kар’ера |
Касю Камоцкую прадстаўляе Севярын Квяткоўскi
|
«…Не магу пазбавiцца ад пытаньня: Рэдактар «Газэты выборчай» Адам Мiхнiк вызначыў два сымбалi сучаснага беларускага грамадзтва — Васiля Быкава i Касю Камоцкую… Кася спалучае ў сабе жаночую лагоднасьць i экстрэмiсцкую катэгарычнасьць (за што сябры калiсьцi празвалi яе «фашысткай»). Яна заўжды падкрэсьлiвае, што не займаецца палiтычнай дзейнасьцю, але менавiта на ейных канцэртах уздымаецца найбольш беларускiх сьцягоў. На вершы розных паэтаў яна стварыла песьнi–сымбалi эпохi: «Мая Краiна», «Лiст да сястры», «Прэзыдэнт, iдзi дамоў!», «Гэта Мы!». Кажуць, што быць самiм сабой — гэта ўжо палiтыка. Быць беларусам у сучаснай РБ — таксама палiтыка. Гэтыя выслоўi тлумачаць выказваньне Адама Мiхнiка. Кася ў любой сытуацыi iмкнецца застацца сама сабой. У гэтым ейны «экстрэмiзм». Песьнi раньняга пэрыяду НОВАГА НЕБА былi напiсаныя на вершы «найноўшай генэрацыi»: Адама Глёбуса, Анатоля Сыса, Ігара Бабкова, Тацяны Сапач, Мiхала Анемпадыстава… Існуе некалькi вэрсiяў адносiнаў Касi з паэтамi. Паводле адной, дзякуючы таму, што Кася ператварыла вершы ў сьпевы, паэты набылi большай папулярнасьцi. Паводле другой, Кася сталася вядомай дзякуючы паэтам, але замест таго, каб разьвiваць «art–авасьць», падалася да «банальнага року». Да альтэрнатыўнага «сацарту»… Пайшла «ў народ». Севярын Квяткоўскi: — Адам Глёбус — аўтар назвы «Новае Неба» i адзiн з паэтаў, на чые вершы ты стварыла свае «залатыя» гiты: «Чарга па хлеб», «Ваўкалака», «Малiтва», «Котка», «Сон у трамваi»… Уласна з гэтых вершаў i пачалося «Новае Неба». Цяпер Глёбус з пэўным расчараваньнем кажа пра адыход ад той выкшталцонасьцi, якая стварыла гурт. Сёньня ты пiшаш музыку не на вершы, але на тэксты… Кася: — Усё проста: дзе клясныя вершы Глёбуса i iншых паэтаў? С.К. — У пераднавагоднім нумары «Нашай Нiве» прагучала тэма «Чаму маўчаць паэты». Паэты найноўшай генэрацыі казалі пра «стан спустошанасьці», калі «істотныя словы патанулі ў агульным шуме» (І.Бабкоў), пра тое, што «паэзія пакінула мяне» (А.Глёбус). Вядзецца пра зьмену часу, калі палітызавалася сама энэргія, якой паэты напаўнялі свае вершы пра каханьне, пра сьмерць і пра чорную котку, калі скончылася «гісторыя паэзіі пакаленьня». Зьмянілася і сама «Наша Нiва». І «Новае Неба», i «Наша Нiва», i процьма iншых культурных праектаў былi запачаткаваныя ў час «культурнiцкiх мэдытацыяў». Сёньня зусім не паэтычны час, — кажа Кася, камэнтуючы маўчаньне. Сёньня час «action». Мiхал Анемпадыстаў, мастак, паэт: — Кася — сапраўдная зорка. Калi б я рабiў графiчны вобраз Касi, пэўны «гiероглiф», я б узяў зорку. Кася калючая i шчодра адорвае людзей энэргiяй. «Маю Краiну», «Чаканьне Калядаў» i iншыя тэксты Мiхал Анемпадыстаў пiсаў адмыслова для Касi. «Я ведаў, чуў, як яны загучаць у Касiным выкананьнi… Каб ня гэтае адчуваньне, я б, напрыклад, «Маю Краiну» не наважыўся апублiкаваць. Мне б яна падалася, як той казаў, «патасным баналiзмам». С.К.: — У адным з тваiх рамансаў на словы Тацяны Сапач ёсьць радкi: «…Вакол адны калекi ды паэты. Ах! Не ганiце каралёўну прэч.» Гэта песьня пра цябе? Кася: — Канешне. Творчае кола, у якiм я iсную, досыць малое. І сапраўды, вакол «адны паэты ды калекi» (сьмяецца). Хiба нармалёвы чалавек можа быць паэтам?.. С.К.: — А большасьць цябе «баiцца»? Кася: — Маё iснаваньне незразумелае большасьцi людзей. Для iх гэта паралельны сьвет, якi вабiць альбо прыцягвае як свайго кшталту «экзотыка». А для неадукаваных людзей ён можа быць i варожым. С.К.: — Часам даводзiлася чуць ад тваiх сяброў паўжартам, маўляў, Кася зрабiлася жывым помнiкам. Не баiшся «заблытацца» ў хвалi прыхiльнасьцi i захапленьня? Кася: — Заблытацца можна толькi ў сабе. Творчасьць канчаецца толькi тады, калi ня маеш, чаго сказаць. Часам людзi атрымлiваюць не па заслугах — «на халяву»; патрапляюць у плынь, а калi плынь сыходзiць, вельмi цяжка прызвычаiцца да рэальнасьцi, асаблiва, калi яна неспрыяльная для творчасьцi. Найперш гэта датычыць рок–музыкі. У адрозьненьне ад лiтаратуры, яна ня можа пiсацца «ў стол», без зваротнай сувязi. Сяргей Харэўскi, мастацтвазнаўца: — Кася для мяне найперш акторка. Ступень ейнага посьпеху залежыць ад выбару тэксту–тэмы, пранiкненьня ў тэму i ейнага ўвасабленьня. Кася: — У 1991 годзе мы гралi арт–рок цi лiрык–рок (ня ведаю дакладнага азначэньня). Новы альбом «Цэпэлiны» як па тэкстах, гэтак i па музыцы вельмi цяжкi. Тут няма гаворкi пра тое, што я знаходжуся пад уплывам музыкантаў, якiя са мной граюць, цi яны пад маiм. Цяжкая альтэрнатыва — гэта знак нашага часу. Рок можа быць не палiтычным, але ён ня можа ня быць сацыяльным. Калi ў 1991 можна было запiсаць лiрычны альбом, у 1993 — адарвана эстэцкi, дык сёньня эмацыйны стан ня можа заставацца на колiшнiм узроўнi. Сёньня ён hard’авы. С.К.: — Ты «экстрэмiстка–нацыяналiстка» нумар адзiн. Кася: — Калi ў 1984 годзе пасьля першага «нацыяналiстычнага» Купальля ў майго мужа Алеся Камоцкага спыталiся ў КДБ, цi ведае ён, што ягоная жонка сьпявае нацыяналiстычныя песьнi, Алесь адказаў: «Так. А яшчэ яна танчыць нацыяналiстычныя танцы»… Я экстрэмiстка i нацыяналiстка роўна настолькi, наколькi я эгаiстка. Наколькi я паважаю сябе. На iмпрэзах нашых партыйных «нацыяналiстаў» я выступаю, толькi калi мяне асабiста папросяць сябры. Многiя парцейцы дагэтуль перакананыя, што я АБАВЯЗАНАЯ прымаць удзел у iхных iмпрэзах, i крыўдуюць, калi я адмаўляю iхныя запрашэньнi, якiя гучаць як загад. Тым часам, канкрэтныя справы робяць людзi, якiх любы нелянiвы можа пхнуць нагой як «калябарантаў». Напрыклад, людзi з «тэлiка», якiя напаўпадпольна, на скрадзеным «апаратурным» часе, рабiлi для Касi (i ня толькi для яе) вiдэаклiпы. Цi людзi зь дзяржрадыё, якiя дапамагалi ў запiсе цi зьвядзеньнi альбомаў. Яшчэ ў гэтым годзе Кася разам з гукарэжысэрам Сяргеем Лабандзiеўскiм вяла па–беларуску на FM–станцыi «Мiр» праграму беларускай музыкi. Аўтары закрылi праграму, як толькi кiраўнiцтва запатрабавала цэнзуру… Кася: — Сёньня я раблю праграму беларускай музыкi «ПраРок» для Беларускай рэдакцыi «Polskiego Radjo–5». Гэта той «ПраРок», якi я пачала рабiць у 1994 на «8–м канале», а пасьля на «Radio 101,2». Тады радыё сапраўды было маiм жыцьцём, бо давала магчымасьць штосьцi зрушваць рэальна ў музычным жыцьцi. Сёньня — хутчэй маральны абавязак. Пасьля стварэньня ў суаўтарстве зь Лявонам Вольскiм песьнi «Прэзыдэнт, iдзi дамоў!» у 1995 Кася фактычна зрабiлася пэрсонай нон грата ў дзяржаўных СМІ. Яна рэальна ацэньвае невысокiя мастацкiя якасьцi гэтага твору. Бадай, песьню ў той цi iншай ступенi можна параўнаць зь вершам Славамiра Адамовiча «Убей президента!». Рэч, якая не магла ня быць створаная. Славамiр Адамовiч, паэт: — Складана ацэньваць жанчыну як мастака — я ж нежанаты!.. Я адчуваю ў Касi энэргiю, якая яшчэ ня выпушчаная на волю, якая сілкуе i мяне. Кася: — Часам жартую, што каб не Лукашэнка, я б ня мела сёньняшняй папулярнасьцi… Вядома, было б штосьцi iншае. Папросту, Лукашэнка ўсё i ўсiх расставiў на месцы… Неўзабаве пасьля рэфэрэндуму мы зь Лявонам Вольскiм iшлi па вулiцы i «сьцябалiся» з вынiкаў галасаваньня. А што заставалася рабiць? Распрацоўвалi плян акцыi, каб сьцёбам змагацца з маразмам. Напрыклад, завесiць горад улёткамi, кшталту «Казьлiшчаў — наш кандыдат!» i да т.п. Тады я папрасiла Вольскага напiсаць тэкст, дзе ёсьць «мы» i «яны», i дзе ёсьць рэфрэн «Прэзыдэнт, iдзi дамоў». Вядома, песьню «на злобу дня». Рэфрэн скандавалi на канцэртах, добра… Але ўвогуле — не люблю я сьпяваць «песьню пра прэзыдэнта», вельмi рэдка выконваю. Ну, сапраўды, колькi ж можна?! Алена Тарас–Лукашэвiч, журналiст: — Кася — чалавек, адарваны ад зямлi, якi сярод нас, але якi навучыўся хадзiць па вадзе. Чалавек, якi не залежыць нi ад каго. Мы залежым ад яе. С.К.: — Шмат хто з тых, хто чынiў «action» на Купальлi 1984 году, сёньня зьнiк з далягляду. Табе ня хочацца зьнiкнуць? Кася: — Я ня маю права расчароўвацца.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |