Logo ARCHE

 Кабеты ў 3(4)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

хроніка


Эва Кантуркава
Сяброўкі з дому cмутку


Эва Кантуркава (нар. у 1930 г.) — чэская пісьменьніца і дысыдэнтка. У 1968 г. афіцыйныя ўлады забаранілі ёй публікавацца ў Чэхаславаччыне, таму да самай “аксамітавай рэвалюцыі” ейныя кнігі выходзілі ў эмігранцкіх або неафіцыйных чэскіх выдавецтвах. У 1981 г. яна была абвінавачана ў антыдзяржаўнай чыннасьці, год правяла ў праскай турме Рузыні. У 1985 г. Кантуркава робіцца сьпікерам Хартыі-77. Пасьля нацыянальнага вызваленьня, у 1990—92 гг. была дэпутаткай Чэскай народнай рады. Кнігу “Сяброўкі з дому смутку”, урывак зь якой мы друкуем, аўтарка называе раманам-праўдай. Ужо ў рукапісным варыянце кніга атрымала прэмію Тома Стопарда як найлепшы твор чэскай і славацкай неафіцыйнай літаратуры 1984 г. Амэрыканская крытыка вызначала ейнае месца побач з Салжаніцынавым “Адным днём Івана Дзянісавіча”.
Адно з найбольшых злачынстваў супраць чалавецтва, якое зьдзяйсьняе сёньняшні беларускі рэжым — гэта стан, да якога даводзяць зьняволеных у турмах. Сп. Кантуркава дасьледуе мэханізмы прыдушэньня чалавечай годнасьці, якія ўсё яшчэ дзейнічаюць у нас.

Гэта чатыры карпусы бураватага колеру на ўскраіне Прагі. У двух злучальных карпусах, ніжэйшых і карацейшых, разьмешчаны канцылярыі, склад, распранальні, лекарскі кабінэт, бібліятэка і так званае культурнае памяшканьне — заўсёды пустая велізарная заля, — якое, зрэшты, больш нагадвае закінутую карчму; у двух даўжэйшых карпусах, што стаяць паралельна і ўтвараюць разам з карпусамі карацейшымі два двары — шпацыровы і вугальны, — зьмяшчаюцца камэры; гэта відаць і звонку: даўжэйшыя і вышэйшыя карпусы архітэктурна чальцуюцца радамі закратаваных вокнаў. Дзьверы ў камэры на два, чатыры, шэсьць, восем або дванаццаць вязьняў (камэры, аднак, усе перапоўненыя, дзе мае быць двое — там трое, дзе чацьвёра — пяцёра) знаходзяцца з абодвух бакоў калідораў, якімі знутры будынак пранізаны наўсьцяж. Назіраньне за вязьнямі ажыцьцяўляецца празь дзьвярныя вочкі; у большых камэрах вочкаў два, яшчэ адно прароблена ў муры, які ў тым месцы знутры пашыраецца ў назіральную нішу, а тая разьмешчана такім чынам, каб праглядалася й нічым не прыкрытая турэцкая прыбіральня.

Чым глыбей нырае вязень у бездань будовы, калі яго вядуць з шостага паверху з допыту або на шпацыровы двор, тым гусьцейшая затха ачмурае яго. У першыя два месяцы канваір вадзіў мяне гэтай турэмнаю затхай чатыры разы на дзень, на допыт, з допыту, на допыт, з допыту, адчыняў і зачыняў безьліч кратаў і кожнага разу за краты прапускаў мяне першай, ні ў якім разе, аднак, не праз сваё джэнтэльмэнства, а таму, што гэтага вымагае інструкцыя; ён ніколі не казаў “калі ласка”, прапускаючы мяне перад сабой, але я заўжды казала “дзякуй”, праходзячы наперад; а аднойчы, пад уплывам гуманнай ілюзіі, я заўважыла: “Мы абое дыхаем адным паветрам”. І вось жа, гэтая ілюзія пацэліла ў самую кропку: мяне чарговага разу везьлі ліфтам на допыт, і да нас увайшоў спатнелы здаравіла са сталёвым падбародзьдзем і каротка абстрыжанымі валасамі; было лета, сьпёка, у камэрах з паўднёвага боку жанчыны ў невывятральным смуродзе задыхаліся і млелі праз сардэчную слабасьць, а сьледчы, што зайшоў у ліфт, каб ехаць па працоўных справах, пажартаваў, убачыўшы мяне: “Вось дык некаму шанцуе — сядзець сабе ў халадку”.

Гатовасьць несьці свой крыж мужна аднойчы мяне пакінула таксама ў зьвязку са смуродам: тым разам — гэта было ў студзені — мы гужам спускаліся па галоўнай лесьвіцы на шпацыровы двор, захутаўшы рукі ў ватолы, якія мы на марозе накідвалі паўзьверх друзлай адзежы, на нагах папяровыя пантофлі, якія, абуваючы на сьнег, мы набівалі ватай; ваконца лесьвічнай шахты было разьбітае, і я ўгледзела на паўсэкунды марозны бляск на двары, і ў адначас зьнізу на мяне дыхнула затха; што я тут раблю, падумала я, дзеля бога, як я тут апынулася! Затха няволі ліпне да валасоў, да адзеньня, да скуры, да сеньнікаў, да коўдраў, да падлог, да муроў, да нараў і вачэй турэмнікаў; у ёй намяшаліся і цыгарэтны дым, невывятральны, бо вокны замалыя, ды маюць яшчэ, апрача кратаў, і частую мэталёвую сетку, што амаль не прапускае паветра, і нямытасьць целаў зь іх хваробамі, і смурод прыбіральняў ды кепскай ежы, смурод паветра дужа цяжкога. Звыкнуцца на брак тлёну ёсьць першай задачай вязьневага цела; як прывыкне, у вязьня застанецца палова сілаў, якую зь яго важыцца высмактаць сьледчы.


Турма — гэта шматпрасьцяжная прорва, кусок сьмерці за жыцьця. Матэрыяльнае дно гэтае прорвы ўтварае двор, прастора, разьдзеленая на два сэктары, якія высокімі тынкаванымі мурамі далей чальцуюцца на шпацыровыя загародкі, асобныя для кожнае камэры. Кожны сэктар мае сваю вартавую будку, прыўзьнятую і злучаную з начальнікам вартавой зьмены званком; вязьні застрэшаную будку завуць шпакоўняй; вартаўнікі сваю службу ў будцы называюць “стаяньнем на дошцы”, служба гэтая сярод іх не ў пашане. Стаяць на дошцы — значыць пільнаваць, каб ніхто не вызіраў з вокнаў камэры і ніхто з двара не паглядаў угару, каб ніхто, ані зьнізу, ані зьверху, не крычаў, не агаляўся, не мігаваў; начальнік вартавога зьвязу з вакна сваёй канцылярыі назірае ня толькі за вязьнямі, але й за вартаўнікамі ў бінокаль, і вартаўнікі мусяць вязьня дэманстратыўна караць за недысцыплінаванасьць, інакш вартаўнікоў пакарае начальнік. Таму, як што бліснуць у высокім вакне шкельцы біноклю, жанчыны на дошках пачынаюць галёкаць і самую непаслухмяную загародку адсылаюць назад у камэру. Усе загародкі застрэшаны драцяной сеткай, дзякуючы якой двор пад час шпацыру здаецца зьверху кутком заалягічнага саду. Сьледчыя з вышыні свайго шостага паверху за вязьнямі з задавальненьнем назіраюць. Вязень жа з дна прорвы бачыць навокал адно закратаваныя вокны, а калі на вокнах вісяць целы ўдальцоў, якім карціць паглядзець на двор, — зьнізу праз частую сетку пазнавальныя хіба іх абрысы. Высока над галовамі вязьняў выпінаецца вадакачка, на якой таксама ёсьць галерэя для патруля, на ёй жыве пустальжыная сям’я. Падчас допытаў я магла назіраць, як пустальгі выседжваюць маладняк і як адлятаюць на ловы ў недалёкі запаведнік на Белай Гары. Турэмныя рыны аблюбавалі галубы, шэрыя і белыя. У прорвы няшмат паверхаў, з аднаго боку сем, з другога пяць, зь яе відаць неба, высокае, скляпеністае неба, і ўсё ж гэта дзіра з усіх дзіраў, адна з задніцаў сьвету.

Тут усё павернута супраць чалавека. Прымусовая сыстэма заснаваная на процьме дробязяў, праз выкарыстаньне якіх чалавек перастае быць чалавекам. Што, вы толькі ў папярэднім зьняволеньні? Вас могуць адсюль (тэарэтычна) выпусьціць, не давёўшы віны? Вы тут толькі да суду? Ня будзьце дзіцём. За зялёнаю брамай дзяржаўнай інстытуцыі, якая афіцыйна называецца ўстановай папраўчага выхаваньня (“вы не ў турме, — неяк сказаў мне сьледчы, — вы ва ўстанове”, — і гучала гэта амаль як “вы ў гатэлі”), зьнікае ўсякая надзея, а хто яе тут захавае, хто сюды ўвойдзе з надзеяй, што зможа адсюль выбавіцца, скончыць кепска. Лік выпадкаў, калі сьледзтва спынялі празь недахоп доказаў віны, зусім мізэрны; каму пракурор выбраў мераю стрыманьня зьняволеньне, той ужо практычна асуджаны; сам суд вызначае толькі ступень пакараньня. А калі ўсё ж да суду так і ня дойдзе, як гэта здарылася з намі, пракурор проста ня спыніць крымінальнага перасьледу. Без суду вас могуць перасьледаваць гадамі, закон адно абмяжоўвае гэта максымальнай мерай адпаведнага параграфу, у нашым выпадку дзесяць гадоў. На волі ходзіць нямала крымінальна перасьледаваных апазыцыянэраў, бо дзяржава не павінная страціць аблічча, а дзяржаўная скарбніца — грошы (закон абавязвае беспадстаўнае зьняволеньне кампэнсаваць).

Так што надзея тут або выліваецца ў роспач, бо атрымоўвае ўдар за ўдарам (колькі ж разоў нам працягвалі папярэдняе зьняволеньне!), або даводзіць вязьня да так званага “супрацоўніцтва са сьледчым дзеля высьвятленьня крымінальнага прэцэдэнту”. Сьледзтва нават паводле права заснавана не на раскрыцьці аб’ектыўных доказаў віны, а на прызнаньні самога вязьня і на сьведчаньнях супраць яго. Як кажуць вязьню, “прызнаньне ёсьць палягчальнай акалічнасьцю і пэўна вызначаным пакараньнем”. Гэты прынцып сьледчае практыкі беспахібна мае ўплыў і на ўмовы ўтрыманьня ў турме: вязень строга ізаляваны і зьневажбны, бо яго трэба зламаць. А надзея, калі яе ў сабе своечасова не задушыць, мае схільнасьць ісьці насустрач асобе сьледчага: за прызнаньне і за сьведчаньне супраць іншых табе зьнізяць пакараньне. Таму хутчэй, чым надзею, чалавек выпешчвае тут цярплівасьць.

“Таварыш начальнік ня лічыць вязьняў за людзей”. Гэта мне сказала ў неафіцыйнай размове маладая рэфэрэнтка, выпускніца школы СНБ*, жанчына на досыць высокай пасадзе. Пры вучобе яна паспытала псыхалёгіі і была ахвотная вязьняў дыфэрэнцыяваць. На тым, што вязень не чалавек, а віноўнік, заснаваная ўся філязофія турэмнікаў, гэта зыходны пункт “выхаваньня”. “Мы вас усё ж такі выхаваем!” — штодня выкрыкваў на шпацыровым двары пад нашымі вокнамі п’яны стары вартаўнік, нізкі чын перад адстаўкай. На мяне не крычалі, гэта не, равуць і б’юць толькі цяжкаўпраўных псыхапатаў; і сьлезацёчны газ ужываюць толькі ў выключных выпадках, і ланцужкі ў камэры або “мядзьведзя” — зьвязваньне вязьня скуранымі папругамі і абмежаваньне ягонай рухомасьці; так, жорсткасьць тут — зьява рэдкая, і выклікаюць яе пераважна самі вязьні: яны безумоўна часьцей б’юцца міжсобку, чым бываюць бітыя вартаўнікамі. Домам смутку ўладарыць нешта горшае: тут павявае сьмяротным подыхам зьнікчэмніваньня. Тып вартаўніка, што ўяўляе сабой разумную арганізаванасьць і дбае пра свае абавязкі, як супрацьлегласьць немачы і вінаватасьці вязьняў, вымірае. Каля нашае камэры такі тып чалавека прамільгнуў толькі аднойчы: ён быў прыемна бесстароньні, даваў усё, што даць мог — капэрту, гігіенічныя пакеты, дадатак хлеба, — не патрабаваў ніякага малпаваньня і не зьневажаў. Прыстойныя людзі, якія не ўпіваюцца сваёй уладай над зьняволенымі, перасталі карыстацца даверам для гэтае службы. Культурнасьць або дзікунства сыстэмы, відаць, найбольш пэўна спазнаецца ў асяродках, дзе сабраныя людзі безабаронныя: у шпіталях, у дамах састарэлых, у дзіцячых дамах і ў турмах. (Да таго ж мы мусім браць пад увагу, што наша марнатраўная дзяржава на цяперашні час занадта бедная для таго, каб інвэставаць менавіта ў турмы.)

Зьнікчэмніваньне чалавека, яго зьнязначненьне (“вы надта самаўпэўненая”, — сказаў мне сьледчы, сьвежасьпечаны доктар права напамаджанай зьнешнасьці, мужчына гадоў трыццаці пяці) таксама ня мае нейкіх драматычных праяваў; яно пранізвае жыцьцё наскрозь (рэфэрэнтка, якая называла мяне “пані Кантуркава”, пачувалася гераіняй у актыўнай небясьпецы) і моцна адчуваецца пры нагодах, уласна, сьмешных, такіх, што ўтвараюць звычайнае зьмесьціва дня і паводзінаў. У неспрактыкаваным вязьні й надалей дзейнічаюць стэрэатыпы ветлівасьці, прынесеныя з “волі”, вось жа і я, напрыклад, кожнага разу, калі рэфэрэнтка праглядала маю перадачу з дому, ці няма там чаго недазволенага, прапаноўвала ёй садавіну або цукерку. Ніводная ні разу не ўзяла, а мяне мая наіўнасьць намаўляла, што яны ня хочуць мяне пазбавіць чагосьці, да чаго маюць свабодны доступ. Праўда была ў тым, што апрача адлегласьці, якую вартаўнікі трымаюць перад вязьнем праз службовы абавязак, яны тым жа часам вязьнем і грэбуюць. Гэта я зразумела, калі малады фанабэрысты дзяцюк вёў мяне раз ад лекара і я дакранулася рукой да дзьвярной дужкі, каб самой адчыніць сабе камэру. Гэта таксама адзін зь перажыткаў “волі”, спрактыкаваны вязень пачакае, пакуль яму камэру адчыняць, спрактыкаваны вязень увогуле пільна сочыць, каб нічога не зрабіць за вартаўніка. Дакранулася я да дужкі, а дзяцюк на мяне зароў, як бугай. Пазьней я зразумела, чаму: сустрэла я і іншага канваіра, прыстойнага чалавека, ён ішоў з абвязанымі рукамі, бо наказіўся каростай. Наказіўся ён ад вязьня, ад каго ж яшчэ. Лекар нас рэгулярна цалкам грунтоўна праглядаў, але пра высыпку ў мяне адно пытаўся; высыпкі я ня мела, а каб мела і не сказала? Запусьцілі неяк да нас у камэру дзяўчыну з каростай, іншая мела ганарэю, трэцяя, у сваю чаргу, — поўную галаву вошы, а яшчэ адна скочкі; апошняя, на шчасьце, прыйшла ў суседнюю камэру. Наказіліся ўсе, павялі іх пагаліць, а калі вярталіся, мы чулі, як адна з чорным гумарам сказала: “Ну ўсё, дзеўкі, няма ў нас больш жыўнасьці”. Безабаронны вязень, цалкам аддадзены на чужую апеку, лёгка можа захварэць і перадаць іншым каросту, ганарэю, вошы і скочкі. Але хто пры гэтым заслугоўвае пагарды?

Калі часам уначы я не магла заснуць, дык сядала на вузкіх нарах, цесна ўклінаваных між астатніх, і як бы звонку акідвала вокам карціну, складнікам якой была я сама. Якой бы я сябе ўбачыла, прыйшоўшы тады калідорам, адхінуўшы фіранку і паглядзеўшы на сябе дзьвярным вочкам? Мы ляжалі бітма набітыя ўшасьцёх, хоць камэра разьлічаная на чацьвярых: мэталёвыя шэрыя нары, нярэдка пераламаныя, гэткія ж шэрыя коўдры, спрэс брудныя, кепска выпраныя й паразьдзіраныя прасьціны, пра піжамы ўвогуле лепей ня згадваць, былі яны з аранжавага палатна і фасонам ня розьніліся ад мужчынскіх, у некага не ставала шкумата на рукаве, у некага паўкалашыны, іншы ня меў гумы ў пасе, бялізна была друзлая і страшэнна запраная; ляжалі мы там напханыя, у шэрых коўдрах, як абскубаныя папугаі, якіх нікому ня трэба. Мы былі настолькі ўбогія, наколькі ўбогім увогуле можа быць чалавек. І хто тут тады чалавек, а хто не? У цывілізаваных краінах вязьням у турме пакідаюць іхную вопратку, у багатых краінах яны маюць і радыё, і тэлевізары, уласныя кнігі й газэты, ходзяць гуляць на двор, прымаюць наведнікаў; а вось жа, наш вязень апрануты ў анучы, сьмярдзючы, кепска лечаны й напаўгалодны, — дык каму лягчэй захаваць людзкое аблічча?


Не паддаваймася ўсё ж хуткасьпелым меркаваньням. За той няпоўны год майго зьняволеньня нас двойчы вадзілі з камэры на асабовую праверку. Упершыню гэта здарылася наконадні Шчодрага вечара, мы наіўна думалі, што ідзем перад сьвятамі мыцца. Пра тое, што дзеецца звонку, у камэры вы можаце здагадацца адно з падабенства гукаў за дзьвярыма; мы чулі шаркатлівыя крокі мноства ног у пантофлях, а зь імі гукі ператрусаў у камэрах і даводзілі сабе, што ў зьвязку са шмонам усіх вядуць у душ. Вартаўніца расьсьмяялася: “Мыцца? Ну то пасьпяшайцеся, пакуль ёсьць цёплая вада”, і павяла нас даўгім калідорам, дзе на падлозе ўжо валяліся рэчы, павыкіданыя з камэраў, — лісты, бялізна, кацялкі, лыжкі, газэты, лекі, — былі іх цэлыя горы; а яна вяла нас ня ў душ, а ў пустую камэру ў канцы калідора, дзе нам дзьве наглядчыцы загадалі распрануцца нагала, нашу бялізну і вопратку прамацалі, а што каторая з нас ад шмону схавала ў станік, пад майткі або ў панчоху, тое ў яе забралі. Вязень захоўвае ў сябе самыя каштоўныя рэчы; мая сяброўка схавала пад бялізну лісты ад каханага; вартаўніца, яе называлі Маржэнай, прапітым голасам пачала іх чытаць уголас. “Што гэта такое?! — камэнтавала яна тэкст, які мая сяброўка не дала прачытаць ані мне, — спадзяюся, не каханьне!” Пазірала на нас з вышыні свайго нахабства, адфарбаваная дзябёлая бляндынка, сэнтымэнтальны тып. Дома, напэўна, песьціць унукаў, сыну грошай на аўто дадала. “У вас што, няма іншых праблемаў?” — спытала яна, а другая, што мела мянушку Бульбіна, падтакнула: “Як сукі ўсё адно”. Мая сяброўка мусіла даводзіць, што ліст не малява, што атрыманы ён праз звычайную пошту й працэнзураваны сьледчым, адылі ж гэта было відавочна й на першы погляд. А тым часам іншыя вартаўніцы за нагляду турэмнага сьледчага пераварушылі нашую камэру, падобна як дзікі, калі рыюцца ў зямлі. На падлогу са скрынак, дзе мы мелі ідэальны парадак, выкідалі лісты, туалетныя прыналежнасьці, ежу, бруднымі рукамі поркаліся ў маёй каробцы з каляднымі ласункамі, прысланымі з дому, перагарнулі дагары нагамі нары, сарвалі на зямлю сеньнікі, прасьціны, коўдры, падушкі, паперакульвалі столікі й зэдлі, мы потым не маглі пазнаць, каторы сяньнік чый і дзе чыя прасьціна, хлеб, цукар, мыла, вата, крэмы, лісты, кнігі, усё пераблыталася ў агульнай бязладзіцы. Гэта была не праверка, гэта была сарваная злосьць.

Мая прыяцелька, якая дзе заўгодна, у тым ліку й сярод вязьняў, не пакідала бяз вокрычу нават найменшай праявы дзёрзкасьці або фанабэрыі, стаяла там перад Маржэнай і толькі трэслася ад жаху, што пазбавіцца гэтак дарагіх ёй лістоў. І я мелася за яе заступіцца, я мелася запратэставаць, што не хачу слухаць чужых інтымных лістоў, але я магла адно моўчкі пазіраць на такое хамства. Не ад страху, разумееце, я іх не баялася, — ад здумленьня. І яшчэ ад немачы, ад немагчымасьці пераадолець гэткую пыху. У доме смутку ні ў чым, нават у пачуцьцях, ня дзейнічаюць меркі сьвету знадворнага. І гэта з тае простай прычыны, што звонку, калі якія грубасьці й чыняцца, яны пераважна закрытыя ўражаньнямі ад рэчаў іншых. Звонку гэтак адкрыта яны стацца ня могуць (хіба нехта можа ўлезьці ў чужую кватэру і рабіць выгляд, што мае на тое права?) або яны гэтак выключныя, што пра іх мала хто ведае. Аднак стварыце асяродак, дзе могуць, і нават мусяць, дзеяцца рэчы, якія б зь людзьмі ня мелі, не павінныя былі б адбывацца; і вы атрымаеце турму, атрымаеце сьвет чыстай, непрыкрытай маніпуляцыі, дзе вельмі латва ўладарыць.

Турма — важны досьвед для кожнага, хто хоча спазнаць мэханізмы сьвету непрыхаванай маніпуляцыі, дзе ня дзейнічае нават “ціхая дамова” Іліі Казана, тут увогуле не існуе ніякіх дамоваў. Я была сьведкам сцэны, калі вартаўніцы, што вялі нас са шпацыру, запатрабавалі ключ ад грузавога ліфту, каб адвезьці нас на сёмы паверх, куды ім не хацелася падымацца пешкі. Ключ ім даў вязень, якому было даручана ліфт абслугоўваць. Ён спакойна мог ключ утаіць, пачаць шукаць вартаўніка, які за яго адказваў, але паставіўся з разуменьнем, ахвотна ключ даў. Вакол ключа, аднак, увесь час мусіла быць нейкая важданіна, бо калі яго даваў, вельмі далікатна зазначыў, каб яму яго вартаўніцы вярнулі, бо ён за яго адказны. Вартаўніца, каторай зрабіў тую ласку, на яго зараўла, маўляў, што гэта ён сабе дазваляе — падказвае ёй, што рабіць, ніхто яго ні пра што не пытаўся, хай трымае язык на прывязі; яна сама лепей ведае, каму й калі ключ вярнуць, і будзе размаўляць толькі зь ягоным начальнікам. Барвовая, яна нас запхала ў ліфт, а той прыстойны ахвотнік ужо ведаў, што калі нават ключ проста ня згубіцца, яму ўсё адно дастанецца ад свайго вартаўніка.

Рэчы мы мелі параскіданыя па ўсёй падлозе, мы мусілі іх разабраць, паадшукваць свае і зноў усё скласьці, мы мелі падрахаваць, што з нашых каштоўнасьцяў апынулася на сьметніку перад дзьвярыма, мы мусілі выслухаць інтымныя словы каханьня з чужога ліста. Калі на вас грубы голас крычыць: чый гэта здымак? — а на ім асоба, якую вы кахаеце, і вы мусіце перад той фурыяй прамовіць імя той асобы, — адчуваеце вы сваю перавагу? Адчувае перавагу чалавек, можа, ужо потым, калі тую зьнявагу пракаўтне, калі разьмеле яе ўласнымі зубамі, паспытае ўласным паднябеньнем і ператравіць уласнымі кішкамі, ані каб пры гэтым яго надта цягнула на ваніты. І тады сапраўды адчуе перавагу? Пазьней мы са свайго жаху нават пасьмяяліся, але ж фотаздымка, закінутага ў сьмецьце, ніхто ўжо ня верне, дый у душы назаўжды застанецца стрэмка. Застанецца там у чыстым выглядзе зьведанага ўсьведамленьня немачы. Камусьці можа падацца, што гэтае найзначнае — найзначнае перад сьмерцю — усьведамленьне робіць шляхетнейшым, хто спазнаў уласную немач, мае разуменьне да чаго–кольвек. Гэта магчыма. Але фактам застаецца тое, што ўсьведамленьне ўласнае немачы якраз і ёсьць тым, чым маніпулятар вас хоча інфікаваць. У турме вы павінныя зразумець, які вы нуль. Вы мусіце навучыцца турмы баяцца.

Другую праверку вартаўніцы ў нас зладзілі 8 сакавіка, на дзяржаўнае жаночае сьвята. Мне гэта было абыякава, я ніякіх сьвятаў не прытрымліваюся, але астатнія жанчыны той дзень мелі спалучаны з пэўнай урачыстасьцю, бо так прывыклі на сваіх колішніх працоўных месцах. Бульбіна на пярэчаньне, чаму, маўляў, для праверкі выбралі менавіта гэты дзень, сказала: “Вы злачынцы, у вас сьвятаў няма”. Сама яна гэты дзень адзначыла пільным капаньнем у нашых скрынках.

Бой за годнасьць мы вялі адмовай заводзіць рукі за сьпіну. Калі вязьняў выводзяць з камэры на калідор, хоць бы праз тое, што іншыя вязьні замяняюць у камэры лямпачку, трэба стаяць тварам да сьцяны і мець рукі за сьпінай. Калі вязьняў вядуць на шпацыр (гэта робіцца на адлегласьці паасобных камэраў такім чынам, каб міжсобку ня бачыліся), яны ідуць гужам, мусяць маўчаць і — зноў–такі — рукі трымаць за сьпінай. Я добра запомніла, як выглядае чалавек у выцягнутых спартовых штанах, часьцяком прадраных і амаль заўжды брудных, які стаіць, утаропіўшыся ў сьцяну, з рукамі, адведзенымі за сьпіну: гэта ўжо не чалавек. Спачатку ў вас адбіраюць людзкі выгляд, а тады пачуваюцца праўнымі абыходзіцца з вамі, як з быдлам. Вось жа мы й хацелі ведаць, які параграф турэмнага распарадку ўпаўнаважвае вартаўнікоў прымушаць нас трымаць рукі за сьпінай, калі распарадак, наклеены ў камэры, які ўтрымлівае найпадрабязныя інструкцыі, нічога падобнага не зьмяшчае. Мы двойчы пра гэта пыталіся пры рапарце, пакуль нам рэфэрэнтка не прынесла адказу з нарады ў начальніка: паводле турэмнага распарадку начальнік турмы мае права з наяўных патрэбаў дадаваць да турэмнага распарадку і іншыя інструкцыі, а гэта якраз адна зь іх. Іншая рэфэрэнтка была больш шчырай: калі з палічак каля дзьвярэй пачалі зьнікаць лекі, яна сказала: “Бачыце, гэта таксама адна з падставаў, чаму вы мусіце трымаць рукі за сьпінай”. (Пазьней я даведалася, што лекі кралі пераважна вартаўнікі і прадавалі іх вязьням–таксыкаманам; у Рузыні нават адбыўся публічны працэс над адным зь іх, і вязьні сьведчылі супраць яго.) Мы лекаў ня кралі, таму паспрабавалі й надалей трымаць рукі ўздоўж цела. Асобныя вартаўнікі (яны расстаўленыя дарогай на двор на кожнай лесьвічнай пляцоўцы і на кожным павароце) гэта ігнаравалі, іншыя, а сярод іх быў і той, над якім пазьней адбыўся працэс, крычалі “рукі назад!” і размахвалі дручком. Тым, што справакуеце іх на крык або заробіце лупня, таксама годнасьці не захаваеце, дык мы з бакоў чаплялі пальцы за гуму спартовых куртак. Мы і мелі рукі за сьпінай, і ня мелі, мы былі, як тая разумная гарнячка з казкі Бажэны Немцавай, якая да судзьдзі прыбыла ані пешкі, ані на возе, ані голая, ані апранутая, ані ўдзень, ані ўначы; на дзіва, гэта прайшло. Дробная “ціхая дамова”, маленькая вязьнева перамога.

Сталася неяк, што пасьля прыступу вялі мяне да лекаркі (аднак ня дзеля таго, каб тая мне дапамагла, як я потым даведалася, а таму, што сьледчы запатрабаваў ад яе справаздачы, калі я па прыступе адмовілася ісьці на допыт; яе справаздача, зразумела, была не на маю карысьць), суправаджалі мяне рэфэрэнтка і начальнік вартавой зьмены, з выгляду інтэлігентны малады чалавек, які, відавочна, прапускае жанчын у дзьвярах наперад і якога мама навучыла ўголас вітацца. Яны весела гаманілі, а калі я, белая, як сьцяна (я ўжо прытрымлівалася), з наіўнасьцю чалавека ў турме неабстралянага, сказала: “Выбачайце, калі ласка, ці не магла б я аб вас абаперціся, калі ня ўстою на нагах?” — ён не адказаў, толькі перайшоў на другі бок калідора. Калі б я ўпала, калі б мяне мусілі несьці альбо падтрымліваць, яны б паклікалі дзеля гэтага вертухаек. А таму, як што цяпер я сустракаю на вуліцы аўтобус, які вязе вязьняў з працы або на суд, хоць я й ня ведаю, за што каторы сядзіць, і нягледзячы на тое, што злачынстваў я гіджуся мо і болей, чым тыя, хто за іх карае, я адчуваю парыў гэткага асаблівага кшталту братэрства, якое ў чалавеку нараджаецца ў месцах, дзе надзеі ўжо быць не належыць. Хто аднойчы пабываў у турме, той вязьням брат, зь якой бы прычыны тыя асуджаныя ні былі; і гэта не рамантычная ілюзія, бо хто перажыў накажэньне хваробай, імя якой немач, той ня толькі дакладна ведае, чаму ўсе вязьні гэтак змучаныя ў абліччы і чаму ў іх страх уваччу, але ведае й тое, чаму не ганебна быць зьняволеным. Бо гэта ня ганьба, гэта выпрабаваньне. Узаеміны ў турме робяць са зьняволеньня выпрабаваньне, а ганьба недзе страчваецца. Вязьніцтва прадумана, арганізавана, забясьпечана людзьмі і вядзецца чынам гэткім нялюдзкім, што ў найгоршых выглядах вы не заўважыце адрозьненьня паміж злосьцю турэмніка і зьняволенага: грубасьцю, гэтым натуральным спадарожнікам турмаў, цягне ад абодвух; а празь пярэчаньне абвешчанай мэце турмаў — Установаў папраўчага выхаваньня — тут страчваецца й прычына зьняволеньня. Кожны, хто пройдзе праз крымінал, у ім яшчэ больш разбэсьціцца. Мая разбэшчанасьць палягае, відаць, у тым, што калі я цяпер азіраюся на тое пекла, я — запэўніваю вас — не камянею.

Я не выбірала, з кім я буду дзяліць пару мэтраў за дзьвярыма бяз дужкі, памяшканьне, дзе ядуць, сьпяць і спаражняюцца, дзе халодна, дзе як сьлед няма чым дыхаць, дзе змрочна ўдзень і асьветлена ўначы, дзе няма куды ўнікнуць ані погляду ў ваўчок, ані вачэй суначлежніц, дзе не ўцячы ад чужога смуроду, размоваў, сьлёз, крыку, нявыхаванасьці, нэўратызму і дзе вы, да таго ж, прадмет ненавіснага й несправядлівага перасьледу. На волі я б гэтых жанчын спаткала максымум як кельнэрку, калі б у той кавярні абедала, як сястрычку, калі б у тым шпіталі лячылася, як прадаўшчыцу, калі б у той краме нешта купляла, ці ўвогуле нічога істотнага пра іх бы ня ведала, і іхны выпадак, як што ён да мяне б данёсься, я б ведала хіба ў падачы суду або максымум адваката.

Аднак калі вам штоночы нехта дыхае ў твар, калі вы яго спадарожнік у доўгіх гадзінах няпэўнасьці, нават калі ён вас скарыстае ў якасьці спавядальнай вярбы пры сваёй ночнай немарасьці, вы ўбачыце ўсе яго людзкія за і супраць. Шкарлупа, калі яна ўвогуле ёсьць, у напятых умовах лопаецца ад уласнага пераціску. Веданьне ўсё ж спараджае хутчэй спачуваньне. Зусім не, каб я зь іх злачынствамі (калі там былі сапраўды злачынствы) салідарызавалася, каб іх апраўдвала; але я ўбачыла, што чалавек, засьпеты нават за благім учынкам, калі ён не канчаткова разбэшчаны — а канчаткова разбэшчаных там мізэр, — хутчэй смутны й няшчасны. Вінаватасьць неяк адступае ад чалавека да аб’ектыўнасьці, ён сваю вінаватасьць узважвае і дасьледуе, адмаўляе і ўтойвае, чалавек зь ёю не атаясамляецца, не зазнае яе. Ён зазнае тугу. А туга — гэта ўжо пута, і пута гэтак жа трывалае, як і зазнаваная разам зьнявага.

Майка

Яна прывітала мяне ў камэры з натуральнасьцю тутэйшага чалавека, вясёлая й пекная чарнавалосая дзяўчына, крыху таўставатая, але жвавая, спартовыя штаны, удвая шырэйшыя за яе саму, зусім не рабілі яе сьмешнай. Паказала мне, як сьцяліць, а потым што два дні за мяне прыбірала, хоць я яе й папікала за гэта. Яна была спантанна ласкавая і крыху ўпорыстая, прыймовае цыганскае дзіця; ейны прыймовы бацька быў у пэнсіі, а да таго ўсё жыцьцё адпрацаваў шараговым паліцыянтам, маці служыла ў народным самакіраваньні. У прадмесьці Прагі, куды яны пераехалі аднекуль з правінцыі, мелі прыватны дамок з садком і трусятнікам. Майка была разумная дзяўчына, ледзь ня скончыла сярэдняй земляробчай школы, мела прыгожы почырк і на пісьме магла дакладна выкладаць свае думкі. Яна любіла ўслых чытаць свае вытвары, пераважна “малявы” мужчынам, а зь лістоў і кніг выпісвала сабе цытаты (галоўным чынам вершы), мела ў скрынцы сваю ўласную невялічкую бібліятэчку, якою дужа ганарылася. Цэлымі днямі яна нешта малявала або пісала, свае скарбы перапісвала нават па некалькі разоў і з радасьцю іх раздавала, а таму да свайго галоўнага клопату, то бок як разжыцца цыгарэтамі, мела клопаты і іншыя – дзе раздабыць паперы. Яна абпісвала ўсю туалетную паперу, што толькі трапляла ў камэру, а тады канькала ў вертухаяў запаковак з–пад гігіенічных пакетаў. Калі б я ёй ні дала абгортку ад паштовай паперы — у гэтым мы былі зь ёй падобныя: я таксама ў камэры ўвесь час пісала і паштовай паперы скарыстала незьлічоную колькасьць, — яна яе абпісвала да апошняга месьцейка. Пісаць Майка гэтак любіла, што дні праз тры я заўважыла, як яна пры ранішнім рапарце здае рэфэрэнту “афіцыйны ліст”, прычым капэрта была без адрасату. Часу на напісаньне афіцыйных паведамленьняў яна мела ўдосталь, бо я цэлымі днямі была на допытах; потым Майка мне міла ўсьміхалася і запэўнівала, што цяпер я ўжо хутка пайду дадому. Мяне часам насамрэч вельмі цікавіла, што яна там пра мяне пісала. У турме хутка навучаешся, што ні пра каго і ні пра што тут нельга меркаваць пасьпешліва; праўду трэба хаваць, незалежна, добрыя на тое падставы або благія. Майка задавальняла “афіцыйныя” пажаданьні і ў адначас мела ў сабе разьвітую натуральную салідарнасьць, якасьць, даступную далёка ня ўсім крымінальнікам. Яна сядзела не ўпершыню, перад тым, як малагодка, атрымала тэрмін у папраўчай калёніі для непаўналетніх, турма была для яе натуральным сьветам, яна не пачувалася тут чужынкай і магла даць сабе рады абараніцца і ад вязьняў, і ад турэмнікаў, яна, зь веданьнем тутэйшых звычаяў і правілаў, вяла сваю маленькую, але бескампрамісную экзыстэнцыйную бойку. І я, калі мне здрадзіла здароўе, магла толькі дзякаваць лёсу за тое, што я была ў камэры менавіта зь ёй. Яна грукатала й мясіла нагамі ў дзьверы і прымусіла й суседнія камэры грукатаць і крычаць разам зь ёй, пакуль вартаўнікі не прывялі да мяне лекара. Здарылася гэта ў суботу па абедзе, і дастаць гэтай парой доктара ў камэру было дасягненьнем.

Прыймовыя бацькі ўзялі Майку зь дзіцячага дому ў вельмі малым узросьце, тая доўга ня ведала, што яны ёй няродныя. Яна была кемлівая дзяўчынка, прыгожая, са схільнасьцю дагадзіць, спадабацца; і ўсё ж у пэрыяд дасьпяваньня ёй авалодала прага знайсьці бацькоў уласных.


І тады пачалося, як гэта вызначыла Майчына прыймовая маці ва ўшчувальным лісьце, Майчына падзеньне. Можа праз тое, што гэта сталася ў найменш прыдатным, залішне ўразьлівым веку на ўзьмежжы дзяцінства й даросласьці, калі маладосьць паўстае супраць аўтарытэтаў, можа праз тое, што насамрэч існуе нешта накшталт поклічу крыві, аднак калі Майка знайшла сваю крэўную сям’ю ў цыганскай калёніі ў Кладне, яна дала сябе асьляпіць вольнасьцю жыцьця і адразу ж закахалася. Кінула школу й сышла з дому, жыла, як давядзецца. Яе каханак, у якога яна жыла, рабаваў крамы. Майка з захапленьнем распавядала, як той вяртаўся дадому з клункамі, поўнымі швэдрыкаў; аднойчы прынёс ёй дадому “цэлае футра”. Яны з каханкам належалі да групоўкі, якая нападала і рабавала мужчын на вуліцах або ў вінарнях, Майка ў іх была за прынаду. Арыштавалі іх на вакзале Прага–цэнтар, яе каханак не пасьпеў адкінуць накрадзеныя рэчы, і іх выкрылі.

Прыймовая сям’я, асабліва маці, Майку настойліва і дбала вучыла пачцівасьці да — я б нават не сказала маралі — хутчэй да сацыяльных правіл і звычаяў. Майчына маці, мяркуючы паводле доўгага ліста, які напісала дачцэ па яе арышце, а таксама паводле Майчыных захопленых расповедаў, мусіла быць жанчынай з трывалым пачуцьцём абавязку, яна не пакінула няўдзячнай дачкі ані ў турме і нават на адлегласьці выконвала сваю крыху сухую і без фантазіі, але абсалютна шчырую ролю выхавальніцы. Гэта ў ёй Майку найбольш захапляла. “Вы гэта разумееце? Яна на мяне ня плюнула! Што было б зусім ня дзіўна”. Аднак нават калі б тая адказная жанчына паклала абсалютна ўсе свае намаганьні на тое, каб навучыць Майку разьмяжоўваць дабро і зло, нават калі б кахала яе, як дзіця ўласнае, і сілай таго каханьня трывала прывязала б дзяўчыну да сябе, у яе ўсё адно нічога б ня выйшла. Душа — гэта ня толькі запал, зачараванасьць сьветам, душа — гэта й сумленьне, на гэта, можа, душа чалавеку найболей і неабходная, на гэтае адлюстраваньне сьвету і нашых учынкаў у ім, адлюстраваньне, сэнсу якога мы й не павінныя дасканала разумець, ня страшна, калі ён застанецца для нас таямніцай, але без сумленьня душа не праменіць сьвятлом напоўніцу, і мне колькі разоў здавалася, што ў Майкі сумленьня няма. Яна жыла павярхоўна, скурай, дзякуючы абсалютна нэўтральнаму ўяўленьню пра дабро і зло. Лёгка плыла па ўчынках, бяз выбару і ўзважваньня, і толькі з вынікаў радавалася, плакала ці злавалася; гэта яна адрозьнівала добра — прыемныя вынікі сваіх учынкаў ад непрыемных. “Майка, а ці ты дасі сабе рады ня йсьці да той кампаніі, як выйдзеш адсюль? Ці не вярнуцца б табе лепей дадому?” Яна мне нават ня мусіла адказваць. Усьміхнулася моўчкі і бездапаможна паціснула плячыма. “Я ведаю, што гэта няслушна, але што ж, калі там лепей”.

Цяжка вызначаць вартасьцямі нашай культуры некага, да каго гэтая культурнасьць трапіла і пранікала толькі як слоўная аснада. Майка “ведае”, але Майка не адчувае. Яна ўмела зь вялікай гатовасьцю — і з радасьцю! я б сказала, з асалодай! — абыходзіцца з такімі словамі, як вернасьць, годнасьць, каханьне, пачцівасьць, мана, праўда; слоўнік яе маці быў, відавочна, такіх словаў поўны, і Майка пры іх ужываньні нават крыху зьмяняла артыкуляцыю дзеля доказу, што ёй вядомыя іх вартасьці і значэньні. У рэальнасьці ж ёй нават не прыйшло б да галавы нейкімі з гэтых паняткаў кіравацца, яны былі ў яе цалкам адарваныя ад рэчаіснасьці. Верагоднасьць, што нехта сапраўды мог бы імкнуцца не маніць, не маніць проста так, бяз мэты, толькі дзеля самой рэчы быць праўдзівым, яе б шчыра расьсьмяшыла. Яна “не маніла” заўсёды: яна казала праўду, каб гэта ёй было неяк карысна. Але тыя ўзьнёслыя словы яна ўжывала пільна, яе разумная, чуйная галоўка заўважыла, што й гэтымі вонкавымі значэньнямі, “каханьнем”, “вернасьцю”, “пачцівасьцю” і г.д., гэтаксама як і прыгожым почыркам або далікатнымі манерамі, яна з цыганшчыны падымецца да выгадных роўняў. Зусім не да “белых” людзей, да гэтага яна ніколі ня ймкнулася, а якраз на асыміляцыйнае ўзьмежжа між белымі й каляровымі, туды, дзе б яна магла карыстацца выгодамі абодвух асяродкаў. Таму й пра прыймовую маці, што яе “выхавала”, яна казала выключна добрае. Матчын ушчувальны ліст ляжаў у яе ў скрынцы разам з астатнімі скарбамі, побач з цытатамі й вершыкамі, павыпісванымі з кніг і газэт. Гэта была яе маленькая біблія, да яго яна зьвярталася ў сьвяточныя хвілі. Ён азначаў яе выключнасьць: хто іншы мог пахваліцца такім нораваапісальным пасланьнем! Мне Майка двойчы чытала пра тое, як нізка яна апусьцілася і якая яна мярзотніца, расчульвалася з матчыных дакораў, парадаў і прысяганьняў, гэта было яе маральнай аздобай, і ёю яна аздаблялася гэтаксама, як ніцяным пярсьцёнкам. Але наўрад ці гаворка магла б зайсьці пра рэальны бок стасункаў, Майка мела да маці намнога прасьцейшыя просьбы: каб тая прыслала ёй цыгарэт і перавяла грошай на закупкі. “Вы, мабыць, таксама злуецеся, што я непапраўная”. Слова “непапраўная” пры гэтым яна вымаўляла з унутраным замілаваньнем, самазахапленьнем ад таго, што яго ведае і слушна ўжывае. Упільнаваная адно дзякуючы матчыным клопатам, Майка лёгка б адолела школу і працу, а ўрэшце і нейкае нуднае замуства, але вялікія паняткі ў яе ўсё адно засталіся б толькі вонкавым аздабленьнем.

Яе справу вёў старэйшы інспэктар, як я чула, пострах малалетніх праскіх злачынцаў. Па службе ён знаўся з Майчыным прыймовым бацькам. Празь ягоныя рукі прайшла і першая Майчына справа; можа, менавіта гэты суровы чалавек і дапамог тады Майцы, якая так плакала і абяцала палепшыцца, атрымаць лягчэйшае пакараньне. Калі яе да яго прывялі другім разам, у канцылярыі была і ейная маці; разам яны прымусілі дзяўчыну, але ня гвалтам, ня ціскам, — наадварот, якраз гэтай Майчынай выключнасьцю, што палягае ў белых бацьках, якія маюць знаёмствы нават у паліцыі, — расказаць такое, чаго паліцыя нават ня ведала. Майчын каханак, у стылі свайго “лепшага” выхаваньня яна называла яго “мой жаніх”, быў зьмешчаны ў камэры з другога боку двара, і скрозь краты і сеткі яны маглі ўбачыць сылюэты адно аднаго; а рукамі, прасунутымі ў шчыліну ў сетцы, яны цэлымі гадзінамі высьвятлялі, як моцна Майка перад ім вінаватая. У матчынай прысутнасьці Майка прызнала перад інспэктарам і іхны хвацкі ўчынак, незвычайны выпадак, якім яна крыху выхвалялася. “Пані Эвічка, гэта я мушу вам расказаць”.

Я выразна памятаю яе ў той момант: вялікія цёмныя вочы, якія, праўда, здаваліся хутчэй паўднёваэўрапейскімі, чым цыганскімі, каротка падстрыжаныя, прыгожа хвалістыя валасы, тлустыя ногі, па–турэцку скрыжаваныя пад целам, аранжавая палатняная куртка, мужчынскага пакрою штаны. Было ці не было (верыць показкам пра яе злачынствы варта ня болей, чым байкам паляўнічых), аднак, хоць настолькі вопытнай Майка яшчэ не зрабілася, гэтая показка магла быць і праўдзівай. Аднойчы паміж Парахавой вежай і Губэрнскай вуліцай, досыць позна ўначы, прынадзіла Майка мужычка, каб пайшоў зь ёй пабавіцца, маўляў, яна ведае і пакажа яму, куды ў Празе найлепей пайсьці (я таксама цяпер ужо ведаю, ёсьць цэлы сьпіс вінарняў ды кавярняў, куды б хадзіць я ня раіла). Гэта быў сталы мужчына, відаць, правінцыял, гаманец набіты, карацей, ідэальны тып. У Майчынай прыстойнасьці ён не засумняваўся: хоць для белай дзяўчыны яна была надта цёмнай, але для цыганкі задобра валодала чэскаю мовай; ён спытаў у яе, ці, выпадкам, яна не грачанка, Майка кіўнула, і ён даверліва зь ёй пайшоў. За муніцыпалітэтам, у ценю ўнівэрмагу Котва, на мужчыну накінуліся Майчыны прыяцелі, зьбілі яго, распранулі дагала, абабралі да ніткі і ўцяклі, прыхапіўшы з сабой і адзеньне. Мужчына так і застаўся ляжаць у шоку. Майку гэта спалохала, яна захацела пераканацца, што той ня мёртвы, і вярнулася; мужчыны на месцы ўжо не было. У гэтым палягала загадка выпадку: хто так хутка паклапаціўся пра голага мужчыну, які гэтак пералякаўся, што ад спалоху нагадзіў? А ў гэтым, дарэчы, была пікантнасьць выпадку: у ахвяры ад жаху паслабіўся сьфінктар. “Страшэнна сьмярдзеў, — казала Майка — адзеньне мы мусілі выкінуць у сьметніцу”. Загадка яшчэ больш павялічылася, калі ў інспэктара Майка даведалася, што пацярпелец пра напад не паведаміў.

У межах дасягальнасьці жаніховых вачэй Майка пільным пісаньнем згладжвала віну і замазвала матчын уплыў (прызнаньня перад судом яна выраклася як выдумкі), пасылала любаму лісты (у тым ліку і праз турэмную цэнзуру), вядома ж, поўныя словаў кшталту “каханьне”, “вернасьць”, “надзейнасьць”, але была б гэта ня Майка, калі б свайму да самае сьмерці шчыра каханаму жаніху, сваёй пагібелі, як юнака называла прыймовая маці, у адначас ня здраджвала. У турме любоўныя сувязі між мужчынамі і жанчынамі абмяжоўваюцца ліставаньнем, размовамі ды перакрыкваньнем, найсьмялейшыя жанчыны пад час шпацыраў на двары маглі дзеля сваіх каханцаў, што вызіралі з вокнаў камэраў, распрануцца дагала; за адно такое любоўнае адступленьне мы ўсе ў пакараньне мусілі гарачым летам хадзіць на шпацыры ня толькі ў кашулях, але і ў спартовых куртках, вульгарнае пурытанства турэмных вартаўнікоў сягала такіх драбніцаў, што малады канваір, які вадзіў мяне на допыты праз усю турму, калі аднойчы я выйшла з камэры з закасанымі рукавамі, зрабіў мне заўвагу. Майчын каханец таксама вымагаў галізны, але Майка адпіналася сваёй цнатлівасьцю. “Як бы тады я глядзела табе ў вочы”, — пісала яна яму патэтычна, сьмеючыся пры гэтым. У нас на аддзяленьні была адна дзяўчына, пра якую хадзілі чуткі, нібы тая зь вязьнем–кухарам пасьпела пакахацца ў ліфце, пакуль той вёз абеды зь першага паверху на другі, ніхто, праўда, у гэта дужа ня верыў; затое было праўдай, што пад час начных службаў вартаўнікі па камэрах выбіралі сабе асабліва прыгожых дзяўчат і вадзілі іх з сабой у вольныя камэры, за што плацілі ім цыгарэтамі, але гэта не былі кантакты любоўныя, гэта было голае рамяство і гандаль. І менавіта таму каханьне сярод вязьняў, такім чынам абмежаванае, дзіка буяла. У суседняй камэры з намі была дзеўчына Вэраніка. Яе каханак, зь якім іх пасадзілі адначасова, сядзеў насупраць праз двор. Штодня зранку, толькі прачнуўшыся, як таго вымагаў любоўны рытуал, Вэраніка ўзлазіла на вакно і крычала: “Здэнечак, міленькі, каханьне маё адзінае, добрае раніцы, я цябе кахаю, як ты выспаўся”. Мы ніколі ня чулі, каб Здэнечак адказаў, пагаворвалі нават, што той лістуецца з Вэранічынай суперніцай, затое Вэраніцы штодня даставалася ад сярдзітага буркуна. Яна мела непрыемна пісклявы голас, пішчала ім сваё ранішняе прывітаньне так гучна, што зразумець словы было амаль немагчыма, а пранізьлівы ёкат такой парой, калі б чалавек лепей за ўсё павярнуўся і спаў далей, непазьбежна правакаваў. Буркун Вэраніку абкладаў выразамі, якія тут пераказаць я не наважваюся, Вэраніка ў адказ зь віскатам накідвалася на буркуна, а калі кепска выспаліся мужчыны і ў нашых камэрах, да сваркі дадаваліся і яны, і двор ажно гуў прыгнятанаю жарсьцю. Тады ўжо была ў нас у камэры Гэльга, тая кожнага разу, калі Вэраніка крычала сваё прывітаньне, станавілася пад вакно і чакала, напята і весела, буркуновага адказу. Гэткі малы турэмны тэатрык, раніца была б няпоўнай, калі б буркун не азваўся.

Майка таксама выконвала ранішні любоўны рытуал, па ложках узлазіла на вакно і крычала сваё прывітаньне; аднак, седзячы на двух конях, яна бесьперастанку спатыкалася аб нейкую перашкоду. Гэтымі яе двума коньмі былі каханьне і зыск. Жаніх на супрацьлеглым баку двара быў каханьнем, валютчык П’ер у камэры за два паверхі над намі быў зыскам. Зыскам быў бы для Майкі кожны мужчына, які б толькі быў даступны, падатны і з запасам цыгарэт. Калі б жаніх быў даступны, падатны і з запасам цыгарэт, ня мела б Майка праблемаў, а так ёй даводзілася шукаць у сабе апраўданьняў сваёй здрадзе. У ранішнім рытуале яна гучна вітала П’ера, пры гэтым, як пісала таму, ціха спадзеючыся, што жаніх з другога боку двара не пазнае сярод астатніх ейнага голасу. З валютчыкам Майка размаўляла і праз парашу, што таксама было толькі праявай валютчыкавай даступнасьці, але ні ў якім разе не шырыні Майчынага зацікаўленьня. Праз парашу яна адно жартавала й сварылася, сваю ж любасьць давярала больш інтымным лістам, тым супэрдоўгім пісаньням, пісаным на запакоўках ад гігіенічных пакетаў ды абгортках ад паштовай паперы. Каханьне зь іх паўставала нязгасным, вечным, верным, ахвярным, адданым, пачуцьцёвым, чыстым, як заток, якім заўгодна, абы толькі было менавіта такім, за якое П’ер пашле тытуню. Ах, П’ер! Ён быў па–мужчынску такім самаўпэўненым! Кемлівая Майка паводле чарговасьці камэраў вылічыла ў двары загародку, у каторую іх вадзілі на шпацыр і, узьлезшы на вакно, зжахнутая, пераказвала нам убачанае: валютчык, падобна, меў элефантыяз, бо амаль ня мог хадзіць на слупаватых нагах. Ад П’ера, па маці, маўляў, француза, а па бацьку мадзяра, сышла жонка і кінула яму дзяўчынку — пра гэта ён прачулена пісаў, — і Майка наабяцала, што неяк (бо выйдзе з турмы раней) пра дзіця паклапоціцца, разгарнуўшы гэтакім чынам цэлую стратэгічную тытунёвую кампанію. Але будзем справядлівымі: дзеля зыскоўнага каханка Майка мусіла рызыкаваць; калі б яе засталі за тэлефанаваньнем або ліставаньнем, ёй пагражала б прынамсі кіча, брудны агідны карцар у сутарэньні турмы з палавіннай порцыяй ежы; а мужчынам за слоўнымі гульнямі хутчэй уцякаў дзень, і іх не заядала сьмяротная нуда.

Упершыню “тэлефон” апісаў мне сябра, які за свае неафіцыйныя погляды трапіў у Рузыню на пачатку сямідзясятых, і я была страшэнна зьбянтэжана: “Што? Размаўляць праз клязэтны вадасьцёк?” О! Ня толькі размаўляць! Перад парашай трэба нізка ўкленчыць, выплеснуўшы ўперад ваду з сыфону, каб празь сьцёкавую трубу было добра чуваць. Ад зьліваньня вады Майка мела пазногці, пасьціраныя да самае скуры (з вакна штохвілі чулася: “Майка, спусьці! Лібушка, спусьці!”, што азначала: выплесьні ваду з сыфону, каб мы маглі пагаманіць), а ад газаў, што падымаліся з канала, вочы яе былі запалёныя, а лоб у высыпцы. Яна надзіла і мяне, каб таксама з кім пазнаёмілася, мне нават падалося, што ўцягнуць мяне ў гэты спосаб камунікацыі было адной зь ейных задач; уява сьледчавага трыюмфу, калі б мяне схапілі на карачках з галавой у вадасьцёку турэцкага прыладзьдзя, мяне прыгнятала вельмі аддалена, аднак гаварэньне праз парашу было для мяне яскравым увасабленьнем вязьневай непаўнавартаснасьці. І ўсё ж і я з тэлефону мела вялікую выгаду: дзяўчаты, прынамсі, змушаныя былі парашу як сьлед вымываць. Пры ўсёй сваёй гідлівасьці я мусіла прызнаць, што для тых мілых дзяўчат тэлефанаваньне было хлебам надзённым, і гэта літаральна, бо як інакш жанчына можа разжыцца на мужчыне ў турме, як не размовамі! Размова ж беспасярэдняя, проста камунікатыўная; размова правакуе размову. Майка, праўда, з большай ахвотай пісала, але іншыя дзяўчаты так добра, як яна, пісьмом не валодалі. У суседняй камэры, чые тэлефанаваньні праз адкрыты вадасьцёк у нас было добра чуваць, дзяўчына, у сваім рамястве вельмі таленавітая, апісаньнем ходу любоўных уцех здолела задаволіць шэсьць мужчынскіх камэраў над намі і выклікаць рэўнасьць у дзьвюх жаночых камэрах па суседзтве. Усе змаўкалі, калі яна пачынала гаварыць. Турэмны адменьнік групавога сэксу, адменьнік, прычым, досыць сумны. Некаторыя дзяўчаты, праўда, у парашу казалі такія брыдоты, што мужчыны адразу зьлівалі і напаўнялі сыфоны, каб пазбыцца іх голасу.

П’ер таксама больш любіў ліставацца; “па сумяшчальніцтве ён пісьменьнік”, — казала Майка; валютчык–пісьменьнік пераважна апісваў свае эратычныя сны, атрымоўвалася ў яго гэткая няўмела складзеная нясьпелая парнаграфія. П’еравым пісьменьніцтвам Майка надзвычай пышылася; ліст адразу мусіў зьнішчацца, каб вартаўнікі пры шмоне яго не знайшлі, аднак яна П’еравы допісы хоць на ноч клала сабе пад падушку. Самыя ўдалыя сказы сабе перапісвала. Лісты — малявы — перадаваліся з “каняваньнем” — другой галоўнай формай даступнасьці чалавека да чалавека. “Канём” у турме называецца пасылка, прывязаная на нітку. Ліст (або яшчэ ежа, цыгарэты) скручваўся ў валік, які перавязваўся гумкай, і прасоўваўся праз краты і адтуліну ў сетцы, для гэтае мэты праробленую; наша сетка не засланяла ўсяе ваконнае нішы, паміж ніжняй сьцяной і сеткай Майка свабодна прасоўвала руку. Тады згары спускалі нітку зь іхным канём, пасылку, што гайдалася перад вакном, трэба было злавіць, прыцягнуць да сябе, адвязаць і, прывязаўшы пасылку сваю, крыкнуць: “Ёсьць! Цягні, паехалі!” Дасьціпнейшыя дзяўчаты выкрыквалі весела: “ І на канііііі!” Пры лаўленьні каня і прывязваньні каня ўласнага нехта з камэры заўсёды мусіў пільнаваць ля дзьвярэй і пры найменшым гуку з калідора папярэджваў: “Шухер, вертухай!” Увага, наглядчык. Уся апэрацыя праходзіла вельмі хутка і ў надзвычаным узрушэньні; “Давай, давай”, — калацілася Майка ад страху ля дзьвярэй, а Лібушка тым часам шалела ад таго, што ня можа разьвязаць заблытаны матузок. Часам здавалася, што ўзрушальныя моманты для іх мелі большую вартасьць, чым раздабыты тытунь.

“Коней” ганялі праз многа паверхаў, і нават у вокны ня толькі суседніх камэраў, але і далёка ўбок. Конь, пасланы ўбок, называўся зыбкай або гушкалкай: ён кідаўся верхам, і ў суседнім вакне яго мусілі злавіць; калі вакно было далей і ніжэй, конь моцна разгойдваўся, пакуль ня быў заўважаны і злоўлены ў адпаведным вакне. Каняваньне — гэта мастацтва; нітка мусіць быць дастаткова зацяжарана, звычайна шкарпэткай, напоўненай пяском, які раздавалі па камэрах на ўмываньне парашаў; нас многа хадзіла без шкарпэтак, бо часьцяком конь засядаў у дроце громаадводу, у кратах або абрываўся і падаў долу; дарогай на шпацыр мы бачылі нямала такіх няўдач на бэтонавым подзе каля мура і на роўні сьценаў; шкарпэтак быў вялікі расход, пры абмене бялізны трэ’ было прыкідвацца, нібыта брудная пара ўжо была вернута, каб выдалі чыстую. Мастацтвам таксама было схаваць у камэры сродак, якім конь ловіцца й прыцягваецца, — “вершніка”. Пры штодзённых праверках вартаўнікі аглядалі ножкі зэдляў, ваконную шалёўку, падкладкі пад сеньнікі на нарах — зь іх “вершніка” зрабіць найпрасьцей, бо яны з, а добра адламаная трэска добра кідаецца. Свайго вершніка Майка рабіла з газэты (гэта мусіла быць “ Rudй prбvo”, бо ў яго вялікі фармат); па скарыстаньні газэты вершнік разроўніваўся, і схаваць яго не было праблемай. Бойка за коней і каняваньне ёсьць адной з галоўных боек між вязьнямі і вартаўнікамі; за дзьвярыма ўвесь час падпільноўвае насьцярожанае вока, а фраза “дайце сюды гэтага каня” губіць ураз усе намаганьні і прадчуваньне блізкай уцехі з заслужанай цыгарэты. Каняваньне належыць да спосабу жыцьця вязьняў, гэта праява іхнай вынаходлівасьці і схільнасьці да свабоды; зь яго дапамогай людзі дасягаюць кантакту зь людзьмі, зазнаючы пры гэтым узрушэньне й забаву. Часам каня заўважаў вартаўнік з супрацьлеглага корпусу або з абходнага ходніку зьнізу, але пакуль пасьпяваў дабегчы да ўпільнаванае камэры, конь ужо быў прыбраны. Здарылася неяк, што вартаўнік заўважыў каня позна ўвечары, камэру меў дакладна ўсочаную, роў: “Не лічыце мяне за казла!”, загадаў усё пераварушыць, але дарэмна, не знайшоў нічога; пакуль ён бег нагору па сходах і трухаў калідорам, дзяўчаты перакінулі каня ў суседнюю камэру. Частка турэмных вокнаў праглядаецца з панэльных дамоў, дзе жывуць сем’і турэмнікаў, і іхныя дзеці часта крычаць: “Тата! Тата! Вунь там конь!” І пільны хлопчык, сынок у бацьку, запісвае сабе нумар камэры, што звонку выведзены на муры. Мой сьледчы часам таксама перапыняў допыт і зь цікаўнасьцю назіраў, як у корпусе насупраць раптам з вакна выпадаў конь, імкліва зьлятаў, нібы птушка, на тры паверхі ніжэй і хутка зьнікаў за кратамі. На каняваньні ж пагарэла і Майка. Вартаўнік ажно з супрацьлеглага корпусу ўбачыў, як конь зрынуўся да нашага вакна, конь гэтак вялікі, што дзеля такой здабычы яму варта было абабегчы дзьве траціны турэмнага прастакутніка; конь нёс кнігу, П’ераў падарунак, вартаўнік кнігу знайшоў, але не паверыў разьвіцьцёваму зьместу каня і са злосьці, што Майка зусім недарэчна апраўдваецца, паслаў тую на кічу.

Турэмнае ліставаньне — гэта фэномэн, варты дасьледаваньня; каб гэтак турэмныя спраўцы ўсё тое, што загадваюць канфіскаваць і зьнішчыць, далі праштудыяваць псыхолягам! У лістах мінімальна ўтрымліваюцца перамовы вязьняў, празь якія гэтая карэспандэнцыя і перасьледуецца, — яны да бясконцасьці варыююць адну тэму: “Я цябе кахаю!” Хто ня мае ўласнай фантазіі, перапісвае лісты чужыя. У допісах ёсьць і вершы, а некаторыя гэтак багата і маляўніча ілюстраваныя, што ўжо сам факт выдаткаваньня часу і ўмельства на нешта, што найхутчэй асуджана на зьнішчэньне, сьведчыць пра выродлівасьць бесьперапыннага зьняволеньня людзей за дзьвярыма бяз дужак. Вынаходлівасьць вязьняў усё ж супрацьстаяла нішчаньню іхных вытвараў: лістам надавалася форма вызначанага ўзору з хатняй адрэсай адпраўніка і турэмнай адрэсай атрымальніка, падраблялася нават адзнака цэнзара. Малявы, інакш фэрблы, строга караліся, і ўсё адно яны заставаліся найвялікшай уцехай як атрымальніка, так і адпраўніка. Каля мяне мо з тыдзень спала жанчына гадоў сарака, што ліставалася з мужчынам, якога ніколі ня бачыла, адно пару разоў чула ягоны голас у клязэтным вадасьцёку. У часе, калі я зь ёю спаткалася, ён ужо быў асуджаны і пераведзены з Рузыні на “адбыцьцё пакараньня”, а гэтая жанчына штодня па зьмярканьні выконвала наступны абрад: выцягвала са схованкі ў скрынцы лісты, здымала зь іх гумку, сама клалася на разасланым ложку на жывот, каб нам не было відаць ейных папераў, і раскладала на падушцы адзін ліст за другім; яна іх ужо мусіла ведаць напамяць, але кожнага разу перачытвала сабе напаўголасу, заўжды зноўку расчуленая, шукаючы ў іх узьнёсласьці. А жанчына гэта была вельмі вульгарная, абакрала нас у камэры, што сярод вязьняў лічыцца найгоршай правінай, на волі працавала даглядчыцай і распавядала, як выганяла дзяцей з двара, бо яны там хацелі гуляць, хлусіла заўсёды, варта ёй толькі было адкрыць рот, да вульгарнага і прымітыўнага зладзейства прыцягнула і свайго непаўналетняга нявыхаванага сына, ад якога потым на допыце адраклася, а вяршыняй яе барбарскага разуменьня сьвету было стаўленьне да сваёй старэнькай нямоглае маці: маму яна зачыняла ў яе ўласнай аднапакаёўцы, прыбраўшы адтуль дыван, фіранкі і ўсякую мяккую мэблю і пакінуўшы толькі драўляную, каб бабулька нічога не паабгадзіла спаражненьнямі; калі гэтую маю суседку пасадзілі, і дачка напісала ёй, што бабулю разам зь яе сабакам па чатырох днях зьняволеньня ў чатырох голых сьценах уласнай кватэры вызваліў дзядзька, гэтая жанчына ў шаленстве напісала дачцэ раздражнёны ліст, каб адразу ж у дзядзькі, то бок у ейнага брата, забрала ключ ад бабулінай кватэры, бо дзядзьку ня йдзецца ні пра што іншае, як кватэрай авалодаць; а перад намі пахвалялася сваёй дальнабачнасьцю, маючы на ўвазе агаленьне матчынае кватэры. “Можаце сабе ўявіць, як бы тыя пекныя рэчы выглядалі праз чатыры дні?”


І вось гэтае стварэньне, вульгарнае з усіх бакоў, над лістамі шчыра расчульвалася, іх аўтара яна называла “мой Здэнечак”, наўрад ці яна магла верыць, што некалі зь ім сустрэнецца, суцяшэньня шукала не ў сваім стаўленьні да яго, а ў яго словах і малюнках. Моц напісанага можа быць велізарнай.

Пальцавая абэцэда, маякаваньне (своеасаблівая марзянка, плясканая ў ладкі або выстукваная ў трубы цэнтральнага ацяпленьня, тэлефон, каняваньне, грукатаньне ў падлогу — існуе шмат формаў запасной камунікацыі; каб ня мела Майка непрыяцелек у навакольных камэрах, жыла б сабе ў каханьні й спакоі. Аднак у турме бойка за мужчын тым падступнейшая, чым больш рызыкоўна і цяжка зь імі кантактаваць. Пачула якая нядобразычлівіца, як Майка спавядалася ў пачуцьцях праз парашу, адразу ж пра гэта на пальцах перадала жаніху; а каторая прачытала выпадкам ліст да жаніха, паведаміла пра тое канём П’еру. Жаночыя камэры цалкам аддаваліся падобным інтрыгам, нават самыя кароткія гісторыі каханьня суправаджаліся паклёпніцтвам ды ўскладненьнямі рэўнасьці й стратаў; енк, плач, сваркі штохвілі выбухалі з закратаваных вокнаў, запаўняючы шалёнай пачуцьцёвай вібрацыяй прастору над бэтаваным дваром. Турма нібы надзімалася прыгнятанаю жарсьцю! Мана, упрошваньні, намовы, высьвятленьні, запэўніваньні і абяцаньні жывілі каханьне і рэўнасьць — гэтых пераможцаў сьмяротнай турэмнай нуды. Ох, Майку непрыяцелькі зганьбілі не адзін раз. Яна круцілася між двух агнёў, як верацяно, то сваіх мужчын аблайвала, то ў іх перапрашала, то іх запэўнівала ў каханьні, то пагражала разрывам, а часта і плакала. Колькі гора было, калі жаніх пачаў перамаўляцца пальцавай абэцэдай зь дзяўчынай з суседняе камэры, і яна чытала пасланьні, якія належалі ўжо ня ёй. У пратэст супраць здрады гэтак відавочнай Майка папрасіла абстрыгчы сабе доўгія валасы, якія яму так падабаліся. І валасы не былі адзінай фізычнай ахвярай каханьню: Майка хоць і была жвавая, мільгатала, як вавёрка, уверх і ўніз па трох настаўленых адны на адны нарах, але была важкая, у турме патаўсьцела, і вось, калі прагучала аднойчы засьцерагальнае “шухер, вертухай!”, упала долу, што груша. Іншым разам выцяла сабе сьцягно, сіняк з часам ня зьнік і выглядаў, як ад параненай жылы; тады яшчэ разадрала ступню аб выступ мэталёвых нараў; а ўрэшце адбіла сабе нырку і мачылася потым крывёй. Некалькі разоў Майку засьпелі, калі тая вісела на вакне, у пакараньне ёй быў прыпынены прыём передач і закупкі. І гэта было толькі лішняй падставай для ліхаманкавай карэспандэнцыі. Тытунь! У турме тое, чаго ня маеш, хутка стаецца апантанасьцю. Варта было толькі трапіць у камэру жмені тытуню (як П’ер яго меў, дык ня скнарнічаў), і вось ужо дзяўчаты паабрывалі газэты, паскручвалі сабе тоўстыя цыгарэты і — ногі на стол! — курылі, пакуль было што. Я прапаноўвала ім, я, не курэц, які адно мае разуменьне да гэтае жарсьці, але не адчувае ані яе асалоды, ані пакутаў, што частку тытуню схаваю на горшыя часы, але не: моц перажываньня ў яго паўнаце. А потым зноў не было што курыць, паспрачаліся, каторая выкурыла большую частку, і пабіліся; і зноў канькалі зьверху. Такім чынам каханьне зьмешвалася з тытунём. Аднойчы П’ер, якраз зьбяднелы, бо вартаўнік, што насіў яму цыгарэты, ня меў службы, паслаў нам хаця б тытунёвых цёсак. Пракліналі, аж вантробу выварочвала: такая пакута — мець нешта, што пахне, як тытунь, але не гарыць! Я (а я адно давала тэхнічныя парады) параіла ім тытунь жаваць, і ўсё ж гэтак моцным той пах ня быў. Тады мы паспрабавалі цёскі крышыць. Вы ня можаце сабе ўявіць, як цяжка было растаўчы іх жалезнай ножкай зэдля, каб яны хаця б тлелі.

Лібушка

Расповед пра Майку, аднак, ня можа абысьціся без расповеду пра Лібушку. Як я мяркую, яны была Майчыным павадыром да турэмнай сапсутасьці; пакуль Ліба не прыйшла да Майкі ў камэру, тая была прыстойнай дзяўчынай, па–турэмнаму прыстойнай дзяўчынай: ня лазіла на вакно, не размаўляла праз парашу, не канявала і ня кідалася з крыкам на рэфэрэнтаў, — сярод апошніх Майка была ў міласьці, але потым іх расчаравала, бо зь Лібушкай да яе прыйшло ўпадабаньне турэмнай грахоўнасьці, і неўзабаве яна страціла ўсе правы па–турэмнаму прыстойных дзяўчат, то бок права на перадачы з дому і права на закупкі ў турэмнай сталоўцы за ўласныя грошы. Пра тую камэру хадзіла дурная слава; калі мяне ў яе прывялі, дзяўчаты мне распавядалі, што пані, якая была зь імі перада мной, бесьперастанку на іх скардзілася і ўрэшце дамаглася свайго пераводу. Помсьлівая рэфэрэнтка — дзяўчаты празвалі яе Акуляркаю, бо ў вочку, да якога яна набліжалася вельмі ціха і ў якое глядзела часьцей за астатніх рэфэрэнтак, заўжды блішчалі яе акуляры — нават вярнула ўжо атрыманую Майчыну перадачу назад дадому. Так Майка сталася адхіленай ад скарбу і залежнай ад мужчын, ад тэлефону, ад вакна, ад маляваў, апынуўшыся ў заганным коле. Сапсутасьці Майка ўсё ж саступіла ахвотна, бо турэмная прыстойнасьць і турэмная нуда знаходзяцца невымерна блізка. У зьняволеньні цэлы дзень няма што рабіць: кнігі ўсе на руках, дый абуджаюць яны хутчэй насьмешку, чым жаданьне чытаць, адзінай дазволенай гульнёй ёсьць “чалавеча, ня злуйся”**, дык жа вязень мусіць быць дурнем малёваным, каб даў сабе рады выседзець за фігуркамі цэлы дзень, размаўляць даўно ўжо няма пра што, а вакол, наколькі стае вачэй, нічога ня дзеецца. Адзін раз дзяўчат зводзяць на допыт, а потым трымаюць іх у зьняволеньні, пакуль пракурор не разважыць скласьці абвінаваўчы акт і не адбудзецца суд; цягнецца гэта два, тры, а мо’ і чатыры месяцы; справядлівасьць часта карае несправядліва, і цягнецца гэта ў яе надта доўга. Вось і шукае вязень сабе забавы, якой магчыма. Бо ня можа ён без кантакту зь людзьмі.

У той самай камэры, дзе быў П’ер, мела Лібушка Тонічка, хутчэй сябра, чым каханка, яе эратычныя размовы зь ім былі больш насьмешнымі, чым узрушальнымі. Сядзеў Тонічак за крадзеж, ужо, дарэчы, не ўпершыню. Быў гэта мужчына ў найлепшым веку, мо і жанаты (дзяцей меў дакладна, бо пісаў пра іх у малявах). У адрозьненьне ад П’ера быў ён чалавекам разважлівым, Лібушку часта ўшчуваў і ўтаймоўваў, і ўвогуле ставіўся да яе, як да меншай сястры (было досыць дзіўна, што менавіта ён, а ня П’ер, трапляў у канфлікты з наглядчыкамі, аднойчы нават некалькі дзён быў зьвязаны ў “мядзьведзя”). Падчас апошняга зняволеньня Тонічак вытатуяваў сабе на ўсе грудзі й жывот каляровага мэксыканскага арла; я добра не зразумела, сымбалем чаго ён быў, але хутчэй моцы, чым волі. Арла ён часта Лібушцы перамалёўваў; і калі ў яго на грудзях і жываце сапраўды было тое, што й на паперы, хараство гэтае мусіла быць вельмі юрлівым. Тонік з П’ерам прыдумлялі й малявалі дзяўчатам і крыжаванкі, уважаныя імі за праяву высокага інтэлекту, але Лібушка зь цяжкасьцю магла скласьці нават звычайны сказ, ня кажучы ўжо пра тое, каб умела пераплятаць словы паміж сабой. Узоры лістоў рабіла ёй Майка, а Лібушка, высалупіўшы язык, дзіцячым почыркам іх тады сьпісвала.З большай ахвотай яна гаманіла па тэлефоне, не адзін раз за дзень над вадасьцёкам гучаў яе голас: “Тонічак, тэлефон!” Размаўляла яна на своеасаблівым слэнгу, поўным нястрымнага досьціпу.

За той час, што яна была ў Рузыні, Лібушка пасьпела прайсьці празь зьняволеньне двойчы. Ёй яшчэ не было васямнаццаці, аднак у Чэхаславакіі — ці то празь нястачу сродкаў, ці то праз абыякавасьць уладаў — асобных турмаў для непаўналетніх няма. Малагодкі (некаторым нядаўна споўнілася пятнаццаць гадоў) у зьняволеньні апынаюцца ў агульных камэрах са спрактыкаванымі зладзейкамі, прастытуткамі, вэтэранкамі турмаў; іхныя дробныя дэлікты судзьдзя мог бы разабраць адразу ў пастарунку, а ў Рузыні яны чакаюць суду па тры–чатыры месяцы, і толькі пасьля трапляюць у калёнію для непаўналетніх, а многія адбываюць усё пакараньне ў турме. Да турмы Лібушка мела і родавую наканаванасьць, ейная мама якраз адбывала ці то трэці, ці то чацьверты шматгадовы тэрмін, апошні, маўляў, за бойку ў карчме, пры якой яна напала на прадстаўніка сакрэтнай паліцыі. Лібушка мамай захаплялася. Я толькі аднойчы бачыла, каб яна плакала, — калі ёй ад маці па доўгім блуканьні дайшоў ліст, з адной турмы прыйшоў у другую. Мама можа б і не напісала, але таму як Лібушка была непаўналетняй, тую прыцягнулі па справе дачкі як сьведку; так яна даведалася, што дачка таксама ў турме. Упершыню маму пасадзілі, калі Лібушцы было паўгода; асудзілі адразу абодвух бацькоў: мама ў карчме зь некім паспрачалася, спрэчка неўзабаве перарасла ў бойку; а тата, потым знайшоўшы жонку, усю зраненую, у канаве, пайшоў за яе адпомсьціць. Лібушка з большай сястрой трапіла ў дзіцячы дом. Увосені мінулага году мама прыйшла з зоны дадому, пабыла на волі некалькі тыдняў і зноў трапіла за краты. Бойкі ў карчме — матчына наканаваньне. Тэрміны яна ўсе атрымоўвала доўгія, апошні быў, маўляў, восем гадоў. Пад час таго кароткага гасьцяваньня мінулаю восеньню Лібушка бачыла маму ўпершыню ў жыцьці, аднак і гэтага часу хапіла, каб тая пасьпела засобіць дачку падрабязнымі ведамі пра побыт зьняволеных жанчын на зоне. Менавіта ад Лібушкі, сямнаццацігадовай дзяўчыны, я выслухала падрабязны інструктаж пра ўсемагчымыя спосабы сэксуальнага задавальненьня жанчын у зьняволеньні; у абмежаваных умовах вынаходлівасьць сапраўды ня мае межаў, толькі б я лепей была гутарыла зь Лібушкай пра рэчы менш бессаромныя. Я не хачу гэтым сказаць, што бессаромнымі былі тыя спосабы, — зусім не, усё залежыць ад акалічнасьцяў; бессаромнымі яны мне здаваліся ў вуснах сямнаццацігадовай дзяўчыны. Лібушка шкадавала пра сваё малалецтва, бо яе чакала калёнія для непаўналетніх; каб была трохі старэйшай, была б з мамай на зоне.

Лібушка была хворая “на галаву”, але паперы на тое ня мела, толькі ўжывала заспакаяльныя лекі. Магла шалець да непрытомнасьці. Майку яна часта засьцерагала: “Пакінь мяне, перастань, ты ж ведаеш, што ў мяне мазгі бяз чэрапу! Заб’ю цябе, і ніхто мне нічога ня зробіць”. Шкелі і недавер яе раздражнялі, добрае слова і захапленьне супакойвалі. Аднойчы я ўласнаручна памыла ёй галаву, вываляную ў парашы, прычасала чубок. “Бачыш, якая цяпер ты прыгожая”. Дала ёй шкельца з акуляраў, каб яна магла на сябе паглядзець; у вачах у яе быў выраз, як у нашага сабакі, калі яго гаспадар пахваліць. Яна мела моцны прыгожы голас, які ў ейным пукатым чэрапе гучаў асабліва квяціста й насычана, і добры музычны слых, калі я ёй пра гэта сказала, яна пачала сьпяваць бесьперастанку гадзінамі і ўсё плянавала, як пойдзе потым вучыцца на прафэсійную сьпявачку. Лібушка была дзіцём, пакінутым самому сабе, а як мае дзіця зьнесьці бяз траўмы гэтакі цяжар? Яна валодала надзвычайнай фізычнаю сілай, распавядала, як яна на гаспадарцы, дзе працаваў ейны бацька, а яна яму дапамагала, спыніла ўцёклага бычка. Бычок адвязаўся і вольна гуляў у садзе, усе разьбегліся, і толькі Лібушка яго пачакала, схапіла за рогі і адвяла назад да прывязкі. Тады ёй было трынаццаць. Недзе да дзесяці дзяўчынка расла ў дзіцячым доме; там ёй падабалася, была там зь сястрой. Дзякуючы дзіцячаму дому яе мова ня зьведала ўплываў ніякага дыялекту, размаўляла Лібушка амаль літаратурна, бясспрэчна чысьцей, чым які–кольвек праскі школьнік, але затое ня ведала, хто такі Хрыстос. Майка, хоць і расла ў атэістычнай сям’і, здолела гэта ёй высьветліць. Сыходзіць зь дзіцячага дому ёй вельмі не хацелася. Пра тую сцэну яна казала як пра лёсавызначальны пералом у сваім жыцьці. Іх зь сястрой апранулі ў сьвяточныя сукенкі (дзяўчынкі нават ня ведалі, што дзеецца) і адвялі да таты, які прыехаў забраць іх дадому. Лібушка ўцякла ў парк і паехала дадому толькі таму, што паехала сястра. Тая ж неўзабаве зь бязрадаснага дому паехала вучыцца і пасялілася ў інтэрнаце; уладарыла ў доме другая бацькава жонка, і Лібушка мусіла даглядаць ейных дзяцей, церпячы ад яе крыўды. Але дзяўчынка была задзірай, у вёсцы добрай славы ня мела, кожнага, хто зь яе пакепваў, зьбівала да крыві, разьбівала насьмешнікам галовы, аднойчы пабіла й мачаху. “Дык хай мяне не чапае”, — адказвала яна на дакоры.

Яна ўцякла да бабулі ў Прагу, дзе ўрэшце і засталася. Бабуля была бацькавай маці і здолела бацьку паставіць на месца. “ І кухталя яму дала”, — казала Лібушка з захапленьнем. Бабуля яе ня біла й ня крыўдзіла. Праз разумовую адсталасьць Лібушка хадзіла ў спэцшколу. Па сканчэньні школьнага курсу яе аддалі працаваць у садоўніцтва, і гэта яна ўважала за другі фатальны пералом у сваім жыцьці. Іх было пару вучаніц, каторым даверылі даглядаць цэлую цяпліцу гвазьдзікоў. Каб яна абкопвала градкі, вазіла гной ці капала зямлю, мо садоўніцтву і скарылася б, але абшчыпваць гвазьдзікі яе ня вабіла. “Можаце сабе ўявіць, што гэта была за нуда — цэлымі днямі ашчыпваць гвазьдзікі? Каб не паламаць, іх падпіралі драцяной сетачкай, але я іх усё адно процьму папераламала”. Ад гвазьдзікоў яна ўцякла з кампаніяй хлопцаў, сама таксама хутчэй хлапец, чым дзяўчына. У кагосьці ўкралі грузавы аўтамабіль; схапілі іх, ажно калі тыя аб’ехалі паўрэспублікі. За ўцёкі з працоўнага месца і за падазрэньне ў паразытызьме яе арыштавалі. Спачатку месяцы тры яна правяла ў Рузыні, пасьля суду перавялі ў папраўчую калёнію, уцякла яна і адтуль, яе зноў схапілі, і яна зноў апынулася ў Рузыні, усё яшчэ непаўналетняя і яшчэ больш разбэшчаная. Пад час Лібушчынага другога зьняволеньня я спаткала яе ў лекара і не хацела верыць той перамене: гэта была ўжо ня колішняя крыху дурнаватая й дзікая, але пры добрым абыходжаньні добрасардэчная дзяўчына зь вечна закладзеным носам (аднойчы, калі я яе за нешта ўшчувала, яна мне сказала: “Ох, пачакайце, натрапіце некалі й вы на блатную дзеўку!”; сама яна тады яшчэ блатной не лічылася), — у лекарскім кабінэце гэта ўжо быў воўк зь недаверлівымі вачыма і загрубелым выразам твару, на якім не было нічога жаночага, ня тое што дзявочага. Яна зірнула на мяне сьпярша дзіка, але потым зьбянтэжылася; усё ж яшчэ памятала пра тыя часы, калі вельмі была да мяне прывязалася. Мы спалі побач, і штоночы прынамсі частка яе нагі ці рукі, калі ня ўся галава, апыналася ў мяне на нарах; зраніцы потым яна перапрашала: “Калі ж вы мне так нагадваеце маю бабулю”. Раздвоенасьць бездаглядных дзяцей зь дзіцячых дамоў трагічная: яны прагнуць любові, але ў іх саміх любові няма, яе ў іх ня можа ўзьнікнуць. І пачуцьцёвы вакуум лёгка запаўняецца злосьцю й разбэшчанасьцю.

Лібушка мела лесьбійскія схільнасьці і была тыпам “коблы”, як іх называюць, у адрозьненьне ад тыпу “мамы”; сваю схільнасьць няпэўна ўсьведамляла яшчэ да яе выбуху. Яна цаніла свае хлапечыя манеры, сваю сілу і ніколі не апранала спадніцаў, носячы выключна джынсы; калі я ёй аднойчы сказала, што калі яна хоча вучыцца сьпяваць, мела б навучыцца і танчыць, яна рассьмяялася: на заняткі танцамі Ліба мусіла б мець дзявочыя шаты, а падобная ўява здавалася ёй надта сьмешнай. Яна ўсьведамляла й сваю хлапечую зьнешнасьць, але на тую была чульлівая. У турме, ды, відаць, і ў дзіцячых дамах, дзяўчаты з радасьцю бяруць на сябе ролю любоўных аб’ектаў, пры гэтым нават ня мусяць мець лесьбійскіх ухілаў, гэта дадзена сытуацыяй, а таксама моднасьцю, сярод гэтых маладых людзей гомасэксуальнасьць карыстаецца немалой папулярнасьцю. Але найбольш на маладых дзяўчат у турме квапяцца сталыя жанчыны. “Маму” Ліба знайшла б сабе лёгка, не давялося б нават шукаць, “мама” знайшла б яе сама, і білася б за яе, крала б для яе, ахоўвала б яе; аднак Лібушчына родная мама, цэнтар яе захапленьня, лесьбіянкаю не была, і дачка слова давала, што на зоне тая б прыбіла кожную, што адважылася б на яе пагбліцца. Схільнасьць гэта была лятэнтная, мела толькі выбухнуць.

Перад першым зьняволеньнем паліцыя накіравала Лібушку на абсьледаваньне ў вэнэралягічную больніцу “Ў Апалінара”; на гэтым закрытым аддзяленьні, празь якое ў Празе праходзяць усе дзяўчаты, падазраваныя ў прастытуцыі, яна замілавалася да Эвічкі, вельмі прыгожай цыганкі. Зачараваньне тое было яшчэ плятанічным, Эва б іншага й не дапусьціла, але было моцнае, відаць, Лібушчына першае; да таго яна сутыкалася пераважна з хлапцамі. Эвічка тады была дамовілася зь сябрамі, што тыя пад’едуць да больніцы ўначы і на машыне яе зьвязуць; закрытае аддзяленьне знаходзілася на трэцім паверсе; закратаваныя вокны, пільны нагляд; аднак дзяўчаты выявілі, што адно вакно на глухім калідоры амаль не вартавалася; пакінулі яго прыадчыненым і ўначы ўцяклі. Ліба Эвіччынай кампаніі навязалася, вымушаны былі яе ўзяць, бо, бегаючы, як сабачка, увесь час за Эвічкай, яна пра іхныя пляны пранюхала. Каб не ўцякла зь імі, хто ведае, мо і ня трапіла б у Рузыню. Эва, скачучы з вакна, паламала нагу, яе своечасова адцягнулі ў пуню з вугольлем, і ўцёкі б, відаць, удаліся, каб адна зь дзяўчат, якраз калі іх шукалі паблізу пуні, ня пчыхнула. Так іх з Эвічкай пасадзілі ў Рузыню. І нібыта воляю лёсу Эвічку зьмясьцілі ў камэру якраз насупраць нас. Лібушка пры кожнай здачы посуду ці бялізны, калі адчыняліся дзьверы камэры, выбягала на калідор — ці ня ўбачыць Эвічкі — і штодня прасіла Майку, каб тая паклікала ёй Эву “празь дзьверы”.

Праз увесь дзень на калідоры чаргуюцца розныя вартаўнікі, жаночае аддзяленьне, праўда, ня мае “стойкі”, пастаяннага наглядчыка, які пераходзіць ад адной камэры да другой і назірае праз ваўчок, але й там калідор удзень без нагляду не застаецца; клікаць “празь дзьверы” таму можна толькі пасьля дзявятай гадзіны, калі вартаўнікі сьцягваюцца да вартоўні і адно раз за гадзіну робяць абход. Той парой кожны гук з калідора і з камэраў ловіцца некалькімі мікрафонамі, і ўсё ж рызыка невялікая: пакуль вартаўнік дабяжыць з вартоўні наверх, дэбаты між камэрамі ўжо пераважна заканчваюцца; некаторыя вартаўнікі ціхенька, каб ня бразнуць ключамі, адчынялі краты і падпільноўвалі сваіх ахвяраў на калідоры; адзін зь іх такім чынам засьпеў адну дзеўчыну якраз у той момант, калі тая ляжала на падлозе ля дзьвярной шчыліны, выкрыкваючы празь яе сваё пасланьне. “Празь дзьверы” перагукваліся толькі самыя блатныя, а Лібушка ў той час такой яшчэ не была.Сваім правам паклікаць Эвічку празь дзьверы Майка ўмела карысталася як адным зь відаў шантажу: не дасі? ня зробіш?— добра, я не паклічу. Лібушка спрабавала клікаць Эвічку праз тэлефон; супрацьлеглыя камэры мелі агульны стаяк, але ўваходы ў яго знаходзіліся далёка адзін ад аднаго, — Эвічку было кепска чуваць, але сукамэрніцы яе проста ня клікалі. Калі Эвічку нешта й цікавіла, дык яўна не размовы з кранутаю Лібай. Пакінь Эву ў спакоі, чула Лібушка з усіх бакоў, але парада гэтая была недарэчнай. Эвічка ператварылася ў Лібушчыну мрою, у апантанасьць. “Вы бачылі яе? — накінулася яна на мяне, калі я вярнулася ад лекара; яе твар ажно зьзяў захапленьнем, — праўда, прыгожая?” — пыталася яна лісьліва. Эвічка Лібушцы нагадвала нечым сястру, эмацыйную апору дзяцінства, і ў адначас была яе сэксуальным божышчам, першым сэксуальным захапленьнем. Лібушка пракудзіла, як закаханы студэнт. Эвічка сапраўды была пекнай дзяўчынай, наколькі пекнай, настолькі ж і недаступнай Лібушчыным прагненьням, была яна дзяўчынай пагардлівай і Лібушчына непрыхаванае абажаньне ўспрымала як насьмешку, яно яе абражала. Але Лібушка ўласнай камічнасьці не заўважала. “Эвічка, праўда, і ты мяне кахаеш? — радасна крычала яна ў парашу, разумовай адсталасьцю назаўжды асуджаная на дзяцінскасьць. — Эвічка! Адкажы. Што ты гаворыш? Ня чую! Кажы гучней! Ты кахаеш мяне?”

Канец гэтаму рамансу ўчыніла Майка, раўнівая і здрадлівая прыяцелька. Аднойчы яна, пэўна з рэўнасьці, ды яшчэ празь інстынктыўную патрэбу сваёй натуры рабіць усё ўсім на злосьць, раздражніла Лібушку да непрытомнасьці. “ І ўсё адно буду зь цябе сьмяяцца, буду, буду, буду!” Лібушцы ня трэ’ было большага імпульсу. У такія хвілі мне часам здавалася, што Майка нават прагне фізычнага болю, і Лібушка ў дзікай гульні яе ладна зьбівала аж да чорных сінякоў. “Ты б мела мяне пакінуць, — сьмяялася яна пасьля, тымчасам як Майка залізвала свае раны, — ты ж ведаеш, што я не таго”. Але тым разам са штурханіны, слоўных выпадаў, насьмешак і лаянкі ўсчалася сапраўдная бойка. Лібушчына сіла, памножаная на ўсё ўзрастаючую лютасьць, разладоўвалася на Майчыным целе, Майка енчыла, але ў мазахісцкім прыпадку не пераставала Лібу дражніць, за што тая біла яе яшчэ больш няшчадна, з усяе сілы абы–куды лупіла яе кулакамі; Майка грукатала ў дзьверы, заклікаючы варту, але й надалей працягвала зь Лібушкі кпіць і гігікаць, “дурылка, дурылка”, абедзьве раўлі, саплі, Майка Лібушку драпала, цякла кроў і сьлёзы, падаў тынк, валіліся зэдлі, стол, я ціснулася ў закруглены кут пад вакном, часткова прыкрыты нарамі; зьлюцелая Лібуша кінула ў Майку жалезным зэдлем, не пацэліла, ён праляцеў міма мяне; потым у ход пайшоў і жалезны стол.

Вартаўніцы спачатку нацешылі вока бойкай, дзьвярэй не адчынялі; у той момант на калідоры іх было некалькі, бо якраз вадзілі пакамэрна жанчынаў да лекара. Умяшаліся, калі Майка пачала ўжо вішчаць у жаху перад забойствам. Лібушка, спатнелая і чырвоная ў твары, працавала рукамі й нагамі. Вартаўніца, аднак, не пасьпеўшы дзьвярэй як сьлед адчыніць, адразу ж іх захлыснула, бо Лібушка зэдлем шпурнула й па ёй. Паклікалі мужчыну, пакуль ён прыйшоў, Лібушка паразьбівала Майчыну галаву аб падлогу. І тут здарылася нешта ракавое. Як толькі наглядчык адчыніў дзьверы й зароў: “Што тут такое!”, Майка пасьпела прасьлізнуць у яго пад рукамі на калідор, Лібушка кінула зэдаль ёй наўздагон; і ў гэты момант яе лютаваньне ўбачыла Эва, мілаваная Эвічка; жанчыны зь ейнае камэры якраз шыхтаваліся, каб ісьці да лекара; Эва спынілася ў дзьвярах сваёй камэры, такая прыгожая й недаступная — нарэшце Лібушка зноў яе ўбачыла ў такой блізіні, — і сказала з пагардай: “Ну, Ліба! Такога я ад цябе не чакала!” — і пайшла.

У той момант, калі вартаўнік, баючыся, каб Лібушка на яго зноў ня рынулася, зачыніў дзьверы, Лібушка пасьпела асэнсаваць дзьве рэчы: што яе бачыла Эва, і што Майка сьмяецца зь яе з Эвінай камэры. Дзьверы зачыніліся, і я засталася адна са звар’яванай, а цяпер яшчэ й даведзенай да адчаю дзяўчынай. Яна была гэтак засмучаная, што адразу ж паслухалася, калі я дала ёй у руку анучу прыбраць самыя яўныя вынікі бойкі раней, чым прыйдуць разьбірацца. Яна зьмятала кавалкі паадбіванага тынку з падлогі, а па шчоках яе цяклі сьлёзы. “Эвічка мне гэтага ніколі не даруе, Эвічка не выносіць боек”. Распавяла, як некалі “Ў Апалінара” пабілася — за каго? — ну за Эвічку ж, вядома! — і Эва зь ёй потым доўга не размаўляла. А тая бэстыя Майка, вярнуўшыся ў прыбраную камэру, пачала пераказваць, як пажывае Эвічка: што якраз цяпер яна мае што курыць і што зламаная нага яе добра загойваецца. Яна была дастаткова разумнай, каб не сказаць, як Эва Лібушку асуджае, сказала адно, як тая жахнулася, калі ўбачыла, як брыняюць Майчыны сінякі.

Гора кінула Лібушку на падлогу. Майка з Эвічкай размаўляла, Майка была з Эвічкай болей за дзьве гадзіны. І размаўляла зь ёй якраз тады, калі Эвічка яе асудзіла! Лібушка апусьцілася перад парашай на карачкі і пакаянна пра здарэньне распавяла Тонічку. “Яна не захоча больш мяне бачыць, Тонічку, што мне рабіць?” Але нават ягоная парада была непрыдатнай: хіба ж можа яна напляваць на Эвічку! А пад вечар бэстыя Майка, прыціснуўшы да дзьвярэй вуха, пераказвала, што чуваць на калідоры. Лібушка ня чула нічога, музычны слых хоць і мела, але праз хранічны катар была глухаватая.

“Ціха. Не шусьціце. Кагосьці засеклі на кані”.

“У Эвічкі!” — спалохалася Ліба.

“Ужо адводзяць”, — абвесьціла Майка.

Асьлепленая недасягальнай марай, Лібушка верыла ўсяму, ледзь толькі прамаўлялася імя Эвічка. Калі Майка сказала, што голас быў падобны да Эвінага, Лібушка не засумнявалася ні на хвіліну. Эвічку вядуць на кічу! Яна зноў укленчыла перад парашай і пачала раіцца з Тонічкам. “Што мне рабіць! Тонічку! Эву вядуць на кічу!”

Ёсьць у турме няпісанае правіла: з кічы ніхто ўжо не вяртаецца ў тую самую камэру, зь якой быў узяты. Пагражала, што Эвічку потым пасадзяць некуды на іншы бок калідора. Яна больш ніколі Эвічкі ня ўбачыць! Эвічка згубіцца ад яе ўдалечыні! Лібушка так кідалася на ланцугу ўласнай віны і прагненьняў (“я ж мушу ёй высьветліць, Тонічку, як усё з той бойкай было!”), што яна наўмысна выклікала інцыдэнт з рэфэрэнткай і заслужыла карцар. Майка назірала за гэтым з усьмешкай стараннай дзяўчынкі, якая сяброўцы радая дагадзіць. “Спакуйце рэчы”, — сказала рэфэрэнтка, а Лібуша зьзяла надзеяй, што яе на кічы зьмесьцяць з таго самага боку калідора, дзе і Эвічку. І яны будуць між сабой размаўляць! І яна выжабруе для Эвічкі цыгарэты. Вы, вядома ж, здагадаліся, што ніякай Эвічкі на кічу не вялі.

Эпілёг пра Лібушку мне распавяла Надзя, самая жаноцкая з жанчын, пра якую я з радасьцю напішу, як толькі да яе дойдзе чарга. Яна спаткалася зь Лібушкай у камэры “папярэдняга зьняволеньня”, самым брудным і гідкім кутку турмы; яны абедзьве толькі прымаліся ў турму, Лібушка на свой другі тэрмін. Камэра была на дваіх, спалі ў ёй трое: Лібушка на нарах зь яшчэ адной дзяўчынай, і Надзенька каля іх, ад жаху захутаўшы голаў у коўдру. Ліба няўмела памыкалася рэалізаваць сваю ўжо ня толькі лятэнтную лесьбійскую жарсьць на дзеўцы, якая яе папраўляла: “Аў, цісьнеш мне на мачавік”. Тая фраза для Надзенькі была ўвасабленьнем турэмнае немарасьці. Каб спаткала Лібу дзе на вуліцы, пачала б крычаць. Вось так непаўналетняя за паўгоду сталася турэмным пострахам, гэта было ўжо ня страчанае дзіцянё, а плячысты задзіра, які без папярэджаньня ўдарыць першым і будзе адчуваць рацыю. Нарэшце Лібушка як сьлед паблатнела для жыцьця, якое яе чакала.

 

Пераклаў з чэскай Сяржук Сматрычэнка
паводле © Kanturkova Eva. Pшнtelkynм z domu smutku. - Praha: Ceskosl. spisovatel, 1984.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-05-2000