№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Эдрыен Рыч

Жанчыны і гонар: некалькі нататак пра хлусню (Women and Honor: Some Notes on Lying)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Гэтыя нататкі закранаюць адносіны паміж жанчынамі і сярод жанчын. Калі я кажу пра “асабістыя стасункі”, то маю на ўвазе стасункі паміж дзвюма жанчынамі. З напісанага ніжэй будзе зразумела, калі гаворка ідзе пра адносіны жанчын з мужчынамі.

 

Даўняя мужчынская ідэя пра гонар. “Слова” мужчыны дастаткова — іншым мужчынам — гарантый не трэба.

“Край наш вольны, мужчыны шчырыя, жанчыны плодныя” — папулярны каланіяльны тост у Амерыцы.

Мужчынскі гонар у нечым звязаны з забойствам: “Я не мог бы, мілая, любіць цябе так / Калі б гонар я больш не любіў” (“Да Лукасты, збіраючыся на вайну”). Мужчынскі гонар як нешта, за што трэба адпомсціць: адсюль і дуэль.

Жаночы ж гонар зусім іншы: нявіннасць, цнота, вернасць мужу. Шчырасць для жанчын не лічыцца важнай. Нас у асноўным выяўляюць як асобаў капрызных, хлуслівых, хітрых, зменлівых. Нас узнагароджваюць за хлусню.

Мужчыны мусяць гаварыць праўду пра факты, але не пачуцці. Яны наагул не мусяць гаварыць пра пачуцці.

Але нават пра факты яны ўвесь час хлусяць.

Мы дапускаем, што ў палітыкаў гонару няма. Мы чытаем іх заявы, спрабуючы ўзламаць код. Ганьба іхнай палітыкі не ў тым, што мужчыны на высокіх пасадах хлусяць, а ў тым, што яны робяць гэта настолькі абыякава і несупынна, чакаючы, што ім павераць. Мы прывыклі да пагарды як неад'емнай часткі палітычнай хлусні.

 

***

Аднак адкрыццё, што некаму схлусілі ў асабістых стасунках, прымушае адчуць лёгкае вар’яцтва.

 

***

Хлусяць словамі, але і маўчаннем таксама.

Жанчына, якая хлусіць у асабістых стасунках, можа прадумваць ці выдумляць хлусню, але неабавязкова. Яна можа нават не думаць, што робіць нешта наўмысна.

Узнікае тэма, якую ілгуння хоча закрыць. Ёй трэба спусціцца ўніз, скончыўся час паркоўкі. Ці тэрміновы тэлефонны званок, які яна мусіла зрабіць яшчэ гадзіну таму.

Ёй у лоб задаюць пытанне, якое можа прывесці да балючай размовы: “Што ты адчуваеш з нагоды таго, што адбываецца між намі?” Замест таго каб паспрабаваць апісаць свае пачуцці з усёй неадназначнасцю і блытанінай, яна запытваецца: “А што адчуваеш ты?” Другая, бо яна імкнецца ўсталяваць атмасферу адкрытасці і даверу, пачынае апісваць уласныя пачуцці. І так ілгуння даведваецца больш, чым кажа.

І яна можа хлусіць і сабе: што яе хвалююць пачуцці іншай, а не ўласныя.

Ілгунню ж цікавяць яе ўласныя пачуцці.

Ілгуння жыве ў страху страціць кантроль. Яна не ў стане нават захацець адносінаў без маніпуляцый, бо быць уразлівай для іншага чалавека азначае для яе страціць кантроль.

Ілгуння мае шмат сяброў, але жыве надзвычай самотна.

 

***

Ілгуння часта пакутуе на амнезію. Амнезія — гэта маўчанне падсвядомасці.

Хлусіць пастаянна, зрабіць хлусню стылем жыцця азначае страціць кантакт з падсвядомасцю. Быццам ты прымаеш таблеткі для сну, якія дапамагаюць заснуць, а сненні знішчаюць. Падсвядомае хоча праўды. Яно не гаворыць з тымі, хто не праўды прагне больш, а нечага іншага.

Гаворачы пра хлусню, мы непазбежна прыходзім да тэмы праўды. У гэтым панятку няма ні прастаты, ні лёгкасці. Няма “гэтай праўды”, “нейкай праўды”: праўда — гэта не рэч і нават не сістэма. Гэта комплексны прадмет, які працягвае ўскладняцца. Узор дывана — на паверхні. А калі мы прыгледзімся ці калі мы зробімся ткачыхамі, мы даведаемся пра шматлікія маленькія нітачкі, нябачныя ў агульным узоры, пра вузельчыкі, што хаваюцца пад паверхняй дывана.

Менавіта таму намаганне гаварыць праўду настолькі важнае. Хлусня — гэта звычайна спроба зрабіць усё прасцейшым — для ілгунні, — чым яно ёсць насамрэч ці мусіць быць.

Хлусячы іншым, мы прыходзім да хлусні самім сабе. Мы адмаўляем важнасць падзеі ці чалавека і так пазбаўляем сябе часткі ўласнага жыцця. Ці нейкай адной часткай мінулага ці цяперашняга засланяем іншую. Так мы страчваем давер да ўласнага жыцця.

Падсвядомае хоча праўды, і цела таксама. Складанасць і ўрадлівасць сненняў бяруць пачатак у складанасці і ўрадлівасці падсвядомага, якое імкнецца задаволіць гэтае жаданне. Складанасць і ўрадлівасць паэзіі бяруць пачатак у тым жа імкненні.

 

***

Шчырыя чалавечыя стасункі — а гэта значыць тыя, у якіх два чалавекі маюць права прамаўляць слова “каханне”, — гэта працэс, вытанчаны, рэзкі, часам страшны для абедзвюх, працэс кшталтавання праўдаў, якія яны могуць сказаць адна адной.

Гэта важна рабіць, бо так разбураецца самападман і адчужанасць людзей.

Гэта важна рабіць, бо так мы аддаем належнае ўласнай складанасці.

Гэта важна рабіць, бо так мы можам разлічваць на нешматлікіх людзей, што могуць прайсці гэты складаны шлях разам з намі.

 

***

Я вяртаюся да пытання жаночага гонару. Праўдзівасць не лічыцца істотнай для жанчын, пакуль мы застаемся фізічна верныя мужчыну ці цнатлівыя.

Ад нас чакаюць хлусні целам: бляднець, чырванець, выпростваць ці завіваць валасы, вышчыпваць бровы, галіць падпахі, насіць турнюры і падкладкі ў розных месцах, гарсэты і шнуроўку, хадзіць маленькімі крокамі, лакіраваць пазногці на руках і нагах, адзявацца так, каб выглядаць бездапаможнымі.

Ад нас патрабуюць хлусіць па-рознаму ў розныя часы, усё залежыць ад таго, што мужчынам пэўнай эпохі трэба пачуць. Віктарыянская жонка ці белая жанчына з амерыканскага Поўдня не мусіла мець ніякай пачуццёвасці, “ляжаць ціха”; “свабодная” жанчына ХХ стагоддзя мусіць “імітаваць аргазм”.

Ад нас утойваюць ці проста скажаюць праўду пра нашыя целы; мы не ведаем нічога пра свае самыя інтымныя месцы. Нашы інстынкты каралі: клітарадэктамія для “пажадных” манашак ці “складаных” жонак. Цяжка было таксама адрозніць хлусню, да якой мы спрычыніліся, ад хлусні, якой мы самі верылі.

Хлусня пра “шчаслівы шлюб”, пра сямейнае жыццё — мы бярэм у гэтым удзел, мы разыгрываем казку пра ўдалае жыццё, пакуль у судзе не пачынаем сведчыць пра згвалтаванні, пабоі, фізічную жорсткасць, публічныя і асабістыя прыніжэнні.

Патрыярхальная хлусня маніпулюе жанчынамі і праз падман, і праз маўчанне. Ад нас схавалі патрэбныя факты. Супраць нас даюць хлуслівыя сведчанні.

А таму нам трэба сур’ёзна ставіцца да пытання праўдзівасці ў адносінах паміж жанчынамі, праўдзівасці сярод жанчын. Калі мы адмаўляемся хлусіць сваімі целамі, калі адмаўляемся прымаць на веру тое, што пра нас кажуць мужчыны, гэтак і працуе напраўду жаночая ідэя гонару?

 

***

Жанчын прымушалі дзеля выжывання хлусіць мужчынам. Як развучыцца гэта рабіць у асяродку жанчын?

 

“Жанчыны заўжды хлусілі сабе”.

“Жанчыны заўжды перадавалі праўду шэптам адна адной”.

Абедзве гэтыя аксіёмы праўдзівыя.

 

“Жанчыны заўжды варагавалі адна з адной”.

“Жанчыны заўжды былі ў таемнай змове”.

Абедзве гэтыя аксіёмы праўдзівыя.

У барацьбе за выжыванне мы хлусім. Босам, турэмным ахоўнікам, паліцыянтам, мужчынам, што маюць над намі ўладу, якія па законе валодаюць намі і нашымі дзецьмі, каханкам, якім мы патрэбныя для сцвярджэння ўласнай мужчынскасці.

Ёсць небяспека, праз якую праходзяць усе бяссільныя: мы можам забыцца на тое, што хлусім, ці на тое, што хлусня робіцца зброяй, што мы бярэм з сабой у стасункі з людзьмі, якія не маюць над намі ўлады.

 

***

Я хачу паўтарыць, што, калі мы кажам пра жанчын і гонар ці жанчын і хлусню, мы гаворым у кантэксце мужчынскай хлусні, пра хлусню моцных, хлусню як фальшывую крыніцу ўлады.

Жанчынам варта задумацца, ці хочам мы ў сваіх стасунках адна з адной улады, якую можна здабыць хлуснёй.

Жанчын даводзілі да вар'яцтва, ачмуралі стагоддзямі, абвяргаючы нашае існаванне і нашыя інстынкты ў культуры, што цэніць толькі мужчынскі досвед. Праўду пра нашыя цела і розум ператваралі для нас у загадку. А таму адна перад адной у нас ёсць першасны абавязак: не разбураць дзеля карыслівасці адчуванне намі рэальнасці і не ачмураць адна адну.

Жанчыны, што трымаюцца праўдзівасці нашага досведу, зазвычай адчуваюць сябе вар’яткамі. Нашая будучыня залежыць ад здаровага розуму кожнай з нас, і мы жыццёва зацікаўленыя, не толькі як прыватныя асобы, у тым, каб апісаць нашую рэальнасць настолькі спакойна і поўна, як толькі мы здольныя адна для адной.

 

***

Ёсць выразы, якія дапамагаюць нам заўважаць, што мы хлусім: “мая прыватная справа”, “гэта нікога не тычыцца, акрамя мяне”. Выбары, якія стаяць за гэтымі словамі, насамрэч можна апраўдаць; але нам варта задумацца пра паўнату значэння і наступствы выкарыстання такой мовы.

Каханне жанчыны да жанчыны амаль заўжды выяўлялася ў маўчанні і хлусні. Інстытут гетэрасэксуальнасці прымушаў лесбіянак хавацца ці называў іх “вычварэнкамі”, “злачынкамі”, “хворымі”, “небяспечнымі” жанчынамі і г.д. А таму лесбіянак часцяком прымушалі хлусіць, як прастытутак ці замужніх жанчын.

Ці напраўду жыццё “ў шафе” — хлусячы пра сябе, бо гэта, мабыць, неабходна, нашым босам, арандадаўцам, кліентам, калегам, членам сям’і, таму што закон і грамадскае меркаванне заснаваныя на хлусні — ці напраўду яно пранікае, або можа пранікнуць, у прыватнае жыццё, і хлусня (пад выглядам абачлівасці) робіцца лёгкім спосабам пазбегнуць канфлікту ці складанасцяў? Ці можа яна зрабіцца стратэгіяй, так глыбока ўкаранёнай, што яе будуць выкарыстоўваць нават з блізкімі сябрамі і каханымі?

Гетэрасэксуальнасць як інстытут таксама патапляе ў маўчанні эратычныя пачуцці паміж жанчынамі. Я сама палову жыцця пражыла ў хлусні адмаўлення. Гэтае маўчанне робіць нас усіх у нейкай ступені ілгуннямі.

Калі жанчына кажа праўду, яна стварае перспектывы для яшчэ большай праўды вакол сябе.

 

***

Ілгуння пражывае жыццё ў невымоўнай самоце.

Ілгунні страшна.

Але нам усім страшна: без страху мы ўсе робімся шалёнымі, пагардлівымі, самаразбуральнымі. Але які менавіта страх апаноўвае ілгунню?

Яна баіцца, што яе ўласныя праўды недастаткова добрыя.

Яна баіцца не столькі ахоўнікаў турмы ці босаў, колькі нечага безыменнага ўнутры сябе.

Ілгуння баіцца пустэлі.

Пустэль — гэта не нешта, створанае патрыярхатам, расізмам ці капіталізмам. Яна не знікне разам з імі. Яна частка кожнай жанчыны.

“Чорная сарцавіна”, як назвала яе Вірджынія Вулф, пішучы пра сваю маці. Чорная сарцавіна. Яна па той бок асобы; па той бок тых, хто нас любіць ці ненавідзіць.

Мы пачынаемся з пустэлі, з цемры, з пустэчы. Гэта частка цыклу, вядомая старым паганскім рэлігіям, якую матэрыялізм адмаўляе. Са смерці — жыццё; з нічога — нешта

Пустэль — гэта стваральніца, матрыца. Гэта не проста пустата і анархія. Але ў жанчынах яна асацыюецца з адсутнасцю любові, бясплоднасцю, стэрыльнасцю. Нас пераконваюць запаўняць “пустэчу” дзецьмі. Ад нас не хочуць, каб мы спускаліся ў цемру сарцавіны.

Аднак калі мы пойдзем на рызыку, нешта, народжанае з нічога, зробіцца пачаткам нашай праўды.

Ілгуння, апанаваная жахам, хоча запоўніць сваю пустэль хоць чым. Яе хлусня — гэта адмаўленне страху, спосаб захаваць кантроль.

 

***

Чаму нам падаецца, што мы крыху з’ехалі з глузду, калі нам хлусяць у стасунках?

Мы так шмат у гэтым свеце бярэм на веру. Ты кажаш мне: “У 1950 я жыла на паўночным баку вуліцы Бікан у Самэрвілі”. Ты кажаш мне: “Мы з ёй былі каханкамі, але ўжо некалькі месяцаў проста добрыя сябры”. Ты кажаш мне: “На вуліцы сямнаццаць градусаў і свеціць сонца”. Таму, што я кахаю цябе, таму, што паміж намі нават не паўстае пытання пра хлусню, я бяру гэтыя праявы свету на веру: твой адрас дваццаць пяць гадоў таму, твае стасункі з некім, каго я ведаю толькі знешне, сённяшняе надвор’е. Я прапускаю несвядомыя парасткі веры, нібы танюткія зялёныя ніці, праз такія вось словы, словы, прамоўленыя так адназначна, без тону або ценю няпэўнасці. Я ўстаўляю іх у мазаіку майго свету. Я дазваляю свайму сусвету імгненна і значна змяніцца на аснове сказанага табой, бо я табе давяраю.

Я таксама веру, што ты расказваеш мне пра важныя рэчы, якія я мушу ведаць; што ты не хаваеш ад мяне нейкія факты, спрабуючы абараніць мяне ці сябе ад болю.

Ці што ты як мінімум папярэдзіш: “Ёсць рэчы, пра якія табе не гавару”.

Калі мы разумеем, што таму, каму мы давяралі, больш давяраць нельга, гэта прымушае нас перагледзець сусвет, паставіць пад пытанне сам інстынкт і канцэпцыю даверу. На нейкі час нас кідае на ледзяныя і вострыя рыфы, у цемру, працятую заслонамі агню, аточаную заслонамі дажджоў, у свет, дзе яшчэ не было ні роднасці, ні наймення, ні пяшчоты; мы набліжаемся да аморфнасці.

