Тэма здрадніка і героя
So the Platonic Year
Whirls out new right and wrong,
Whirls in the old instead;
All men are dancers and their tread
Goes to the barbarous clangour of a going.
W.B. Yeats: The “Tower”
Пад адчувальным уплывам
Чэстэртана (які прыдумваў і багата аздабляў
элегантныя таямніцы) і прыдворнага дарадцы
Ляйбніца (які вынайшаў прадвызначаную гармонію)
я прыдумаў гэты сюжэт, які, магчыма, потым
разгарну, але які ўжо ў цяперашнім выглядзе
апраўдвае вечары, змарнаваныя на думаньне.
Бракуе дэталяў, правак, удакладненьняў; ёсьць
моманты ў гэтай гісторыі, якія я дасюль ня
высьветліў; сёньня, 3 студзеня 1944 году, яна
бачыцца мне гэтак.
Дзеяньне адбываецца ў нейкай прыгнечанай, але
ўпартай краіне: Польшчы, Ірляндыі, Вэнэцыянскай
рэспубліцы, якой–небудзь
паўднёва–амэрыканскай або балканскай
дзяржаве... Лепей сказаць, адбылося, бо хоць
апавядальнік — наш сучасьнік, гісторыя,
распавяданая ім, мела месца ў сярэдзіне або
пачатку ХІХ стагодзьдзя. Скажам (дзеля
наратыўнай зручнасьці), Ірляндыя; скажам,
1824 год. Апавядальніка зваць Раян; ён праўнук
маладога, гераічнага, прыгожага, забітага
Фэргуса Кільпатрыка, чыё надмагільле было
нявысьветленым чынам апаганенае, чыё імя
ўпрыгожвае вершы Броўнінга і Гюго, чыя статуя
стаіць на шэрым пагорку сярод рудое дрыгвы.
Кільпатрык быў падпольшчыкам, таямнічым і
славутым правадыром падпольля; падобна Майсею,
які зь зямлі Мааб убачыў запаветную зямлю, але ня
змог на яе ступіць, Кільпатрык загінуў
напярэдадні пераможнага паўстаньня, якое
сплянаваў і аб якім марыў. Хутка будзе сто гадоў,
як ён загінуў; абставіны злачынства загадкавыя, і
Раян, які складае біяграфію героя, сутыкаецца з
тым, што таямніца выходзіць за межы чыста
паліцэйскага здарэньня. Кільпатрык быў забіты ў
тэатры; брытанская паліцыя так і не знайшла
забойцы; гісторыкі сьведчаць, што добрага імя
абаронцаў закону гэтая нядбайнасьць ня пляміць,
бо магчыма, паліцыя яго й забіла.
Іншыя аспэкты таямніцы непакояць Раяна. Яны
маюць цыклічны характар, быццам паўтараючы або
спалучаючы падзеі ў далёкіх краях, у далёкія
часы. Гэтак, усім вядома, што дэтэктывы, якія
аглядалі труп героя, знайшлі запячатаны ліст з
папярэджаньнем, што ісьці ў тэатар у той вечар
было небясьпечна; гэтак жа Юлій Цэзар,
накіроўваючыся да месца, дзе на яго чакалі ўжо
кінжалы ягоных сяброў, атрымаў пасланьне, якога
не прачытаў, і ў якім выкрывалася здрада, а
таксама імёны здраднікаў. Жонка Цэзара
Кальпурнія прысьніла, што разбурылася вежа, якой
уганараваў імпэратара Сэнат; паводле фальшывых і
ананімных чутак напярэдадні сьмерці Кільпатрыка
ўва ўсёй краіне стала вядома аб пажары ў круглай
вежы Кільгарвану, што магло стацца знакам, бо
Кільпатрык нарадзіўся ў Кільгарване. Гэтыя (а
таксама іншыя) паралелі паміж гісторыяй Цэзара і
гісторыяй ірляндзкага рэзыстанта прымушаюць
Раяна задумвацца аб патаемнай форме часу, аб
перапляценьні й паўторы лініяў. Ён разважае над
дэцымальнай схемай, змысьленай Кандарсэ; над
марфалёгіямі, якія прапаноўвалі Гегель, Шпэнглер
і Віко, над людзьмі Гесыёда, якія дэгенэруюць ад
золата да жалеза. Ён разважае над перасяленьнем
душаў, вучэньнем, якое жахала кельцкія пісьмёны і
якое сам Цэзар зьвязваў з брытанскімі друідамі;
ён разважае над тым, што Фэргус Кільпатрык быў
Цэзарам, перш чым стаць Кільпатрыкам. З гэтых
цыклічных лябірынтаў яго ратуе адно цікавае
сьведчаньне, сьведчаньне, якое пасьля выведзе
яго ў іншыя лябірынты, яшчэ больш безвыходныя і
блытаныя; пэўныя словы аднога жабрака, які
размаўляў з Фэргусам Кільпатрыкам у дзень ягонае
сьмерці, былі перадказаныя Шэкспірам у трагедыі
“Макбэт”. Каб гісторыя капіявала гісторыю —
само па сабе ўражвала; каб гісторыя капіявала
літаратуру — было неймаверным... Раян даведаўся,
што ў 1814 годзе Джэймс Аляксандар Нолан,
найдаўнейшы таварыш героя, пераклаў на гэльскую
асноўныя драмы Шэкспіра; сярод іх “Юлія Цэзара”.
Да таго ж, ён адшукаў у архівах рукапісны артыкул
Нолана аб швайцарскіх фэстшпілях — вялізных
валачобных тэатральных дзеях, што вымагаюць
удзелу тысячаў актораў і якія рэканструююць
гістарычныя падзеі ў тых местах і гарах, дзе яны
адбываліся. Іншы нявыдадзены дакумэнт адкрывае
яму, што за некалькі дзён да сьмерці Кільпатрык,
старшынюючы на апошнім сходзе, падпісаў
сьмяротны прысуд здрадніку, чыё імя было
сьцёртым. Гэты прысуд кантрастуе з звычайнай
міласэрнасьцю Кільпатрыка. Раян праводзіць
расьсьледаваньне справы (гэтае расьсьледаваньне
зьяўляецца адной зь цёмных плямаў у сюжэце), і яму
ўдаецца разгадаць таямніцу.
Кільпатрык быў забіты ў тэатры, але тэатрам
стаўся ўвесь горад, а актораў было сьвет; і драма,
уквечаная ягонай сьмерцю, цягнулася шмат дзён і
шмат начэй. Вось што адбылося:
Падпольшчыкі сабраліся 2–га жніўня 1824 году.
Краіна сасьпела для паўстаньня; нешта, аднак жа,
заўсёды правальвалася: сярод прысутных на сходзе
быў здраднік. Фэргус Кільпатрык даручыў Джэймсу
Нолану выкрыць гэнага здрадніка. Нолан выканаў
сваю задачу: на сходзе ён аб’явіў, што здраднік —
гэта сам Кільпатрык. Прыводзячы неабвержныя
доказы, ён давёў праўдзівасьць абвінавачваньня;
змоўшчыкі прысудзілі свайму старшыню сьмерць.
Той падпісаў прысуд собскаю рукой, але папрасіў,
каб пакараньне не зашкодзіла бацькаўшчыне.
Тады ў Нолана нарадзіўся дзіўны плян. Ірляндыя
абагаўляла Кільпатрыка; найменшае падазрэньне
на яго здраду магло скампрамэтаваць паўстаньне;
Нолан прапанаваў плян, паводле якога страта
здрадніка ператварылася б у сродак вызваленьня
радзімы. Ён настояў на тым, каб асуджаны загінуў
ад рук невядомага забойцы пры наўмысна
драматычных абставінах, якія б уразілі народнае
ўяўленьне і паскорылі б паўстаньне. Кільпатрык
пакляўся саўдзельнічаць у гэтым праекце, які
даваў яму магчымасьць адкупіць свае грахі і які
ўшляхетняў ягоную сьмерць.
Нолан, ня маючы дастаткова часу, ня змог да
канца прадумаць абставіны шматлюднага
пакараньня; ён быў вымушаны сплягіяваць іншага
драматурга — ворага–ангельца Ўільяма Шэкспіра.
Ён запазычыў сцэны з “Макбэта”, “Юлія Цэзара”.
Публічнае і сакрэтнае відовішча доўжылася
некалькі дзён. Асуджаны прыехаў у Дублін,
дыскутаваў, дзеяў, маліўся, кляйміў, прамаўляў
патэтычныя словы, і кожны з гэтых актаў, што
сьведчылі пра веліч і славу, быў прадвызначаны
Ноланам. Сотні актораў дзеялі разам з галоўным
героем; ролі некаторых былі складанымі; ролі ж
іншых — зусім кароткімі. Тое, што яны казалі і
рабілі, занатавана ў кнігах па гісторыі, у
апантанай памяці Ірляндыі. Кільпатрык, у
захапленьні ад карпатліва распрацаванае ролі,
што абяляла яго і яго ж губіла, ня раз узбагаціў
імправізаванай дзеяй і словамі тэкст, напісаны
ягоным судзьдзём. Гэтак людная драма
разгортвалася ў часе, аж пакуль 6–га жніўня
1824 года ў лёжы з жалобнымі фіранкамі
(у такой сама лёжы заб’юць Лінкольна)
доўгачаканая куля ня ўпілася ў грудзі здрадніка
і героя, які ледзь змог вымавіць яшчэ некалькі
словаў са сваёй ролі, сьцякаючы крывёй.
У творы Нолана моманты, перанятыя ў Шэкспіра,
зьяўляюцца найменш драматычнымі, і Раян
падазрае, што аўтар уставіў іх, каб нехта ў
будучым вынайшаў праўду. Раян разумее, што ён сам
таксама ёсьць часткай інтрыгі твору Нолана...
Пасьля доўгіх разважаньняў ён вырашае
замаўчаць сваё адкрыцьцё. Ён публікуе кнігу, якая
ўслаўляе памяць героя; гэта, магчыма, таксама
было прадвызначана.
Паўтараючы форму шаблі
Яго твар перасякаў вялізны шнар: попельная,
амаль што дасканалая дуга йшла пад скулаю да
самае скроні. Яго сапраўднае імя ня мае
значаньня; усе ў Такуарамбо звалі яго “ангельцам
зь Ля–Калярады”. Гаспадар гэных земляў, Кардоса,
не хацеў іх прадаваць; я чуў, што Ангелец ужыў
нечаканы аргумэнт: ён распавёў гісторыю свайго
шнару. Ангелец прыехаў з–за мяжы, з
Рыу–Гранды–ду–Сул; шмат хто казаў, што ў
Бразыліі ён быў кантрабандыстам. Палі
пазарасталі бур’яном, сажалкі зацягло мулам;
узьнімаючы маёмасьць з руіны, Ангелец шчыраваў
поруч з парабкамі. Кажуць, што ён быў да лютасьці
суворым, але і да пэдантызму справядлівым. Кажуць
таксама, што ён піў; пару разоў на год ён
замыкаўся ў пакоі на тэрасе і зьяўляўся праз
два–тры дні нібы зь нейкае бітвы або пасьля
непрытомнасьці: зьбялелы, калоцячыся,
стрывожаны, але такі ж уладарны, як і дагэтуль.
Памятаю яго ледзяныя вочы, энэргічную
хударлявасьць, сівы вус. Ён ні з кім ня знаўся;
праўда, і гішпанская яго мова была прымітыўнай,
збразыляванай. Ён не атрымоўваў аніякай
карэспандэнцыі, за выняткам якога–небудзь
камэрцыйнага ліста або брашуры.
Калі я апошнім разам вандраваў па
дэпартамэнтах Поўначы, паводка на рацэ Карагуата
змусіла мяне правесьці ноч у Ля–Калярадзе. Праз
пару хвілін мне падалося, што зьяўленьне маё
прыйшлося недарэчы; я паспрабаваў здабыць
прыхільнасьць Ангельца, апэлюючы да самага
асьляпляльнага пачуцьця — патрыятызму.
Я сказаў, што краіна з такім духам, як
Ангельшчына, была непераможнаю. Мой суразмоўца
пагадзіўся, але дадаў з усьмешкай, што ён не
ангелец. Ён быў ірляндцам з Дунгарвану. І тут
ён змоўк, нібы адкрыўшы нейкую таямніцу.
Пасьля вячэры мы выйшлі паглядзець на неба.
Дождж зьлігнуў, але з поўдня, з–за гораў,
паласуючы неба маланкамі, надзімалася, ішла
новая хмара. Парабак, які ставіў на стол вячэру,
прынёс у занядбаную ядальню бутэльку рому. Мы
доўга пілі ў цішыні.
Ня ведаю, якая была гадзіна, калі я заўважыў, што
я п’яны; ня ведаю, якое натхненьне, нагода, а мо’
й сум змусілі мяне ўзгадаць пра шнар. Твар
ангельца перамяніўся; я ўжо быў падумаў, што ён
выганіць мяне з хаты. Урэшце ён адказаў сваім
звычайным голасам:
— Я распавяду Вам гісторыю сваёй раны з адной
умовай: я не абміну ніводнае зьнявагі, ніводнае
ганебнае акалічнасьці.
Я згадзіўся. Вось тая гісторыя, якую ён мне
распавёў, мяшаючы ангельскія словы з гішпанскімі
і нават з партугальскімі:
“Годзе ў 1922–м у адным з гарадоў Конахта я быў
адным з тых многіх, што вялі падпольную барацьбу
за незалежнасьць Ірляндыі. Некаторыя з маіх
таварышаў яшчэ жывуць, прысьвяціўшы сябе мірнай
працы; іншыя, як гэта ні парадаксальна, змагаюцца
на моры або ў пустыні пад ангельскімі штандарамі;
яшчэ адзін, самы слаўны, памёр у двары казармы на
золку, расстраляны заспанымі людзьмі; іншыя (ня
самыя няшчасныя) сустрэлі свой скон у
безназоўных і амаль забытых бітвах
грамадзянскае вайны. Мы былі рэспубліканцамі,
каталікамі; думаецца мне, мы былі рамантыкамі.
Ірляндыя была для нас ня толькі ўпапічнай
будучыняй ды невыноснай сучаснасьцю; у ёй былі
горыч і слодыч паданьняў, круглыя вежы і рудыя
балоты, адультэр Парнэла і велічныя эпапэі, якія
апявалі крадзёж быкоў, што пераўвасабляліся то ў
герояў, то ў рыбаў й горы...
Адным незабыўным для мяне надвячоркам да нас
прыбыў сябра нашай арганізацыі з Мунстара, такі
Джон Вінсэнт Мун.
Яму было ня больш за дваццаць. Ён быў худы і
адрузлы адначасова; стваралася няёмкае
ўражаньне, што ў яго няма хрыбта. Ён рупліва й
палка вывучыў амаль усе старонкі нейкага там
камуністычнага падручніка; дыялектычны
матэрыялізм служыў яму за галоўны аргумэнт у
любой дыскусіі. Існуе безьліч падставаў, дзеля
якіх адзін чалавек можа ненавідзець або любіць
другога: Мун зводзіў сусьветную гісторыю да
мярзотнага эканамічнага канфлікту. Ён
сьцьвярджаў, што рэвалюцыі наканаваная перамога.
