№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

№17: Гульня ў гарады

6 сакавіка 2017

№17: Гульня ў гарады

“Не люблю я места (па-расейску— горад). Надта там цяснота і вялікі сморад.<…>Наш брат як увойдзе— сам сябе баіцца: Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?” — пісаў неяк у сваім надта непаліткарэктным вершы “Немец” класік дзевятнаццатага стагоддзя Францішак Багушэвіч. Не сваімі адчувалі сябе купалаўскі “пан сахі і касы” ды коласаўскі дзядзьказ “Новай зямлі” на гарадскіх вуліцах і рынках. Але ўжо ў 1920-я — 1940-я “гораду гоман” усё больш заваёўвае гарачыя рэвалюцыйныя сэрцы беларускіх паэтаў. Праўда, большасць гэтых сэрцаў у хуткім часе змоўкла назаўжды. А пасля Другой сусветнай вайны, нават нягледзячы на гіганцкія тэмпы ўрбанізацыі, горад не зрабіўся галоўнай тэмай і апірышчам тутэйшых пісьменнікаў. Гледзячы на ўрбаністычныя краявіды з вокнаў сваіх шматпавярховікаў, яны няспынна і зацята апявалі родныя гоні, з якіх “былі ўзяты ткаць залатыя паясы” савецкай літаратуры. Жывучы ў кватэрах з электрычнасцю, газам і водаправодам, беларускія паэты працягвалі ўглядацца ў сваё басаногае дзяцінства, сумавалі па печы, па лесе і па сене. І толькі ў 1970-я — 1980-я гг. новае пісьменніцкае пакаленне, народжанае ці выхаванае горадам, пачынае лічыць яго сваім местам…

(Так, вы не памыліліся, шаноўныя чытачы і чытачкі: “ПрайдзіСвет” пачынае ўсё больш займацца літаратурай сваёй, хаця адмаўляцца ад перакладаў замежнай мы таксама не збіраемся.)

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя. Натуральна, адно з галоўных месцаў мы адводзім Мінску/Менску. Сваім такім розным бачаннем горада дзеляцца Вольга Бабкова, Таццяна Заміроўская і Паўліна Скурко. Антон Рудак друкуе ў “ПрайдзіСвеце” свае новыя вершы, поўныя як мінскай вобразнасці, гэтак і духу іншых гарадоў, а ў эсэ “Плошча Свабоды” звяртаецца да самых важных, на яго думку, кніг пра Мінск. Павел Анціпаў дзеліцца ўрыўкамі са свайго яшчэ ненадрукаванага рамана “Верхом на звезде”, дзеянне якога таксама адбываецца ў Мінску.

У гутарцы з Альгердам Бахарэвічам аўтар “Мінскіх гісторыек” Міхаіл Валодзін гаворыць пра вобраз Мінска і моду на яго.

Але нас цікавіць не толькі сталіца. У чым цымус Гомеля — “горада, якому не пашчасціла з фармаваннем уласнай традыцыі”, разважае гісторык і празаік Сяргей Балахонаў.

Сяргей Прылуцкі марыць разбурыць Брэсцкую крэпасць, а Таня Скарынкіна, наадварот, збірае вусныя гісторыі роднай Смаргоні. Пра тры сэрцы Маладзечна піша Уладзімір Садоўскі.

Друкуем урывак з новай кнігі Альгерда Бахарэвіча “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры” — раздзел, прысвечаны паэтычным перажыванням Пімена Панчанкі ў французскай сталіцы.

Паэт Андрэй Хадановіч гуляецца ў гарады, пераскокваючы з кантынента на кантынент, і пазычае нам назву для нумару.

У перакладной частцы — карэнны парыжанін Шарль Бадлер (пераклад Андрэя Хадановіча), берлінцы Георг Гайм  (пераклад Вольгі Гронскай і Ігара Крэбса) і Альфрэд Дзёблін (пераклад Альгерда Бахарэвіча), пясняр Манхэтана і Нью-Ёрка Ўолт Ўітмэн (пераклад Юлі Цімафеевай), неўрастэнічны фларэнтынец Дзіна Кампана (пераклад Аксаны Данільчык).

Урбаністычныя пейзажы паўстаюць у паэзіі Генрыха Гайнэ (пераклады Ігара Крэбса і Юркі Гаўрука) і прозе Кнута Гамсуна, чый раман “Голад” зусім нядаўна выйшаў у папяровым выглядзе (пераклаў Лявон Баршчэўскі).

Таксама ў нумары друкуюцца ўрыўкі з публіцыстычнай кнігі Малгажаты Шэйнэрт “Востраў ключ” (пераклад Ганны Янкуты).

Сярод крытычных артыкулаў — змястоўны агляд беларускамоўных перакладных кніг, што выходзілі ў айчынных выдавецтвах у 2016 годзе, а таксама зварот да гісторыі перакладу вершаў Ўолта Ўітмэна на беларускую. Аўтарка абодвух тэкстаў — Ганна Янкута.

Прыемнага чытання!

1134