Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД   да ЗЬМЕСТУ


геапалітыка

Збігнеў Бжэзінскі

Бязладдзе.
Геапалітычная пустка



Збігнеў Бжэзінскі, амерыканскі сацыёлаг і палітык, у 1977-81 гг. памочнік прэзідэнта Картэра па нацыянальнай бяспецы.

"Працы і дзейнасць Б. прасякнутыя ідэямі антыкамунізму і антысаветызму; вылучыў тэорыю ўваходжання капіталізму ў т.зв. тэхнатронную эру, калі нібыта будуць пераадоленыя супярэчнасці буржуазнага грамадства", — паведамляе пра яго "Советский энциклопедический словарь".

Падзенне Савецкага Саюзу ператварыла цэнтр Еўразіі ў геапалітычную пустку. Тое, што да нядаўняга часу складала асяродак магутнай імперыі ды эпіцэнтр глабальнай ідэалагічнай небяспекі — велізарныя абшары, якія аддзялялi тэхнiчна развiтыя заходнiя ўскраiны Еўразii ад далёкаўсходнiх, — стала палiтычным адпаведнiкам чорнай дзiркi: сумнiўным робiцца не толькi яе мiнуўшчына, але i ўвесь яе вопыт. Такая сiтуацыя змяншае пагрозу багатым суседзям, якая некалi сыходзiла ад Савецкага Саюзу, аднак у далейшай перспектыве яна можа зрабiцца крынiцай новых, не менш значных палiтычных небяспек.

Падзенне Савецкага Саюзу — важны паваротны пункт у нашым бачаннi свету. Разам з тым гэта сведчыць пра рэчы гiстарычна яшчэ важнейшыя: канец трохсотгадовай Расiйскай Імперыi. Імперыi, якая змагла падпарадкаваць сабе найбольшыя тэрыторыi, геаграфiчным асяродкам якой быў сам цэнтр Еўразii, уплывы i магутнасць якой дасягалi заходнiх, усходнiх i паўночных ускраiн абодвух кантынентаў. У сваю чаргу супрацiўленне краiн, што знаходзiлiся на гэтых тэрыторыях, — якое чынiлася апошнiм часам пры актыўным удзеле Амерыкi, — вызначыла менавiта такiя, а не iншыя, лiнii геастратэгiчных франтоў, што паўсталi як вынiк мiжнароднага процiстаяння.

Kалi прыняць, што Расiйская Імперыя не адродзiцца (пра што будзе iсцi гаворка далей), яе знiкненне азначае канец гэтага процiстаяння. На Захадзе гэта будзе азначаць, што Сярэдняя Еўропа зможа паступова дасягнуць культурнай iдэнтыфiкацыi з Захадам, браць удзел у гаспадарчай i палiтычнай унiфiкацыi Еўропы. Нейкiя часткi колiшняй iмперыi, найперш усе Прыбалтыйскiя рэспублiкi, а магчыма нават Украiна i Беларусь, маглi б iсцi у тым самым кiрунку. На Далёкiм Усходзе падзенне iмперыi вызваляе Карэю, Японiю i Кiтай ад небяспекi, стваранай прысутнасцю на iхных межах магутнай савецкай армii. На поўднi Турцыя, Іран i Пакiстан зрабiлiся неспадзявана аддаленымi ад iмперыi лiнiяй буферных дзяржаў, якiя ўзмацнiлi бар’ер, што адасобiў Расiю ад такiх жаданых для яе паўднёвых марскiх портаў.

Яшчэ большае геастратэгiчнае значэнне можа мець факт, што падзенне кантынентальнай iмперыi таксама кладзе канец саракагадоваму процiстаянню Амерыкi i Еўразii. Для Злучаных Штатаў ужо не iснуе стратэгiчнай пагрозы, што магла б прывесцi да канфрантацыi Амерыкi з Еўразiйскiм кантынентам, якi цалкам знаходзiцца пад кантролем варожай iмперыi. Адсоўванне Амерыкi за Атлантыку i Цiхi акiян было без сумневу мэтаю Сталiна ў часы халоднай вайны (зрэшты, так сама, як i Гiтлера, пра што сведчаць таемныя савецка–гiтлераўскiя дамоўленасцi канца 1940 году наконт будучага падзелу здабычы ў выпадку меркаванай перамогi ў Другой Сусветнай вайне дзяржаў Восi). Паражэнне Савецкага Саюзу ў халоднай вайне, а затым i яго распад упершыню адкрылi мажлiвасць пашырыць уплыў Злучаных Штатаў на новыя постсавецкiя рэспублiкi Еўразii, аж да межаў Кiтаю, а таксама далi магчымасць авалодаць рэгiёнам Персiдскага залiву на паўднёвым крыле кантынента.

Але распад iмперыi зусiм не азначае ўсталявання мiру. У адрозненне ад англiйскай цi французскай iмперый, дзе моры выразна адасаблялi метраполiю ад калонiй, Расiйская Імперыя ахоплiвала велiзарны тэрытарыяльны абшар, якi не мае выразных гiстарычных цi геаграфiчных межаў. Шматвяковая экспансiя iмперыi ў спалучэннi з праведзенай камунiстычным рэжымам прамыслова–гарадской рэвалюцыяй прывяла да з’яўлення шматлiкiх рускiх паселiшчаў на нярускiх тэрыторыях — звыш дваццацi пяцi мiльёнаў рускiх жывуць сёння па–за традыцыйнымi этнiчнымi межамi. У вынiку прымусовых перасяленняў часоў камунiзму ды iндустрыялiзацыi больш як 40 мiльёнаў нярускiх жывуць па–за сваёй этнiчнай бацькаўшчынай. Гэтая мешанiна ўжо сёння спараджае розныя хваляваннi, антаганiзмы i кровапралiццi.

Апрача пагрозы канфлiктаў трэба таксама ўлiчыць шматмiльённую мiграцыю. Дваццаць пяць мiльёнаў рускiх i сорак мiльёнаў нярускiх, што жывуць у варожым, нацыяналiстычным асяроддзi, робяцца патэнцыйнымi ахвярамi палiтыкi «этнiчных чыстак». Мiльённыя мiграцыi могуць зрабiцца цяжарам для грамадства i эканомiкi асобных рэгiёнаў, аж да Сярэдняй Еўропы i далей на захад.

Гэта пагражае цi не ўсiм постсавецкiм рэспублiкам. Да 1992 года хваляваннi выбухнулi на Каўказе. Гэта хоць i лакальныя, але працяглыя тэрытарыяльныя войны ў Арменii ды Азербайджане, i паасобныя сутыкненнi ў Грузii, памiж Грузiяй ды Асецiяй, i сутыкненнi ў чачэна–iнгушскiм рэгiёне. Пры непасрэдным удзеле расiйскiх аддзелаў (раней савецкай армii) дайшло таксама i да вайны ў Малдове памiж румынамi i рускамоўным насельнiцтвам. Крывавыя этнiчныя сутычкi адбывалiся ў Цэнтральнай Азii памiж таджыкамi, узбекамi i кiргiзамi, i таксама пры ўдзеле Расii. Наяўнасць вялiкай колькасцi рускiх пасяленцаў у Латвii i Эстонii стала прычынай сур’ёзнай напружанасцi ў дачыненнях гэтых краiн з Масквой.

Можна прыпусцiць, што ўсе гэтыя праблемы будуць паглыбляцца. Калi сацыяльна–эканамiчныя цяжкасцi незалежнай з нядаўнiх часоў Украiны яшчэ павялiчацца, амаль дзесяцiмiльённая руская меншасць (усё насельнiцтва Украiны налiчвае каля 52 мiльёнаў), сканцэнтраваная перш за ўсё ў ключавых прамысловых рэгiёнах вакол Харкава i Данецка, можа адчуць пагрозу. Гэта схiлiць Крэмль да нацiску на Ўкраiну, найперш з мэтамi дамагчыся надання рускай меншасцi адмысловага статусу, а пазней, магчыма, i выкарыстання яе нездаволенасцi для падрыву дзяржаўнай стабiльнасцi Ўкраiны. Гэтая сiтуацыя — патэнцыйна канфлiктная.

І ў наваствораных мусульманскiх дзяржавах Цэнтральнай Азii iснуе небяспека сур’ёзных канфлiктаў двух вiдаў. Можа дайсцi да сутыкненняў з рускамоўным насельнiцтвам, якое мае лепшыя ўмовы для жыцця i працы. Немiнучымi будуць штораз больш адкрытыя спробы яго выдалiць, магчыма, нават прымусова. У такой сiтуацыi Масква мусiць умяшацца, што можа прывесцi, як у Малдове, да выкарыстання расiйскай армii. Нават Казахстан, якi прыняў найбольш лагодны для Расii курс, але ў якiм насельнiцтва складаецца прыблiзна ў аднолькавай прапорцыi з рускiх i казахаў, можа сутыкнуцца ў недалёкай будучынi з паглыбленнем этнiчных канфлiктаў, з усё большым гвалтам у дачыненнi да неаўтахтоннага насельнiцтва. Будучыня дзевяцi мiльёнаў рускiх у Цэнтральнай Азii выглядае даволi незайздросна.

Такiмi самымi, i нават яшчэ больш пагрозлiвымi, бачацца прыгранiчныя мiжнацыянальныя стасункi памiж асобнымi рэспублiкамi Цэнтральнай Азii, якiя нядаўна здабылi незалежнасць. Межы памiж гэтымi дзяржавамi былi адвольна вызначаны савецкiм кiраўнiцтвам, часта без улiку гiстарычных i этнiчных асаблiвасцяў. Ёсць пагроза таго, што тэрытарыяльныя i этнiчныя канфлiкты будуць усё больш крывавыя па меры сцвярджэння новых палiтычных элiтаў i з’яўлення эйфарыi незалежнасцi ў новых нацыяналiстаў. Надзвычайна крывавыя праявы этнiчных хваляванняў у 1991 i 1992 гадах даюць падставы чакаць узмацнення канфлiктаў у гэтым рэгiёне, што зробiць з Цэнтральнай Азii рэгiён, выключна нестабiльны ў палiтычным аспекце.

Паколькi прырода не трывае пустаты, робiцца зразумелым ужо сёння, што некаторыя дзяржавы, у прыватнасцi, найблiжэйшыя iсламскiя краiны, будуць намагацца запоўнiць геапалiтычную пустку, якую ўтварыў у гэтым рэгiёне распад Расiйскай Імперыi. Турцыя, Іран i Пакiстан ужо распачалi актыўна пашыраць свае ўплывы, а трохi аддаленая Саудаўская Аравiя фiнансава падтрымлiвае змаганне за аднаўленне культурнага i рэлiгiйнага ўплыву iсламу ў гэтых рэгiёнах. Усё гэта азначае пашырэнне мусульманскiх уплываў на поўнач, што змяняе больш як двухсотгадовыя геапалiтычныя тэндэнцыi.

З геапалiтычнага пункту гледжання вырашальнае значэнне для будучынi будзе мець стратэгiчная расiйская рэакцыя. Ад гэтага будзе залежаць, цi Расiя сапраўды зробiцца постiмперыялiстычай краiнай, цi наадварот — напружыць усе сiлы дзеля рэстаўрацыi iмперыi. Выбар не будзе лёгкi, бо ў абодвух выпадках вынiкi будуць балючыя. Рашэнне адкiнуць iмперскiя амбiцыi i пайсцi тым шляхам, якiм Турцыя пайшла пасля падзення Асманскай Імперыi (якая значна больш нагадвала Расiю, чым Брытанскую Імперыю) будзе вымагаць паслядоўнай палiтыкi нейтралiтэту ў дачыненнi да мiльёнаў рускiх, якiя пражываюць па–за рэальнымi этнiчнымi межамi Расii. (...) Аднак, нельга цалкам адкiдаць i той магчымасцi, што дэмакратычная Расiя вырачацца iмперыялiстычных памкненняў i сама выявiць здольнасць да далейшага тэрытарыяльнага падзелу. Як дзяржава дэмакратычная, яна вымушана будзе дасягнуць высокага ўзроўню дэцэнтралiзацыi з прычыны значнага адрознення эканамiчных i грамадскiх умоваў на велiзарным транскантынентальным абсягу. Змаганне за аўтаномiю будзе ўзрастаць па меры зблiжэння Далёкага Ўсходу з краiнамi эканамiчнага цуду — Японiяй, Карэяй i Кiтаем. Рэгiён Санкт–Пецярбурга тым часам мог бы трапiць пад уплыў Скандынавii або Германii. Паспяховасць сепаратысцкiх намаганняў iншых народаў можа схiлiць расiян у названых рэгiёнах задумацца над тым, цi не магло б iснаваць некалькiх рускамоўных краiн, як iснуе некалькi краiн нямецка– цi англамоўных. Шмат хто прызнае, што такiм чынам лягчэй будзе дасягнуць дэмакратыi i дабрабыту.

Пасля адмаўлення ад iмперыялiстычных амбiцый адназначна з’явiцца перспектыва далейшай геапалiтычнай дысперсii. З гэтай прычыны шмат расiян успрымаюць адбудову iмперыi ў абноўленым, менш жорсткiм выглядзе як найлепшую з перспектываў. Абаронная стратэгiя, скiраваная на захаванне велiкарускай iмперыi ў колiшнiх межах, спакваля фармуецца ўжо цяпер. Праяўляецца гэта ва ... ўтрыманнi магутнай марской базы ў Калiнiнградскай вобласцi ..., падтрыманнi расiйскага анклаву над Днястром памiж Украiнай i Малдовай, павелiчэннi вайсковай прысутнасцi ў Крыме, узмацненнi пратэктарату ў Паўднёвай Асецii на Каўказе, прыняццi спецыяльных рашэнняў наконт утрымання мяшаных узброеных сiл з Туркменiяй, Казахстанам i Таджыкiстанам на паўднёвай гранiцы Цэнтральнай Азii, а таксама захавання кантролю над Паўднёвымi Курыльскiмi астравамi на Далёкiм Усходзе (нават цаною страты шанцаў на вялiкiя японскiя крэдыты). Складаецца ўражанне, што тут iдзе гаворка пра шырокi план захавання кантролю над стратэгiчнымi тэрыторыямi ўздоўж колiшнiх межаў iмперыi. Такi план не абавязкова павiнен быць акрэслены фармальна; гэта хутчэй вынiк глыбока ўкаранёных iмперыялiстычных iнстынктаў. Аднак ва ўсякiм разе гэта пацвярджае наяўнасць грунту для магчымых спроб рэстаўрацыi iмперыi, як толькi Расiя адновiць унутраную сiлу i моц.

Такая палiтыка пагражае, праўда, узнiкненнем сур’ёзных канфлiктаў, якiя пацвердзяць, што iмперыя так цi iначай будзе асуджана на хаос i гвалт. Асноватворным тут будзе сцверджанне, што ўсякая спроба рэстаўраваць iмперыю — пад красамоўным эмацыйным лозунгам «мусiм ахоўваць мiльёны рускiх за межамi Расii» — будзе натыкацца на моцны супрацiў з боку абуджаных нацыяналiстаў у былых рэспублiках СССР, прагных незалежнасцi. Зламаць цi нават паслабiць iхны супрацiў будзе нялёгка. Палiтыка адраджэння iмперыi не толькi вымусiла б Расiю ператварыцца ў аўтакратычную, як гэта было некалi, дзяржаву, а i прывяла б яе жыхароў да зацяжных, нарастаючых i патэнцыйна невырашальных канфлiктаў. Такiм чынам, Расiя апынулася б у класiчнай пастцы бяссiлля.

Распад Савецкага Саюзу не толькi адкрыў патэнцыйны доступ амерыканскаму ўплыву да еўразiйскай пусткi, асаблiва праз намаганнi, скiраваныя на дапамогу ў кансалiдацыi новых нерасiйскiх дзяржаў. Ён таксама прыводзiць да вельмi сур’ёзных геапалiтычных зрухаў у паўднёва–заходняй Еўразii: Блiзкi Ўсход i Персiдскi залiў зрабiлiся рэгiёнамi яўнага i аднаасобнага дамiнавання ЗША. Гэта цалкам новая сiтуацыя. На працягу цi не ўсёй найноўшай гiсторыi гэты рэгiён быў прадметам iнтэнсiўнага змагання супердзяржаў. З Асманскай Імперыяй змагалася Расiя, пазней Вялiкабрытанiя. Пасля Першай Сусветнай вайны на гэтай глебе канкуравалi Францыя i Вялiкабрытанiя, але нязменна ў той цi iншай форме адчувалася тут прысутнасць Расii. Падчас Другой Сусветнай вайны Савецкi Саюз прагнуў доступу да Персiдскага залiву, i толькi дзякуючы амерыканскаму нацiску ён быў выцiснуты з Ірану ў 1946 годзе. Савецкая вайсковая i палiтычная прысутнасць на Блiзкiм Усходзе стала асаблiва выразнай, калi арабскiя краiны звярнулiся па дапамогу да Масквы супраць Ізраiля. Толькi паслабленне савецкай магутнасцi, асаблiва ў час войнаў у Персiдскiм залiве ў 1991 годзе, давяло, што ўпершыню ў сусветнай гiсторыi аднаасобна дамiнуе тут толькi адна дзяржава.

Аднак гэтае дамiнаванне застанецца хутчэй павярхоўным i нават хiсткiм, у асноўным з прычыны адсутнасцi супольных каштоўнасцей, палiтычнай культуры або рэлiгii памiж Амерыкай i яе арабскiмi саюзнiкамi. Падставаю амерыканскага дамiнавання ёсць перш за ўсё саюз з лакальнымi ўрадамi, што нярэдка абапiраюцца на пануючы скарумпаваны i надзвычайна багаты клас, над якiм навiсае пагроза страты кантакту з уласным грамадствам. Апрача таго, за рэгiянальную гегемонiю змагаецца Іран, гатовы перачакаць дамiнаванне ЗША. Іран мае iмперскiя традыцыi, а таксама кiруецца рэлiгiйнымi i нацыяналiстычнымi матывамi, якiя дазволяць яму процiстаць амерыканскай ды расiйскай прысутнасцi ў гэтым рэгiёне. Іран, апроч таго, можа разлiчваць на рэлiгiйныя сiмпатыi суседнiх дзяржаў. Беручы пад увагу сумеснае дзеянне рэлiгiйных i нацыянальных фактараў супраць чужой гегемонii, можна прызнаць, што амерыканскае дамiнаванне на Блiзкiм Усходзе збудавана, што называецца, на пяску.

Красамоўным прыкладам абмежаванасцi амерыканскага кантролю ёсць факт, што нават поўная перамога ў вайне ў Персiдскiм залiве 1991 году не дала канчатковых палiтычных развязак: i надалей трывае рэжым Садама Гусэйна, а выступленнi шыiтаў, як i паўстанне курдаў, насуперак намаганням з боку Амерыкi, былi паспяхова прыдушаны. Палiтычная перамога ... патрабавала б не толькi значна больш сур’ёзных намаганняў, але i пераадолення адчувальнага процiдзеяння, нават з боку саюзных арабскiх дзяржаў, супраць працягу вайны да поўнай палiтычнай перамогi. Арабскiя дзяржавы хацелi пазбегнуць гэтага, баючыся ўнутраных хваляванняў перад фактам удзелу ў вайне, якую вялi Злучаныя Штаты супраць арабскай дзяржавы.

Варожасць арабаў да ЗША, без сумневу, паглыбiцца, калi не дадуць вынiкаў амерыканскiя намаганнi, скiраваныя на пераадоленне араба–iзраiльскага канфлiкту. У часы, калi Сярэднi Усход быў прадметам змагання дзвюх супердзяржаў, падтрымку Ізраiля можна было б прызнаць выяўленнем амерыканскiх iнтарэсаў, а таксама праявай маральных абавязкаў перад габрэйскiм народам. Аднак ва ўмовах аднаасобнага амерыканскага дамiнавання няздольнасць да мiрнага ўрэгулявання канфлiкту памiж арабамi ды Ізраiлем выклiча толькi мабiлiзацыю рэлiгiйнага фундаменталiзму i радыкальнага нацыяналiзму, арыентаваных на пераадоленне амерыканскай гегемонii ў гэтым рэгiёне.

Як для Расii, так i для Амерыкi геафiзiчная пустата можа стаць крынiцаю iстотных небяспек, праўда, з розных пунктаў гледжання. Палiтычнае абуджэнне iсламу вядзе не толькi да канфлiкту з рудыментамi расiйскага iмперыялiзму на поўначы, але таксама да пастаноўкi пад сумнеў амерыканскага дамiнавання на поўднi. Расiя не зможа пазбегнуць удзелу ў гэтых канфлiктах, мусячы абараняць свае меншасцi, а таксама таму, што адчувае абавязак да супрацiўлення перад пранiкненнем уплываў мусульманскiх дзяржаў у Сярэднюю Азiю з поўдня. Амерыка ж, рызыкуючы павялiчыць варожасць да сябе, усё–такi не зможа адступiцца ад сваёй палiтыкi з прычыны нафтавых iнтарэсаў i маральнага абавязку перад Ізраiлем.

Зона магчымых канфлiктаў пралягла праз увесь абсяг Еўразii з усходу на захад, ад Адрыятыкi i Балканаў аж да самай мяжы кiтайскай правiнцыi Сiньцзянь, а на восi поўнач–поўдзень займае абшар вакол Персiдскага залiву: частку Блiзкага Ўсходу, Іран, Пакiстан i Афганiстан на поўднi, усю Сярэднюю Азiю ўздоўж гранiц памiж Расiяй i Казахстанам аж да расiйска–ўкраiнскай мяжы. Гэтая прастора ўтварае авал, якi займае частку паўднёва–ўсходняй Еўропы, Сярэднi Усход, рэгiён Персiдскага залiву, а таксама паўднёвыя тэрыторыi былога Савецкага Саюзу. Яна ахоплiвае тэрыторыi амаль трыццацi дзяржаў, большасць з якiх знаходзiцца на пачатковым этапе пабудовы дзяржаўнасцi i не мае пэўнага палiтычнага аблiчча. Усе яны этнiчна неаднародныя: у iх пражываюць каля 400 мiльёнаў чалавек, а ўнутраныя канфлiкты памiж этнасамi i нацыямi — што адрознiваюцца моваю, звычаямi, а асаблiва рэлiгiяй — пачалiся не сёння i, распаленыя ажыўленнем палiтычнай свядомасцi грамадства, будуць перыядычна выбухаць з нечуванай вастрынёй. Трагедыi Лiвану ў 1980–х гадах, Курдыстану i былой Югаславii на пачатку 1990–х паказваюць, шту можа пачацца ў еўразiйскай зоне ўзмоцненай небяспекi.

Невыпадкова таксама i тое, што з усiх краiн на свеце, якiя зрабiлiся цi могуць неўзабаве зрабiцца ўладальнiкамi зброi масавага знiшчэння, амаль палова знаходзiцца ў гэтай зоне (асаблiва ва Ўсходняй Азii). Эксперты i дадзеныя разведкi сведчаць, што акрамя пяцi афiцыйных ядзерных дзяржаў прынамсi чатыры ўжо здольныя выкарыстоўваць ядзерную зброю i балiстычныя сродкi яе дастаўкi. Апроч таго, ужо каля пятнаццацi дзяржаў валодае балiстычнымi ракетамi. Большасць з iх iнтэнсiўна развiвае праграмы вытворчасцi бiялагiчнай цi хiмiчнай зброi. Да 2000 году гэтая колькасць, мабыць, падвоiцца.

Распаўсюджанне зброi масавага знiшчэння — ужо факт. Ва ўмовах, калi глабальнаму панаванню Злучаных Штатаў бракуе адпаведнага аўтарытэту, а аўтарытэт Аб’яднаных нацый не абапiраецца на адпаведную ўладу, рэальнага супрацьдзеяння гэтаму распаўсюджанню няма. Прыкладам можна назваць пагадненнi, падпiсаныя 27 дзяржавамi ў красавiку 1992 году, што спрыяюць абмежаванню продажу тэхнiкi двайнога выкарыстання i матэрыялаў для вытворчасцi ядзернай зброi. Некаторыя патэнцыйныя пастаўшчыкi ядзернай тэхналогii (напрыклад, Кiтай) не падпiсалi пагадненняў i, нягледзячы на тое, што тыя прадугледжваюць адпаведны кантроль над 60 вiдамi тэхналогii двайнога прызначэння ... сур’ёзныя парушэннi iх выглядаюць даволi iмавернымi.

У межах зоны ўзмоцненай небяспекi могуць выбухнуць канфлiкты памiж рознымi групамi ў самых разнастайных камбiнацыях. Спiс патэнцыйных сутыкненняў надзвычай доўгi: канфлiкты памiж групамi ў межах асобных дзяржаў рэгiёну; памiж Расiяй i часткай новых дзяржаваў Сярэдняй Азii, якiя маглi б у многiх выпадках спадзявацца на таемную дапамогу аднога або некалькiх iсламскiх саюзнiкаў з поўдню; памiж асобнымi сярэднеазiяцкiмi рэспублiкамi, падтрыманымi рознымi саюзнiкамi ў iсламскiм свеце; нават памiж Расiяй i Ўкраiнай, асаблiва калi б унутраныя эканамiчныя складанасцi Ўкраiны актывiзавалi раскольнiцкiя настроi сярод вялiкай рускай меншасцi; памiж некаторымi балканскiмi дзяржавамi, напрыклад, Грэцыяй i Турцыяй; цi таксама памiж Ізраiлем ды адной з арабскiх дзяржаў; памiж Іранам i якою–небудзь дзяржаваю Персiдскага залiву або ЗША; цi таксама падобны варыянт з удзелам Іраку; i вiдавочна, памiж Індыяй i Пакiстанам. Нельга таксама выключыць заангажаванасцi Кiтаю ў праблеме Сярэдняй Азii, асаблiва калi дойдзе да канфлiкту на тэрыторыях паблiзу кiтайскiх межаў або ў выпадку вялiкага iндыйска–пакiстанскага сутыкнення.

Гэта няпоўны спiс, але дзве высновы з яго цалкам вiдавочныя:
1) iснуе небяспека ўжывання зброi масавага знiшчэння ...;
2) меншая перспектыўнасць уздзеяння на канфлiктуючыя бакi шляхам мiжнародных санкцый, калi будзе вядома, што краiны валодаюць зброяй масавага знiшчэння i фанатызму хопiць, каб ужыць яе: веданне пра такую небяспеку можа паралiзаваць ... мiжнародную гатоўнасць рэалiзаваць санкцыi.

Мiнiмiзацыя гэтай пагрозы вымагала б паразумення памiж членамi iснага сёння «ядзернага клубу» (усе яны таксама сталыя члены Рады Бяспекi Аб’яднаных Нацый) у дачыненнi да супольных дзеянняў супраць новых уладальнiкаў зброi масавага знiшчэння. Малаiмаверным выглядае дасягненне паразумення наконт пагрозы выбуху вялiкай вайны ў авальнай еўразiйскай зоне. З iншага боку, сярод пяцi членаў Рады Бяспекi ў такой сiтуацыi напэўна дойдзе да рознагалоссяў, што паралiзуе яе. Адзiным дзейсным сродкам уплыву можа быць гатоўнасць Злучаных Штатаў у аднабаковым парадку прымянiць ваенную сiлу, магчыма, нават з папярэднiм паведамленнем, да кожнай дзяржавы, якая першая выкарыстае зброю масавага знiшчэння супраць iншай дзяржавы. Ёсць аднак сумнеў, цi захоча кангрэс Злучаных Штатаў прымусiць Амерыку ўзяць на сябе абавязкi з такiмi далёкасяжнымi вынiкамi. Малаiмаверна таксама, што мiжнародная супольнасць падтрымае спецыяльны «палiцэйскi» статус ЗША.

Джэймс Шлезiнгер, вiдавочна, меў рацыю, калi на пачатку 1992 году сцвярджаў: «Будучы сусветны лад ... будзе грунтавацца на палiтыцы сiлы, мiжнародным супернiцтве i этнiчным напружаннi». Можна хiба што дадаць: i на магчымасцi выкарыстання зброi масавага знiшчэння ў нейкiм з пунктаў геапалiтычнага напружання ў еўразiйскай зоне найбольшай пагрозы.

(Калi кнiга была ў друку, я меў нагоду прачытаць ... эсэ Сэмюэла П.Гантынгтона з Гарвардскага ўнiверсiтэту пад назваю «The clash of Civilizations?» («Сутыкненне цывiлiзацый?»). Аўтар вылучае тэзiс, што канфлiкт уздоўж галоўных тэктанiчных лiнiй таго, што акрэслiвае цывiлiзацыi iсламу, канфуцыянства i хрысцiянства, складзе ў будучынi найбольшую пагрозу для сусветнай бяспекi. Геаграфiчная прастора сутыкнення цывiлiзацый у разуменнi Гантынгтона адпавядае вышэйакрэсленай зоне найбольшай небяспекi.

Пераклаў на беларускую мову Сяргей Петрыкевіч.

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999