Я адказаў яму, што сапраўднага джэнтэльмэна
могуць вабіць толькі справы, якім наканаваная
параза... Ужо была ноч; мы працягвалі спрачацца ў
калідоры, на лесьвіцы, потым на бязьлюдных
вуліцах. Меркаваньні Муна ўразілі мяне менш, чым
ягоны безапэляцыйна ападыктычны тон. Новы
таварыш не спрачаўся: ён выказваў сваё
меркаваньне з пагардай і пэўным раздражненьнем.
Калі мы ўжо падышлі да крайніх дамоў, нас раптам
аглушылі стрэлы. (Перад тым або пасьля мы ішлі
паўз глухую сьцяну нейкай фабрыкі або казармы.)
Мы забеглі ў першую–лепшую незабрукаваную
вулку. Нейкі жаўнер, вялізны ў сьвятле
водбліскаў, выскачыў да нас ад падпаленае хаціны.
Ён закрычаў, каб мы спыніліся. Я прысьпешыў
крокі, мой жа таварыш ня рушыў за мной усьлед.
Я абярнуўся: Джон Вінсэнт Мун зьнерухомеў,
зачараваны і нібы акамянелы ад жаху. Тады я
вярнуўся, зьбіў адным ударам салдата, страсянуў
Вінсэнта Муна, халярнуў яго і загадаў бегчы за
мной. Прыйшлося схапіць яго пад руку: пачуцьцё
страху атупіла яго. Мы беглі сярод ночы,
прадзёртай пажарамі. Нам усьлед стралялі: адна з
куляў драпнула Муну правае плячо; ён ціхенька
румзаў, калі мы ўцякалі сярод хвояў.
У тую восень 1922 году я хаваўся на сядзібе
генэрала Бэрклі, якога ніколі ня бачыў і які
займаў на той час нейкую адміністрацыйную пасаду
ў Бэнгаліі; будынку было менш за стагодзьдзе, але
ён быў занядбаны ды маркотны, з процьмай
заблытаных калідораў, з непатрэбнымі залямі.
Музэй і вялізная бібліятэка ўзурпавалі ніжні
паверх: там стаялі кнігі, што супярэчылі адна
адной — стаяла ў пэўным сэнсе гісторыя
ХІХ стагодзьдзя; віселі ятаганы зь Нішапуру,
ад дбайных круглявых дугаў якіх веяла віхрам і
гвалтам бітвы. Мы ўвайшлі (мяркую) праз задні ход.
Мун трапяткімі вуснамі выціснуў зь перасохлага
рота заўвагу, што авантуры гэтае начы былі
цікавымі; я апрацаваў ягоную рану, прынёс кубак
гарбаты; ды гэта й ня рана была, а так, драпіна.
Раптам ён прамармытаў разгублена:
— Але ж Вы моцна рызыкавалі.
Не турбуйцеся, сказаў я. (Досьвед грамадзянскай
вайны прымусіў мяне зрабіць тое, што я зрабіў; да
таго ж, арышт аднога зь сябраў мог паставіць пад
пагрозу ўсю нашую справу.)
На наступны дзень да Муна ізноў вярнуўся былы
кураж. Ён прыняў ад мяне цыгарэту і пачаў
сур’ёзна распытваць мяне пра “эканамічныя
сродкі нашае рэвалюцыйнае партыі”. Ягоныя
пытаньні былі вельмі прамымі; я адказаў (шчыра),
што становішча цяжкае. Далёкія вінтовачныя
стрэлы скаланулі поўдзень. Я сказаў Муну, што
нас чакаюць таварышы. Маё паліто і рэвальвэр
засталіся ў маім пакоі; калі я вярнуўся, то
ўбачыў, што Мун ляжыць на канапе з заплюшчанымі
вачыма. Ён паскардзіўся на гарачку, журыўся, што
за плячо ловіць курч.
Тады я зразумеў, што ён непапраўны баязьлівец.
Нехлямяжа папрасіўшы, каб ён глядзеў за сабой, я
разьвітаўся. Гэты пужлівы чалавек прымушаў мяне
чырванець, быццам баязьліўцам быў я, а не Вінсэнт
Мун. Тое, што робіць адзін чалавек, робіцца нібыта
ўсімі людзьмі. Справядліва тое, што
непадпарадкаваньне ў адным садзе перайначыла
ўвесь чалавечы род; таму справядліва й тое, што
ўкрыжаваньне аднога жыда здольнае збавіць увесь
наш род. Магчыма, мае рацыю Шапэнгаўэр: я — гэта
іншыя, любы чалавек з’яўляецца ўсімі людзьмі,
Шэкспір пэўным чынам з’яўляецца ўбогім Джонам
Вінсэнтам Мунам.
Дзевяць дзён мы правялі ў вялізным
генэральскім доме. Пра мукі й полымя вайны я ня
буду казаць нічога: мой намер — распавесьці
гісторыю гэтага ганебнага шнару. Гэтыя дзевяць
дзён у маіх успамінах зьліваюцца ў адзін дзень,
апроч перадапошняга дня, калі нашы ўварваліся ў
адну казарму і з дакладнасьцю расквіталіся за
шаснаццаць таварышаў, якіх расстралялі ў
Эльфіне. Я вышмыргваў з дому на досьвітку, як
толькі пачынала віднець. Пад ноч вяртаўся. Мой
таварыш чакаў мяне на другім паверсе: рана не
дазваляла яму спусьціцца на першы. Я бачу яго
як зараз зь нейкай кнігай па стратэгіі — Мода або
Клаўзэвіца — у руцэ. “Мая ўлюбёная зброя —
артылерыя”, — прызнаўся ён мне неяк уначы. Ён
распытваў пра нашыя пляны, яму падабалася
крытыкаваць і выпраўляць іх. Да таго ж ён меў
звычай нагадваць аб нашай абы–якой эканамічнай
базе; катэгарычны й змрочны, ён прарочыў нам
разгром. C’est une affaire flambee, — нашэптваў ён. Каб
ня кідалася ў вочы ягоная фізычная
баязьлівасьць, ён падкрэсьліваў сваю
інтэлектуальную перавагу.
Так, добра–кепска, прайшлі дзевяць дзён.
На дзясяты горад канчаткова перайшоў у рукі
“Black and Tans”, каляніяльных частак брытанскага
войска. Высокія маўклівыя коньнікі патрулявалі
вуліцы; вецер разносіў попел і дым; на адным рагу
я ўбачыў на зямлі труп, які пакінуў у маёй памяці
меншы сьлед, чым той манэкін, на якім салдаты
бесьперапынна ўдасканальвалі сваё ўменьне
страляць на самай сярэдзіне плошчы...
Я выйшаў, калі сьвітанак асьвяціў неба; і
вярнуўся яшчэ да паўдня. Мун размаўляў зь некім у
бібліятэцы; па тоне я зразумеў, што ён размаўляе
па тэлефоне. Потым я пачуў сваё імя; потым тое, што
вярнуся а сёмай; потым параіў арыштаваць мяне ў
садзе ля дому. Мой разважлівы сябра разважліва
мяне прадаваў. Я пачуў, як ён патрабуе
гарантыяў асабістае бясьпекі.
Тут мая гісторыя блытаецца і запавольваецца.
Я ведаю, што бег за здраднікам жахлівымі
чорнымі калідорамі і галавакружна стромымі
сходамі. Мун ведаў дом вельмі добра, шмат лепш ад
мяне. Раз ці два я адставаў ад яго, але дагнаў яго
раней, чым салдаты арыштавалі мяне. Я схапіў
крывую ўсходнюю шаблю з генэральскай калекцыі;
яе сталёвы маладзік пакінуў на ягоным твары
нязводнае таўро. Борхес, я выспаведаўся вам,
чалавеку незнаёмаму. Так мне лягчэй перанесьці
вашую пагарду”.
Тут апавядальнік спыніўся. Я заўважыў, што
ягоныя рукі дрыжаць.
— А Мун? — спытаўся я.
— Атрымаў свае Юдавы срэбнікі і зьбег у
Бразылію. У той вечар на плошчы ён бачыў, як
нейкія п’яныя жаўнеры расстрэльваюць манэкін.
Я дарэмна чакаў працягу гісторыі. Урэшце,
прыйшлося самому папрасіць, каб той працягваў.
Тады кволы стогн пратнуў яго, і ён нясьмелым
жэстам паказаў з ухмылкай мне крывы белаваты
пісяг.
— Вы ня верыце мне? — мармытаў ён. — Ці ж вы ня
бачыце таўра маёй ганьбы ў мяне на твары?
Я наўмысна распавядаў так, каб вы выслухалі
мяне да канца. Я здаў чалавека, які выратаваў
мне жыцьцё; я — Вінсэнт Мун. Цяпер пагарджайце
мною.
Утопія стомленага чалавека
І назваў яе “Ўтопіяй”, грэцкім
словам,
якое значыць “няма такога месца”.
Кевэда.
Няма двух падобных узгоркаў, але ў любым месцы
зямлі раўніна адна і тая ж. Я ішоў па дарозе на
раўніне. Я спытаў сам сябе без асаблівай
цікаўнасьці, ці я знаходжуся ў Акляхоме, Тэхасе
або ў рэгіёне, які ў кнігах завецца пампай. Ні
справа, ні зьлева я ня бачыў агароджы. Ня ў першы
раз я нясьпешна паўтарыў гэтыя радкі Эміліо
Орыбэ:
Пасярод панічнае бясконцае раўніны
І непадалёк Бразыліі,
якія потым расьлі і павялічваліся.
Дарога была няроўнай. Пачаўся дождж. У якіх
двухстах або трохстах мэтрах я ўбачыў сьвятло.
Там стаяў нейкі будынак — нізкі, прастакутны,
абсаджаны дрэвамі. Дзьверы мне адчыніў мужчына,
настолькі высокі, што я ледзь не спужаўся. Ён быў
апрануты ў шэрае. Я адчуў, што ён кагосьці
чакае. У дзьвярах не было замка.
Мы ўвайшлі ў доўгі пакой з драўлянымі сьценамі.
З пляскатае столі зьвісала лямпачка, што
сьвяціла жаўтаватым сьвятлом. Мяне нечаму
зьдзівіў стол. На стале стаяла клепсыдра, першая,
убачаная мною не на нейкім там сталярыце. Мужчына
паказаў мне на адно з крэслаў.
Я паспрабаваў загаварыць зь ім на некалькіх
мовах, але мы не маглі паразумецца. Калі ж
загаварыў ён, то загаварыў на лаціне. Я сабраў
усё, што памятаў ад ужо далёкага бакаляўрскага
курсу, і падрыхтаваўся да дыялёгу.
— Па вопратцы, — сказаў ён мне, — я бачу, што ты
прыйшоў зь іншага стагодзьдзя. Шматмоўе
спараджала падзел на народы і нават войны; людзі
вярнуліся да лаціны. Некаторыя баяцца, што яна
ізноў дэгенэруе ў францускую, лемазін або
папіямэнта, але гэта можа адбыцца ня хутка.
А ў астатнім — ні тое, што было, ні тое, што
будзе — мяне не цікавіць.
Я нічога не адказаў, а ён дадаў:
— Хадзем са мной, калі табе не агідна глядзець,
як есьць іншы.
Зразумеўшы, што ён заўважыў маю разгубленасьць,
я пагадзіўся.
Мы прайшлі калідорам з бакавымі дзьвярыма, што
выходзіў у маленькую кухню, у якой усё было
мэталёвым і вярнуліся зь вячэраю на падносе:
місачкай з маісавымі камячкамі, гронкай
вінаграду, нейкім незнаёмым фруктам, які на смак
нагадаў мне смоквіну, і вялікім гарлачом вады.
Мяркую, што хлебу не было. Гаспадар меў вострыя
рысы твару, і ў яго было штось асаблівае ў вачах.
Мне не забыць тое суворае і бледнае аблічча,
якога я ўжо больш ня ўбачу. Размаўляючы, ён не
рабіў аніякіх жэстаў.
Мне замінала неабходнасьць размаўляць на
лаціне, але ўрэшце я сказаў:
— Цябе не зьдзіўляе маё нечаканае зьяўленьне?
— Не, — вымавіў ён, — з стагодзьдзя ў
стагодзьдзе такія візыты надараюцца. Яны не
трываюць доўга; самае позьняе заўтра ты будзеш
дома.
Упэўненасьці ў ягоным голасе мне было
дастаткова. Я палічыў ня лішнім
адрэкамэндавацца:
— Мяне завуць Эўдора Асэвэда. Нарадзіўся ў
1897–ым у месьце Буэнас–Айрэс. Мне ўжо споўнілася
70 год. Я выкладаю ангельскую і амэрыканскую
літаратуры і пішу фантастычныя апавяданьні.
— Памятаю, я з задавальненьнем прачытаў, —
адказаў ён, — два фантастычныя апавяданьні.
“Вандраваньні Капітана Лемюэля Гулівэра”, якія
многія лічаць рэальнымі, ды “Тэалягічны Звод”.
Але ня будзем пра факты. Яны ёсьць звычайнымі
зыходнымі пунктамі для фантазіі і мысьленьня.
У школе нас вучаць уменьню сумнявацца і
мастацтву забываць. У першую чаргу, забываць
асобаў і месцы. Мы жывем у пасьлядоўным часе,
спрабуючы жыць sub specie aeternitatis. Ад мінулага ў
нас засталося некалькі імёнаў, якія мова
паступова забывае. Мы пазьбягаем непатрэбных
удакладненьняў. Няма ні храналёгіі, ані гісторыі.
Няма й статыстыкі. Ты сказаў, што цябе завуць
Эўдора; я не магу сказаць, як завуць мяне, бо мне
кажуць “нехта”.
— А як звалі твайго бацьку?
— Яго аніяк не звалі.
На адной са сьценаў я ўбачыў паліцу. Адкрыў адну
з кніг наўздагад; літары, выразныя, але
незразумелыя, былі напісаныя ад рукі. Іхныя
вуглаватыя лініі нагадалі мне рунічны альфабэт,
які, аднак, ужываўся толькі для эпіграфіяў.
Я падумаў, што людзі будучыні былі ня толькі
больш высокімі, але і больш умелымі. Інстынктыўна
я паглядзеў на даўгія і вытанчаныя пальцы
мужчыны.
Той сказаў:
— А цяпер ты ўбачыш тое, чаго ніколі ня бачыў.
Ён беражліва працягнуў мне асобнік “Утопіі”
Мора, аддрукаваны ў Базэлі ў 1518 годзе, у якім
бракавала старонак і гравюраў.
Не бяз пыхі я заўважыў:
— Гэта друкаваная кніга. У мяне дома пад дзьве
тысячы кніг, хоць і не такіх старажытных і
каштоўных.
Я прачытаў уголас назоў.
Той засьмяяўся:
— Ніхто ня можа прачытаць дзьвюх тысячаў кніг.
