы большую мужчынскасьць, чым тая, якую мела ў распараджэньнi раней. Беззаконнасьць была дадатковай звабай, рабiла шал неадольным. Яшчэ ў саракавым за Масеявымi плячыма шапталi пра яе й лейтэнанта–мардвiна, што мог за вечар выпiць паўтары пляшкi гарэлкi. Масей не глядзеў.

Цяпер Масей зноў хацеў яе моцна, як перад вясельлем, лавiў, волакам цяг дахаты, гвалцiў, нават бiў па шчаках — яна ўсё адно хадзiла ўброд, плавала на чаўне, коўзала па лёдзе ў Кастамалоты да свайго манаха.

А Ян? Ян проста кахаў, як кахае чалавек, які закахаўся ўпершыню, дазволіў сабе закахацца.

Афiцэру вэрмахту перад адыходам за Буг стала трэба ў тактычных мэтах спалiць солтысаў дом. Пабачыўшы, як немец аблiвае бэнзынам куткi, стары ўчапiўся тому за ногi: не палiце, бiтэ, гер, бiтэ, яго прадзед будаваў, мяне русэн i так расстраляюць, што я за вас быў солтысам. Румзаў, цалаваў, з носу ў яго ад перажываньня пацякла юха, капаючы на да бляску нашмараваныя халявы скураных ботаў, мяшаючыся з ужываным заміж ваксы тлушчам.

— Schweine, — вырваў нагу немец i з такiм жэстам i выразам твару, якi можа дазволiць сабе эўрапеец да неэўрапейца, двойчы стрэлiў, у жывот, а пасьля ў галаву, схапiў шматку, абцёр халяву, адышоўся, падпалiў яе i шпурнуў, тлустую, за дзьверы і паўтарыў: schweine. Полымя амаль адначасова дабегла да абабiтае сiнiм лiёнскiм аксамiтам канапы i сiвых валасоў солтыса.

Прыйшлi таварышы. Сталы, хлеб, кветкi. Першую дзяўчынку, што нарадзiлася ў вёсцы, назвалi Саветай. Мужчынаў пабралi пад Варшаву на фронт, у акопы, дзе па халявы плюхала вада. Сымон i Масей стаялi ў акопе побач. Сымон прасiў прабачэньня за мінулае, агiтаваў разам уцячы й дабiрацца дахаты. Але ў саветаў быў тады закон: калi зловяць дэзэртыра, расстрэльваюць ня толькi яго, але й ягоную сям’ю. Дык Масей прыкiнуў i застаўся. Празь месяц у яго выступiла экзэма, i яго камiсавалi. Таму яго не забiлi на вайне. Сымон жа такі ўцёк, i яго злавiлi прыкладна на лiнii Керзона.

Брат Ян правільна рабіў, будучы сувязным ня толькi Армii Краёвай, але й польскае камунiстычнае падпольнае групы. Калi новыя польскiя ўлады арганiзавалi апэрацыю “Вiсла” па дэпартацыi ўсiх украiнцаў, дык каб ня ён, каб не ягонае сьведчаньне пра велькiя заслугi перад людносьцю польскай, не зiмаваць бы болей старому кастамалоцкаму праваслаўнаму бацюшку. Каб жа ён ведаў, якую фатальную службу саслужыць яму ягонае дабрадзейства.

На Тэклю данёс п’яніца–сусед: трымае сувязь з загранiцай. Начальнiк раённай тайнай палiцыi МГБ прыехаў у сельсавет да старшынi. “Едзьма арыштоўваць”. — “Гэта ж жана баявога партызана, узнагароджанага ордэнамi й мэдалямi, Майсея Фiшбэйна”. — “Каак, жана баявога партызана трымае сувязь з загранiцай?” — Пык–мык. “Не, таварышу падпалкоўнiк, яны жывуць асобна”. — “Каак, жана баявога партызана? Яна ў мяне, сучара, папляшыт”. — Апошнюю фразу мой дзед заўжды паўтараў двойчы.

Гэта быў калярытны начальнiк — 142 кг вагi, адпаведныя морда, трыбух (важу болей, чым пiзджу, — хiхiкаў ён). Найстрашнейшы чалавек у раёне, але: ён узбуджаўся, толькi калi лаяў жанчынаў. Іншы раз ён спускаўся ў сутарэньнi турмы i заставаўся ў нейкай жаночай камэры гадзiнамi, высiпаючы новыя, самыя паскудныя, самыя зьневажальныя словы аж да салодкай зьнямогi.

“Аах ты курва... ... ...”, — завёў ён, як толькi Тэкля хруснула берагавым пясочкам. — І атрымалi ад яе па ядрах, i сагнуліся, каўтаючы ратамi паветра, i начальнiк, i ягоны ефрэйтар. Начальнiк ажно пасінеў. Жанчына ж кінулася ў ваду.

— Стой, грамадзянка Фiшбэйн... Таварышу падпалкоўнiк... Стой...

Старшыня сельсавету цэлiў й старанна страляў у цёмную раку, душачы сьмех і адзначаючы сам сабе прыемную даўжыню афiцэрскага чыну, з–за якой удалося трохі прамарудзіць з стрэламі. Ні месяцу ні зоркі на небе. Тэкля забаранiла сабе хадзiць да Яна яснымi начыма. Буг булькатаў на перакаце. Старшыня сельсавету здранцьвеў i ледзьве не перахрысьцiўся: воддаль у затоцы нешта забялела ў тумане. Падпалкоўнiк усё шчэ стаяў сагнёны, яфрэйтар, не разгiнаючыся, засьвяцiў нарэшце лiхтар. Вялiзны жаўтапузы сом усплыў, працяты куляй, як Ленскi на дуэлi, i пагойдваўся на перапалоханай вадзе.

Буг. Пуста. 1947 год. Недзе далёка Джозэфа Макарты абiраюць сэнатарам ад штату Вiсконсын, каб ён паляваў на ведзьмаў.

— Бацькоў арыштоўваем нахуй, мужа дапытваем, сома мне ў машыну, цябе на курсы вучыцца страляць, — прахрыпеў гебiст.

Гэпi–энд iншы раз падаецца проста блядзтвам.

Бацюшка ня мог адмовiць Яну, а Ян быў як апантаны. У той жа дзень супраць Боскiх i польскiх законаў былi зьвянчаныя рабы Божыя Ян i Тэкля, i што Бог зьяднаў, тога чалавеку не разлучыць. У тую ж ноч а пятай маладыя мелiся выехаць да Варшавы, а адтуль у Торунь, дзе ў Яна сябар па сiрочым доме працаваў вартаўніком на мосьце празь Віслу. У тую ж ноч Масей, пляваўшы на патроеныя каравулы памежнiкаў, шумным кролем, ня лiчачы аўтаматных чэргаў за сабой, пераплыў на другi бераг Буга. У тую шлюбную ноч маладыя шчэ ня спалi. Тэкля пачула стралянiну, брэх сабак i зразумела, хто мог так iсьцi — не крадком як кантрабандысты, а напралом, на злом галавы, першы й апошнi раз пераходзячы затаптаную, забруджаную падманамi й кампрамiсамi мяжу — хто ў такую ноч можа йсьцi сам–адзiн так, быццам бы ён iдзе не адзiн, i куды ён накiроўваецца. Яна адарвала, адштурхнула ад сябе Яна, нацягнула сукенку, схапiла чаравiкi, пераблытаўшы ногi, за пусты чамадан, за Яна, — хутчэй! Ён сядзеў — на ложку, прыцiснуўшыся патылiцай да сьцяны, шырокi, сочачы за ёю, гладзячы блакiтнаватую зьмятую прасьцiну... рэзка вырваў руку з Тэклiнай, нават зь нейкай нянавiсьцю, такой трошкi дзiцячай нянавiсьцю. Тэкля хапала рэчы, крычала Яну “зьбірайся!”, кiдала рэчы. Сабакi забрахалi блiжэй. Яна шпурнула валiзку, крыкнула “пабеглi!”, кiнулася да дзьвераў, развалiла iх на ўсю, аглянулася з парогу, быццам тады на царкоўным ганку, спынiла вочы на сваiм былым манаху, на ягоным твары, быццам не прызнавала, i тут жа перавяла iх на шафу, на пакой, бы шукаючы некага, але не знайшла.

Ізь зьдзiчэлага парафiяльнага саду яна пабачыла цёмную постаць на сьветлай сьцяне, сьцiснуўшыся ад раптоўнага й невымоўнага жаху. Рыпнуў ганак, бразнула клямка, далонь ударыла дзьверы. Упершыню ў жыцьцi ёй стала жудка.

Тая ноч была цёмнаю, як днi ў Каралеўстве Чарнобыль. Не спадзявайся, што можна думаць у такую ноч.

Сястры не было, яе выселiлi ў Ольштын. Заставаўся поп. Тэкля, гнаная сабакамi, так стукала, што высадзiла шыбу.

Ясна, што Масей прыйдзе й сюды — сабакi, сьляды, iнтуiцыя начнога чалавека, якi пражыў дзесяць гадоў сярод кантрабандыстаў. Выратуйце мяне, схавайце мяне, — прасiла Тэкля, спаралiзаваная, бязвольная. Багi выракоўвалi ў гэтую ноч, адняўшы моц у людзей. З матушкай ад карціны, якую тая намалявала сабе: сьмерць зараз або ганьба з–за раскрыцьця ганебнага шлюбу заўтра i дэпартацыя пасьлязаўтра, — здарылася iстэрыка. Так яны бiлiся абедзьве, пакуль сьвятар не дастаў з патайной нiшы ў сьцяне шкляны слоiчак. Сам выгляд ягоны жудасны, здаецца, выклiкаў у кабетаў замярзаньне крывi.

— Сродак ёсьць, але патрэбная рашучасьць. Выпi гэты раствор да дна, i цябе адразу скуе раптоўны мароз, кроў амаль спынiцца ў жылах, рукi–ногi заклякнуць, i ты амаль перастанеш дыхаць, зрэнкi пашырацца, iз шчок сыдзе ўсякае жыцьцё, пальцы счэпяцца й спруцянеюць. У такiм падобным на сьмерць стане ты праляжыш днi два, пасьля прачнешся, праблюешся, прамучышся з тыдзень, але застанешся жывою, i мы ўсе. Ніхто не здагадаецца, што ты жывая. Пi! Быў бы ён цар Давыд, быў бы ён Набукаданасор, няма такога чалавека, якi б не жахнуўся й не скарыўся перад вялiкай страшнай таямнiцай сьмерцi. Пi! А мы з матушкай скажам, што ты, нябога, ад такiх пачуцьцяў, да нас прыбегшы, адышла да Бога Ўсемагутнага, нашага Айца, якi быў перад усiмi вякамi. Дай сьвечку, мацi, укладзем ёй у рукi, i памолiмся Сьвятой Тройцы, каб яна нас збавiла.

Масей уварваўся, Ян стаяў пасярод хаты голы. Масей здранцьвеў, замёр упаўразвароты, нагадваючы сваім выглядам, напаўпавернутым тварам, выстаўленым наперад плячом і рукой, шакаванага па сцэнары галiвудзкага актора (“не, Джэйн, ты не магла гэтага зрабiць, не, Джэйн, я прашу цябе”). Масею згадалася, як гэты чалавек, што стаіць у якім мэтры ад яго, хрысьціў яго перад вясельлем. А з плячэй у яго зьвісала багавіньне, і з калашын яшчэ крапала буская вада. Так яны і стаялі; варта было аднога фатальнага жэсту, і наступіла б непазьбежная разьвязка. Але ўспамін і гэты выгляд голага цела параліжавалі першы парыў, і што было ў Масея на сэрцы, паступова пераходзіла ў смутную пагарду, хоць ён хацеў бы тупой ярасьці. Сiла зьвяла iх, саштурхнула і на хвiлiну адляцела, перад тым як зноў наскочыць — i вырашыць калiзiю.

Мужчыны рэдка, рыхтык нiколi не ўзiраюцца друг другу ў вочы, за выняткам прафэсыйнай неабходнасьцi. Мужчына, нiбы зьвер, няздольны доўга вытрымлiваць погляд другога мужчыны.

I Масей павольна, але не адрываючы вачэй, вытрымлiваючы тую самую дыстанцыю раўнавагi мiж прыцягненьнем–адштурхоўваньнем помсты і агіды, рушыў вакол другога. Той моўчкi павяртаў галаву, пасьля тулава, зрабiў крок, другi. На кога яны былі падобнымі ў гэты момант — цi то на драпежных марыянэтак лёсу, цi то самнамбулаў; выхрыст i паляк, паэт i манах, парушальнiк закону Абрамава i зьневажальнiк цэлiбату.

Пасьля была бойка, i ўсё было звычайна — бойкi ня цягнуцца доўга, хоць і кароткімі яны не здаюцца.

Адкiнуты да сьцяны, напаўсагнуўшыся, Ян сплёўваў кроў. Іншы, рабром далонi — зацiснутыя адрэналiнам пальцы — зьверскiм рыўком абцёр расьсечанае брыво.

— Дзе яна?

Мазур шморгнуў, зноў сплюнуў.

— Дзе яна? Я нiчога не зраблю. Я хачу яе ўбачыць.

Схрыст позiркаў і маўчаньне, якое можна перадаць толькi ахвяраю пустых радкоў.

Нягледзячы на бацюшкавы пратэсты, Масей зьняў з пальца й пакiнуў на стале залаты сыгнэт: “памолiцеся за ейную душу. І яшчэ”, — ён схапiў з стала аркуш i рваным почыркам крэмзнуў пару радкоў.

Пастаяў яшчэ хвiлiнку, быццам гартаючы нешта ў галаве. Матушка пасьпела прачытаць.

Чакаючы
Ключы
Шукае ён напэўне
У адзеньнi
Тэклi памёрлай трыццаць год таму

Паслухай, паслухай

Сьмяецца ў рэчку чорная вярба

— Ваш верш? — пацiкавiлася яна, сама зьлякаўшыся сваёй недарэчнасьцi.

— Не, Оскара Ўладыслава Любiча–Мiлаша, — з абсурднай вычарпальнасьцю адказаў ён. — Пакладзiце гэта зь ёй у труну. А я пайду — там ейнае дзiцяня ды арыштаваныя бацькi. Правядзiце мяне, ойча. Я ня знаю добрай сьцежкi й бясьпечнага броду. Каб жа дзе не наткнуцца на памежнiкаў.

— Я з вамi, я з вамi, мне страшна заставацца зь мёртвым целам, — завохкала матушка.

Яна баялася, каб дзiўны жыд не завёў куды ейнага старога ды не забіў. Пасля вайны жанчыны баялiся адпускаць мужыкоў адных i нi на кога не давяралi.

Масей Фішбэйн ня змог выкалупаць Юзэфу й Пракопа з сутарэньняў ГБ. Іх сьляды прапалi ў тундры пад Варкутой. Пустую чужую хату перадавалi з рук у рукi калгасныя актывiсты, дзялiлi, аж пакуль не расьцяглi. Фiшбэйн выехаў у Кіеў, стаў пісаць па–ўкраінску. “Чи мене не вистачить загинути повеснi? / Весна, весна прийде / Весна, весна де моя?” — гэта ягонае. Пасля падзеньня камунiстаў яго прызналi як аднога зь лепшых украiнскiх паэтаў. Цяпер ён грамадзянiн Ізраiля, жыве ў Мюнхене.

Вяртаючыся дахаты, матушка здрэвянела. Дзьверы былі адзяплены, гарэла сьвятло. Ля Тэклiных ног, цi то скурчыўшыся, цi то згарнуўшыся, ляжаў Ян. Ад часоў падпольля, а дакладней з сакавiка 1942 года, ён насiў каля сябе маленькую памятку — зашытую ў каўнер капсульку з цыянiстым калiем. Кiнуцца пад цягнiк было б прасьцей, — думаў ён, перакатваючы яе ў пальцах.

Бацюшка не перажыў удару. Неўзабаве ў яго стала нешта з галавою, і ён зьдзяцініўся на рэшту веку.

Тэкля праз два гады ажанілася з вусатым польскім капітанам–памежнікам і зьехала зь ім, а што зь ёй стала, невядома.

— Калi хочаце, можна прайсьцiся празь мяжу. Я пакажу вам тое месца, дзе Тэкля сустракалася з Сымонам, i тое, дзе яна ўцякла ад засады. Гэта цяпер у нэўтральнай зоне.

— Вы ўмееце пераходзiць мяжу? — зьдзівавалася яна.

— У нас тут усе ўмеюць.

— Дык тамака ж высокая сьцяна калючага дроту!.. А нас не заарыштуюць? А што за нэўтральная зона?

— Семдзесят на трыццаць, што ўсё абыйдзецца. Каб жа я йшоў сам–адзiн, было б дзевяноста на дзесяць. Дарэчы, ведаеце, як ступаць, каб бязгучна крочыць па лесе, ня трэснуўшы нiводнай галiнкай? Во так, асьцярожна, як бы намацваючы, умейце ў любы момант спынiць рух нагi, мякка пераносьце цяжар цела, во так, не на пятку, а на ўсю ступню адразу... Нэўтральная зона шырынёй 800 мэтраў, адкалючага дроту да калючага дроту.

— А што, хiба памежнiкi не вартуюць уначы?

— Вартуюць. Ужо поначы, не вiдаць. Вунь дзе во такая дуброўка, а ў ёй замаскаваны пост. А там туды во, на поўдзень, сьцiрта. У ёй два тыднi таму знайшлi 58 галодных самалiйцаў, што чакалi перайсьцi другую кантрольна–сьледавую паласу i сьцяну дроту й пераплысьцi Буг. Нехта даказаў. Нелегальныя эмiгранты — прыбытковы бiзнэс. Канкурэнцыя дзiкая. Паскудзтва — лавiць iх, няшчасных. Спадзяюся, вы падтрымлiваеце нелегальную эмiграцыю?

— А як мы палезем, па–пад нiзам цi церазь верх? — спыталася яна, ухіліўшыся ад адказу.

Я сам з сабою пераглянуўся. Зьлёгку сьцiснуў яе худзенькi плячук.

— Вы сьмелая баба.

Здаецца, гэта ўдала — “баба”, трапна — “сьмелая баба”.

— Па–пад нiзам нельга — там спэцыяльная лiнiя сыгналiзацыi. Церазь верх мы з вамi, неапранутыя, ня здужаем. Там трэба сапёрскай удачы, каб не зачапiць сыгнальнага дроту. А ў самой паласе калючкi мiж гэтымi во двума слупамi сыгналiзацыя праходзiць па другiм i сёмым ад нiзу дратах. Калi счапiць трэцi з чацьвертым, а пяты з шостым, i трымаць iх адзiн адному, дык можна пралезьцi між імі.

— Адкуль вы ведаеце?

— Я быў у трэцяй клясе, калi да маёй старэйшай сястры лазiў з–за паласы кавалер–памежнiк. Я падгледзеў.

Я чуў, як глыбока яна дыхае, як моцна б’ецца яе сэрца, пульсуе кроў, i я сказаў ёй на вушка:

— Самае небясьпечнае — гэта iнфрачырвоная сыстэма кантролю. Гэта самы эфэктыўны элемэнт аховы — усе дылетанты трапляюцца. Беларуская мяжа амаль як iзраiльская — на замку.

Мы пралезьлi мiж дратамi, замялi за сабою сьляды на кантрольна–сьледавай паласе, апынуліся ў альшынцы, i я шапнуў ёй:

— Пачакайце хвiлiнку, пайду пасцу.

