№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рычард Бротыган

Інструкцыя па рамонце кармы

Вершы

Другое каралеўства

(The Second Kingdom)


У першым каралеўстве
зорак
усё прыгожае
напалову.

Твае пазногці —
анёлы,
што спяць пасля
доўгай ночы
кахання.

Гучанне тваіх
вачэй — снег,
што сыходзіць
па прыступках
ветру.

А валасы
твае — колеру
Бога, які зрывае
кветкі.

У другім
каралеўстве зорак
ёсць толькі
ты.

пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў





Паштоўка з моста

(A Postcard from the Bridge)


Восеньская рака
чыстая і халодная,
і рыбы вісяць
у глыбінях
і не любяць ні мары,
ні рэальнасці.

Рыбы вісяць
у глыбінях
і ціха варочаюцца,
нібы старонкі
ў старым альбоме
з фатаграфіямі.

пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў





Таксіст

(Taxi Driver)


Мне падабаецца таксіст:
ён нясецца па начных вуліцах
Токіё
так, нібы жыццё не мае сэнсу.
Вось і я так думаю.

пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў





Месячнае святло на цвінтары

(Moonlight on a Cemetery)


Месячнае святло праплывае
Сотню тысяч міляў,
Каб упасці на цвінтар.

Чытае сотні эпітафіяў
І пасля ўсміхаецца савянятам
У гняздзе.

пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў




Верш пра каханне

(Love Poem)


Як жа хораша,
прачнуўшыся зранку
ў адзіноце,
не казаць нікому,
што кахаеш,
калі і не кахаеш
больш.

пераклад з ангельскай — Віталь Рыжкоў





Прыгожы верш

(The Beautiful Poem)


Лос-Анджэлес. Кладучыся спаць, думаю
пра цябе.

Толькі што ў прыбіральні
я зірнуў на свой пеніс
пяшчотна.

Ад думкі, што сёння
Ён пабываў у табе двойчы,
раблюся прыгожы.

трэцяя ранку, 15 студзеня 1967

пераклад з ангельскай — Віталь Рыжкоў





30 цэнтаў, два квіткі, каханне

(30 Cents, Two Transfers, Love)


Задумаўшыся пра цябе,
зайшоў у аўтобус,
заплаціў 30 цэнтаў за праезд
і папрасіў у кіроўцы два квіткі.
І толькі пасля зразумеў,
што я —
адзін.

пераклад з ангельскай — Віталь Рыжкоў





Мой нос старэе

(My Nose Is Growing Old)


Ага.
Доўгі лянівы верасень глядзіць
у люстэрка
і кажа, так і ёсць.

Мне 31,
і мой нос
старэе.

Усё пачынаецца на паўцалі
ніжэй
ад пераносся,
па-старэчы спускаецца
ўніз
яшчэ на цалю і там
спыняецца.

На шчасце,
рэшта носа адносна
маладая.

Цікава, ці захочуць
мяне дзяўчаты з такім
старым носам.

Так і чую
гэтых бязлітасных сцерваў!

“Ён такі мілы,
але нос у яго —
стары”.

пераклад з ангельскай — Віталь Рыжкоў





Колер як пачатак

(Color As Beginning)


Хрэн з ім, з каханнем.
Хачу памерці
ў тваіх жоўтых валасах.

пераклад з ангельскай — Андрэй Вылінскі





Інструкцыя па рамонце кармы, пункты 1-4

(Karma Repair Kit: Items 1-4)


1. Набяры ўдосталь ежы
і з'еш.

2. Знайдзі ціхае месца, дзе можна выспацца,
і выспіся.

3. Змяншай разумовую актыўнасць і эмацыйны шум
пакуль не дасягнеш унутранай цішы,
і слухай.

4.

пераклад з ангельскай — Андрэй Вылінскі



Апошняя паездка

(The Final Ride)


Паміраць —
быццам ехаць аўтаспынам
у незнаёмы горад
позна ўначы,
там халодна,
дажджліва,
і ты адзін
ізноў.

Раптам
усе ліхтары
згасаюць,
і паўсюль робіцца
цёмна,
так цёмна,
што нават дамы
баяцца
адзін аднаго.

пераклад з ангельскай — Андрэй Вылінскі

Пераклад з ангельскай – Аляксей Арцёмаў, Андрэй Вылінскі, Віталь Рыжкоў © 2013

Чытайце таксама

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

Жанна Луіза Отэрдаль

Жанна Луіза Отэрдаль

Шведская пісьменніца, была выкладчыкам і актывісткай руху квакераў

972