Logo ARCHE

 Кабеты ў 3(4)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

слоўнік паняцьцяў


Ота Вайнінгер
Пол і характар


Прывід Ота Вайнінгера, нэрвовага прарока нянавісьці да сябе, які так і не дараваў сабе свайго жыдоўскага паходжаньня й гомасэксуалізму, самагубцы, жаноча-ненавісьніка, антысэміта, не адставаў аж да магілы ад Людвіга Вітгенштайна.

ХII разьдзел. Сутнасьць жанчыны й ейны сэнс у сусьвеце

"Толькі мужчына і жанчына разам складаюць чалавека". Кант.

Дзякуючы сваім дагэтулешнім ацэнкам жанчыны нашае дасьледаваньне сягала ўсё глыбей і глыбей, але прызнаць за ёй усё больш высокае i шляхотнае, вялiкае i прыўкраснае было б галаслоўнасьцю. Цяпер, калi ў гэтым разьдзеле мне выпадае зрабiць яшчэ адзiн, вырашальны, скрайнi крок у тым самым кiрунку, дык, каб папярэдзiць непаразуменьне, я адразу ж хачу зазначыць тое, да чаго я яшчэ вярнуся: што я напраўду зусiм далёкi ад таго, каб прамаўляць у абарону азiяцкага гледзiшча ў дачыненьнi да жанчыны. Хто больш уважлiва сачыў папярэднiя разважаньнi пра несправядлiвасьць, якую чынiць жанчыне ўсялякая сэксуальнасьць, ды нават эротыка, той, мусiць, ужо ўсьвядомiў, што гэтая кнiга — не ўхваленьне гарэму, i што мы пiльнуемся таго, каб не скампрамэтаваць неабходную вялiкую жорсткасьць выраку праз патрабаваньне такой праблематычнай кары.

Але зусiм магчыма патрабаваць прававога зраўнаваньня мужчыны i жанчыны, не высноўваючы з гэтага, што памiж iмi iснуе маральная i iнтэлектуальная роўнасьць. Хутчэй, безь нiякай супярэчлiвасьцi можна ганьбiць любое барбарства мужчынскага полу супраць жаночага, адначасна не памыляючыся, тым ня менш, што да іхнай найневерагоднейшай, касьмiчнай супрацьлегласьці i сутнаснай рознасьці. Няма ніводнага мужчыны, у якiм бы так цi йнакш не жыло штосьцi звышпачуцьцёвае, нiводнага, якi б зусiм ня быў добрым; i няма нiводнай жанчыны, пра якую можна было б слушна сказаць тое самае. Нават найнiжэйшы з мужчынаў, такiм чынам, стаіць невымерна вышэй за найвышэйшую з жанок, настолькі вышэй, што параўнаньне тут падаецца наўрад ці дарэчным; і тым ня менш, ніхто ня мае права якім–небудзь чынам ганьбіць ці прыгнятаць нават найніжэйшую з жанок. Ніводны больш–менш грунтоўны знаўца людзей праз абсалютную правамоцнасьць прэтэнзіі на роўнасьць полаў перад любым законам не пахісьнецца ў перакананьні, што паміж імі існуе сама палярная супрацьлегласьць, якую толькі магчыма памысьліць. Наколькі павярхоўнымі псыхолягамі ёсьць матар’ялісты, эмпірысты і пазытывісты (ня згадваючы пра чалавеказнаўчую праніклівасьць сацыялістычных тэарэтыкаў), яшчэ раз відаць з таго, што якраз зь іхных колаў — пераважна — выйшлі і цяпер яшчэ рэкрутуюцца мужчыны, што выступаюць за першапачатную, прыроджаную псыхалягічную роўнасьць паміж мужчынам і жанчынай. Але, спадзяюся, я буду ахаваны таксама і ад таго, што мой пункт гледжаньня зблытаюць з дамарослымі і станоўчымі толькі ў якасьці сьмелай рэакцыі супраць масавай плыні паглядамі П.Й.Мёбіўса. Жанка ня ёсьць “фізіялягічна недаробленая”; і гэтаксама я не магу падзяліць меркаваньне, згодна зь якім у жанчынах, што маюць выбітныя дасягненьні, назіраюцца праявы выраджэньня. З маральнага гледзішча такіх жанчынаў, з прычыны таго, што яны заўсёды больш мужчынападобныя за іншых, можна толькі радасна вітаць, і трэба было б бачыць у іх процілегласьць выраджэньня, а наймя прагрэс і пэўнае пераадоленьне сваёй прыроды; зь біялягічнага гледзішча яны ёсьць ці ня ёсьць звыродным фэномэнам у такой самай ступені, як ім ёсьць жанчынападобны мужчына (калі не ацэньваць яго з этычнага пункту гледжаньня). Але ж для цэлага шэрагу арганізмаў прамежкавыя полавыя формы — цалкам нармальная, а не паталягічная зьява, і іхнае зьяўленьне, такім чынам, яшчэ ня сьведчыць пра фізычны дэкаданс.

Жанчына ня мае ані глыбокага ці высокага, ані вострага ці яснага розуму, хутчэй, яна мае нешта наўпрост адваротнае; у стасунку да яе, як мы пакуль бачылі, слова “розум” не выпадае ўжываць увогуле: як цэлае яна — ня–розум, не–разумная. Але гэта яшчэ ня значыць “прыдуркаватая” ў тым сэнсе, які зьвязваецца з гэтым словам у нямецкай мове: у сэнсе браку найпрасьцейшай практычнай арыентацыі ў звычайным жыцьці. Якраз хітрасьць, разьлік, “спрытнасьць” у жанчын нашмат больш рэгулярная і стабільная зьява, чымся ў мужчын, калі йдзецца пра дасягненьне простых эгаістычных мэтаў. Жанчына ніколі не бывае такой дурной, якім часам можа быць мужчына.

Дык ці значыць гэта, што жанчына ня мае ніякага значэньня? Ці яна насамрэч не слугуе ніякай больш агульнай мэце? Няўжо ж у яе няма прызначэньня, і хіба не ляжыць ў яе аснове, нягледзячы на ўсю ейную неразумнасьць і мізэрнасьць, пэўнае наканаваньне ў цэльным сусьвеце? Ці выконвае яна пэўную місію, ці ейнае быцьцё — выпадковасьць і недарэчнасьць?

Каб дайсьці гэтага сэнсу, трэба зыходзіць з фэномэну, які, дарма што так стары й вядомы, яшчэ нідзе й ніколі не прызнаваўся вартым сур’ёзнага разгляду ці ўвогуле ўвагі. Гэта ня што іншае, як фэномэн зводніцтва, які здольны прывесьці да сама глыбокага, да сапраўднага разуменьня прыроды жанчыны.

Пры яго аналізе адразу на вока ўспадае момант спрыяньня й пасобніцтва таму, каб адзін аднаго знайшлі два чалавекі, якія ў стане ўступіць у сэксуальную злучнасьць, ці то ў форме шлюбу, ці то ў нейкай іншай. Гэтае імкненьне зьдзейсьніць нешта паміж двума людзьмі кожная жанчына без вынятку мае ўжо ў сама раньнім дзяцінстве: ужо зусім маленькія дзяўчынкі чыняць пасярэдніцкія паслугі, а наймя каханкам сваіх старэйшых сёстраў. І нават калі прага да зводніцтва можа больш выразна выяўляцца толькі тады, калі асобны жаноцкі індывідуум уладкаваў самога сябе, г.зн. пасьля забесьпячэньня собскага становішча праз шлюб: яна ўсё–ткі гэтаксама прысутная ўвесь час паміж пубэртатным пэрыядам і вясельлем; толькі зайздрасьць да канкурэнтак і боязь, што яны маюць лепшыя шанцы ў змаганьні за мужчыну, процідзейнічаюць ёй, ажно пакуль жанчына шчасьлівым чынам сама не заваюе сабе мужа альбо пакуль ейныя грошы, стасункі, якімі ён раптам аказваецца прывязаны да яе сям’і і г.д., не закабаляць ці не заманяць яго. Гэта адзіная прычына, зь якой жанчыны толькі ў шлюбе з поўнай адданасьцю справе пачынаюць уладкоўваць дачок і сыноў сваіх знаёмых. А зь якім імпэтам кідаецца ў зводніцтва старая жанчына, якая поўніцай забылася на клопат пра ўласнае сэксуальнае здавальненьне. Гэта стала настолькі агульнавядомым, што людзі, вельмі несправядліва, прыклеілі мянушку сапраўднай зводніцы адно старым жанчынам.

