У
беларускай лiтаратуры навуковая фантастыка
атрымала зусiм невялiкае, проста–такi мiзэрнае
развiццё. Казаць пра распрацаванасць яе жанраў не
выпадае з прычыны малой колькасцi твораў. Што да
жанру утопii, дык сюды, мабыць, можна залiчыць хiба
што “Аповесць будучых дзён” Янкi Маўра,
напiсаную ў 1932 годзе. Аднак у адрозненне ад
Маўравых прыгоднiцкiх аповесцей i рамана гэты
твор не вытрымаў выпрабавання часам i цяпер мала
каму вядомы. У сучаснай беларускай лiтаратуры
можна назваць двух пiсьменнiкаў, якiя маюць
больш–менш прыкметны даробак у галiне навуковай
фантастыкi. Гэта Уладзiмiр Шыцiк i Васiль Гiгевiч.
Калi ў творах першага ёсць рысы ўтапiчнасцi
(напрыклад, у аповесцi “Апошняя арбiта”), дык
другi больш схiльны да песiмiстычнага погляду на
сучаснасць i будучыню (аповесць “Карабель”,
раманы “Не забывай пра дом свой, грэшнiк”,
“Кентаўры”). Дзе ж, аднак, увасабленнi светлай
мары? Дзе маштабныя творы накшталт “Туманнасцi
Андрамеды” Івана Яфрэмава цi “Магеланавага
воблака” Станiслава Лема? Іх у нас няма. Цiкава
было б паразважаць над прычынамi гэтага, як i
ўвогуле над той акалiчнасцю, што самыя
папулярныя, масавыя жанры — фантастыка i
дэтэктыў — аказалiся ў нас занядбанымi. Але мы
гэтага цяпер рабiць не будзем, а звернем сваю
ўвагу на твор, якi, не будучы нi чыстай
фантастыкай, нi утопiяй, тым не менш мае ў сабе
рысы i аднаго, i другога. Гэта сатырычная паэма
Кандрата Крапiвы “Хвядос — Чырвоны нос”.
Некалькi слоў пра твор. Гэта адна з трох паэм,
створаных пiсьменнiкам. Напiсана яна была ў 1930
годзе i тады ж надрукавана ў часопiсе “Узвышша”,
а неўзабаве выйшла i асобным выданнем. Як i першая
паэма Крапiвы “Бiблiя”, як i iншыя ягоныя
тагачасныя творы, вершаваная гiсторыя пра
Хвядоса набыла вялiкую папулярнасць у чытачоў,
якая захоўвалася ўсё перадваеннае дзесяцiгоддзе.
Сюжэт паэмы такi. Жыў–быў у Мiнску ў канцы 20–х
гадоў Хвядос. Нi прозвiшча, нi заняткаў свайго
героя аўтар не паведамляе. Зрэшты, асноўны ягоны
занятак апiсваецца даволi падрабязна:
Да размовы быў ён вялы,
Хараством не вельмi ўдалы,
Да работы сяк i так,
Ну, а выпiць быў мастак.
Далей апiсанне Хвядосавай прыхiльнасцi да
спiртнога вядзецца з шырокiм выкарыстаннем
гiпербал i метафар:
Я ж кажу,— мастак быў выпiць:
Праз яго не то што Прыпяць -
Можа, цэлае Дняпро
Пралiлося праз нутро.
Дабром гэта не скончылася. Падчас чарговага
“змагання з алкаголем” Хвядос не вытрымаў
варожага “напору” i “паў... на полi бранi, капыты
задраўшы ўгору”. Медыцынская дапамога ўжо не
спатрэбiлася. Так бы Хвядоса i пахавалi, каб не
звярнулi ўвагi на ягоны нос, якi працягваў
заставацца ярка чырвоным, як у жывога. Правялi
дадатковыя даследаваннi i высветлiлi: Хвядос
умудрыўся самазаспiртавацца. І паколькi
працэсу разлажэння ён цяпер зрабiўся
непадуладны, вырашылi пакласцi Хвядоса “на
захаванне”. Праўда, асобнага маўзалея ў гэтым
выпадку будаваць не сталi, а палажылi проста ў
музей.
Так i ляжаў Хвядос у музеi. А на Зямлi тым часам
iшлi грандыёзныя змены:
Рэвалюцыi сусветнай
Адгрымелi навальнiцы,
Сцерлi класавыя мэты
І дзяржаўныя гранiцы.
Крапiва досыць падрабязна апавядае, як
адбывалася сусветная рэвалюцыя. Спачатку
паўсталi народы Усходу: кiтайцы, iндусы, нубiйцы.
Развалiлася каланiяльная сiстэма, i ў колiшнiх
метраполiях улада таксама перайшла ў рукi
працоўных. Найдаўжэй капiталiзм пратрымаўся ў
Амерыцы, але праз паўстагоддзя i там “яго рашылi
долю”.
А праз сто год навука дайшла да такiх вышынь, што
зрабiлася магчымым ажыўляць мерцвякоў. Тут i
ўспомнiлi пра Хвядоса. Ажыўленне прайшло
паспяхова, i колiшнi п’янiца апынуўся ў светлай
будучынi.
Прыгоды героя ў гэтай самай будучынi i складаюць
асноўную частку паэмы. Але не дзеля iх яна была
створана. Паказ iдэальнага камунiстычнага
грамадства ў творы — толькi сродак сатырычнага
выкрыцця неiдэальнай сучаснасцi, што i паставiў
сабе за мэту Крапiва. Зрэшты, паэма спалучае ў
сабе шмат аспектаў. Адзiн з iх — адлюстраванне
барацьбы памiж рознымi лiтаратурнымi
аб’яднаннямi, якая ў той час са стадыi творчых
дыскусiй неўпрыкмет пераходзiла ў рэчышча
суцэльных узаемных абвiнавачанняў i паклёпаў.
Таму ў творы так шмат месца адведзена
лiтаратурным справам i нават даюцца партрэты
асобных лiтаратараў — то як сяброўскiя шаржы, то
як з’едлiвыя карыкатуры (калi к моманту
заканчэння паэмы закранутую ў ёй асобу паспелi
абвясцiць “ворагам народа”).
Але нас у гэтым артыкуле цiкавiць галоўным чынам
фантастыка ў паэме i найперш — паказ Крапiвой
камунiзму. Тут варта адзначыць, што ў агульных
рысах сюжэт “Хвядоса — Чырвонага носа” не
з’яўляецца зусiм арыгiнальным. У тую пару
творы, якiя выкрывалi поўнае заган сёння шляхам
параўнання са светлым заўтра, былi пашыраныя i
папулярныя, бо на iх была грамадская
запатрабаванасць. Паэма Крапiвы шмат у чым
пераклiкаецца з сатырычнай п’есай Уладзiмiра
Маякоўскага “Клоп”, напiсанай у 1928 годзе,
галоўны герой якой таксама трапляе ў светлае
заўтра, праўда, усяго на пяцьдзесят год наперад i
трохi iншым спосабам. Аднак гэтыя творы iстотна
адрознiваюцца многiмi аспектамi, у тым лiку i
паказам будучынi. Калi ў Маякоўскага будучыня
паказана схематычна, скупа, дык у Крапiвы яе
апiсанне даволi разгорнутае i падрабязнае.
Якi ж меўся быць камунiзм? На якi рай менш чым
праз сто год разлiчвалi ягоныя прыхiльнiкi?
Адсутнасць прыватнай уласнасцi, адсутнасць
класаў, адсутнасць адрозненняў памiж горадам i
вёскай, памiж работнiкамi разумовай i фiзiчнай
працы, адна нацыя i мова на ўсю Зямлю, адсутнасць
дзяржавы як iнстытута — вось яго асноўныя
характарыстыкi, пра якiя можна было прачытаць у
любой савецкай энцыклапедыi. Усё гэта ёсць i ў
творы Кандрата Крапiвы.
Ачуняўшы праз сто год, Хвядос не можа зразумець,
дзе ён апынуўся:
— ... Незнаёмую гаворку
Чую я. Што ж гэта, ўрэшце?
Дзе я? Ў Лондане? Ў Нью–Йорку?
У Шанхаi? Ў Бухарэсце?
Аж высвятляецца, што не.
Тут жанчына адказала:
— Ты ж у Мiнску, не ў Нью–Йорку,
Толькi ведае хто мала
Тваю родную гаворку.
Бач, з эпохай нашай новай
Незнаёмы ты праз хворасць:
Ўсеагульнай земнай мовай
Людзi ў большасцi гавораць.
А ранейшыя ўсе мовы
Шчэ жывуць як дыялекты...
Што ж, хоць моваў камунiсты i не злiлi, але
дамаглiся таго, што сёння i сапраўды мала хто ў
Мiнску i ў Беларусi наогул валодае беларускай
мовай.
Але вось, асвойтаўшыся, Хвядос выпраўляецца на
прагулку. Мiнск змянiўся да непазнавальнасцi.
Замест цесных вулак дваццатых гадоў з
непрыгожымi будынкамi — шыкоўныя палацы ў
акружэннi паркаў.
У спакойнай сiнi мая
Не бразджаць званкi трамвая,
Не чуваць аўтаматораў,
Грукатнi ламавiкоў,
Звонкiх цокання падкоў,
Матацыклы iм не ўтораць.
Усе гэтыя вiды транспарту замянiлi рухомыя
тратуары. Цiкава адзначыць, што ў час напiсання
паэмы i трамваi для Мiнска былi вялiкай навiной ды
iстотным прагрэсам у параўнаннi з ранейшай
конкай.
Ідучы далей, Хвядос на кожным кроку спатыкае
цуды... Але годзе пераказваць сюжэт. Паспрабуем
разгледзець вобраз будучынi, намаляваны ў паэме,
комплексна.
Такiм чынам, на Зямлi — камунiзм. Зжыты межы памiж
дзяржавамi, часткова злiлiся нацыi i мовы. Часткова
— бо засталiся ж яшчэ нацыянальныя мовы “як
дыялекты”, якiя мала хто ведае. Нават iснуе
своеасаблiвае двухмоўе — накшталт нашага, бо
разнастайныя надпiсы i шыльды выкананы
“дваякай... мовай — i агульнай i мясцовай”. Мала
таго, захавалася i паняцце нацыянальнай
прыналежнасцi.
Разам з рэвалюцыяй сусветнай адбылася
рэвалюцыя навукова–тэхнiчная. “Скрозь
электрыка слугуе” (камунiзм, як вядома,— гэта
савецкая ўлада плюс электрыфiкацыя ўсёй краiны),
iстотныя змены зазнаў транспарт: апрача згаданых
рухомых тратуараў у шырокi ўжытак увайшлi
паветраныя сродкi перамяшчэння рознага маштабу
— iндывiдуальныя аўтакрылы; авiеткi, што замянілі
легкавыя аўтамабiлi; шматмесныя верталёты, што
замянілі мiжгароднiя аўтобусы, а таксама
Пасажырскiя гiганты,
Цяжкавозы грузавыя,
Даўгалёты прызавыя,
Быстралётныя спартсменкi...
А вось якая энергетыка будучынi:
— Бач, даўно, з каторых пор мы
Укiлзалi злыя штормы,
За сiвыя ўзялi грывы
Табуны валоў бурлiвых,
І адлiвы i прылiвы
К нам на службу прывялi.
Сонца яснага праменне
Можам мы сабраць у жменю
Цi рассыпаць па зямлi.
А калi магутны атам
Мы для працы пакарылi,
Стаў народ такiм багатым,
Што канца няма той сiле.—
тлумачыць Хвядосу Мальгрэта, ягоная
спадарожнiца i гiд. Адным словам, выкарыстоўваюцца
альтэрнатыўныя крынiцы энергii, актуальныя i для
цяперашняга часу. Дарэчы, электрычнасць
перадаецца куды хочаш без правадоў.
Аўтаматызацыя пранiкла ва ўсе сферы жыцця.
Магазiны абыходзяцца без прадаўцоў, сталоўкi —
без афiцыянтаў i iншага абслуговага персаналу. Іх
замяняюць робаты. Аўтаматы ўкаранёны i на
вытворчасцi, у тым лiку ў сельскай гаспадарцы. Але,
безумоўна, цалкам людзей яны ад працы не
вызваляюць. Камунiзм, дзе людзi не працуюць,— гэта
нонсэнс, хоць, па сутнасцi, няцяжка было б
прыдумаць i такое.
Дарэчы, пра вытворчасць. Яна, як вядома,
важнейшая за ўсё, бо стварае
матэрыяльна–тэхнiчную базу камунiзму. Паводле
Крапiвы, у будучынi пануе рэгiянальная
спецыялiзацыя вытворчасцi. Беларусi ў гэтай
спецыялiзацыi дасталася роля гiганцкай
свiнафермы. Ёсць, праўда, i буйныя дзялянкi
садавiны — да ста квадратных кiламетраў, i
прадпрыемствы лёгкай прамысловасцi — на адной з
фабрык працуе Хвядосаў праўнук. Хвядосавы сваякi
жывуць на тым самым месцы, што i сто год назад, але
гэта цяпер не вёска, хоць i не горад: уся тэрыторыя
Беларусi ўяўляе сабой адзiную “сялiбу” з
аднолькава шыкоўнымi ўмовамi жыцця ў любым
пункце.
Вядомая рэч, у будучынi няма нiякiх грошай, нiякiх
наймальнiкаў i працадаўцаў, нiякiх эксплуататараў
i эксплуатаваных. Цалкам ажыццёўлены прынцып “ад
кожнага па здольнасцях, кожнаму — па
патрэбнасцях”. Гэтыя акалiчнасцi вельмi дзiвяць
Хвядоса, якi нiяк не дабярэ розуму, як можна жыць
без сродку ўсеагульнага эквiваленту, плацяжу i
назапашвання, якiм з’яўляюцца грошы.
Знiкла дзяржава, а разам з ёю “знiклi бойкi,
знiкла зброя, i мiлiцыя, i войска”. Зразумела,
гэтага нiяк не магло б адбыцца, калi б людзi
засталiся ранейшымi. Але ў тым i рэч, што, як i ва
ўсiх утопiях, у камунiзме Кандрата Крапiвы
дзiвосным i карэнным чынам змянiлiся людзi. Куды
толькi падзелiся ўсе iхнiя заганы — i фiзiчныя, i
духоўныя! Людзi будучынi
а прыгожыя ж, наўздзiў!
Хто такiх i напладзiў?
Стан той стройны ды крамяны,
Твар прыветны ды румяны,
Тыя формы рук i ног
Быццам вытачыў станок,
Проста твор мастацкi нейкi,
Супраць iх куды там грэкi!
Усе займаюцца спортам, нiхто не мае шкодных
звычак: не курыць i не п’е, дзеля чаго страшэнна
пакутуе Хвядос, якому хочацца i аднаго, i другога.
Самыя ж галоўныя змены — у псiхалогii. Пра гэта
гаворыцца коратка: “Спяць даўно ў зямлi сырой
людзi з псiхiкай старой”.
Тут варта зрабiць заўвагу, што якраз гэтая
iдэалiзацыя людзей будучынi i з’яўляецца самай
непраўдападобнай акалiчнасцю ў камунiстычных
утопiях. Вядома, жыццё iдзе, свет змяняецца,
развiццё навукi i тэхнiкi iстотна пераўтварае ўмовы
жыцця чалавека, эвалюцыянуюць i грамадскiя
адносiны,— словам, адбываецца нейкi прагрэс, але ж
людзi пры гэтым застаюцца ранейшымi. Узяць
лiтаратуру сучасную i хоць бы антычную — абедзве
апiсваюць практычна таго самага чалавека, якi
надзелены тымi самымi вартасцямi i заганамi,— i
толькi пры камунiзме, лiчылася, людзi будуць мець
адны вартасцi.
Такiм чынам, пра палiтычнае ўладкаванне
камунiстычнага грамадства гаварыць не выпадае.
Скажам, няма ў iм падзелу ўлад, бо няма i самiх улад.
За выключэннем хiба што чацвёртай. Бо зразумела,
што без сродкаў масавай iнфармацыi людзi i ў
будучынi нiяк не змогуць абыходзiцца. Трохi
закранаецца гэтае пытанне i ў паэме. Пра газеты,
праўда, нiчога не гаворыцца. Аб Хвядосавых
прыгодах людзей iнфармуюць радыё i незвычайна
мадэрнiзаваная кiнахронiка - дакументальныя
здымкi ў вечаровы час праектуюцца проста на
воблакi.
Такiм Крапiва i многiя ягоныя сучаснiкi ўяўлялi 2030
год. Цi варта цiкавiцца гэтымi ўяўленнямi нам, якiя
ведаюць, наколькi наiўнымi яны былi? Цi, можа, паэма
Кандрата Крапiвы не мае для нас нiякай каштоўнасцi
i яе пара выкiнуць на сметнік? Мабыць, не. Бо не
толькi i не столькi апiсаннямi нязбытнай будучынi
цiкавы гэты твор. Моцна прывязаны да часу свайго
стварэння, ён не толькi не страцiў сваёй
каштоўнасцi, але i набыў яе — апрача мастацкай,
каштоўнасць яшчэ i гiстарычную,— бо ў iм аказалася
адлюстраванай тагачасная рэчаiснасць з яе
незвычайнай, супярэчлiвай i жорсткай спецыфiкай.
Яна праўдзiва зафiксавана ў паэме, хоць аўтарскае
i наша разуменне яе iстотна рознiцца.
Якi жудасны быў той час! Пакуль у людскiх марах
ствараўся iлюзорны вобраз справядлiвага
грамадства, утапiчнай будучынi, у сучаснасцi
поўным ходам iшло ажыццяўленне самай рэальнай
антыўтопii.
Гэта быў час, калi “ад мастацтва... Кучар браць
вучыўся ў рукi лейцы...”,— брала разгон
вульгарызатарская крытыка (дарэчы, згадваецца ў
паэме i галоўны вульгарызатар, усёмагутны Бэндэ);
калi рабочыя i сяляне, “не чакаючы паперак, праз
заводы i калгасы шпарка крочылi наперад”,
падганяныя масавымi рэпрэсiямi.
І нарэшце, гэта быў час, калi набiрала моц
барацьба з усюдыiснай “нацдэмаўшчынай”—
страшным ворагам Савецкай дзяржавы.
Лез, узняўшы лямант немы,
Капiтал на нас замежны,
Яшчэ марылi нацдэмы
Аб “сваёй”, аб “незалежнай”.
Камплiменты гаварылi
Яны з фiгаю ў кiшэнi,
Аж пакуль пальбу адкрылi
Па нацдэмаўскай мiшэнi.
Адным словам, твор з’яўляецца помнiкам свайго
часу.
Засталiся незакранутымi ў нашым артыкуле
мастацкiя вартасцi паэмы, якiя заслугоўваюць
асобнага разгляду. Майстэрства Крапiвы–сатырыка
выдатна праявiлася ў ёй, таму i сёння паэму
немагчыма чытаць без смеху (пры ўсёй нязгодзе з
палiтычнымi ацэнкамi аўтара). Малюючы шаржы (а
часам, як казалi, i карыкатуры) на розных
пiсьменнiкаў i навукоўцаў, Крапiва не абыходзiць
увагай i... самога сябе. Пралятаючы над Нiзком,
Хвядос пытаецца ў Мальгрэты:
А яшчэ скажыце — вы
Не чыталi Крапiвы?
Не здаралася нiколi?
А я знаў яго даволi.
Ён таксама з гэтай вёскi,
Шмат пiсаў аб справах боскiх.
Чуць мы з iм не сябравалi ж,
На Падхлюпiнскай жылi,
Хоць ён дрэнны быў таварыш -
Наступаў на мазалi.
Як вiдаць з прыведзенага ўрыўка, Крапiва па
сцiпласцi не наважваўся сцвярджаць, што ягоныя
творы будуць вядомыя праз сто год жыхарам
“цудоўнага далёка”. Нам, аднак, здаецца, што
сумнявацца ў гэтым няма падстаў i што калi не ўсе,
дык найбольш выдатныя творы пiсьменнiка,
зрабiўшыся класiкай беларускай лiтаратуры,
застануцца ёю i надалей.
|