У Палацы мастацтваў
адчынілася
выстава жывапісу Віктара Шматава
"Маё Палесьсе".
Апроч палотнаў з сэрыі "Чарнобыльская катастрофа", выстаўляюцца
дэзактываваныя хатнія рэчы з прычарнобыльскіх вёсак - ручныя млыны,
самаробны посуд, вышываныя ручнікі. Сам ураджэнец Брагіншчыны, Віктар
Шматаў сабраў у забруджаных вёсках каля 1 000 твораў народнага дызайну,
якія цяпер захоўваюцца ў Музэі старажытнай беларускай культуры
пры Акадэміі навук.
Музыкі з Францыі
піяніст Юго Лёклэр і сьпявак
Аркадзь Валадось далі канцэрт для
пацыентаў Інстытуту радыяцыйнае мэдыцыны ў Аксакаўшчыне. Лёклэр
і Валадось выступілі таксама ў 2-й дзіцячай клініцы Менску. Францускім
госьцям давялося самім адрамантаваць перад канцэртам бальнічнае
фартэпіяна.
У Доме літаратара
прайшла прэзэнтацыя
першага альманаху
Беларускага саюзу дызайнэраў
"PRO дизайн".
У багата ілюстраваным выданьні зьмешчаны агляд найбуйнейшых леташніх
выставаў, аналіз дызайну беларускіх тавараў, матэрыялы на тэму аховы
аўтарскіх правоў.
Альманах фундавалі Польскі інстытут ды Інстытут Гётэ.
Беларускія
авангардовыя музыкі й пэрформэры ўзялі ўдзел у Міжнародным фэстывалі
імя Сяргея Курохіна, які прайшоў у Пецярбурскім палацы моладзі.
Тэатар Псыхічнае Неўраўнаважанасьці на чале з Ільлём
Сінам паказаў спэктакль "Аўтызм"
пра нерашучасьць дзеячаў беларускае апазыцыі. Найбольш
скандальны
быў пэрформанс "Новы
труп дыктатара",
зь якім выступіла "Брыгада афрыканскіх братоў" Зьмітра Вішнёва.
Пэрформэры закатавалі манэкен, падобны да Лукашэнкі, і аблілі яго
чырвонымі ванітамі ад таматнага соку.
Колісь віцебская,
а цяпер міжнародная фірма гуказапісу "Белатон" пачала выпускаць
сэрыю кампакт-дыскаў з музыкаю ста гарадоў сьвету.
Беларусь у гэтым праекце будзе прадстаўляць музыка
трох гарадоў - Менску, Віцебску й Магілёву. Ужо
выйшаў кампакт-дыск з запісамі віцебскіх музыкаў - Аксаны
Войтавай, гурта "03"
ды іншыя.
Прэзэнтацыя дыску пройдзе 29 красавіка ў кацэртнай залі "Менск"
у межах Міжнароднага фэстывалю правінцыйнае музыкі.
У галерэі
Postscriptum, якая належыць Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў
і кнігараспаўсюднікаў, адбылася
прэзэнтацыя кнігі вершаў Людкі Сільновай
"Зялёнавокія воі й іх прыгажуні".
Героі кнігі - вядомыя пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы, зь якімі
сябруе аўтарка.
Прэзэнтацыі спадарожнічала выстава графікі й жывапісу трох літаратараў
- самой Людкі Сільновай, Юрася Барысевіча й Адама Глёбуса.
15-й гадавіне
Чарнобыльскай катастрофы прысьвечаная выстава
"Мой боль вырастае да зораў", якая пачалася ў Музэі
гісторыі беларускае літаратуры.
Апроч мастакоў, скульптараў і керамістаў, у выставе ўзялі ўдзел
літаратары:
тут можна азнаёміцца з рукапісамі твораў пра Чарнобыльскую трагедыю
Алеся Адамовіча ды іншых пісьменьнікаў.
У Саюзе кінематаграфістаў
прайшла прэм'ера дакумэнтальнага фільма Віктара
Асьлюка "Чорнае
ды белае",
прысьвечанага пакутам хатніх жывёлаў у зьбяднелае за Лукашэнкам
Беларусі. Стужку ўжо запрасілі на шэраг міжнародных кінафэстываляў.
Цяпер у плянах Віктара Асьлюка - зьняць фільм "Пан Тадэвуш" на сучасным
матэрыяле: распавесьці пра жыцьцё палякаў у Наваградзкім раёне.
А пакуль што Польскі інстытут ладзіць у Менску й Магілёве паказы
клясычнае вэрсіі "Пана Тадэвуша" ў пастаноўцы Анджэя
Вайды.
13 красавіка
БМА GROUP
рэпрэзэнтавала НОВЫ
рэліз
"ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ: АЛЬТЭРНАТЫВА BY"
Гэта ўжо трэцяя
па ліку кампіляцыя з серыі "Вольныя танцы", у якой прадстаўлена
лепшая альтэрнатыўная музыка Беларусі. Асноўная ідэя зборніка --
сабраць на адным дыску беларускамоўныя кампазіцыі, якія на працягу
2000-2001 гадоў сталі хітамі, а таксама песні, якія прэтэндуюць
на гэта.
Першыя два зборнікі -- "Вольныя танцы: Слухай свае!" і "Вольныя
танцы: Новая альтэрнатыва" -- паказалі, што слухачы праяўляюць вялікую
цікавасць да айчыннай альтэрнатыўнай музыкі. Гэтыя дыскі разышліся
па краіне тысячнымі накладамі, а прэзентацыі альбомаў у 1999 і 2000
гадах сталі самымі масавымі рок-канцэртамі. Каля чвэрці агульнага
накладу накіравана ў краіны Еўропы і Амерыкі.
"Вольныя танцы: альтэрнатыва by" -- новы этап у развіцці
беларускай альтэрнатыўнай музыкі: зборнік павінен ліквідаваць стэрэатыпы,
якія склаліся ў абывацеляў у дачыненні да беларускай альтэрнатыўнай
музыкі.
У "альтэрнатыву by" увайшлі кампазіцыі такіх вядомых гуртоў і выканаўцаў
як "Новае неба", "Крама", "Улiс", Валік Грышко, "Нейра Дзюбель",
"Крывi", "Палац", "Zet", "Happy Face", "Long Play", "N.R.M.", "Без
білета", "Цяні-Талкай", "Імпэт", "Айша", "Зелень дарог" і іншыя.
Прэзентацыя альбома прайшла ў клубе "Рэактар" 13 і 15 красавіка.
Паводле: БелаПАН.
Belarusian
eBooks Library
Ліцьвінскі Зубр
афіцыйна адкрывае
"Беларускую
Электронную Бібліятэку".
Адрас надзвычай просты — http://www.mylib.com.
Не забывайце наведваць і "Беларускі Літаратурны Форум"
— http://www.mylib.com/forum/
У Доме кіно
прайшоў прэм'ерны паказ дакумэнтальнае стужкі Сьвятланы Бычэнкі
"Ўцёкі сланоў з Расеі".
Фільм распавядае пра лёс індыйскіх ды афрыканскіх сланоў, якіх атрымлівалі
ў падарунак ледзь ня ўсе расейскія цары й дыктатары. Наступным разам
фільм пакажуць на травеньскім Фэстывалі жаночага кіно — пры
ўмове, што сам фэстываль адбудзецца, бо Міністэрства фінансаў дагэтуль
не знайшло сродкі на яго.
Таварыства
Вольных Літаратараў і Беларускі саюз, што дзеіць
на Беласточчыне, пачалі выдаваць новы
літаратурны часопіс "Правінцыя".
Друкуюцца ў ім пераважна аўтары, заангажаваныя ў культурнае жыцьцё
беларуска-польскага памежжа. Часопіс ужо мае ангельска-польска-беларускамоўны сайт
Кінастудыя
"Беларусьфільм" мяркуе выпусьціць сёлета 12 дакумэнтальных стужак,
5 мультфільмаў і 4 мастацкія карціны — зь іх тры мэлядрамы
й эксцэнтрычную камэдыю пра сьвяточны фаервэрк.
Упершыню ўва ўсіх галоўных ролях сёлета здымаюцца толькі беларускія
акторы.
У мэлядраме пра сьляпую дзяўчыну "Павадыр" будуць гучаць
вершы паэта-эмігранта Ўладзімера Някляева.
Гістарычны
клюб Міжнароднага Адукацыйнага Цэнтру запрашае прыняць удзел
у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі "1941
год на Беларусі. Погляд з XXI стагодзьдзя".
Канфэрэнцыя адбудзецца 25-27 траўня ў памяшканьні ММАЦ
(пр. Праўды,11).
Плянуюцца даклады, дыскусіі па наступных праблемах: "Гісторыяграфія
і краніцазнаўства", "Беларускае грамадзтва і вайна", "Заходняя і
Ўсходняя Беларусь у 1941 годзе", "Баявыя дзеяньні лета 1941 году"
і інш. Чакаюцца выступы навукоўцаў зь Нямеччыны, Расеі, Польшчы
і Украіны.
Заяўкі і тэксты паведамленьняў прымаюцца да 25 красавіка. Па
выніках канфэрэнцыі будзе выдадзены зборнік. Кантакты: тэл./факс
2264065, 2707004, 2841631, e-mail: belliga@usa.net.
падана
паводле:
Юрась Барысевіч,
навіны культуры ў суботнім этэры Радыё
Свабода;
Андрусь Белавокі, навіны
газэты Наша Ніва.
анонсы Інфармацыйнай агэнцыі БелаПАН;
навіны ад BARC NEWS