слоўнік паняцьцяў |
Iрына Шаблоўская
|
На маю долю выпалі не лепшыя і не горшыя эпохі: ваенная, пасля вайны, хрушчоўская адліга, брэжнеўскі застой... Сёння мы іх ведаем як таталітарызм, посттаталітарызм... Дакладней і вобразней — эпоха Саўковая... Савецкая, адным словам. Скардзіцца на час — ці не самы марны занятак. Як жанчына маю свае, так бы мовіць, гендэрныя ўражанні. Паспрабую іх выцягнуць з памяці, як клубок Арыяднінай ніці. Пакаленні беларускіх жанчын выраслі без дзядоў, якіх зрабілі ворагамі народу, без бацькоў, якіх забілі на франтах, без неабходнага ў дзяцінстве мужчынскага пляча... Многім з іх было наканавана жыць у адсутнасці сваіх Рамэа. Гендэрны вопыт, такі неабходны з дзяцінства, у няпоўных сем'ях, а дакладней, па аналогіі з імі, у няпоўным грамадстве — наогул быў страчаны. Гэта — адзін з нюансаў Беларускай Трагедыі. Адразу папярэджваю — не хачу, каб мяне зразумелі па-мужчынску: яшчэ адзін выпад эмансіпанткі, раззлаванай фемі-ністкі, якая адмаўляе, крушыць бедны і такі слабы моцны пол. Не хачу і традыцыйнага савецкага ляманту "ратуйце мужчын". Ён мне нагадвае раман Рабэра Мэрля "Мужчыны пад аховай", антыўтапічную сітуацыю будучыні, у якой не засталося мужчын, а ўсім кіруюць жанчыны. Яны — на прэзідэнцкіх пасадах. А мужчын намагаюцца рэпрадукаваць у лабараторных умовах. Ратаваць трэба перадусім чалавецтва. Шляхам шанавання Асобы і Культуры. Богам дадзенага Жыцця як найвялікшай каштоўнасьці. А паміж мужчынамі і жанчынамі мусіць падтрымлівацца гендэрны мір, прычым палюбоўны, заснаваны на павазе і ўзаемаразуменні. На Каханні і Талерантнасці. На роўных правах і свабодах у сем'ях, неабходных і жанчынам, і мужчынам. Каб выжыць роду чалавечаму. Вытрымаць спакусу паўнапраў'ем і эгаістычным самасцвярджэннем адных за кошт іншых, дужага полу за кошт слабога, спакусу целам, сэксам... |
Жанчына з венікам, альбо “я другой такой страны не знаю” Галоўнае маё ўражанне — жанчына не была запатрабаваная ў савецкай імперыі, мо таму гэты монстр так катастрафічна канае. Зразумела, без жанчыны не абышліся... Выкарыстоўвалі на самай цяжкай, так бы мовіць, непрэстыжнай працы: жанчына замяняла гіганцкую Фабрыку-Кухню. Карміла, кансервавала, даглядала гаспадарку і дома, і ў калгасах. Самае жудаснае маё ўражанне: гэта пякельная жаночная праца ў хаце, ля плітаў і печаў. Мужчыны працуюць — іх трэба накарміць. Складвалася ўражанне, што моцны пол лічыў, быццам кухня — такое маленькае жаночае хобі. Яна ўсё робіць іграючы, лёгка, прафесійна. А што жанчына таксама працуе недзе там на ферме ці заводзе, школе ці ўніверсітэце, як бы да ўвагі не прымалася. На кіруючых пасадах — спрэс мужыкі. Вось узялі б — і вызвалілі жанчын ад пякельнай і вельмі неэканамічнай хатняй працы. Чаму ўвесь сьвет даўно забясьпечвае сваім жанчынам вольны час, для сябе? Хай адпачне ў вольны час, "папрацуе" на спортпляцоўцы, у басейне... З'ездзіць на мядзельскія азёры і на Чорнае мора. Многа трубілі пра тое, што ў СССР — лепшыя ўмовы для жанчын, нароўні з мужчынамі, а на самой справе — "уся пара ішла ў гудок". Побыт цывілізаваны не прыйшоў у наша жыццё. Для мяне сінонім коснага грамадства — уражанне ад розных універсітэцкіх паседжанняў. Зірнеш у залу, дзе збіраецца вышэйшы сход — адна сівізна альбо лысіны. Суцэльны шэры колер. Рэдкая, як выключэнне з правіла, якое яна пацвярджае, жаночая фрызура. Савецкія няпісаныя