Даніла Кіш (1935—1989) — прадстаўнік балканскага
постмадэрнізму, пісаў па–сэрбска–харвацку. У 1997
г. ягонае апавяданьне “Грабніца для Барыса
Давыдавіча” было надрукаванае ў “Фрагмэнтах”.
Летась, як Вы
ведаеце, я была ў Швэцыі на запросіны Інстытуту
тэатральных досьледаў. Маёй правадніцай і
апякункай была спадарыня Ёхансан, Крыстына
Ёхансан. Я прагледзела пяць ці шэсьць спэктакляў;
у зьвязку з гэтым варта перадусім узгадаць пра
посьпех, які мела п’еса “Ў чаканьні Гадо”,
пастаўленая для вязьняў. Вярнуўшыся дадому празь
дзесяць дзён, я й надалей жыла ў тым далёкім
сьвеце, як у сьне.
Спадарыня Ёхансан, кабета амбітная, цягам тых
дзесяці дзён хацела паказаць мне ў Швэцыі ўсё,
што толькі трапіцца, што магло б мяне зацікавіць
“як жанчыну”. Не абышлося бяз слыннага
ветразёвага карабля “Васа”, які ў глеі на дне
мора, дзе праляжаў некалькі стагодзьдзяў,
закансэрваваўся як мумія фараона. Неяк увечары,
пасьля прагляду “Санаты прывідаў” у
Нацыянальным тэатры, мая правадніца праводзіла
мяне ў Бібліятэку. Я ледзь пасьпела праглынуць
канапку ў нейкім бары.
Набліжалася адзінаццатая, бібліятэка была ўжо
зачыненая. Але спадарыня Ёхансан паказала
парт’е пропуск, і ён пусьціў нас, буркаючы нешта
сабе пад нос. У руцэ ён трымаў вялізнае
мэталёвае колца з ключамі, падобна да вартаўніка,
які за дзень да таго ўводзіў нас у Цэнтральную
вязьніцу, на “Гадо”. Правадніца аддала мяне ў
рукі гэтага цэрбэра, кажучы, што заўтра ўраньні
прыйдзе ў гатэль, а каб я зараз аглядала сабе
спакойна бібліятэку; гэты спадар замовіць мне
таксоўку, і калі мне штосьці запатрабуецца, магу
зьвярнуцца да яго... Мне не засталося нічога
іншага, як прыняць гэтую ветлую прапанову.
Парт’е праводзіў мяне да вялікіх дзьвярэй,
адчыніў, запаліў міргатлівае сьвятло, пасьля
чаго пакінуў мяне на самоце. Я чула, як у мяне
за сьпінай паварочваецца ключ у замку; вось жа, я
апынулася ў бібліятэцы, нібы ў казэматах.
Аднекуль цягнула скразьняком, калыхалася
полкамі павучыньне, якое бруднай, страпанай
нітніцай зьвісала на паліцы з кніжкамі, як у
склепе на бутэлькі старога адборнага віна. Усе
памяшканьні былі аднолькавыя, злучаныя вузкім
праходам, і паўсюдна дабіраўся гэты скразьняк,
крыніцу якога я не магла вызначыць.
У пэўную хвіліну, уласна, пакуль яшчэ
прыглядалася да кніжак (альбо зрабіла гэтае
адкрыцьцё толькі тады, як у трэцім памяшканьні
заўважыла на адным з тамоў літару “С”),
усьвядоміла: у кожнай зале знаходзяцца тамы, якія
зьмяшчаюць загалоўнае слова на адну літару. Гэта
трэцяя. І ўзапраўды, у чацьвертай зале
карэньчык кожнай кнігі меціла літара “D”.
Раптам, гнаная няўцямным прадчуваньнем, я пачала
бегчы. Мае крокі гучалі шматкропным рэхам, якое
гублялася недзе ў змрочнай далечы. Узрушаная й
запыханая, я дабралася да літары “М” і з зусім
відавочным намерам адкрыла адну з кніг.
Прыгадалася мне хіба, што недзе ўжо чытала, і
раптоўна мяне асьвяціла, што гэта слынная
“Энцыкляпэдыя мёртвых”.
Першае, што я пабачыла, была ягоная фатаграфія.
Адна–аднюткая, устаўленая ў дзьвюхкалёнкавы
тэкст, амаль на сярэдзіне старонкі. Тая, якую Вы
бачылі на маім пісьмовым стале. Зробленая ў
1936 годзе, дванаццатага лістападу, у Марыборы,
па ягоным прыходзе з войска. Пад фатаграфіяй імя,
прозьвішча і ў дужках гады: 1910–1979.
Вы ведаеце, што мой добры бацька нядаўна памёр і
што ад малых гадоў я была зь ім вельмі блізкая.
Але не пра гэта хачу казаць. Важным ёсьць факт,
што бацька памёр за няпоўныя два месяцы да майго
выезду ў Швэцыю. Я наважылася выехаць у
вялікай ступені для таго, каб забыцца на
няшчасьце, якое мяне напаткала. Я думала,
падобна да людзей, цяжка скрыўджаных лёсам, што
зьмена месца дапаможа мне забыцца на боль, — так,
нібы свайго няшчасьця мы не насілі ў сабе.
Абапершыся плячом аб расхістаныя паліцы, з
кнігай у руках, я чытала ягоную біяграфію, цалкам
забываючыся на час. Кнігі, як у сярэднявечных
бібліятэках, былі прымацаваныя тоўстым ланцугом
да жалезных пярсьцёнкаў. Я заўважыла гэта толькі
тады, як намерылася выцягнуць цяжкі том, каб
падысьці зь ім як найбліжэй да лямпачкі.
Раптам мяне агарнуў пострах, што застаюся тут
ужо занадта доўга й спадар Цэрбэр (так назвала
яго ў думках) у кожны момант можа папрасіць, каб я
перапыніла чытаньне. Я пачала прабягаць вачыма
абзацы, паварочваючы адкрытую кнігу, наколькі
дазваляў ланцуг, да скупога сьвятла. Тоўсты пыл
на краях аркушаў і палотны раскалыханага цёмнага
павучыньня выразна сьведчылі, што ніхто гэтых
тамоў ня кратае. Кнігі былі закутыя ў кайданы, як
нявольнікі на галерах, ды на ланцугах не было
калодак.
Значыць, гэта й ёсьць, думала я, тая слынная
“Энцыкляпэдыя мёртвых”. Я ўяўляла яе сабе
падобнай да адной з старых кніг, кніг
“старадаўніх”, як “Тыбэцкая кніга мёртвых”, ці
“Кабала”, ці “Жыціі сьвятых”, аднаго з тых
эзатэрычных твораў чалавечага духу, якімі могуць
захапляцца адно пустэльнікі, рабіны або манахі. У
пэўны момант я ўсьвядоміла, што чытаньне
працягнецца да сьвітанку, а пасьля ўсяго гэтага
ніякага матар’яльнага сьледу не застанецца для
мяне й для маёй маці, вось жа, я вырашыла
перапісаць найважнейшыя факты, скласьці як бы
падрахунак біяграфіі бацькі.
Тут, у маім сшытку, зьмяшчаюцца звыклыя
энцыкляпэдычныя зьвесткі, пазбаўленыя значэньня
для кожнага, апроч мяне й маёй маці; назовы
мясцовасьцяў, даты. Але тое, што чыніць гэтую
энцыкляпэдыю вылучнай — ня толькі таму, што яна
ўнікальная, — гэта спосаб, якім у ёй апісваюцца
стасункі паміж людзьмі, сустрэчы, краявіды,
багацьце дэталяў, зь якіх складаецца людзкое
жыцьцё. Зьвесткам (напрыклад) пра месца ягонага
нараджэньня, вычарпальным і дакладным
(“Краляўчані, воласьць Гліна, павет Сісак, акруга
Банія”), суседзілі розныя дэталі, геаграфічныя й
гістарычныя, бо там усё запісана. Усё. Краявід яго
родных старонаў абмаляваны так жыва, што чытаючы,
а ўласна прабягаючы вачыма лінейкі й абзацы, я
пачувалася, нібыта была там, у сэрцы таго
краявіду: сьнег на верхавінах далёкіх гораў,
голыя дрэвы, замерзлая рака, па якой, як на
карцінах Брэйгеля, сьлізгаюць на каўзачах дзеці.
