аўтапартрэты |
Анатоль Прасаловіч
|
Маёй першай кнігай на беларускай мове былі “Героі Эляды”. Менавіта там, у гэтым сьвятым для мяне фаліянце, зь якога маці дасюль штосыботы рупліва выцірае пыл, я ўпершыню сутыкнуўся са словам “бог”. Дакладней, “багі”. Мне было пяць год, старэйшая група расейскамоўнага дзіцячага садочка, і я ледзь адолеў тую кнігу з-за процьмы незнаёмых словаў тыпу “неўзабаве”, “ахвяра”, але… Мне спадабалася. У маім дзіцячым уяўленьні багі з маёй кніжкі яшчэ доўга амаль аніяк не атаесамляліся з пэрсанажамі аднатэмных савецкіх мульцікаў. Яны былі зусім рознымі. Не любіў Зэўса (хоць ён і забіў Бацьку!), але неяк сапраўды пасябраваў з гарэзам Гермэсам. Можа, нават інфантыльна, па-свойску аБагаўляў. Гэта быў мой бог. Свой бог. А яшчэ ў старажытных грэкаў былі тытаны. (—) |
(—) У царкву, а дакладней, у касьцёл, я ўпершыню завітаў са сваім сябрам Дзянісам Зёзікам у другой клясе. Цяперака бажніца сьлепіць бельлю муроў ды срэбрам крыжоў, а тады яшчэ гэта быў аблезлы ружовы будынак безь цяперашняй танклявай, крыху нягеглай вежыны, у якім гадоў дваццаць да таго месьціўся кінатэатар, а ў 1987, калі мы зь Зёзікам туды палезьлі, будынак гэты працягваў быць грамадзкім. Грамадзкай прыбіральняй. Майстры сваёй справы, спрытныя барысаўцы (дый барысаўкі, пэўне, таксама) любілі абкладаць сваімі па-чалавецку вульгарнымі кучамі абшарпаныя, але яшчэ велічэзныя белыя калёны памяшканьня. Сьцены і аўтар былі шчодра абпісаныя любоўнымі шчыраваньнямі кшталту “Маша+Саша=Любовь” (Бог — гэта Любоў!) і дзесяткамі арыентавальных зацемак “Сдес был и с...л я”. Па цёмных сьлізкіх сходнях мы дапаўзьлі да таго месца, дзе колісь вылянгаўся арганісты–местачковец, а адтуль — на касьцёльнае паддашша. Я там і застаўся, і праседзеў там паўгадзіны. Я глядзеў на рэшткі настольнага росьпісу, што таямніча выглядалі з–пад пабелкі, а Зёзік бегаў наўкола, штурхаў мяне, каб мы ўжо спускаліся, але куды яму было зразумець, што адразу пасьля “Герояў” я праглынуў “Стралу расамахі” і цьвёрда верыў, што зраблюся археолягам. Але ж Зёзік зразумеў. Таямніча падміргваючы, ён завёў мяне долу, у сутарэньні; мы ўпаўзьлі ў вільготна–цагельную дзірку, запэцкаліся, як дзюдзікі... Упоцемках Дзяніс пашарыў наўзгад, штосьці намацаў і сунуў гэта “штосьці” мне ў рукі. На вуліцы, пры сьвеце барысаўскага ацалелага ліхтара, я разгледзеў неспадзяваны падарунак: то быў кавалак касьцёльнае кафлі, на адваротным баку якой было выбіта: “Edmund Swiкtorzecki, 1907”. (—) Калі мною ўпершыню авалодаў жах перад сьмерцю, мама супакойвала мяне тым, што нібыта, калі я вырасту, навукоўцы вынайдуць такі лек, які ўсяму чалавецтву падорыць несьмяротнасьць. Мала таго, што я ёй не паверыў. Мяне ўжо тады цікавілі яшчэ два пытаньні: “Колькі гэта будзе каштаваць, такое дзіва?” ды “Як гэта так, што ўсе будуць