№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ален Гінзберг

Страчаная Амерыка любові

Вершы

Пераклад Юля Цімафеева


Сковыт

(Howl)

Урывак


Карлу Саламону


І

Я бачыў найлепшыя розумы майго пакалення разбураныя вар’яцтвам, галодныя дзікія голыя,

поўзалі вуліцамі чорных кварталаў на золку шукалі шалёную дозу,

анёлагаловых хіпстэраў, што палалі святой пракаветнай повяззю з зорным дынама ў механізме начы,

тых убогіх і абадраных вочы спустошаны заўжды пад кайфам сядзелі й палілі ў непамыснай цямрэчы сваіх стылых кватэраў плылі над высоткамі сузіраючы джаз,

тых што агалялі розум нябёсам пад Элем і бачылі хісткіх анёлаў Мухамеда на асветленых дахах спальных раёнаў,

тых што прайшлі ўніверсітэты з застылым прамяністым паглядам галюцынуючы Арканзасам і Блэйкавай драмай сярод вучоных вайны,

тых каго акадэміі выключалі за вар’яцтва і друк непрыстойных одаў на вокнах чэрапа,

тых што муляліся ў адных майтках па няголеных пакоях палячы грошы ў сметніцах і чуючы Вусціш праз сцены,

тых каго з лабковымі бародамі і марыхуанай за поясам лавілі на дарозе праз Ларэда ў Нью-Ёрк,

тых што каўталі колы ў наркоцкіх гатэлях ці пілі шкіпінар на Пэрэдайз-Элі, смерць, ці з ночы ў ноч ачышчалі целы

марамі, кумарамі, кашмарам бяссонных начэй, алкаголем чэлесам і незлічонымі яйцамі,

найсляпейшымі вуліцамі дрыжачых хмараў і маланак што ў галаве сягалі полюсаў Канады і Патэрсана, азараючы нерухомы сусвет Часу між імі,

пеётнымі адзінотамі калідораў, зялёнымі кронамі могілкавых світанняў, віннымі п’янкамі на дахах высотак, вітрынамі абдзёўбаных гонак у неонавых бліках святлафораў, вібрацыяй сонца месяца дрэў у рокаце зімняга змроку Брукліна, грукатам сметніц і велічнай узнёсласцю думак,

тых што прыкоўвалі сябе да падземкі і бясконца ехалі на бензадрыне ад Бэтэры да святога Бронкса пакуль шум колаў і дзяцей не вынес іх дрыжыкі перакошаныя раты і раструшчаныя парэшткі мозгу высушаныя хараством да сумных агнёў заапарку,

тых што ноч навылет танулі ў святле выплылай субмарыны Бікфорда і праседжвалі тухлае піва дзён у пустынных Фугацы, слухаючы трубныя галасы вадародных выбухаў музычнага аўтамата,

тых што гаварылі няспынна па семдзесят гадзін ад парка да дома да бара да Белв’ю да музея да Бруклінскага моста,

страчаны батальён платанічных суразмоўцаў што скакалі з пажарных лесвіцаў з Эмпайр Стэйт Білдынг з паверхні месяца,

трындзелі крычалі блявалі шапталі падзеі згадкі показкі бойкі жахі бальніцаў і турмаў і войнаў,

розумы цалкам вырыгалі няспыннымі ўспамінамі за сем дзён і начэй з бліскучымі вачыма, мясам для Сінагогі кінутым на асфальт,

тых што знікалі ў нікуды у Дзэн у Нью-Джэрсі, пакідаючы след няясных паштовак з выявай Атлантык Сіці Хола,

тых што пацелі ў ліхаманцы Усходу вылі ад ломкі касцей Танжэра і мігрэняў Кітая перажываючы абстынентны сіндром у сцюдзёных мэбляваных пакоях Ньюарка,

тых што коламі блукалі апоўначы па лакаматыўным дэпо разважаючы куды з’ехаць і з’ехалі, не разбіўшы ніводнага сэрца,

тых што палілі цыгарэты ў вагонах вагонах вагонах несучыся праз снег да самотных фермаў са старэчаю-ноччу,

тых, што вучылі Плотына По Яна ад Крыжа тэлепатыю бібоп кабалу таму што космас дрыжаў пад іх нагамі ў Канзасе,

тых што самотна блудзілі вуліцамі Айдаха ў пошуках прывідаў індзейскіх анёлаў і самі былі прывідамі індзейскіх анёлаў,

тых што адчулі сябе вар’ятамі адно калі Балтымар заззяў у магічным экстазе,

тых што скакалі ў лімузіны з кітайцамі Аклахомы пад зімовым начным правінцыйным ліхтаровым дажджом,

тых што галодныя і самотныя гулялі па Х’юстане, прагнучы джазу ці сэксу ці супу, загаворвалі з мілым гішпанцам пра Амерыку і Вечнасць, але без шанцаў — і адплывалі ў Афрыку,

тых што знікалі ў вулканах Мексікі пакідаючы толькі прывіды сваіх джынсаў і лаву і попел паэзіі рассыпаны ў камінах Чыкага,

тых што аб’яўляліся зноў на Заходнім узбярэжжы выкрываючы ФБР са сваімі бародамі і шортамі з вялікімі пацыфістскімі вачыма такімі прывабнымі на чорнай скуры раскідаючы нечытэльныя ўлёткі,

тых што прапальвалі дзіркі ў руках пратэстуючы супраць наркатычнага тытунёвага смогу капіталізму,

тых што раздавалі суперкамуністычныя брашуры ў Юніян-скверы, рыдаючы і радзяваючыся пакуль іх крыкі не перакрылі сірэны Лос Аламаса, і сірэны Ўола, і сірэны Статэн-Айлэнд Фэры таксама,

тых што ў белых спартзалах трымцелі і кідаліся ў плач голыя перад механікай чужых шкілетаў,

тых што кусалі копаў за шыю і вішчалі ад радасці ў паліцэйскіх машынах бо не ўчынілі злачынства страшнейшага за дзікае зелле педэрастыю і інтаксікацыю,

тых што скавыталі на каленях у метро і што скінутыя з дахаў размахвалі геніталіямі і рукапісамі,

тых што давалі святым матацыклістам трахаць сябе ў зад і крычалі ад шчасця,

тых што смакталі і каму смакталі людзі-серафімы — маракі — у пяшчотах атлантычнага і карыбскага кахання,

тых што трахаліся ўраніцу і ўвечары ў ружовых садах на траве гарадскіх паркаў і могілак вольна раскідваючы сваё семя кожнаму хто пройдзе і возьме,

тых што няспынна ікалі спрабуючы захіхікаць але канчалі ў слязах за перагародкай турэцкіх лазняў калі светлавалосы і голы херувім з’яўляўся праткнуць іх сваім мячом,

тых што страчвалі сваіх мілых хлопчыкаў праз трох старых мегераў кону аднавокую мегеру гетэрасэксуальнага даляра аднавокую мегеру што падміргвае з улоння і аднавокую мегеру што толькі сядзіць на азадку і абразае залатыя ніткі інтэлекту ад ткацкага станка мастака,

тых што ненасытныя ашалелыя спароўваліся з бутэлькай піва краляй пачкам цыгарэт свечкай і падалі з ложка і круціліся на падлозе і далей у холе і амаль беспрытомныя заміралі на сцяне з бязмежнай похвай і спермай уваччу знікаючы ў апошнім аргазме свядомасці,

тых што лашчылі шчыліны мільёну трапятлівых дзявуль на змярканні і чырванавокія з раніцы былі гатовыя ізноў лашчыць шчыліну світання бліскаючы ягадзіцамі на сенавалах і галізной у азёрах,

тых што блядавалі па ўсім Каларада ў мільярдах крадзеных аўто ўначы, Н.К., таемны герой гэтых вершаў, ёбар і Дэнверскі Адоніс у памяць пра незлічоных дзяўчат на пустых стаянках і ў кафэшках, на хліпкіх крэслах кіношак, у горных пячорах пад знаёмымі прыдарожнымі самотнымі задранымі спадніцамі шчуплых афіцыянтак і асабліва на таемных заправачных саліпсізмах сарціраў і алеях роднага гарадка,

тых што раставалі ў вялізных брудных кінатэатрах, сыходзілі ў сны і раптам абуджаліся на Манхэтэне, вылоўлівалі сябе ў падвалах адкачвалі ад бяздушнага такайскага і жахаў жалезных мрояў Трэцяй авеню і кульгалі ў бок бюро беспрацоўных,

тых што крочылі ўсю ноч у чаравіках набрынялых крывёю па заснежаных доках чакаючы што дзверы Іст-Рывера адчыняцца ў пакой поўны цёплай пары і опіюму,

тых што ладзілі пышныя драмы самагубстваў з крутых абрываў высотак Гудзона ў сінім ваенным праменні месяца і іх галовы чакалі лаўровых вянкоў забыцця,

тых што перажоўвалі тушаную бараніну фантазіі і смакавалі крабаў на брудным дне рэкаў Баўэры,

тых што рыдалі ад рамантыкі вуліц штурхаючы гандлёвыя вазкі поўныя цыбулі і кепскай музыкі,

тых што сядзелі ў скрынках і дыхалі ў цемры пад мастамі, а пасля ўздымаліся майстраваць клавесіны на сваім гарышчы…




Супермаркет у Каліфорніі

(A Supermarket in California)


Я думаў сёння пра цябе, Ўолт Ўітмэн, блукаў
пад дрэвамі па цёмных вулках, балела галава, і я збянтэжана
ўглядаўся ў поўню.

Змучаны голадам, у пошуках вобразаў, я зайшоў у неонавы
супермаркет гародніны, успомніўшы твае пералічэнні.
Што тут за персікі і што за цені! Цэлыя сем’і на закупах
уначы! Гандлёвыя шэрагі мужоў! У авакада — жонкі, у таматах — дзеці!
— і ты, Гарсія Лорка, чаго забыў ля дыняў?

Я ўбачыў цябе, Ўолт Ўітмэн, — бяздзетны, самотны стары хрыч
трэцца ля мяса ў лядоўнях, заглядваецца на хлопцаў з бакалеі.

Я чуў, як задаеш усім пытанні: Хто забіў свіныя катлеты?
Па чым бананы? Ты мой Анёл?

Я хадзіў туды і сюды між бліскучых штабеляў бляшанак за табой,
а крамны ахоўнік у маім уяўленні хадзіў за мной.

Мы крочылі разам уздоўж калідораў, смакуючы ў самотных мроях
далікатную марознасць артышокаў і заўжды мінаючы касіра.

Куды мы пойдзем, Ўолт Ўітмэн? Дзверы зачыняць праз гадзіну. Куды сёння пакажа твая барада?

(Кранаю тваю кнігу, уяўляю нашу адысею ў супермаркет і пачуваюся смешным).

Дык будзем гуляць усю ноч па пустэльных вуліцах? Дрэвы адкідваюць цені да ценю, святло ў дамах не гарыць, самота агорне абодвух.

Дык будзем брысці, мроіць пра страчаную Амерыку любові паўз сінія аўто на дарожках, дадому ў нашу ціхую хаціну?

О, любы бацька, самотны стары настаўнік смеласці, якой была твая Амерыка, калі Харон склаў вёслы, а ты ўзышоў на туманны бераг і ўглядаўся, як знікае яго човен на чорных водах Леты?




Амерыка

(America)


Амерыка я аддаў табе ўсё і цяпер я нішто.
Амерыка два даляры дваццаць сем цэнтаў 17 студзеня 1956-га.
Мне думкі мае абрыдлі.
Амерыка калі мы скончым гуманную вайну?
У сраку засунь сваю атамную бомбу.
Мне кепска, не назаляй.
І верш свой не напішу, пакуль не адумаюся.
Амерыка калі ты станеш анёлам?
Калі скінеш свае адзежы?
Калі глянеш на сябе з магілы?
Калі будзеш вартая мільёнаў сваіх трацкістаў?
Амерыка чаму твае бібліятэкі поўныя слёз?
Амерыка калі ты пашлеш свае пушкі ў Індыю?
Мне млосна ад тваіх шалёных амбіцый.
Калі я змагу пайсці ў супермаркет
і купіць што мне трэба за прыгожыя вочы?
Амерыка ўрэшце гэта ты і я дасканалыя,
а не царства нябеснае.
Тваіх механізмаў мне ўжо зашмат.
Ты прымусіла мяне захацець быць святым.
Але ж можна па-іншаму закрыць гэтую спрэчку.
Бероўз у Танжэры, думаю, не вернецца, там страшна.
А ты страшная ці ўсяго толькі прыкідваешся?
Я хачу дакапацца да сутнасці.
І ў апантанасці не адступлюся.
Амерыка не камандуй, я ведаю, што раблю.
Амерыка квецень слівы ападае.
Я не чытаў газеты месяцамі, штодня нехта ідзе пад суд за забойства.
Амерыка я спачуваю Ўобліс.
Амерыка ў дзяцінстве я быў камуністам і не шкадую.
Я палю марыхуану пры любым зручным выпадку.
Я цэлымі днямі не выходжу з дому і гляджу на ружы ў шафе.
Калі я іду ў Чайнатаўн, заўжды напіваюся, ды ніколі не трахаюся.
Усё, я прыдумаў, хутка пачнуцца праблемы.
Бачыла б ты, як я чытаю Маркса.
Мой псіхааналітык лічыць, што я ў цудоўнай форме.
І “Ойча наш” гаварыць не буду.
У мяне бываюць містычныя візіі і касмічныя вібрацыі.
Амерыка я ж яшчэ не сказаў, што ты зрабіла з Дзядзькам Максам,
калі той прыехаў з Расіі.
Я звяртаюся да цябе.
Ты хочаш, каб нашы эмоцыі абуджаў Time Magazine?
Я проста апантаны Time Magazine.
Я чытаю яго штодня.
Яго вокладка сочыць за мною кожны раз, калі прабягаю паўз шапік з прысмакамі.
Я чытаю яго ў падвале бібліятэкі Берклі.
Ён увесь час цвердзіць мне пра адказнасць. Бізнэсоўцы сур’ёзныя.
Кінарэжысёры сур’ёзныя. Сур’ёзныя ўсе, акрамя мяне.
Мне падаецца, што я — Амерыка.
Я зноў размаўляю з сабой.