стандарты — у той жа час пра роўнасць жанчын гаварылася многа, працэнт іх афіцыйнай прысутнасці ва ўладных структурах даво-дзіўся да ведама насельніцтва. Жанчына з венікам, нават калі яна выкладчык, дацэнт — ці не найвялікшае эстэтычнае ўражанне для саўковага мужыка, нават калі ён — на высокай пасадзе, нават калі ён жонку шчыра кахае. "Я другой такой страны не знаю...", дзе хамства ў адносінах да жанчыны набыло ранг дзяржаўнага заканадаўства. I самі жанчыны лічылі гэта нормай, бо знакаміты беларускі выраз "у вайну было горш" сапраўды не аспрэчыш. Узгадваю свае амерынканскія ўражанні ад наведвання ЗША дваццаць год таму. Самае моцнае: гэта жанчыны. Актывісткі "people to people" звычайна ў другой палове дня, пасля экскурсій і афіцыйнай праграмы, бралі нас у свае аўто. Мы ездзілі ў іх сем'і. Заязджалі звычайна па дарозе, пасля купання ў акіяне, у кулінарыю. Гаспадыня выносіла некалькі пакункаў, з якіх у хаце даставалі вячэру, закускі, усё ўжо нават на талерках. Толькі частавацца. На барбекю ў садочку гаспадар смажыў мяса. Многа гародніны, садавіны... I ніякага стаяння ля пліты. Так у Нью-Ёрку і Сіэтле, у гарадах і правінцыі. Там — зусім іншае жыццё, непараўнальнае з нашым, там — цудоўныя жанчыны, — тлумачыла я свае ўражанні. |
Пра мужчынскі розум і жаночую інтуіцыю Мужчынскі розум забяспечыў постсавецкай жанчыне тое, што яна сёння мае. Мужчынскі розум спланаваў рэвалюцыю і калектывізацыю. Вёска беларуская і да гэтага часу адчувае амаль нявольніцкі прыгнёт. Не скажаш часам, колькі вясковай жанчыне-гаротніцы год, калі пераваліла за трыццаць. Зубоў няма, не лечаныя карані. Боты або валёнкі на нагах. Дачушак, унучак трэба апрануць, вывучыць, а самой... Да фрыз'ера не дойдзеш. Нават крамы ў вёсцы няма. Чакаюць, калі хлеб прывязе аўталаўка. Скардзяцца, што надта ж дорага гэты хлеб каштуе. Стаяць, бядуюць... А працуюць як нявольніцы ці ў прыгоне: і дома, і на дзяржаву, не маючы аніякага ўяўлення пра вольны час уік-энду. Чый розум ім прыгатаваў такую долю? Мужчынскі розум распачаў вайну ў Афганістане. А жанчыны галасілі над цынкавымі трунамі. Галасілі як толькі жанчыны гэта могуць. Гора без усялякіх масак. Гора жанчын, якіх прымушаюць жыць па законах мужчынскага розуму. Жанчына адчувае тое, што мужчына выводзіць метадам сузірання, назірання. Яна загадзя ведае тое, што ён фармулюе на аснове аналізу. Жанчыне Бог даў Iнтуіцыю. Розум — не мужчынскага кшталту. Iнтуіцыю, якую сучасная навука, пасля Бэргсона, ацэньвае вельмі высока. Iнтэлект мае пераважна ўтылітарнае прызначэнне: арыентуе чалавека ў простых практычных дзеяннях, у прасторы, так бы мовіць, біялагічнай істоты. Iнтэлект у прагматычных інтарэсах можа парушаць і дэфармаваць ісціну. Таксама і мова — вытворнае ад павярхоўнага слою, яна не ў стане выказаць усе адценні ўнутраных перажыванняў. А інтуіцыя — значна глыбейшая за інтэлект — набліжаецца да сутнаснага і сапраўднага. Празрэнне, прадчуванне і прадказанне... Магчыма, на гэтым і заснавана выслоўе "шукайце жанчыну". Калі мужчына галава, то Яна — шыя. А як упарта савецкі розум здзекваўся з той самай інтуіцыі! На розных узроўнях бэсцячы "эмоцыі" як пачуццёвасць, усё, што ідзе ад сэрца, душы. Усё, што нельга было паверыць марксізмам-ленінізмам, абвяшчалася "эмоцыямі"... З імі ваявалі на партыйных сходах і ў кулуарах, на з'ездах і вядома — навуковых канферэнцыях. Пакуль