Ілгуння можа працівіцца канфлікту, адмаўляць, што яна схлусіла. Ці карыстацца іншаю мовай: забывацца, спасылацца на прыватнасць, абараняць некага іншага. Ці смела назваць сябе баязліўкай. І гэта дазволіць ёй працягваць хлусіць, бо менавіта так робяць баязліўкі. Яна не скажа “мне страшна”, бо такім чынам узнікне пытанне, як яшчэ можна справіцца з яе страхам. Так узнікае пытанне, чаго яна баіцца.

Яна можа сказаць: “Я не хацела рабіць балюча”. Але чаго яна не хацела насамрэч — дык гэта разбірацца з болем іншай. Хлусіць — гэта зразаць дарогу пазнання асобы іншай.

 

***

Праўдзівасць, гонар — не нешта, што ўзнікае само па сабе; іх трэба ствараць паміж людзьмі.

Гэта слушна і для палітыкі. Якасць і глыбіня палітыкі, якую вызнае група, залежыць у вялікай ступені ад разумення ў ёй гонару.

Шмат з таго, што ў вузкім сэнсе называецца “палітыкай”, мабыць, трымаецца на імкненні да адназначнасці нават цаною шчырасці, бо вынікі разбору, зробленага аднойчы, патрабуюць пераглядаць. Прыклад: закасцянеласць — для жанчын — марксізму ў наш час.

Праўдзівасць дзе заўгодна азначае падвышаную складанасць. Але гэта рух у бок эвалюцыі. Жанчыны толькі пачынаюць раскрываць нашую асабістую праўду; многія з нас былі б удзячныя за перадышку ў барацьбе, былі б радыя проста заспакоіцца тымі чарапкамі, што мы так цяжка адкапвалі, і задаволіцца імі. Часта я адчуваю такую знясіленасць і ў сваім целе.

Але вартая палітыка і вартыя стасункі патрабуюць ад нас капаць яшчэ глыбей.

 

***

Перспектывы, што існуюць паміж двума людзьмі ці ў групе людзей, — гэта свайго кшталту алхімія. Гэта самае цікавае ў жыцці. Ілгуння губляе гэтыя перспектывы з вачэй.

Калі адносіны вызначаюцца маніпуляцыяй, патрэбай кантролю, у іх можа быць змрочная, шумная драма, але яны перастаюць быць цікавымі. Яны нудныя; удар чалавечых перспектываў больш у іх не гучыць.

Калі нехта скажа мне частку праўды, ад мяне схаванай, але мне неабходнай, каб пабачыць уласнае жыццё больш ясна, то можа зрабіць мне вельмі балюча, але і захліснуць халоднай, па-марскому рэзкай хваляй палёгкі. Такую праўду часта адкрываюць выпадкі ці незнаёмцы.

Але гэта не значыць, што, каб у нашых з табой стасунках прысутнічаў гонар, я мушу разумець усё або ўсё адразу ж табе расказваць ці што я магу ведаць загадзя ўсё, што мне трэба табе расказаць.

Гэта значыць, што амаль увесь час я прагну, імкнуся да перспектывы расказаць табе. Што гэтыя перспектывы могуць падацца страшнымі, але не разбуральнымі для мяне. Што я адчуваю сябе дастаткова моцнай, каб пачуць твае няўпэўненыя і няцвёрдыя словы. Што мы абедзве ведаем, што ўвесь час спрабуем пашырыць перспектывы праўдзівасці між намі.

Перспектыву жыцця між намі. 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2016

Чытайце таксама

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс – нямецкi празаік i паэт, аўтар мiстычных апавяданняў i раманаў гатычнае скiраванасцi

Манула Каліцка

Манула Каліцка

Польская пісьменніца і журналістка. Сапраўднае імя — Марыя Магдалена Каліцка.

Дэніэл Мендэлсан

Дэніэл Мендэлсан

1052