Яна засталася стаяць на сьцяжынцы, усхваляваная, трапяткая, мускусная.

Жанчыны могуць крытыкаваць абстрактны цынiчны розум, канкрэтнага цынiчнага мужчыну — не.

Яна аказалася сьмялейшаю, чым я думаў. Гэта было цудоўна, i, спадзяюся, я яе таксама не расчараваў.

Да тога лёгка й бурліва было на душы, як бывае толькi калi робiш нешта такое, за што можна атрымаць пяць гадоў турмы, але ведаеш, што не атрымаеш.

У хаце на стале ляжала суворая запiска цёткi Марыi, кавалак сыру, пучок зелянiны й персiкi. Я прагна еў, ужо пачынаючы чакаць заўтрашняга вечару. Цыдулка старой сканчалася зьнiшчальнай баптысцкай прыпiскай: “Хто ў Бога годны, той ня будзе галодны”. Дзякуй Богу, — падумаў я сам сабе.

Каханьне — гэта канец эпохi.

Цэлы дзень я працаваў, беручы пад ногi маўклiвыя дакоры спадарынi Марыi. А сёмай у дзьверы пастукалi.

— Salve. Гэта мая мацi Лiлiя. Цi не маглi б вы апавесьцi ёй тую самую незвычайную гiсторыю, якую вы апавялi мне?

Дзьве лiлеi — Лiлiя–дачка й Лiлiя–мацi. Яны стаялi, як гераiнi Грынуэева “Адлiку тапельцаў”. На тварах — ветлiвая, перапрашальная ўсьмешка няёмкасьцi за нечаканы вiзыт. Я пацiснуў працягнутую руку. Мацi. Гм. Гы. Для жанчыны, якая жыла за Чаўшэскам, яна някепска захавалася: дзерзкаватая вышыня спаднiцы, шыкоўныя, нiбы з рэклямы, каштанавыя валасы, жамчужна–шэры гарнiтур, якi падкрэсьлiваў загар i мяккасьць вялiкiх ясных вачэй.

— Salve. Гэта мая мацi Лiлiя. Цi не маглi б вы апавесьцi ёй тую самую незвычайную гiсторыю, якую расказалi мне?

Разьвярнулася й пайшла, не сьпяшаючыся, амаль не калышучы сьцёгнамi.

— Вы не сярдуеце на нас? — трохi насьмешлiва спыталася мацi, правёўшы позiркам дачку.

— Анi.

Мы паглядзелi адзiн на аднога, i абодва, як па камандзе, прышчурылiся.

— Кавы, гарбаты?

— Я прагулялася б, калi вы ня проці.

Красамоўная нясьвежасьць шыi. Магчыма, i валасы — фарбаваныя? Затое прагрэсыўныя грудзi лацiнскай каханкi, вузкая талiя. Жанчына, створаная для трыюмфу.

Жнiвень слаўны сваiмi вечарамi. Сваёй райскай натурай яны падбiваюць на бунт: сынтаксычны, маральны, мiстычны або сэксуальны.

Адчуваньне блiзкага канца вакацыяў, хуткага вяртаньня да места, прыемная стома ў плячах, сьцёгнах i прасьвятленьне ў галаве, знаёмыя, як пальцы на руцэ, пэйзажы — усё ўздымала, закалыхвала лёгкую салодкую нецярплiвасьць. Мяне зноў засмоктвала ўглыб: у глыб гiсторыi, у глыб клясычнай лiтаратуры, фiлязофii, алегорыi, гульнi.

Я правёў далоняй па шчацэ — калючая шчэць. Позна прачнуўшыся, не пагалiўся.

Я не сказаў вашай дачцэ ўсёй праўды, — прызнаўся я Ліліі–маці, — мне не хацелася шакаваць яе залішнімі дэталямі. Старыя не загiнулi ў лягеры. Насамрэч зь iмi ўсё было складаней.

Юзэфа была баба аж–аж–аж. Усё пачалося з таго, што яна завяла сабе палюбоўнiка за Бугам, начавала ў яго (якi скандал для 1928 году ў правінцыі!), Пракоп зь сябрамi езьдзiў за ёю, шукаў па хатах, зазiраў у вокны. Нарэшце, яму гэта абрыдла, i яны эмiгравалі ў Парагвай. Аднак у Амэрыцы ў Юзэфы завязаўся раман зь нейкiм цi то macho, цi gaucho, i мясцовыя былi ледзьве не зжылi Пракопа з сьвету. Пасьпеў сабраць валiзкi, скласьцi дачок а яе ў клунак i сесьцi ў Асунсьёне на параход да Буэнас–Айрэсу.

У Другую сусьветную вайну Юзэфа кахалася з афiцэрам–мадзярам, i з тых часоў Пракоп больш не дакранаўся да яе: яна яму тхнула. У сорак трэцiм мадзяра знайшлi ў пятлi на асiне. Пэдантычны нямецкi канцылярыст абгрунтаваў гэтую сьмерць “гiстарычнай схiльнасьцю вугра–фiнскiх народаў да суіцыду, сфармаванай у вынiку захаваньня да найноўшых часоў сярод нашчадкаў некаторых з вугорскiх плямёнаў успрыманьня самагубства як пабытовай зьявы. Традыцыйна ў пэўных мясцовасьцях Вугоршчыны старыя, стаўшы нямоглымi, непатрэбным цяжарам для дзяцей i сям’i, робяць сабе сьмерць”.

Калi ў 1956 годзе Хрушчоў павыпускаў зьняволеных, ацалелыя дом i сад адыйшлi Юзэфе, а ён жыў у хлеўчыку, побач із сьвiньнямi й каровамi. Ён не хацеў нi судзiцца, нi перадзельваць, нi перабірацца. Юзэфа здавала частку пакояў кватарантам.

У семдзесят пяць баба амаль асьлепла, хадзiла па сьценках, але, хоць дробна бачыла сваё цела, штодня з гонарам абмацвалася, каб пераверыць ягоную гладкасьць. Частыя вiзыты з пляшкамi азэрбайджанскага вiна, спробы пералякаць i пашчыпаць у калiдоры з боку сямiдзесяцiтрохгадовага суседа з поўным правам i без асуджэньня лiчыла за прэлюдыю сватаўства. То быў апошнi росквiт прагнай, вiсцэральнай жаноцкасьцi, разьвітальны раман з шэптамi на вушка, скрадзенымi пацалункамi, шлюбнымi вэксалямi, бяссоннымi ад марнага хваляваньня начыма, росьпісам у сельсавеце. Юзэфа апранула на цырымонію чорны гарнiтур, аздоблены залатой брошкай з гранатам на штрыфлi, нiякай пудры, румянаў i памады — яна наўмысна не хацела выглядаць занадта раскошна. Подпiс у акце яна паставiла шырокi, мастацкi, ня гледзячы. Што глядзець, калi нiчога ня бачыш. Акулярамі яна грэбавала.

Замест пасьведчаньня пра шлюб ёй падсунулi дамову аб дарэньнi дому свайму мужу. Сябры надта любiлi Пракопа, каб папускаць несправядлiвасьць далей.

Пакупнiкi разабралi дабрызны драўляны дом па дылi й вывезьлi. На атрыманыя грошы Юзэфе й Пракопу купiлi па маленькай хатцы на самай гары, Юзэфе дастаўся яшчэ й вялiзны стары запушчаны сад. Яна не пратэставала, а калi б нават упала ў глыбокi маразм i пайшла хадайнiчаць у камiтэты камунiстычнай партыi, дык што маглi ў Савецкай Беларусі азначаць скаргi старой сьляпой вар’яткi, былога ворага народу?

Я сам яшчэ трохi памятаю бабу Юзэфу, памятаю, як яна хадзiла з кульбай у краму па хлеб, трымаючыся за парканы. Яна дажывала свой век сама–адна на пэнсiю па старасьцi (восем рублёў у месяц), гадуючы ў самай глыбiнi свайго саду мiтычную хурму, дрэва, якое нiхто з нас, малых, нiколi ня бачыў, якое ў нашым уяўленьнi здавалася нам эдэмскiм i дзiвосным (мы чулi пра тую хурму ад дзеда), але любому з нас бракавала сьмеласцi й сiлы, каб пранiкнуць у гэты цёмны сад праз калючую сьцяну глогу, цёрну, ажынаў і крапівы жывой зялёнай агароджы, пагатоў што ў садзе баба Юзэфа трымала там гiгантычнага чорнага мастыфа, мясцовага дракона, якога не кармiла, бо ня мела чым.

У лесе завуткаў удод. Лiлiя паклала руку мне ў кiшэню. Яна выбрала найлепшы магчымы тон: гульлiвую адданасьць, захопленую паслухмянасьць, бездакорную юрлiвасьць, што абяцае выбухнуць большай, чым чакаеш, сакавiтасьцю зьместу, прычым яна дэманстравала гатоўнасьць на ўсё, на любыя прыхамацi, калi яны раптам выявяцца; тон, разьлiчаны на мужчыну без сыноўнiх слабасьцяў i не–аматара павялых ружаў. Дзякуй i за гэта. Усьцешна, але ня больш.

— Сходзiм за мяжу? Я пакажу каліну, дзе Тэкля кахалася з Сымонам, i бераг, дзе яе чакала засада.

Яна пытліва зірнула на мяне, вывярнуўшы шыю.

— Мне трэба на хвiлiнку, прабачце, — шапнуў я ей, затрымаўшы вусны ля самага вуха на пару сэкундаў даўжэй, чым мог бы, i зьнiк у цемры пад гоман жоўтых сосен.

Здаецца, каб ня цемра, яна б хітравата прыжмурылася. Ад яе пахла парфумай “Dolce vita” — так пахне ўвосень маладосьць.

Празь дзьве хвiлiны па гэтай сьцежцы будзе праходзiць памежная варта з сабакам, i, хоць бы гэта была не трансыльванская настаўнiца музыкi, а сама Мата Гары, і то б ня выкруцiлася. Зрэшты, не было прычынаў сумнявацца ў сваiх уласных здольнасьцях расказчыка: ёй, можна забажыцца, цяпер неўздагад, у якi бок паласа мяжы.

Я задуменна сыпаў за сабой зь мяшэчка перац, парашок кансьпiрацыi, i сам сабе думаў: можа, й сапраўды, дарма я не падклаў ёй у кiшэню пару пакецікаў гашышу? Сьцежка збочыла ў нiзок. Бог ведае чаму я надта люблю гэтыя мяккiя тарфяныя пуцявiнкi, дзе чорная вiльготная глеба, верная хаўрусьнiца любога вяртаньня, бязгучна выгiнаецца пад нагамi. Ззаду — уначы далёка чуваць — пачуўся брэх i лямант, лаянка i гукi барацьбы, шматмоўная iстэрыка. Раптам усё сьціхла. Паўза пяць сэкундаў, салдацкі бас: “Няруская, блядзь. Духамi пахне”.

Я абыйшоў так, каб ня трапiць у абсяг дзеяньня схаванай вiдэакамэры i прапоўз пад дротам ля пакiнутай без нагляду памежнай брамы.

Завуткала два ўдоды. Нездарма iх у Прыбужжы называюць вуткачамi.

Ісьцi дахаты не хацелася — гэта ўжо амаль хранiчна. Я сеў сярод камянёў, каб агеньчыка не было вiдаць здалёк, закурыў. Толькі запаліў другую, на сьцежцы з боку мяжы пачуліся крокі. Я ледзьве пасьпеў загасіць. Паказаліся два сылюэты. Падышлі, павіталіся, засьвяцілі ліхтарык. Аказалася, гэта хiрург i афтальмоляг. Зазiрнулi за камянi, задаволена пераглянуліся, узялiся пад ручку, выключылi лiхтарык ды пайшлi.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Постмадэрнізм у ARCHE 1-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-07-1999