Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ


комплексы

Аксана Забужко

Комплекс Ітакі



Аксана Забужко, філосаф, празаік, паэт.

Аўтар нашумелага бестсэлеру "Палявыя даследаванні ўкраінскага сэксу", урывак з якога надрукавала ў 1997 годзе "Наша Ніва", перакладчык "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч ("Чорнобиль. Хроніка майбутнього", Кіеў, Факт, 1998) і аўтар бліскучага пасляслоўя да яе, якое мы спадзяемся надрукаваць у адным з нумароў, прысвечаным Чарнобылю.

Яе апошняя кніга — "Шевченків міф України" (1998).

Вялікая сяброўка Беларусі.

Тэкст "Комплекс Ітакі" быў дасланы ў рэдакцыю аўтаркай.

Сюжэт, вечна звабны сваёй універсальнасцю: вандроўнік, які шмат гадоў блукаў па свеце, перажыўшы войны й тысячу смяротных небяспекаў, цудам уратаваўшыся з пячоры людажэра ды з выспы ліхой чараўніцы, што перакідае людзей у свінні, дый чаго там яшчэ толькі няма ў ягоным неверагодным  curriculum vitae, — вяртаецца нарэшце на бацькаўшчыну. Тым часам ягоны сын, зразумела, вырас у дужага маладзёна, у хаце аж роіцца ад шматлікіх прэтэндэнтаў на руку жонкі, і толькі старая нянька пазнае гаспадара — па шнары на назе.

Імя вандроўніка — Адысей, і ўсё з ім, як памятаецца, скончылася добра. А вось іншая версія таго самага сюжэту: пасля пятнаццаці гадоў брэжнеўскіх лагераў, пабываўшы і ў астрожных лякарнях, і ў камеры смяротнікаў (бо спачатку быў вырачаны на смерць — за вывешаны ў родным сяле жоўта–блакітны штандар), вяртаецца напрыканцы 1970–х украінскі Адысей па адрасе, дзе жыве ягоная сям’я, — сышоўшы з аўтобуса ў незнаёмым мястэчку, пытаецца на аўтастанцыі ў мясцовага хлопца, як прайсці на вось такую вуліцу, хлопец бярэцца яго правесці — ім аказваецца па дарозе, і вандроўнік даходзіць да патрэбнага будынку і знаходзіць патрэбныя дзверы, і хлопец уваходзіць у гэныя дзверы — разам з ім, і аказваецца — ягоным сынам.

Гэтую другую гісторыю распавёў колішні савецкі дысідэнт, цяпер прафесар Ерусалімскага ўніверсітэту Міхаіл Хейфец у сваёй кнізе лагерных згадак «Украінскія сілуэты». Апроч асабліва каштоўнай у нашую інфармацыйную пару дакументальнай сапраўднасці, дакладных імёнаў і датаў*, гэтая найноўшая версія адрозніваецца ад міфу–арыгіналу і нечым больш істотным — сумнай праўдай, што поўніцай адкрылася чалавецтву ў выніку геапалітычных зрухаў, спрычыненых дзвюма сусветнымі войнамі, таталітарнай практыкай перасялення і масавых міграцыяў. Карацей, калі для гамэраўскага грэка несумненнай была сама наяўнасць Ітакі, як нязменнай духоўнай айчыны, дому, «бацькоўскага парогу», г.зн. месца–куды–можна–вярнуцца, — дык Адысей канца ХХ стагоддзя, кідаючы нарэшце катвігу каля мройнага роднага берагу, рызыкуе не толькі быць непазнаным — ён рызыкуе сам не пазнаць Тэлемаха. І Пэнелопы. І палацу. І той нянькі, якой належыць паказаць шнар. Злітуйцеся, людзі добрыя, скажыце дзеля Бога, як завецца гэтая выспа?

Ітакі няма — тая Ітака, што ззяла Адысею на дне смярдзючай пячоры цыклопа, што вяла яго скрозь марскія ўраганы і вырывала з лапаў арганізатараў незлічоных «свінскіх фермаў», Ітака, памяццю пра якую, ён, уласна, і выжыў, — аказваецца, існавала толькі ў ягоным уяўленні. З гэтага моманту пачынаецца сапраўдная драма Адысея: бо дагэтуль, у якую б халупу не патрапляў, ён быў — Адысеем, гаспадаром Ітакі. Не знайшоўшы Ітакі на спадзяваным месцы, ён больш не ведае, хто ён.

Псіхолагі называюць гэты стан крызісам ідэнтычнасці. Але й псіхолагі губляюцца ў азначэннях, калі ў сітуацыі Адысея апынаецца цэлы народ.

* Фёдар Дронь быў засуджаны ў Львове ў 1961–м годзе ў розгар так званае «хрушчоўскае адлігі». Заходнім інтэлектуалам, здзіўленым з’яўленнем Украіны на палітычнай мапе, не зашкодзіла б ведаць, што толькі ў той адзін, нічым не прыкметны ў гісторыі ўкраінскага супраціву год толькі ў Львоўскай вобласці было вынесена сорак (!) смяротных прысудаў з палітычнымі абвінавачваннямі ў «здрадзе Бацькаўшчыне», г.зн. у сепаратызме. Назад

 

Франц Фэнан супраць Леаніда Кучмы

У сітуацыі Адысея непазбежна апынаецца любы народ, які пераходзіць ад каланіяльнай залежнасці да самаўладнага і самачыннага існавання. Бо каланіялізм, ператвараючы падбіты народ з суб’екта ўласнай волі ў суб’ект чужой волі, немінуча адчужае яго ад сябе самога, у метафізічным сэнсе выпраўляе ў выгнанне — нават без дэпартацыяў. Адпаведна галоўны сэнс дэкаланізацыі — гэта вяртанне нацыі «да сябе дахаты», поўнае апанаванне «сябе» і ўсяго «свайго» — ад зямельных нетраў да гісторыі і культуры. На цэнтральных вуліцах Кіева паміж рэкламных шчытоў IBM, Hond’ы i Lego трапляюцца ў вока шырокія табло з яскравым, сіне–зялёна–залатым краявідам: дняпроўскія кручы, рака ў ажурным суплёце мастоў, ззяюць на сонцы будынкі лаўраў у паркавым зяленіве, і паўзверх ўсяго — разгоністы надпіс: «Кияни! Це ваше місто!» Фізічны вобраз — так немаўляці тыцкаюць на ягоны адбітак у люстэрку: гэта ты, бачыш, гэта ты… Адначасова ўкраінскі прэзідэнт заяўляе прэсе, што за чатыры гады незалежнасці нацыянальная ідэя не здолела сцвердзіцца як агульнадзяржаўная ідэалогія, а ўкраінская паэтэса наракае на старонках наймасавай газеты, што Ўкраіна ніколі не была так далёка ад Украіны, як цяпер. Новай, неспадзявана «сваёй» Украінай незадаволеныя ўсе — ад пенсіянераў з гарой медалёў да шчырых патрыётаў, якія ў брэжнеўскія часы наважваліся на вуліцах уголас размаўляць па–ўкраінску, таемна спявалі забароненыя песні і марылі пра Шаўчэнкавага «Кабзара» без купюраў, а сёння з усімі сваімі доўгацярплівымі пакутамі (бо ж, калі пакута стаецца штодзённасцю, не застаецца нічога іншага, як яе палюбіць, — падсавецкі ўкраінскі патрыятызм быў глыбока мазахісцкай з’явай…), выявіліся без жалю спісанымі насмешлівай, энергічнай, кампутарнай моладдзю ў дзевятнаццатае стагоддзе.

Незадаволенасць незадаволенасцю, а вось жа на заклапочанае пытанне сацыёлагаў (відавочна занепакоеных беларускім прэцэдэнтам) — ці сталі б вы галасаваць цяпер за ўкраінскую незалежнасць? — абсалютная большасць, так і хочацца сказаць — «пахмурна», пацвердзіла свой адказ 1991 году. Гаворка, адылі, не пра тое ці іншае палітычнае надвор’е. Гаворка пра Ітаку — пра тую, якую мы пакуль што гатовыя пазнаць толькі на глянцавым плакаце з сіне–зялёна–залатым краявідам. Рэальная Ўкраіна аказалася «не такая».

Калі б прэзідэнт Кучма чытаў Франца Фэнана, яго нядаўнія нараканні наконт таго, што «нацыянальная ідэя не спрацавала», можна было б спісаць на нашу, па–савецку разумова маларухлівую, як сіта, здзіраўленую рэпрэсіямі і, па ўсіх адзнаках, правінцыйную інтэлектуальную эліту, якая на месца пільна патрэбнай нацыянальна–дзяржаўнай ідэалогіі не змагла, у канцы ХХ стагоддзя, запрапанаваць нічога, акрамя абшарпаных «гетманскіх кляйнотаў», няпэўных «скарбаў гетмана» і ўвогуле «дарогі на Сеч» (цытую — ці ж не красамоўныя — назвы фільмаў, знятых дзяржаўнай кінастудыяй у першы год незалежнасці), — чытай, фразеалогіі традыцыйнага ўкраінскага рамантычнага нацыяналізму, заблуканага між трох хваінаў гісторыі, філалогіі ды этнаграфіі, толькі трохі падлатанага лексікай «інтэгральнага» дзяржаўніцтва кшталту 1943 году (яе, гэтую лексіку, у недакранальнай музейнай цэласці зберагла наша дыяспара і, з распадам СССР з радасцю здала «на Радзіму», разам з канцылярыяй Украінскага Ўраду ў экзылі). Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што — быў такі перыяд, калі цэлае ўкраінскае грамадства сілкавалася гэтай версіяй «нацыянальнай ідэі» (а па сутнасці — рэстаўрацыяй нацыянальнай гістарычнай памяці, якую нам зацята «адбівалі» ўсімі магчымымі способамі, улучна з ГУЛАГам), і гэты перыяд прыпаў на апошнія гады існавання імперыі. Тады стотысячныя мітынгі натхнёна спявалі за студэнцкімі бардамі «Гей, там на горі Січ іде…», а літаратурны часопіс мог лёгка ўзняць наклад да паўмільёна, перадрукаваўшы якую–небудзь класічную, забароненую ад 1930–х, «Гісторыю Ўкраіны» — Грушэўскага ці Дарашэнкі, Бантыш–Каменскага ці Ефіменкі (выбар быў каласальны, бо забаронена было ўсё: сваёй гісторыі Ўкраіна ў складзе СССР мець не магла). Украінская інтэлігенцыя, якая цягам дзесяцігоддзяў добраахвотна выконвала сацыяльна небяспечную місію кансервантаў гістарычнай памяці, пражыла цэлыя гады ў стане, блізкім да эйфарычнага сп’янення. Натуральна, што цяпер прыйшоў час пахмельнага сіндрому: памяць пра мінулае аказалася тым, што ў матэматыцы завецца ўмовай неабходнаю, але недастатковаю, — нельга рухацца ў будучыню задам наперад.

Праз гэткія «адкрыцці» праходзяць усе посткаланіяльныя нацыі — Фэнан сцвярджае, што пасля ста гадоў каланіяльнага існавання нацыянальная культура, што ўтрымліваецца на «падпольным» становішчы, неўнікнёна ператвараецца ў калекцыю акамянеласцяў, «мінеральны слой» адмерлых традыцыяў ды музейных экспанатаў. Усходняя Ўкраіна была расейскай калоніяй больш за два стагоддзі, Заходняя, якую даўжэйшы час перакройвалі разам з мапай цэлай Еўропы, жывейшая — больш за пяцьдзесят гадоў. Дык не трэба здзіўляцца, што нашая нацыянальная рамантыка паспела ладна збуцвець.

Леанід Кучма не чытаў Франца Фэнана. Для яго, як і ўвогуле для таго пласта савецкай бюракратыі, адкуль ён выйшаў, выпушчаная з падмосця ўкраінская ідэя асацыюецца — са стралецкімі песнямі кшталту 1918 году ды шараварамі шырынёю з тэлеэкран. А таму сваёй наіўнай заявай прэзідэнт засведчыў агульную грамадскую разгубленасць — вострую патрэбу новага адказу на пытанне, што паўтараста гадоў таму ўпершыню паставіў перад украінцамі Шаўчэнка і якім цяпер стракацяць газетныя загалоўкі: «ХТО МЫ? ЧЫЕ СЫНЫ? ЯКІХ БАЦЬКОЎ?»

Лёс Украіны выглядае ўнікальным нават у параўнанні з астатнімі цэнтральнаеўрапейскімі народамі — тымі, паводле ёмістага вызначэння Мілана Кундэры, «недалугамі гісторыі», да чыёй сям’і Ўкраіна, між іншым, заўсёды парывалася належаць культурна, пакутліва выкручваючыся з пашчы расійскага Паліфема, які патрохі перажоўваў яе ў нейкую «мала — (значыць «недастаткова»?) — расійскую» вобласць з фальклорна–кулінарным мясцовым каларытам. Краіна, якая, у сілу свайго геапалітычнага становішча, за тысячагоддзе пабывала на ростанях супрацьлеглых культурных уплываў — візантыйства і праваслаўя з аднога боку і каталіцкага Рыму з другога (да таго ж празрыстыя межы з Крымскім ханствам далі прыняць з поўдня яшчэ й ладную долю ісламскай культуры), краіна, як жалобна спяваецца ў народнай песні, «пры бітай дарозе» — калідор, праз які хто толькі не йшоў — то «з варагаў у грэкі», то з азійскіх стэпаў у Еўропу, — безумоўна, павінна была б, улічваючы клінічную слабасць цэнтралізуючых дзяржаўных традыцыяў, даўно распаўзціся на бясформны кангламерат этнічных «земляў». У імкненні сённяшніх прыхільнікаў федэральнага ладу Ўкраіны ёсць–такі пэўная рацыя: для стэпавіка з Слабаджаншчыны сам выгляд мястэчак Галічыны — з недаруйнаванымі савецкай уладай сярэднявечнымі фартэцыямі і вузкімі вулкамі былых габрэйскіх кварталаў, якімі ў нядзелю бабулі праводзяць прыбраных у белае дзяўчатак да першага прычасця, — гэта «амаль Польшча», такая самая экзотыка, як татарскія мячэты ў Крыме ці на Падоллі.

Што праўда, у сваёй урбаністычнай версіі ўкраінская культура адвеку была стракатай, неаднароднай: у гарадскім ландшафце Мазэпавы барочныя катэдры суседнічалі з польскімі касцёламі ды сінагогамі, а на кірмашах стаяў шматмоўны лямант. Расія добра пастаралася, каб, як любілі пісаць у сваіх партыйных праграмах бальшавікі, «сцерці адрозненні» (між багатымі і беднымі, горадам і сялом, між народамі, мовамі, гарамі й далінамі…), з–за чаго, урэшце, і прайграла глабальна, цывілізацыйна, бо ўсякая жыццятворчасць магчымая адно як памнажэнне адрозненняў, а іх згладжванне ёсць працэсам інвалюцыйным і магчыма хіба на ўзроўні «найменшага агульнага назоўніка» і моўна — на ўзроўні звыродлівага расейскага «ньюспіку» з непазбыўным акцэнтам, канфесійна — на ўзроўні нудных «богаслужбаў» пад гіпсавым бюстам Леніна, маёмасна — на ўзроўні агульных злодзеяў…

Ціск на ўкраінскае быў моцным: пануючая культура навязвала ўкраінцам той знявечаны, гратэскны «вобраз сябе», які не пакідае месца для самапавагі, — так, як калі б палякам давялося, праз нястачу іншых крыніцаў, таясаміць сябе адно з «палячышкамі» ў раманах Дастаеўскага, а немцам — з нямецкімі персанажамі савецкіх фільмаў пра вайну. У такіх умовах вырашальным было зберагчы сваё вялікае «НЕ» — усведамленне таго, што «мы», па–першае, НЕ такія (як «яны» нас бачаць), а па–другое, НЕ тое, што «яны»: «мы» — іншыя, «мы» — Еўропа, і толькі праз «іх» у «нас» звіхнулася гісторыя… І вось аказалася, што ва Ўкраіне незалежнай самое паняцце «мы» набывае зусім іншы сэнс — што ўкраінская нацыя не тоесная ні ўласна этнічнаму, ані нават украінскамоўнаму ўкраінству (у малодшым пакаленні ўсё больш тых, хто называе сябе «ўкраінцамі расійскага паходжання»), што дашукацца нейкіх сінтэзуючых канстантаў у кім толькі не творанай (і ўсё ж такі не без удзелу ўкраінцаў!) украінскай гісторыі — справа безнадзейная, і лепей адразу махнуць на ўсё гэта рукой, ды пусціць супольным маршам на ўгодкі вайны ветэранаў УПА з ветэранамі Савецкай Арміі ў надзеі, што жалобная памяць усіх памірыць (і мірыць–такі…), аказалася, што над Украінай, якой яна вяртаецца «да сябе» пасля адвечнай адысеі, увогуле наўрад ці магчымы парасон адзінае ідэалогіі. Дый ці патрэбны?

З гэтым цяжка пагадзіцца — асабліва пасля незабыўнае «школы камунізму», дзе існавала Адзіна Правільнае Вучэнне, і свет падзяляўся на «за» і «супраць». Акрамя таго, сумняюся, каб мой таварыш–мастак, якога студэнтам білі ў КГБ па вушах, пакінуўшы яму 30% слыху, стаў бы расчулена абдымацца са сваімі былымі маёрамі (а цяпер, напэўна, палкоўнікамі) у імпэце нацыянальнай еднасці. Але пабадзяўшыся дзесятак гадоў па–за Украінай (гэта быў асаблівы феномен — прыхаванае «брэжнеўскае» ўкраінскае эміграцыі, калі інтэлігенцыю выціскалі ў метраполію, робячы немагчымай хоць якую працу дома), сёння ён праходзіць Андрэеўскім узвозам — гэтым кіеўскім аналагам Манмартру й Грыніч–Віліджу — з гордым шчасным спакоем домаўласніка: ён знайшоў сваю Ітаку.

На руінах аднае з найдаўнейшых у Еўропе аграрных культураў, пасля галадамору й прымусовай калектывізацыі («традицій підрізації», як сказаў паэт) украінцы патрохі, упарта й цярпліва аднаўляюць свае genii loci, культ месца. Ідэнтычнасць, як у час феадальных княстваў, вымяраецца — тутэйшасцю. Украінская гісторыя вяртаецца на кругі свае.

 

Што дасць нам сілу?

Гэта яшчэ адно з класічных украінскіх пытанняў — сфармуляванае больш за восемдзесят гадоў таму Лесяй Украінкай, якая і адказала на яго, уласным жыццём і творчасцю: засяліўшы забароненую і пераследаваную мову («дом быцця», паводле Гайдэгера, ва ўкраінскім выпадку — з вокнамі, забітымі дошкамі) цэлым пантэонам персанажаў сусветнай культуры, ад герояў гамэраўскага эпасу да прарока Магамета, Дон Жуана і масачусэтскіх пілігрымаў, узняўшы столь «украінскае хаты» на сусветную вышыню. Гэта вельмі «цэнтральнаеўрапейскі» адказ — калі духоўным эквівалентам нацыі, гарантам яе еднасці, а значыцца, і жыццяздатнасці стаецца культура (яшчэ Масарык у свой час сцвярджаў, што нацыянальная ідэя ёсць ідэяй культуры!), прычым абавязкова культура адкрытая, уключаная ў працэс універсальнага, скрозь час і прастору, абмену вартасцямі.

Якой будзе заўтрашняя Ўкраіна, залежыць ад таго, ці здолее сёння ўкраінская культура вытрымаць другі раз (пасля «Расстралянага Адраджэння» 1920–х) пастаўлены ёй гісторыяй іспыт на «мажарытарнасць» — з вечна наляканае, пакрыўджана–«меншаснае», скурчанай у сабе зрабіцца самаўпэўнена–экстравертнаю — «сваёю», стаць паветрам для ўсіх, хто насяляе Ўкраіну. На пачатку яна павінна «прыўласціць», апанаваць і арганічна ўвабраць у сябе ўсе ранейшыя духоўныя ўзлёты, што адбываліся ў сферы яе прысутнасці і адчужаліся ад яе метраполіяй — ну, скажам, разгледзіць абрысы ўкраінскага ландшафту ў эстэтыцы таго ж хасідызму ці ўлучыць у свой кантэкст не толькі Гогаля, але й «народжанага» ім кіяніна Булгакава (дарма што таго калаціла ад самога гучання ўкраінскай мовы!): усё гэта таксама значнай мерай «наша», і за адраджэнне й развіццё культурных «меншасцяў» на ўкраінскім грунце — як матэрыяльным, так і духоўным — цяпер адказваем — мы.

Спроба 1920–х адбудаваць «мажарытарную» культуру скончылася трагічна — але яна пакінула па сабе фільмы Даўжэнкі, і тэатр Курбаса, і ўкраінскі мастацкі авангард, і прозу Хвылёвага і Підмагільнага, — тое, што дапамагло ўкраінцам не паверыць імперыі, якая семдзесят год пераконвала іх у іх неіснаванні. Новы вобраз Ітакі, які павінна стварыць ужо пост– каланіяльная ўкраінская культура, і будзе для нашага Адысея новым «вобразам сябе». Так што, беручы па вялікім, экзістэнцыйным рахунку, галоўнае нашае выпрабаванне толькі наперадзе.

Час гераічнага эпасу мінуў. Цяпер мы пераходзім у час канструктыўнай самаіроніі — ну бо як яшчэ вычысціш пакінутыя ў спадчыну, замест мройнага палацу, Аўгіевы стайні?… Хоць гэта ўжо — з іншага міфу: Адысей, памятаецца, стайняў не чысціў.

Пераклаў з украінскай Міхась Баярын.

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999