Спаміж іх я выразна бачыла яго, майго бацьку, хоць
тады яшчэ не майго бацьку, а толькі некага, хто
будзе маім бацькам, некага, хто быў маім бацькам.
Раптам навакольле зазелянела, дрэвы пакрыліся
кветам, ружовым і белым. Адцьвітае на маіх вачах
глог, сонца пралятае над вёскай Краляўчані,
звоняць званы ў вясковай царкоўцы, рыкаюць
каровы ў хлявах, а вокны дамоў ільсьняцца ружовым
водбліскам ранішняга сонца, ад якога таюць
лёдавыя сталяктыты на сьцёкавых трубах.
Потым, нібы ўсё гэта адбывалася на маіх вачах,
бачыла пахавальнае шэсьце, якое кіравалася да
вясковага цьвінтару. Чатыры мужчыны зь
непакрытымі галовамі нясуць на плячах труну,
вычасаную зь яліны, а на чале, з капелюшом у руцэ,
крочыць чалавек, пра якога ведаю — і гэта таксама
запісана ў Кнізе, — што гэта мой дзед з боку
бацькі, Марк, муж нябожчыцы, якая распачынае сваю
вечную дарогу. Там ёсьць усё, што датычыцца яе,
прычына хваробы й скону, год нараджэньня,
працяканьне хваробы. Напісана, як яе апраналі да
труны, хто яе абмыў, хто паклаў манэты на вочы, хто
падвязаў ёй падбародзьдзе, вычасаў труну, дзе
сьсеклі дрэва. Думаю, што на падставе гэтага Вы
можаце ўявіць сабе хаця б прыблізна, наколькі
вялікую колькасьць інфармацыі ўносяць у
“Энцыкляпэдыю мёртвых” людзі, што ўзяліся за
цяжкую і ўхвальную задачу, каб — аб’ектыўна й
бязь ценю прадузятасьці — занатаваць як
найболей аб тых, хто скончыў зямную вандроўку і
ўваходзіць на вечнае жыцьцё. (Бо гэтыя людзі
вераць у цуд біблейскага ўваскрошаньня й гэтую
гіганцкую картатэку рыхтуюць для таго моманту.
Кожны можа знайсьці ў ёй ня толькі сваіх блізкіх,
але перадусім уласную забытую мінуўшчыну. Гэты
рэестар будзе тады вялікай скарбонкай памяці й
адзіным у сваім родзе доказам уваскрошаньня.)
Калі йдзе гаворка пра людзкое жыцьцё, яны ня
робяць розьніцы між купцом з Баніі й ягонай
жонкай, між вясковым папом (ім быў мой прадзед) і
вясковым званаром, нейкім Цюкам, прозьвішча
якога таксама занатаванае ў Кнізе. Адзіная ўмова,
каб знайсьці сябе ў “Энцыкляпэдыі мёртвых” —
усьвядоміла я адразу, найперш прыйшла гэтая
думка, а потым я яе спраўдзіла, — палягае ў тым,
што людзі, прозьвішчы якіх складаюць тут
загалоўныя артыкулы, ня могуць фігураваць у
аніводнай іншай энцыкляпэдыі. Калі я гартала том
на літару “М” — адзін з тысячы тамоў на гэтую
літару,— мне ў вочы кінулася адсутнасьць вядомых
прозьвішчаў. У “Энцыкляпэдыі”, як асобны
загалоўны артыкул, не фігуруе Мажураніч, ані
Мэерхольд, ані Мальмбэрг, ані Марэціч, паводле
граматыкі якога навучаўся мой бацька, ані
Мэштровіч, якога ён бачыў раз на вуліцы, ані
Мілоевіч Таса, перакладнік Каўцкага (мой бацька
размаўляў зь ім некалі “пад расійскім царом”).
“Энцыкляпэдыя мёртвых” — твор сэкты ці
рэлігійнай арганізацыі, якая ў сваёй
дэмакратычнай праграме падкрэсьлівае
эгалітарыстычнае бачаньне сьвету мёртвых —
інсьпіраванае, без сумневу, нейкай спасылкай на
Біблію — з намерам выраўняць людзкую
несправядлівасьць і даць усім божым стварэньням
аднолькавае месца ў вечнасьці. У хуткім часе я
зразумела таксама, што “Энцыкляпэдыя” не сягае
ў далёкі змрок часу й гісторыі, але ейны пачатак
можна датаваць недзе пасьля 1789 году. Гэтая
дзіўная каста эрудытаў мусіць мець ва ўсім
сьвеце прыхільнікаў, якія корпаюцца ў нэкралёгах
упарта й пакрыёма, а потым апрацоўваюць зьвесткі
й дасылаюць у цэнтар, які месьціцца ў Стакгольме.
(А можа — асьвятліла мяне ў пэўны момант — да
іх належыць, між іншага, спадарыня Ёхансан?
Паколькі я прызналася ёй у сваім няшчасьці, можа,
яна праводзіла мяне сюды, каб я адкрыла ў гэтай
бібліятэцы “Энцыкляпэдыю мёртвых” і знайшла ў
ёй крыху суцяшэньня?) Гэта ўсё, што я магу ведаць
ці ўяўляю сабе наконт працы гэтых людзей. Думаю,
што прычыны іхнай таямнічай дзейнасьці можна
ўбачыць у доўгай традыцыі перасьледу з боку
Царквы, а з другога боку, праца над такой
энцыкляпэдыяй, як гэтая, вымагае зразумелай
пакрыёмасьці, каб унікнуць прэсу людзкай
фанабэрыі й запабегчы спробам карупцыі.
Ня менш дзіўны за іхную таемную дзейнасьць і
іхны стыль, гэтая неверагодная амальгама
энцыкляпэдычнай ляпідарнасьці й біблейскага
красамоўства. Напрыклад, сухія зьвесткі, якія я
знаходжу ў маім сшытку такімі, як занатавала іх,
там, у некалькіх абзацах, загушчаныя да такога
роўню, што перад вачыма чытача зьяўляецца раптам,
чароўна, выкупаная ў сонцы ваколіца, вялікая
пераменлівасьць выяваў. Вось нясуць
трохгадовага хлопца ў сьпякоце сонечнага дню
горнымі сьцежкамі, нясуць да дзеда па маці, а на
фоне, на другім і трэцім пляне — ня ведаю, як гэта
акрэсьліць — відаць жаўнераў, зборшчыкаў
падаткаў, жандараў, чуваць далёкія грымоты
гарматаў і ахрыплы брэх сабак. Сьцісла паказаныя
дзеі першай сусьветнай вайны: грукочуць цягнікі
паблізу нейкага мястэчка, грае духавы аркестар,
булькоча вада ў адтуліне біклажкі, лопаецца шкло,
разьвінаюцца ў руках хустачкі... Усё гэта асобныя
параграфы, кожны пэрыяд падаецца ў форме
своеасаблівай паэтычнай квінтэсэнцыі й
мэтафары, не заўсёды храналягічна, але ў дзіўным
сымбіёзе часоў — мінулага, цяперашняга й
будучага. Бо як іначай вытлумачыць зьмешчаны ў
гэтым тэксьце, у багата ілюстраванай кнізе
ягоных першых пяцёх гадоў, прабаўленых у
дзедавым Камаговіне, шкадобны камэнтар, які, калі
добра памятаю, гучыць так: “Будуць гэта
найлепшыя гады ягонага жыцьця”? Тут загушчаныя
карціны дзяцінства, якія зводзяцца, можна
сказаць, да ідэаграфічных знакаў: прозьвішчы
настаўнікаў, калегаў, “найлепшыя гады” хлопца
на фоне зьменаў пораў году; ягоны ўзрадаваны твар
у струмянёх дажджу, купаньне ў рацэ, зьязджаньне
на санках з засыпанага сьнегам пагорку, лоўля
стронгі, а адразу пасьля — або адначасна, калі
гэта мажліва,— вяртаньне жаўнераў з эўрапейскіх
палёў(?) бітвы, біклажка ў руцэ хлопца, супрацьгаз
з разьбітым шклом на ўзбочыне насыпу. І зноў
прозьвішчы, жыцьцяпісы. Сустрэча ўдаўца Марка з
будучай жонкай, Сафіяй Рэбрачай з Камаговіны,
урачыстасьць шлюбу, сьвіст пугі, рысь сялянскіх
коняў, разьвінаньне харугваў і стужак, цырымонія
абмену заручальнымі пярсьцёнкамі, танцавальнае
кола й песенька перад брамай царквы, хлопец у
белай кашулі, сьвяточна апрануты, з галінкай
размаю ў штрыфэлі пінжака.
Тут, у маім сшытку, напісана толькі
“Краляўчані”, але ў “Энцыкляпэдыі” гэты пэрыяд
займае некалькі сьціслых параграфаў; занатаваны
час пад’ёму, хвіля, калі азвалася зязюля зь
сьцяннога гадзіньніка й хлопец, заспаны, ускочыў
спрасонку. Тут ёсьць прозьвішчы вазакоў,
прозьвішчы суседзяў, якія іх праводзілі, партрэт
спадара настаўніка й ягоныя словы, скіраваныя да
новай мамы хлопца; парады сьвятара, словы тых, хто
заставаўся ў вёсцы й махаў ім на разьвітаньне.
Нічога тут, кажу, не бракуе, нічога не забылі,
ані выгляду дарогі, ані колеру неба, а інвэнтар
газды Марка прадстаўлены ў найдрабнейшых
дэталях. Ні пра што не забыліся, нават пра аўтараў
старых школьных падручнікаў і поўных добрых
парадаў чытанак, павучальных аповесьцяў і
біблейскіх прыпавесьцяў. Занатаваная кожная
дэталь жыцьця, кожны досьвед, кожная рыба,
злоўленая на вуду, назоў кожнай расьліны,
сарванай хлопцам.
А вось мой бацька ў юначым узросьце: першы ягоны
капялюш, першая паездка рамізьнікам, на
досьвітку. Вось імёны дзяўчатаў, словы песенек,
якія сьпявалі ў тых часох, тэкст любоўнага ліста,
газэты, якія ён чытаў — увесь той пэрыяд
зьмяшчаецца ў адным–адзіным пасажы.
Цяпер мы ўжо ў Руме, дзе мой бацька ходзіць у
гімназію. Няхай гэты прыклад будзе для Вас
ілюстрацыяй, у якой ступені “Энцыкляпэдыя
мёртвых” ёсьць усяведнай, як некалі пра гэта
казалася. Прынцып здаецца відавочным, хаця
чалавеку дух займае ад гэтай эрудыцыі, гэтай
патрэбы занатаваньня ўсяго, што складае
чалавечае жыцьцё. Таму мы маем тут сьціслую
гісторыю Румы, апісаньне гораду й ягонага
клімату, апісаньне чыгуначнага вузла; назоў
друкарні й сьпіс усяго, што ў ёй тады выходзіла,
якія кніжкі й якія газэты; прадстаўленьні
вандроўных тэатрыкаў і атракцыёны цыркаў, якія
выступалі з гастролямі; апісаньне цагельні... дзе
адзін маладзён, абапершыся на пень акацыі,
гаворыць на вуха аднае дзяўчыне любоўныя й троху
непрыстойныя словы (тэкст падаецца поўнасьцяй). А ўсё
гэта: друкарня, імправізаваная заслона, слон з
цырку, чыгуначная лінія, што адгаліноўваецца
адтуль у бок Шабацу — выступае ў зьвязку з
постацяй, пра якую гаворыцца. Апроч таго, ёсьць
вытрымка з кляснага дзёньніка, адзнакі, малюнкі,
прозьвішчы калегаў — аж да сёмай клясы гімназіі
(сёмай Б), у якой хлапчук сустрэнецца з
прафэсарам Л.Д., настаўнікам гісторыі й
геаграфіі.
Раптам мы апынаемся ў сэрцы іншага гораду, гэта
1928 год, маладзён мае на вучнёўскай шапцы цыфру
VIIІ, ён адпусьціў вусікі. (Тыя вусікі ён будзе
насіць усё жыцьцё. Калісь, ня так даўна, няважна
зачапіў іх брытвай, а потым згаліў. Я
расплакалася, убачыўшы яго, — гэта быў іншы
чалавек. У гэтым плачы на імгненьне зьявілася
няяснае ўсьведамленьне таго, як хутка мне будзе
яго не ставаць, калі ён адыйдзе.) Мы цяпер бачым
яго перад каўняй “Гродзкай” і зараз пасьля таго
— у кінатэатры, дзе чуваць гукі піяніна, а на
экране адбываецца “Падарожжа на Месяц”. Далей
сустракаем яго перад слупом з абвесткамі на
пляцы Елячыча, дзе ён прыглядаецца да сьвежа
наклееных афішаў, а адна зь іх — гэтая дэталь
падаецца толькі як кур’ёз — агалошвае лекцыю
Крлежы. Прозьвішча Ганны Эрэміі, цёткі, у якой ён
жыў у Заграбе, на вуліцы Юрышыча, значыцца тут
сама побач з прозьвішчам Крыжая, опэрнага
сьпевака, якога ён спаткаў у старым горадзе,
Івана Лабуса, у якога ён рапараваў чаравікі, і
нейкага Антэ Дутыны, у пякарні якога ён купляў
булачкі...
У Бялград у тым даўным 1929 годзе ўязджалі праз
мост на Саве, верагодна, таксама, як і сёньня, з
радасьцю ад спатканьня. Чуваць грукат цягніка,
які сунецца па жалезнай канструкцыі мосту. Сава
бяжыць мутна–зялёная, паравоз сьвішча і
запавольваецца, у вакне вагона другое клясы
зьяўляецца мой бацька, углядаючыся ў далёкую
панараму незнаёмага гораду. Ранак халодны, імгла
павольна ўздымаецца над даляглядам, з трубы
карабля “Смэдэрэва” выбіваецца чорны слуп дыму;
чуваць ахрыплае гудзеньне карабля, які
вось–вось адплыве ў Новы Сьвет.
Мой бацька прабавіў у Бялградзе, зь невялічкімі
пярэрвамі, блізу пяцьдзясят гадоў, і гэтая сума
жыцьця, гэты збор нейкіх васямнаццаці тысячаў
дзён і начэй (чатырыста трыццаць восем тысячаў
гадзінаў) зьмяшчаецца тут, у Кнізе мёртвых, на
абсягу пяці або шасьці старонак. Пры гэтым
захоўваецца храналёгія, прынамсі, у галоўных
абрысах, бо дні плывуць як рака часу, да зыходу, да
сьмерці.
У верасьні таго ж дваццаць дзявятага году Д.М.
запісваецца ў геадэзійную школу, і Кніга падае
гісторыю гэтай школы ў Бялградзе й прамову
дырэктара Стайковіча (які зычыць будучым
геамэтрам, каб сумленна служылі каралю й айчыне,
бо на іх кладзецца нялёгкае заданьне нанесьці на
мапы новыя межы нашай краіны). Цяпер назвы поляў
слынных бітваў і ня менш слынных паразаў з часоў
першай сусьветнай вайны — Каймакчалян, Майковац,
Цэр, Калубара, Дрына — мяшаюцца з прозьвішчамі
палеглых прафэсараў і вучняў, і тут сама побач
занатоўваюцца адзнакі па начартальнай
геамэтрыі, малюнках, гісторыі, рэлігіі,
каліграфіі. Зьяўляецца імя нейкай Росы,
Раксанды, кветачніцы, зь якой Д.М. фліртаваў, як
тады казалі, а таксама прозьвішчы: Барывоя–Боры
Іліча, уладальніка карчмы, Міленка Азаньі,
краўца, Косты Стаўроўскага, да якога мой бацька
заходзіў на сьвежы бурэк*, нейкага
Кртыніча, які абгуляў яго ў карты. Ідуць даты
экскурсіяў на Авалу й Космай, даты шлюбаў і
пахаваньняў, у якіх ён удзельнічаў, сьпіс фільмаў
і матчаў, якія ён глядзеў, назовы вуліцаў, на якіх
ён жыў: Цэтыньская, Царыцы Міліцы, Гаўрыла
Прынцыпа, Караля Пятра Першага, Князя Мілаша,
Пажэшкая, Камянічкая, Касмайская, Бранка
Радзічэвіча; прозьвішчы тых, паводле чыіх
падручнікаў ён навучаўся геаграфіі, геамэтрыі й
плянімэтрыі, назовы кніжак, якія ён любіў:
“Кароль гораў”, “Гайдук Станка”, “Бунт
мужыкоў”; набажэнствы, цыркавыя відовішчы,
дэфіляды, арганізаваныя таварыствам “Сокал”,
школьныя ўрачыстасьці, выставы малюнкаў (на
адной зь іх журы вылучыла акварэлі майго бацькі).
Занатаваны таксама й дзень, калі ён запаліў
першую папяросу, у школьнай прыбіральні, па
намове нейкага Івана Герасімава, сына расейскіх
эмігрантаў, які праз тыдзень правёў яго да
вядомай у тагачасным Бялградзе карчмы, дзе грае
цыганскі аркестар, а расейскія графы й афіцэры
плачуць пры гуках балалайкі й гітары... Усё, усё
ёсьць тут: урачыстасьць адкрыцьця помніка на
Калемэгдане, атручаньне марозівам, купленым на
рагу вуліцы Македонскай, якіясь модныя пантофлі
“шымі”, на якія ён атрымаў грошы ад свайго
бацькі ва ўзнагароду за добра здадзены дыплёмны
іспыт.
Наступны абзац кажа пра ягоны выезд ва Ўжычкую
Пажэгу, гэта 1933 год, травень. Разам зь ім у купэ
другое клясы сядзіць той Герасімаў, сын
эмігранта. Гэта першая іхная пасада: яны
вымяраюць сэрбскую зямлю, складаюць
картаграфічныя нарысы й нарысы да кадастру,
цягнуць вешкі й тэадаліт, пазьменна; на галовах у
іх саламяныя капелюшы, ужо лета, прыпякае сонца,
яны караскаюцца на горы, заклікаюць, крычаць;
пачынаюцца восеньскія дажджы, сьвіньні
корпаюцца, быдла непакоіцца, трэба схаваць
тэадаліт, які прыцягвае маланку. А ўвечары ў
вясковага настаўніка Мілянковіча яны п’юць
самагонку, круціцца ражон, Герасімаў лаецца
папераменна па–сэрбску й па–расейску, моцная
тая ракія. У лістападзе таго ж году няшчасны
Герасімаў памірае ад запаленьня лёгкіх, а Д.М.
будзе стаяць над сьмяротным ложкам і слухаць
ягоныя трызьненьні. Гэтаксама будзе стаяць і над
ягонай труной, з капелюшом у руцэ, думаючы аб
мінучасьці.
Вось што засталося ў мяне ў памяці з таго
чытаньня, вось што засталося ў маіх нататках,
робленых похапкам, здраўнелымі пальцамі, тою
ночай, тым ранкам, уласна. А гэта цэлыя два гады,
два вонкава манатонныя гады, калі Д.М. ад траўню
да лістападу, паводле гайдуцкага календара,
носіць стойку й тэадаліт па горах і далінах;
зьмяняюцца поры году, рэкі выліваюцца й
вяртаюцца да сваіх рэчышчаў, лісьце зелянее, а
потым жоўкне, мой бацька сядзіць у ценю
квітнеючых сьліваў, потым хаваецца пад нейкую
страху, бліскавіца асьвятляе вечаровы пэйзаж,
рэха грымотаў разносіцца па катлавінах.
Лета, сонца пражыць, а нашыя геамэтры (зараз
ягоны таварыш нейкі Драговіч) уваходзяць апоўдні
ў адзін дом (вуліца й нумар), грукаюць у дзьверы,
просяць вады. Зьяўляецца дзяўчына, выносіць збан
халаднаватай вады, нібы ў народнай песьні.
Дзяўчына — мяркую, што Вы здагадваецеся — гэта
тая, хто стане маёй маці.
Не хачу апавядаць Вам зараз, як усё гэта
запісана там, апісана — дзень, калі ён прыйшоў
прасіць ейнай рукі, плынь размовы, старасьвецкае
вясельле, якое каштавала тысячы, увесь маляўнічы
фальклёр, які быў часткай таго жыцьця, — бо ўсё
здаецца мне недастатковым і фрагмэнтарным у
параўнаньні з арыгіналам. Мушу, аднак, прыгадаць,
што ёсьць там сьпіс сьведкаў і афіцыйных гасьцей,
прозьвішча сьвятара, які пашлюбіў іх, ёсьць тосты
й песенькі, падарункі й тыя, хто іх прынёс, сьпіс
страваў і напояў. Потым, згодна з храналёгіяй,
ідзе пяцімесячны пэрыяд, ад лістападу да траўню,
калі маладая пара пасяляецца ў Бялградзе,
апісваецца мэбля й разьмяшчэньне жытла, цана
кухні, ложкаў і шафы, таксама як пешчаньні, якія ў
падобных варунках заўжды адныя й тыя, і заўжды
такія адрозныя. Бо — і мяркую, што гэта
падставовая пасылка аўтараў “Энцыкляпэдыі” —
нічога ніколі не паўтараецца ў гісторыі
чалавечых істотаў, усё, што зь першага позірку
падаецца ідэнтычным, бывае ледзь падобным; кожны
чалавек ёсьць зоркай сам па сабе, усё здараецца
заўжды й ніколі, усё паўтараецца бясконца й
непаўторна. (Таму аўтары “Энцыкляпэдыі
мёртвых”, гэтага каштоўнага помніку
адрознасьці, такую вялікую ролю надаюць
драбніцам, а кожнае людзкое стварэньне для іх
сьвятое.)
Калі б не навязьлівая ідэя аўтараў аб
непаўторнасьці кожнай людзкой істоты, аб
вылучнасьці кожнага здарэньня, чаму б меліся
служыць прозьвішчы сьвятароў і чалавека, які
вядзе мэтрычныя кнігі, апісаньне вясельных
строяў і назоў нейкай там вёскі Гледзіч блізу
Кралева, з усімі драбніцамі, якія вызначаюць
лучнасьць чалавека з краявідам? Бо апісваецца
прыезд майго бацькі “ў мясцовасьць”, ягоны
побыт, у тым гайдуцкім часе траўню–лістападу, на
вёсцы. Прозьвішчы Ёвана Радайковіча (у карчме
якога геамэтры п’юць увечары ахалоджанае віно й
дзе могуць браць напавер) занатаванае гэтак жа
сама, як імя дзіцёнка нейкага Стэвана Яніча —
Сьветазар,— якога мой бацька трымаў на
хрышчэньні, як прозьвішча доктара Леўстыка,
выгнанца з Славеніі, які прапісаў яму лекі ад
катару страўніку, альбо нейкай Радмілі–Рады
Маўравай, якую ён паваліў на сена ў адной пуні.
На падставе вайсковай службы майго бацькі ў
Кнізе замаляваныя сьцежкі, па якіх хадзіў V аддзел
пяхоты, што разьмяшчаўся ў Марыборы; таксама тут
ёсьць прозьвішчы афіцэраў і падафіцэраў разам зь
іхнымі чынaмі, а таксама прозьвішчы калегаў з тае
самае залі; занатаваная якасьць прадуктаў у
салдацкай ядальні, удар калена ў час начнога
маршу, кара за згубленую рукавічку, назоў карчмы,
у якой Д.М. абмываў адкамандаваньне ў Пажаравац.
На першы погляд, гэта нічым не вылучаецца, як
кожная служба і кожнае адкамандаваньне, але гэты
Пажаравац і сямімесяцовы побыт майго бацькі ў
кашарах, з гледзішча аўтараў “Энцыкляпэдыі”,
ёсьць адзінымі ў сваім родзе; ніколі болей,
ніколі, ня будзе ў другой палове 1935 году
перабываць нейкі Д.М., геамэтар, у пажаравацкіх
кашарах і ня будзе крэсьліць плянаў пры печы,
раздумваючы пра тое, як падчас начнога маршу
некалькі месяцаў таму ён убачыў мора.
