Юрась
Барысевіч —
літаратар, мастак. Ідэоляг беларускага
літаратурнага авангарду. У 1999 годзе выйшла
ягоная кніга “Цела і тэкст” (“Эўрофорум”).
Працуе таксама на мяжы вуснай і пісьмовай
творчасьці. Часопіс “Крыніца” ў 1997 годзе
прызнаў ягонае эсэ “Чарга” лепшым тэкстам году.
1) Стварыў бы
новае шляхецкае саслоўе з усіх тых, хто сёньня
размаўляе па–беларуску і мае трохі ўласнае
зямлі — як мінімум, гаршчок для кветак.
2) Варта было б падумаць
пра новы назоў краіны. Можна было б назваць яе
Мeнская Русь, Крывія, Балтаславія, Паўднёвая
Літва, Палесьсе, Забалоцьце, Бульбаляндыя...
Зьмяніць назоў ня так ужо і складана. Але
спачатку трэба зьмяніць нашыя прозьвішчы такім
чынам, каб яны перагукаліся з новым назовам
дзяржавы. Напрыклад, у выпадку Крывіі можна
прапанаваць грамадзянам прозьвішчы Крывец,
Крайсьлер, Крыйбожа, Крылоў, Крывела, Крывавы і
г.д. Мяркую, агульны корань дапамог бы нам адчуць
сябе адной сям’ёй, духоўна зьнітаваў бы людзей
ня толькі з агульнай радзімай, але і паміж сабой.
3) У мэтах прымірэньня
грамадзтва вынес бы на рэфэрэндум праект новай
дзяржаўнай сымболікі: бел–чырвона–зялёны
сьцяг, а таксама мадыфікаваны герб „Пагоня“
(замест рыцара — міліцыянэр з гумовай палкай на
матацыкле).
4) Выдаў бы дэкрэт пра
аб’яднаньне ўсіх палітычных партыяў у дзьве:
Урадавую і Апазыцыйную (пры перамозе на
выбарах Апазыцыйнай яны павінны памяняцца
назовамі).
5) Калі прыйдзе час,
абвясьціў бы выбары адразу ў два беларускія
парлямэнты: Нацыянальны Сход і Вярхоўны Савет.
6) Прапанаваў бы
рэфармаваць выбарчую сыстэму такім чынам, каб
кожны чалавек меў права падаць за свайго
кандыдата ад 1 да 4 галасоў, колькі хоча.
7) Прызначыў бы ўсё
дарослае насельніцтва краіны сваімі
віцэ–прэзыдэнтамі. Зьмяніў бы канстытуцыю такім
чынам, каб усе грамадзяне па дасягненьні
паўналецьця аўтаматычна прызначаліся б
дэпутатамі, пасламі, міністрамі і г.д. Па ратацыі
абвесьціў бы ўсенародныя выбары грамадзяніна,
свабоднага ад усіх дзяржаўных пасадаў.
8) Галоўнай мэтай
„беларускага шляху“ мы абярэм ператварэньне
нашай дзяржавы ў сусьветны цэнтар харэаграфіі.
9) Аднавіць бы СССР у
„адной асобна ўзятай“ рэспубліцы — у выглядзе
фэдэратыўнай дзяржавы (падзелім Беларусь на
15 саюзных рэспублік, адпаведныя тым, што
існавалі ў СССР. Магілеўская вобласьць будзе
Таджыкістанам).
10) Зь іншага боку,
някепска б стварыць у межах Беларусі Новую
Эўропу з уласнымі Францыяй, Рымам, Радай
Эўропы, швaйцарскімі банкамі і г.д.
11) Купіў бы ў Расеі
Сiбір, а калі застануцца грошы — яшчэ і
Каліфорнію ў ЗША.
12) Загадаў бы засеяць
большасьць калгасных палёў лесам, каб пакласьці
канец „бітвам за ўраджай“. Менавіта лес наша
галоўнае багацьце: нашмат выгадней экспартаваць
драўніну і набываць збожжа за мяжой. У лесе
можна вырошчваць прафэсійных партызан на
экспарт, грыбы, лекавыя зёлкі і медзьвядзёў.
Пашырэньне ляснога ладу жыцьця дапаможа
адрадзіць аўтэнтычную старажытную культуру.
13) Перайменаваў бы
найвышэйшую Лысую гару ў пік Лукашэнкі —
у гонар першага прэзыдэнта нашай краіны.
14) Заклаў бы пад усю
паверхню Беларусі магутны магніт, каб прыцягваць
з космасу мэтэарыты і папаўняць такім чынам
дзяржаўныя запасы рэдкіх элемэнтаў. Натаўскія
танкі ў выпадку вайны прыліпнуць да зямлі
і ня змогуць прайсьці праз нашую тэрыторыю
ў братнюю Расею.
15) Пабудаваў бы тысячу
гор і цясьнінаў, каб патрыётам было дзе
хавацца, а з Расеі не даходзілі арктычныя
вятры.
16) Мне падабаецца
праграма Субтрапічнай партыі Расеі — для
пачатку яе можна было б ажыцьцявіць у нас:
— Для зьмяншэньня энэргазатратнасьці эканомікі
зьнізіць тэмпэратуру кіпеньня вады да
50 градусаў.
— У бананавай рэспубліцы павінны расьці бананы!
— Сярэднегадавую тэмпэратуру паветра
ўсталяваць на ўзроўні 20 градусаў, можна вышэй.
— Выйсьці з СНД і ўступіць у Арганізацыю
Амэрыканскіх краінаў са статусам бананавай
звышдзяржавы.
17) Можна было б і
перасунуць нашую зямлю бліжэй да тропікаў, каб
птушкам ня трэба было кожную восень лётаць
у вырай. А яшчэ лепш прыладзіць пад краіну
колы і езьдзіць на ёй куды трэба ўсім разам.
|