запісы |
Вінцэсь Ліпскі
|
Неяк несур’ёзна выглядаюць цяперашнiя афiцыйныя святкаваннi Дня Перамогi ў параўнаннi з савецкiм часам. Маштаб не той, цi што. Тады, здавалася, была сапраўдная ўпэўненасць пераможцаў, а цяпер — нейкi iстэрычны надрыў, нават святочны канцэрт па БТ выглядаў калгаснай самадзейнасцю з Уладзiмiрам Правалiнскiм у ролi Яраслава Еўдакiмава. Дый дзе цяпер тыя ветэраны? Тыя дзядзькi, якiх я помню з дзяцiнства, што жылi па суседству, выказвалiся досыць катэгарычна i нецэнзурна на адрас тэлевізійных ветэранаў, абчапляных юбiлейнымi медалямi, а цяпер толькі гэткія й засталіся... У былым партызанскiм краi вайна ўспрымалася як нешта нязменна значнае. Школьнiкi зачытвалiся кнiжкамi “пра вайну”, i не адарваць было іх ад ваенных фiльмаў, як цяперашнiх — ад якога Шварцнэгера цi “чалавека–павука”. Бацька 18–гадовым прыйшоў пешшу дамоў аднекуль з–пад Адэсы, уцёкшы з румынскага палону. Пабыўшы каля сваёй мацi, пайшоў у партызаны. У 44–м, пасля партызанскага параду ў Менску, iх трохi падкармiлi, ды папёрлi на Ўсходнюю Прусiю, адкуль мала хто i вярнуўся. Пра быццё сваё ў партызанскай разведцы неяк дужа не расказваў. Адно запомнiлася: я неяк стаяў на двары i кiдаў нож у вароты. Утыкаўся ён крыва, коса і рэдка. Падыйшоў бацька, i, замест таго, каб насварыцца за падзёўбаныя вароты, узяў нож i шыбнуў яго крокаў з 15–цi, дый пайшоў далей. Той нож я пасля ледзь выдраў з варот. (Кiдаць нож я ад таго так i не навучыўся, як не навучыўся (i ўжо не давядзецца) яшчэ многiм бацькавым уменням...). |
Як толькi пачалiся ваенныя пературбацыi, мой дзед надумаўся ды раскацiў хату па бярвеннях. Калі ўсё скончылася, склаў зноў, і такiм чынам пад канец вайны ў вёсцы засталiся пасля ўсiх паленняў i бамбёжак дзьве цэлыя хаты — дзедава ды яшчэ адна, якая ацалела ўжо нейкiм дзiвам. (Людзям, якiя хавалiся ў барознах ад кулямётных чэргаў з нямецкiх самалётаў, цяжкавата цяпер давесці, што “сербы самi вiнаватыя”.) Цяпер пайшла мода разважаць, што вось партызаны правакавалi немцаў на знiшчэнне мiрных вёсак. У 1942 г. два чэхi, закiнутыя з Англii на парашутах, забiлi iмперскага пратэктара Багемii i Маравii Гайдрыха. У адказ немцы расстралялi заложнiкаў і знiшчылi два блiжэйшыя населеныя пункты — Лiдзiцэ i Лежакаў, разам з жыхарамі, якiя не мелi ніякага дачынення да дыверсантаў. Цiкава, як там цяпер у Чэхii — лiчаць тых дыверсантаў героямi цi правакатарамi? (Сяргей Харэўскi ў “Нашай Нiве” неяк пiша: “Мы не гатовыя прыняць прабачэннi”. Няхай бы iшлі ды прасіліся: украiнцы — за спаленую Хатынь, латышы — за спустошаную Асвейшчыну, палякi — за спаленыя АК вёскi, ды цi мала за што яшчэ. Я, можа, і гатоў быў бы дараваць. Але ж нешта не ідуць — не гатовыя. А кнiгу “Я з вогненнай вёскi” не адважылiся выдаць нават у ГДР. Харэўскі яшчэ пісаў пра палатно Волкава “Мінск, 3 ліпеня”: “Любы франтавік адзначаў, што матацыкл — нямецкі”. Але франтавік, адзначаючы гэта, не бачыў бы тут “кампрамату”, бо, магчыма, і сам у вайну ездзіў на трафейных матацыклах (а ці былі свае?) Падазраю, што Харэўскі пытаўся не ў франтавіка, а ў нейкага тылавіка, альбо і ні ў кога не пытаўся. Вось жа заўсёды лепей пісаць ад сваёй асобы і тое, што ведаеш сам. Я, напрыклад, валю проста — я, а ніякія не мы. А вось чаго ні Харэўскі, ні “любы франтавік” так і не заўважыў, дык таго, што вызваляльнікі Мінска на карціне Волкава прыйшлі з Захаду.) |
У майго дзядзькi — такога вось ваеннага падлетка — працоўны стаж пачынаецца з 12 гадоў, з 1944–га. Араў на бабах. Восем баб запрагаюцца ў плуг i цягнуць, а ён — мужчына — за плугам iдзе. Пакуль яшчэ прыгналi з Усходняй Прусii трафейнае быдла i конi. (Чаму гэта на полi сталi рэдка трапляцца патроны ды гiльзы? У дзяцiнстве знаходзiў iх ледзь не ў кожнай баразне. А таму, што з таго часу прайшло гадоў 20, метал не вечны.) Помню, было недзе ўлетку пасля 9–га класа. Глядзеў у хаце тэлевiзар i пачуў у лесе выбух. Спачатку думаў, што зноў карчы на смалу iрвуць, але насцярожыла тое, што гук выбуху быў нейкi нязвычны. Аж падлеткі паклалi снарад у вогнiшча, дый самi падарвалiся. Я i сам не раз праходзiў каля таго нямецкага снарада без узрывальнiка, вывернутага плугам з зямлі, які даўно ўжо ляжаў пры дарозе на мяжы поля i лесу. Снарад у вогнішчы доўга капцеў i не ўзрываўся, а ўзарваўся толькi тады, калi хлопцы, якiм абрыдла чакаць, падыйшлi блiжэй. Двух трохi пабiла пяском i асколкамi, а трэці, што прыехаў з Казахстану на лета да бабулi, застаўся на месцы. Месца тое было лёгка знайсцi па загнутых выбухам да зямлi бярозах. Хлопец ляжаў на спiне, помню гладка зачасаныя назад выбухам даўгiя белыя валасы i белы твар — уся кроў з развернутай сярэдзiны выцекла ў зямлю. Неслi мы яго да дарогi, здаецца, учатырох цi ўпяцёх, бо iначай развальваўся на часткі. Нямецкі генерал Гайнц Ґудэрыян у кнізе “Вынікі другой сусветнай вайны” пісаў: “Савецкія салдаты паказалі сябе ў мінулай вайне храбрымі, умелымі і ініцыятыўнымі. Яны не падалі духам у час адступленняў і няўдач у першай фазе вайны. ... Таксама савецкія афіцэры і генералы паказалі ў мінулай вайне высокія камандныя якасці”. Ці дадзім веры былому нямецка–фашысцкаму акупанту? Найлепш пераканаць сваiх пiцерскiх сяброў у адрознасцi гiстарычных шляхоў Беларусi i Расеi мне ўдалося байкамi не пра розных князёў, а пра тое, як беларусы ў складзе дывiзii СС “Беларусь” баранiлi iтальянскую крэпасць Монтэ–Касiна ад беларусаў, якiя былi ў складзе дывізіі Войска Польскага... Чуў, што ў нямецкіх дакументах часоў вайны згадваецца аб стойкасці і адвазе беларускіх салдатаў, што служылі ў частках СС. На жаль, з успамінаў саміх удзельнікаў падзеяў мы аб гэтым ужо не даведаемся, бо тыя ўспаміны пісаліся ўжо пасля вайны, у “вольным свеце”, калі даводзілася маўчаць аб некаторых акалічнасцях. Зрэшты, наколькi па праўдзiвасцi адрознiваюцца мемуары савецкiх падпольшчыкаў i, скажам, удзельнiкаў БКА? Вось жа мала хто з тых другiх з эмiграцыi наведаў Беларусь, пасля таго як гэта стала магчымым. Дзiўна, бо калi верыць iхным успамiнам, дык землякi мусяць мець надта цёплую памяць пра iх... Усё ж мiфы могуць нарадзiцца толькi пасля таго, як вымруць усе ўдзельнiкi i вiдавочцы падзеяў.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |