Logo ARCHE

 Кабеты ў 3(4)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

лірыkа


Прафэсар Каркаран
Нецьвярозы настрой


Цьвярозы — 1) не п’яны; 2) разважлівы, сур’ёзны, без фантазёрства.
Настрой — 1) унутраны, душэўны стан; 2) накіраванасьць думак,
пачуцьцяў і пад. у каго–н.; 3) схільнасьць, жаданьне рабіць што–н.

Тлумачальны слоўнік
 

Самотны i вольны Хацяновiч цягаўся менскiмі вулкамі, пiў пiва, размаўляў са мной, палохаў бясконцых бабуль з аднолькавымi торбамi, валяўся ля ног дзядзькi Купалы i назiраў за распранутымi дзяўчатамi.

Бедны Хацяновiч! Трэба ж такому здарыцца, што ён знайшоў тое, чаго шукаў.
 

Хацяновiч i Жбанок

Хацяновiч

Усё жыцьцё ў пошуках цябе я змарнаваў пад корань.
А ты зьнiкаў, хаваўся, думаў — не знайду.
Знайшоў — Жбанок закаркаваны,
Я ведаю, хаваеш Н2О.

Жбанок

Чаго жадаеш ты,
найхацяновiшны сярод усiх самотных Хацяновiч?

Хацяновiч

Згубiць сябе
i асягнуць тваю самоту.

Жбанок

Вазьмi, калi табе сапраўдна трэба, —
вазьмi i адкаркуй мяне.

Хацяновiч

Маё жыцьцё, нiбыта крыгу, нясе вада —
Вадой я быў, крынiцай быў i лёдам,
I квасам быў, i пiвам, i вiном,
Гарэлкай быў, i самагонкай,
О, як я быў
I як я адчуваў сябе!
Жбанок, жбанок, як многа тугi
хаваецца сярод малекул Н2О.
 

Чаму ў Менску не растуць рамонкi

Хацяновiч нарэшце сустрэў дзяўчыну i закахаўся ў яе. Закаханы, сядзеў ён на беразе Сьвiслачы i думаў, што рабiць далей. Сядзеў i абрываў пялёсткi рамонкаў — «жанiцца», «не жанiцца», «жанiцца», «не жанiцца»…

Так нiчога i ня вырашыў.
 

Бот і яго шкарпэтка

Калi б ты быў ботам, то я стала б шкарпэткай,
Калi б ты быў гузiкам, то я стала б камiзэлькай,
Калi б ты быў пальцам, то я стала б пальчаткай.
Але ты — Хацяновiч, таму я — ня замужам.
 

Да ***

Здаецца мне, што
алюзiя–рэмiнiсцэнцыя,
урэчаiсьненая ў табе,
Т.С.Элiёта — кахае,
А.Хацяновiча — не.
 

Начны шпацыр

Уначы Хацяновіч швэндаўся па Менску. На чужой вулцы раптам пачуў ён знаёмы голас:

«Паверыла! Яму! Паверыла? Дурная? Якая я дурная! Яму — паверыла! Я — паверыла! Дурная! Дурная! Паверыла! Яму, я ж ведала, а паверыла! Дурная! Я!»
 

Хацяновiч чытае Вiтгенштайна

21.1. Уявi сабе жанчыну, якая думае ўголас.

21.2. Калi б жанчыны ўмелi размаўляць, то i тады б мы iх не зразумелi.
 

Liebe Chacianovica

Сюжэтная лiнiя п’есы «Liebe Chacianovica» ёсьць вельмi простай. Хацяновiч пасьля дзесяцiгадовай адсутнасьцi вяртаецца ў родны горад, дзе яго чакае мацi i iншыя родзiчы. Але вяртаньне Хацяновiча суправаджаецца зьяўленьнем Эрынiй, якiя гоняцца за iм, i прывiды якiх зьяўляюцца ў вакне ў ключавыя моманты разьвiцьця падзеяў i здаюцца асяродзьдзю нездаровымi мроямi маладога Хацяновiча, таму што нiхто, акрамя Хацяновiча, iх ня бачыць. Герой адчувае прысутнасьць Эрынiй, якiя прыносяць душэўную дысгармонiю ў душэўны стан героя, бо думае, што забiў сваё каханьне, i хаця ён, хутчэй за ўсё, непрычынны да яго сьмерцi, п’есу пранiзвае пачуцьцё вiны, страху, апаганеньня.
 

Першы лiст

Жанчыны — пустаслаўныя i эгаiстычныя, i я не выключэньне з гэтага.
 

Першы адказ

«Я хачу цябе» не азначае «Мне патрэбна любая жанчына, каб выталiць пачуцьцё незадаволеньня».
 

Хацяновiч чытае Кафку

Жанчыны — гэта пасткi на мужчын, пастаўленыя ўсюды з адзiнай мэтай — зацягнуць iх у самую абмежаванасьць.
 

Зьяўленьне героя

Хацяновiч бачыў у ёй дрэўца, сьцяблiнку, зёлку, якой таксама трэба сонца для iснаваньня i шчасьця, паветра, каб дыхаць, вада, каб жыць. А хто ж кахае зёлку?

Яна бачыла ў iм лiхтарны слуп. А хто ж кахае слуп? Толькi калi ён гасьне, i яго сьвятло больш не паказвае накiрунак, калi пачынаеш губляцца ў цемры, з тугой адчуваеш, што безь яго немагчыма, i адчуваеш, што ты згубiў.

Што адбылося потым памiж iмi — невядома, дый неiстотна.

Празь некаторы час на сьвет зьявiўся я.

Як назваць мяне?

Алесь Гарун?

Алесь Гурло?

Алесь Разанаў?

Алесь Адамовiч?

Алесь Хацяновiч?

Як мяне назавуць, кiм я буду, мужчынам цi жанчынай — неiстотна. Бо кожны з нас — жанчына i мужчына адначасова, у кожным з нас жыве Хацяновiч, трэба толькi захацець нарадзiць яго i даць яму яго сапраўднае iмя.

Імёны ёсьць хвалямi на вадзе, падзьме вецер — уздымуцца, сьцiхне — зьнiкнуць.
 

Жанчына як памылка

Спытаем сябе, чаму мы такое значэньне надаем iстоце супрацьлеглага полу, якую называем жанчынай, толькi таму, што яна ня мае таго, што маем мы. Няўжо адсутнасьць некалькiх дэталяў майго тулава здольна так зьмянiць мяне? Насамрэч, жанчына — гэта мужчына, толькi крыху сапсаваны.

Спытаем сябе, навошта нам жанчыны альбо якiя функцыi выконваюць яны?

— здабывальная (купi ежу)

— гатавальная (прыгатуй ежу)

— мыцьцёвая (памый посуд)

— прасавальная (папрасуй кашулю)

— прыбiральная (падмяцi падлогу)

— размаўляльная (пагавары са мной)

— сэксуальная (кахай мяне)

— сынанараджальная (нарадзi мне сына)

— вершанатхняючая (пасядзi тутака, пакуль я натхнюся на верш).

Яскрава бачна, што прыведзеныя аргумэнты не вытрымлiваюць анiякай крытыкi — здабывальна–прыбiральныя функцыi возьмуць на сябе разумныя хатнiя агрэгаты, сэксуальныя — гумавыя капулятаркi, сынанараджальныя — пробаўкi i глякi, а размаўляльныя i вершанатхняючыя мы возьмем на сябе.

Такiм чынам, жанчынам наканавана зьнiкнуць, i чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш.
 

Выступленьне Хацяновiча на самiце ў сямёрцы (цi васьмёрцы?)

Колькi год я лiчыў сябе мужчынам, а не жанчынай. Палiў цыгарэты як мужчына, еў як мужчына, спаў як мужчына, кахаў як мужчына i зьбiраўся ўжо памерцi як мужчына.

Але аднойчы прачнуўся я ранiцай, пайшоў рабiць ранiшнi мацыён, глянуў на сябе ў люстэрка i са зьдзiўленьнем убачыў там срэбнаскурую дзяўчыну з вачыма, бяздоннымi як блакiт. «Няўжо гэта i ёсьць сапраўдны Я?» — падумалася мне. I зразумеў я сутнасьць нашага сьвету. Сябры, — скажу я вам, — у аснове сьвету, у якiм мы жывем, ляжыць памылка як вызначальнае дзеяньне, памылковасьць як закон. Што насамрэч вызначае наш лёс? Дробязь — народзiмся мы мужчынамi цi, крый Божа, жанчынамi. Нiхто не пытаецца ў нас, кiм мы жадаем быць. Усё вырашае выпадковая прысутнасьць храмасомы Y цi скалечанай X у найбольш рухманым спэрматазоiдзе. З самага пачатку мы пазбаўленыя свабоды — храмасома канчаткова i незваротна вырашае лёс кожнага з нас у гэтым памылковым сьвеце.

Надышоў час нарэшце скiнуць зь сябе гэтае ганебнае ярмо.
 

Дэклярацыя Хацяновiча

Прэамбула

Я, Алесь Хацяновiч, поўны рашучасьцi
зноў умацаваць веру ў асноўныя правы чалавека,
у годнасьць i каштоўнасьць чалавечай асобы,
у раўнапраўе мужчын i жанчын,
абвяшчаю гэтую Дэклярацыю —
Дэклярацыю Хацяновiча.
 

Артыкул 1.

Усе людзi нараджаюцца свабоднымi i роўнымi ў сваёй годнасьцi i правах.
 

Артыкул 2.

Кожны чалавек павiнен валодаць усiмi правамi i ўсiмi свабодамi, абвешчанымi гэтай Дэклярацыяй, безь якой–кольвек розьнiцы ў дачыненьні расы, колеру скуры, мовы, рэлiгii, палiтычных або iншых перакананьняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага, саслоўнага або iншага становiшча.
 

Артыкул 3.

Кожнаму чалавеку па праве належыць як храмасома X, так i храмасома Y.
 

Артыкул 4.

(1) Кожны чалавек мае права сам выбраць свой пол або яго адсутнасьць.

(2) Кожны чалавек мае права на свабодны выбар сваёй храмасомы.
 

Артыкул 5.

(1) Кожны чалавек мае права валодаць сваiмi храмасомамi як аднаасобна, так i сумесна зь iншымi, здаваць iх iм у арэнду, прадаваць i рабiць падарункi без абмежаваньня iх колькасьцi.

(2) Нiхто ня можа быць самавольна пазбаўлены сваiх храмасомаў.
 

Артыкул 6.

Нiшто ў гэтай Дэклярацыi ня можа быць патлумачана як наданьне якой–небудзь дзяржаве, групе асоб цi проста асобам права займацца якой–небудзь дзейнасьцю цi ажыцьцяўляць дзеяньнi, накiраваныя на зьнiшчэньне правоў i свабод, выкладзеных у гэтай Дэклярацыi.
 

Хацяновіч чытае Вiтгенштайна

Калi б Бог зазiрнуў у нашыя душы, то ня ўбачыў бы там тых, пра каго мы расказалi.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-05-2000