Гэтае мора, убачанае з схілу Вэлебіту дваццаць
восьмага красавіка 1935 году, убачанае ўпершыню ва
ўзросьце дваццаці чатырох гадоў, застанецца ў ім
як адкрыцьцё, як сон, і Д.М. будзе яго насіць у сабе
праз амаль сорак гадоў зь нязьменнай
выразнасьцю, нібы таямніцу, нібы прывіднасьць,
пра якую ня кажуць. Пасьля столькіх гадоў ён і сам
ужо ня быў упэўнены, ці напраўду бачыў тады
шырокія марскія прасторы, ці толькі далягляд, дык
адным існым морам будзе для яго й застанецца
аквамарын на мапах, дзе глыбіны адзначаюцца
цямнейшым, а плыткія месцы — сьвятлейшым
блакітным колерам.
Я думаю, што ён, уласна, таму цэлымі гадамі не
хацеў выязджаць на адпачынак у часы, калі людзі
ўжо гуртамі скіроўваліся да прыморскіх
мясьцінаў, наладжваючы гэта праз прафэсійныя
саюзы або турыстычныя агенцтвы. У гэтым
супраціве быў дзіўны страх, ён нібы страшыўся
расчараваньня, нібы блізкае спатканьне з морам
магло зьнішчыць у ім далёкі ўспамін, які
асьвятліў ягонае жыцьцё дваццаць восьмага
красавіка трыццаць пятага году, калі ён упершыню
пабачыў здалёк раньнім досьвіткам блакіт
Адрыятыкі.
І ўсе адгаворкі, якімі ён карыстаўся, каб
аддаліць спатканьне з морам, былі зазвычай ня
вельмі пераканаўчымі: ня хоча ехаць на лецішча як
так званы турыст, ня мае на гэта грошаў (што было
не далёкім ад праўды), не выносіць пякучага сонца
(хоць усё жыцьцё бавіў у ягоных пякучых промнях),
мы маем пакінуць яго ў спакоі, яму вельмі добра ў
Бялградзе, за апушчанымі жалюзямі. У гэтым
разьдзеле “Энцыкляпэдыяй мёртвых” дэталёва
апрацаваныя ягоныя марскія прыгоды, ад першай
лірычнай згадкі ў тысяча дзевяцьсот трыццаць
пятым годзе аж да сапраўднага спатканьня
сам–насам з морам праз сорак гадоў.
А настала гэтае першае сапраўднае спатканьне з
морам у тысяча дзевяцьсот семдзесят пятым годзе,
калі з агульнага дамаганьня ён згадзіўся ўрэшце
выехаць у Равінію разам з мамай, у дамок
прыяцеляў, які тым летам быў вольны.
Ён вярнуўся дачасна, незадаволены кліматам,
незадаволены арганізацыяй адпачынку,
тэлевізійнай праграмай, незадаволены з нагоды
таго гармідару, бруднага мора, з нагоды мноства
мэдузаў, з нагоды дарагоўлі й жахлівага
“вымагальніцтва”. Пра самое мора, апроч ягонага
забруджваньня (“публічная кляака для турыстаў”)
і мэдузаў (“сьцягвае іх людзкі смурод, як
вошай”), не сказаў нічога, ані слова. Толькі
махнуў рукой. Толькі цяпер ведаю, што гэта
азначала: ягоны шматгадовы сон пра Адрыятыку,
даўная прывіднасьць была пякнейшай і больш
імпаноўнай, мілейшай і больш нявіннай, чым тая
брудная вада, у якой пялёхаліся тлустыя, мажныя
мужчыны й нашараваныя алейкамі кабеты, “чорныя,
як звугленыя трэскі”.
Першы й апошні раз ён выехаў тады на мора. Цяпер
я ведаю, што ў ім памёр тады, нібы нейкая дарагая
істота, той далёкі сон, далёкі прывід (калі гэта
быў прывід), які ён насіў у сабе амаль сорак гадоў.
Але Вы бачыце, я пераскочыла адным махам сорак
гадоў ягонага жыцьця, а беручы храналягічна, мы
толькі ў трыццаць сёмым ці восьмым годзе. Д.М. мае
ўжо дзьвюх дачок (сын зьявіцца пазьней), зачатых у
глухмені сэрбскай правінцыі. Гэта мог быць
Пэтрывац над Млявай альбо Дэспатавац, Стэпоевац,
Букавац, Чупрыя альбо Ялашыца, Матэявіца, Чэчына
альбо Ўласіна, Княжавац альбо Подвіс. Прашу
накрэсьліць ва ўяўленьні мапу тых ваколіцаў,
павялічыць кожную з тых кропачак на звычайнай
мапе ці вайсковай (1:50 000), павялічыць іх да існых
памераў, адзначыць вуліцы й дамы, у якіх ён жыў, а
потым увайсьці на падворак, да дому, намаляваць
плян памяшканьня, скласьці сьпіс мэблі й садовых
дрэваў; і прашу не забыць пра назовы кветак, якія
растуць у гародзе, ані пра газэты, якія чытае Д.М.
і якія пішуць пра пакт Рыбэнтропа–Молатава, пра
ўцёкі каралеўскага ўраду, пра кошты шмальцу й
вуглю, пра незвычайныя дасягненьні лётчыка–аса
Алексіча... О, так гэта робяць майстры
“Энцыкляпэдыі”.
Бо кожнае здарэньне зьвязваецца тут, як я
казала, зь ягоным асабістым лёсам, кожны налёт на
Бялград, і марш нямецкіх войскаў на Ўсход, і іхнае
адступленьне паказваюцца нібы ягонымі вачыма й
зьнітоўваюцца зь ягоным жыцьцём. Падрабязна
апісваецца дом на вуліцы Пальмоціча й ягоныя
жыхары, калі ў скляпеньні гэтага дому мой бацька
перажывае разам з намі бамбардаваньне Бялграду;
потым ідзе такое ж апісаньне дому ў Стэпоевацы
(прозьвішча гаспадара, плян памяшканьняў і г.д.),
куды бацька адвозіць нас у час вайны, тут
падаюцца цэны на хлеб, мяса, ракію. Вы знойдзеце
таксама ў Кнізе мёртвых ягоную размову з шэфам
паліцыі ў Княжавацы, ліст з паведамленьнем аб
звальненьні з працы ў тысяча дзевяцьсот сорак
другім годзе й пабачыце вачыма ўяўленьня, як у
хуткім часе пасьля таго ён зьбірае лісьцё ў
Батанічным садзе й на вуліцы Пальмоціча, як
разгладжвае іх і клеіць у зельнік дачкі,
падпісваючы каліграфічным почыркам:
“Дзьмухавец” (Taraxacum officinale) альбо “Ліпа” (Tilia),
так, як пісаў на мапах “Адрыятычнае мора” альбо
“Ўласіна”.
Велічэзная рака ягонай біяграфіі, гэтая
сямейная сага, мае свае адгалінаваньні; вось жа,
паралельна з працай бацькі на цукроўні ў 1943–1944
гадах будзе зьмешчаны ў гэтай своеасаблівай
кроніцы й падрахунку таксама лёс маёй маці й наш,
ягоных дзяцей — цэлыя тамы зьведзеныя да
некалькіх красамоўных параграфаў. Ягоны раньні
пад’ём набывае, такім парадкам, повязь з раньнім
пад’ёмам маці (якая накіроўваецца ў вёску, каб
абмяняць старасьвецкі насьценны гадзіньнік,
частку свайго пасагу, на курыцу альбо кавалак
сала) і з выхадам нас, дзяцей, у школу. Гэты
ранішні рытуал (чуваць з радыё, недзе па
суседзтве, мэлёдыю “Лілі Марлен”)
выкарыстоўваецца тут як дарэчны выпадак для
выяўленьня сямейнага настрою ў доме звольненага
геамэтра ў гады акупацыі (посны сьняданак з
сухароў і збожжавай кавы) і для агляду “моды” ў
1943–1944 гадах, калі насілі чаравікі на драўлянай
падэшве, навушнікі й плашчы, шытыя з вайсковых
коўдраў.
