Ад рэдаkцыі |
Гэты выпуск не мае нічога супольнага ні з 8 Сакавіка, ні з жаночымі выданнямі кшталту “Гаспадыні” ці “Алесі”. Гэта і не спроба пранікнення ў сутнасць жаноцкасці, што было б вельмі па–мужчынску, як любая спроба пранікнення. Гэта толькі позірк кахання. Для сучасных людзей пол ужо не абсалютная дадзенасць, якой ён быў яшчэ стагоддзе таму. Цяпер цяжэй вызначыць, што такое жаноцкасць і што такое мужчынскасць. Полавая прыналежнасць стала элементам дэкаратыўнай культуры і можа быць абраная і змененая. Выбух адукацыі і камунікацыі дазваляе кожнаму, пачынаючы з дзяцінства, авалодваць мадэлямі “мужчынскіх” і “жаночых” паводзінаў і выкарыстоўваць іх у залежнасці ад сітуацыі. Пол цяпер — карысны набытак, элемент іміджу, як прэстыжны дыплом ці ўдала дабраны гарнітур. Пол згубіў сваю біялагічную сутнасць, і таямніча–непрыстойны sex паўсюль паступова замяняецца на gender, у якім мужчынскасць і жаноцкасць набываюць віртуальную тоеснасць. Спадзяемся, што ў выбраных намі творах жанчына больш ёсць жанчынай, чым хоча ці вымушаная ёю быць. Да жаноцкасці найхутчэй ісці праз слова, бо жанчына жыве мовай, а мужчына толькі жывіцца ёю (тлумачу для мужчын: для вас мова, як бензін для аўтамабіля). У Беларусі мова — сімвал валодання, фалічны сімвал. Жанчына ўнікае вызначэнняў, затое з задавальненнем аддаецца апісанню і назіранню. Мы імкнуліся тут апісваць жанчыну не праз мужчыну, але побач з ім. Можа, са знойдзеных намі аскепкаў складзецца люстэрка, у якое паглядзіцца жанчына з сапраўдным жаночым позіркам. Позіркам кахання. У каханні назаўсёды разыходзяцца мужчынскае і жаноцкае. Аляксандра Андрыеўская
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |