Logo ARCHE

 постмадэрнізм у 1-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1-1999


слоўнік паняцьцяў
 

Жан-Франсуа Ліётар
Постмадэрны стан


Жан-Франсуа Ліётар — францускі філёзаф-постструктураліст. Аўтар кніг „Постмадэрны стан“ (1979), „Постмадэрн, растлумачаны дзецям“ (1986), „Гайдэґер і “жыды”“ (1988), „Постмадэрная маральнасьць“ (1993). Гэты ўрывак — уводзіны да ягонай кнігі „Постмадэрны стан“. Слова Ліётара пазначана тыповай для сучаснай францускай філязофскай школы другой паловы ХХ ст. падазронай зацьмяненасьцю.

Прадмет гэтага дасьледаваньня — стан веды ў найбольш разьвітых грамадзтвах. Гэты стан вырашана называць „постмадэрным“. Гэтае слова часта выкарыстоўваюць амэрыканскія сацыёлягі і крытыкі. Яно азначае становішча культуры пасьля трансфармацый, якія паўплывалі на правілы навуковых, мастацкіх і літаратурных гульняў, пачынаючы з канца ХІХ стагодзьдзя. Гэтыя трансфармацыі будуць разгледжаныя тут у стасунку да крызысу апавяданьняў.

Навука ад пачатку знаходзіцца ў канфлікце з апавяданьнямі, якія на паверку аказваюцца, на капыл сваіх уласных крытэрыяў, казкамі. Аднак, паколькі навука ня зводзіцца да пераказу карысных заканамернасьцяў, а шукае праўду, яна адчувае абавязак легітымацыі сваіх правілаў гульні. І тады яна запачаткоўвае дыскурс легітымацыі свайго ўласнага статуту, які называецца філязофіяй. Калі гэты мэтадыскурс яўна прыбягае да такога–такога вялікага апавяданьня кшталту дыялектыкі Духу, гермэнэўтыкі сэнсу, разьняволеньня разумнага суб’екта ці работніка, разьвіцьця багацьця, то навуку, якая спасылаецца на яго, вырашана называць мадэрнай. Такім чынам, напрыклад, правіла кансэнсусу між адрасантам і адрасатам паведамленьня, якое мае значэньне праўды, будзе лічыцца прыймальным, калі яно ўпісваецца ў пэрспэктыву магчымай адзінадушнасьці рацыянальных розумаў: такім было апавяданьне эпохі Асьветніцтва, калі герой веды працаваў з добрай этыка–палітычнай мэтай дзеля дасягненьня міру ва ўсім сьвеце. З гэтага выпадку бачна, што пры легітымацыі веды мэтаапавяданьнем, якое прадугледжвае наяўнасьць нейкай філязофіі гісторыі, мы прыходзім да запытаньня пра абгрунтаванасьць інстытутаў, што кіруюць сацыяльнымі сувязямі: гэтыя інстытуты таксама мусяць быць легітымізаваныя. Такім чынам, справядлівасьць, а таксама праўда аказваюцца прывязанымі да вялікага апавяданьня.

Спрашчаючы ўсё да крайнасьці, можна сказаць, што „постмадэрным“ называюць недавер да мэтаапавяданьняў. Гэтае стаўленьне, бадай, ёсьць эфэктам навуковага прагрэсу; але прагрэс у сваю чаргу прадугледжвае такое стаўленьне. Аджываньню мэтанаратыўнага мэханізму легітымацыі адпавядае, у прыватнасьці, крызыс мэтафізычнай філязофіі і ўнівэрсытэцкіх структураў, якія на ёй грунтаваліся. Наратыўная функцыя губляе свае функтары, вялікага героя, вялікія небясьпекі, вялікія падарожжы і вялікую мэту. Яна распыляецца на воблака наратыўных, а таксама дэнататыўных, прэскрыптыўных, дэскрыптыўных і г. д. моўных элемэнтаў, кожны зь якіх цягне за сабой своеасаблівыя прагматычныя валентнасьці. Кожны з нас жыве на скрыжаваньні розных валентнасьцяў. Мы не абавязкова ўтвараем устойлівыя моўныя камбінацыі, а тыя камбінацыі, якія ўтвараем, не абавязкова надзеленыя камунікацыйнымі ўласьцівасьцямі.

Такім чынам, надыходзячае грамадзтва мае менш агульнага зь ньютонаўскай антрапалёгіяй (як структуралізм і тэорыя сыстэмаў), а больш з прагматыкай моўных часьціцаў. Існуе шмат разнастайных моўных гульняў. Разнароднасьць элемэнтаў. Яны даюць падставу для інстытуалізацыі толькі месцамі. Мясцовы дэтэрмінізм.

Кіраўнікі ўсё ж спрабуюць кіраваць гэтымі аблокамі сацыяльнасьці на базе матрыцаў input/output паводле лёгікі, якая прадугледжвае сувымернасьць элемэнтаў і вызначальнасьць цэлага. На іхную думку, нашаму жыцьцю наканаваны рост магутнасьці. Ягонай легітымацыяй у галіне сацыяльнай справядлівасьці і навуковай праўды, верагодна, зьяўляецца паляпшэньне паказчыкаў сыстэмы, эфэктыўнасьць. Гэты крытэр навязваецца ўсім нашым гульням у пэўнай ступені тэрарыстычным чынам (мяккі ці жорсткі тэрарызм): будзьце дзейныя, то бок сувымерныя або зьнікайце.

Гэтая лёгіка больш эфэктыўнага з многіх пунктаў гледжаньня непасьлядоўная, у прыватнасьці, што датычыць супярэчнасьці ў сацыяльна–эканамічнай сфэры: яна хоча адначасова зьменшыць працу (каб зьнізіць сабекошты) і збольшыць працу (каб палегчыць сацыяльны груз непрацуючай часткі насельніцтва). Але паняверка цяпер настолькі моцная, што ніхто не шукае збавеннага выйсьця з гэтыx супярэчнасьцяў, як гэта рабіў Маркс.

Пры гэтым постмадэрны стан ня мае нічога агульнага з расчараваньнем, як і зь сьляпой пазытыўнасьцю дэлегітымацыі. На чым можа грунтавацца легітымнасьць пасьля мэтаапавяданьняў? Крытэр дзейнасьці — чыста тэхналягічны. Ён недарэчны для меркаваньня пра сапраўднае і справядлівае. Можа, у кансэнсусе, да якога прыходзяць праз дыскусію, як сьцьвярджае Габэрмас? Гэта насільства над разнароднасьцю моўных гульняў. І вынаходкі заўсёды робяцца ў нязгодзе. Постмадэрная веда — гэта ня проста інструмэнт уладаў. Яна адточвае нашу чуйнасьць да розьніцаў і ўмацоўвае нашу здольнасьць трываць несувымернае. Яна ж знаходзіць сваю прычыну не ў раўнавартасьці экспэртаў, а ў разнавартасьці вынаходнікаў.

Вось якое пытаньне застаецца адкрытым: ці можна ажыцьцявіць легітымацыю сацыяльных сувязяў, справядлівага грамадзтва паводле парадаксальнай схемы, аналягічнай схеме легітымацыі навуковай дзейнасьці? І ў чым яна будзе заключацца?

Пераклаў з францускай мовы А.Д. паводле:
Jean–Francois Lyotard „La condition postmoderne“, Paris, Minuit, 1979.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Постмадэрнізм у ARCHE 1-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-07-1999