Цiкавы
такi лозунг — “Беларусь у Еўропу”. Уяўляеш сабе,
як уся “Беларусь” з хатулямi за плячмi цягнецца ў
тую “Еўропу”. Наперадзе — самыя вартыя, з
адпаведнымi транспарантамi ў руках. Можа,
Беларусь стане Беларуссю якраз тады, як зваляць
адгэтуль тыя, хто не знаходзiць чаго рабiць тут
i цяпер?
Ёсць ужо парода “беларускамоўных
касмапалiтаў”. Ад’езд (у Еўропу, Амерыку і куды
далей) найчасцей абгрунтоўваецца тым, што цяпер
тут няма ўмоваў для самарэалiзацыi. Ну i якая ж
самарэалiзацыя, калi чалавек, здольны на высокім
узроўнi перакладаць мастацкiя тэксты, перакладае
там дзiцячыя рэлігійныя кнiжачкi? Прыкладна тое
ж, што забiваць кампутарам цвiкi. Але ж — за гэта
плацяць. (Ад каго ўжо дачакаемся перакладу The
Master of the Rings Толкіена?) А цi можна казаць аб
самарэалiзацыі, калі журналісты едуць працаваць
на радыёстанцыю, беларускi выпуск якой слухае, у
лепшым выпадку, некалькi тысяч чалавек? Зноў жа —
плацяць. Дык вось жа, звычайная эканамiчная
эмiграцыя, часам прыкрытая статусам
палітвыгнанца.
Неяк адзiн вядомы цяпер беларускi дзеяч
расказваў, што ён, як і ўсе тадышнія
“напаўпадпольныя беларусы”, не чакаў такога
бурнага развiцця падзеяў: развалу Саюза,
атрымання незалежнасцi i да т.п. Вяршыняй iхных
мараў была iдэя бязлюднага вострава, якi
засялiлi б сьведамыя беларусы, ды там
стварылi б сваю Беларусь. Такая вось утопiя.
А я прыгадваю свае адчуваннi недзе канца
80–х. Не ўваходзячы нi ў якiя беларускiя суполкi, я,
як, вiдаць, большасць народу, думаў: сядзяць жа там
недзе нацыяналiсты, думаюць ды плануюць, ужо ж яны
ведаюць што рабiць, калi што якое. Аказалася, далей
за ўтопii справа не пайшла. І дагэтуль
ствараюцца тыя выспы — у Менску, Вiльнi, Ню–Ёрку,
Празе... Але ж прычым тут Беларусь?
У маёй вёсцы ў 70–х гадах прыезджыя да дзядоў
гарадскiя дзецi за лета прывыкалi гаварыць
“па–вясковаму”, а калi хто з вясковых — тады
шматлiкiх, па двое–трое–пяцёра ў хаце — пачынаў
вымоджвацца i чiґiрiкаць, дык яго проста
задражнiвалi: “не русі, а то выганiм з Беларусі!”.
Звычайныя ўсходнебеларускiя дзецi. Адкуль што
бралася? Вiдаць, праява той самай тутэйшасцi,
натуральнае адчуванне свайго–несвайго. Пасля
вясковыя дзецi павырасталi ды з’ехалi ў гарады,
дзе сталi самi “не свае”. На “беларускiх выспах”
iх таксама не прынялi — ну як ты чалавеку
растлумачыш, чаму польскае “вiдэлец” больш
беларускае, чым расейскае(?) “вiлка”?! Дарэчы,
вось аб’ект для вывучэння фiлолагамi (пакуль не
позна): гарадская беларуская мова — не тая,
прыдуманая “дзецьмi асфальту”, а тая, што
ўтварылася ў горадзе натуральным чынам, на якой
былыя вяскоўцы гавораць са “сваiмi”. Тая мова, на
якой усё жыццё гавораць у хаце і на працы мае
суседзi (муж з Расоншчыны, а жонка — з–пад Слуцка,
сантэхнік і кранаўшчыца). Гавораць штодня, не
чакаючы “рыбных дзён” раз на месяц, і ніякія
праблемы мяккіх знакаў ім не замінаюць.
Людзi змагаюцца найбольш самi з сабой — хто з
“савецкасцю”, хто з “тутэйшасцю”, а хто з тым i
другiм. Як на мой погляд, дык “тутэйшасцi” ў
беларусаў недастаткова. На што апiраюцца, скажам,
латышы цi эстонцы, нiколi да ХХ ст. не меўшы нi сваёй
дзяржавы, нi свайго гораду (гарадское
насельнiцтва было нямецкае, жыдоўскае цi
расейскае), ні сваёй арыстакратыі? Нiчога гэтага
iм не спатрэбiлася выдумляць, каб дамагчыся
незалежнасцi i стаяць на сваiм, не зважаючы нi на
Расею, нi на які Савет Еўропы. Апорай для iх
з’яўляецца тая вяскова–хутаранская
“тутэйшасць”, якая выглядвае нават з–пад
дыпламатычных фракаў.
“А як жа з самаідэнтыфікацыяй? — спытаюць тут
нашы нацыянал–мазахісты. — Гэта ж няма
адчування суб’ектнасці нацыі!” Мала чаго ў каго
няма. Да вайны амаль палова этнічных палякаў,
якія жылі ў польскай дзяржаве, не ўсведамляла
сваёй польскасці. Ну і што? Дык вось і нічога.
Два студэнты ў фальклорнай экспедыцыi
размаўляюць з бабулькамi на вулiцы. Зьвяртаюцца
да iх на сваёй гарадской белмове. Бабулькi гукбюць
памiж сабой на добрай лепельска–бегамскай
гаворцы, але да студэнтаў адказваюць, ламаючы
языкi, “па–расейску”. Чаму? Бо тыя гавораць “не
па–нашаму”. Адзiн з асноўных элементаў
тутэйшасцi — адчуванне свой–чужы.
Цяпер многія, ад барадатых пiсьменнiкаў да
“ды–джэяў адраджэньня”, любяць расказваць, як
яны нi з тога нi з гэтага сталi беларусамi,
загаварылi па–беларуску. А цi так лёгка стаць,
скажам, латышом цi эстонцам, вывучыўшы мову i
зацiкавiўшыся гiсторыяй? Цi дастаткова гэтага, каб эстонцы
прызналi цябе сваiм? Дык і беларусам ты будзеш
тады, як цябе прызнаюць такiм iншыя
беларусы, а не тады, як ты сам гэтага захочаш. “Ах,
не прызнаюць?” — манкурты, электарат,
быдла, і як там яшчэ. Я бiў бы морды кожнаму, хто
ўжывае слова “электарат” (у сэнсе быдла ды
калхознiкi). Толькi ж не паможа, адно рукі саб’еш.
У кожнага знойдзецца бабуля, дзядуля, брат цi
сват, якi нават галасаваў за Лукашэнку, але ж яму ў
вочы не скажаш — быдла. А ў “масе” — можна.
Гэта па–ленінску.
Дык жа пра “савецкасць”. Вясковая бабулька,
якая ўсё жыццё адрабіла ў калгасе, пайшла з
нейкай просьбай да начальства, ды жалiцца пасля:
“Накрычэлi на мяне, як не нашы людзi”. Яна —
савецкi чалавек? А калi б яна жыла гадоў сто
таму i працавала б усё жыццё на пана, дык тады
якая яна была б? Савецкасцi ў ёй не больш, чым у
каторагасьці з “адраджэнцаў”.
Цi — Іван Пташнiкаў у ЛiМе расказвае, як некалi,
гуляючы з сынам, завёў яго на экскурсiю ў
дом–музей I з’езду РСДРП. Але ж пры iншай
уладзе ён, магчыма, дадумаўся б завесцi
трохгадовага малога на экскурсiю, скажам, у
Курапаты. Ну такі ўжо чалавек, а савецкасць тут i
нi пры чым...
Гiсторык Анатоль Грыцкевiч, былы сакратар
партарганiзацыi Інстытута гiсторыi АН БССР, у свой
час напiсаў “Вокруг “Слуцкого мятежа””
(1987 г.) i “Крушение коварных планов”
(1988 г.). Прайшло трохі часу, і ўжо “Слуцкае
паўстанне 1920 г. — збройны чын у барацьбе за
незалежнасць Беларусi” (1993 г.). Пазбавiўся
“савецкасцi” на схiле год?
Нядаўна адзiн з беларускай iнтэлiгенцыi, меўшы
грошы, паслаў свайго сына вучыцца ў закрытую
школу ў Англiю. Едучы туды, хлопчык па–ангельску
ведаў толькi лаянку, якой навучыў i сваiх новых
сяброў (тыя ангельскiя дзецi не ўмелi лаяцца на
сваёй роднай мове!) Быў scandal. Што ж — хай ведаюць
савецкае выхаванне.
Некалi Глёбус пiсаў пра маскалёў, чым яны
адрознiваюцца ад беларусаў — паставяць рондаль з
бульбай на стол i ядуць сабе. Я дык бачыў такiх
маскалёў, што ўмеюць есцi i з талерак. Бачыў i
беларускiх iнтэлектуалаў, што п’юць шампанскае
“з гарла” ў прыбiральнi. Са свайго досведу ведаю,
з кiм з беларускiх “адраджэнцаў” лепей не
садзiцца за стол, каб не сапсаваць сабе апетыт.
А дзе там было наўчыцца, калі “мова гіне”?
(Калі меркаваць па мове, якой часам пішуцца заявы
ТБМ, дык самая пара надмагільны помнік ставіць).
Мітынг, прысвечаны 10–годдзю БНФ. Выступае
адзін з кіраўнікоў Фронту — пыкае–мыкае. Не
маючы сілы слухаць, іду дамоў. Два дзядзькі з
мяхамі валакуцца з Камароўкі: “Яго б да нас у
дзярэўню — навучыцца па–беларуску гаварыць.
Гы–гы”.
Зайшоў неяк у той слынны беларускi лiцэй —
адзiны на ўсiм свеце, за якi так змагаюцца, ды
паслухаў, на якой мове гавораць дзецi на
перапынках у гэтай цытадэлі беларускасці.
Збольшага — па–расейску. Ці, можа, не ў “рыбны
дзень” зайшоў?
У закрытых прыватных навучальных установах у
Англii звычайная рэч — пакаранне розгамi.
Навучэнцы носяць строгую форму, у некаторых
школах не дазваляецца нават перапiсвацца з
бацькамi. Выхоўваюцца там не малалетнiя злачынцы,
а будучая дзяржаўная элiта Вялiкабрытанii. Вiдаць,
таму гэтая дзяржава стабiльная на працягу
стагоддзяў. Апошнiм часам там усё больш дзяцей з
Расеі — “новыя расейскiя” клапоцяцца пра сваю i
сваёй дзяржавы стабiльнасць, не разлiчваючы на
ўсялякiя халяўныя замежныя адукацыйныя праграмы.
Праўда, для гэтага трэба мець добрыя грошы.
А ўся сьведамая беларуская грамадскасць, як на
смех, не мае ні грошай, ні жадання, каб адчынiць
хоць адну прыватную (г.зн., сваю ўласную)
навучальную ўстанову (расейскамоўных тым часам
толькi ў Менску ёсць некалькi).
Максiм Гарэцкi ў апавяданнi “Рунь” пісаў пра
юнака, якi марыў “сабраць у сьвецi ў адных сваiх
руках столькi грошы, каб, напрыклад, ... купiць усю
Вiльню, i потым з гэтымi грашамi рабiць эканамiцкае
адраджэньне Беларусi”. З чаго пачынаюць
збiраць грошы ў сваiх руках? Напрыклад, з гандлю на
базары. Паглядзiце пад вечар на Камароўцы, хто
пад’язджае да кiёскаў за выручкай? Джыгiты розных
колераў і адценняў. А дзе ж “маладое
адраджэньне”? Ходзiць шэсцямi “са свiсткамi ды
агеньчыкамi” ці строчыць заяўкi на гранты...
(Цяперашняй уладзе даводзiцца саджаць i караць
сваiх працiўнiкаў — за нiшто — за вершы, за
шэсцi, за надпiсы, за проста так. “За што пасадзiлi?
— Ды нi за што!”. “А чым займаешся? — Ды
нiчым...”. Хiба ўспрымаць усур’ёз паведамленнi аб
дыверсіях на смеццеправодах...).
Ва ўспамiнах Юльяны Вiтан–Дубейкаўскай пра
Івана Луцкевiча яна згадвае, як той, збiраючыся на
мiжнародную канферэнцыю, дзе вырашаўся лёс
Беларусi, адмовiўся браць грошы на паездку ад
нямецкiх акупацыйных уладаў. Як лiчыў Луцкевiч,
дэлегацыя не была б легiтымнай, калi б узяла
чужыя грошы. Тут можна было б пайсці ў нейкія
метафізічныя развагі пра тое, што на чужыя грошы
не зробіш таго, што хочаш менавіта ты, — як ні
старайся, а выйдзе так, як хоча гаспадар.
Цяперашнiя “грантасосы” i “грантажэрцы” аб
такiх матэрыях не задумваюцца, i пры гэтым не на
жарт лiчаць сябе нацыяналiстамi і дзяржаўнікамі,
хоць даўно ўжо робяць тое, пад што даюць грошы, а
не тое, аб чым некалі марылі.
Скажуць: а на каго спадзявацца? Дзяржава ж не
дапамагае. “Не стаўце пытання — што для вас
можа зрабіць дзяржава, спытайце сябе, што я
магу зрабіць для дзяржавы”. “Гэта ж проста
фашызм нейкі!” — закрычаць дэмакраты. Ну дык.
А сказаў гэта ў 1961 г. John Kennedy, прэзідэнт ЗША.
Дэмакраты, кажа. Гляджу выданне “Литературные
вести”, “газету содружества союзов писателей,
союза писателей Москвы и независимой ассоциации
“Апрель”, за май 1997 г. Галоўны рэдактар —
Валентин Оскоцкий, у рэдкалегii — Василий
Аксенов, Белла Ахмадулина, Василь Быков, Булат
Окуджава, Сергей Юшенков ды iншыя вядомыя iмёны.
Чытаю перадавы артыкул: “Исторические
предпосылки к самому тесному союзу России и
Белоруссии не вызывают сомнений. ... Первый росток
белорусской государственности посадили, между
прочим, большевики, когда 26 ноября 1917 г. был
образован Совнарком Западной области. ... Слияние
произошло бы легко и удобно, потому что сама
белорусская государственность — искусственное
изобретение покойного “отца народов”. ... Но есть
и великая демократическая идея, которая слишком
всемирна, чтобы подорвали ее отечественные наши
извращения...”. А далучыцца да гэтай
“всемирной идеи” Беларусь можа, ведама ж, толькi
далучыўшыся да Расеi. Аўтар артыкула — нейкi
М.Чулаки, даўней вядомы як прапагатар атэiзму на
старонках часопiсу “Наука и религия”. Цяпер
атэiзм у Расеi не ў модзе, але ўменне скакаць на
магiлах яшчэ патрабуецца.
Уяўляю, калі б прэзідэнт Літвы Адамкус пачаў
штотыдня прыязджаць у Менск ды прасіцца, каб
Літву далучылі да Беларусі, маючы тайнай мэтай
аднаўленне ВКЛ. Ездзіў бы па беларускіх
райцэнтрах ды агітаваў, з прыцэлам на пасаду
вялікага князя ці якога там канцлера.
А ў Літве тым часам які–небудзь
Ландсбергіс верашчаў бы на ўвесь свет аб
дыктатуры і абмежаванні дэмакратыі. Як да гэтага
трэба было б ставіцца нам у Беларусі? А так,
што “дэмакраты” прыходзяць і сыходзяць, а
Беларусь застаецца.
Гады са два таму ў Смаленскай абласной думе
высоўвалася прапанова аб правядзеннi
рэферэндуму пра далучэнне Смаленшчыны да
Беларусi. Былi i ёсць такiя–сякiя захады i з
беларускага боку — ездзiць туды Лукашэнка,
возяць усялякiя кiрмашы, ездзяць з канцэртамi
“Сябры” з Вуячычам, розныя дэлегацыi (чамусьцi
толькi БНФ–аўскiх не было). Думаецца, калi б
пытанне паўстала ўсур’ёз, дык дэмакраты ўсей
Расеi ўзнялiся б (як?! да Лукашэнкi?). А вось
сярод “недэмакратаў” самага рознага заводу,
магчыма, знайшлося б нямала прыхiльнiкаў (браты
славяне! давайце да нас! кiдайце сваю пражыдзелую
Маскву!). Падобна на тое, што ў бачнай перспектыве
нейкiя рухi накшталт далучэння Смаленшчыны
магчымыя толькi пры Лукашэнку. Што ж у выпадку
такога падарункy лёсу змаглi б прапанаваць
новадалучаным смалянам насельнікі “беларускіх
выспаў” — тыя, што дагэтуль пераконваюць самi
сябе ў неабходнасцi напiсання мяккiх знакаў,
прытым што не ў стане беларусiзаваць нават сваiх
суседзяў па пад’ездзе? Адно што з’явіцца новая
падстава для атрымання грантаў...
А хто адкуль узяў, што Uncle Sam i Big George зацікаўленыя
тут нешта адраджаць? Не дужа яны
фінансуюць, скажам, даследаванні ў галіне
традыцыйнай культуры ці этнаграфіі. А нашто?
Яшчэ, чаго добрага, што–небудзь сваё
паўстане, зусім непатрэбнае ў той светлай
будучыні, дзе будзе шмат Pepsi i Spearmint Gum.
ЗэБээС замест Дзядоў адзначае, як умее, Halloween. На
дзень святога Валянціна — калі ласка, нават
новаўвядзенне з’явілася, прызнанне ў любові да
цэлых амбасадаў. (Тут, відаць, сказваецца юнацкая
гіперсэксуальнасць). А такія замежныя паездкі на
розныя канферэнцыі ды семінары не сніліся ў свой
час нават камсамольскім актывістам, пры гэтым
рэальны ўплыў таго ж ЗБС разам з Маладым Фронтам,
ды нават разам з БПСМ непараўнальны з колішнім
арганізацыйным уплывам камсамолу.
Фонд Сораса некалі праводзіў конкурс сярод
вучнёўскіх газет і часопісаў. Дыплом “за высокую
якасць тэкстаў” атрымаў штотыднёвік пад мілай
назвай “Люцыфер”. Не ведаю, што пра такую
дробязь сказаў бы дзядзька Сорас, але можаце самі
сказаць сёе–тое пра супрацоўнікаў БФС. Думаецца,
што дзе–небудзь у Польшчы часопіс з такой назвай
пабаяліся б выставіць на які б то ні быў конкурс,
незалежна ад “якасці тэкстаў”.
Цікава выходзіць: беларускі фонд Сораса
заснаваўся ў 1992 г. Тады ў Беларусi былi пачаткi
дэмакратыi i лiберальнай эканомiкi. А ў 1997 г., пры
сыходзе фонду Сораса з Беларусi —
“недадыктатура” i “рынкавы сацыялiзм”. Цi лiчыць
гэта вынiкам працы БФС, на якую было амаль за
5 гадоў выдаткавана 13 млн. даляраў? Такое
вось “адкрытае грамадства” атрымалася. Welcome to
the Brave New World!
|