Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ


комплексы

Кшыштаф Чыжэўскі

Комплекс Атлантыды, або Сярэдняя Еўропа пасля канца свету



Кшыштаф Чыжэўскі падарожнік па Сярэдняй Еўропе. Галоўны рэдактар часопіса "Краснагруда", вялікі сябар Беларусі.

Апошнія ягоныя публікацыі на беларускай мове: "Вяртанне Сярэдняе Эўропы" ("Фрагмэнты", 1/1998), а таксама: "Голас іншага", "Ад граніц да самога цэнтру" ("Крыніца", 7/1997).

Тэкст "Комплекс Атлантыды..." быў дасланы ў рэдакцыю аўтарам.

Пачнем наш аповед трохі легкадумна, а можа, нават рызыкоўна, калі ўлічваць сур’ёзнасць сітуацыі, з невялікага сведчання аднаго падарожніка, які доўгія гады нястомна вандраваў па сярэднееўрапейскіх краінах, шукаючы сляды старой цывілізацыі, само існаванне якой было спрэчным, бо часам яна здавалася толькі міфам, накшалт старажытнай Атлантыды.

У яго пашпарце не было жывога месца ад разнастайных памежных пячатак, візаў і штампікаў АВ, паставіць якія часам каштавала яму вельмі дорага. Здаралася, напрыклад, што ў яго з’яўляліся праблемы з атрыманнем візы, варта яму было распавесці пра яго зацікаўленні. У адной амбасадзе так і было, а прычынаю сталася цікавасць да нацыянальных меншасцяў і «сектаў» (меліся на ўвазе грэка–каталікі), а калі ён запярэчыў, што цікавіцца не толькі імі, аказалася, што гэта яшчэ горш, бо асобы, імёны якіх ён назваў, не з’яўляюцца сапраўднымі прадстаўнікамі народу. У выніку ён атрымаў прапанову наведаць тую краіну такім чынам, каб спаткацца з дастойнымі прадстаўнікамі сапраўднага народу. А ў дадатак — гарантыі спрыяння, пакрыццё расходаў на паездку і на «ўсякія забаўкі». Пра кірунак падарожжа шмат казалі ўжо самі ўмовы адлёту: рукава тунэлю, па якім можна было адразу трапіць на борт, не было. Пэўны момант у яго нават з’явілася адчуванне, што ён выкрадзены, бо аўтобус, які павінен быў пасля мытнага кантролю везці пасажыраў да ўзлётнай паласы, накіраваўся ўглыб жылых кварталаў, і толькі пасля кружляння па цесных завулках быў адшуканы самалёт, які самотна стаяў дзесьці на закрайках.

Падчас аўтамабільных падарожжаў узнікала зайздрасць да тых, з Заходняй Еўропы, бо яны маглі праязджаць без чаргі. Здаралася, што прылепленай да лабавога шкла карткі, са спехам напісаным магічным ангельскім словам PRESS, было дастаткова, каб абмінуць самыя гігантычныя чэргі. Затое нічога не дапамагала, калі выпадала патрапіць на мяжу акурат у дзяржаўнае свята — трэба было чакаць, покі на спецыяльна змайстраваным памосце не адбудзецца ўрачыстасць з удзелам сардэчна вітанай дэлегацыі памежнікаў суседняй краіны, мяжу з якой ужо колькі год удаецца трымаць на замку, што, як вядома, адпавядае інтарэсам абодвух бакоў.

Часам, апынуўшыся на тэрыторыі жаданай суседняй краіны, ён адчуваў, быццам трапіў у пастку — на ўскрайку лесу, у старым аўтамабілі, хаваўся паліцыянт з радарам, а ў бліжэйшым мястэчку паліцэйскі патруль браў штраф амаль з кожнага, бо каму прыйдзе ў галаву ехаць праз лес з хуткасцю 40 км/г — нешта накшталт славутага славянскага «гасцінца», які нясуць, ідучы ў госці.

Бывала, што візы і дакументы, атрыманыя ў амбасадзе, не дапамагалі, і калісьці на мяжы яго выпхнулі з аўтобуса, падганяючы руляй карабіна. Толькі веданне нейкай старой песенькі таго народу, дапоўненае запэўненнямі, што насуперак эмбаргу — ён прагне запрашаць стваральнікаў гэтай вялікай культуры ў Еўропу, пераканала памежнікаў: гэтага чалавека можна ўпусціць у краіну. Затое маркотная кабета з трыма дзецьмі, якая ехала да мужа, у аўтобус не вярнулася — была іншай крыві, і тут ужо нічога не магло дапамагчы.

Аднойчы падазронай на мяжы здалася яго «зялёная картка», купленая на ўсе еўрапейскія краіны. «Гэтая дзяржава не належыць да Еўропы», — пачуў ён, калі шукаў маркі, каб атрымаць дазвол, дзякуючы ім. Іншым разам на адной з межаў давялося заплаціць 10 марак за дэзінфекцыю — у адказ на ягонае здзіўленне яму растлумачылі, што тая ржавая трубка, якая тырчала воддаль з зямлі, незаўважна пырснуўшы, калі ён праязджаў побач, прадэзінфікавала яго машыну. Адзначым яшчэ, што маюцца на ўвазе, канечне ж, нямецкія маркі, і для супакаення паўторым, што Mitteleuropa Фрыдрыха Наўмана заўсёды была толькі ўтопіяй, якая так і не зрэалізавалася.

Можна было б да бясконцасці ўзгадваць такія трагікамічныя сітуацыі, поўныя прыніжэнняў або ўзораў шляхетнасці, якія здараліся з ім на межах краінаў былога «лагеру сяброўства» і сведчылі, што ветлівасць да іншаземца тут проста прапарцыйная адлегласці ад дадзенага месца да яго радзімы, асабліва калі тая знаходзіцца за межамі згаданага «лагеру».

Час ужо, аднак, пакінуць гэты анекдатычны матыў, якім мы тут захапіліся дзеля яго сярэднееўрапейскага каларыту, і паглядзець вачыма вандроўніка на краіны той «іншай Еўропы», якія ён даследаваў. Ужо не істотна зараз, як дабраўся ён да тых месцаў, хоць з цяжкасцю даводзіцца стрымлівацца ад спакусы ўзгадаць, як пасля звесткі, з якой краіны прыехаў вандроўнік, перад ім адкрываліся дзверы і сэрцы жыхароў далёкіх часта ад яго радзімы рэгіёнаў Сярэдняй Еўропы, што гаварылі на розных мовах, але захоўвалі нейкую старажытную памяць еднасці і братэрства, якую яго землякі ўжо даўно згубілі; як у адной вёсцы ў гарах, аддзеленай ад яго краіны больш чым тысячай кіламетраў, падарожнік неспадзеўкі пачуў родную мову, захаваную ў крыштальнай чысціні; як да аднаго гораду дабіраўся на бамбардавальніку, бо іншай магчымасці не было, або «браніраваным транспартам» пад аховай чарнаскурых жаўнераў з кантынгенту сілаў бяспекі ААН; якія аргументы ўжываў, каб пераканаць гаварыць тых, хто адвеку маўчаў пра бачанае, каб знайсці ключы і праваднікоў да месцаў схаваных і забытых, каб зазірнуць кудысьці супраць жадання або задаць пытанне, якога баяліся.

Такім чынам, падарожнік канца другога тысячагоддзя ад Нараджэння Хрыстовага пабачыў свет пасля канца свету. Сустракаў здзічэлыя сады і паркі, настолькі запушчаныя, што маглі б прыдацца для гульні ў Робін Гуда не горш за Шэрвудскі лес. Бачыў зруйнаваныя будынкі, пра прызначэнне якіх цяжка было здагадацца, бо хто ж, разважаючы з пазіцый здаровага сэнсу, дадумаўся б, што ў гэтых забытых Богам і людзьмі гарах, якія наведваюць адны толькі пастухі, нехта некалі пабудаваў астранамічную абсерваторыю. Бачыў цудоўны мост, які з’яўляўся не часткай якой–небудзь міжнароднай чыгуначнай магістралі, а лакальнай звязкай паміж невялікімі мястэчкамі, якая да таго ж здаўна не функцыявала. Бачыў і іншы мост, узарваны, можа, нават не з мэтай канчаткова раздзяліць народы, што жывуць на розных берагах ракі, а таму, што яго невыносную прыгажосць — дзею іншаземнага генія — цяжка было б трываць, калі ўсё вакол схіляецца перад сілай зброі. Бачыў іншыя масты, тракты, гасцініцы, чыгуначныя насыпы, якія ідуць у нікуды, абрываючыся на свежаправедзенай мяжы або дзе–небудзь у лясным гушчары. Бачыў могілкі з незлічонымі магіламі і надмагільнымі камянямі з надпісамі на незразумелых мовах, раскіданымі на ўсе бакі, раструшчанымі, хоць даты смерці на іх не былі дужа даўнімі, і могілкі–выган для козаў і быдла, і, дзеля таго, шчаслівыя, не кранутыя бульдозерам. Знаходзіў надмагіллі або іх часткі ў самых неверагодных месцах: імі масцілі падворкі, клалі ў падмуркі хлявоў, рабілі прыступкі, брукавалі дарогі... Заходзіў у святыні розных рэлігій, прыстасаваныя пад баксёрскую залу, склад мінеральных угнаенняў, музей атэізму, рэстаран, кінатэатр, гараж пажарнай каманды... Бачыў званіцы без крыжоў, крыжы з адсечанымі папярэчкамі або колы, з якіх была «вылегчаная», як яму распавёў адзін ацалелы жыхар Атлантыды — зорка Давіда. Бачыў кляштары, у якіх трымалі скаціну і ставілі трактары, выкарыстоўваючы святыя кнігі ў якасці падпорак для бэлек, для спарахнелых крокваў. Заходзіў у адзін універсітэт, слаўны калісьці, аднак занядбаны, у якім вытанчаная архітэктура, цудоўныя мазаікі ды фрэскі кантрастуюць з гаматнай мэбляй, брудам і нізкім узроўнем навучання; усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму тут вучыўся адзін з найвялікшых паэтаў гэтага стагоддзя, але — за выключэннем купкі дасведчаных — шматтысячная гурма тамтэйшых студэнтаў не ведае пра яго ні звання. У іншым універсітэце быў сведкам зацятай барацьбы за яго нацыянальны характар, які б задавальняў партыкулярныя патрэбы той ці іншай народнасці, бо важкае слова universitas — гэтак жа, як і шмат іншых старажытных словаў — сёння страціла свой першапачатковы сэнс. Бачыў фальваркі і палацы, пераробленыя на калгасныя канторы або цалкам спустошаныя і запаскуджаныя. Бачыў сметнік на руінах антычнага тэатру. Бачыў старыя камяніцы, заселеныя прыезджымі з блізкіх і далёкіх правінцый, у якіх усё тое, што было верхам прыгажосці — крыху марнатраўнае ў сваім імкненні задаволіць амбіцыі выкшталтаванага густу, але заўсёды танюткімі нітачкамі падначаленае патрэбам як святочных, так і будніх дзён — сталі лічыць вартай жалю непатрэбшчынай. Верхам дасканаласці сталася кватэра ў бетоннай шматпавярхоўцы з цэнтральным ацяпленнем, ліфтам і смеццеправодам, дзеля якой можна было здрадзіць старой частцы гораду, пакінуць камяніцы, з іх блізкай і таямнічай душой. Пакінуць бадзягам, маргіналам і рэшткам старой інтэлігенцыі. Бачыў таксама гарады са знішчанай амаль дашчэнту душой, дзе на месцы старажытных вуліц будуюцца пляцы для парадаў з бюстамі правадыроў. У адной сталіцы, архітэктура якой калісьці лічылася эстэтычна дасканалай, убачыў знямелую вялізную алею, што цягнулася аж за небакрай, простую, як рэйкі, выкраеную з неіснуючых ужо зарасцяў старажытных вілаў, завулкаў і закуткаў, вядомых яму па старых паштоўках. Уздоўж алеі цягнуліся высокія бетонныя блокі, на задворках якіх знайшоў святыню, што нейкім цудам ацалела і здавалася занадта маленькай, ненашмат большай за кантэйнер для смецця, які стаяў побач. Завяршэннем той алеі каля самага гарызонту было штосьці, што здалёк нагадвала гіганцкую дэкарацыю да нейкага сюррэалістычнага спектаклю. Тое, што здалёк здавалася белым, аказалася брудна–жоўтым. Страх, што нарастаў па меры прыбліжэння, мінаўся, як толькі чалавек даходзіў да рогу гэтага збудавання, адкуль можна было пабачыць другі бок велічэзнага будынку і зразумець, што гэта не дэкарацыя, а палац, пабудаваны для правадыра. Бачыў бетонныя дамы без каналізацыі, без шыбаў у вокнах і без дзвярэй, узведзеныя для непрыстасаваных да аселага жыцця народаў, або бетонныя селішчы, таксама без каналізацыі і без усякай інфраструктуры, але затое з тэлевізійнымі вежамі, прызначанымі для ўздыму на вышэйшы цывілізацыйны ўзровень вясковага насельніцтва, якое жыве ў драўляных хатах і трымаецца сваіх спрадвечных традыцый. Бачыў хаты і цэлыя вёскі, вілы і цэлыя раёны гарадоў, пакінутыя ўцекачамі, адыходнікамі, перасяленцамі, эмігрантамі, што і так было занадта дробным фрагментам вялікага перасялення народаў, якое спасцігла гэтую зямлю ў нашым стагоддзі.

На працягу ўсяго падарожжа ў розны час і ў розных месцах згадваліся яму словы адной песенькі, запісанай паэтам: «іншага канца свету не будзе... іншага канца свету не будзе». Пабачыў свет пасля канца свету. Свет існаваў, жыццё ішло сабе добра, дакладней, нармальна. А канец свету фактычна застаўся незаўважаным. Дзіця, якое скача з узвышэння ў басейн, не ведае, што калісьці сюды ўваходзіў святар, каб чытаць свае святыя кнігі. Лобатамія, або страта памяці, датычыць не асабіста дзіцяці, а свету, у якім яно расце. Хвароба ці лекі? Захаваліся, відаць, асабістыя сведчанні, аднак напісаныя, звычайна, у іншых краінах і далёкіх кантынентах. Акрамя таго, яны часта супярэчаць самі сабе і патыхаюць міфам... А можа, гэта наогул быў толькі міф? Апісаны канец некаторых малых радзімаў, раёнаў, гарадоў, нацыяў і народнасцяў, але не канец цывілізацыі наогул. А калі нават, хаця б на аснове метаніміі, такое апісанне і ўдалося б дзесьці вычытаць, то ніводнае з аб’яднанняў аб’яднанай Сярэдне–Ўсходняй Еўропы не прыняло б гэтага да ведама. І гэта значыла б, што «мы» — гэта новыя варвары, а такой выявы саміх сябе мы не хочам успрыняць. Аднак, выносячы на гарышча ці выкідаючы на сметнік старыя рэчы — рэшткі старога свету, дазваляючы знішчаць старыя святыні і школы, здзекуючыся са старцаў, якія ацалелі пасля пажару, сціраючы памяць, мы прыклалі руку да апошняга акту знішчэння цэлай цывілізацыі. Аднак мы пазбягаем прызнання гэтага факту. Нам больш падабаецца гаварыць з пэўнай доляй іроніі пра міф краіны, якая ніколі ў сапраўднасці не існавала. Гэта наш комплекс Атлантыды. Плацім за гэта дужа вялікую цану, а тая ўпэўненая ўсмешка іроніі — толькі на кароткае імгненне, толькі для грамады. Аднак такім чынам нельга схаваць той факт, што мы маем праблемы з уласнай тоеснасцю, што нас турбуе пачуццё часовасці і няпэўнасці. Калісьці вандроўнік, знаходзячыся ў краіне, якая толькі–толькі здабыла незалежнасць, пачуў: «але калі мы зараз не з імі, тады з кім?». Такая змешаная са страхам разгубленасць выдатна нас характарызуе і знаходзіць пацверджанне ў непераможным жаданні далучыцца да кагось мацнейшага, вырвацца з гэтай краіны, «далягляд якой вельмі няясны», — як сказаў адзін паважаны еўрапейскі дзеяч. Паколькі цэласці гэты край — так, як і Атлантыда — не мае і, можа, ніколі не меў, то дзесьці ў падсвядомасці падпільноўвае нас тое злавеснае, запазычанае з сюррэалістычнай драмы вызначэнне: «тут або нідзе».

Ёсць глыбокі сэнс у глыбокім аналізе факту знішчэння старой цывілізацыі як цэласці. Усведамленне канца свету, які загінуў амаль на нашых вачах, быццам беспасярэдне перад нашым нараджэннем, і рэшткі якога яшчэ часта можна сустрэць — гэта пачатак дарогі да нашай сярэднееўрапейскай тоеснасці. І мы не баімся імя новых варвараў. Па вялікім рахунку, яно адпавядае сапраўднасці незалежна ад таго, ці гаварылі тыя, што жылі перад намі, на той самай мове, ці цалкам на іншай. Варвары прыносяць не толькі знішчэнне, але й патэнцыял новага жыцця.

Вандроўнік, вывучаючы сярэднееўрапейскія краіны, шмат гадоў знаходзіўся ў змроку, і той уласны досвед канца і пусткі, што паўстала пасля яго, дазволіў яму адчуць сябе адным цэлым з цывілізацыйнай прасторай.

Можа, ніколі раней не адбывалася яна як рэчаіснасць. Толькі канец таго свету і пустое месца, што з’явілася пасля яго, выявілі існаванне тут цэлага духоўнага кантыненту. Адсюль смутак, быццам па страце чагосьці, чаго мы не паспелі яшчэ і займець.

Дзесьці на далёкіх ускраінах вандроўнік пачаў новы этап свайго жыцця, прыстасоўваючы да культурнай дзейнасці школы і рэлігіі, ацалелыя пры знішчэнні старой цывілізацыі. Аднойчы прыехаў у той край стары паэт з–за акіяну. Спаткаліся два чалавекі: варвар, які пачынаў новае жыццё, і паэт, што вяртаўся ў сваю найраднейшую айчыну, такую, якой ён яе запомніў перад канцом свету. Старога цікавіла новае жыццё, якое нараджалася навокал, ён асцерагаўся падыходзіць са старымі клішэ да свету, у якім апынуўся, бо той стаўся іншым, і не здзіўляўся і не шкадаваў аб страчаным, і хацеў дапамагаць, і спрыяў новаму. Малады, якому сама асоба старога паэта дадавала сілаў і веры, быў яму спадарожнікам у вандраваннях да месцаў, дзе той нарадзіўся, рос, вучыўся, сталеў. Патрабаваў яго прысутнасці, словаў і кніжак, каб прачытаць пра месца, дзе яму давялося жыць, каб прачытаць пра сябе. Ён зразумеў, што канец свету, які здарыўся так непрыкметна, апячатаў яго родныя мясціны. Ён быў прыхаднем, што жыў ля брамы старога гораду і не мог дайсці да яго сэрца, не ведаючы коду, які трэба яшчэ адшукаць і расшыфраваць. Няўжо ўся Сярэдняя Еўропа была такім апячатаным краем? Жывём тут у межах нацыянальных дзяржаваў, на ўскрайку духоўнага кантыненту, бо код для выхаду ў Сярэднюю Еўропу з’яўляецца цывілізацыйным кодам. Наша тоеснасць не можа быць створанай ex nihilo ўсенародным жаданнем, не можа быць створанай у абыход таго, што існавала тут даўней. Бо тоеснасць народзіцца з поўнага заглыблення ў месца, прызначанае нам як цэласць, распячатанае і даступнае да самога сэрца.

Пераклаў з польскай Андрэй Скурко.

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999