Ня толькі жанчыны, але таксама й мужчыны стаюцца аб’ектамі зводніцтва, у тым ліку для іхных уласных маці; больш за гэта, якраз апошнія спрабуюць ажаніць іх з асаблівым імпэтам і ўпартасьцю. Зусім не зважаючы на індывідуальную самабытнасьць сына, кожная маці жадае, прагне пабачыць свайго сына жанатым: людзі ж аказаліся настолькі асьлепленымі, што ўбачылі ў гэтай іхнай патрэбе нешта вышэйшае, тую самую матчыну любоў, якой у папярэднім разьдзеле мы далі такую невысокую ацэнку. Магчыма, што шмат якія маці, нават калі сын зусім ня створаны для шлюбу, загадзя перакананыя, што толькі праз шлюб яны здолеюць забясьпечыць яму трывалае шчасьце; але, напэўна, вельмі шмат якім бракуе нават гэтага перакананьня, і ўва ўсякім разе паўсюль і заўсёды ў якасьці наймацнейшага сярод іншых матываў у іх выступае прага да зводніцтва, інтуіцыйнае непрыняцьце мужчыны як кавалера.

Ужо тут відаць, што жанчыны падпарадкоўваюцца чыста інстынкцыйнаму памкненьню, закладзенаму ў іх, таксама й тады, калі ймкнуцца выдаць замуж сваіх дачок. Не на лягічных, зусім не на матар’яльных развагах грунтуюцца бясконцыя намаганьні, на якія маці йдуць дзеля гэтай мэты, яны ня робяць крок насустрач выказаным ці нявыказаным жаданьням дачок (часьцяком яны нават пярэчаць ім што да выбару канкрэтнага мужчыны); і, з прычыны таго, што іхнае зводніцтва распасьціраецца на ўсіх людзей агулам і ніколі не абмяжоўваецца ўласнай дачкой, тут у апошнюю чаргу можа быць ход пра “альтруістычны”, “маральны” ўчынак, выкліканы матчынай любоўю; хаця, напэўна, бальшыня жанчынаў, калі б хто–небудзь упікнуў іх за іхныя зводніцкія паводзіны, выдала б у адказ: маўляў, гэта іхны абавязак своечасова падумаць пра будучыню свайго любага дзіцяці.

Выдаючы замуж сваю собскую дачку, маці дзеіць ня йначай, чымся калі з ахвотай памагае дастаць мужа любой іншай дзяўчыне — калі толькі такая задача ўжо разьвязаная ў межах собскае сям’і: гэта зусім аднолькавыя рэчы, зводніцтва што тут, што там, зводніцтва ў дачыненьні да собскай дачкі псыхалягічна нічым ня розьніцца ад таго ж у дачыненьні да чужой. Так, я сьцьвярджаю: няма такой маці, якая б адчувала адно непрыемную заклапочанасьць, калі чужы чалавек, нават зь як–любя подлымі намерамі і нягодным разьлікам, галіцца на ейную дачку і спакушае яе.

Ужо досыць часта стаўленьне аднаго полу да пэўных рысаў іншага магло ўжывацца намі ў якасьці прыдатнага крытэра для высьвятленьня таго, якія асаблівасьці характару ўласьцівыя выключна аднаму полу, а якія датычаць таксама й іншага; вось жа тут — калі дагэтуль увесь час жанчына мусіла быць сьведкай таго, што пэўныя якасьці, якія шмат хто надта ахвотна прыпісвае ёй, належаць выключна мужчыну — мужчына можа засьведчыць, што зводніцтва — зьява жаночая й выключна жаночая: выняткі датычаць альбо вельмі жанчынападобных мужчынаў, альбо таго выпадку, які яшчэ будзе разглядацца падрабязна ніжэй. Бо кожны сапраўдны мужчына, нават калі йдзецца пра ягоную ўласную дачку, якую ён хацеў бы бачыць забясьпечанай, адварочваецца ад поцягаў жанчыны да шлюбнага пасобніцтва з гідлівасьцю й пагардай і пакідае ўсе зводніцкія клопаты агулам жанчыне як ейнае пакліканьне. Заразом тут найбольш выразна відаць, што праўдзівыя псыхічныя рысы жаночай сэксуальнасьці ня маюць на мужчыну прыцягальнага ўплыву, што яны, насупраць, адштурхоўваюць яго, калі ён усьведамляе іх: калі чыста мужчынскіх якасьцяў — саміх па сабе, такіх, якімі яны насамрэч ёсьць — дастаткова, каб прывабіць жанчыну, мужчына мусіць зыначыць жанчыну, перш як здолее пакахаць яе.

Але зводніцтва сягае значна глыбей і прасякае іство жанкі ў нашмат шырэйшым вымярэньні, чымся можна было б падумаць на падставе вышэйпамянёных прыкладаў, якія вычэрпваюць толькі аб’ём звыклага ўжываньня гэтага слова. Насамперш я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, як жанчыны сядзяць у тэатры: яны заўсёды чакаюць, ці двое закаханых “здабудуць” адзін аднаго і якім чынам. Гэта таксама ня што іншае, як зводніцтва, і ні на каліва ня розьніцца ад яго псыхалягічна: гэта жаданьне таго, каб мужчына й жанчына сышліся, дзе б то ні было. Але гэта яшчэ ня ўсё: чытаньне пачуцьцёвых ці непрыстойных вершаў ці раманаў, неверагоднае напяцьце, зь якім жанчыны чакаюць на момант коітусу, чытаючы, ёсьць ня чым іншым, зусім ня чым іншым, як зводніцтвам у дачыненьні да дзьвюх дзейных асобаў кнігі, танічным узрушэньнем праз думку аб капуляцыі ды пазытыўнай ацэнкай сэксуальнага акту. Ня трэба лічыць гэта лягічным і фармальным прыпадабненьнем, трэба паспрабаваць сьледам за жанчынай адчуць, што псыхалягічна для яе тое й іншае — адна рэч. Хваляваньне маці ў дзень вясельля дачкі ня розьніцца ад хваляваньня чытачкі Прэво ці Зудэрманавага “Katzensteg”. Праўда, здараецца таксама, што і мужчыны ахвотна чытаюць такія раманы — дзеля дэтумэсцэнтных мэтаў, але гэта нешта прынцыпова адрознае ад жаночага спосабу чытаньня. Мужчынскае чытаньне вызначаецца больш жывым уяўленьнем полавага акту, яму не ўласьцівае сутаргавае сачэньне таго, як ад самага пачатку паступова зьмяншаецца аддаленасьць паміж дзьвюма ўзаемадзейнымі асобамі; і напяцьце тут не расьце бесьперарыўна, як у жанчыны, у геамэтрычнай прагрэсіі й адваротна–прапарцыйна велічыні адлегласьці паміж дзейнымі асобамі. Дыхавічнае ўхваленьне кожнага кроку, што зьмяншае адлегласьць ад мэты, прыгнечанае расчараваньне ад кожнай нечаканай перашкоды сэксуальнаму здавальненьню — цалкам жаночыя і не ўласьцівыя мужчыну; але яны спараджаюцца ў жанчыне кожным, усё адно якім, рухам, што паводле сваёй скіраванасьці можа прывесьці да полавага акту, незалежна ад таго, датычыць гэта рэальных асобаў ці выдуманых пэрсанажаў.

Няўжо ж ніхто ніколі не разважаў аб тым, чаму жанчыны так ахвотна, так “самаахвярна” зводзяць іншых жанчынаў з мужчынамі? Задавальненьне, якое гэта ім дае, грунтуецца на своеасаблівым узрушэньні думкай таксама й аб чужым коітусе.

