Logo ARCHE

 Кабеты ў 3(4)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

слоўніk паняцьцяў


Адам Глёбус
Яна і я
Словы пра жонку


Адам Глёбус, літаратар і выдавец, адыграў рэвалюцыйную ролю ў разьвіцьці беларускага мастацтва, паэзіі, прозы і выдавецкай справы 80-х і 90-х, культавая фігура сучаснай беларускай культуры. Апошнія кнігі — “Койданава” (“Літаратура”, 1997; апавяданьне зь яе на ўкраінскай мове ў часопісе “Березіль”, 1999) і “Новы дамавікамэрон” (“Літаратура”, 1998; у польскім выданьні “Demonоkameron”, ZBP, 1998). Сярод рэалізаваных за апошні год расейскамоўных выдавецкіх праектаў — фундамэнтальныя “Классики философской мысли”, “Библиотека лирики”, “Мастера культуры”. Ягоная жонка Алена Адамчык — фотамастак. У 1999 годзе ў віленскай галерэі “Znad Wilii” адбылася супольная выстава фота Алены Адамчык і графікі Адама Глёбуса. Яе апошняя пэрсанальная выстава — “Ісус”, Барсэлёна, 1998.

Табе казалі: “твая жонка — геній!.. А ты — ні–хто?!” Мне такое гаварылі. І хто? Крываногая палюбоўніца кінарэжысэра–алькаголіка. Такая жаўтазубая, як нутрыя. Атручаная злосьцю сьліна ляцела мне ў вочы. Я ня лез на сьцяну. Не пускаў з рота пену. Ня біўся ў гістэрыцы… Пагаджаўся. Ветліва хітаў галавою. Так, так… У адоранага чалавека ўсё мусіць быць выдатнае: і адзежа, і творы, і заробкі, і жонку ён выбірае адпаведную, таленавітую й разумную. Можна наадварот… У таленавітай жанчыны — муж, абдораны прыродаю, лёсам, Богам і яшчэ немаведама кім і чым.

Мы пазнаёміліся на танцах. Сутыкненьне на танцульках. Былі і ў часы нашае хіповае маладосьці вясёлыя вечары. Палова Менску зьбіралася на вечарынкі ў тэатральна–мастацкім інстытуце. Маю на ўвазе багемны Менск, а ня горад правінцыйных ідыётаў, бязрогага быдла, савецкіх чалавечкаў і парткамуністаў. Дваццаціпалыя казлы скакалі ў іншых месцах: на карчах — у парку імя малавядомых лётчыкаў–чалюскінцаў, на дошках — на трактарным заводзе… Мана, што ў эсэсэсэрыі не было сацыяльнага па-дзелу. Быў! І добра. І выдатна. І цудоўна. Кожны ведаў, дзе яму піць, гуляць і танчыць. Ну, і я — нэрвовы малады мастак, танцаваў у сваім інстытуце, а вярнуўся ў майстэрню й бачу: мой шыракаполы капялюш вісіць на мальбэрце, а не на пачапельніку. Якая скаціна чапала капялюш?.. Я!.. Сьмяялася мая будучая жонка, Алена. Нахабнае, ганарыстае стварэньне. У зялёных вочках — выклік. Каму? Мне? Усяму сьвету й сьвятлу? Капелюшу? Захацелася ўзяць яе за скураную куртку й адарваць рукаво. Чаму не адарваў? З–за зялёных вочак, з–за выкліку сьвету й сьвятлу? З–за каханьня зь першага позірку? Пэўна ж. Інакш як растлумачыць, што памятаю знаёмства да розных дробязяў, кшталту нейкага там капелюша на мальбэрце? Далей банальна: віно, набліжэньне, прапановы… Я намалюю Вас! А я Вас сфа–та–гра–фу–ю! Сустракаліся, маляваліся, фатаграфаваліся, цалаваліся, ірвалі фотаздымкі, рэзалі карціны, пісалі маніхвэсты: “Пераробім!”, “Зруйнуем!”, “Адновім!”. Маніхвэст, як афарызм, будуецца на парадоксах. Весела было. Шумна. Аэрадынамічна выглядалі палёты няўдалых здымкаў і малюнкаў, кінутых з моста ў Сьвіслач. Вынайшлі форму творчасьці — фотавершы — тэксты, напісаныя на здымках, ці здымкі, упрыгожаныя вершамі. Зрабілі выставу ў інстытуцкім фае. Дэкан зьняў. Сказаў, што ў радку “ліст паляцеў” чуецца слова “паліцай”. Ідыятычны крэтынізм — асноўны стыль у паводзінах дэканаў, рэктараў і прарэктараў усіх часоў, дзяржаў і народаў. Прыхільнікаў у фотавершаў было няшмат, але былі. Сябры, канешне… Фотавершаў нарабілі процьму. Яны былі лісьцікамі на дрэве нашага каханьня. Я іх зьбіраў у папкі. Яны і цяпер у нас, у шафе кніжнай, каля ложку. Забыўся сказаць… Мы ажаніліся. Вясельля не было. Было, але не такое, як ува ўсіх. Мы расьпісаліся ў вёсцы Пагост. Выдатнае месца, каб спраўляць вясельле. Могілкі люблю я. Могілкі любіць Алена. Сьведак на вясельлі бракавала. Жанчына, якая афармляла шлюб, вельмі зьдзівілася. Дзе госьці? Дзе сьведкі? Дзе бацькі? У Менску чакаюць. Вы, праўда, прыехалі на аўтобусе? Мы — бедныя, і прыехалі, і зьехалі зь мястэчка Пагост рэйсавым аўтобусам.

Ненавіджу вясельлі, банкеты, пахаваньні, урачыстасьці і ўсё такое астатняе й падобнае, зьвязанае з масамі народу й народнымі масамі, клясамі, пралетарамі, сялянамі й элітамі. Алена таксама ня любіць, не шануе й не фатаграфуе: шэсьці, ускладаньні вянкоў, мітынгі, маніфэстацыі, вэтэранаў, вэтэрынараў, дзяцей з малпамі, шлюбныя ўрачыстасьці, вайсковыя парады, трупы й ружы цялеснага колеру. Яна здымае іншае… Сябровак, сяброў, сухія кветкі, чаўны, гаражы, лімоны, сінія бутэлькі й мяне. Яна любіць мяне, Плятона, Магрыта, італійскае Адраджэньне, ангельскі рок–н–рол, Вільню, срэбра, Барсэлёну, дачку Ядзю, Амстэрдам, Бэрклі зь ягоным вечназьменлівым дрэвам, сына Колю й Кёльн… Яе любяць нашы дачка й сын, манэкеншчыцы, японка Akemi, натуршчыкі, гаспадары вялікай маёмасьці, уладальнікі заводаў, рэдактары часопісаў, рэклямныя агенты, яўрэі, кіношнікі, старыя разумныя кабеты… Неразумныя кабеты яе таксама любяць і ў якасьці доказаў шчэраць пашчу й гавораць мне… Твая жонка — геній! А ты — ніхто!

Я ніхто? Я муж геніяльнай жонкі! Я люблю яе. Каб зьберагчы каханьне, я не купляю фотапаштовак, не фатаграфую, не здымаю кіно, не працую на TV, не малюю аголеных натуршчыц без дазволу… Алена ўсё можа сфатаграфаваць і зьняць у кіно. Бывае, вельмі хочацца фатаграфаваць і маляваць голых баб, дзяўчат, кабет, дзевак, дзяву–у–уль… Стрымліваюся. А бывае, Алена папросіць сфатаграфаваць яе. Толькі тады… Раз на год… Фа–та–гра–фую! А яна ня піша вершаў, эсэ й апавяданьняў. Так мы дамовіліся.

Мы дамовіліся: пасьля сьмерці нашы душы будуць жыць разам на Кальварыйскіх могілках, на высокіх клёнах.

1999 год

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-05-2000