Азія паўстае супраць мяне.
І з кітайцамі ў мяне ніякіх шанцаў.
Я лепш перагледжу свае нацыянальныя рэсурсы.
Мае нацыянальныя рэсурсы складаюць два касякі марыхуаны
мільён геніталій прыватны самвыдат што рухаецца з хуткасцю 1400 міляў за гадзіну, і двацццацьпяцьтысяч псіхіятрычных клінік.
Я ўжо не кажу пра турмы і мільёны бяздомных што жывуць
у маіх вазонах пад промнямі пяцісот сонцаў.
Я забараніў публічныя дамы ў Францыі, на чарзе — Танжэр.
Я хачу стаць прэзідэнтам, нягледзячы на тое, што я каталік.

Амерыка як можна пісаць святую літанію ў тваім дурнаватым настроі?
Я буду як Генры Форд мае строфы такія ж унікальныя як яго
аўтамабілі і больш за тое — яны ўсе розных полаў
Амерыка я прадам табе строфы па 2500 даляраў кожная, плюс зніжка 500 даляраў на твае старыя строфы
Амерыка вызвалі Тома Муні
Амерыка выратуй гішпанскіх лаялістаў
Амерыка Сака і Ванцэці не мусяць паміраць
Амерыка я хлопчыкі са Скоцбара.
Амерыка калі мне было сем год матуля ўзяла мяне на сход камуністычнай ячэйкі яны прадавалі турэцкі гарох прыгаршчу за квіток квіток каштаваў 5 цэнтаў і прамовы былі свабодныя ўсе былі добрымі і чулымі да рабочых гэта было так шчыра ты і ўявіць не можаш якой добрай была партыя у 1935 Скот Ніярынг быў класны дзед, сапраўдны mensch Матухна Блур расчуліла мяне да слёз я аднойчы бачыў Ізраэля Амтара зблізку. Яны ўсе мабыць былі шпіёнамі.
Амерыка ты ж напраўду зусім не хочаш ваяваць.
Амерыка гэта ўсё злыя рускія.
Гэта рускія, рускія і кітайцы. І зноў рускія.
Расія хоча з’есці нас жыўцом. Расія вельмі моцная. Яна хоча забраць нашы аўтамабілі з гаражоў.
Яна хоча захапіць Чыкага. Яна хоча прысвоіць наш Red Reader’s Digest. Яна хоча нашы аўтазаводы ў Сібіры. Ён прывядзе страшную бюракратыю на нашы запраўкі.
Усё прапала. Ух. Ён навучыць індзейцаў чытаць. Яму трэба
вялізных чорных нігераў.
Ха. Яна прымусіць нас працаваць шаснаццаць гадзінаў на дзень. Памажыце!
Амерыка гэта вельмі сур’ёзна.
Амерыка гэта ўражанні ад прагляду тэлевізара.
Амерыка гэта праўда?
Я лепш адразу вазьмуся за справу.
Дакладна, я не хачу ні ў войска ні на завод тачыць дэталі. Я блізарукі і да таго ж псіхапат.
Амерыка я рухаю кола наперад сваім підарскім плячом.

Берклі, 17 студзеня 1956


пераклад з ангельскайЮля Цімафеева

Пераклад – Юля Цімафеева © 2013

Чытайце таксама

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Шэрвуд Андэрсан

Шэрвуд Андэрсан

Амерыканскі празаік, аўтар раманаў і апавяданняў.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

1227