бесьсьмяротнымі?” Адказу я, здаецца, так і не пачуў, бо празь сьлёзы захліпнуўся ў царстве сну (чым ня сьмерць?), уторкнуўшыся ў падушку, матуліну цёплую падушку… (—) Больш за Гермэса я любіў тытана Прамэтэя. Хутчэй, не любіў, а паважаў. Ён быў для мяне ў дзяцінстве сапраўдным сэкс–сымбалем, вобразам мужчыны, падобным да якога я марыў стацца. Першым недарэчным расчараваньнем у вывучэньні гішпанскай мовы быў факт адшуканьня ў трэцяй клясе ў слоўніку дзеяслова “prometer”, абяцаць. Усяго–ткі абяцаць. Тады я ўжо ведаў збольшага пра Ісуса Хрыста, які быў для мяне наўпроставым працягам вобразу Прамэтэя, толькі ў іншай кніжцы. Праўда, Прамэтэй зрабіў да халеры шмат карысных рэчаў для люду паспалітага, забіўшы на ўсіх алімпійскіх багоў, а Хрыстос толькі наабяцаў і Бацьку свайго нябеснага зусім не забіў, у адрозьненьне ад таго самага Зэўса. Даў сябе забіць дзеля Яго, Ягвы. (—) |
(—) У шостай клясе, калі я ўжо нагледзеўся фільмаў аб жыцьці Хрыста і прачытаў чатыры эвангельлі, надарылася прачытаць некананізаванае, ад Нікадзіма, што друкавалася ўрыўкамі ў „Науке и Религии“, і паводле якога Хрыстос (пяцігадовы!) забівае, разьюшаны, свайго настаўніка. Умеў–такі забіваць. Тады ж пачалося захапленьне ўсходнімі адзінаборствамі, а зь імі і будысцкай філязофіяй, якая больш ці менш дасьціпна абгрунтоўвала несьмяротнасьць душы, што прынесла яшчэ адну праніклівую боязь — боязь перад бясконцым Пачаткам. Гэта зацемрыла, у нейкай ступені, страх перад Нічым сьмерці, перад бясконцым Сусьветам (нябожчык дзед Павел упарта сьцьвярджаў, што „дзе-та там усё ж такі ёсьць якая сьценка“). Абсалютнае Нішто Пачатку мучыла і нават супакойвала. Загойдвала. (—) У шостай клясе, калі мама ляжала доўга ў больніцы, я жыў у вёсцы і там прынадзіўся чытаць кнігі зь вялізнай бібліятэкі маёй бабулі, колішняй настаўніцы мовы і літаратуры. Пачаў чытаць і Коласавы „Ростані“ („На простынях“, як казалі ў нас у школе). Аднаго вечару, я, лежачы ў ложку, дайшоў да вар’яцка блізкіх мне роздумаў Лабановіча аб сьмерці, аб нежывым целе ў труне… Бабуля адпойвала мяне валяр’янкай і цытавала заангажаванага сёлета Пушкіна: „Не дай мне Бог сойти с ума, уж лучше посох і сума“. Бабуля запэўнівала, што гадоў у шэсьцьдзесят–семдзесят многія людзі самі ўжо прагнуць сьмерці, стаміўшыся ад нядоляў, пахаваўшы не аднаго сваяка, сябра. Яшчэ адзін жах: як можна стаміцца ад гэтага цудоўнага, ружовага ў гарошачак жыцьця? Можна! Яшчэ жахлівей, казала бабуля, жыць вечна. Я адчуў сябе мурашкай, нікчэмным мізэрам, нічым. Я, здавалася, пачынаў патроху асвойвацца зь непазьбежным. Здавалася. Цікава, а ці чакаў сьмерці Лабановіч–Колас гадох у 50-х, стары, дасьведчаны, вядомы, але, напэўна, таксама стомлены чалавек? (—) Калі я толькі пачынаў назапашваць веды пра полавыя зносіны, у мяне зьявіўся новы, бязглузды, і таму непрыхавана арыгінальны аргумэнт супроць існаваньня несьмяротнасьці душы. Спадручным у маім ваяўнічым атэізьме стаўся звычайны юркі спэрматазойд, з найспрытнейшых, што дасягаў яйцаклеткі і ўдзельнічаў у сумесным зь ёй прадукаваньні эмбрыёну. Перад усімі саманадзейнымі аматарамі займальнай тэалёгіі я ставіў прыкладна такое пытаньне: „А ў які момант душа залятае ў зародак? А ці мае спэрматазойд душу? Не? Дык Вы, дзядзька, нейкі артадокс, з Вамі і размаўляць ня варта. Так? А як тады з дзьвюх астральных субстанцыяў атрымоўваецца толькі адна? Куды падзяецца другая?“ Сьвятары і тыя мае сябры, што далі веры палітрукам з „Эвангельлем“ замест „Цытатніка Мао“ ў руках, — усе яны да такой дыскусіі падрыхтаваныя звычайна не былі, і таму надакучлівыя намаганьні паставіць мяне на Шлях Выратаваньня ад Пякельных Кастрыкаў паступова згасалі. Тады я, каб не псаваць добрым людзям настрой, распавядаў агідны анэкдот пра тое, як спэрматазойд, здалёк заўважыўшы наперадзе нешта вялікае і чорнае, спрытна абагнаў мільёны сваіх слабейшых братаноў і, вільнуўшы хвосьцікам, усхвалявана спытаў у гэтага вялізнага і чорнага: „Няўжо гэта сапраўды ты, яйцаклетка?! Я так доўга марыў цябе пабачыць, і вось!..“ Аб’ект захапленьня незадаволена заварушыўся і гучным мужчынскім басам прабурчэў: „Во, яшчэ адзін ёлупень. Як вы мяне ўжо дасталі! Карыес я, разумееш, ка–ры–ес!“ (—) Адчуваньне адчаю, прадбачаньне Вялікага і Бясконцага Нічога наведвала мяне не сказаць каб занадта часта. Але рэгулярна. Пік прыйшоўся на пэрыяд полавага сталеньня, на пераходны ўзрост. Падлетак — чалавек, які жыве яшчэ вясною, праўда, ужо позьняй, чакае лета, як школьнікі і студэнты чакаюць найвялікшых вакацыяў, але ўжо ўсьведамляе, што за летам прыйдзе восень (зноў у школу!..), а за ёю — мёртвая Зіма зь Бясконцым Холадам і Паняй Аднастайнасьцяй. Маланка ад пяткаў да макаўкі скаланала мяне наўзвыч, калі я клаўся спаць, а вакол была цемра, за вакном выў заўжды галодны суседзкі сабака, а перад вачыма яшчэ круціліся такія–сякія кадры з чарговага „жахлівіка“, які паказалі па 8–м канале. Бывала, я ліхаманкава падскокваў на ложку, падрываўся на ногі… „Не хачу, не хачу, не хачу!..“ Часам будзіў суседа па пакоі (маму, дзядзьку, сябра) і для самазаспакаеньня пытаўся: „Ты баішся Сьмерці?“ Ніхто ніколі не сказаў: „Сьпі давай!“ Чалавек або пачынаў доўга разважаць, або, найчасьцей, замаўкаў так надоўга, што я часам губляў ужо надзею атрымаць адказ, калі раптам чулася ціхае і кароткае: „Ня ведаю“… (—) Калі я нарадзіўся на белы сьвет, мае бацькі, беспартыйныя пацыфічныя атэісты, нават і не падумалі, каб сыночка Талюшу пахрысьціць. Толькі данінай павагі беларускай традыцыі сталася маё настойлівае жаданьне хрышчэньня, якое ажыцьцявілася толькі ў верасьні 1989 году ў барысаўскім „псэўдарускім“ Петрапаўлаўскім саборы. Поп зь