Факт, што мой бацька зь вялікай рызыкай выносіў
пад плашчом патаку з “фабрыкі Мілішыча”, на якой
тады падзённа працаваў, мае для “Энцыкляпэдыі
мёртвых” такое самае значэньне, як акт дывэрсіі
ў акулістычнай клініцы, тут, па суседзтве, альбо
подзьвігі дзядзькі Цвэі Каракашэвіча, родам з
Румы, які абкрадаў нямецкі Афіцэрскі клюб на
Францускай 7, дзе працаваў “забесьпячэнцам”.
Кур’ёз, які палягаў на тым, што дзякуючы таму ж
Цвэі Каракашэвічу мы разы два елі ў час акупацыі
тлустых карпаў (якія ўсю ноч плавалі ў вялікай
эмаляванай ваньне ў нашай лазеньцы) і пырскалі іх
францускім шампанскім з таго ж афіцэрскага клюбу
“Пад трыма гусарамі”, вядома, не пазьбегнуў
увагі рэдактараў “Энцыкляпэдыі”. Згодна з сваім
праграмным прынцыпам — што ў жыцьці чалавека
няма ні няважных рэчаў, ані гіерархіі
здарэньняў,— яны занатавалі ўсе перажытыя намі
хваробы дзяцінства: сьвінку, ангіну, коклюш,
каросту; а таксама зьяўленьне вошаў і клопаты
бацькі зь лёгкімі. (Дыягназ, адпаведны
меркаваньню доктара Джуровіча: эмфізэма як
наступства празьмернага кураньня.) Але Вы
знойдзеце тут таксама плякат на дошцы абвестак
побач з рынкам Байлёна, зь сьпісам расстраляных
закладнікаў, спаміж якіх прыяцелі й блізкія
знаёмцы майго бацькі; прозьвішчы павешаных
патрыётаў, целы якіх калыхаюцца на ліхтарнях у
самым цэнтры, на вуліцы Тэразіе; словы афіцэра,
які жадае ад бацькі ausweis’у ў вакзальнай
рэстарацыі ў Нішы; апісаньне чэтніцкага вясельля
ў Уласатынцах, дзе ўсю ноч стралялі з карабінаў.
Вулічныя баі ў Бялградзе ў кастрычніку 1944 году
паказваюцца так, як бачыў іх мой бацька з вуліцы
Пальмоціча, празь якую праязджае горная батарэя,
а на рагу ляжыць дохлы конь. Грукат
танкаў на момант заглушае допыт volksdeutsch’а на
прозьвішча Франьё Герман, маленьні якога
далятаюць праз тонкую сьценку ад суседняга дому,
дзе афіцэр OZN** зьдзяйсьняе суд і
помсту народу. У раптоўнай цішы, якая асела па
праезьдзе савецкага танку, рэзка раздаецца залп
на суседнім падворку, а крывавая пляма на муры,
якую мой бацька ўбачыў з вакна прыбіральні, і
цела няшчаснага Германа ў пазыцыі эмбрыёну
таксама застануцца ўвечненымі ў Кнізе мёртвых,
разам з камэнтаром схаванага назіральніка.
Гісторыя, для рэдактараў Кнігі мёртвых, ёсьць
сумай людзкіх лёсаў, сукупнасьцю пераходных
здарэньняў. Таму яны занатоўваюць кожны чын,
кожную думку, кожны дабрадзейны подзьмух, кожную
лічбу на мапе запісваюць у рэестар, кожную
рыдлёўку, што адкідвае балота, кожны рух, які
выклікаў узьняцьце цэглы з руінаў.
Праца, выконваная маім бацькам у дзяржаўнай
кадастравай управе па вайне, калі зямлю вымяралі
нанова й вынікі запісвалі ў кнігі, як зазвычай
пасьля вялікіх гістарычных пераломаў,
прадстаўляецца з усім, чаго вымагае такі
разьдзел, падаючы клясы грунту, нумары іпатэчных
кніг, зьмененыя назовы нямецкіх вёсак і назовы
паселішчаў новых каляністаў. Нічога тут, кажу, не
бракуе: гліны, якая ліпне на гумовыя боты,
купленыя ў п’янага салдата; цяжкога паносу
пасьля зьяданьня нясьвежых галубоў у нейкай
забягалаўцы ў Інджыжы; авантуры з басьнійкай,
кельнэркай у Сомбары; падзеньня з ровару й удару
локця паблізу Чантавіру; начной язды быдлячым
вагонам на лініі Сэнта — Субоціца; куплі тлустай
гусі, якую мой бацька прывязе дадому на Новы Год;
п’янкі з расейскімі інжынэрамі ў Бановічах;
вырываньня кутняга зубу ў полі, наўзбоч ад
калодзежа; мітынгу, на якім Д.М.прамокне да ніткі;
раптоўнай сьмерці землямера на імя Стэва
Багданаў, які недзе пад лесам наступіў на міну й
зь якім мой бацька за дзень да таго гуляў у
більярд; паўторнага зьяўленьня
лётчыка–акрабата Алексіча ў небе над
Калемэгданам; цяжкога атручаньня алькаголем у
мясцовасьці Мракадол; язды перапоўненым
грузавіком па балоцістай дарозе з Зрэняніна ў
Элемір; спрэчкі з новым шэфам, нейкім Шупутам, на
землях блізу Яшы Толіча; куплі тоны брунатнага
вуглю з капальні ў Бановічах і чаканьня да
чацьвертай гадзіны раніцы ў цягніку
вузкакалейкі над Дунаем пры тэмпэратуры мінус
пятнаццаць; куплі столу з мармуровай стальніцай
на блышыным рынку; сьняданку, які складаецца з
“амэрыканскага” сыру й парашковага малака ў
рабочай сталоўцы “Босьнія”; хваробы й сьмерці
ягонага бацькі; паленьня сьвечак на цьвінтары на
Дзяды; бурнай сваркі зь нейкім Пэтарам Янковічам
і Савам Драговічам, якія баранілі тэзу аб
слушнасьці лініі Сталіна, а таксама дыялёгу
паміж імі; аргумэнтаў адных і контраргумэнтаў
другога (дзе ўсё скончыцца ахрыплым “Сталін вас
...баў!” майго бацькі).
Так “Энцыкляпэдыя” ўводзіць нас у атмасфэру
тых часоў, у палітычныя падзеі.
Спалох, які ахопіць майго бацьку, і маўчаньне,
якое я сама добра памятаю, маўчаньне цяжкое й
прыкрае, Кніга тлумачыць заразьлівым страхам:
аднаго дня Д.М. даведаўся, што той Пэтар Янковіч,
ягоны кузэн і калега, штодня а шостай мусіў
хадзіць на размовы ў УДБ (зрэшты, у выніку даносу
згаданага Драговіча), а толькі потым зьяўляўся на
працы, з тварам счарнелым і спухлым ад атрыманых
поўхаў і невысынаньня; і так кожны божы дзень на
золку нейкія шэсьць месяцаў, аж да часу, пакуль
узгадаў прозьвішчы людзей, якія падзялялі зь ім
аблуду наконт Сталіна й слухалі радыё Масквы.
Праміну тут усю сямейную гісторыю ў мініятуры:
сваркі, замірэньні, выезды на курорты. Праміну
сьпіс прадметаў, якія мой бацька прынёс дадому й
якія ў “Энцыкляпэдыі” заінвэнтарызаваныя з
гаспадарчай руплівасьцяй. Прыгадаю толькі радыё
маркі “Арыён”, збор твораў Максіма Горкага,
алеандар у вялікай драўлянай скрынцы й бочку для
квашаньня капусты, бо яны здаюцца мне важнейшымі
за іншыя дробязі, пералічаныя ў Кнізе, улучна з
матар’ялам і дакладам для пашыву гарнітуру, якія
я купіла яму зь першай зарплаты, а таксама
бутэлькай мартэлю, якую ён асушыў некалі на
вячэру.