Аднак поўная шырыня зводніцтва не вымяраецца нават праз улучэньне ў яго галоўнага інтэрасу ўсялякага жаночага чытаньня. Там, дзе летнімі вечарамі ў цёмных садох, на лавах ці пры мурох шукаюць прыстанку парачкі каханкаў, там жанчына, што йдзе міма, заўсёды стаецца цікаўнай, прыглядаецца, тымчасам як мужчына, які змушаны йсьці гэтым шляхам, непрыхільна адварочваецца, бо відовішча закранае ягонае пачуцьцё сораму. Гэтаксама жанчыны абарочваюцца ці не на кожную пару каханкаў, што сустракаюцца ім дзе–небудзь ў завулку, і вядуць іх паглядам далей. Гэтае пагляданьне, гэтае абарочваньне — ня меншае зводніцтва, чымся ўсё падсумаванае пад гэтым паняткам дагэтуль. Калі чалавек ня рады бачыць і не жадае нечага, ён адварочваецца, а не вылупляецца на яго; жанчыны ж таму любяць глядзець на пары каханкаў і таму больш за ўсё любяць засьпяваць іх за пацалункамі й больш шчырымі праявамі каханьня, што яны хочуць коітусу ўвогуле (ня толькі для сябе). Людзі зьвяртаюць увагу толькі на тое, як ужо даўна было даведзена, што ацэньваецца менш ці больш пазытыўна. Жанчына, якая бачыць двух каханкаў, заўсёды чакае, што ж адбудзецца, загадзя цешыцца гэтым, спадзяецца на гэта, жадае гэтага. Я ведаў адну даўна замужнюю хатнюю гаспадыню, якая, перш чым зайсьці й абвясьціць сваёй пакаёўцы, што забаўлялася з каханкам, аб ейным звальненьні, доўга й зь вялікім спачуваньнем падслухоўвала пад дзьвярыма. То бок, гэтая жанчына ўсярэдзіне ўхваляла ўвесь той працэс, а тады, пасіўна трымаючыся атрыманых у спадчыну паняткаў прыстойнасьці, калі ўвогуле не з адной толькі неўсьвядомленай зайздрасьці, выкінула дзяўчыну на двор. Папраўдзе, я мяркую, што апошні матыў часьцяком выконвае пэўную ролю: зайздрасьць да такіх жа самых стварэньняў, на няшчасьце ахвяры, робіць свой унёсак у вырак.

Думку пра коітус жанчына з жывасьцю падхоплівае, а не адганяе, заўсёды і ў любой форме, у якой гэтая думка можа зьяўляцца 1 (нават калі коітус зьдзяйсьняюць жывёлы); яна не адмаўляе яе, не адчувае агіды перад агіднасьцю гэтага працэсу, не імкнецца адразу ж падумаць пра штосьці іншае: наадварот, уява поўніцай захапляе яе й бесьперашкодна пераймае яе аж датуль, пакуль ня зьменіцца іншымі ўявамі гэтаксама сэксуальнага характару. Я ўпэўнены, што да гэтага зводзіцца вялікая частка псыхічнага жыцьця жанчынаў, якое шмат каму падаецца такім загадкавым. Патрэба самой быць удзельніцай коітусу, праўда, ёсьць наймацнейшай патрэбаю жанчыны, але гэтая патрэба — толькі адмысловы выпадак ейнага найглыбейшага, ейнага адзінага жыцьцёвага інтэрасу, што палягае ў коітусе наагул, жаданьня, каб коітус зьдзяйсьняўся як мага часьцей, кім–любя, дзе–любя, калі–любя.

Гэтая больш агульная патрэба можа быць скіраванаю альбо ў большай ступені на сам акт, альбо ў большай ступені на дзіця; у першым выпадку жанчына ёсьць курвай і зводніцай вылучна дзеля ўявы пра акт; у другім выпадку яна — маці, але яна ня толькі сама жадае зрабіцца маці; у стасунку да кожнага шлюбу, які яна ведае ці якому памагае адбыцца, ейныя думкі скіроўваюцца на нараджэньне дзіцяці — тым мацней, чым яна бліжэйшая да абсалютнае маці: сапраўднаю маці ёсьць таксама й сапраўдная бабуля (нават калі яна засталася цнатліваю; варта прыгадаць непераўзыдзеную “цётку Юлю” Ёгана Тэсмана ў Ібсэнавай “Гедзе Габлерысе”). Кожная цэльная маці шчыруе дзеля ўсяго роду, яна — маці ўсяго чалавецтва: яна вітае кожную цяжарнасьць. Курва хоча бачыць іншых баб не цяжарнымі, а проста шлюхамі, як яна сама.

Наколькі ўласная сэксуальнасьць жанчынаў падпарадкоўваецца іхнаму зводніцтву і, уласна кажучы, можа разумецца толькі як адмысловы ягоны выпадак, вельмі выразна відаць зь іхнага стаўленьня да жанатых мужчынаў. Нішто так ня брыдка для жанчынаў — бо ўсе яны зводніцы — як дзявушчы мужчына, і таму яны ўсе спрабуюць ажаніць яго; але калі ён ужо жанаты, дык іхная цікавасьць да яго адразу значна слабее, нават калі раней ён ім зусім выключна падабаўся. І таксама калі жанчына сама ўжо замужам, то бок калі кожны мужчына ўжо не разглядаецца ёю найперш з гледзішча собскага забесьпячэньня і, як можна было б падумаць, жанаты мужчына ўжо мусіць прыцягваць да сябе ня меншую ўвагу, чымся дзяцюк — нават тады ў якасьці нявернай жонкі жанчына ці ніколі не какетуе з мужам іншай; апроч тых выпадкаў, калі яна хоча адбіць чужога мужа дзеля трыюмфу над той іншай. Гэта ўжо конча пацьвярджае, што для жанчынаў мае значэньне адно зводніцтва; яны таму так рэдка парушаюць шлюбную вернасьць з жанатымі мужчынамі, што тыя ўжо адпавядаюць ідэі, якая закладзена ў зводніцтве. Зводніцтва — найбольш унівэрсальная якасьць саміцы чалавека; воля да цешчы — я маю наўвеце волю стацца цешчаю — зьява яшчэ больш паўсюдная, чымся воля да мацярынства, якой інтэнсіўнасьць і аб’ём звычайна моцна пераацэньваюць.

Усё–ткі магчыма, што націск, які кладзецца тут на фэномэн, які людзі прызвычаіліся лічыць гэтаксама сьмешным, як і агідным, яшчэ ня будзе поўніцай зразуметы чытачом; значэньне, якое надаецца тут зводніцтву, могуць палічыць перабольшаным, патас аргумэнтацыі — нематываваным. Але трэба жыва ўявіць сабе тое, пра што йдзецца. Зводніцтва — гэта якраз той фэномэн, які найшырэй адкрывае сутнасьць жанчыны, і трэба ня проста прыняць яго да ведама, каб адразу перайсьці да нечага іншага, як гэта заўсёды адбываецца, трэба паспрабаваць прааналізаваць яго і дайсьці ягонага грунту. Ведама, усім людзям знаёмая рэч, што “кожная жанчына любіць трохі пазводнічаць”. Але важна тое, што якраз у гэтым і ў нічым іншым палягае сутнасьць жанчыны. У якасьці пазытыўнай усеагульна–жаночай якасьці нельга вызначаць — я прыйшоў да гэтай высновы па сьпелым разглядзе самых розных тыпаў жанчынаў і ўлічыўшы, апроч ужо зробленай тут, іншыя спэцыяльныя клясыфікацыі, — анічога іншага апроч зводніцтва, гэтай дзейнасьці на службе ідэі коітусу ўвогуле. Кожнае вызначэньне панятка жаноцкасьці, якое шукала б ейную сутнасьць адно ў жаданьні асабіста ўдзельнічаць у коітусе, якое ў сапраўднай жанчыне не лічыла б сапраўдным нічога, апроч патрэбы быць згвалтаванай, было б занадта вузкім; кожная дэфініцыя, якая б абвяшчала, што зьместам жанкі ёсьць дзіця альбо мужчына, альбо тое й іншае, было б ужо занадта шырокім. Найбольш унівэрсальная і сапраўдная сутнасьць жанчыны цалкам вычэрпваецца паняткам зводніцтва, то бок слугаваньнем ідэі фізычнай лучнасьці. Кожная жанчына зводнічае; і гэтая якасьць жанкі — быць пасланцом, упаўнаважанай ідэі коітусу, — адзіная прысутная ўва ўсіх узростах, яна не зьнікае нават пад час клімактэрыю: старая жанчына працягвае зводнічаць, толькі аб’ектам ёсьць ужо не яна сама, а іншыя. Калі людзі пераважна ўяўляюць сабе ў якасьці зводніцы старую жанчыну, дык адна прычына таго была ўжо пададзеная. Прафэсія старой зводніцы ёсьць ня чымсьці, што дадаецца, але менавіта гэтым, што раней толькі было ўскладненым праз уласную патрэбу, а цяпер вызвалілася й засталося: гэта чыстая дзейнасьць на службе нячыстай ідэі.

