№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Згадкі пра 2009 год

29 снежня 2009

Згадкі пра 2009 год
Набліжаецца заканчэнне году, і самы час цяпер скласці, нібы пазл, усе значныя падзеі, што адбыліся сёлета, каб паглядзець, якая атрымаецца карцінка. Вось і мы прапануем вам пагуляцца з намі ў складанку, сабраць з дзесяці кавалкаў поўную панараму перакладчыцкага жыцця за 2009 год і вызначыць, добрым ці кепскім быў ён для нас. Калі мы штосьці не заўважылі ці прапусцілі – пішыце ў каментары. Каб год на сыходзе не пакрыўдзіўся і не падкінуў нам нечаканых непрыемнасцяў.
 

1. Перакладчыкі выйшлі ў інтэрнэт. Безумоўна, яны і раней там раз-пораз з’яўляліся, але толькі ў 2009 годзе гэтая з’ява набыла масавы характар. Цяпер у сеціве ёсць ажно два сайты, прысвечаныя перакладам замежнай літаратуры і каляперакладной крытыцы, – гэта сайт Litaratura.org, створаны Сяргеем Шупам і Янам Максімюком, і сціплы сайт, які вы чытаеце ў гэтую хвіліну, – інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет”. Апроч гэтага, перакладныя кнігі працягваюць вывешвацца на сайце “Камунікату”, а абмеркаванне праблемаў перакладу адбываецца на форуме “ПрайдзіСвета” і ў жж-суполцы “Варштат святога Гераніма”.

 

2. У 2009 годзе споўнілася 75 гадоў беларускаму перакладчыку-гішпаністу Карласу Шэрману, і гэтая падзея не засталася па-за ўвагаю беларускага ПЭН-цэнтру (віцэ-прэзідэнтам якога быў Карлас Шэрман), які зладзіў з гэтай нагоды конкурс маладых пісьменнікаў і перакладчыкаў. На конкурс прымаліся творы толькі тых жанраў, у якіх пісаў сам Шэрман, то бок паэзія, эсэістыка і пераклады. З творамі фіналістаў можна пазнаёміцца ў “Дзеяслове” №41. Вось-вось выйдзе зборнік фіналістаў. У гэтым жа годзе споўнілася 70 гадоў Ірыне Шаблоўскай, навукоўцу-багемісту, былому загадчыку і выкладчыку кафедры замежнай літаратуры БДУ і перакладчыку з чэшскай мовы.

 

3. Адзначыўшы юбілеі сваіх суайчыннікаў, беларускія перакладчыкі не забылі адзначыць таксама дні нараджэння славутых замежнікаў. 85-годдзе польскага паэта і эсэіста Збігнева Герберта весела адсвяткавалі выданнем двухтомніка пісьменніка, у першым томе якога змешчаныя вершы і п’еса пісьменніка (якія для шырокага грамадства ласкава пераклалі Юрась Бушлякоў, Марына Казлоўская, Серж Мінскевіч, Таццяна Слінка, Ілона Урбановіч-Саўка і Андрэй Хадановіч), а ў другім – эсэістыка (якую цяпер можна чытаць па-беларуску дзякуючы Марыне Казлоўскай, Марыі Мартысевіч і Марыне Шода). Яшчэ адзін герой гэтага году – Эдгар Алан По, якому споўнілася 200 гадоў. З гэтай нагоды ў конкурсе імя Карласа Шэрмана была нават выдзеленая асобная намінацыя – пераклады твораў “бацькі трылеру”. Найлепшыя пераклады трапяць у кнігу, а пакуль яна рыхтуецца, прапануем вам адзначыць завяршэнне году перакладамі з Эдгара По, а таксама яшчэ аднаго сёлетняга імянінніка – Артура Конан Дойла (якому стукнула 150 гадоў) – на віртуальных старонках нашага часопіса.

 

4. Асобнай увагі вартая шведская тэма ў беларускіх перакладах. 21 траўня 2009 году ў рамках Літаратурных дзён “Беларусь – Швецыя” адбылася чарговая літаратурна-музычная вечарына, шведскі бок у якой прадстаўлялі Мікаэль Ніэмі, Петэр Фроберг Ідлінг, Улін Стыг, Аніка Нурлін (памятаеце, як яна спявала?) і Андрэас Матсан. Каталізатарамі беларуска-шведскіх стасункаў выступілі Стэфан Эрыксан і Дзмітры Плакс (апошні пераклаў на беларускую мову многія тэксты, што прагучалі на вечарыне). Таксама ў гэтым годзе былі выдадзеныя граматыка шведскай мовы Вольгі Цвірка і зборнік “Сучаснае шведскае апавяданне” (выдавецтва “Галіяфы”, укладанне Вольгі Цвірка). Дарэчы, адна з перакладчыц гэтага зборніку, Дар’я Вашкевіч, апынулася таксама і фіналісткай конкурсу Карласа Шэрмана, пераклаўшы апавяданне Фрэдэрыка Ліндстрома “Апошні дзень лета”.

 

5. Не забылі перакладчыкі ў 2009 годзе і пра дзяцей. Да выдання рыхтуюцца ажно два пераклады “Алісы ў Залюстрэччы” – зрэшты, наўрад ці яны выйдуць пад зусім аднолькавымі назвамі. Прысвечаны дзецям і апошні, восьмы нумар часопіса выпускнікоў Беларускага Калегіюма “Паміж”, у якім сярод іншага змешчаныя пераклады апавядання Рэя Брэдбэры “Дзіцячы пакой” (Паліна Маслянкова), Джойс Кэрал Оўтс “Як з таго свету” (Юля Цімафеева), Алешандры Радрыгеша “Падарунак на Каляды” (Наста Гвоздзева) і ўрывак з “Акадэміі доктара Клякса” Яна Бжэхвы (Алена Пятровіч). Праўда, не ўсе гэтыя творы можна чытаць дзецям.

 

6. Сярод перакладных кніжных навінак 2009 году варта згадаць раман Вітальда Гамбровіча “Ferdydurke” (Васіль Сёмуха), раман Фрыдрыха Дзюрэнмата “Юстыцыя” (Васіль Сёмуха), зборнік ізраільскіх апавяданняў “Чалавек, які скраў Сцяну Плачу” (Павал Касцюкевіч), раманы Рышарда Капусціньскага “Падарожжы з Герадотам” (Алена Пятровіч) і “Імператар” (Алесь Пяткевіч), якія выйшлі пад адной вокладкай, біяграфічная кніга “Шарль дэ Голь” (Зміцер Колас), Толкін. Выйшлі таксама трактаты “Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе” і “Пра шчаслівае жыццё, або найвышэйшыя чалавечыя вартасці” Андрэя Воляна ў перакладзе Уладзіміра Шатона, які памёр 6 жніўня 2009 г., стаўшы, разам з Верай Рыч, якая памерла 23 снежня, самай сумнай стратай гэтага году.

 

7. З’яўляюцца пераклады і ў перыядычным друку: з’явіўся чэшскі нумар Архэ. Не адстае і часопіс “Дзеяслоў”: у першым нумары за гэты год друкуюцца пераклады вершаў Наталкі Белацарківец (Ціна Палынская), апавядання “Востраў Крк” Юры Іздрыка (Уладзіслаў Белавусаў), а таксама першыя раздзелы “Бэўвульфа” (пераклад і ўступнае слова Антона Францішка Брыля); у трэцім – выбраныя руны карэла-фінскага эпасу “Калевала” (Якуб Лапатка), дарэчы, пераклады рунаў 3, 9 і 15 змешчаныя на нашым сайце. У чацвертым нумары “Дзеяслова” за гэты год змешчаны пераклад аповедаў “Легенды Ванкувера” Паўлін Джонсан-Тэкэянуакей (Ірына Варабей), а ў шостым, сярод іншага, – трагедыя Сафокла “Эдып-цар” у перакладзе Лявона Баршчэўскага. У часопісе “Беларуская думка” быў упершыню надрукаваны “Сумарыум Ягайлы і Вітаўта”.

 

8. Беларускія творы таксама перакладаюцца на замежныя мовы, і не толькі перакладаюцца, а яшчэ і ўдзельнічаюць у конкурсах на прэміі. Так, раман Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” апынуўся сярод фіналістаў польскай прэміі “Angelus”. Таксама на польскую мову былі перакладзеныя вершы Уладзіміра Арлова, на рускую і літоўскую мовы – “Код адсутнасці” Валянціна Акудовіча.

 

9. У 2009 годзе выйшаў цэлы шэраг карысных для перакладчыкаў слоўнікаў (“Беларуска-літоўскі размоўнік”, онлайн-перакладчык на беларускую, “Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік”), а таксама “Граматыка ангельскай мовы”. Варты ўвагі таксама “Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы” Міколы Савіцкага.

 

10. За гэты год Беларусь наведала вялікая колькасць замежных пісьменнікаў, якія выступілі на розных фестывалях. Апроч згаданай вышэй беларуска-шведскай вечарыны, у Мінску прайшоў Літаратурны фестываль European Borderlands, фестываль “Вялікае княства Паэзіі”, вечарына “Грузіце вершы бочкамі”, на якую прыехалі ўкраінскія паэты Насця Велес, Ігар Зарудка, Кацярына Карунык, Алена Рыбка, Алег Коцараў, Сашко Ушкалаў.

 

Ганна Янкута

© Ганна Янкута, 2009

Чытайце таксама

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

Клаўс Элсбергс

Васіль Сёмуха

Клаўс Элсбергс

Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця…

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

909