Усё жыцьцё ехаць да Прагі, каб памерці.
Падставіць твар дажджу, ня змусіўшы раскрыцца
гатычных вежаў складзеныя парасоны
па-над магілай. Выбітныя іншаверцы
сваіх краёў, паломнікі ад месцаў пакланеньня,
ад млынаў збочыўшыя рыцары
ўсіх папярэдніх пакаленьняў
тут зьберажоны.
Як у вакенцы ўніз, у лужынным азерцы
праглядваюць нябёсы невыдумнай таямніцай
дзіцяці, што ўспрымае будучыню й заўтра
аднолькава ў сваім наіўным сэрцы
і, не стрываўшы на наступны дзень, амаль баіцца
замест мінулага прапалага
знайсьці сьлед лапы пяціпалага
тыраназаўра.