хроніkа |
Зьміцер Гарбуноў
|
«Мой міленькі захварэў, «Ніхто не жыве даўжэй, чым тыя, хто ўвесь час хварэе». Нельга сказаць, што хвароба гэтая навалілася на яго адразу й зьнянацку. Усё адбывалася павольна, нетаропка, незаўважна. Калі хваробу яшчэ можна было адолець, ён чамусьці нічога не рабіў. Гэта было тым больш незразумела таму, што ў яго быў ужо даволі сумны досьвед наступстваў таго, калі працэс заходзіць задалёка. Першыя сымптомы хваробы зьявіліся дзесьці пры канцы зімы, калі ад яго сышоў сябра,
сышоў акурат у дзень ягонага 30–годзьдзя. Нават не разьвітаўшыся. Нічога асаблівага тады
ня здарылася, проста сябра вяртаўся да нармалёвага жыцьця. Тым ня менш, сябра быў
патрэбны яму кожны дзень, кожную гадзіну, таму гэтая страта была вельмі адчувальнай. |
Менавіта тады ён зразумеў, што зноў цяжка хворы. Неяк надышла думка, што “вірус” пасяліўся ў ім улетку мінулага году і з тых часоў нагадваў аб сваім існаваньні, але дагэтуль яму было незразумела, што гэта сапраўды такое. А зараз… Хвароба нібы забаўлялася зь ім. Яна катавала яго два–тры разы ў месяц. Прычым накідвалася часьцей за ўсё ў той час, калі пакуты ад яе крыху сьціхалі. Паміж тым ён заўважыў таксама, што трызьненьне гэтае прыносіла адначасова й пэўную прыемнасьць, а часам хварэць было нават салодка. Калі ён гадзінамі ляжаў распластаны ў ложку, у сьвядомасьці ўзьнікалі ўспаміны аб мінулых выпадках хваробы. “Лекаў” тады было досыць, дый час быў — ня тое, што зараз — юнак, маладзён… “Лекі” былі для яго звычайныя, у залежнасьці ад узросту, стану кішэняў і душы. Інтэнсіўная тэрапія ў спалучэньнях з аднаго боку, “Алазанская даліна” ці падвоены “Херэс”, з другога — “Трохкутнік”, “Дзеці сьнежня”, “Дзень Срэбра” Б.Грабеншчыкова, “Achtung Baby!” U2 (ён сам сабе чытаў другое слова беларускай лацінкай). А ўночы, зразумела, soundtrack Анджэла Бадаламэнці да “Twin Peaks” Дэвіда Лінча, ды яшчэ разгорнутая “Судовая сэксалёгія” Старовіча на падлозе каля ложку. У хваробы, такім чынам, не было ніякіх шанцаў. Пазьней ужо, калі хвароба ўзьнікла зноў, рэабілітацыйнымі захадамі аказаліся шыкоўныя “Cordon’s”, “White Horse”, “Calvados” і гэты сапраўдны цуд — “Белая Русь” берасьцейскай вытворчасьці (пляшка “пад вінт”, чорны корак з кармінавай Пагоняй, усяго 4.70 DM у Duty Free на КПП “Заходні Буг”). І ўсё гэта ў спалучэньні з Midnight Oil (асабліва “…The Beds Are Burning”), Сocteau Twins, Phish, Sugar Cubes, soundtrack–ам да “Pulp Fiction” Таранціна, пасьля Данчык, “Крама”, “Палац” і “Песьняры” часоў уваходжаньня ў чарты “білборду”. А цяпер у яго была толькі гарбата. Розных гатункаў, пераважна другасных, часам зусім нейкае сьмецьце. З гарбаты ён натхнёна рабіў чыфір, доўга назіраючы за рухамі пялёсткаў у слоіку з кіпнем і колерамі вадкасьці, што зьмяняюцца кожныя паўхвіліны. Пялёсткі гарбаты, што павольна тапіліся ў слоіку, чамусьці нагадвалі яму попел неатрыманых лістоў. Напой гэты, атрутны для нармалёвага чалавека, уздымаў кроў і прымушаў думаць пра хваробу. Але відавочна псаваў сэрца. Ён ужываў яго амаль да ванітаў. Хвароба была вельмі сур’ёзная. Сёньняшняе жыцьцё, у якім ён апынуўся некалькі гадоў таму, не дазваляла хварэць па–людзку. Ноччу апошняя думка перад сном была аб тым, што хвароба ўжо дастае й зьнясільвае. А раніцай першае асэнсаваньне — зноў ня дасьць сёньня жыцьця. Але па–над усім гэтым панавала тонкая, крыху мазахісцкая асалода. Ніхто ня мог паўплываць на хваробу. Толькі ён мог вырашыць уласны лёс. Але зь цягам часу здавалася яму ўсё больш, што зрабіць гэта ўжо немагчыма. Дакладней, ён пакрысе схіляўся да думкі, што нічога рабіць ня будзе супраць гэтай навалы. Разьлік быў наступны. Калі хвароба ўсё–такі сыдзе паціху (на што надзеі было няшмат), то потым ужо ён ніколі не дазволіць сабе падчапіць гэтае няшчасьце. Зрабіць гэтак будзе няцяжка: дастаткова ў будучыні падтрымліваць пэўны лад жыцьця. Да таго ж, пасьля кожнай хваробы ў мінулыя гады ў яго выпрацоўваўся своеасаблівы імунітэт. А ў гэты раз хвароба была непараўнальна мацнейшая, таму імунітэт абяцаў быць той, што трэба. Вельмі шкада, але ён жорстка памыліўся. Ужо глыбокай ноччу, напіўшыся “атруты”, ён амаль забыўся ў сьне. Гэта быў час, калі малюе ніколі ня бачаныя абрысы, будуе паветраныя замчышчы ягонае безнадзейна хворае ўяўленьне; калі сэрца б’ецца ў сутаргах ад чаканьня таго, што наўрад ці калі адбудзецца; калі ўласныя філіі з фобіямі ледзь не разьдзіраюць на часткі ягонае alter ego. Раптоўна, сярод гэтых магутных акордаў разбуральнага аркестру, які сячэ душу на кавалкі, пачулася цудоўная мэлёдыя. Ён яшчэ адзначыў думку, што высьпела недзе ў падсьвядомасьці, — калі б ён зараз быў ня “тут”, а “там”, гэтая чароўная пяшчотная мэлёдыя панавала б над усім ягоным жыцьцём, пакінуўшы ад хваробы, ну, мабыць, невялічкі ўспамін. У гэты момант ён убачыў і зразумеў усё — хвароба пераўтваралася ў абсалютнае шчасьце, якога, зразумела, не існуе... Усё згасла раптоўна. Як і зьявілася. Цяпер ужо дакладна ўсё. Ён не дажыў да свайго вызваленьня крыху больш за год. Проста спынілася сэрца. Ніхто асабліва не цікавіўся — сьпісалі, як дзясяткі іншых небаракаў. Суседзі па нарах адзначалі, што быў ён апошнім часам нейкі засмучаны, падобна, хворы. Але ніколі ня скардзіўся ды ўсьміхаўся чамусьці свайму. Амаль ня спаў, увесь час чытаў свае незразумелыя іншым газэты, кнігі, пісаў у нататніку. Чалавек збольшага нядрэнны, ён нікому не зрабіў нічога дурнога, але й добрага таксама. Вопратку ягоную падзялілі, што каму было патрэбна. У тумбачцы засталіся толькі пусты пачак ад гарбаты, некалькі слоікаў, алоўкаў, чыстых сшыткаў. Быў яшчэ вялізны пакунак лістоў, але ён усё спаліў аднойчы, нібыта нешта прадчуваючы. Пляткарылі, што ў апошні год ён пазнаёміўся і ліставаўся зь нейкай дзяўчынай з волі і,
здаецца, быў безнадзейна закаханы, ня бачачы ніколі хаця б ейнага фота. Але хто яна,
адкуль — ніхто нічога ня ведаў, бо ён ніколі не распавядаў. Сышліся толькі ў адным — быў
ён “па жыцьці” хворы. Праз тыдзень гэтая сьмерць амаль забылася, а празь месяц зрэдку хто
ўзгадваў, ці быў такі. Замест эпілёгу У хваробы было звычайнае жаночае імя. Усяго чатыры літары, адзін рух ледзь адчыненых вуснаў… Для яго яно гучала нібы тое Элвісава “Love me tender…”, апошнім гукам, што сыходзіць з апошнім подыхам у апошняе імгненьне жыцьця. Чэрвень 1999 г.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |