Logo ARCHE

 Вайна ў 2(3)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да II разьдзелу ТВОРА

прыпавесьць


Ісмаіл Кадарэ
Плач па Косаве


III

Кожны раз, зьбіраючыся вярнуцца на Балканы, яны сустракалі на дарозе ўцекачоў адтуль. Вы здурэлі? — пыталіся тыя. Мы ледзьве вырваліся адтуль, а вы хочаце вярнуцца? Там цяпер пануе сьмерць...

На людзях, што брылі адтуль, ляжаў такі тоўсты слой пылу, што нават лікі сьвятых на прынесеных імі абразох здаваліся ў параўнаньні зь імі не такімі ўжо змардаванымі. І навіны яны прыносілі мала суцяшальныя. Сэрбію разьбілі. Што сталася з Валахіяй і Босьніяй, невядома. Толькі палова Альбаніі трымаецца вакол альбанска–вэнэцыянскіх цьвярдыняў ды харвацкі і славенскі краі яшчэ ня трапілі ў ярмо, але ўсе балканскія князі, і тыя, каго скінулі з прастолаў, і тыя, хто захаваў сваю ўладу, слухаліся султана.

— А Косава, а поле? — пыталіся цікаўныя.

— Лепш ня згадвайце. Там нават трава адмянілася, і дразды стуль паўцякалі. Нават ягоную назву памянялі. Цяпер яно называецца Мурадыяй на чэсьць памяці забітага там султана Мурада.

— А цэрквы?

— Зруйнавалі цэрквы, а на іх месцы пабудавалі бажніцы, якія яны называюць мячэтамі...

Блытаныя зьвесткі даходзілі пра сьвятарныя пабудовы. Адны казалі, што толькі праваслаўныя, то бок сэрбскія цэрквы разбурылі, а каталіцкіх, то бок альбанскіх не кранулі; іншыя даказвалі, што апаганены й панішчаны і каталіцкія, і праваслаўныя сьвятыні, а сёй–той заводзіў, што ніводнай царквы не разьбілі, што веры не чапаюць, а найбольш адвучваюць ад мовы...

 
Чуючы гэткае, людзі браліся за галаву: ліха, ліха нечуванае, як жа людзям будзе жыць бяз мовы? Як гаварыць адзін з адным?

Нядаўнія ўцекачы толькі паціскалі плячыма. Самі яны за доўгую дарогу з Балканаў так рэдка перакідаліся словамі, што бязмоўе не здавалася ім вялікай нягодай. Мо гэтак бяз мовы шчэ й лепш будзе, думаў іншы. Па сутнасьці, усё, што яны мелі сказаць на гэтым сьвеце, яны сказалі. Цяпер, калі ўсё, здаецца, падышло да канца, маўчаньне здавалася найлепшым, што толькі можна рабіць.

Яшчэ іншыя скептычна качалі галавою. Наконт мовы дзела цёмнае, разважалі яны, а вось іншыя забароны вестуны зачытвалі ў кожнай вёсцы: не дазваляецца мець коміны над хатамі, жанчынам нельга паказваць твар.

Ня можа такога быць! — пратэставалі тыя, хто не даваў веры гэтым навінам. Забараніць коміны, схаваць жаночыя абліччы — усё гэта немагчыма сабе ўявіць, ды й навошта такія ўстанаўленьні?

Дарэчныя гэта правілы ці недарэчныя, а там справы ідуць зусім па–іншаму. Там няволя, даражэнькі. Чуеш: ня–во–ля! Няма ўжо больш Босьніі, Грэцыі, Сэрбіі, Альбаніі і Валахіі, павер ты мне, замест іх адны “прасторы”. Менавіта так на сваёй афіцыйнай мове называюць туркі сьвет. Для іх існуе два сьветы: добры й нядобры. Добры, шчасьлівы — “ісламскі сьвет”, іншы — чужы, варожы.

Успамянуўшы іслам, яны згадалі турка Ібрагіма — яны даўно ня бачылі яго, а ўчора сустрэлі.

— Што ты робіш, Ібрагіме? — гукнулі яны яму. — Хочаш стаць хрысьціянінам, а молішся й далей як басурман?

Турак махнуў, каб яго не турбавалі. Калі ён узьняўся, памаліўшыся, у яго быў такі адсутны выгляд, нібы ён прыляцеў зь іншага сьвету.

Людзі спахмурнелі, зашумелі: “Турчак мурзаты! Я яму адразу не паверыў...” Турак абвёў усіх сваімі на дзіва яснымі вачыма і ціхмяна спытаўся.

— Што з вамі ўсімі?

— З намі што? — раздалося з натоўпу. — Раніцай ты жагнаўся, а цяпер молішся па–турэцку. Ты з нас кпіш, ці што?

— Не, не, Ібрагім ні з каго ня кпіць, у Ібрагіма сэрца чыстае, як сьнег.

Ён стаў тлумачыць, каверкаючы словы, чаму ён паводзіць сябе так супярэчліва. Яму карцела стаць хрысьціянінам, але адначасова не ўдавалася вытравіць з сэрца другую веру. Цяпер у ім сужылі і хрысьціянін, і мусульманін. Ён адчуваў, як яны таўкуць нагамі, змагаюцца, стогнуць, спрабуюць перамагчы ласкамі і пагрозамі. Асабліва выразна ён адчуваў гэта ўначы. І калі яны засыналі, дык да яго, Ібрагіма, сон ня йшоў. Ён адчуваў, што хутка адна з рэлігіяў павінна пераважыць, а другая — пакінуць ягоную душу. Але сам ён не хацеў выбіраць, аднолькава любіў і тую, і тую, бесстароньне чакаў зыходу паядынку і адно спадзяваўся, што мацнейшы акажацца Крыж.

Яны яго выслухалі моўчкі, але пасьля адзін басьняк працэдзіў:

— Дык ты чакаеш, што адна з рэлігіяў адстане ад свайго цела, як старая шкура — ад гада. Скажы шчыра: ты турак ці асьпід?

Патройная роспач засьцяліла турку вочы.

— Не, Ібрагім — не зьмяя. Ібрагім — сірата, быццам зора ў небе, ён заблукаў, нібы воін у емэнскіх пясках, але ён не зьмяя!

Тады яны адзін за адным павярнуліся да яго сьпінай і пайшлі. Толькі жыд Гейльм не пайшоў, а доўга і ўважліва разглядаў цела турка, нібыта спрабуючы здагадацца, празь якую частку цела выйдзе з турка адна зь дзьвюх ягоных вераў.

далей >

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 14-10-1999