Сучаснае
беларускае кіно — і не беларускае, і мала
падобнае на сучаснае, і ўвогуле на кіно. З-за
адсутнасці грошай, традыцыі, школы, агульнай
свабоды ў краіне, уласнага кіна– і відэарынку,
навучальных установаў, малога памеру краіны.
Наша патэнцыйная ніша — аматарскае відэа або
фільмы, знятыя ў гэтай стылістыцы. Менавіта ў ёй
працуюць апошнія гады Ларс фон Трыер, Томас
Вінтэрбэрг, Сёрэн Крах–Якабсэн, Крыстыян
Леўрынг, цэлая новая дацкая школа. Менавіта яны
ў 1995 годзе апублікавалі маніфест, які называўся
«Догма-95» і складаўся з шэрагу «запаведзяў»
сучаснага альтэрнатыўнага кінематаграфіста: «Не
падымай камеры вышэй пляча і не выпускай яе з
рук», «Не выкарыстоўвай музыкі за кадрам, апроч
той, што гучыць у кадры паводле сюжэту», «Не рабі
чыстай карцінкі» і гэтак далей. «Догма–95»
патрабуе ад рэжысёра фармальнага аматарства.
Фільм мусіць стварацца з выкарыстаннем мінімуму
сродкаў — тым самым кожны або амаль кожны
«ўроўніваецца ў правах», можа на роўных здымаць
сваё кіно. Не змест абумоўлівае форму, а форма —
змест. Фільмы выходзяць на першы погляд
(і часта падманна) неахайнымі, адвольна
выкананымі: рэжысёрская распрацоўка і мантаж
здаюцца першымі–лепшымі, ніякай дадатковай
падсветкі на здымачнай пляцоўцы (гэта таксама
догма), адвольнае кадраванне. Канешне, любыя
нормы ствараюцца, каб іх парушалі, але парушэнні
толькі падкрэсліваюць існаванне нормы. Так,
паводле «Догмы–95» фільм мусіць здымацца на
35–міліметровай стужцы, але пры здымках
«Ідыётаў» выкарыстоўвалі 16–міліметровую:
камера для здымак на 35–міліметроўку занадта
цяжкая, і ёю цяжка маніпуляваць. Знайшлі гэтаму й
“юрыдычнае” абгрунтаванне; маўляў, запаведзі
датычаць толькі таго, на якой стужцы будзе
распаўсюджвацца фільм, а здымаць можна на любой,
абы пасля зрабіць 35–міліметровую копію для
паказу.
Дык вось, цяпер кіно маленькай краіны Даніі
найчасцей асацыююць акурат з такой стылістыкай
здымкі, своеасаблівым зарокам цнатлівасці
кінематаграфістаў.
Ларс фон Трыер зрабіў сабе імя фільмамі «The Element
of Crime» (1984), «Эўропа» (1991) і «Рассякаючы
хвалі» (1996). Фільмы, зробленыя ў новай
стылістыцы — «The Kingdom II» і «Ідыёты» — гэта
своеасаблівы пратэст, але пратэст творчы,
супраць панавання амерыканскага
«капіталістычнага” кіно і перабольшвання ролі
рэжысёра і прад’юсара ў творчым працэсе (паводле
«Догмы–95» імя рэжысёра не фігуруе ў тытрах ні на
пачатку, ні пры канцы фільма). І што самае
цікавае, і «Ідыёты» фон Трыера, і «Festen»
Вінтэрбэрга былі з захапленнем сустрэтыя на
Канскім фестывалі. Вінтэрбэрг атрымаў прыз за
лепшую рэжысуру.
Увогуле, скандынаўскія краіны даказваюць, што
маленькія дзяржавы могуць сцвердзіць сваю
культуру ў свеце і ўмацаваць павагу да сябе ва
ўласных вачах дзякуючы кінематографу. Пра Данію
ўвесь свет даведаўся пасля сусветнага поспеху
Трыерава фільма «Рассякаючы хвалі», пры
праглядзе якога перажываеш своеасаблівы
катарсіс, але ў гэтай краіне ёсць і яшчэ некалькі
рэжысёраў, фільмы якіх я не раю вам прапускаць:
Нікалас Рэфн, Нільс Ардэн.
Швецыя — гэта, канешне, Інгмар Бэргман, чые
фільмы разумныя людзі ніколі не перастануць
глядзець, як фільмы несмяротных Дрэера, Стылера,
С’ёстрома, С’ёбэрга і Крыстэнсэна. З фінскіх
рэжысёраў можна парэкамендаваць братоў
Каўрысмакі. Згадваюцца і яшчэ некалькі імёнаў,
якія могуць быць цікавымі для інтэлектуальнага
гледача: Біле Аўгуст, Габрыэль Аксэн, Бо
Відэрбэрг, Арнэ Скоўэн.
«Ідыёты» Ларса фон Трыера ўжо таму вартыя
прагляду, што ніякі іншы сучасны кінематаграфіст
не даводзіў да крайнасці ідэю, што кожны фільм
павінен выйсці поўнай супрацьлегласцю
папярэдняму. Пасля паказу «Рассякаючы хвалі»,
фільму завершанага, фільму, які поўнасцю прымаеш,
з якім пагаджаешся, які зацягвае ў свой сусвет,
прычароўвае, дае табе наблізіцца, фон Трыер
вырашыў разарваць гэты дэміургічны і, канешне, не
зусім шчыры «пакт» з гледачом і стварыў фільм,
што грунтуецца на дыстанцыяванні ад рэчаіснасці.
Як і раней, у цэнтры разважанняў дацкага рэжысёра
аказваюцца маніпуляцыя, круцельства, чары
ўздзеяння, але цяпер ён не далучаецца да
супольніцкай эйфарыі сваіх персанажаў, у
псіхалогію якіх ён глыбока пранікае. Здаецца, ён
ужо нават трохі ставіць пад сумнеў нормы
«Догмы–95» ці, прынамсі, спрабуе паглядзець на іх
як бы з боку, пры тым, што фармальна ён працягвае
датрымлівацца іх. «Ці трэба прымаць усур’ёз
пошукі ідыятычнага ў самім сабе? Ці трэба
літаральна выконваць нормы «Догмы–95»?» — вось
пра што, здаецца, пытаецца ён.
Вялікая сіла Ларса фон Трыера заключаецца ў
тым, што ён прадстаўляе нам кіно як сімулякр: і ў
ягоным апошнім фільме мы бачым персанажаў, якія,
быццам акцёры, іграюць у ідыётаў. Затое правілы
«Догмы–95»: лёгкае дрыжанне камеры, якую носяць
на плячы, адсутнасць імя аўтара ў тытрах —
сціраюць традыцыйную мяжу між рэжысёрам, акцёрам
і гледачом. Патэнцыйна, акторам у такім фільме
можа быць кожны з нас, і тым самым кожны робіцца
адказным за тое, што мы бачым у фільме.
Ларс фон Трыер заўсёды ішоў супраць традыцыі.
Свой першы поўнаметражны фільм, трылер, «The Element
of Crime», насуперак традыцыям дацкай кінашколы,
быў зняты не па-дацку, а па-англійску (таксама
пстрычка беларускім кінематаграфістам). Гэты
фільм, як і другі, «Эўропа», паказваў крушэнне,
раскладанне кантыненту. «Шпіталь і ягоныя
прывіды» і «Рассякаючы хвалі» вылучаюцца
своеасаблівай візуальнай анархіяй, стылістычным
беспарадкам і непасрэдным зваротам да гледача,
які робіцца нібы саўдзельнікам, сведкам падзеяў,
дзякуючы простай, аматарскай тэхніцы здымак.
Гэтая «аматарскасць» і бесклапотнасць формы
адгукаюцца пачуццёвай чысцінёй зместу, бачаннем
свету, вызваленым ад цынізму і падманнай
інтэлектуалізаванасці. У «Ідыётах»
фон Трыер пайшоў яшчэ далей: сцэнарый быў
напісаны за чатыры дні, усе акцёры — маладыя,
амаль без досведу здымак, на іх тварах — ніякага
макіяжу. І ніякай містыкі ва ўсім фільме.
Рэжысёр наўмысна разбурае ўласны міф, хоча
сцерці сябе як аўтара, знікнуць, як імя з тытраў.
У знікненні крыецца з’яўленне.
Усе, хто здымае кіно ў Беларусі, яднайцеся з
«Догмаю–95”.
|