“Энцыкляпэдыя мёртвых” не займаецца, аднак,
вылучна матар’яльнымі дабротамі, гэта ні кніга
двайной бугальтэрыі, ні рэестар, ні індэкс
прозьвішчаў, такі, як “Каралеўскія кнігі” або
“Кніга Роду”, хаця яна ёсьць і гэтым; у ёй
гаворыцца пра духовыя станы чалавека, пра ягоны
погляд на сьвет, на Бога, пра сумнеў наконт
існаваньня таго сьвету, пра маральныя нормы. А
тое, што папросту зьдзіўляе, гэта адзіная ў сваім
родзе лучнасьць сьвету знадворнага й нутранога,
падкрэсьліваньне матар’яльных фактаў, якія
потым набываюць лягічную повязь з чалавекам, з
тым, што называецца ягонай душой. Некаторыя
аб’ектыўныя зьвесткі — як правядзеньне
электрычнай устаноўкі да кафлевых печак у 1969
годзе, зьяўленьне “танзуры” на галаве майго
бацькі ці ягоная раптоўная прагнасьць,
прыгатаваньне асьвяжальнага напою з бэзы,
паводле рэцэпту бялградзкай “Палітыкі” —
рэдактары пакідаюць без камэнтару, але,
напрыклад, ягоную нечаканую жарсьць да
зьбіраньня познамак пры надыходзе старасьці
тлумачаць як кампэнсацыю за доўгія гады
нерухомасьці. Яны ня маюць сумневу, што ў
праглядваньні познамак празь люпу знаходзіць
выйсьце толькі частка прыдушанай фантазіі, якая
часта хаваецца ў людзях спакойных і стабільных,
мала схільных да падарожжаў і прыгодаў, частка
таго схаванага мяшчанскага рамантызму, які
акрэсьліваў гэтаксама стаўленьне бацькі да мора.
(Бо сапраўдныя падарожжы й далёкія пэйзажы
замяніў ён зручнымі падарожжамі ўяўленьня, а
зацікаўленасьць першага ўнука мятлушкавым
сьветам познамак была адно нагодай, якую ён
ужываў, каб ня стаць сьмешным у вачах людзей і ва
ўласных вачах.)
Гэта ўжо, як Вы бачыце, тая частка ягонага
духовага краявіду, якая знаходзіцца паблізу
зыходу і ў якой пахаваньні прыяцеляў і блізкіх
ідуць адно за адным з такой частатой, што кожны
чалавек — нават менш схільны да ціхай мэдытацыі,
чым мой бацька — становіцца філёзафам, калі
роздум пра сэнс існаваньня ёсьць філязофіяй.
Незадаволены жыцьцём, пакутуючы ад старэчай
мэлянхоліі, якую ніхто ня можа злагодзіць: ані
адданыя дзеці, ані добрыя ўнукі, ані адносны
спакой штодзённасьці, — ён пачаў бурчэць і
напівацца ўсё часьцей. У яго здараліся
раптоўныя прыпадкі злосьці, якіх ніхто не чакаў
ад гэтага спакойнага чалавека з лагоднай
усьмешкай. Ён праклінаў Бога, неба, зямлю,
расейцаў, амэрыканцаў, немцаў, улады й тых, хто
вызначыў яму такую ўбогую пэнсію за наёмніцкую
працу столькіх гадоў, а найболей — тэлевізію,
якая запаўняла яму пустэчу вечароў, прыносячы ў
дом, з проста абразьлівым нахабствам, вялікую
ілюзію жыцьця.
Назаўтра, прыйшоўшы ў сябе, ён пачынаў ціха
пакутаваць: карміў шчыгла на тэрасе, сьвістаў
яму, трымаючы высока над галавой клетку, нібы
ліхтарню ў цемрадзі людзкае пакуты. Альбо,
таксама, зьняўшы ўрэшце піжаму, паціху
прыбіраўся, надзяваў капялюш і йшоў на
галоўпаштамт, на Такоўскую, па познамкі. Пасьля
апоўдню седзячы на крайку фатэлю, з унукам каля
сябе, ён папіваў каву й тонкімі пінцэткамі
разьмяшчаў познамкі ў клясарах.
Час ад часу, у хвіліны роспачы, ён гараваў над
сваім жыцьцём, па–старэчаму скуголіў, што Бог не
дазволіў яму атрымаць адукацыю й што ён сыйдзе з
гэтага сьвету цёмным, не пабачыўшы па–людзку ані
мора, ані столькіх гарадоў, што можа пабачыць
чалавек адукаваны й багаты. — Бо ягонае
падарожжа ў Трыест скончылася гэтаксама
бясслаўна, як вандроўка ў Равінію.
Тады, ва ўзросьце шасьцідзесяці шасьцёх гадоў,
ён упершыню перайшоў мяжу. Гэтае падарожжа
таксама было вынікам доўгіх дамаганьняў і
ўгаворваньняў. Ён абараняўся пры дапамозе
аргумэнтаў, цяжкіх для абвярганьня: што разумны
чалавек ня выберацца ў краіну, мовы якой ня ведае,
што ён ня мае намеру займацца кантрабандай і не
цікавяць яго ў Трыесьце тамтэйшыя спагецьці ані
к’янці, бо ён аддае перавагу піць дома жыляёку з
Мостару або звычайнае белае віно з Пракупацу.
І аднак мы змусілі яго зрабіць пашпарт.
Ён вярнуўся з таго падарожжа злы й кіслы,
прамоклы, сварачыся з мамай; абутак, які яна
купіла, прамакае і муляў яму, а міліцыя, ужо
паблізу Інджыжы, пакорпалася й паперакульвала
яму валізкі.
Ці мушу я Вам казаць, што гэтае падарожжа ў
Трыест і дождж, які мой бацька перачакаў пад
сьценкай гатэлю “Adriatico” без парасону, як стары
прамоклы сабака (мама тым часам на Понтэ Роса
выбірала для яго абутак), што вось усё гэтае ў
Кнізе мёртвых атрымала месца, якога гэты эпізод
заслугоўвае? Адно, што ў пэўнай меры ўсьцешыла
яго пасьля няшчаснай вандроўкі ў Трыест, дык гэта
купля насеньня, якое ён знайшоў выкладзеным
перад лаўкай. (На шчасьце, на мяшэчках былі
намаляваныя адпаведныя кветкі, а цэны —
відавочныя, таму ён ня мусіў намагацца
размаўляць з прадаўнічкай.) Бо ў гэты час Д.М., як
напісана ў “Энцыкляпэдыі”, ужо займаецца ва ўсю
моц “разьвядзеньнем аздобных расьлінаў”. (Ідзе
сьпіс кветак у гаршэчках і бляшанках на тэрасе з
вуліцы й на той, другой, з падворку.)
Амаль адначасна, нібы закрануты нейкай
кветкавай заразай, ён пачынае запаўняць свой час
маляваньнем расьлінных матываў паўсюль, дзе
толькі трапіцца. Раптоўны выбух ягонага
мастакоўскага таленту адбыўся зусім
неспадзявана. Незадаволены (ён ужо ўсім быў
незадаволены) спосабам, якім адзін афіцэр у
адстаўцы, мастак з божае ласкі, размаляваў
лазьніцу, (сьпяваючы раз за разам “Казарчанку”,
якая рабіла рухі ягонай рукі размашыстымі), мой
бацька ўзьеўся й закасаў рукавы. Паколькі не
ўдалося яму замаляваць цёмныя плямы на сьценах,
ён вырашыў пакрыць іх алейнай фарбай паводле
малюнку, выкананага вільгацьцю. Так паўстала
першая кветка ў лазьніцы, вялікі званочак ці
водная лілея, халера ведае што.
Мы ўсе яго хвалілі. Суседзі прыходзілі
дзівавацца працай майго бацькі. Гэтаксама й
ягоны ўлюбенец, унук, выказаў шчыры подзіў. Так
гэта пачалося. Прыйшла чарга вакна ў лазьніцы, на
якім ён намаляваў дробныя палявыя кветкі,
блакітныя, як валошкі, наўскос, так, што гэты
кветкавы матыў ствараў бачнасьць калыханьня
фіранкі.
А пазьней ён ужо маляваў цэлымі днямі, нястомна,
не выпускаючы з вуснаў папяросу. (У цішы чуваць
было, як сьвішча ў яго ў лёгкіх, а пыхцеў ён як
паравоз.) Ён размаляваў у кветкі, адно што зь
ценем падабенства да сапраўдных, старыя
падрапаныя скрыні, парцалянавыя бросьні,
бутэлькі з–пад каньяку, звычайныя шкляныя
фляконы, слоікі, драўляныя скрыначкі для
папяросаў. На вялікім сыфоне содавай вады ён
выпісаў, на аквамарынавым фоне, назовы
бялградзкіх рэстарацыяў, літарамі, якімі пішуцца
на мапах назовы выспаў: “Брыёні”, “Бока
Каторска”, “Мэва”, “У матроса”,
“Досьвітак”, “Сэрбская Карчма”, “Пад
Відынскай брамай”, “Пад Стамбульскай брамай”,
“Скадарлія”, “Тры капелюшы”, “Два алені”,
“Пад ліпай”, “Тры гронкі вінаграду”,
“Шуматовац”, “Сем дзён”, “Марш на Дрыну”,
“Калемэгдан”, “Калярац”, “Айчына”, “Аратай”,
“Абрэновац”, “Горад Душана”, “Вусьце”,
“Смэдэрэва”, “Паляўнічы рог”, “Пытальнік”,
“Апошні шанец”.
Аўтары “Энцыкляпэдыі” зьвярнулі, вядома,
увагу на незвычайную акалічнасьць, што ён памёр у
дзень дванаццатай гадавіны свайго першага ўнука.
Не пазьбег, таксама, іхнай увагі й супраціў майго
бацькі намерам, каб ягонаму апошняму ўнуку
надаць імя дзеда. Мы думалі, што гэта задаволіць
ягоную фанабэрыю, што ён прыме гэта як знак
асаблівага шанаваньня й любові. Ён, аднак, толькі
штось прамармытаў, а ў ягоных вачах я заўважыла
далёкі цень навальніцы, якая блісьне з–пад
акуляраў праз год, калі мой бацька ўсьвядоміць
сабе, што гэта канец. Гэтую пасьлядоўнасьць жывых
і мёртвых, распаўсюджаны міт пра зьмену
пакаленьняў, гэтае ўяўнае суцяшэньне, якое
чалавек выдумаў для таго, каб лягчэй згадзіцца з
думкай пра сьмерць, мой бацька адчуў у тое
імгненьне як абразу; як калі б праз той магічны
акт наданьня ягонага імя нованароджанаму
дзіцяці, хаця б і па стакроць ягонай крыві,
“паставілі на ім крыж”. Але я тады яшчэ ня
ведала, што бацька ўжо намацаў падазроны нарост
блізу пахвіны й прадчуваў, а можа, быў упэўнены,
што ў ягоных нутранасьцях, як з клубня, вырастае
невядомая атрутная расьліна.
У адным з канцавых абзацаў “Энцыкляпэдыя”
падае працэс пахавальных урачыстасьцяў, імя
сьвятара, які сьпяваў над труной, сьпіс тых, хто
праводзіў бацьку на месца вечнага супакою, лічбу
сьвечак, запаленых за спакой ягонай душы,
апісваецца выгляд вянкоў і прыводзіцца тэкст
нэкралёгу, зьмешчанага ў бялградзкай
“Палітыцы”.
Прамова, якую сказаў над труной Нікола Бэшэвіч,
ягоны стары калега з кадастравай управы (“Калега
Джура сумленна служыў айчыне, як перад вайной, у
час акупацыі, так і па вайне, у час уздыму з руінаў
і аднаўленьня зьнішчанай краіны”), цытуецца
цалкам, не зважаючы на рытарычныя паўторы. Гэтая
прамова Бэшэвіча над труной памерлага калегі й
земляка, без сумневу, мела ў сабе нешта з тых
прынцыпаў, якія рэпрэзэнтуе вялікая
“Энцыкляпэдыя мёртвых” (“Успамін аб ім будзе
жыць вечна, ва ўсе часы. Хвала яму й гонар!”).
Гэта мог бы быць канец — на гэтым канчаюцца мае
нататкі. Ня буду прыводзіць журботнага сьпісу
рэчаў, якія па ім засталіся: кашулі, пашпарт,
дакумэнты, акуляры. (А сьвятло дню балюча
бліснула ў пустых шкельцах, менавіта вынутых з
футаралу.) Усяго таго, што вярнулі маёй маці ў
шпіталі, назаўтра па ягонай сьмерці. Бо ўсё гэта
было запісана ў “Энцыкляпэдыі”, не забытая
аніводная хустачка, ані пачак “мараваў”, ані
“Ілюстраваная палітыка”, у якой знаходзіцца
крыжаванка, часткова разгаданая ягонай рукой.
Занатаваныя таксама прозьвішчы дактароў,
санітарак, тых, хто яго наведваў, пададзеныя
дзень і гадзіна апэрацыі (калі доктар Пятровіч
ускрыў яму жывот і зашыў, зразумеўшы, што
намаганьні ўжо нічога не дадуць: мэтастазы былі
на жыцьцёва важных ворганах). Я ня маю сілы, каб
апісаць Вам погляд, якім ён разьвітаўся з мной на
шпітальных сходах, за дзень да апэрацыі; у ім
зьмяшчалася ўсё жыцьцё і ўвесь жах
усьведамленьня сьмерці. Усё, што жывы чалавек пра
сьмерць можа ведаць.
Змарнелая й заплаканая, я здолела потым на
працягу некалькіх гадзінаў прагледзець усе
старонкі, якія тычыліся яго. Я ня мела
ўяўленьня пра час. Ці я ў гэтай халоднай
бібліятэцы гадзіну, ці, можа, ужо сьвітае? Зусім,
кажу, забылася на час, на месца, дзе знаходжуся.
Я сьпяшалася запісаць як найболей зьвестак
пра майго бацьку, каб у хвілях роспачы мець
які–небудзь доказ, які сьведчыць пра тое, што
ягонае жыцьцё не было марным, што на сьвеце ёсьць
яшчэ людзі, якія занатоўваюць вартасьць кожнага
жыцьця, кожнай пакуты, кожнага чалавечага
існаваньня. (Гэта заўжды нейкае суцяшэньне.)
Раптам недзе на апошніх прысьвечаных яму
старонках я заўважыла кветку, незвычайную
кветку. У першае імгненьне здалося мне, што
гэта віньетка альбо схематычны малюнак расьліны,
якая апынулася ў сьвеце мёртвых як узор вымерлай
флёры. У подпісе я, аднак, прачытала, што гэта
падставовы матыў карцінаў майго бацькі.
Дрыготкімі рукамі я пачала перамалёўваць гэтую
нязвыклую кветку. Найболей яна нагадвала вялікі,
абабраны й разламаны аранжык, папрацінаны
тоненькімі чырвонымі жылкамі, падобнымі да
капілярных сасудаў. Праз імгненьне я была
расчараваная. Я добра ведала ўсе карціны,
якімі мой бацька ў хвіліны, вольныя ад занятку,
пакрываў сьценкі, дошкі, бутэлькі й каробкі,
аднак ніводная зь іх не нагадвала гэтай. Так,
сказала я сабе, нават яны могуць памыліцца. А потым,
перакрэсьліўшы той вялікі абабраны аранжык, я
прачытала апошні пасаж і крыкнула. Ачомалася я
аблітая потам. Тады запісала ўсё, што запомніла з
таго сну. І вось тое, што засталося... Ведаеце,
пра што казалася ў апошнім абзацы? Што Д.М. пачаў
маляваць у хвіліны, калі зьявіліся першыя
прыкметы раку. Што, значыць, ягонае навязьлівае
маляваньне кветкавых матываў супадае з
разьвіцьцём хваробы.
Калі я паказала гэты малюнак доктару Пятровічу,
ён не безь зьдзіўленьня пацьвердзіў, што пухліна
ў майго бацькі выглядала менавіта так. І што
ейнае высьпяваньне доўжылася, без сумневу,
гадамі.
Пераклаў Зьміцер Дзядзенка.
*Бурэк —
папулярная закуска (цеста зь мясам), якую ядуць
гарачай. (назад)
**OZN (Odelenje Zaљtite
Naroda) — Аддзел аховы народу, які потым замяніла UDB
(Управа дзяржаўнай бясьпекі).
(назад)
|