Чарлз
Букоўскі — адзін
з найвядомейшых сучасных амэрыканскіх празаікаў
і паэтаў, адзін з найбольш уплывовых і тых, каго
найбольш пераймаюць. Ён нарадзіўся ў Андэрнаху
(Нямеччына), а вырас і амаль усё жыцьцё правёў у
Лёс–Анджэлесе. Першае апавяданьне надрукаваў у
1944 годзе, а паэзію ён стаў пісаць у 35 гадоў.
Памёр у 1994 годзе. За сваё жыцьцё ён надрукаваў
больш за 45 кніг паэзіі і прозы, у тым ліку раманы Post
office (1971), Factotum (1975), Women (1978), Ham on Rye
(1982), Hollywood (1989). Апошні ягоны раман — Pulp
(1994). Апошнія кнігі — пасьмяротныя выданьні: Shakespeake
Never Did This (1995), Living on Luck: Selected Letters 1960s–1970s,
Volume 2 (1995) i Betting on the Muse: Poems & Stories (1996).
ТЫ ЦАЛАВАЎ ЛІЛІ
Была серада, вечар. Па
тэлевізары не паказвалі нічога цікавага.
Тэду было 56, ягонай жонцы Марджы — 50. Яны
пражылі разам 20 год, і ў іх не было дзяцей. Тэд
выключыў сьвятло. Яны ляжалі ў цемры.
“Ну што, — сказала Марджы, — хіба ты не пацалуеш
мяне перад сном?”
Тэд уздыхнуў, павярнуўся да яе і лёгенька
пацалаваў.
“І гэта па–твойму пацалунак?”
Тэд не адказаў.
“Тая жанчына ў тэлепраграме выглядала рыхтык як
Лілі, так?”
“Ня ведаю”.
“Ведаеш”.
“Паслухай, не пачынай зноў, і ўсё будзе ціха”.
“Ты проста ня хочаш абмяркоўваць праблемы. Хочаш
схавацца ў сваё маўчаньне. Ну адкажы шчыра, тая
жанчына ў тэліку была падобная да Лілі, так?”
“Ну, добра, добра, трохі падобная”.
“Гэта навяло цябе на думкі аб Лілі?”
“Сьвяты Божа!”
“Не круці! Гэта нагадала табе аб ёй?”
“Ну, мо’ на хвіліну...”
“Табе было прыемна?”
“Слухай, Мардж, гэта было пяць гадоў таму!”
“А хіба час зьмяняе тое, што адбылося?”
“Я ж папрасіў у цябе прабачэньня!”
“Прабачэньня! А ты ведаеш, што я адчувала? Уяві
сабе, што я б зрабіла тое самае зь іншым мужыком.
Як бы табе спадабалася?”
“Ня ведаю. Паспрабуй, тады даведаюся”.
“Ах ты нахаба! Жартачкі табе!”
“Мардж, мы ўжо 500 разоў аб гэтым размаўлялі”.
“Калі ты кахаўся зь Лілі, ты цалаваў яе гэтак жа,
як мяне сёньня?”
“Не, напэўна, ня так...”
“А як тады, як?”
“Хрыстом Богам цябе прашу, спыніся!”
“Як?”
“Ну, па–іншаму”.
“Як гэта па–іншаму?”
“Ну, у гэтым было нешта новае. Я быў узбуджаны”.
Марджы села й завіскацела, пасьля змоўкла.
“Значыць, калі ты цалуеш мяне, гэта цябе не
ўзбуджае, так?”
“Мы звыкліся адно з адным”.
“Але ж гэта і ёсьць каханьне: жыць і сталець
разам”.
“Ну!”
“Ну? Што значыць “ну”?
“Я хацеў сказаць, што згодны з табою”.
“Ты кажаш гэта проста так, бо ня хочаш
размаўляць. Ты пражыў са мною столькі год! Скажы,
чаму?”
“Я ня ўпэўнены. Людзі проста звыкаюцца зь нечым,
напрыклад, з працай. Проста звыкаюцца. Так заўжды
выходзіць”.
“Ты маеш на ўвазе, што жыцьцё з мною — гэта як
праца? Гэта цяпер як праца?”
“Не, на працы можна сачкануць”.
“Вось ты заўжды так! Вось гэта сур’ёзна”.
“Ну”.
“Ну? Ах ты, дупа агідная! Ты ўжо амаль засынаеш!”
“Марджы, што ты ад мяне хочаш? Ужо колькі гадоў
прайшло!”
“Добра, я скажу, што я ад цябе хачу! Я хачу, каб ты
цалаваў мяне, як тады Лілі! Я хачу, каб ты трахнуў
мяне так, як яе!”
“Я не магу...”
“Чаму? Бо я не ўзбуджаю цябе так, як Лілі? Бо ты
звыкся са мной?”
“Ды я амаль што ня памятаю Лілі!”
“Ты мусіш памятаць дастаткова. Ну добра, табе не
абавязкова трахаць мяне! Проста пацалуй мяне, як
тады Лілі!”
“Божухна! Марджы, калі ласка, спыніся, я прашу
цябе!”
“Я хачу ведаць, чаму мы пражылі столькі год
разам. Ці змарнавала я сваё жыцьцё?”
“Так робяць усе, ці амаль што ўсе”.
“Марнуюць сваё жыцьцё?”
“Мне так здаецца”.
“Знаў бы ты, як я цябе ненавіджу!”
“Хочаш разьвесьціся?”
“Разьвесьціся? Божухна, як спакойна ты гэта
кажаш! Ты загубіў маё няшчаснае жыцьцё і цяпер
пытаешся, ці не хачу я разьвесьціся?! Мне
пяцьдзясят! Я аддала табе лепшыя гады! Куды мне
цяпер ісьці!?”
“А йдзі ты ў пекла! Я стаміўся ад твайго крыку,
стаміўся ад тваёй лаянкі!”
“Уяві сабе, што я зрабіла тое ж самае зь іншым
мужыком!”
“Шкада, што не зрабіла!”
Тэд заплюшчыў вочы. Марджы ўсхліпвала. На вуліцы
брахаў сабака. Нехта спрабаваў завесьці машыну,
але яна не заводзілася. У невялічкім мястэчку
ў Ілінойсе было 18° па Цэльсію. Джымі Картэр
быў прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.
Тэд захроп. Марджы адчыніла ніжнюю шуфляду
камоды, дастала зараджаны рэвальвэр дваццаць
другога калібру й вярнулася ў ложак.
Яна патрэсла мужа: “Тэд, даражэнькі, ты храпеш...”
“Што такое?” — запытаўся той.
Яна зьняла рэвальвэр з засьцерагальніка,
прыклала рулю да мужавых грудзей і націснула
курок. Ложак страсянуўся, і яна адняла рэвальвэр.
Гук, падобны да пярдзеньня, зьляцеў з вуснаў Тэда.
Ён, здавалася, не адчуў болю. Месяц зазіраў у
вакно. Марджы ўбачыла маленькую дзірачку і трохі
крыві вакол яе. Яна прыставіла рэвальвэр да
Тэдавых грудзей з другога боку й зноўку націснула на
курок. Гэтым разам Тэд ня выдаў ніводнага гуку,
але ўсё шчэ дыхаў. Марджы зірнула на яго: з
грудзей цурчэла кроў. У крыві быў рэзкі пах.
Цяпер, калі Тэд паміраў, яна гатовая была зноў
закахацца ў яго. Але Лілі, варта было згадаць пра
Лілі... Вусны Тэда на яе вуснах, і ўсё астатняе. Ёй
захацелася зноўку стрэліць у яго. Тэд заўсёды
добра выглядаў у швэдры, і зялёны колер яму
пасаваў, а перш чым пернуць у ложку, заўсёды
спачатку адсоўваўся — ён ніколі не пярдзеў на яе.
Працу ён таксама прагульваў толькі зрэдку.
Заўтра давядзецца прагуляць... Марджы яшчэ крыху
пахліпала, а потым заснула.
Калі Тэд абудзіўся, яму здалося, нібы ягоныя
грудзі працяла доўгае, вострае трысьцё. Болю не
было. Ён прыклаў рукі да грудзей і падняў іх, каб
разгледзець у сьвятле месяца. Рукі запэцкаліся ў
кроў. Гэта зьдзівіла яго. Тэд паглядзеў на Марджы.
Тая спала, сьціскаючы ў руках рэвальвэр, якім ён
навучыў яе карыстацца дзеля самаабароны. Ён сеў у
ложку, і кроў зь дзірак заструмянілася хутчэй.
Марджы стрэліла ў яго, калі ён спаў. З–за
блядзкай Лілі, зь якою ён нават ня здолеў кончыць.
Ён падумаў: “Я паміраю, але калі я здолею ўцячы
ад яе, у мяне будзе шанец!”
Тэд асьцярожна дацягнуўся да рукі Марджы,
расьціснуў ёй пальцы і ўзяў рэвальвэр, усё яшчэ
зьняты з засьцерагальніка.
“Я не хачу цябе забіваць, — думаў ён, — я толькі
хачу ўцячы. Здаецца, што апошнія пятнаццаць гадоў
мне толькі й карцела, што ўцячы ад цябе!”
Ён здолеў падняцца з ложку, пацэліў у правае
сьцягно Марджы і стрэліў. Тая закрычала, але ён
заціснуў ёй рот. Пачакаўшы некалькі хвілін, ён
адняў руку.
“Што ты робіш, Тэадор?”
Ён зноўку пацэліў Марджы ў сьцягно, гэтым разам у
левую нагу. Стрэл. Тэд перарваў новы крык Марджы,
зноўку заціснуўшы ёй рот. Праз колькі хвілін ён
ізноў адняў руку.
“Ты цалаваў Лілі!” — прахрыпела Марджы.
У рэвальвэры заставаліся яшчэ дзьве кулі. Тэд
выпрастаўся й паглядзеў на дзірку ў грудзёх: рана
з правага боку болей не крывавіла. З другое
дзіркі рытмічна выпырскваўся тонкі, як голка,
чырвоны струменьчык.
“Я заб'ю цябе”, -- захрыпела Марджы з ложку.
“Табе дужа хочацца, праўда?”
“Так. Так, і я гэта зраблю”.
Тэд адчуў млосьць і галавакружэньньне. Дзе ж паліцыя? Павінныя ж былі яны пачуць усе гэтыя стрэлы? Дзе ж яны? Няўжо ніхто ня чуў стрэлаў?
Ягоны позірк упаў на вакно. Ён стрэліў у шыбу. Ён адчуваў, што слабее. Ён упаў на калені і папоўз да іншага вакна. Зноўку стрэліў. Куля зрабіла ў шыбе круглую дзірку, але шкло не рассыпалася. Перад ім прамільгнуў чорны цень і зьнік.
Ён падумаў - трэба неяк пазбавіцца гэтай чортавай зброі!
Тэадор з апошняй моцы кінуў рэвальвэр у шыбу. Шкло разьляцелася, але рэвальвэр зваліўся назад на падлогу ў пакоі…
Калі ён ачомаўся, над ім стаяла жонка. Яна сапраўды стаяла на тых самых дзьвюх нагах, якія ён прастрэліў, і перазараджала рэвальвэр.
“Я заб’ю цябе”, — сказала яна.
“Марджы, напрамілы Бог! Я кахаю цябе!”
“Паўзі, ілжывая сука!”
“Марджы, прашу цябе!”
Тэадор папоўз у іншы пакой. Жонка йшла за ім.
“Ну дык што, ты ўзбуджаўся, цалуючы Лілі?”
“Не, не! Мне не падабалася! Мне было агідна!”
“Я табе адстрэлю твае юрлівыя вусны”.
Яна прыклала рулю да вуснаў.
“Вось табе пацалунак! Трымай!”
Яна стрэліла. Куля зьнесла частку ніжняе губы й
кавалак сківіцы.
Тэд захаваў прытомнасьць. Ён заўважыў свой бот на
падлозе, сабраў апошнюю моц і кінуў яго ў шыбу.
Шкло разьляцелася, і бот упаў за вакно. Марджы
прыклала рэвальвэр сабе да грудзей і націснула
на курок...
Калі паліцыянты высадзілі дзьверы, Марджы
стаяла ў сваім ружовым халаце, трымаючы ў руках
рэвальвэр.
“Спакойна, пані, кіньце рэвальвэр!” —
сказаў паліцыянт.
Тэд усё яшчэ спрабаваў выпаўзьці са спальні.
Марджы пацэліла ў яго, стрэліла, але схібіла й
павалілася на падлогу.
“Што тут у вас за д’ябальшчына?” — запытаўся
адзін з паліцыянтаў, нахіліўшыся да Тэда. Той
павярнуў галаву з крывавай дзіркай заміж роту.
“Скрр! — прамовіў Тэд, — скрр!”
“Як мяне дасталі гэтыя сямейныя сваркі!” —
адазваўся другі паліцыянт. — “Проста дурдом!..”
“І не кажы”.
“Сёньня ўраніцы і я з жонкай пасварыўся. Усё
пачынаецца на пустым месцы”.
“Скрр!” — выгукнуў Тэадор.
Лілі сядзела ў хаце і глядзела па тэлевізары
кіно з Марлонам Брандо. Яна была адна. Яна заўсёды
любіла Марлона.
Лілі ціха пернула, задзерла халат і пачала сябе
лашчыць.
ЗАНЯПАД
У панядзелак апоўдні ў “Галодным Дыямэнце” не
было нікога, апроч двух: Мэла ды бармэна. Звычайна
вечар у пятніцу — мёртвы час у Лёс–Анджэлесе,
але ён ня йдзе ні ў якае параўнаньне з поўднем у
панядзелак. Бармэн Карл піў з–пад стойкі. Мэл
сядзеў побач, нахіліўшыся над куфлем зялёнага
піва, на якім даўно ўжо не было й сьледу пены і
ўсялякага смаку.
“Зара я табе нешта раскажу”, — сказаў Мэл.
“Давай”, — адказаў бармэн.
“Раз увечары бомкнуў мне дзяцюк, зь якім я
працаваў у Акроне. Яго звольнілі за п’янку, і ён
ажаніўся з мэдсястрою і жыве на яе зарплату. Як
папраўдзе, мне іх сямейка ня дужа, але ты ж знаеш,
як прычэпяцца...
“Ну”, — пагадзіўся бармэн.
“Ну дык звоняць яны мне. Слухай, налі мне шчэ
піва замест гэтых сцулёў”.
“На, толькі пі трохі хутчэй, бо яно за гадзіну
выдыхаецца”.
“Добра... І яны кажуць, што вырашылі праблему,
што мяса няма. Я сам сабе думаю, якога такога
мяса няма? І запрашаюць да сябе ў госьці. Мне
асабліва рабіць няма чаго, і я іду. Прыходжу,
значыцца, туды. Эл, так завуць гэтага дзецюка,
урубае тэлік, і мы глядзім футбол — “Бараны” з
кімсь гуляюць. Эрыка, ягоная жонка, на кухні
робіць салату. Я нагадваю Элу пра піва —
я піва прынёс — і ён адкаркоўвае пару
бутэлек. У пакоі добра й цёпла, бо працуе
абагравальнік. Эл з жонкай выглядаюць так, нібыта
два дні не спрачаліся. І ўвогуле, усё спакойна.
Эл кажа нешта пра Рэйгана й беспрацоўе, але я ніяк
не рэагую — усё гэта наганяе на мяне нуду.
Знаеш, мне пляваць, што краіна йдзе на дно,
пакуль я сам на плаву”.
“Правільна”, — пагадзіўся бармэн і прыклаўся
да свае шклянкі з–пад стойкі.
“Ну вось, Эрыка, мэдсястра, прыходзіць з кухні,
сядае, п’е з намі піва. Яна кажа, што для дактароў
усе пацыенты — быдла, што ўсім ім абы патрахацца.
Яны думаюць, што сваё гаўно ня пахне. Эл ёй лепшы
за любога лекара. Хіба ж гэта не хірня?”
“Ня знаю. Я з Элам не знаёмы”, — адказаў бармэн.
“Дык вось, пакуль мы гуляем у карты, “Бараны”
прайграюць. Пасьля пары партыяў Эл зьвяртаецца
да мяне: “Знаеш, у мяне дзіўная жонка. Ёй
падабаецца, калі хтось назірае, як мы сэксам
займаемся”.
“Так, — кажа яна, — гэта мяне па–сапраўднаму
заводзіць”.
“Але вельмі цяжка, — працягвае Эл, — знайсьці
когась, каб узяўся назіраць. Гэта табе ня раз
плюнуць!”
Я нічога не адказваю, бяру яшчэ дзьве карты й
падымаю стаўкі на пяць цэнтаў. Эрыка кідае карты
на стол, Эл робіць тое самае, і яны ўскокваюць. Яна
сунецца праз увесь пакой, а Эл ідзе за ёю.
“Ты блядзь! — кажа ён, — блядзь бязбожная!”
Слухай, гэта муж так называе сваю жонку!
“Ты, блядзь!” — крычыць Эл. Ён заганяе Эрыку ў
кут, дае ёй у морду й зрывае зь яе швэдар.
“Блядзь!” — зноўку крычыць ён, зноў дае ёй у
морду й валіць на зямлю. Спадніца на ёй парвалася,
яна дрыгае нагамі ды енчыць. Эл уздымае яе, цалуе
й кідае на канапу, кідаецца на яе, цалуе й зрывае
зь яе ўсё. Хутка яна ўжо без трусоў, і Эл бярэцца
за дзела. Пакуль Эл яе трахае, Эрыка выглядае
з–пад яго, каб упэўніцца, што я назіраю. Яна
бачыць, што я сачу, і пачынае выкручвацца, як
звар’яцелая зьмяя. Яны добра заводзяцца й
канчаюць. Эрыка падымаецца й ідзе ў ванну, а Эл
прыносіць з кухні яшчэ два півы. “Дзякуй, — кажа
ён, — ты нам вельмі дапамог”.
“А што было пасьля?” — запытаўся бармэн.
“Пасьля... “Бараны” нарэшце забілі гол, і па
тэліку узьняўся лямант. Эрыка выйшла з ванны й
пайшла на кухню. Эл зноўку зьвярнуўся да Рэйгана.
Ён згодны з Шпэнглерам, што Захад пачынае
занепадаць. Людзі сталі сквапныя. Заняпад
паўсюль. Яшчэ пару хвілінаў ён цягнуў ката за
хвост, а тады Эрыка паклікала нас да стала. Мы
сядаем. Вельмі добра пахне смажанінай. Зьверху на
ёй — кавалачак ананаса. На выгляд — верхняя
частка галёнкі. Мне нават здаецца, што гэта
падобна да калена. “Эл, — не вытрымліваю я, —
гэты кавалак мяса выглядае рыхтык як з чалавечае
нагі”.
А ён адказвае: “Гэта нага і ёсьць”.
“Шо, так і сказаў?” — запытаўся бармэн,
выпіваючы чарговую шклянку з–пад стойкі.
“Так і сказаў. Калі чуеш штось такое, ня знаеш,
што й думаць. Вось ты што б падумаў?”
“Я б падумаў, што ён жартуе”, — адказаў бармэн.
“Ну так. Вось я й кажу: “Клас, Эл, адрэж мне
кавалачак”. Ён адрэзаў мне. На стале была таксама
таўканіца, кукуруза, цёплы хлеб і салата з
фаршаванымі аліўкамі. Эл прапанаваў пакаштаваць
мяса з гарчыцай. Мне спадабалася.
“Слухай, Эл, — дабіваюся я, — мяса нішто сабе.
Што гэта?”
“Я ж табе казаў, — ён мне, — нага з каленам. Мы
ўзялі падвезьці хлопца гадоў чатырнаццаці, які
галасаваў на Галівудзкім бульвары. Запрасілі яго
дамоў, накармілі, а пасьля ён тры ці чатыры дні
назіраў за намі, як ты сёньня. Потым ён нам з
Эрыкай надакучыў, і мы яго парэзалі на кавалкі й
закінулі ў лядоўню. Гэта нашмат лепш за курыцу,
хоць я й аддаю перавагу добраму біфштэксу”.
“Ён так і сказаў?” — ня вытрымаў Карл і
пацягнуўся за наступнай шклянкай.
“Менавіта так. Налі мне яшчэ піва”.
Мэл працягваў: “Я ўсё яшчэ думаў, што ён жартуе
й сказаў: “Добра, Эл, пакажы мне сваю маразілку”.
“Хадзем, — кажа ён, — во, глядзі”.
Эл адчыняе дзьверцы, і я бачу тулава, паўтары
нагі, дзьве рукі й галаву. Во так усё й расьсечана.
На выгляд усё вельмі гігіенічна, але мне ня надта
падабаецца. Галава ўся да верхняе губы
замарожаная, з рота вываліўся язык. І шырока
расплюшчаныя блакітныя вочы.
“Божа мой! Эл! — кажу я яму. — Ты ж забойца! Не
магу паверыць! Якое гідоцтва!”
“Прачніся, — кажа ён, — людзі гінуць мільёнамі
ў войнах, і хтось мае за гэта мэдалі. Палова
плянэты памірае з голаду, пакуль мы тут сядзім ды
глядзім на гэта па тэліку”.
“Шчыра кажу табе, Карле, мне падалося, што
сьцены кухні пачалі кружыцца, перад маімі вачыма
ўсё стаялі тыя галава, рукі, адсечаная нага...
Што зьдзіўляе ў забітай істоце — дык гэта
спакой. Табе чамусь здаецца, што яна ўсё шчэ
мусіць крычаць. Мяне пачало ванітаваць.
Я даволі доўга прастаяў над кухоннай
чарупінай, а пасьля сказаў Элу, што мне трэба
йсьці. Думаю, ты таксама хацеў бы сысьці адтуль”.
“Як хутчэй!”
“Эл стаў у мяне на дарозе й кажа: “Слухай, гэта
ніякае не забойства. Забойства не йснуе. Усё, што
табе патрэбна, — гэта пазбыцца ілюзіяў, якімі нас
грузяць, і ты — свабодны чалавек, свабодны,
разумееш?”
“Адыйдзі ад дзьвярэй, Эл, я выбіраюся адсюль!”
Тут ён хапае мяне за кашулю й пачынае яе ірваць.
Я б’ю яго ў морду, але ён за сваё. Я б’ю яго
шчэ й шчэ, але ён, здаецца, нічога ня чуе. Па тэліку
ўсё гуляюць “Бараны”. Толькі я адступіў на крок
ад дзьвярэй, як падбягае Эрыка, хапае мяне й
пачынае цалаваць. Я ня ведаю, што рабіць. Яна
баба моцная й добра ўмее ўсялякія мэдсястрынскія
хітрыкі. Я спрабую адштурхнуць яе, але ў мяне
нічога не выходзіць. Яна мяне цалуе ў вусны, яна
такая ж вар’ятка, як і Эл. Я пачынаю
ўзбуджацца, нічога не магу з сабою зрабіць. На
морду яна ня надта харошая, але мне падабаюцца яе
ногі й вялікая срака. На ёй самая аблягаючая
сукенка, якую толькі магчыма сабе ўявіць. На смак
яна як вараная цыбуля, і ў яе тоўсты, сьлінявы
язык. Але яна пераапранулася ў гэтую зялёную
сукенку, і калі я яе задзіраю, то бачу
крывава–чырвонае сподняе, і гэта мяне сапраўды
заводзіць. Я заўважаю, што Эл таксама
ўзбудзіўся. Я кінуў Эрыку на канапу й пачаў
трахаць, а Эл стаяў над намі, цяжка дыхаючы. Мы
займаліся гэтым усе разам, сапраўднае трыа, затым
я падняўся й паправіў вопратку. Пасьля пайшоў у
ванну, спырскнуў вадою твар і прычухаўся. Калі я
выйшаў, яны абодва сядзелі на канапе й глядзелі
футбол. Эл адчыніў мне піва, я сеў, выпіў і выкурыў
цыгарку. Потым сабраўся йсьці. Яны сказалі:
“Бывай”, і Эл нагадаў, што я магу званіць калі
хачу. Я выйшаў на двор, сеў у машыну й зьехаў.
Вось і ўсё”.
“І ты не заявіў на іх у паліцыю?” — зьдзівіўся
бармэн.
“Ведаеш, Карле, гэта ня так проста. Яны нібыта
прынялі мяне ў сям’ю, нават не спрабавалі нічога
ад мяне ўтойваць”.
“Выходзіць, ты — хаўрусьнік у забойстве”.
“Але ж знаеш, Карле, я прыйшоў да думкі, што яны
някепскія людзі. Я знаю сяго–таго, хто нікога не
забіваў, але нашмат горшы за іх. Халера тут
разьбярэ... Нават таго дзецюка ў маразілцы я
ўспрымаю як вялікага замарожанага труса...”
Раптам бармэн выхапіў з–пад стойкі “Люгера” і
наставіў на Мэла.
“Вось што, табе лепш не варушыцца, пакуль я буду
званіць у паліцыю”.
“Слухай, Карле, гэта не тваё дзела”.
“Як не маё! Я грамадзянін, і не магу папусьціць
вас, гнідаў, вось так проста забіваць людзей і
запіхваць іх у маразілкі. Наступным магу быць я!”
“Паслухай, Карле, паслухай мяне! Я хачу
сказаць табе нешта”.
“Ну, кажы”.
“Гэта быў прыкол”.
“Ты маеш на ўвазе — усё, што казаў?”
“Так, гэта ўсё прыкол. Вялікі жарт. Я задурыў
табе мазгі. А зараз адкладзі зброю й плёхні ж
нам па скотчы”.
“Усё гэта — прыкол?”
“Я ж сказаў, прыкол”.
“Не, гэта не прыкол. Надта дэталёва ты ўсё
апісаў. Так не прыдумваюць. Гэта ня жарт. Ніхто
так не жартуе”.
“Кажу табе, Карле, я ўсё прыдумаў”.
“Ідзі на хер, я табе ня веру”.
Калі Карл пацягнуўся ўлева да тэлефону на
стойцы, Мэл схапіў бутэльку піва і ўдарыў бармэна
па твары. Выпусьціўшы пісталет, той схапіўся за
твар. Мэл скочыў за стойку і ўдарыў Карла яшчэ
раз, гэтым разам за вухам. Бармэн упаў. Мэл падняў
“Люгер”, старанна пацэліў і націснуў курок.
Затым паклаў пісталет у руды папяровы пакет,
выскачыў з–за стойкі і выйшаў з бару на бульвар.
На парковачным лічыльніку ля ягонай машыны
выйшаў час, але паліцэйскага квітка не было. Ён
сеў у машыну й зьехаў.
НАКIПЕЛАЕ ГОРА
Паэт Віктар Валофф быў ня вельмі добрым паэтам.
Ён быў вядомы ў вузкіх колах, яго кахалі жанчыны,
а ўтрымлівала жонка. Ён часта выступаў у мясцовых
кнігарнях і даволі часта — па альтэрнатыўных
радыёстанцыях. Вершы ён дэклямаваў гучным і
драматычным голасам на адной ноце. У Віктара
заўсёды быў параксізм. Менавіта гэта й
прываблівала жанчын, я думаю. Некаторыя зь ягоных
радкоў, узятыя паасобку, здавалася, нясуць у сабе
нейкую моц, але калі паслухаць верш цалкам,
рабілася ясна, што Віктар нічога ня кажа, толькі
робіць гэта голасна.
Але Вікі, як і большасьць жанчын, лёгка
паддавалася чарам дурняў. Яна ўгаварыла мяне
пайсьці паслухаць, як Валофф чытае вершы.
Фэмінісцка–лесьбійска–рэвалюцыйная
кнігарня, задуха, вечар. Уваход бясплатны. Валофф
чытаў бясплатна, а пасьля мелася адбыцца выстава
ягоных карцін. Манэра ягонага жывапісу была
вельмі мадэрновай: адзін–два штрыхі, звычайна
чырвоныя, і невялічкая эпіграма кантраснага
колеру. Гэта было нешта мудрагелістае, накшталт:
Зялёныя нябёсы плывуць на мой жагляр.
Я плачу шарым, шэрым, шарым, шэрым...
Валофф быў вельмі разумны. Ён ведаў, што шары й
шэры — гэта адзін і той жа колер.
У краме паўсюль віселі фотаздымкі Тыма Ліры й
надпісы “Рэйгана на муку”. Я нічога ня меў
супраць надпісаў “Рэйгана на муку”. Валофф
устаў і падыйшоў да сцэны, трымаючы ў руцэ
бутэльку піва.
“Паглядзі, — сказала Вікі, — ты толькі глянь на
ягоны твар! Колькі пакутаў адбілася на ягоным
твары!”
“Угу, — адказаў я, — а зараз буду пакутаваць
я”.
У Валоффа й сапраўды быў цікавы твар, калі
параўнаць з тварамі большасьці паэтаў. Але калі
параўнаць з тварамі большасьці паэтаў, дык у
любога будзе цікавы твар.
Віктар Валофф пачаў:
“На ўсход ад Суэцкага канала майго сэрца
пачынае і гудзе гудзе гудзе
змрочная ціша ціхі змрок
і раптам лета прарываецца,
як нападнік, што пракраўся ў штрафную пляцоўку
майго сэрца!”
Віктар пракрычаў апошні радок, і нехта побач са
мной кінуў: “Да чога ж хораша!”
Гэта была мясцовая паэтка–фэміністка, якой
надакучылі мурыны і якая цяпер трахалася ў
спальні з уласным дабэрманам. У яе былі рудыя,
заплеценыя ў косы валасы й пусты позірк. Падчас
чытаньня сваіх твораў яна грала на мандаліне.
У большасьці ейных вершаў ішлося пра мёртвы
сьлед дзіцяці на пяску. Яе муж быў урач. Іх ніколі
ня бачылі разам (прынамсі, яму ставала мазгоў, каб
не наведваць паэтычных чытаньняў). Ён даваў жонцы
дастаткова грошай, каб тая магла пісаць вершы ды
карміць дабэрмана.
Валофф працягваў:
“Докі ды догі ў драпежны дзень
Блукаюць мозгам маім нібы цень.
О, нібы цень, недаравальны цень
Я хістаюся між сьветам і цемрай...”
“Тут я зь ім згодны!” — шапнуў я Вікі.
“Цыць, калі ласка”, — адказала яна.
“З адною тысячай пісталетаў
і адною
тысячаю дароў
я іду празь сенцы свайго розуму,
да забойства тысячы сьвятароў!”
Я намацаў паўлітроўку, адкаркаваў і добра
прыклаўся.
“Паслухай, — прамовіла Вікі, — ты заўсёды
набіраешся на чытаньнях. Ну няўжо так цяжка
пачакаць?”
“Я набіраюся й на ўласных чытаньнях, — адказаў
я, — ад сваіх твораў мяне таксама нудзіць”.
“Жаваная літасьць, — працягваў Валофф, —
вось чым мы ёсьць,
жаваная літасьць,
жаваная, жаваная, жаваная літасьцівасьць...”
“Зараз ён скажа штосьці пра крумкача”, —
заўважыў я.
“Жаваная літасьць, — гугніў Валофф, —
І крумкач назаўжды...”
Я засьмяяўся. Валофф пазнаў мой сьмех. Ён
зіркнуў на мяне з пагардай і прамовіў: “Лэдзі й
джэнтэльмэны, сёньня сярод нас паэт Генры
Чынаскі”.
Навокал зашыкалі. Яны мяне добра ведалі.
“Сэксісцкая сьвіньня!” “Алкаш!” “Даўбаёб!”
Я глынуў яшчэ.
“Калі ласка, Віктар, працягвайце!” —
прапанаваў я.
Ён так і зрабіў.
“...прыгавораны да гарба доблесьці
сурагатны нікчэмны ўсё бліжэй прастакутнік
ня большы за ген у Генуі
учацьвёранае апярэньне хахлаткі
а кітаёза плача горка–салодка й па–дзікунску
ў яе футра!”
“Так прыгожа, — сказала Вікі, — але што ён мае
на ўвазе?”
“Ён мае на ўвазе мінэт жанчыне”.
“Я так і думала. Які ён прыгожы мужчына!”
“Спадзяюся, што мінэт ён робіць лепей, чым
піша”.
“гора, Хрысьце, маё гора,
гора накіпелае,
зоркі й стужкі майго гора,
вадаспады майго гора,
маё гора, мой фрасунак
па тры рублі ды за клунак...”
“Гэтае гора, — прамовіў я, — мне падабаецца”.
“Гэта ж ужо не мінэт?”
“Не, зараз ён кажа, што яму кепска”.
“кузіна кузэна, д’яблаў тузін,
апушчаныя ў стрэптаміцын,
шчасьлівыя, зжэрлі дашчэнту
мае баявыя сьцягі,
я сьню карнавальную плязму
на ліхаманкавай скуры...”
“А цяпер што ён мае на ўвазе?”
“Ён кажа, што гатовы зноў зрабіць мінэт”.
“Ізноўку?”
Віктар яшчэ трохі пачытаў, а я шчэ трохі выпіў.
Затым ён папрасіў перапынку на дзесяць хвілін.
І прысутныя абступілі сцэну. Вікі таксама
падышла. У залі было горача, і я выйшаў на
вуліцу, каб ахаладзіцца.
Я зайшоў у бар праз паўкварталы ды замовіў піва.
Людзей там было няшмат. Па тэліку паказвалі
баскетбол. Я трохі паглядзеў.
Вядома ж, мне было ўсё роўна, хто перамагае. Маю
галаву сьвідравала адзіная думка: “Бог ты мой, як
яны скачуць! Б’юся аб заклад, што плаўкі ў іх
наскрозь мокрыя. І сракі сьмярдзяць”.
Я ўзяў яшчэ піва й пасунуўся назад у прытулак
паэзіі. Перапынак ужо скончыўся. Валоффа было
чуваць аж за паўквартала:
“Задушыся, Калюмбія, і мёртвыя коні
маёй душы
вітаюць мяне ля брамы,
вітаюць мяне, Гісторыкі
бачаць гэтую Мінуўшчыну,
якую пераскочылі сны гейшы й да сьмерці
прабурыла надакучлівасьць!”
Я сеў на сваё месца побач зь Вікі.
“А зараз аб чым ён гаворыць? — спыталася яна.
“Увогуле, нічога асаблівага. Кажа, яму ўначы ня
сьпіцца. Яму трэба было б працу знайсьці”.
“Ён кажа, што яму трэба знайсьці працу?”
“Не, гэта я кажу”.
“...лемінг і зьнічка — брат і сястра,
барацьба возера — гэта Эльдарада майго сэрца.
Зьнясі мне галаву,
Выцісьні мне вочы,
адхвашчы мяне хвашчом...”
“А цяпер што ён кажа?”
“Ён кажа, што яму трэба вялікай тоўстай бабы,
каб яго добра адшарудзіла”.
“Ня зьдзекуйся. Што ён, праўда, так і сказаў?”
“Мы абодва гэта кажам”.
“...Я здолеў бы зьесьці дазваньня пустэчу,
пусьціць балёны каханьня ў цямрэчу,
прасіць у Індыі назад мульчу...”
Віктар усё балбатаў і балбатаў. Адзін здаровы
на галаву чалавек устаў і выйшаў з кнігарні, усе
астатнія засталіся слухаць.
“...Я кажу: праз пустазельле мёртвых багоў
працягніце!
Я кажу: пальма дае прыбытак,
Я кажу: глядзіце, глядзіце.
Глядзіце навокал,
усё каханьне наша,
усё жыцьцё наша,
Наш сабака на прывязі — Сонца,
нас ніхто не пераможа!
Трахні ласося!
Нам трэба толькі дацягнуцца,
толькі выбрацца зь ясных магілаў
зямля, балота,
клятчастая надзея чаранкоў, якія
прагнуць прышчапіцца да нашых пачуцьцяў.
Нам няма чаго браць
нам няма чаго даць
нам трэба толькі пачаць, пачаць...”
“Вялікі дзякуй, — сказаў Віктар Валофф, — што
прыйшлі”.
Пляскалі вельмі гучна. Тут заўсёды пляскалі.
У сваёй славе Віктар быў грандыёзны. Ён падняў
усё тую ж бутэльку зь півам і нават здолеў
зачырванецца. Пасьля ён усьміхнуўся, як просты
сьмяротны. Жанчынам гэта вельмі спадабалася.
Я дапіў віскі.
Усе яны сабраліся вакол Валоффа. Ён раздаваў
аўтографы й адказваў на пытаньні. Наступным
нумарам праграмы была выстава ягоных карцін.
Я неяк здолеў выцягнуць Вікі з крамы, і мы
пайшлі да машыны.
“Які магутны паэт”, — азвалася яна.
“Так, у яго нядрэнны голас”.
“А як табе ягоныя творы?”
“Я думаю, гэта чыстае мастацтва”.
“А мне здаецца, ты проста зайздросьціш!”
“Давай зойдзем сюды й чагось вып’ем”, —
прапанаваў я. — “Там якраз па тэліку йдзе
баскетбол”.
“Добра”, — згадзілася.
Нам пашанцавала. Гульня яшчэ ня скончылася. Мы
селі.
“Божачкі! — усклікнула Вікі. — Ты толькі глянь,
якія ў гэтых хлапцоў даўгія ногі!”
“Нарэшце ты кажаш нешта разумнае”, — заўважыў
я. — “Што будзеш піць?”
“Скотч з содавай”.
Я замовіў два скотчы з содавай, і мы пачалі
сачыць за гульнёй.
Хлопцы скакалі ўверх–уніз. Цудоўна. Яны
выглядалі так, нібы іх нешта ўзбудзіла. У бары
сядзела хіба пара чалавек. Здаецца, гэта была
найлепшая частка вечара.
НЕ ЗУСIМ БЭРНАДЭТ
Абматаўшы ручніком акрываўлены чэлес, я
затэлефанаваў доктару. Я мусіў пакласьці
слухаўку й набіраць нумар адной рукою, другою
трымаючы ручнік. Пакуль я набіраў, чырвоная пляма
распаўзалася па ручніку. Нарэшце я
датэлефанаваўся да прыёмнага пакою.
“А, пан Чынаскі, ну што гэтым разам? Няўжо
зноўку коркі згубіліся ў вушах?” — пацікавілася
мэдсястра.
“Не, гэта сур’ёзьней. Мне трэба на прыём да
ўрача”.
“Можа, заўтра а чацьвертай?”
“Міс Сімз, гэта неадкладна”.
“А што ў вас такое?”
“Калі ласка, мне неабходна на прыём зараз жа”.
“Добра, прыходзьце, глянем, што там у вас”.
“Дзякуй, міс Сімз”.
Я змайстраваў часовую павязку, разьдзершы
чыстую кашулю й абматаўшы ёю чэлес. На шчасьце, у
мяне знайшлося трохі клейкае стужкі, але старой
ды пажоўклай, і яна дрэнна трымалася.
Апрануць нагавіцы аказалася праблемай. Я
выглядаў так, нібыта ў мяне быў гіганцкі
ўзбуджаны чэлес. Нагавіцы зашпіліліся толькі
напалову. Я неяк дашкандыбаў да машыны, залез у яе
й паехаў на прыём. Выкараскваючыся з машыны, я
напалохаў дзьвюх бабулек, якія выходзілі ад
оптыка. Мне пашэнціла хуценька заскочыць у ліфт і
даехаць да трэцяга паверху без спадарожнікаў.
Заўважыўшы людзей у калідоры, я павярнуўся да
іх сьпіной і прыкінуўся, нібыта п’ю ваду з
фантанчыка. Пасьля прайшоў у прыёмны пакой.
Народу там было шмат, але іхнія хваробы здаваліся
мне проста несур’ёзнымі: нейкія там ганарэя,
герпэс, пранцы, рак і гэтак далей. Я падыйшоў да
мэдсястры.
“А, пан Чынаскі...”
“Калі ласка, міс Сімз, бяз жартаў. Гэта
неадкладна, будзьце ўпэўненыя. Калі ласка,
хутчэй”.
“Доктар зараз прымае пацыента. Будзеце
наступным”.
Я чакаў, стоячы ля перагародкі, што аддзяляла
мэдсястру ад пацыентаў, і як толькі дзьверы
адчыніліся, рынуўся ў кабінэт.
“Чынаскі, што з вамі?”
“Гэта неадкладна, доктар”.
Я хуценька зьняў туфлі й шкарпэткі, нагавіцы й
трусы, ды ўпаў сьпінай на кушэтку.
“Вось гэта павязачка!”
Я не адказваў. Лежачы з заплюшчанымі вачыма, я
адчуваў, як доктар здымае павязку.
“Я ведаў дзяўчынку з аднаго невялічкага
мястэчка, — пачаў я. — Яна гуляла з бутэлькай
з–пад “Кока–Колы”, засунула яе туды й ня
здолела дастаць. Яна была вымушана пайсьці да
ўрача. Вы ж ведаеце, як гэта звычайна бывае ў
невялікіх мястэчках. Хутка ўсё ўсім стала вядома.
Жыцьцё дзяўчыны было сапсавана. Усе сталі яе
пазьбягаць. Ніводзін хлапец і блізка не
падыходзіў да яе, найпрыгажэйшай дзяўчыны ў
мястэчку. Урэшце яна выйшла замуж за
карліка–калечку, прыкаванага да інваліднага
крэсла. Штосьці там у яго было паралізавана”.
“Гэта ўсё добра, — прамовіў доктар, нарэшце
зрываючы павязку, — але як менавіта гэта
здарылася ў вас?”
“Яе зваць Бэрнадэт, ёй 22 гады, яна замужам. У яе
доўгія бялявыя валасы, якія яна ўвесь час змахвае
назад, бо яны лезуць ёй у твар”.
“22?”
“Але. На ёй былі блакітныя джынсы”.
“Нядрэнна вы тут парэзаліся”.
“Яна пастукалася ў дзьверы. Запыталася, ці
можна ўвайсьці. “Безумоўна”, — адказаў я. “Усё
скончана”, — выпаліла яна й рынулася ў
прыбіральню, напаўпрыкрыўшы за сабою дзьверы.
Спусьціла джынсы, потым трусы, села й пачала
сцаць. О! БОЖА!”
“Цярпіце. Я стэрылізую рану”.
“Ведаеце, доктар, мудрасьць прыходзіць
менавіта ў той кляты час, калі маладосьць ужо
прайшла, буры адбушавалі, а дзяўчат і сьлед
прастыў”.
“Праўду кажаце”.
“О–ОХ, ІСУСЕ!”
“Калі ласка, яшчэ трошкі. Рану неабходна добра
прадэзынфікаваць”.
“Яна выйшла з прыбіральні й заявіла, што ўчора
ў яе на вечарынцы я ня здолеў вырашыць праблему
яе няшчаснага каханьня. Што замест гэтага я ўсіх
спаіў ды заваліўся ў ружовы куст. Што я парваў на
сабе нагавіцы, перакуліўся і стукнуўся патыліцай
аб велізарны камень. Нейкі Вілі занёс мяне дамоў.
Маўляў, мае нагавіцы зваліліся, потым трусы, але я
так і ня вырашыў праблему яе няшчаснага каханьня.
Яна паведаміла, што цяпер раман усё адно
скончаны, і што ў любым разе я сказаў усё, што мог
сказаць!”
“Але як вы пазнаёміліся з гэтай дзяўчынай?”
“Я чытаў свае вершы ў “Вэнэцыі”, а пасьля
пазнаёміўся зь ёю ў бары паблізу”.
“Можаце пачытаць мне верш?”
“Не, доктар. Дык вось, яна сказала: “Усё
скончана”, — і села на канапу. Я сеў у фатэлі
насупраць. Яна піла піва й распавядала:
“Разумееш, я кахаю яго, але ён ня йдзе на кантакт,
не жадае размаўляць. Толькі і кажа: “Рэч зусім не
ў табе”. І больш нічога”.
“А зараз, Чынаскі, я вам яго зашыю. Будзе ня
вельмі прыемна”.
“Добра, доктар. Яна ўсё распавядала пра сваё
жыцьцё. Яна ўжо тры разы была замужам. Я сказаў,
што яна нядрэнна захавалася. А яна: “Сапраўды?
Мяне ўжо двойчы забіралі ў псыхушку”.
Я зьдзівіўся: “І цябе таксама?” Яна
запыталася: “Што, і цябе?” “Не, — адказаў я, —
сюю–тую з маіх знаёмых жанчын”.
“Зараз, — прамовіў доктар, — невялічкі шывок.
Толькі і ўсяго. Абрывачак ніткі. Крыху вышыўкі”.
“О, Д’ЯБАЛ! ХІБА НЕЛЬГА ІНАКШ?”
“Не, парэз вельмі глыбокі”.
“Яна сказала, што выйшла замуж у 15 год. Нават
бацькі абзывалі яе прасталыткай за тое, што яна
сустракалася з гэтым хлапцом, і яна выйшла за яго
замуж на злосьць ім. Маці ў яе была алькагаліцай,
толькі выходзіла з псыхушкі, як яе зноў забіралі.
Бацька ўвесь час біў яе. О БОЖА! АСЬЦЯРОЖНЕЙ,
КАЛІ ЛАСКА!”
“Чынаскі, я ня ведаю нікога, каму б жанчыны
прыносілі столькі непрыемнасьцяў, як вам”.
“Пасьля яна пазнаёмілася зь лесьбіянкай, якая
павяла яе ў бар для гомасэксуалістаў. Яна кінула
лесьбіянку й пайшла з гомікам. Яны сталі жыць
разам і часта спрачаліся з–за касмэтыкі.
О, БОЖА МІЛЫ! То яна ўкрадзе ў яго памаду, то ён
у яе. Потым яны ажаніліся...”
“Яшчэ пару шыўкоў. Мяне цікавіць, як менавіта
гэта здарылася?”
“Я ж вам распавядаю, доктар. У іх нарадзілася
дзіця. Потым яны разьвяліся, і яна засталася адна
зь дзіцём. Уладкавалася на працу, наняла няньку,
але зарабляла яна няшмат, і грошай ледзьве
ставала, каб плаціць няньцы. Ёй давялося пайсьці
на панэль, прадаваць сябе па 10 баксаў. Нейкі
час яна займалася гэтым па начох, але справы ня
лепшалі: і вось аднойчы на працы ў “Эвайне” яна
пачала крычаць і не магла спыніцца. Так яе
забралі ў псыхушку. АСЬЦЯРОЖНЕЙ, АСЬЦЯРОЖНЕЙ,
КАЛІ ЛАСКА!”
“Як яе зваць?”
“Бэрнадэт. Яна выйшла з псыхушкі й падалася ў
Лёс–Анджэлес. Там сустрэла Карла й выйшла за яго.
Яна казала, што ёй вельмі падабаюцца мае вершы і
што яна была ў захапленьні ад таго, як пасьля
чытаньня я вёў машыну па тратуары з хуткасьцю
60 міляў у гадзіну. Потым сказала, што
згаладалася й прапанавала купіць мне гамбургер з
фрыткамі. Мы селі ў яе машыну й паехалі ў
“МакДоналдз”. КАЛІ ЛАСКА, ДОКТАР, ВАЗЬМІЦЕ
ВАСТРЭЙШУЮ ГОЛКУ, ЦІ ШТО!”
“Я амаль што скончыў”.
“Мы сядзелі за столікам, елі гамбургеры з
бульбай, пілі каву, і яна распавядала пра сваю
маці. Бэрнадэт моцна турбавалася пра яе, і яшчэ
пра дзьвюх сваіх сясьцёр, адна зь якіх была
вельмі няшчасная, а другая — тупая й задаволеная.
Яшчэ яе непакоілі стасункі Карла зь яе сынам”.
Доктар пазяхнуў і зрабіў яшчэ адзін шывок.
“Я параіў ёй ня ўзвальваць на плечы
непасільную ношу, няхай усе яны самі
разьбіраюцца ў сваіх справах. Раптам я заўважыў,
што яна ўздрыгвае й папрасіў прабачэньня за свае
словы. Я ўзяў яе руку й пачаў церці, потым
другую. Я засунуў яе рукі ў рукавы свайго
паліта”.
“Прабач, — казаў я ёй, — я думаю, ты іх проста
вельмі моцна любіш. Гэта нармальна”.
“Але як гэта здарылася? Вось гэта?”
“Ну, калі мы з Бэрнадэт спускаліся па лесьвіцы,
я абняў яе за талію. Выглядала яна на школьніцу:
доўгія шаўкавістыя бялявыя валасы, вельмі
пачуцьцёвыя, сэксуальныя вусны. І толькі вочы
сьведчылі аб тым, якім пеклам было яе жыцьцё. Яны
ўвесь час былі ў шоку”.
“Калі ласка, бліжэй да справы”, — не сьцярпеў
лекар. — “Я амаль што скончыў”.
“Добра. На тратуары ля майго дому стаяў нейкі
дурань з сабакам, і я параіў Бэрнадэт праехаць
трохі наперад. Яна прыпаркавалася на дарозе за
нейкай машынай. І тут я ўзяў яе за галаву й
пацалаваў. Першы пацалунак быў доўгім, пасьля
яшчэ адзін. Яна сказала, што я сукін сын, а я ёй —
каб не наравілася, і яшчэ раз пацалаваў, таксама
доўга. “Гэй, ты, гэта не пацалунак, — крыкнула
яна, — гэта сэкс, амаль што згвалтаваньне!”
“І пасьля адбылося вось гэта?”
“Не. Я вылез з машыны, і яна сказала, што
затэлефануе дзесьці праз тыдзень. Я ўвайшоў у
кватэру, і тады гэта здарылася”.
“Як?”
“Доктар, магу я быць з вамі шчырым?”
“Ну вядома ж”.
“Добра. Мяне вельмі ўзбудзіла яе цела, твар, яе
валасы, вочы, яе голас, пасьля яшчэ пацалункі”.
“Ну і?”
“Ну і я ўзяў гэтую вазу (яна мне рыхтык
падыходзіць па памеры), усунуў у яе чэлес ды пачаў
думаць пра Бэрнадэт. Усё йшло добра, пакуль
клятае шкло ня трэснула. Я раней карыстаўся
гэтай вазаю некалькі разоў, але мяркую, што гэтым
разам я быў занадта ўзбуджаны. Бэрнадэт — такая
сэксуальная жанчына...”
“Ніколі, ніколі болей не засоўвайце чэлес у
шкляныя пасудзіны!”
“Зь ім усё будзе ў парадку, доктар?”
“Так, вы зможаце зноўку ім карыстацца. Вам
моцна пашэнціла”.
Я апрануўся й пайшоў, і мне ўсё шчэ балела ад
трэньня аб сподняе. Праязджаючы па Вэрмонце, я
спыніўся ля гастраному, — дома скончыліся
прадукты. Я каціў па краме каляску, нагружаючы
яе гамбургерамі, хлебам ды яйкамі. Аднойчы я,
напэўна, распавяду Бэрнадэт пра сваю ліхую
прыгоду. Калі яна прачытае гэта, то ўсё роўна
даведаецца.
Апошняе, што я чуў пра яе, гэта тое, што яны з
Карлам паехалі ў Флёрыду. Яна зацяжарыла, і Карл
настойваў на аборце. Але Бэрнадэт была супраць, і
яны разыйшліся. Яна ўсё яшчэ ў Флёрыдзе. Жыве зь
сябрам Карла, Вілі, які займаецца парнаграфіяй.
Пару тыдняў таму я атрымаў ад яго ліста і яшчэ не
адказаў.
СЬМЕРЦЬ БАЦЬКI ІІ
Мой бацька перажыў маці ўсяго на год. Праз
тыдзень пасьля пахаваньня я стаяў у ягонай хаце ў
Аркадыі. Часам я праязджаў паблізу па дарозе ў
Санта–Аніту, але ніколі не наведваўся сюды.
З суседзямі я быў незнаёмы. Пахаваньне
скончылася, і я падыйшоў да ракавіны, наліў у
шклянку вады, выпіў і выйшаў на двор. Ня ведаючы,
што б яшчэ такое зрабіць, я падняў шлянг,
уключыў ваду й пачаў паліваць кусты. Стоячы на
газоне перад хатай, я заўважыў, што за мною праз
прыадчыненыя фіранкі назіраюць. Неўзабаве яны
пачалі вылазіць на вуліцу. Першай падыйшла
суседка праз дарогу.
“Вы — Генры?” — запыталася яна ў мяне.
“Ён самы”, — адказаў я.
“Мы шмат год ведалі вашага бацьку”.
Падыйшоў яе муж.
“І вашу маці таксама”, — дадаў ён.
Я нахіліўся й выключыў шлянг.
“Можа, зойдзеце ў хату?” — прапанаваў я.
Яны прадставіліся Томам і Нэлі Мілерамі.
“Ах, — усклікнула жанчына, — у яго было столькі
карцін. Ён, напэўна, любіў карціны. Мне вельмі
падабаецца вось гэтая, з млыном на заход сонца”.
“Можаце ўзяць яе сабе”.
“Праўда?”
У дзьверы пазванілі. Гэта былі муж і жонка
Гібсаны, таксама бацькавы суседзі.
“Вы проста выліты бацька!” — усклікнула пані
Гібсан.
“Генры падараваў нам карціну з млыном”.
“Як міла. Я люблю гэтага намаляванага
блакітнага каня”.
“Ён цяпер ваш, пані Гібсан”.
“Ня можа быць”.
“Так, так, бярыце яго”.
Зноў бомкнулі ў дзьверы. Увайшла наступная
пара. Я пакінуў дзьверы прыадчыненымі.
Неўзабаве нейкі мужчына прасунуў галаву ў пакой.
“Я Даў Хадсан. Я прыйшоў бы з жонкай, але яна ў
цырульні”.
“Заходзьце, пане Хадсан”.
Прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі, збольшага
парамі, ды распаўзаліся па хаце.
“А вы ня будзеце прадаваць хату?”
“Думаю, што буду”.
“Вельмі добрае месца”.
“Я ведаю”.
“Якая цудоўная рама! Але мне не падабаецца
карціна”.
“Вазьміце раму!”
“А як жа карціна?”
“Выкіньце яе на сьметнік”.
Я агледзеўся. “Калі некаму падабаецца нейкая
карціна, калі ласка, вазьміце яе сабе”.
Яны так і зрабілі. Хутка на сьценах нічога не
засталося.
“А вам трэба гэтыя фатэлі?”
“Не, ня трэба”.
У хату заходзілі проста мінакі з вуліцы й нават
не турбаваліся прадставіцца.
“А як наконт канапы?” — вельмі гучна запытаўся
нехта. — “Яна вам трэба?”
“Не, канапа мне ня трэба”, — адказаў я.
Яны забралі канапу, вынесьлі столік ды фатэлі.
“Генры, у вас тут недзе быў тостэр”.
Тостэр таксама забралі.
“Вам жа не спатрэбяцца гэтыя талеркі, так?”
“Не”.
“Тады й срэбра таксама?”
“Можаце й срэбра”.
“А як наконт каўніка ды імбрыка?”
“Забірайце”.
Нейкая жанчына адчыніла суднік на заднім двары.
“А што вы зьбіраецеся рабіць з усімі гэтымі
банкамі? Вы адзін гэта ніколі не пераясьцё”.
“Добра, вазьміце па пары слоікаў, але
старайцеся падзяліць пароўну”.
“Ах, я хачу клубніцы!”
“Дайце мне інжыр!”
“А я люблю павідла!”
Людзі выходзілі й вярталіся, прыводзячы з сабою
новых.
“Гэй, тут ё трохі віскі. Генры, вы п’яце?”
“Віскі не чапаць”.
У хаце станавілася людна. У прыбіральні
спусьцілі ваду. Нехта саштурхнуў шклянку, што
стаяла на ракавіне. Яна ўпала й пабілася на
кавалкі.
“Генры, я раю вам захаваць гэты пыласос. Вы ім
можаце карыстацца ў сваёй кватэры”.
“Добра, захаваю”.
“А як наконт садовых прылад, тых, што ў гаражы?”
“Не, іх я лепей пакіну”.
“Я дам вам 15 даляраў”.
“Добра”.
Ён даў мне 15 даляраў, а я яму — ключ ад гаража.
Празь нейкі час стала чуваць, як ён коціць
вуліцаю газонакасілку.
“Вам ня варта было аддаваць яму ўсе гэтыя
прылады ўсяго за 15 даляраў, Генры. Яны каштуюць
значна даражэй”.
Я не адказваў.
“А што вы маецеся рабіць з машынай? Ёй ужо
чатыры гады”.
“Мабыць, машыну пакіну сабе”.
“Я дам вам за яе 50 даляраў”.
“Мабыць, машыну пакіну сабе”.
Нехта скруціў дыван у пярэдняй. Пасьля гэтага
людзі пачалі губляць цікавасьць, і хутка
засталося ўсяго 3–4 чалавекі. Потым і яны
пайшлі, пакінуўшы мне садовы шлянг, ложак,
лядоўню й пліту, а яшчэ рульку туалетнае паперы.
Я выйшаў на вуліцу й замкнуў дзьверы ў гараж.
Двое хлапчукоў пад’ехалі на ролікавых каньках.
“Бачыш таго мужыка?”
“Ну”.
“У яго бацька памёр”.
Яны паехалі далей. Я падняў шлянг, павярнуў кран
і пачаў паліваць ружы.
Пераклала з ангельскай Людміла Бузук
пры ўдзеле Аляксея Знаткевіча паводле Charles Bukowski.
Hot Water Music. — Black Sparrow Press. — 1996. © 1983 by Charles Bukowski.
|