№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Джойс Кэрал Оўтс

Чаму вашы творы такія жорсткія? (Why Is Your Writing So Violent?)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Гэта быў зябкі, але сонечны травеньскі ранак 1980 году. У Варшаўскім ўніверсітэце, у старой аўдыторыі, дзе крэслы спускаліся ярусамі ўніз, я пачула гэтае пытанне ад шчырага маладога чалавека гадоў 25, што, як і большасць палякаў, якіх мы сустрэлі, цудоўна гаварыў па-ангельску: чаму мае творы такія жорсткія? Ці, можа быць, гэта мой “асабісты досвед”, “напэўна, з дзяцінства”, але як бы там ні было, мой “адметны характар” так “сказіў” бачанне чалавецтва і гісторыі, што творы “Джойс Кэрал Оўтс” рэпрэзентуюць толькі “радыкальны падыход”, які, на жаль, пераважае ў сучаснай амерыканскай літаратуры.

Тое, што гэтае пытанне мне задалі ў Варшаве, дзе ў верасні 1944 году падполле пачало паўстанне супраць немцаў і 200 000 палякаў былі забітыя; што такое пытанне мне задалі ў горадзе, узарваным падчас адступлення нямецкай арміі (Чырвоная армія абачліва спынілася на берагах Віслы, дазволіўшы пяць тыдняў разбураць горад, перш чым перайсці да “вызвалення” таго, што засталося ад Варшавы); што яго задалі мне з доляй папроку, які знайшоў выразны водгук у шматлікай публікі, — гэта ўсё агаломшыла мяне і падалося такім балючым, такім іранічным і такім па-змрочнаму цікавым, што я змагла прапанаваць толькі некалькі разважліва падабраных і дыпламатычных словаў у адказ.

“Чаму вы засяроджваецеся на жорсткасці?” Гэтае пытанне мне задавалі ў Осла, Хельсінкі, Брусэлі і Будапешце і ў выразна “заходнім” горадзе Усходняй Еўропы, вядомым сваёй наўкольнай сцяной. У Заходнім Берліне пытанне мне задалі надзвычай ветліва і тактоўна, зусім непадалёк ад месца, дзе Адольф Гітлер абвясціў Другую сусветную вайну, а доктар Гебельс выказаў ідэю “татальнай вайны”. Гэтым разам пытанне прыйшло з глыбакадумным дапаўненнем, што, магчыма, на маё “бачанне” як “раманісткі” паўплываў той факт, што я доўгі час жыла ў Дэтройце ў штаце Мічыган (які, падаецца, ва ўсім свеце мае рэпутацыю “жорсткага” горада).

“У вас было нешчаслівае дзяцінства, міс Оўтс? — пытаюцца ў мяне, здзіўлена пасміхаючыся, крыху са шкадаваннем і сімпатыяй. — Вас часта палохала жыццё?”

Што нам рабіць з гэтым непахісным горкім прынцыпам, калі нечыя правы вызначаюць па тым, “шчаслівы” чалавек ці “нешчаслівы”; а нечы твор ацэньваюць адносна таго, падымае ён дух ці не? “Шчасце” абвяшчаецца культурнай нормай, а любое адхіленне ад яе, нават апраўданае, нават непазбежнае, абуджае не толькі шкадаванне, але і папрок. Якім бы праўдзівым ні быў гэты прынцып для аўтараў-мужчын, ён нашмат больш праўдзівы для аўтараў-жанчын, бо парушэнне нейкага няпісанага правіла закладзенае ў самім факце, што жанчына піша, а гэта значыць, думае.

Аднойчы мне сказалі пра гэта наўпрост, і, без сумневу, часта мелі на ўвазе ўскосна: у сваёй творчасці я мушу звяртацца да “хатняга”, ці “суб’ектыўнага”, матэрыялу, у манеры (напрыклад) Джэйн Остэн ці Вірджыніі Вулф, я мушу пакінуць вялікія сацыяльна-палітычныя праблемы мужчынам. Гэта намёк на тое, што калі б Джэйн Остэн ці Вірджынія Вулф жылі ў Дэтройце, яны б паспяхова “пераадолелі” сваё атачэнне і пісалі б раманы, у якіх нельга было б угледзець ні каліўца “жорсткасці”. Вулф, мабыць, была б датклівай і трапяткой ад пачуццёвых адкрыццяў і не звяртала б увагі на колазварот навакольнага жыцця. Остэн была б гуллівай, забаўнай, “радаснай” і практычна кожнаму чытачу прыйшлася б да душы. Калі яны паспяхова адмаўляліся ад твораў пра вялікія “сацыяльныя праблемы” ў свае эпохі, то мяркуецца, што, канечне ж, не схібілі б і ў новым складаным кантэксце, не пашкодзілі б “жаноцкасць”.

Гэтае пытанне заўжды абразлівае. Гэтае пытанне заўжды невуцкае. Гэтае пытанне заўжды сэксісцкае. Падаецца, разам з двума-трыма падарункамі мы атрымалі ў спадчыну шматаблічнае пракляцце псіхааналізу: уяўленне пра тое, што прычыны злосці, ярасці, адчаю — “няшчасця” ў шырокім сэнсе — палягаюць у самім пацыенце, а не ў яго наваколлі. Псіхааналіз сцвярджае, што эдыпава агрэсія ў мужчыны — гэта дзеянне простага сямейнага трохкутніка, які непазбежна вырастае з “сямейнага рамана”; тое самае датычыць і жаночых эмоцый, але дадайце сюды яшчэ адну праблему: жанчыны асуджаныя на большую недасканаласць, бо, па-першае, яны не мужчыны, а па-другое, па ўсім відаць, у выніку гэтага крыўдлівыя. Агрэсія, незадаволенасць, бунтоўныя паводзіны, пачуццё несправядлівасці — яны ніяк не звязаныя з навакольным светам, толькі з пацыентам; але калі гэтая пацыентка, жанчына, істота зайздрослівая па вызначэнні, як можна наогул прымаць яе сур’ёзна? Тэрыторыяй жанчыны-творцы мусіць быць сфера суб’ектыўнага і хатняга. Ёй дазваляецца быць “чароўнай”, “забаўнай”, “цудоўнай”. Яе прыкладамі мусяць быць не Шэкспір з Дастаеўскім, а тая ці іншая жанчына-аўтарка. Тварыць яна мусіць як старанная швачка.

“Чаму вашы творы такія жорсткія?” Усім зразумела, што сур’ёзныя пісьменнікі, далёкія ад займальнасці і прапаганды, сапраўднымі тэмамі сваёй творчасці абіраюць складанасць сусвету, як яго зло, так і дабро, а таму такое пытанне заўжды абразлівае і заўжды сэксіцкае.

Сур’ёзны пісьменнік, акрамя ўсяго іншага, дае сведчанні. Сур’ёзны пісьменнік перабудоўвае “рэальнасць” для сваёй творчасці і, натуральна, мае спадзеў на ўнікальнасць мастацкага бачання і прыгажосць літаратурнай мовы; але рэальнасць — гэта заўжды аснова, гэтак жа як алфавіт у сваім стракатым харастве — гэта аснова “Хаўтураў па Фінегане”. (Клаўстрафабічная прырода засяроджанага на сабе мастацтва — гэта, мабыць, прыклад свету немаўляці: нічога з аб’ектыўнага не ўспрымаецца як рэальнае, усё суадносіцца з унутраным, словы, падаецца, ствараюцца і надзяляюцца асабістымі значэннямі. Адсюль такая пагарда мастака да “сапраўдных” светаў і сентыментальны спадзеў на значную перабудову свету — быццам свет не існуе па-за кантролем мастака.) Такім чынам, сур’ёзнаму пісьменніку-мужчыну дазволена мець сваё бачанне і ў якасці законнай тэмы прымаць свет настолькі ж шырокім, як Расія Дастаеўскага, як акіян Мэлвіла, як “паштовая марка зямлі” Фолкнэра ў Місісіпі. І ніхто не пытаецца ў іх: “Чаму вашы творы такія жорсткія?”

Калі лёс жанчын яшчэ не ўсюды моцна адрозніваецца ад рамантычнага вобразу, створанага нашай "Маральнай большасцю" [1] і познім Адольфам Гітлерам (“Kinder, Küche, Kirche” [2]), то лёс жанчын-пісьменніц гэтаксама строга перадвызначаны. Вайна, гвалт, забойства і яшчэ каларытнейшыя больш дробныя злачынствы відавочна робяцца сферай выключна мужчын-пісьменнікаў, гэтаксама як зазвычай яны робяцца сферай выключна мужчынскіх дзеянняў.

Аднак часам жанчынам-пісьменніцам на поўным сур’ёзе кажуць: “Вы пішаце як мужчына”. І таму, што гэта найвышэйшая ўхвала, якая падаецца як меркаванне зверху і не мае на ўвазе ніякіх далейшых абмеркаванняў, няветліва будзе запытацца: “Які мужчына? Любы мужчына? Вы?”

“Чаму вашы творы такія жорсткія?” Гэтае пытанне задавалі ў Льежы, Гамбургу, Лондане, Дэтройце, Нью-Ёрку. Мне задалі б яго ў Кітаі, калі б я паехала ў Кітай. Яго задалі б у Маскве. У Хірасіме.

Калі я падкрэсліваю, што насамрэч мае творы звычайна не ўтрымліваюць адкрытай жорсткасці, а хутчэй кранаюць жорсткасць як з’яву і яе наступствы, у манеры, нечым падобнай да старажытнагрэцкіх драматургаў, калі я падкрэсліваю, што, у кожным разе, творы ёсць мовай, і ў вельмі важным сэнсе яны больш пра мову, чым пра нейкую з’яву, — журналіст кіўне, запіша і запытаецца пра маё дзяцінства: “Вам было цяжка? Вас палохала жыццё?”

У апошнія гады дадаўся яшчэ адзін варыянт: як я адбіваюся ад “крытычных закідаў”, што мае творы “жорсткія”? Як я магу “апраўдаць” сябе?

“Вы б задалі такое пытанне мужчыну-пісьменніку?” — адгукнулася я, калі апошні раз, не так даўно, у мяне запыталіся пра гэта. Пасля некаторых ваганняў прагучаў адказ: “Не”. — “А чаму не?” — працягвала я. Тут наступіла доўгая паўза. Журналіст ведаў адказ, але не захацеў яго прамовіць. Ці, магчыма, задумаўся. Спадзяюся, ён думае дагэтуль.

 

Сакавік 1981

 

[1] "Маральная большасць" — вядомая амерыканская палітычная арганізацыя, звязаная з хрысціянскімі правымі і партыяй рэспубліканцаў.

[2] Kinder, Küche, Kirche — ням. “Дзеці, кухня, царква”. Устойлівы выраз, які апісвае асноўныя ўяўленні пра сацыяльную ролю жанчыны ў нямецкай кансерватыўнай сістэме каштоўнасцяў. Аўтарам дадзенага выразу прынята лічыць кайзера Вільгельма ІІ.

Пераклад зроблены паводле: https://www.nytimes.com/books/98/07/05/specials/oates-violent.html

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2016

Чытайце таксама

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

1013