У
адрозненне ад літаратурнай мовы — штучнага
ўтварэння, што можа пры пэўных варунках існаваць
нават толькі на паперы, слэнг — цалкам
натуральная, жывая з’ява. Калі літаратурную мову
можна назваць лінгвістычнай федэрацыяй, дык
слэнг — ейны суб’ект — сепаратыст, што
супярэчыць уніфікацыі. Слэнг — бясспрэчны
паказчык жывасці мовы.
Argo значна распаўсюджаны перш за ўсё ў
маладзёвым асяроддзі. Нонканфармізм ды
радыкалізм кожнай новай генерацыі знаходзяць
свой адбітак і ў слове, ствараючы своеасаблівую
апазіцыйную лексічную культуру. Прагай
адасаблення, вылучэння ў асобную адзінку,
свядомай скіраванасцю ў непадкантрольнасць ды
незалежнасць варта лічыць узнікненне ды
развіццё слэнгу. Слэнгавая культура, па сваёй
сутнасці, — гэта цынічная адмова закарэлай
традыцыйнасці, кансерватыўнасці, адкіданне ўбок
псеўдамаральнасці (асабліва характэрнай для
несвабоднага грамадства). Нігілізм — сродак
абароны свайго ўнутранага свету ад гвалту
дзяржавы ды грамадства. (Так, з першага
прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы робім ПЭ ПЭ ЭР
БЭ.)
Слэнг здольны адыграць ролю шыфраванай,
таемнай мовы. КГБ–шнік, падслухоўваючы размову
нашых нацыяналістаў–змоўнікаў, нічога не
зразумее.
Ці ж існуе беларускамоўны argo на цяперашні
момант? Хутчэй не, чым так. Ёсць асобныя словы, што
можна аднесці да слэнгавых. Калі ж паспрабаваць
скласці слоўнік берасцейскага слэнгу, то ён
будзе яўна не надта багатым. Argo нараджаецца ды
расце на вуліцы, а вуліца ў нас гаворыць
па–расейску. Невялікія нацыянальныя выспы
тонуць у гэтым моры. На сённяшні дзень у
беларускай мове звычайна выкарыстоўваецца
калькаваная з расейскай (радзей польскай ды
ангельскай) слэнгавая лексіка. У часопісе
“Крыніца”, напрыклад, пісалі “сесці на
шклянку” (“сесть на стакан” — у расейцаў
гэта значыць моцна запіць).
Слэнг не церпіць штучнасці, бо з’яўляецца
антыштучным па сваёй сутнасці. Ён не мае правілаў
маўлення, а падзел на нарматыўную ды
ненарматыўную лексіку перавернуты ў ім “да
наадварот”. Argo адкрыты для запазычанняў з іншых
моваў, але запазычанні гэтыя прыжываюцца, калі
зважаюць на лад мовы: крычаць жа аматары
беларускае рок–музыкі сваё “чаду!” на
канцэртах, што перанялі ад палякаў, а ўспрымаецца
як нашае ўласнае.
Усё ж не ствараецца паўнавартасны беларускі
слэнг з добрым лексічным да ідыяматычным запасам
— не стае носьбітаў. Пры калькаванні ж з
расейскай мовы наш прышлы argo не будзе выконваць
функцыі культурнага адасаблення ад усходняга
суседа: ён меў бы быць незразумелы расейцу.
У джэнтэльменскім наборы сепаратыста argo будзе
зусім не лішні.
Затое словы беларускага паходжання жывуць у
расейскамоўным вулічным жаргоне. “Пойдем
притулимся в баре, натискнём водки”. Вярнуўшы
словы нашага паходжання ўжо ў якасці слэнгавых,
мы можам атрымаць добры кавалак ужо гатовага
лексічнага матэрыялу для стварэння ўласнага argo.
Развіццё ды жыццяздольнасць беларускага
слэнгу засведчаць успрыманне нацыянальнай ідэі
маладзёвым асяродкам, а гэта — будучыня
нацыяналізму. “Лаховасць” ды беларускасць
мусяць быць несумяшчальнымі паняццямі. Беларусы
апошнім часам зашмат захапляліся культурнай
архаікай. Мы ставім лапічкі на выцвілыя
вышыванкі, з якіх даўно выраслі.
На мяжы тысячагоддзяў рэтраскіраванасць не мае
перспектывы. Для retro трэба зарэзерваваць месца ў
бабуліным куфры ды яшчэ не забыцца на нафталін,
каб яго моль не пажэрла. Пэўна, спатрэбіцца, калі
пойдзе адваротны працэс. Пра Еўфрасінню Полацкую
ды Францішка Скарыну мы ўжо начыталіся й
наслухаліся ўдосталь. Хочам чытаць па–беларуску
Ірвіна Ўэлша!
Новая мова чакае сваіх творцаў.
|