Дазвольце на гэтым месцы зрабіць кароткае абагульненьне тых пазытыўных вынікаў, якія крок за крокам высьвятляла нашае дасьледаваньне сэксуальнасьці жанкі. Насамперш, выявілася, што яна мае выключна, і ня толькі часам, але бесьперарыўна, сэксуальны інтэрас; фізычна і псыхічна, усім сваім іством яна — ня што іншае, як менавіта сама сэксуальнасьць. Мы засьпелі яе за тым, што яна пачуваецца ўдзельніцай коітусу паўсюль, усім целам і з усімі рэчамі без вынятку. І калі ўсё цела жанчыны залежала ад ейных полавых органаў, дык цяпер адкрываецца цэнтральнае месца ідэі пра коітус у яе мысьленьні. Коітус ёсьць адзіным, што жанчына паўсюль і заўсёды ацэньвае пазытыўна; жанчына ёсьць носьбіткай ідэі лучнасьці ўвогуле. Жаночае стаўленьне да коітусу часьцей за ўсё не абмяжоўваецца пэўным індывідуумам, нават ёй самой, яно датычыць істот увогуле, яно не індывідуальнае, а інтэр–індывідуальнае, звыш–індывідуальнае, яно ёсьць, так бы мовіць — не сьпяшайцеся ганьбіць мяне за апаганеньне слова — трансцэдэнтальнай функцыяй жанчыны . Бо калі жаноцкасьць ёсьць зводніцтвам, дык яе можна назваць і ўнівэрсальнай сэксуальнасьцю. Полавы акт ёсьць вышэйшай вартасьцю для жанчыны, да яго яна імкнецца заўсёды і паўсюль. Ейнае собскае полавае жыцьцё — толькі невялікая частка ў бязьмежным абсягу гэтага жаданьня.

Але мужчынскаму найвышэйшаму стаўленьню да нявіннасьці і чысьціні, якіх праяваю мусіла б быць тая больш высокая цнатлівасьць, якую мужчына згодна са сваёй эратычнай патрэбаю жадае і патрабуе ад жанчыны, гэтаму толькі мужчынскаму ідэалу цноты так палярна супрацьстаіць імкненьне жанчыны да рэалізацыі лучнасьці, што мужчына абавязкова мусіў бы пазнаць яго нават праз найгусьцейшы фіміям эратычнай ілюзіі, калі б праз сваё рэгулярнае ўмяшаньне гэтаму высьвятленьню не замінаў яшчэ адзін фактар. Гэтую акалічнасьць, якая заўсёды мяшаецца, замінаючы мужчыну пазнаць усеагульную і сапраўдную сутнасьць жаноцкасьці, гэтую найскладанейшую праблему жанчыны, ейную бяздонна глыбокую ілжывасьць, і выпадае цяпер асьвятліць. Якім бы цяжкім і рызыкоўным ні было гэтае прадпрыемства, урэшце яно мусіць прывесьці да таго кораню, зь якога вырастае — як мы ўбачым у сьвятле адзінага апошняга прынцыпу — і зводніцтва (у найшырэйшым сэнсе, згодна зь якім уласная сэксуальнасьць ёсьць толькі найбольш яскравым асобным выпадкам), і гэтая ілжывасьць, якая ўвесь час — нават ад вачэй самой жанчыны! — сукрывае ейную прагу да полавага акту.

***

Рэч у тым, што ўсе нашыя здабыткі, якія ўжо маглі падацца трывалымі, цяпер зноўку аказаліся пад сумневам. Мы не прызналі за жанчынамі саманазіраньня: але, безумоўна, ёсьць жанчыны, якія вельмі пільна сочаць шмат чаго, што ў іх адбываецца. У любові да праўды ім было адмоўлена; і ўсё–ткі трапляюцца жанчыны, якія найстараньнейшым чынам пазьбягаюць няпраўды . Пачуцьцё віны ім няведамае, сьцьвярджалі мы; але існуюць жанчыны, якія ўпікаюць сябе за нават нязначныя рэчы, але дакладна вядома, што ёсьць жанчыны, якія каюцца і ўтаймоўваюць сваё цела. Пачуцьцё сораму мы пакінулі адно мужчыну; але хіба ня мусяць словы пра жаночую сарамлівасьць, пра той сорам, які, паводле Гамэрлінга, уласьцівы нават выключна жанчыне, мець якія–колечы падставы ў рэчаіснасьці, якія ўмагчымілі ды паспрыялі таму, што стан рэчаў быў вытлумачаны такім чынам? І далей: хіба магчыма казаць, што жанчына ня мае рэлігійнасьці, насуперак усім “religieuses”? Хіба магчыма сьцьвярджаць, што да яе ня можа стасавацца строгая чысьціня нораваў, не зважаючы на ўсіх дабрадзейных жанчынаў, пра якіх паведамляюць сьпевы і гісторыя? Ці можна лічыць жанчыну толькі сэксуальнай, казаць, што толькі сэксуальнасьць мае для яе вартасьць, калі з разнастайных прыкладаў вядома, што найменшы намёк на сэкс можа выклікаць у жанчын абурэньне, што часта, заміж таго каб зводнічаць, яны ўпарта й з агідаю адварочваюцца ад кожнага месца, дзе пануе распуста, нярэдка нават адчуваюць агіду да коітусу з удзелам собскае асобы і ставяцца да яго нашмат больш абыякава, чымся любы мужчына?

Бадай, відавочна, што ўва ўсіх гэтых антыноміях ход пра адно і тое ж пытаньне, ад адказу на якое залежыць апошні й кончы вырак пра жанку. І гэтаксама ясна, што калі б нават адна адзіная істота выяўна жаноцкага кшталту была ўсярэдзіне асэксуальнай ці стаяла б у праўдзівым стасунку да ідэі маральнай самавартасьці, дык усё, што было тут сказанае пра жанчынаў, немінуча й адразу мусіла б страціць сваю ўнівэрсальнасьць у якасьці псыхалягічнай характарыстыкі полу, і праз гэта суцэльная пазыцыя кнігі ў вокамгненьне сталася б спрэчнай. Гэтым уяўна супярэчлівым зьявам трэба даць здавальняючае тлумачэньне, і трэба паказаць, што тое, на чым яны грунтуюцца ў рэчаіснасьці і што так лёгка заводзіць да двухсэнсоўнасьцяў, паходзіць з тае самае жаночае натуры, якую ўва ўсіх папярэдніх выпадках нам удавалася выявіць.

Каб дайсьці да разуменьня такіх падманлівых супярэчнасьцяў, трэба сьпярша ўзгадаць пра неверагодную падлегласьць уплывам, уласьцівую жанчынам. Гэтай надзвычайнай даступнасьці для пранікненьня ўсяго чужога й схільнасьці да прыняцьця паглядаў іншых дагэтуль у нашай кнізе не прысьвячалася дастатковай увагі. У зусім агульным выглядзе, Ж дасканала паўтарае форму М, нібы футарал — форму каштоўнасьцяў у ім. Ягоныя пагляды стаюцца ейнымі, ягоныя ўлюбёныя схільнасьці перадаюцца ёй гэтаксама, як і ягоныя зусім індывідуальныя антыпатыі, кожнае ягонае слова для яе — падзея, і тым больш значная, чым мацнейшае сэксуальнае ўражаньне ён робіць на яе. Жанчына ня бачыць у мужчынскім уплыве адхіленьне ад лініі ейнага собскага разьвіцьця, яна не ўспрымае гэты ўплыў як чужародны і не супраціўляецца яму, не імкнецца вызваліцца ад яго як ад умяшальніцтва ў ейнае нутранае жыцьцё. Яна не саромеецца быць рэцэптыўнай: насупраць, яна пачуваецца толькі шчасьлівай, калі можна быць такою, вымагае ад мужчыны, каб ён — таксама й духова — змушаў яе рэцэптаваць. Яна заўсёды толькі радая далучыцца, і ейнае чаканьне мужчыны ёсьць адно чаканьнем таго моманту, калі яна зможа быць зусім пасіўнай.