веданьнем справы акунуў двух немаўлятаў, што хрысьціліся разам са мною, а на мяне толькі пырснуў сьвянцонай вадою, нешта прамармытаў і разы з тры перахрысьціў. Мае хросныя, у мінулым тыя ж атэісты, захоўвалі салідны выгляд, але пасьля, у нас у хаце, усё роўна добра драбнулі за кумаўство і хрэсьбіны. Акрамя алюміневага з а–ля пазалотай крыжыка, які я столькі разоў губляў і такі згубіў недзе ў вясковым клюбе празь пяць гадоў, хрэсьбіны прынесьлі яшчэ адзін сымптом сталеньня, гэтым разам, сэзонны: на Вялікдзень трэ было езьдзіць да хросных бацькоў па яйкі. А я іх дужа не любіў, яйкі гэтыя. Адзінай забавай былі біткі: дзед Павел навучыў мяне, як намацаць яйка памацней, пацьвярдзей, і таму я заўсёды ўсіх перамагаў у носік, прынамсі. А бывала, і ў срачку. (—) |
А калі яшчэ пра будызм, то мараль аднае прыпавесьці пра Буду (буду!) зьяўляецца маім жыцьцёвым крэдам нават і сёньня. Буда ішоў з вучнямі па лесе, і раптам нехта сказаў, што дзесь непадалёк жыў вялікі гуру. Вушаты, як і я, спадар Шак’ямуні захацеў пабачыць знакамітасьць. Настаўнік–лесавік мэдытаваў пад высачэзным дрэвам. “Ён мэдытуе вось ужо 25 год”, — шапнуў нехта. „Дзеля чаго ты сябе марнуеш, чалавеча?“ — спытаўся ўражаны каралевіч. „Я зараз магу перайсьці раку па вадзе!“ — з пыхай вымавіў гуру. „25 гадоў жыцьця! Якое глупства! Дзядзька, паглядзі: празь яе ўжо даўно пабудавалі мост!“ Хрыстос таксама нібыта хадзіў па вадзе і шукаў рыбы апосталам. Мабыць, па Мёртвым моры хадзіў, бо там, кажуць, цяжка патануць, а колькі там было вагі ў яго, худзечы? (—) Мясцовых інтэрнацкіх наркаманаў стала асабліва шмат, калі ў моду ўвайшоў адмысловы савецкі амфэтамін пэрвітын, „вінт“, што выганяўся зь дзіцячага леку „Салютан“, які напаўгалодныя студэнты пяшчотна клікалі словам — украінскім гастранамічным сымбалем — „сала“ і, зрэдку, „салютам“. Цікава, што местачковыя дасьціпнікі і бел–чырвона–белы сьцяг клічуць „сала–мяса–сала“. Гэта ўсё з галадухі. Дык вось, тыя, хто ўжываў амфэтаміны, сядзелі, як кажуць на слэнгу, „на белым“, у адрозьненьне ад чарнушнікаў–гераіншчыкаў. Адзін з маіх патлатых сяброў увечары „адсалютаваў“ мне аб тым, што ў іх зьявіліся раскручаныя калегі на Ўкраіне, канечне, і, сьцёбна падхіхікваючы, працягнуў мне пару–тройку ўлётак са здымкам „Дэві Марыі Хрыстос“, чый твар, зашмальцаваны ад ксэраксаў, насамрэч нагадваў сала. Зь неблагіх, украінскіх гатункаў. (—) Шмат хто ў спрэчках выкарыстоўваў у якасьці доказу на карысьць несьмяротнасьці душы згадкі людзей, што прайшлі праз клінічную сьмерць, пра тое, што яны бачылі пасьля свайго ўмоўнага скону. Я ведаў, што мазгі жывуць і функцыянуюць ня менш, чым паўтары гадзіны па спыненьні сэрца, але ня гэта мяне ўражвала. У палове з апісаных выпадкаў перад чалавекам праносілася ўсё ягонае жыцьцё. Гэта было шчэ „нармальна“, калі, увогуле, нармальным