жа навука нам пераканаўча не паведаміла пра паходжанне нас саміх, пакуль яна бездапаможная перад пагрозай знішчэння рода чалавечага і ёю ж выпеставаным тэхнакратызмам... Пакуль толькі намаганні гуманітарыяў могуць супрацьстаяць зброі, зброі і яшчэ раз зброі. Нетрадыцыйнае. Нетрывіяльнае. Прыгожае. Пачуцці. Эмоцыі. Жаночая інтуіцыя як выратаванне ад мужчынскага сцыентызму? Жанчыне няцяжка схавацца за Мужчынскім Розумам, але гэта адбіваецца на яе сутнасці, разбурае ідэнтыту. Ва ўсякім разе я хачу сказаць, што гендэрныя адрозненні адчувальныя ва ўсіх сферах і заслугоўваюць — па-трабуюць — каб іх улічвалі. Узгадаем, што пра розум сказаў Франсуа Марыяк, які ў сваіх раманах "Тэрэза Дэскейру" і "Кубло змей" даследаваў сям'ю ў яе дваістасці: як клетку і як адзіны неабходны чалавеку прытулак у дзяцінстве і старасці. Дык вось, Марыяк перасцерагаў: "Не станавіцеся багатым розумам настолькі, каб збяднела ваша душа" Жаночая інтуіцыя і гнуткасць неабходныя і часам значаць болей за мужчынскі розум, якога хапае, каб распачаць вайну, каб думаць вялікімі большасцямі і абстрактнымі формуламі. А ён не зрабіў чалавецтва ні шчаслівым, ні больш дасканалым. А галоўнае, сам не пазбавіўся ад інстынктаў, у тым ліку першабытнай ваяўнічасьці. Але калі ў руках не дубіна, а вынікі суперсучаснай навукі, то Настрадамус, відаць, недалёкі ад ісціны. У тых краінах, дзе мужчыны спрабуюць свае біцэпсы на спартыўных пляцоўках, там міністры абароны — Жанчыны. Iм наканавана берагчы чалавечы род. Яны больш практычныя ў глыбінным разуменні гэтага слова. Iх розум больш мабільны і гнуткі. Яны ў значна меншай ступені паддаюцца хваробе "стварэння куміра". Хаця знешні дэкорум для іх мае значэньне. Прыгожыя рытуалы, узнёслае і трывалае, надзейнае і сапраўднае. Яны адданыя мары і вераць у Рамэа. Парадокс нашай зямной цывілізацыі, які выразна заўважаецца напрыканцы ХХ стагоддзя, — незапатрабаванасць жанчын у вышэйшых сферах, уладных структурах. Як другі бок медалю — недахоп менавіта Жаночай інтуіцыі ў дзяржаўнай палітыцы, што ў рознай ступені характэрна для большасці краін. |
Жаночая таямніца, альбо немагчымасць гармоніі Апошнім часам у многіх анкетах мужчын, што не можа не кінуцца ў вока, спрэс ідуць кампліменты ў адрас жанок. На пытанне "Ваш ідэал Жанчыны" сцвярджаецца: "жонка". Адчуваецца нейкае падсвядомае кампенсаторнае жаданне. Прызнанне ў каханні Жанчыне, як правіла, суседнічае з канстатацыяй яе таямнічасці, перад якой моцны пол бездапаможны. Як мне здаецца, гэтая таямніца з наканаванага чалавечаму роду гендэрнага адрознення. Жанчыне біялагічна прызначана прывабліваць самца, даваць жыццё роду, выхоўваць і ахоўваць. Яна — Берагіня, і гэты магутны інстынкт — яе таямніца. Як тое чарадзейства (моды, касметыка, какецтва, авантурызм). Ёй прызначана асаблівая роля ў рэпрадукцыі патомства. Не імгненне, якога дастаткова для ўдзелу мужчыны, а доўгія месяцы выношвання, кармлення, зберагання. Немагчымасць гармоніі паміж Жанчынай і Мужчынам — у няведанні альбо нежаданні ўсвядоміць гендэрную антыподнасць, альтэрнатыўнасць паміж Адамам і той, што створана з яго рабрыны. Як "мясілі" першага чалавека, у старых пісаннях замоўчваецца, а вось яго сяброўка — прадукт больш высокага ўзроўню: не з пораху зямнога, а з самога Адама. Згадваю філасофскі вітраж Нэлі Шчаснай: мужчына і жанчына як андраген: адно цела знізу і