За чатыры стагодзьдзі майго жыцьця я не прачытаў,
пэўна, і паўтузіна. Акрамя таго, важна не чытаць, а
перачытваць. Скасаваны зараз друк быў адным з
найстрашэньнейшых ліхаў чалавецтва, бо ён прывёў
да памнажэньня непатрэбных тэкстаў у шалёных
памерах.
— У маім дзіўным учора, — адказаў я, — панаваў
такі забабон, што паміж кожным вечарам і кожнай
раніцай адбываюцца рэчы, якія сорамна ня ведаць.
Плянэта была заселеная супольнымі прывідамі:
Канада, Бразылія, Швайцарскае Конга і Супольны
Рынак. Амаль ніхто ня ведаў папярэдняе гісторыі
гэных плятонаўскіх утварэньняў, аднак былі
вядомыя самыя нязначныя падрабязнасьці аб
апошнім кангрэсе пэдагогаў, пагрозе разрыву
дыпляматычных стасункаў і пасланьнях
прэзыдэнтаў, напісаных сакратарамі і абачліва
неканкрэтных, што было ўласьціва жанру.
Усё гэта чыталі, каб забыць, бо праз пару гадзін
яно сьціралася іншымі трывіяльнымі рэчамі.
З усіх заняткаў праца палітыка была, без
сумневу, найбольш публічнай. Лёс амбасадара або
міністра быў падобны да лёсу калекі, якога
перавозілі ў даўгіх і грукатлівых машынах,
абкружалі матацыклісты, бамбізы–ахоўнікі ды
падпільноўвалі нецярплівыя фатографы. Ім як ногі
паадразалі, зазвычай казала мая маці. Друкаваныя
выявы і словы былі больш рэальнымі, чым самыя
рэчы. Толькі апублікаванае было сапраўдным. Esse
est percipi (існаваць значыць быць успрынятым) было
прынцыпам, сродкам і мэтай нашае канцэпцыі
сьвету. Ува ўчорашнім дні, дзе мне выпала жыць,
людзі былі прастадушнымі; яны верылі, што тавар
добры, бо гэтак сьцьвярджаў той, хто яго зрабіў.
Часта й кралі, хоць усе добра ведалі, што
валоданьне грашыма не дае ні большага шчасьця, ні
большага спакою.
— Грашыма? — паўтарыў ён. — Цяпер ужо няма тых,
хто пакутуе ад беднасьці, што была, пэўна,
невыноснай, ні ад багацьця, якое было самаю
жахліваю формаю вульгарнасьці. Кожны з нас
служыць службу.
— Як рабіны, — сказаў я яму.
Здалося, ён не зразумеў і працягваў далей:
— Да таго ж няма гарадоў. Судзячы па развалінах
Баі–Бланкі, якія я меў цікаўнасьць дасьледаваць,
мы няшмат згубілі з–за таго, што няма ўласнасьці,
няма і спадчынаў. Калі чалавек дасьпявае ў сто
гадоў, ён ужо падрыхтаваны да жыцьця сам–насам і
з сваёй адзінотай. Ён ужо спарадзіў дзіцё.
— Адно дзіцё?
— Так. Адно адзінае. Ня варта раздзімаць
чалавечы род. Некаторыя, дзеля ўсьведамленьня
сусьвету, мяркуюць, што род гэны — боскае
стварэньне для пазнаньня Сусьвету, але ніхто
напэўна ня ведае, ці існуе тая боскасьць. Мне
здаецца, зараз ідзе дыскусія пра перавагі й
недахопы паступовага або адначасовага суіцыду
ўсіх насельнікаў зямлі. Але вернемся да тэмы.
Я пагадзіўся.
— Калі чалавек дасягае ста гадоў, ён можа
абысьціся без каханьня і сяброўства. Хваробы і
сьмерць супраць яго волі яму не пагражаюць. Ён
займаецца якім–небудзь зь відаў мастацтва,
філязофіяй, матэматыкай або гуляе сам з сабою ў
шахматы. І забівае сябе, калі захоча. Гаспадар
свайго жыцьця, ён з’яўляецца і гаспадаром свае
сьмерці.
— Гэта нейкая цытата? — спытаўся я.
— Напэўна. У нас ужо толькі цытаты й засталіся.
Мова ёсьць сыстэмай цытатаў.
— А вялікае прадпрыемства майго часу —
касьмічныя палёты? — сказаў я.
— Ужо некалькі стагодзьдзяў як у космас ня
лётаюць, хоць насамрэч гэта былі чароўныя
выправы. Але нам так і не ўдалося зьбегчы ад
гэтага “тут” і гэтага “цяпер”.
Ён дадаў з усьмешкай:
— Пагатоў, што любое падарожжа ёсьць
падарожжам у прасторы. Ляцець з аднае плянэты на
другую — гэта тое ж, што пайсьці на суседнюю
фэрму. Калі пан зайшоў у гэты пакой, то таксама
зьдзейсьніў у пэўным сэнсе касьмічнае падарожжа.
— Так, так, — пагадзіўся я. — А яшчэ раней шмат
размаўлялі пра хімічныя рэчывы і пра жывёлаў.
Мужчына зараз стаяў да мяне сьпінай і глядзеў у
вакно. Сьнежная раўніна бялела ў месячным
сьвятле.
Я наважыўся спытаць:
— А музэі й бібліятэкі шчэ існуюць?
— Не. Мы хочам пазбыцца мінулага, патрэбнага
толькі для стварэньня элегіяў. Няма ні
ўрачыстасьцяў, ні сотых угодкаў, ні выяваў
памерлых людзей. Кожны мусіць сам сабе ствараць
навукі і мастацтвы, якія яму неабходныя.
— У такім выпадку кожны мусіць быць сваім
собскім Бэрнардам Шоў, сваім собскім Езусам
Хрыстусам ды сваім собскім Архімэдам.
Ён моўчкі пагадзіўся. Я запытаў:
— Што здарылася з урадамі?
— Наколькі вядома, яны паступова занепадалі.
Заклікалі ісьці на выбары, абвяшчалі войны,
уводзілі падаткі, сканфіскоўвалі маёмасьць,
арыштоўвалі людзей і спрабавалі ўвесьці цэнзуру,
таму ніхто на плянэце іх не паважаў. Прэса кінула
пісаць пра іхную дзейнасьць і не публікавала
іхных фатаграфіяў. Палітыкі былі змушаныя шукаць
сумленны занятак; некаторыя сталіся добрымі
комікамі ды знахарамі. Але рэчаіснасьць, без
сумневу, была больш складанай, чым гэты кароткі
яе пераказ.
Ён зьмяніў голас і сказаў:
— Я пабудаваў гэты дом, такі самы, як усе
астатнія. Я змайстраваў гэтую мэблю і гэтыя
прылады. Я працаваў на зямлі, на якой іншыя,
каго я ня бачыў, працавацьмуць лепш за мяне.
Я магу паказаць табе сёе–тое.
Я пайшоў за ім у сумежны пакой. Ён запаліў лямпу,
што таксама зьвісала са столі. У куце я ўбачыў
арпу зь некалькімі струнамі. На сьценах віселі
прастакутныя палотны, на якіх пераважалі
адценьні жоўтага колеру. Было не падобна, што яны
былі зробленыя адною і тою ж рукою.
— Гэта я намаляваў, — абвесьціў ён.
Я пачаў разглядваць палотны і спыніўся ля
самага маленькага, на якім быў намаляваны заход
сонца або прынамсі якое было натхнёнае ім і ў
якім было зьмешчанае нешта бясконцае.
— Калі яно падабаецца табе, можаш забраць яго
як напамін пра свайго сябра з будучыні, — сказаў
ён спакойным голасам.
Я падзякаваў, але ж мяне ўзрушылі іншыя палотны.
Не сказаў бы, што яны былі белымі, але амаль
белымі.
— Яны расфарбаваныя колерамі, якіх твае
старажытныя вочы ня могуць убачыць.
Далікатныя рукі правялі па струнах арпы, і я
ледзь здолеў пачуць нейкія гукі.
Менавіта тады пачулася груканьне.
Якаясь высокая жанчына ды тры або чатыры
мужчыны ўвайшлі ў дом. Было падобна, што яны былі
братамі або іх зраўняў час. Мой госьць загаварыў
спачатку з жанчынай.
— Я ведаў, што ты прыйдзеш гэтай ноччу. Бачышся
зь Нільсам?
— Іншы раз увечары. Ён, як заўжды, адданы
жывапісу.
— Будзем спадзявацца, што з большым посьпехам,
чым ягоны бацька.
Рукапісы, карціны, мэбля, прылады; мы нічога не
пакінулі ў доме.
Жанчына працавала нароўні з мужчынамі. Мне
стала сорамна з–за маёй худзізны, з–за якой я
амаль нічым ня мог ім дапамагчы. Ніхто не зачыніў
дзьвярэй, і мы выйшлі, абцяжараныя рэчамі.
Я адзначыў, што дах быў двухскатным.
Прайшоўшы хвілін зь пятнаццаць, мы зьвярнулі
налева. У глыбіні я разгледзеў частку вежы,
каранаваную купалам.
— Гэта крэматорый, — сказаў нехта. — Унутры
знаходзіцца камэра сьмерці. Кажуць, быццам яе
вынайшаў адзін філянтроп, якога звалі, здаецца,
Адольф Гітлер.
Вартаўнік, чый рост мяне ўжо ня ўразіў, адчыніў
нам краты.
Мой гаспадар прашаптаў нейкія словы. Перад тым,
як увайсьці ў памяшканьне, ён разьвітаўся,
махнуўшы рукою.
— Сьнег яшчэ будзе ісьці, — абвесьціла жанчына.
У маім пісьмовым стале на вуліцы Мехіка я
перахоўваю палатно, якое нехта, праз тысячы
гадоў, расфарбуе матар’яламі, раскіданымі цяпер
на плянэце.
Пераклаў з гішпанскай Анатоль
Прасаловіч паводле Jorge Luis Borges. Ficciones. — Alianza Editorial.
Madrid, 1997
|