Адылі жанчыны пераймаюць свае перакананьні і думкі ня толькі ад “сапраўднага” мужчыны (хоць ад яго найахвотней), але таксама і ад бацькі і маці, дзядзькі й цёткі, братоў і сёстраў, бліжніх сваякоў і далёкіх знаёмцаў. Жанчыны радыя, калі нехта фармуе іхныя меркаваньні. Ня толькі нясьпелыя дзеці, а нават і дарослыя й замужнія жанчыны паўтараюць адна адную, нібы гэта ёсьць натуральным, запазычваючы ўсё без вынятку: ад больш густоўнага ўбраньня ці прычоскі, паважнай паставы, да крамаў, у якіх яны робяць закупы, і рэцэптаў, паводле якіх яны гатуюць. І праз гэтае ўзаемнае капіяваньне яны таксама не адчуваюць сваю годнасьць прыніжанай: як мусіла б, бадай, быць, калі б яны мелі пэўную індывідуальнасьць з уласьцівым ёй імкненьнем датрымлівацца толькі свайго собскага закону ў чыстай форме. То бок, тэарэтычнае зьмесьціва жаноцкага мысьленьня й дзеяньня складаецца галоўным чынам з таго, што яны атрымалі ў спадчыну і некрытычна перанялі ад іншых. Жанчыны тым больш прагавіта хапаюцца за гэтыя ідэі й тым больш дагматычна выконваюць іх, таму што жанчына ніколі не даходзіць да пэўнага перакананьня самачынна, зыходзячы з аб’ектыўнага разгляду рэчаў, і таму яна ніколі добраахвотна не адступаецца ад нейкай думкі згодна са зьмяненьнем адпаведнага аспэкту, ніколі сама не загадвае сваёй думкай, але заўсёды толькі чакае, каб у яе ўклалі нейкае меркаваньне, якога б яна пасьля магла ўпарта датрымлівацца. Таму жанчыны выяўляюць найбольшую нецярплівасьць, калі адбываецца парушэньне санкцыяваных нораваў і звычаяў, не зважаючы на зьмест апошніх. Я хачу падаць, паводле Гербэрта Спэнсэра, адзін выпадак гэткага кшталту, які выглядае асабліва забаўна ў зьвязку з жаночым рухам. Як у шмат якіх індзейскіх плямёнах Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, у племені дакота мужчыны займаюцца адно паляваньнем і вайной, узваліўшы ўсе брудныя й цяжкія заняткі на сваіх жанок. Жанчыны, заміж таго каб адчуваць сябе ў нейкай ступені прыгнечанымі, паступова настолькі прасякліся натуральнасьцю й справядлівасьцю такіх паводзінаў, што жанчына–дакотка ня можа мацней аблаяць і крыўдней абразіць іншую жанку, чымся гэтак: “Ганебная жанчына … я бачыла, як твой муж заносіў у хату дровы, каб распаліць агонь. Дзе была ягоная жонка, што ён сам быў вымушаны зрабіцца бабай?”

Гэтая надзвычайная вызначанасьць жанчыны тым, што палягае па–за ёй, у корані тоесная ейнай лёгкавернасьці, нашмат мацнейшай і больш безвынятковай, чымся ў мужчыны: абедзьве рэчы стасуюцца з тым, што пад час полавага акту й ягоных папярэдніх стадыяў жанчына жадае выконваць толькі пасіўную і ніколі актыўную ролю 2 . Менавіта агульная пасіўнасьць жаночай натуры ўрэшце спрычыняецца таксама й да таго, што жанчыны пагаджаюцца з мужчынскімі ацэнкамі і перахопліваюць гэтыя ацэнкі, да якіх ня маюць аніякага першапачатнага стаўленьня. Гэтае адбіцьцё ў жанчыне мужчынскіх паглядаў, гэтае прасякненьне ўласнага мысьленчага жыцьця жанчыны чужым элемэнтам, гэтае ілжывае прызнаньне маральнасьці, якое нават нельга назваць крывадушнасьцю, таму што яно не слугуе сукрыцьцю чагосьці антымаральнага, гэтае прыманьне і ўжываньне запавету, цалкам гетэраномнага ёй паводле сваёй сутнасьці, увогуле можа — дзякуючы таму, што жанчына сама нічога не ацэньвае — адбывацца лёгка й гладка, і лёгка можа рабіць найпадманлівейшае ўражаньне, быццам жанчына мае вышэйшую маральнасьць. Ускладненьні могуць пачацца адно ў тым выпадку, калі нешта сутыкаецца з адзінай прыроджанай, сапраўднай і агульнажаночай ацэнкай, узьнясеньнем коітусу вышэй за ўсё.

Жанчына сьцьвярджае лучнасьць у якасьці найвышэйшай каштоўнасьці зусім нясьведама, бо гэтаму сьцьвярджэньню не супрацьстаіць, як у мужчыны, альтэрнатыва — адмовіць яе, тут няма дваістасьці, якая б магла ўмагчыміць усьведамленьне. Ніводная жанка ня ведае і ніколі ня ведала, ды нават не магла калі–небудзь ведаць, што яна робіць, калі зводнічае. Бо сама жаноцкасьць ідэнтычная зводніцтву, і жанчыне давялося б вылезьці зь сябе, каб заўважыць, каб зразумець, што яна зводнічае. Гэтак найбольш глыбокае жаданьне жанчыны, тое, што насамрэч значыць ейнае быцьцё, заўсёды застаецца непазнаным ёю. Такім чынам, нішто не замінае таму, каб мужчынская нэгатыўная ацэнка сэксуальнасьці поўніцай перакрыла ў сьвядомасьці жанчыны пазытыўную жаноцкую. Рэцэптыўнасьць жанкі распасьціраецца так далёка, што тое, чым яна ёсьць — адзінае, чым яна насамрэч пазытыўна ёсьць! — нават гэта яна можа адмаўляць.

Але мана, якую яна зьдзяйсьняе, прысабечваючы сабе мужчынскую грамадзкую думку пра сэксуальнасьць, пра бессаромнасьць, нават пра самую ману і робячы сваімі мужчынскія крытэры ацэнкі ўсіх учынкаў, — гэтая мана такога кшталту, што ніколі не ўсьведамляецца ёю, яна атрымлівае другую натуру, нават не падазраючы, што гэтая натура — ня ейная собская; яна ставіцца да сябе сур’ёзна, мяркуе, што яна чымсьці ёсьць і штосьці мяркуе, яна перакананая ў шчырасьці й спрадвечнасьці сваіх маральных паводзінаў і ацэнак: так глыбака сядзіць гэтая мана, арганічная мана, я б найлепей сказаў, калі дазволіце: анталягічная ілжывасьць жанчыны.

Вольфрам фон Эшэнбах апавядае пра свайго героя:

... So keusch und rein
Ruht’ er bei seiner Kцnigin,
DaЯ kein Genьgen fдnd’ darin
So manches Weib beim lieben Mann.
DaЯ doch so manche in Gedanken
Zur Ьppigkeit will ьberschwanken,
Die sonst sich sprцde zeigen kann!
Vor Fremden zьchtig sie erscheinen,
Doch ist des Herzens tiefstes Meinen
Das Widerspiel vom дuЯern Schein
.

… Так цнатліва і чыста ён спачывае ля сваёй каралевы, што шмат якія жанчыны не здаволіліся б гэтым з каханым мужчынам. Ці мала якая, што зазвычай можа выстаўляцца такой непрыступнай, у думках хоча пышнасьці! Перад чужымі яны — сарамлівыя, але найглыбейшае імкненьне сэрца — адваротнае ад вонкавага ўражаньня.

На тое, што ёсьць найглыбейшым імкненьнем у жаночым сэрцы, Вольфрам намякнуў дастаткова ясна. Але ён кажа ня ўсё. Гэткім чынам жанчыны падманваюць ня толькі іншых, але таксама й сябе самых. Адылі сваю натуру, хай нават фізычную, нельга вось гэтак — штучна й звонку — душыць без наступстваў. Гігіенічным пакараньнем жанкі за адмаўленьне ад собскай сапраўднай прыроды ёсьць гістэрыя.

З усіх нэўрозаў і псыхозаў зьявы гістэрыі інтрыгуюць псыхоляга ледзь не найбольш, стаўляючы перад ім нашмат больш цяжкую і таму больш прывабную задачу, чымся мэлянхолія, хворых на якую можна ўзглядна лёгка зразумець, ці якая–небудзь звычная параноя.

Праўда, амаль усім псыхіятрам уласьцівы невынішчальны недавер да псыхалягічных дасьледаваньняў; кожнае тлумачэньне, што зводзіцца да паталягічнага зьмяненьня тканіны ці да інтаксыкацыі празь ежу, для іх a limine праўдападобнае, толькі за псыхічным яны ня хочуць прызнаваць першаснай дзейснасьці. Але на гэтыя прымхі ня варта зважаць, бо яшчэ ніколі ня быў атрыманы які–небудзь доказ таго, што другасная роля мусіць выпадаць хутчэй псыхічнаму, чымся фізычнаму, — усе спасылкі на “захаваньне энэргіі” найбольш аўтарытэтнымі фізыкамі былі дэзавуяваныя. Высьвятленьне “псыхічнага мэханізму” гістэрыі можа мець бясконца вялікае значэньне, магчыма нават — нішто не гаворыць супраць гэтага 3 — вырашальнае. Што гэты шлях, найбольш верагодна, слушны, пацьвярджаецца таксама і тым, што нешматлікія праўдзівыя адкрыцьці, якія былі зроблены дагэтуль пра гістэрыю, здабываліся менавіта гэтак: я маю наўвеце досьледы, зьвязаныя зь імёнамі П’ера Жанэ ды Оскара Фогта, і асабліва І.Броера і З.Фройда. Любое далейшае дасьледаваньне гістэрыі трэба праводзіць у тым кірунку, які пачалі распрацоўваць гэтыя мужчыны: у кірунку рэканструкцыі псыхалягічнага працэсу, што прывёў да хваробы.

У схематычным выглядзе, як мне падаецца, узьнікненьне апошняй, зыходзячы з гіпотэзы сэксуальнага “траўматычнага” перажываньня як найбольш частай (паводле Фройда — адзінай) прычыны захворваньня, трэба ўяўляць сабе гэтак: жанчына, зьведаўшы якое–небудзь сэксуальнае перажываньне ці ўяўленьне, зразумеўшы яго празь першапачатнае ці зваротнае дачыненьне да сябе, цяпер згодна з навязанай ёй і поўніцай перанятай ёю, перайшоўшай у яе і непадзельна апаноўваючай ейную цьвярозую сьвядомасьць мужчынскай ацэнкай, адштурхоўвае яго як цэлае, абураецца ім, робіцца няшчаснай — і адначасна згодна з собскай будовай, як жанка, ацэньвае яго пазытыўна, пагаджаецца зь ім, жадае ў самых глыбінях свайго несьвядомага; тады гэты канфлікт працягвае ў ёй гнаіцца, брадзіць, і раз–пораз выплёскваецца ў прыпадку: такая жанчына ўвасабляе менш ці больш тыповую карціну хваробы гістэрыі. Такім чынам, адчуваньне, зьнітаванае з полавым актам, да якога жанчына, як ёй падаецца, адчувае агіду, але якога насамрэч нешта ў ёй, ейная першапачатная прырода, хоча, тлумачыцца як “чужароднае цела ў сьвядомасьці”. Калясальная інтэнсіўнасьць жаданьня, якое ад кожнай спробы задушыць яго толькі ўзмацняецца, і тым мацнейшае, чым больш абражанае адпіхваньне гэтай думкі, — вось тая зьменлівая гульня, якая адбываецца ў гістэрычкі. Бо хранічная ілжывасьць жанкі абвастраецца, калі яна закранае галоўны пункт, калі жанчына дазваляе прышчапіць сабе яшчэ і тую нэгатыўную ацэнку, якую мужчынская этыка дае сэксуальнасьці. А што гістэрычкі наймацней падлеглыя ўплывам з боку мужчыны, добра вядома. Гістэрыя — гэта арганічны крызыс арганічнай ілжывасьці жанчыны. Я не адмаўляю, што бываюць таксама, але ўзглядна рэдка, гістэрычныя мужчыны: бо адной з шматлікіх магчымасьцяў, якая псыхалягічна закладзена ў мужчыну, ёсьць магчымасьць стаць жанчынай, і праз гэта, у пэўных абставінах, гістэрыкам. Праўда, ёсьць таксама ілжывыя мужчыны; але ў іх крызыс адбываецца йначай (таксама як і іхная ілжывасьць заўсёды йнакшая, яна ніколі не бывае так цалкам безнадзейнай): ён прыводзіць да ачышчэньня, дарма што часьцяком толькі часовага.

Гэтае глыбокае разуменьне арганічнай ілжывасьці жанчыны, ейнай няздольнасьці да праўды пра сябе самую, што прыводзіць толькі да таго, што яна думае такім чынам, які ёй зусім не адпавядае, падаецца мне ў прынцыпе здавальняючым разьвязаньнем тых складанасьцяў, якія выстаўляе этыялёгія гістэрыі. Калі б цната жанкі была сапраўднаю, то яна не магла б пакутаваць празь яе; яна толькі расплачваецца за ману ў стасунку да собскай, у рэчаіснасьці не аслабленай канстытуцыі. Цяпер трэба растлумачыць і пацьвердзіць доказамі яшчэ некаторыя асобныя драбніцы.

Гістэрыя паказвае, што ілжывасьць, як бы глыбака яна ні сягала, усё–ткі сядзіць недастаткова трывала, каб засьціць усё. Праз выхаваньне й зносіны зь людзьмі жанка засвоіла цэлую сыстэму чужых ёй уяўленьняў і ацэнкаў, ці хутчэй: пакорна дазволіла ім усебакова ўплываць на сябе; і патрэбны зусім моцны штуршок, каб выбіць грунт з–пад гэтага вялікага, моцна ўрослага ў яе псыхічнага комплексу і такім чынам прывесьці жанчыну ў стан той інтэлектуальнай бездапаможнасьці, той “Abulie”, якая так характэрная для гістэрыі. Хіба што надзвычайны жах здольны перакуліць штучнае збудаваньне і тады зрабіць жанчыну арэнай барацьбы паміж неўсьвядомленай ёю, прыгнечанай натурай з хай і ўсьвядомленым, але ненатуральным для яе духам. Матляньнем паміж абодвума бакамі, якое тады распачынаецца, тлумачыцца надзвычайная псыхічная непасьлядоўнасьць пад час гістэрычных пакутаў, бясконцыя зьмены розных настрояў, зь якіх ніводны ня можа быць схоплены й запынены, ніводзін не даступны для назіраньня й апісаньня і ня можа быць пазнаны й задушаны якім–колечы ядром сьвядомасьці, якое б яшчэ мела ўладу над імі. З гэтым зьнітаваная таксама й надзвычайная лёгкасьць, зь якой гістэрычкі палохаюцца. Аднак можна меркаваць, што шмат якія стымулы, наколькі б аб’ектыўна далёка ні былі яны ад сфэры сэксуальнага, могуць успрымацца імі як сэксуальныя; але тады хто наважыўся б сказаць, да чаго ўсярэдзіне іх далучылася жахлівае вонкавае перажываньне зусім, здавалася б, асэксуальнай прыроды?

Надзвычай дзіўным заўсёды здавалася суіснаваньне ў гістэрычках столькіх супярэчнасьцяў. З аднаго боку, яны выяўляюць эмінэнтна крытычны розум і вялікую ўпэўненасьць меркаваньняў, яны выступаюць супраць гіпнозу і г.д., і г.д., зь іншага боку, яны могуць ад найменшых стымулаў узбуджацца наймацнейшым чынам, яны здольныя дасягаць найглыбейшых ступеняў гіпнатычнага сну. З аднаго боку, яны анамальна цнатлівыя, зь іншага — празьмерна пачуцьцёвыя.

Паводле нашага гледзішча ўсё гэта ўжо не складае цяжкасьці для тлумачэньня. Грунтоўная прыстойнасьць, хваравітая любоў да праўды, строгае пазьбяганьне ўсяго сэксуальнага, разважлівасьць меркаваньняў і сіла волі — усё гэта адно частка той псэўдаасобы, якую жанчына атрымала ў выніку сваёй пасіўнасьці, каб пасьля ўдаваць перад самой сабой і ўсім сьветам. Усё, што належыць да яе першапачатнага іства і адпавядае ейнаму сэнсу, складае тую “адколатую асобу”, тую “неўсьвядомленую душу”, якая адначасна здольная сыпаць непрыстойнасьцямі і так даступная сугестыўнаму ўплыву. У зьявах, называных “duplex” і “multiplex personality”, “double conscience”, “раздваеньнем асобы”, хацелі ўгледзець адзін з наймацнейшых аргумэнтаў супраць гіпотэзы адзінае душы. Насамрэч якраз гэтыя фэномэны ёсьць найбольш значным сьведчаньнем таго, што пра адну душу можа быць ход, і калі пра яе можа быць ход. “Раздваеньні асобы” магчымыя толькі там, дзе асобы няма ад самага пачатку, як у выпадку жанчыны. Усе тыя слынныя выпадкі, якія Жанэ апісаў у сваёй кнізе “L’Automatisme psycholоgique”, датычаць жанчын, ніводны зь іх не датычыць мужчыны. Толькі жанчына, пазбаўленая душы, пазбаўленая здольнага да інтэлекту Я, ня мае моцы ўсьвядоміць усё, што зьмяшчаецца ў ёй, запаліць сьвятло праўды над сваім нутраным сьветам; і толькі жанчына праз цалкам пасіўнае прасякненьне чужой сьвядомасьцю і праз стымулы, адпаведныя сэнсу ейнай собскай натуры, можа быць настолькі агаломшаная, як ёсьць перадумоваю апісаных Жанэ гістэрычных станаў, толькі зь ёй могуць здарацца такія цьмяныя пераапрананьні натуры, спадзяваньне на коітус у выглядзе страху перад актам, нутраное маскаваньне перад самой сабой і занурэньне сапраўднага жаданьня ў непранікальную абалонку, нібы ў кокан. Сама гістэрыя — гэта банкруцтва накладзенага, павярхоўнага “ўяўнага Я”; таму яна на пэўны час робіць жанчыну амаль “tabula rasa”: калі здаецца, быццам у ёй не засталося нават ніводнага собскага поцягу (“анарэксія”); пакуль урэшце сапраўдная жаноцкасьць не пачынае сьцьвярджаць сябе насуперак ілжываму адмаўленьню. Калі той “нэрвовы шок”, тая “псыхічная траўма” ўвогуле можа быць асэксуальным спалохам, дык гэта значыць, што спалох папросту высьветліў нутраную слабасьць і нетрываласьць прынятага Я, застрашыў яго, прагнаў і такім чынам стварыў магчымасьць для выбуху сапраўднай натуры.

Выяўленьне апошняй ёсьць той “супрацьволяй” Фройда, што ўспрымаецца як чужаніца і выклікае супраціў у форме ўцёкаў да былога, адылі цяпер ужо лядашчага й ломкага “ўяўнага Я”. Жанчына спрабуе адкінуць “супрацьволю”: даўней той вонкавы прымус, які гістэрычка ўспрымала ў якасьці абавязку, прагнаў уласную натуру за парог сьвядомасьці, наклаў на яе праклён, зьнерухоміў яе ланцугамі; цяпер жанчына яшчэ раз спрабуе ўцячы ад вызваленых, сягаючых на паверхню сілаў у тую сыстэму прынцыпаў і зь ейнай дапамогаю скінуць і раздушыць нязвычныя спакусы; але гэтая сыстэма ўжо страціла, прынамсі, адзінаасобную ўладу.

“Чужароднае цела ў сьвядомасьці”, “кепскае Я” насамрэч ёсьць сама сапраўднай жаноцкай натурай, тымчасам як тое, што яна лічыць сваім праўдзівым Я, — гэта якраз асоба, якой яна сталася праз пранікненьне ўсяго чужога. “Чужароднае цела” — гэта сэксуальнасьць, якую яна не прызнае, якой прыналежнасьць да сябе яна адмаўляе; якую, аднак, яна ўжо ня можа прагнаць, як дагэтуль, калі ейныя поцягі бясшумна і быццам назаўсёды сышлі, саступіўшы месца прыстойнасьці. Праўда, яшчэ й цяпер паўстрымліваныя з надзвычайным напружаньнем сэксуальныя ўявы могуць “канвэртавацца” ўва ўсемагчымыя станы і гэтак спараджаць той заўсёды зьменлівы характар пакутаваньня, тое пераскокваньне з аднога органа на іншы, тую карціну, падобную да ўсяго і ніколі не канстантную, якая заўсёды так моцна абцяжарвала вызначэньне гістэрыі паводле набору ейных сымптомаў; але ў аніводнай з усіх “канвэрсіяў” поцяг ужо не зьнікае, бо ён вымагае выяўленьня, аніводнае ператварэньне ня здольнае яго вычарпаць.

Няздольнасьць жанчынаў да праўды — трымаючыся пазыцыяў кантаўскага індэтэрмінізму, я лічу, што яна вынікае з браку ў іх свабоднай волі да праўды, — абумоўлівае іхную ілжывасьць. Хто меў дачыненьні з жанчынамі, той ведае, як часта яны, калі іх прымушаюць хутка адказаць на пытаньне, экспромтам выдумляюць для сваіх выказваньняў ці ўчынкаў любыя непраўдзівыя прычыны. Далей: слушна, што якраз гістэрычкі старанна (але ніколі бяз пэўнай дэманстрацыйнай наўмыснасьці) пазьбягаюць усялякай няпраўды: але менавіта ў гэтым палягае, як бы парадаксальна гэта ні гучала, іхная ілжывасьць. Бо яны ня ведаюць, што суцэльнае патрабаваньне праўдзівасьці прыйшло да іх звонку й паступова ўкаранілася ў іх. Яны па–нявольніцку прынялі пастулят маральнасьці і таму пры кожнай нагодзе, быццам паслухмяны нявольнік, паказваюць, як дбайна яны яго датрымліваюцца. Калі пра каго–небудзь часта кажуць, які выключна прыстойны гэты чалавек, гэта заўсёды кідаецца ў вочы: значыць, напэўна, што ён паклапаціўся аб тым, каб людзі гэта ведалі, і можна ісьці ў заклад, што ў душы ён — круцель. Тое, што лекары (натуральна, зусім шчыра) так часта падкрэсьліваюць, як высака іхныя пацыенты стаяць у маральным дачыненьні, ня можа выклікаць даверу да сапраўднасьці гістэрычнай маральнасьці.

Я паўтараю: гістэрычкі не зьдзяйсьняюць наўмысную сымуляцыю; толькі пад сугестыўным уплывам яны могуць зразумець, што насамрэч яны сымулявалі, і толькі гэтак трэба тлумачыць усе тыя выпадкі, калі яны “прызнаваліся” ў сымуляцыі. Звычайна ж яны вераць ува ўласную шчырасьць і маральнасьць: таксама і сымптомы, якія іх мучаюць, ня ўяўныя; больш праўдападобна, што яны сапраўды адчуваюць іх, і што сымптомы зьнікаюць толькі праз Броераў “катарсыс”, калі яны пад гіпнозам усьведамляюць сапраўдныя прычыны хваробы. Гэта даводзіць арганічнасьць іхнай ілжывасьці.

Гучныя самаабвінавачваньні, якія звычайна так уласьцівыя гістэрычкам, ёсьць ня чым іншым, як несьвядомым удаваньнем. Ня можа быць сапраўдным пачуцьцё віны, якое роўным чынам распасьціраецца на найменшыя й найвялікшыя рэчы; калі б гістэрычныя самамучыцелькі мелі меру й крыніцу маральнасьці ў сабе самых, дык іхныя самаабвінавачваньні не былі б такімі бязладнымі, і яны не лічылі б нават сама нязначныя свае абмылкі гэтаксама цяжкімі, як найвялікшы грэх.

Вырашальная прыкмета несьвядомай ілжывасьці іхных самапапрокаў — гэта той спосаб, у які яны звычайна распавядаюць іншым, якія яны дрэнныя, якія грахі яны зьдзейсьнілі, і пытаюцца ў іншых, ці не зьяўляюцца яны самыя (гістэрычкі) наскрозь і дазваньня заганнымі істотамі. Той, каго сапраўды прыгнятаюць згрызоты сумленьня, ня можа так гутарыць. Гэта падман, ахвярамі якога сталі насамперш Броер і Фройд, выставіўшы якраз гістэрыкаў эмінэнтна маральнымі людзьмі. Бо гістэрыкі адно больш поўна, чымся іншыя, прасякліся першапачатна чужым ім элемэнтам, маральлю. Тады яны па–нявольніцку падпарадкоўваюцца гэтаму кодэксу, нічога больш ня спраўджваюць самастойна, не зважаюць на дробязі. Гэта лёгка можа падацца сама строгім рыгарызмам у дачыненьні да прыстойнасьці, і ўсё–ткі ёсьць як нельга больш амаральным, бо ў гэтым палягае найвышэйшая гетэранімія, якая толькі ўвогуле магчымая. Маральнай мэце сацыяльнай этыкі — паводле якой мана наўрад ці можа ўважацца за загану, калі яна карысная для грамадзтва ці для разьвіцьця роду, — ідэалу чалавека ў такой гетэраномнай маралі гістэрычныя людзі, магчыма, адпавядаюць больш, чымся любая іншая істота. Гістэрычная баба — гэта выпрабавальная мадэль этыкі посьпеху і сацыяльнай этыкі: як у генэтычным сэнсе , бо маральныя загады сапраўды надаліся ёй звонку, так і ў практычным, бо ейная чыннасьць хутчэй можа падацца альтруістычнай: для яе абавязкі перад іншымі не зьяўляюцца асобым выпадкам абавязку перад сабой самай.

Чым больш рупліва, паводле іхнага ўласнага меркаваньня, гістэрычкі датрымліваюцца праўды, тым глыбей сядзіць іхная ілжывасьць. Іхная поўная няздольнасьць да собскай праўды, да праўды пра сябе — гістэрычныя людзі ніколі не разважаюць пра сябе, а толькі хочуць, каб нехта іншы паразважаў пра іх, яны хочуць, каб імі цікавіліся, — зьнітаваная з тым, што гістэрычныя людзі аказваюцца найлепшымі мэдыюмамі для гіпнозу любога кшталту. Адылі той, хто дазваляе загіпнатызаваць сябе, зьдзяйсьняе найбольш амаральны ўчынак, пра які толькі можна падумаць. Ён аддае сябе ў найабсалютнейшае нявольніцтва: ён адмаўляецца ад сваёй волі, ад сваёй сьвядомасьці, іншы чалавек атрымлівае ўладу над ім і стварае ў ім любую сьвядомасьць, якую толькі захоча спарадзіць. Гэтак гіпноз даводзіць, што любая магчымасьць праўды залежыць ад жаданьня праўды, то бок, ад жаданьня быць сабой: калі чалавеку пад гіпнозам даручаюць зрабіць нешта, і ён выконвае гэта, калі прачынаецца, дык на пытаньне пра падставы собскага ўчынку ён без ваганьня называе першы–лепшы выдуманы матыў; гэтак ён апраўдвае свой учынак, ня толькі для іншых, але таксама і для самога сябе, зусім беспадстаўным тлумачэньнем. Тут Кантавая этыка, так бы мовіць, знаходзіць экспэрымэнтальнае пацьвярджэньне. Калі б гіпнатызаваны проста нічога ня памятаў, дык ён мусіў бы спалохацца таго, што ён ня ведае, чаму ён нешта робіць. Але ён папросту вынаходзіць сабе новы матыў, які ня мае зусім нічога супольнага з праўдзівай прычынай, зь якой ён выконвае дзеяньне. Бо ён адмовіўся ад сваёй волі і ў выніку гэтага ўжо няздольны да праўды.

Далей: усе жанчыны могуць быць загіпнатызаванымі, і яны ахвотна дазваляюць загіпнатызаваць сябе; лягчэй за ўсіх, мацней за ўсіх — гістэрычкі. Нават успамін пра пэўныя рэчы зь іх жыцьця — бо Я, воля стварае ўспамін — у жанчын можна выцерці, зьнішчыць праз простыя намовіны, быццам бы яны нічога пра гэтыя рэчы ня ведаюць.

Тое Броерава “адрэагаваньне” псыхічных канфліктаў загіпнатызаваным хворым настойліва даводзіць, што ягонае пачуцьцё віны не было першапачатным. Хто аднойчы шчыра адчуў сваю віну, таго ніколі нельга вызваліць ад гэтага пачуцьця віны так поўна, як гістэрычак — пад простым уплывам чужога слова.

Адылі нават гэтая ілжывая строгасьць да сябе, уласьцівая жанчынам гістэрычнага складу, стаецца бясьсільнай у той момант, калі ўяўна ўтаймаваная натура, сэксуальнае прагненьне, пагражае прабіцца на паверхню. Падчас гістэрычнага параксызму ў жанчыне адбываецца ня што іншае, як наступнае: ня верачы сабе самой цалкам, як дагэтуль, яна працягвае запэўніваць сябе: я ж гэтага зусім не хачу, гэтага хочуць, нехта іншы хоча гэтага ад мяне, але я гэтага не хачу. Любы штуршок з боку іншых зьвязваецца цяпер з тым празьмерна дзёрзкім патрабаваньнем, якое, паводле ейнага меркаваньня, выстаўляецца ёй звонку, але папраўдзе паходзіць зь ейнай собскай натуры і поўніцай адпавядае ейным найглыбейшым жаданьням; толькі таму гістэрычак пад час прыпадку так лёгка ўзрушыць праз найнязначнейшыя рэчы. Тут заўсёды йдзецца пра апошні ілжывы супраціў, змаганьне з собскай канстытуцыяй, якая вызваляецца зь неверагоднай сілай; “ Attitudes passionnelles ” гістэрычак — ня што іншае, як гэтае дэманстрацыйнае адхіленьне полавага акту, якое мусіць быць такім гучным менавіта таму, што яно ўсё–ткі несапраўднае, і таму яно павінна быць настолькі гучнейшым, чымся даўней, што цяпер небясьпека большая 4 . У сьвятле гэтага зусім зразумела, чаму пры вострай гістэрыі найвялікшая роля так часта выпадае сэксуальным перажываньням дапубэртэтнага пэрыяду. Уплыў чужых маральных паглядаў на дзіця адбываўся ўзглядна лёгка: ня трэба было пераадольваць значны супраціў з боку сэксуальных жаданьняў, якія амаль што поўніцай спалі. Але ж цяпер толькі адсунутая, непераадоленая натура ўзгадвае старое, ужо тады пазытыўна ацэньванае ёю — адно што не было сілы сьцьвердзіць яго на ўзроўні цьвярозай сьвядомасьці — перажываньне, і толькі цяпер яно набывае так неадхільную спакусьлівасьць. Цяпер праўдзівую патрэбу ўжо нельга хаваць ад цьвярозай сьвядомасьці з такой лёгкасьцю, як даўней, і ў выніку адбываецца крызыс. Тое, што сам гістэрычны прыпадак можа праяўляцца ў так шматстайных формах і ўвесь час набываць новы набор сымптомаў, магчыма, абумоўлена толькі тым, што крыніца хваробы застаецца непазнанай, што факт наяўнасьці сэксуальнага прагненьня не прызнаецца індывідуумам, не разглядаецца як зыходны зь яго, а прыпісваецца пэўнаму другому Я.

Але ў гэтым палягае й асноўная памылка усіх мэдыкаў, якія назіраюць гістэрыю: яны заўсёды роўным чынам паддаваліся таму падману гістэрычак, ахвярамі якога гістэрычкі стаюцца самі 5 : не тое Я, што супраціўляецца, а тое, якому супраціўляюцца, ёсьць уласнай, праўдзівай і першапачатнай натурай гістэрычак, як бы старанна яны ні ўдавалі самым сабе ды іншым, што яно — чужое. Калі б Я, што супраціўляецца, насамрэч было іх уласным, дык яны б маглі супрацьстаяць стымулу як чужому для іх, сьвядома ацаніць яго і зь непахіснай рашучасьцю адрынуць, мысьленна выкрышталізаваць яго, каб пасьля пазнаваць. Але ў рэчаіснасьці жанчына нібы апранае маску, бо Я, што супраціўляецца, толькі пазычанае, і таму ў яе нестае мужнасьці паглядзець у вочы собскаму жаданьню, дарма што яна ўсё–ткі неяк прыглушана адчувае, што яно — праўдзіва прыроджанае, адзіна магутнае. Таму тое прагненьне і ня можа заставацца ідэнтычным, бо бракуе ідэнтычнага суб’екта; і ў выніку таго, што яго спрабуюць задушыць, яно, так бы мовіць, пераскоквае ад адной часткі цела да іншай. Бо мана мае шмат абліччаў, яна ўвесь час набывае новыя формы. Магчыма, гэтую спробу тлумачэньня палічаць міталягічнай; але несумненным падаецца, прынамсі, што тая зьява , якая праяўляецца то як кантрактура, тады раптам як геміянэстэзія, а пасьля ўвогуле як паралюш, — адно самае. Гэтае адно ёсьць той рэчай, якую гістэрычка ня хоча прызнаваць як належную да сябе і пад уладу якой яна якраз праз гэта трапляе: бо калі б яна прызнала яе сваёй і ацаніла, як яна прызнавала сваімі ўсе іншыя найнязначнейшыя рэчы, то яна б заразом стала быццам звонку свайго перажываньня і вышэй за яго. Якраз шалёнае лютаваньне гістэрычак супраць чагосьці, што ўспрымаецца імі як чужое жаданьне, але паходзіць зь іхнай сама праўдзівай натуры, паказвае, што насамрэч яны зусім гэтаксама па–нявольніцку падуладныя сэксуальнасьці, як негістэрычныя жанчыны, яны гэтаксама апантаныя сваім лёсам і ня маюць нічога вышэйшага за яго: ня маюць пазачасавага, здольнага да інтэлекту, вольнага Я.

Цяпер мяне слушна запытаюць, чаму ж ня ўсе жанчыны гістэрычныя, калі яны ўсе ілжывыя. Гэтае пытаньне закранае ня што іншае, як гістэрычную канстытуцыю. Калі распрацаваная намі тэорыя слушная, то яна мусіць здолець даць адказ і на гэта …


Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевіч
паводле
Otto Weininger, Geschlecht und Charakter. Wien und Leipzig, 1905.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-05-2000