раздвоеныя пасля паясніцы, нават рукамі адштурхоўваюць адно аднаго. Жанчына... Мужчына... Зусім розныя істоты, якім наканавана непаразуменне? Што гэта? Гендэрны бар'ер? Альбо недастатковасць адукацыі? Непадрыхтаванасць грамадства прыняць простую ісціну: Жанчына і Жыццё непадзельныя. Яе высокасць Жанчына — прызначана ад нараджэння. Марна губляць час на суперніцтва з Жанчынай, на самаўзвышэнне за кошт яе прыніжэння — сацыяльнага, псіхалагічнага, маральнага. Марна суцяшаць сябе міфамі пра "кароткі розум", прыказкамі накшталт "баба з возу, каню лягчэй", альбо песнямі як тая балгарская іранічная песня пра маладых дзяўчат, якіх просяць аддаць, і старых баб, якіх прапануецца пакідаць сабе. Мне больш даспадобы ісціна, сфармуляваная французамі: пра тое, што культура грамадства вымяраецца тым, наколькі яно шануе Жанчыну. У тым ліку — а можа перадусім — старых жанчын, у тым ліку маці, бабулю. Не на словах, а на справах. Хочацца верыць, што мара пра Залатыя часы не такая ўжо і беспадстаўная. Але адно ясна: Залатое Стагоддзе будзе эпохай любові і павагі да Жанчыны. Калі Жыццё, якое аберагае жанчына, стане самай высокай каштоўнасцю. Калі будуць падкантрольнымі Iнтэлекту і Iнтуіцыі жывёльныя інстынкты, ваяўнічасць, агрэсія, злосць, нянавісць. Усё, ад чаго засцерагае Культура. |
Жанчына па-за Культурай, альбо “Слышыш, слухай сюды...” Даўно не магу мірыцца з дэградацыяй моўнай культуры, якую адчуваеш спрэс, асабліва ў моладзі, падлеткаў. Збяднелая лексіка. Адсутнасць навыкаў вуснага маўлення. "Слышыш, ..." замест звароту да канкрэтнай асобы, дзе павінна было стаяць імя: Таня, Пётра, Васіль... Замест прыгожага імя — нейкае няўцямнае і непрыгожае слова-пераверцень. Даўно ўжо густы расейскі мат запаўняе ўсе "лакуны" ў сказе: не хапае слова. А прычым тут жанчына? А пры тым, што жанчыны кахаюць вушамі, у той час як мужчыны — вачыма. Пры тым, што слоўная недастатковасць падкрэслівае стан грамадства па-за культурай. Адыход ад прыгожага мастацтва. На які жанчына рэагуе востра і балюча. Як выхавацелька нацыі па вялікім рахунку. |
Ці існуе жаночая паэзія, альбо... “на чатыры крокі ззаду” На такое пытанне я часта чую іранічнае мужчынскае: Ну як жа: Пушкін, Байран, Лермантаў... у залежнасці ад узроўню адукацыі апанента могуць прагучаць Апалінэр, Лорка, Борхес... I быццам пытанне само сабой здымаецца. Анна Ахматава, Наталля Арсеннева, Вірджынія Вулф, Віслава Шымборска, Ларыса Геніюш, Яўгенія Пфляўбаўм, Жэня Янішчыц... Цікавае пытанне, якое б патрабавала вялікіх доследаў тэм і вобразаў, лексікі і тропаў. Адкажу апрыёрна: існуе жаночая проза, і паэзія, і драматургія. Само пытанне гэтае закранае стрыжань галоўнай гендэрнай праблемы. Жаночая паэзія не такая шматколькасная, як мужчынская, усё па той жа прычыне: цыві-лізацыя наша створана не жанчынай. У ёй дамінуе мужчынская аснова. А жанчына, па ўсходняй традыцыі, павінна ісці на чатыры крокі ззаду. Ад мужчыны. Яшчэ і сёння змагаюцца жанчыны за права не насіць паран-джы. Вось некалькі месяцаў таму ў Кувэйце гэта пытанне вырашылася станоўча. Не ў самай адсталай з краін свету. Што датычыць мастацтва, яно спрадвеку лічылася мужчынскай прафесіяй. Калі жанчына мела час лезці на скалу і высякаць там маманта? Ці магла яна прабіцца нават у багамазы? Ёй самой цывілізацыяй наканавана было ся-дзець за печчу, на другім плане. Жанчына саступае дарогу мацнейшаму, гаспадару. Хай мужчына прабіваецца, яму гэта неабходна для самасцвярджэння, а я ... потым. Узгадваеце беларускае "хай людзі — мы потым"... Думаю, толькі па гэтай псіхалагічнай матывацыі на Алімпе сусветнай культуры жанчын значна меней. Але затое яны там выглядаюць годна і прыстойна. Не ўзгадваю, каб жанчыны пісалі "заказныя вершы". Заклікі на барыкады, Марсэльезы і Iнтэрнацыяналы. Як кажуць, бог засцярог. Вядома, жанчыны мелі настаўнікаў сярод мужчын. Але ў жаночай літаратуры — свой адметны код. Яе адметнасць — у жаночай ментальнасці, сваім асабістым стаўленні да жыцця. Адмысловым псіхалагічным паглыбленні ў душэўныя пакуты, перажыванні, падсвядомае. Мне можна запярэчыць: Стэрн, Пруст — вытанчаныя псіхалагічныя ўзоры... Так, жанчына меней зацікаўленая тэхнікай, пошукамі навацый, новай манеры выказвання. Яна не імкнецца здзіўляць формай, знешнімі пошукамі... Яна хоча застацца сабой, захаваць сваю непаўторнасць. Яна адчайна смелая — жаночая паэзія. Толькі жачына магла прызнацца, што паэзія расце з бруду і смецця, як дзьмухавец пад парканам, як лебяда. Толькі жанчына магла сказаць: "Пяку бліны, зірнула ў вакно, бярозы пад ветрам гойдаюцца, нарадзіўся верш". Жанчына ў паэзіі — і больш смелая, і больш натуральная. Яна не хавае арганічнай знітаванасці з прыродай, акаляючай прасторай. Думае не пра сябе ў паэзіі, а пра быццё... Ёсць жаночая таямніца. Жаночая інтуіцыя. Жаночыя інстынкты. Ёсць жаночая літаратура пры ўмове свабоднага самавыказвання творцы. У таталітарных краінах дэфармуецца сутнасць асобы, у першую чаргу жанчын. Мужчыны, як правіла, дамінуюць ва ўсіх кіраўнічых сферах, па-кідаючы жанчыне школу, іншыя нялёгкія "пасады". Жанчына з шуфлем, рыдлёўкай, ужо згаданым венікам... Тут мужчыны маўчаць. А пра жаночую літаратуру любяць паразважаць, канечне ж, з'едліва і абразліва... Прымусова разбураецца жаночая ідэнтыта. Маскулінізацыя яе выяўлення як творцы, магчыма, і не дазваляе самавыявіцца жанчыне ў многіх яе іпастасях. Таму і не хочуць заўважаць нейкую там жаночую паэзію. |
Спакуса сэксам, альбо фенаменалогія цела У прасторы, дзе культура не ў пашане, мужыком рухае бэйсік, галоўны інстынкт. Натуральна, яго не скінеш з біялагічнай сутнасці. Але калі ён сам па сабе, дамінацыйны, то атрымоўваецца, як у вайсковых анекдотах: я завсегда аб... ёй думаю. Галоўны інстынкт рухае паводзінамі і вызначае этычныя нарматывы. Ён проста ўвасабляе ў сабе ўсе магчымыя адценні гендэрных суадносін і вельмі спрашчае, прымітывізуе іх. Жанчына часам не вытрымлівае і прымае ілюзорнае за сапраўднае. Даўно вядома, што ў большасці выпадкаў менавіта мужчыны прывучылі жанчыну да келіху, а жаночы алкагалізм амаль не вылечваецца. Парнаграфія пачуццяў горшая за парнаграфію цела. |
Беларускія Джульеты Задаю сабе пытанне: а якія яны — беларускія Рамэа і Джульета? Хто з паэтаў і празаікаў, драматургаў увасобіў у такой адмысловай форме Каханне? Да гробу. Не, я не шукаю нашага Шэкспіра, рыцарскія паданні, адэкватныя еўрапейскаму эпасу. Але ж вядома нямала беларускіх сем'яў, якія дажываюць да Залатога Вяселля. З вялікай павагай і каханнем? Які ж наш сімвал? Паўлінка і Яўхім у Купалы? Ганна і Васіль Дзятлік у Мележа? Больш абагульнены сімвал "Зоркі Венеры", "Мадонны"? Адказ напрошваецца сам сабой: закаханых у беларускай літаратуры трэба шукаць, бадай што, на вайне. Мадэль класічнай шэкспіраўскай