можа быць хоць што–небудзь, зьвязанае са сьмерцю, няхай сабе потым і часова пераможанай. Куды менш зразумелым падавалася бачанае другой паловай: людзі сьведчылі, што перад імі паўставаў даўжэзны жахлівы тунэль з далёкім суцяшальна–прыцягальным сьвятлом наперадзе. Во табе і вынік жыцьця, во табе і справаздача. Набрыдаюць думкі аб апантаных верніках: вечная пасьмяротная радасьць у раі пасьля „ўгоднага Богу“ жыцьця на Зямлі… Ня выключана таксама, што гэтыя сьведчаньні належаць якім савецкім камуністам. Чым не фінал для жыцьця, асьлепленага цемрай бязглуздага выседжваньня сьветлай будучыні? Яшчэ адно падмацаваньне тэзысам аб цеснай повязі паміж тэорыяй марксізму–ленінізму з хрысьціянствам. (—) Я мог бы яшчэ да д’ябла шмат чаго напісаць на тэму рэлігіі, слова, аднакарэннага з „рэліктам“: пра веру ў сакральную Зьвярыную лічбу 666, пэсымістычнага прарока-атэіста Эклезыяста, маё знаёмства зь местачковым менскім юдаізмам, польскага п’янага паліцая, які спачатку нас арыштаваў, а потым, выпіўшы бутэльку нашых „Двух буслоў“, завёз нас у Крушыняны, каб паказаць адзіны ў Польшчы мячэт. Пра растаманскага бога Джа і майго сябра Ўладзіка, які ледзь ня згінуў у догме Сёку Асахары. Пра менскіх паганцаў ды сатаністаў, якіх можна было часьцяком сустрэць на аліварыйскім булдыры на Кісялёва, пакуль там не падаражэла піва. Але на гэты раз хопіць. Няхай сабе тав. Лукашэнка сам братаецца з тав. Філарэтам, а ў кожнай краме сталіцы вісяць скрыні, у якія небаракамі–бабулькамі ды былымі ваяўнічымі атэістамі запіхваюцца нікому не патрэбныя беларускія тугрыкі на пабудову чарговай зьменшанай копіі храму Хрыста Збаўцы. Няхай сабе ірляндзкія каталікі грэбуюць працягнуць руку свайму суседу–пратэстанту, няхай, але што гэта за вера, за якую альжырскія фундамэнталісты сякуць шаблямі падазраваных у нявернасьці суайчыньнікаў, а сярэднявечныя крыжакі вынішчаюць усё на сваім шляху да Труны Гасподняй? Што гэта за рахманы Бог, які дае паміраць ад раку, голаду ці рук тэрарыста немаўляці? Мой экзыстэнцыйны атэізм штодня сталее, а ўвушшу гучыць бэндэраўскае „Рэлігія — опіюм для народу“! Не давяраю я наркотыкам, наркаманам ды драг–дылерам. Ян Пабла Эскабар… (—) А калі б Хрыста не ўкрыжавалі, а, прыкладам, пасадзілі на кол, якім, цікава, быў бы зараз сымбаль хрысьціянаў, што б яны вешалі сабе на шыю і чым бы сьвяціліся макаўкі нашых бажніцаў? (—) (Зараз ноч, Натальля і я п’ем гарэлку ўжо ў нашай новай кватэры на Серабранцы, а не ў маім інтэрнатаўскім пакоі, адкуль нас вытурылі, як апошніх сабак, на вуліцу. Пасьля трэцяй я пытаюся, ці баіцца яна сьмерці, і Наташа маўкліва з ахвотай ківае. Дадае толькі: „Давай піць!“ Ціхенька, каб не пачулі якія суседзі, грае „Deviation“: „У гэтым засраным сьвеце не бывае спакою“… Я аўтатэіст.)
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |