Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ


абект

Валерка Булгакаў

Геній Лукашэнкі
Дэканструкцыя аднаго міфу



Валерка Булгакаў
   беларускі перакладчык і мысліцель.

Апошняя публікацыя — эсэ "Мой Багушэвіч: дыялектыка клясычнага тэксту", змешчанае ў першым сёлетнім нумары часопіса "Фрагмэнты".

У змешчаным у кнізе "Limited Inc" сваім позным творы "Postface: Vers une etnique de la discussion" Ж.Дэрыда дазволіў сабе выказацца так: «La deconstruction au singulier ne peut pas etre simplement "appropriee" par qui que ce soit ou par quoi que ce soit. Les deconstructions sont les mouvements de ce que j’ai appele l’exappropriation". Si on croit avoir ou voir approprie queque chose comme la deconstruction au singulier, on se trompe a priori, et c’est qu’il, s’agit encore d’autre chose. Mais comme la deconstruction est toujours "autre chose", l’erreur n’est jamais totale ou pure». Гэтае заключнае «Mais comme la deconstruction est toujours "autre chose", l’erreur n’est jamais totale ou pure»* ставіць нас перад неабходнасцю асцярожнага прызнання самім сабе: нават калі ў выніку гэтага доследу ўзнікне "суцэльная і поўная" аблуда, "адчувальная аблуда", гэта ўсё-такі не будзе азначаць краху ўсяго прадпрыемства наагул.

Вастрыё ж зразуметага так прадпрыемства скіравана на абсяг, надзвычай неспрыяльны для якіх-любя аказіянальна матываваных і "навуковападобных" доследаў. Гэты абсяг, згадка пра які ёсць ужо ў назве нашага артыкула, улучае ў сябе не столькі тое, што папулярна называецца "загадкай" чалавека, колькі тое, што па сутнасці не дадзена апошняму ў адчуванні. Іншымі словамі, гэта сфера эмпірычна "недаакрэсленых" механізмаў функцыявання калектыўнай, імперсальнай свядомасці, а таксама тая сетка ўзаемадачыненняў, пры дапамозе якой адбываецца перацяканне фактаў ананімнага сацыяльнага мыслення ў свядомасць канкрэтна ўзятай асобы, і наадварот. Зразумела, што змесціва гэтай сферы складаецца не толькі, напрыклад, з афекту любові да бліжняга; ейным істотным складнікам ёсць рознага роду абсесіі і паталогіі, якія могуць уяўляць не меншую, а, можа, яшчэ большую цікавасць для даследніка.

Фатальнасць жа нашага прадпрыемства палягае ў тым, што лінія, неабходная для яго ажыццяўлення, можа быць успрынята як выклік існаму палітычнаму рэжыму. Таму на ўсякі выпадак падкрэслім: гранічная сэнсавая вымога, якая ставіцца намі перад гэтым тэкстам, — ірваць лініі разрыву, і на гэтым усё.

Не будзе вялікім перабольшаннем сцвердзіць, што ў рэальным пабытовым жыцці Лукашэнка значна больш просты і спакойны — тую велічыню, якая ўтвараецца ў выніку неадпаведнасці паміж "пабытовым" Лукашэнкам і Лукашэнкам на палітычнай сцэне, мы будзем называць геніем Лукашэнкі.

Такім чынам, знікае Лукашэнка як "першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь" і з’яўляецца «лукашэнка» як ананім, імя агульнае, як сукупнае ўвасабленне шэрагу ідэалагічных практык, міфалагічных уяўленняў, карацей, як міф, што займеў сваё ўласнае жыццё. Пры гэтым мы як бы не стаўляем сабе за мэту заглыбіцца ў лабірынты міфалагізаванай свядомасці — наадварот, аб’ектам нашай увагі будзе тое, што нібыта ляжыць на паверхні, характэрнае, дэманстратыўнае, разлічанае на публіку.

Паўтараем: спадзявацца на тое, што ў нашым інтарэсе ўчыніць замах на «лукашэнку», упаляваць «лукашэнку», ні ў якім разе не выпадае.

* Derrida Jacques. Limited Inc. Presentation et traductions par Elisabeth Weber. Galilee, Paris 1990. P. 261. Назад

 

Асоба славянскай нацыянальнасці

Каб ясна здаваць сабе справу з таго, што дзеецца цяпер, трэба кінуць позірк назад. Тое, што ляжыць троху ззаду ад нас, зазвычай называюць вялікім сацыяльным эксперыментам. Для насельнікаў нашай зямлі гэты эксперымент азначаў яшчэ і далейшую траўматызацыю калектыўнай свядомасці. Праявы гэтага былі самыя розныя: ад дэсакралізацыі тутэйшай культуры і да татальнай этнічнай дэзідэнтыфікацыі. Прыведзенае вышэй можна падвесці і пад іншую дэфініцыю — "каланіяльны сіндром у часе пералому", калі, здаецца, для поўнай рэалізацыі каланіяльнай праграмы, праводжанай з імперскага цэнтру, засталося зусім мала.

Скептык падумае, што мы наўмысна драматызуем сітуацыю. І ў гэтым будзе доля праўды. Аднак гэты момант драматызавання павінен толькі ўнесці да нас стыхію жывой экспрэсіі. Відаць, сапраўды існуюць унутраныя законы пісьма, — сама логіка пісьма дыктуе патрэбу паставіцца да таго, што кагадзе было названа «лукашэнкам», экспрэсіўна. Таму, па сутнасці, «лукашэнка» адыходзіць на задні план, а наперад выступае сапраўдны герой гэтай рэфлексіі: чалавек на зямлі. Зразуметаму так чалавеку на зямлі давялося паспытаць незлічоных бедаў і нягодаў, і ў рэшце рэшт з яго выйшаў «лукашэнка».

У «лукашэнку», хай і часта несвядома, захоўваецца перажыванне. Апрача сваёй вартасці перажывання самога з сябе, яно мае яшчэ вартасць як перажыванне чагосьці. Дык што ж выпала перажыць чалавеку на зямлі, каб ператварацца ў «лукашэнку»? Думаецца, гэта досвед быцця-ў-прасторы-каланізацыі. Відавочнай перспектывай гэтых каланізацыйных захадаў былі і застаюцца рознага роду мутацыі. Загэтым, гаворачы пра «лукашэнку», мы маем на ўвазе этнакультурную мутацыю. Такая мутацыя звычайна сведчыць аб амаль-поўным-спаўненні імперскай праграмы каланізацыі.

Трагедыя «лукашэнкі» і адначасова яго істотнае дасягненне ў тым, што як бы і беларус (інакш: чалавек на зямлі), і як бы ўжо не. Тым не менш, прэцэдэнты агрэсіі, якія захоўвае калектыўная памяць беларусаў — у найноўшыя часы ад Мураўёва–вешальніка і да Цанавы — той "калектыўны цень" увасабляецца цяпер у шаржаванай агрэсіі «лукашэнкі», якая нярэдка ўзнікае не сама сабой, а як спроба засведчыць уменне карыстацца такім "дзейсным" прыёмам. Але такая агрэсія робленая, яна несамадастатковая, гэта хутчэй поза агрэсіі, чымся акт чыстай агрэсіі. Зрэшты, тэма агрэсіі ад «лукашэнкі» вымагае больш грунтоўнай распрацоўкі. — «Лукашэнка» — гэта не славянскі віцязь, а беларускі Рэмба.

 

Паўстанне масаў або выбух варварскай вітальнасці?

Што ж тады азначае рыторыка заклінанняў, заклікаў і зваротаў да агульнаславянскага адзінства ў беларускіх варунках? Толькі яшчэ большую ступень пагарджэння і занядбання аўтэнтычнай культуры, яе канчатковы перавод у разрад фікцыі. Апошнія падзеі і факты паказваюць, што для нашай сітуацыі ўсё больш характэрнай становіцца рэдукцыя славянскай ідэі да ідэі падкрэслена імперскай (з магчымымі прэфіксамі — пост, неа і г.д.). Карацей кажучы, азначэнне "славянскі" ў дачыненні да беларускай культурнай прасторы цяпер не што іншае, як вонкавая абалонка імперскага, беспамылковы сімптом падмены.

«Лукашэнка» — гэта плод карпатлівай гістарычнай селекцыі. «Лукашэнку» доўга трымалі ў цемры і беспрасвецці. Маскоўскія селекцыянеры стварылі ўрэшце дасканалы тып з дасканалымі рэакцыямі на вонкавыя раздражняльнікі. — Рэакцыя «лукашэнкі» на набыццё Беларусяй свайго нацыянальнага аблічча была заканамернай і прадказальнай, бо хіба магла быць іншай рэакцыя спараджэння цемры на першыя промні святла?

Уся ідэалагічная машына вялікай імперыі працавала для таго, каб пазбавіць «лукашэнку» яго імя і знішчыць любыя сляды "чалавека на зямлі", які стаяў у яго за спінай. З гэтай мэтай у імперскім цэнтры распрацоўваліся разнастайныя праграмы міфалагізацыі свядомасці «лукашэнкі». Бальшыню з іх дагэтуль паспяхова выкарыстоўвае існуючы палітычны рэжым. Самыя пачварныя формы, напрыклад, набыла практычная эксплуатацыя ў сённяшняй Беларусі імперскага міфу "Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі".

Важная роля адводзілася імперскім ідэолагам "мясцовай" літаратуры. Недзе ў трыццатых гадах у БССР фактычна ўзнікае імперская літаратура беларускай мовай. Беларускі пісьменнік ператвараецца ў "служилого человека", прапагандыста, які пакліканы ўкараняць распрацаваныя ў імперскім цэнтры міфы ў свядомасць мясцовай публікі.

Было б спакусліва сказаць, што «лукашэнка» сімвалізуе шлях у нікуды. Але тым самым мы лучылі б у аблуду. Так, «лукашэнка» азначае шлях да іншай Беларусі. Больш таго, ужо нейкі час існуюць некалькі Беларусяў. Адна з іх намагаецца быць сярэднееўрапейскай, імкнецца перацячы ў Крыўю і Вялікалітву. Другая ж рада застацца "ўнутранай калоніяй" Расіі, каб разам з апошняй здзяйсняць сваю вялікую гістарычную місію. Таму «лукашэнка» — гэта і шлях, і падручная кніга, і буквар.

Разам з тым «лукашэнка» як адкрытая кніга ўяўляе сабой вяршыню недаўстаноўленасці: ён увасабляе сабой яшчэ недааформленыя зместы і недаакрэсленыя значэнні. «Лукашэнка» становіцца сабой цяпер, у дадзены момант. Становячыся самім сабой, ён адмаўляе частцы сябе ў праве на існаванне. Пагроза, якая сурова вее ад гэтага акту выцяснення, фармулюецца ў выглядзе фігуры не–быцця–сабой. Іншы вымер калізіі не–быцця–сабой крыху ірацыянальны: быццё інакш, чымся ён ёсць, іншабыццё робіць «лукашэнку» закладнікам сваіх уласных — часта несвядомых — прыхамацяў і захацяў. «Лукашэнка» — падданы свайго падысподнага змесціва, сваіх бліжэй неартыкуляваных страхаў і фрустрацыяў. Таму вынікам кіравання «лукашэнкі» ніколі не будзе прыўнясенне–парадку–ў–жыццё, але толькі ўсеагульная ірацыяналізацыя жыцця, жыццё па-за часам і па–за прасторай, сілкаванае дробнымі страхамі, нікчэмнымі жарсцямі і маніямі (у Платонавым сэнсе): унутраным вінегрэтам пачуццяў.

 

Калектыўны афект тугі за мінуўшчынай як досвед каланізацыі

«Лукашэнка» — гэта толькі вяршыня айсбергу, імя якому беларускі народ. Гэты народ дагэтуль не ведае, кім ён ёсць на самай рэчы. Гэты народ жыве застыглым жыццём, аблытаны павучыннем разнастайных навалок, прынесеных імперскім геніем. Мадэрнізацыя, праводжаная з імперскага цэнтру, увогуле паставіла існаванне гэтага народу пад знак запытання.

Усё гэта прывяло да траўматызацыі, як мы ўжо сказалі, калектыўнай свядомасці майго народу. Загэтым і свядомасць яго паасобных прадстаўнікоў, у тым ліку і «лукашэнкі», як правіла, апелюе не да гістарычнага, а да міфалагічнага часу. Бачыць, што дзеецца актуальна, у цяперашнім часе, здаўна прыносіла беларусу невыносны боль — бо дзеелася не што іншае, як, беручы агульна, разбурэнне асноў яго спрадвечнага ладу жыцця. Занепадалі вёскі, распадаліся сем’і, гублялася мова... Усё траўматычна–балючае, разбуральна–дэструкцыйнае было цяпер, усё незакранутае тхлінай разлажэння, спавітае смугой аўтэнтыкі існавала некалі. Мадэрнасць сталася для беларуса сінонімам страты.

На гэтым фоне настальгічная рэакцыя «лукашэнкі» на распад СССР была запраграмавана наперад. Разам з заняпадам СССР для «лукашэнкі» абрынуўся свет. «Лукашэнка» перастаў усё разумець. Нечуванае напружанне ахапіла «лукашэнку». Не, нават не напружанне, а здранцвенне. «Лукашэнка» здранцвеў. Звычайная сістэма каардынат, здавалася, канчаткова пахіснулася. Аднак час мінаўся, і паступова стан фрустрацыі быў пераадолены на карысць стану агрэсіі. Гэтая ўзаемазалежнасць толькі яшчэ раз падкрэслівае, што «лукашэнкава» idee delirante задзіночання з Расіяй угрунтавана не столькі на любосці да Расіі, колькі на страху, на немагчымасці ясна здаваць сабе справу з таго, што дзеецца наўкола. «Лукашэнка» неўспадзеўкі для сябе апынуўся ў свеце, поўным злых духаў і бязлітаснай стыхіі. Каб схаваць уласную імпатэнцыю, «лукашэнка» змушаны зноў і зноў з невытлумачальнай на першы погляд настойлівасцю кідацца ўва ўлонне Расіі.

І ўсё ж што азначае жаданне «лукашэнкі» аднавіць СССР? Думаецца, не што іншае, як імкненне адрадзіць Вялікае княства Літоўскае. Аднаўляючы СССР, «лукашэнка» тым самым адраджае ВКЛ.

Тут жывуць не людзі, тут жывуць маманты.

 

«...» як кастрат

Зразумела, што топас "кастрацыі" фігуруе ў дадзенай сувязі ў сваёй "сімвалічнай" разнавіднасці — як "рэдукцыя свядомасці". Кастрат гэта не сапраўднае імя «лукашэнкі», а толькі яшчэ адзін штрых да яго партрэту, які пішацца тут і цяпер ім самім.

Адпаведнік "кастрата" ў беларускай традыцыі — бязмен. Зыходзячы з яе, бяз–мен прачытваецца як "недастаткова мужчынскі", "які страціў сваё чалавечае аблічча", "палавіна людскога". Як і кастрат, бяз–мен сімвалізуе немагчымасць прыйсці–да–самога–сябе і ўтрымлівае момант утраты патэнцыялу вітальнасці, карацей, ён увасабляе бясплоднасць.

Падобна кастрату, бяз–мен дэманстратыўна адпрэчвае жаноцкасць. Жаноцкасць уяўляе пастаянную пагрозу яго непаўнавартай мужчынскасці. На яе фоне раптоўна можа агаліцца галота бязмена–як–мужчыны, і, што значна больш важна, бязмен можа ўвогуле перастаць існаваць як мужчына. Сваёй жа галоты бязмен баіцца–страшыцца — нязмерна больш, чымся галоты жанчыны. Звыш таго, усё жыццё бязмена часам ператвараецца ўва-ўдаванне– сваёй–негалоты.

Думаючы, што чым больш ён адпрэчвае жаноцкасць, тым больш ён становіцца мужчынам, бяз–мен абірае шлях рэкампенсацыі. Аб’ектам яго напятага, палымянага зацікаўлення становяцца par excellence непрадметныя субстанцыі, якія ў свядомасці бязмена перажываюць акт гіпастазавання, г.зн. пачынаюць як бы жыць сваім жыццём (характэрныя прыклады гэтага гіпастазавання для нашага бязмена — "дзяржава", "Расія" etc).

Такім чынам, апазіцыя феміннае/маскуліннае валодае актуальнасцю як для бязмена, так і для кастрата. Памеркаваўшы «лукашэнку» як кастрата, мы тым самым узялі на сябе абавязак пацвердзіць гэта прынамсі спекуляцыйна. Таму мы вылучаем у «лукашэнкі», па-першае, комплекс кастрацыі — неўтаймаванае жаданне ўступаць у якія–любя сувязі (з Расіяй) і, па-другое, драму кастрацыінемагчымасць выканаць ускладзеную на яго місію.

Кастрат прагне ўсяго, але ў яго выходзіць нішто.

 

Дом культуры

Расія здаўна прыцягвала позіркі «лукашэнкі» — перадусім як сіла, што перад абліччам уласнай бяссільнасці станавілася неймавернай патэнцыяй. Радзіма ляжала плазам, а недзе на ўсходзе ўзвышаўся як–бы–маналіт Масквы. «Лукашэнка» любіць яе, як толькі можа.

Чым жа так прычаравала Масква «лукашэнку» як шараговага беларуса? Відаць, тым, чаго ён ніколі не знаходзіў у сваім доме: прыкметамі іншай цывілізацыі. Калі метафарай Беларусі можа служыць "згорнутасць", то на ўсходзе ён угледзеў нешта іншае — "разгорнутасць", прастору без канца і без краю. Калі назірае з другой перспектывы, «лукашэнку» здаецца, што Беларусь — гэта толькі шэрая пляма, бледы цень чужой велічы. Няма дзіва, што ягоным натуральным імкненнем было і ёсць "угарнуць" гэную "згорнутасць" у гэтую "разгорнутасць".

Іншая назва расійскай "разгорнутасці" — візія прасторы, перанятая ад Арды. Пераўвасобленая ў псіхічны змест, яна дыктуе «лукашэнку» як–бы–беларусу кірунак ягоных дзеянняў. Для «лукашэнкі» любое падарожжа ўглыбкі Еўразіі — гэта чароўная казка і адначасова падарожжа–навонкі–сябе–самога.

І яшчэ адзін сутнасны элемент іншай цывілізацыі, некрытычна пераняты «лукашэнкам», заслугоўвае на адмысловую ўвагу. Гаворка ідзе пра зразуметы і сканструяваны па-маскоўску дыскурс улады. Будучы як на сённяшні дзень поўным анахранізмам, ён нагадвае грувасткую машыну, пакліканую трымаць сваіх падданых у стане трывожнай няпэўнасці.

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999