гісторыі |
Міхась Шупенька
|
Я на сквоце. Праванс. Горад Нім. Каб патрапіць у яго, ідзеце па рю Апалінэр да пляс Бадлер і далей налева напрасткі. Сквот — гэта незаселеная гаспода, у якую ўласьнік, мусіць, уклаў багата грошай, ды шчэ й мала аказалася. Нагадвае яна вілу ці нават замак, які навіс над стромым адхонам. Якраз прыдатнае сховішча для тузіну падпітых прыблудаў–палячкоў. І мяне. На слухаўцы ў тэлефоннай будцы на рагу пляс Бадлер вісіць сьвежазвараная курыца. Пад нагамі на сьцяжынцы да сквоту валяецца цалюткі ананас. “Ня хляй, ня хляй, Міша”, — навучае беларускі злодзей, які жыве на сквоце асобна ад палякаў, малы Сярога, тутэйшая мянушка ў яго — Ванька (бо ён “рускі”). |
Маю праблему — нейкі расеец у Марсэлі, мой калега (апошнім часам зарабляю продажам газэтаў), атрымаў кухталёў ад палякаў, а пасьля высачыў іх ды парэзаў, мусіць што й да сьмерці. Дык мясцовая польская мафія выганяе ўсіх “рускіх” — мушу зьяжджаць, шукаць сабе іншага месца. Па дарозе сустракаюся зь нейкім Жэмэкам (амаль што Зэмбэк, як у Акулавага Сянкевіча, чый шлях я, сам ня ведаючы таго, надта ж добра вывучыў). У Нім мы зь ім прыяжджаем разам, і ён чытае мне на дарозе файны лектум аб складаным стаўленьні паўднёвых французаў да альжырскіх эмігрантаў. Зьнячэўку патрапляем пад жахлівую трапічную калябаранцкую залеву. Курдэ! Містраль бязьлітасна джгае па мулкіх, здавалася так, стромкіх калюмнах дажджу, ажно падкідаючы іх, нібы вышчарбленыя ўзмахамі нябачных рук пустоты. Жэмэк — будыйскі лекар, рахманы, здатны хіба млява паглядаць праз свае акуляры ды ўздыхаць аб пакінутай дзесьці ў смутку жонцы (ці надта яна ўжо там смуткуе?). Бадзяецца з намёцікам за плячыма пасьля зьлёту такіх самых лекароў у Італіі (“не естэм лекажэм, ешчэ тылько се учэ”). У Німе спыняемся пасьля сустрэчы зь мясцовай “польскай бандаю”: падышоў быў ад іх чалавек і папытаўся, хто мы маем быць. Раней мне даводзілася ўжо быць і Мікка Шуппяляйненам і Мікаэлам Шупенасам, у гэты раз назваўся нарэшце мадзярам, абы адчапіліся — а ён пачаў раптам штось па–мадзярску балбатаць, і дзе ж толькі мовы гэтай навучыўся? Аказаўся славак, які жыве з паньствам паспалітым на тым самым сквоце. Што рабіць — пасьмяяўся я, ды прыйшлося здавацца ды праўду казаць. Прымаюць яны нас добра. І кушакі даюць, і вінка белага й чырвонага выставілі колькі захочаш. Дзядэк — музыкаж, і Дарэк, і Чарэк, і Джоні–Гітара, які зьбег яшчэ падчас ваеннага стану ў Польшчы ды так і застаўся, апошнія гадоў з восем усё ніяк ня могучы выбрацца “на Корсыку” да сваёй кабеты. Выпіваем. Даю старому Джоні сваю гітару: ён прасьпявае дзеля прыемнасьці розныя маскальскія пёсэнкі, ды й сам я трошкі прасьпяваю. Мяркуем з Жэмэкам і вырашаем паспрабаваць знайсьці тут працу. Як у Німе цёпла ды прыгожа — стаіць помнік імпэратару, і камяніца, мусіць, яшчэ цэзаравых часоў. |
Ня слухае нас Дарэк, сыходзіць у цемру па нож. Разьбягаемся са сквоту хутчэй, хутчэй — ці мала што дурному і п’яному ў голаў стукне... Бадай, правільна той сьвінтус зрабіў — палякі колькі ўжо гадоў бязь візаў па Эўропе вандруюць. Цэлую ноч блукаю. Як які Чэсь дэ Монтэ Касына. Крадуся ціхутка, зуба ў роце ня маю. Пасьля сяджу да ранку ў кабіне нейкага трактару ці то скрэпэру. Трымаю даўгі цяжкі пажарны бусак у руках для пэўнасьці. Назаўтра сустракаю тых палякаў. “Дык Дарэк жа шалёны, цяпер сам шкадуе. Ён табе за зуб адкупную заплаціць”. Няхай ужо ж і заплаціць, дурная пальшчызна. А не заплаціць, біць будзем. Праз колькі тыдняў выганяюць Дарэка са сквоту пэндалямі — у сябрука майго нож–фінку шпульнуў. А яшчэ праз год, тамсама зь ім стрэўшыся, вінка расьпілі. Тады ён мне за зуба й заплаціў хіба ж па справядлівасьці. Хаджу цяперака, раскашую.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |