№21: Знак прысутнасці
31 снежня 2018
Раней грамадства ставіла пад сумнеў гомасэксуальнасць,
цяпер жа гомасэксуальнасць ставіць пад сумнеў
функцыянаванне ўсяго грамадства.
Эрык Фасэн, французскі сацыёлаг
Паўстанне ў канцы ХІХ стагоддзя ў заходнім свеце гей- і лесбі-культуры — ужо вядомы і бясспрэчны факт. Факт, які пачаў мяняць заходнюю культуру, а разам з ёю — і астатні свет. Факт, які дагэтуль не прымаюць у многіх культурах, напрыклад, у Беларусі. І ў гэтым паўстанні літаратура займала і займае пачэснае месца: Андрэ Жыд, Жорж Экгаўт, Оскар Ўайлд, Марсэль Пруст, Віржынія Вулф, Эдвард Морган Форстэр, Штэфан Цвайг, Калет, Клаўс Ман, Місіма, Кавабата Ясунары, Міхаіл Кузмін, Федэрыка Гарсія Лорка, Маргарыт Юрсенар, Ўільям Бероўз, Гор Відал, Тэнэсі Ўільямз, Жан Жэнэ, Яраслаў Івашкевіч, Караль Шыманоўскі, Трумэн Капотэ, Віялета Лед’юк, Мішэль Трамбле, Майкл Канінгем і многія-многія іншыя не проста сталі класікамі нацыянальнай і сусветнай літаратуры, але і спрычыніліся да фармавання гей- і лесбі-ідэнтычнасці, паўплывалі на гей- і лесбі-рух. Літаратура стварыла новыя ідэнтычнасці, эмансіпавала маргіналізаваныя групы людзей. Мастацкая літаратура да ўсяго сталася правадніком для гей- і лесбі-культуры, прытулкам, форумам для дэбатаў і апісання маргінальнага досведу, сферай, якая адной з першых пачала легітымізаваць гомасэксуальнасць. А яшчэ, як сведчаць даследаванні ў Бельгіі і Квебеку, літаратура ў апошнія дзесяцігоддзі дапамагла скараціць колькасць самагубстваў сярод маладых геяў.
Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Што адбывалася і адбываецца, калі яны сыходзяцца? Што адбываецца, калі літаратура апісвае досвед "іншых": антычнага гомасэксуальнага кахання, "садамітаў", "ураністаў", "упаднікаў", "блакітных", "інвертаў", "гамагенных" ці больш вядомых нам цяпер геяў, лесбіянак і іншых? Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары — напрыклад, у матэрыялах круглага стала пра рэпрэзентацыю негетэранарматыўнай сэксуальнасці ў літаратуры "Вось так я пішу", арганізаванага часопісам “ПрайдзіСвет” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Варта адзначыць, што гэта ці не першая спроба мясцовых літаратараў і літаратарак асэнсаваць праблематыку і даць першыя адказы. У адрозненне ад заходніх культураў, у Беларусі толькі цяпер паўстае гей- і лесбі-літаратура, якая ідзе на дапамогу мясцовай ЛГБТК-супольнасці. Такая выразная запозненасць тлумачыцца запозненасцю беларускага нацыятворчага і дзяржаўнага развіцця, існаваннем беларускай культуры ў апошнія стагоддзі ў вельмі неспрыяльных умовах, што і вядзе часцяком, нават на цяперашнім этапе, да адмовы існавання мясцовых геяў і лесбіянак, а тым больш да адмовы існавання мясцовай ЛГБТК-літаратуры. Гістарычная траўма, цяжар траўмы аўтарытарна-таталітарнага жыцця, дасюль адбіваецца на беларусах: мы не можам перайсці да дэмакратыі і навучыцца паважаць разнастайнасць, адрознасць. Аднак знакі прагрэсу навідавоку: развіваецца беларуская літаратура, паўсталі мясцовыя гей і лесбі-аўтаркі, якія не проста дзеляцца сваім досведам, а і развіваюць альтэрнатыўнае бачанне, нарэшце, вучаць беларусаў іншасці і сапраўднай талерантнасці, што зможа стаць гарантам дэмакратыі ў будучыні. Таму ў нумары асобным, сімвалічна важным і прыярытэтным блокам стаіць частка, у якой публікуюцца тэксты беларускіх аўтарак і аўтараў (К. Бандурына, Н. Гусакоўская, Д. Трайдэн, У. Гарбацкі, Дз. Ермаловіч-Дашчынскі). У нумары таксама сабраныя і збольшага ўпершыню прэзентаваныя перакладныя тэксты не толькі класічных аўтараў і аўтарак (Ўолт Ўітмэн, Жорж Экгаўт, Сара Тысдэйл, Эмі Лоўэл, Алфрэд Эдвард Хаўсмэн, Фрэнк О’Хара, Пэт Паркер), але і тэксты сучасных замежных пісьменнікаў і пісьменніц, якія часцяком стаяць пад сцягам ЛГБТК (Іда Ліндэ, Гедрэ Казлаўскайтэ, Івар Сільд, Алок Вайд-Мэнан). Акрамя таго нумар узбагачаны публіцыстычнымі тэкстамі, якія дапамогуць лепей зразумець з'яву ЛГБТК-літаратуры (В. Гапеева, У. Валодзін, К. Маціеўская, Г. Янкута, У. Гарбацкі). Асобна, але цалкам арганічна размешчаная прадмова да эсэ Сімоны дэ Бавуар "Другі пол". Мы наўмысна ўключылі (і ўпершыню па-беларуску) пачатак фемінісцкага эсэ французскай філосафкі ў наш нумар, бо Сімона дэ Бавуар хоць і пісала пра іншасць, другараднасць перадусім жанчын у грамадстве, яе пасланне і параўнанні дасюль карысныя і дапамагаюць зразумець іншасць і другараднасць ЛГБТК-супольнасці ў сучасным свеце.
Мы рэгулярна вяртаемся ў еўрапейскае мінулае, бо яшчэ да фармавання так званай ЛГБТК-літаратуры (панятак, які, дарэчы, часта аспрэчваецца самімі ж ЛГБТК-аўтаркамі і аўтарамі) тэма гомасэксуальнасці пад рознымі назвамі заўсёды прысутнічала ў літаратуры.
У ХХІ стагоддзі дыялог працягваецца, і на прыкладзе Беларусі мы бачым, што новым аўтаркам і аўтарам ёсць што сказаць і адкрыць грамадству, якое толькі-толькі пачынае прачынацца ад аўтарытарнага сну. Адзначым таксама з пэўным жалем, што ў дадзены нумар не ўвайшлі многія тэксты мясцовых аўтараў, бо яны дагэтуль баяцца, хаваюцца, саромеюцца, пішуць у шуфляду. Спадзяёмся, гэты нумар “ПрайдзіСвета”, прысвечаны літаратуры і ЛГБТК, стане першым крокам да далейшай эмансіпацыі, які зварушыць розумы дасюль скептычных беларусак і беларусаў, а да ўсяго стане цікавай і смачнай чытанкай.