№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Стэфан Эрыксан

На шведскую мову варта перакласці Караткевіча

14 лістапада 2011

На шведскую мову варта перакласці Караткевіча
— Вы спрыяеце перакладу шведскай літаратуры на беларускую мову. Як Вы лічыце, якой літаратуры гэта больш ідзе на карысць, беларускай або шведскай?
 

— Я лічу, што гэта перш за ўсё на карысць беларускім чытачам, якія атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з творамі шведскіх пісьменнікаў. І, безумоўна, гэта вельмі прыемная падзея для шведскіх пісьменнікаў. Іх творы перакладаюцца на новыя мовы, на беларускую. Думаю, ад гэтага выйграюць усе. Выхад кнігі, перакладу — гэта заўжды падзея, і мы стараемся спрыяць гэтаму працэсу наколькі магчыма.

 

— А шведскія літаратары імкнуцца быць перакладзенымі на беларускую мову? Падаецца, апошнім часам шведы больш, чым іншыя заходнія краіны, звяртаюць увагу на беларусаў.

 

— Я не ведаю, наколькі самі пісьменнікі імкнуцца, каб іх перакладалі. Канечне, ім гэта прыемна, але ўсё ж у гэтым кірунку мусяць працаваць выдавецтвы. У нас шмат кантактаў паміж пісьменнікамі, яны прыязджаюць сюды. Гэта дае ім магчымасць пазнаёміцца з Беларуссю, і часам яны хочуць самі нешта зрабіць, каб іх пераклалі.

 

— Выйшла ўжо даволі шмат перакладных шведскіх кніг. А што б Вам яшчэ хацелася пабачыць па-беларуску?

 

— Я б вельмі хацеў, каб па-беларуску выйшла больш дзіцячай шведскай літаратуры. Яна вельмі цікавая, і думаю, у гэтым вялікая заслуга Астрыд Ліндгрэн, таму што ўслед за ёй з’явілася цэлая плеяда дзіцячых пісьменнікаў, якіх сапраўды варта перакладаць. І іх перакладаюць на розныя мовы. Я ведаю, што беларускай дзіцячай літаратуры не хапае. Ёсць, канечне, класіка, але новай дзіцячай літаратуры няшмат. Прынамсі, няшмат выдаецца.

 

Дзіцячую літаратуру варта ўспрымаць усур’ёз. Можа, яе так і ўспрымаюць, але, відаць, не да канца, і яна не лічыцца такой жа вартай і прыярытэтнай, як, скажам, паэзія ці проза. Але гэта вельмі важна. Думаю, калі мы будзем спрыяць выхаду шведскай дзіцячай літаратуры, яна будзе ў нечым натхняць і беларускіх дзіцячых пісьменнікаў.

 

Канечне, было б добра, калі б выйшла таксама шведская класіка. Але важней, думаю, каб выйшла больш сучаснай шведскай літаратуры, а таксама дэтэктываў. Шведскія дэтэктывы цяпер чытаюць ва ўсім свеце. Хтосьці, мабыць, лічыць, што гэта несур’ёзная літаратура, але ж літаратура мусіць быць рознай, павінен існаваць і такі жанр. Людзі часта хочуць адпачыць, хочуць лёгкай літаратуры. І я мару пра тое, каб які-небудзь шведскі дэтэктыў выйшаў велізарным накладам па-беларуску. У нас звычайна гэта 100 тысяч, нават мільён асобнікаў. Ёсць Стыг Ларсан, ёсць Хенінг Манкель… Нашыя дэтэктывы лічацца цікавымі.

 

— А ці шмат чытаюць шведы, на Вашую думку?

 

— Мне здаецца, людзі пачалі чытаць больш. Параўноўваць цяжка, але калі заходзіш у кнігарню, бачыш вельмі шмат новых кніг.

 

— Але шведы цяпер чытаюць у асноўным лёгкую літаратуру. Як яны ставяцца да класікі?

 

— Так, самая папулярная цяпер літаратура — сучасная, калі хочаце, лёгкая. Але звычайна дарога да больш складанай літаратуры і ляжыць праз лёгкую. Таму адно другому не перашкаджае. Галоўнае, каб людзі чыталі.

 

— А якая замежная літаратура папулярная ў Швецыі? Вашыя суайчыннікі ў асноўным чытаюць шведаў ці любяць замежную літаратуру таксама, у перакладах?

 

— Канечне, у нас шмат перакладаецца. Не магу сказаць дакладна, чаго больш, але шведская літаратура, мабыць, усё ж такі на першым месцы. Большасць кніг, якія перакладаюцца на шведскую, ствараецца на вялікіх мовах — ангельскай, французскай, нямецкай, а таксама на іншых скандынаўскіх — нарвежскай, дацкай, ісландскай. Думаю, такія літаратуры добра прадстаўленыя. А што да іншых моваў, дык я не ўпэўнены, ці ўсё сапраўды вартае перакладаецца. Трэба, каб хтосьці спрыяў гэтаму працэсу, каб былі зацікаўленыя і аўтары, і перакладчыкі, і выдавецтвы.

 

— Наколькі добра шведы чытаюць па-ангельску? Англамоўную літаратуру яны чытаюць у асноўным у перакладзе ці ў арыгінале?

 

— Як цяпер, я не ведаю. Але фактычна ва ўсіх кнігарнях ёсць даволі вялікі аддзел англамоўных кніг. І яны, безумоўна, не адразу выходзяць у перакладзе. Напрыклад, калі чакалі чарговай кнігі пра Гары Потэра, знайшліся дзеці, якія чакаць не маглі і бралі ды чыталі па-ангельску. Думаю, з дарослай літаратурай тое самае. Не сказаў бы, што ўсе купляюць па-ангельску, але камусьці цікавей чытаць арыгінал. Я, калі маю магчымасць, люблю чытаць у арыгінале, але не заўжды атрымліваецца.

 

— А ці шмат у Швецыі часопісаў, прысвечаных перакладной літаратуры? У нас “ПрайдзіСвет”, а ці ёсць яму нейкія шведскія аналагі? Можа, нейкія таварыствы перакладчыкаў ёсць?

 

— Я так даўно жыву не ў Швецыі, што не магу сказаць дакладна. Натуральна, выходзяць літаратурныя выданні, але я не ўпэўнены, што яны адыгрываюць вялікую ролю: цяпер мала хто чытае кнігі ў часопісах. Думаю, гэтыя часопісы больш па літаратуразнаўстве.

 

— Вы перакладалі на шведскую мову творы Уладзіміра Арлова і Васіля Быкава. Чым Вы кіраваліся, абіраючы гэтых аўтараў?

 

— Тое было даволі даўно і амаль выпадкова. Калі я сюды прыехаў, Быкава, на жаль, ужо не было на свеце. Але я чуў пра яго. Гэта, мабыць, адзін з рэдкіх беларускіх пісьменнікаў, пра якіх я ведаў перад прыездам сюды. Ён прыязджаў у Швецыю, якраз быў на кніжным кірмашы ў Гётэборгу ў пачатку 2000-х. Што мяне натхніла заняцца перакладамі, я ўжо не памятаю, відаць, хацеў паспрабаваць нешта новае. Я ўжо больш-менш авалодаў беларускай мовай і хацеў паспрабаваць. Знайшоў сярод яго позніх твораў апавяданне “Сцяна”. Гэты твор заўжды актуальны, таму я яго пераклаў.

 

— Цікава, як наогул прымаюць перакладную беларускую літаратуру? Напрыклад, Барыс Пятровіч з “Фрэскамі” прыязджаў у Швецыю. Якімі накладамі выдаецца беларуская літаратура і хто яе чытач у вашай краіне?

 

— Зразумела, што такая літаратура не выходзіць масавымі накладамі. І тут таксама трэба працаваць, каб людзі даведваліся. Наколькі я ведаю, перакладзеныя з беларускай творы ўспрынялі добра. Цікавасць да Беларусі, у прынцыпе, даволі вялікая. На сёлетнім кніжным кірмашы ў Гётэборгу адбылася прэзентацыі адразу некалькіх кніг: “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” Артура Клінава, “Плошча” Барыса Пятровіча, зборнік вершаў Андрэя Хадановіча.

 

— З якімі складанасцямі Вы сутыкнуліся падчас перакладу?

 

— Я адчуў, што самае складанае — гэта не зразумець іншую мову, а неяк сказаць гэта на сваёй. Родную мову нібыта і добра ведаеш, але часам бывае вельмі цяжка сказаць так, каб пераклад і адпавядаў арыгіналу, і не гучаў штучна. Гэта не так і проста.

 

— То бок пераклад з беларускай — Ваш першы перакладчыцкі досвед?

 

— Так, раней я ніколі нічога не перакладаў.

 

— А не збіраецеся далей перакладаць з беларускай на шведскую? Ці, можа, наадварот?

 

— Я думаў пра гэта, былі ў мяне пэўныя ідэі. Штосьці я пераклаў, але пакуль гэта ляжыць.

 

— А каго, калі не сакрэт?

 

— Пакуль прамаўчу (смяецца). Пабачым. У Швецыі намаганнямі Марыі Сёдэрберг нядаўна была выдадзеная анталогія сучаснай беларускай літаратуры па-шведску. Падчас Дзён культуры Швецыі шмат перакладалі, і гэта была добрая ідэя — сабраць і выдаць перакладзенае. Мне ж, на жаль, не хапае часу, каб усур’ёз гэтым займацца. Можа, калі на пенсію пайду (смяецца).

 

— А каго Вы б хацелі пабачыць па-шведску з беларускіх аўтараў?

 

— Перакласці варта было б Караткевіча. Думаю, гэты пісьменнік знайшоў бы ў нас чытача.

 

— А чым ён быў бы цікавы шведам? І ці няма, на Вашую думку, нейкага ментальнага бар’еру? Краіны нашыя далекавата…

 

— Я чытаў па-беларуску яго раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Караткевіча перакладалі на іншыя мовы, і поспех ён меў. Гэта вельмі добрыя кнігі, выдатна напісаныя. Думаю, тое, што яны створаныя на беларускай глебе, не робіць іх менш цікавымі.

 

Але да класікі мы дойдзем. Важна таксама перакладаць сучасную літаратуру, і ў гэтым кірунку трохі робіцца. Канечне, добра было б перакласці і Някляева, і многіх іншых. Ёсць шмат добрых сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія, на жаль, не маюць дастаткова чытачоў у сябе на радзіме. Думаю, яны могуць быць цікавыя не толькі беларускім чытачам, але і нам. Спадзяюся, цікавасць да Беларусі за мяжой будзе спрыяць і цікавасці да беларускай літаратуры. Каб стварыўся попыт, каб пачалі гаварыць, што ёсць вось такі цікавы пісьменнік з Беларусі… Тут шмат залежыць ад перакладчыкаў. Мы крыху гэтым займаемся — і Шведскі інстытут, і Рада па культуры.

 

— Там вывучаюць беларускую мову?

 

— У нас вельмі добрыя перакладчыкі з рускай мовы, з польскай, але пакуль яны не спрабавалі сябе ў беларускай. Клінава, калі я не памыляюся, перакладалі праз рускую ці нямецкую… Не з арыгіналу, але я лічу, што гэта не страшна.

 

— Перакладчыкі лічаць, што страшна.

 

— А чаму?

 

— Вельмі шмат губляецца, атрымліваецца пераклад перакладу.

 

— А калі гэта добры пераклад? Думаю, рускія пераклады добрыя. Але будзем спадзявацца, што вырасце новае пакаленне, і нашыя перакладчыкі пачнуць перакладаць з беларускай.

 

— Згадваючы Уладзіміра Някляева, Вы казалі больш пра яго празаічныя творы? А ці чытаюць шведы паэзію?

 

— Чытачы паэзіі ёсць, але не магу сказаць, што паэзія выходзіць вялікімі накладамі. Не магу растлумачыць, чаму, але гэта сапраўды так.

 

— Не так даўно выйшлі пераклады на беларускую Катарыны Фростэнсан, зробленыя Дзмітрыем Плаксам. Можа, плануюцца яшчэ нейкія паэтычныя кнігі?

 

— Падчас нашых Літаратурных дзён прыязджала шмат паэтаў. Там былі зробленыя пераклады, якія і ўвайшлі ў вышэйзгаданую анталогію сучаснай беларускай літаратуры. Пра асобныя кнігі не ведаю, пакуль не чуў.

 

— А якая роля перакладчыка ў Швецыі? Напрыклад, у Італіі імя перакладчыка часта стаіць побач з імем пісьменніка. Ці выносяць у вас імя перакладчыка на вокладку? Ці ёсць у вас знакамітыя перакладчыкі?

 

— Мабыць, не на першай старонцы, але абавязкова на другой. Думаю, людзі разумеюць, што гэта вельмі вялікая праца, і вельмі шмат залежыць ад якасці перакладу. Многія нашыя літаратары займаліся і перакладамі. Не магу сказаць, што ў нас крыўдзяць перакладчыкаў. У Швецыі ёсць даволі вядомыя перакладчыкі, напрыклад, Андэрс Будэгорд. Ён перакладаў польскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Яшчэ лепей, чым у нас, яго ведаюць у Польшчы.

 

— Ці часта так бывае, што адзін і той жа твор перакладаюць на шведскую некалькі перакладчыкаў? Амаль адначасова або пасля таго, як нейкі пераклад зрабіўся неактуальным?

 

— Бывае, калі пераклады вельмі старыя, а мова мяняецца. І, мабыць, калі пераклады старэюць, робяцца новыя. Ведаю, што Дастаеўскага, да прыкладу, перакладалі ў пачатку стагоддзя, і наспела неабходнасць зрабіць новы пераклад, бо той не зусім дакладны.

 

— Можа, Вы б хацелі нешта параіць часопісу “ПрайдзіСвет” і тым, хто займаецца перакладам на беларускую мову?

 

— Я магу пажадаць сілаў усё гэта працягваць, бо гэта вельмі важна. Я разумею, колькі гэта займае часу, як гэта складана і што ўсё робіцца на чыстым энтузіязме. Мая павага вам. І спадзяюся, што вы дойдзеце да цікавых шведскіх пісьменнікаў — і паэтаў, і празаікаў, і аўтараў дэтэктываў, і класікаў.

 

Алеся Башарымава, Юля Цімафеева

Фота — Анка Упала

Чытайце таксама

Міжволі гратэскавы

Ян Руар Лейквол

Міжволі гратэскавы

Інтэрв’ю Б’ярне Рысэр Гундэрсэна з Янам Руарам Лейкволам у газеце Morgenbladet

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

Ева Лявонава

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

З ласкавага дазволу аўтара мы змяшчаем тут поўную электронную версію кнігі: Лявонава Е. А. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта...

Мяне заўжды цікавіла проза

Сільвія Плат

Мяне заўжды цікавіла проза

Пра ўсё і пра ўсіх

Антон Францішак Брыль

Пра ўсё і пра ўсіх

Каб абзавесціся прыдатнаю тэмаю для доўгай размовы, часта трэба няшмат. Адкрыем, напрыклад, хрэстаматыю па беларускай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў, выкладзеную на сайце філалагічнага факультэта БДУ...

909