Logo ARCHE

 Вайна ў 2(3)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да IV разьдзелу ТВОРА

прыпавесьць


Ісмаіл Кадарэ
Плач па Косаве


V

Уцекачы падаліся далей на Поўнач адразу пасьля страты, баючыся, каб інквізыцыя не ўзялася за тых, хто калегаваў зь небаракам. Яны ехалі ўжо шмат дзён. Дзяржавы рабіліся ўсё меншымі па памерах, затое больш суворымі. Можна было падумаць, што старыя крыўды скручвалі гэтыя пляцы і вежы і вастрылі рапіры рыцараў, што несьлі варту на брамах.

Уцекачоў часта правяралі, ператрасалі, шукалі схаваных абразоў, фальшывых манэтаў, аглядалі на прыкметы чумы. Большасьць людзей тут нават ня чула пра сечу ў Косаве; таму, калі яны згадвалі пра бітву, на іх глядзелі не са спагадаю, а з падазрэньнямі. Часам ім раілі наймацца ў адзін з шматлікіх вайсковых загонаў, што вандравалі краем. Заўсёды нейкія князі й графы б’юцца, казалі ім, дык патрэба ў жорсткіх ваярох не зьмяншаецца.

Яны разгублена слухалі. Пасьля косаўскага пагрому і ім зусім не хацелася зноў брацца за зброю. Лепш бы знайсьці працу ў кузьнях або сыраробстве. Яны ўмелі рабіць сорт сыру, які ў гэтых краях быў невядомы. Яны таксама ўмелі ператвараць малако ў такі тваражок, што ў іх называлі ёгуртам, сьвежы, кісьленькі, які можна было доўга захоўваць. Сяляне спачатку елі ёгурт за малінку, а пасьля сталі выліваць яго на зямлю, баючыся, што за “хворае” малако інквізыцыя можа адправіць на касьцёр, і са сьлязьмі малілі тых, хто пачаставаў іх, нікому нічога не гаварыць, калі яны ня хочуць бяды.

Яны пераходзілі ад вёскі да вёскі, і ў кожнай гаварылі на іншай гаворцы. Аднойчы за Г’ёргам учапіўся такі Ганс, трохі дурнаваты хлопец. Урэшце ён спытаўся пра лагуту, што гэта за “штука” вісіць у яго на плячы. Г’ёрг спрабаваў растлумачыць, але той толькі хітра матаў галавою: “Я пойняў, гэта той інструмэнт, з дапамогай якога ты ператвараеш малако ў ёгурт! Ха–ха–ха!”

Г’ёрг таксама зарагатаў, але Владан наадварот нахмурыўся:

— Калі ты ня хочаш трапіць на касьцёр, выкінь сваю лагуту.

— Выкіну, вось дойдзем да першага яру, я зайграю й выкіну.

Ён і сапраўды выкінуў бы, але пад канец тыдня здарылася нешта неверагоднае. Двух бардаў і валаскага казачніка Манолу запрасілі ў замак. Справа была вось у чым: гаспадар меў звычку зьбіраць у сябе франкскіх і германскіх мэнэстрэляў, а тут ён пачуў пра вандроўных сьпевакоў і зажадаў паслухаць і іх.

Г’ёрг задумаўся, а Владан ледзьве ня плакаў, так яму было шкода, што ў яго няма гусьляў. Манола ж збляднеў, хацеў уцячы. І толькі зь вялікім трудом сябрам удалося пераканаць яго пайсьці зь імі.

Владан пасьпеў змайстраваць гусьлі да сьвяточнага дня. “Не турбуйся ты так, — супакойвалі яго сябры, — калі гэтыя гусьлі будуць кепска іграць, возьмеш у Г’ёрга лагуту”.

Усе ўскладалі на гэтае сьвята шмат спадзеваў. Павялічыцца павага да іх, усе пабачаць, што яны могуць ня толькі ваяваць, рабіць сыр і квасіць малако, але й сьпяваць старыя быліны на ўзор віцязяў мінулых дзён. Можа, гэта палегчыць іхнае становішча, можа, разьвеюцца падазрэньні, і ім дазволена будзе атабарыцца ў гэтай краіне.

Яны памыліся, прычухаліся, змарнелі ад хваляваньня. Народ праводзіў іх трох, а таксама харвата, які ўмеў пераймаць галасы птушак і ваўчынае выццё, аж да замку, зычачы ўдачы — і яны зьніклі за цяжэзнай патайной дзьверкай.

Балканцы засталіся чакаць, укленчылі, хрысьціліся й шчыра маліліся: Маці Божая, не пакінь нас!

далей >

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 14-10-1999