трагедыі прачытваецца ў "Альпійскай баладзе" Быкава. Беларускі хлопец кахае моцна, самаахвярна. Кахае... італьянскую дзяўчыну. I ў гэтым — заканамернае выйсце аўтара да пачуццяў вышэйшай мастацкай асэнсаванасці, да Петраркі, да Лауры. Да класічных крыніц. Каб паказаць каханне іманентнае, ачышчанае ад побытавых праблем савецкай рэчаіснасці. Жанчына з разбуранай ідэнтытай пачувае сябе нявольніцай. Ахвярай. Залежнай ад Мужыка, які прыносіць грошы. Зарабляе, у той час як яе, жаночая праца, амаль аніяк не ацэненая. Сталая галеча, і нэндза, і скруха... Але калі мужчына не можа зарабіць грошы, калі ў дзяржаве не створаны ўмовы дзеля росквіту асобы, Сям'і, калі ён ад бездапаможнасці запівае? Што яму застаецца? Скардзіцца на жыццё. Ускласці віну на жанчыну. Добра жанатаму мець пад бокам такі громаадвод. Я не прыдумала гэтую з'яву. Яна заяўляе аб сабе часцей, чым нам бы гэтага хацелася. Бо мужчын пры сацыялізме настойліва адвучвалі ад адказнасці. Браць на сябе і несці адказнасць. Прыкрываць слабых жанчын. Дзяўчат. Апошняе разважанне ў маіх беглых накідах дапісала само жыццё. Трагедыя на Нямізе. 30 мая 1999 года. Загінула сорак дзяўчат, па афіцыйнай версіі. Загінулі ў натоўпе, раздушаныя. Натоўп гэты, мабыць, складаўся з больш дужай паловы, якой належыць ахоўваць слабейшых сябровак... З тых, хто ідзе напралом. Па ляжачых беглі. Ступалі на галовы, твары, жываты, рукі, ногі. Тыя, хто ўбачыў ляжачую дзяўчыну і не дапамог ёй устаць, не спыніўся... Каму не далі вярнуцца. Сярод іх было нямала хлопцаў, хай сабе падлеткаў. Не чулі ляманту. А мо не верылі, не хацелі чуць. А напіралі. Мускулы. Моц. Піва. Гвалт — вось наша культура. Стан нашага грамадства сёння. Растаптаны, як вясновыя галінкі — сорак дзяўчатак... Як кветкі, якія бяздумна рвуць, а потым кідаюць у пыл. Проста, каб сарваць, уладарыць, мець... Чаму я пра гэты трагічны выпадак? Таму што ў ім адлюстравалася непавага нашага грамадства да Жанчыны. У Бельгіі, Англіі на стадыёнах гінулі фаны, пераважна альбо выключна — мужчыны. У нас жа самыя слабыя — дзяўчаты. Калі можна набівацца ў тралейбус, як кажуць, пад завязку, калі ў норме — ціснуць на целы ў натоўпе, чэргах, чаму не паціскацца ў падземным пераходзе, у навальніцу? Парушана суверэннасць цела, яго недатыкальнасць. Мужчын і жанчын, старых і маладых. Не навучылі тактоўнасці, далікатнасці. Не навучылі абыходжанню, што асабліва адчуваюць далікатныя натуры, перадусім — жанчына. Мы ўступілі ў паласу чорную, па-за культурай. Кінулі моладзь у вакуум: без традыцый, без апірышча. Кінулі ў гарадскі натоўп. Масавая цывілізацыя трушчыць непадрыхтаваных да выжывання ў яе нетрах. Адна фізічная моц, адны кіпцюры і локці не дапамогуць. Трэба вярнуць Рамэа да сваёй Джульеты. А Джульеце даць жыць так, як яна хоча. У прасторы культуры! Ці дапамагла ніць з майго клубочка выйсці з лабірынту? Хутчэй — пераканала ў вялікім значэнні гендэрнага падыходу. Сярэдні чалавек наогул — вынік разумовых дэфініцый. Ёсць мужчыны-жанчыны, хлопчыкі-дзяўчынкі, юнакі-дзяўчаты. Гендэрны падыход дазволіць вызначыць адрозненні ў адчуваннях, псіхалагічных паводзінах, відаць, і ў светапоглядзе. Не пашкодзіць даследаваць нарэшце гендэрныя адрозненні з улікам усё тых жа Iнтуіцыі і Розуму, каб лепш паразумецца, каб бліжэй падысці адзін да аднаго. Мужчынам і жанчынам.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |